В. Самусевіч “Звязда” ў лагасферы нацыянальнай культуры




Дата канвертавання15.05.2016
Памер34.68 Kb.
В. Самусевіч
Звязда” ў лагасферы нацыянальнай культуры
Сучасныя беларускія сродкі масавай інфармацыі валодаюць дастатковым патэнцыялам уздзеяння на грамадскую свядомасць, на маўленча-мысленчую культуру соцыуму – лагасферу, аднак не ў аднолькавай ступені выкарыстоўваюць свой патэнцыял. Даследаванне лагасферы беларускіх сродкаў масавай інфармацыі дае падставы з шэрагу выданняў асобна вылучыць газету “Звязда” ў яе станоўчым уплыве на працэс гуманізацыі лагасферы нацыянальнай культуры. У гэтай функцыі газета можа быць узорам для іншых выданняў.

Нацыянальная ідэя, якая грунтуецца на ментальных каштоўнасцях нацыянальнай культуры, знаходзіць у газеце “Звязда” не толькі адпаведнае асэнсаванне, але і адпаведнае моўнае выражэнне, у адрозненне ад некаторых беларускіх СМІ. Дзве каштоўнасці беларусаў з’яўляюцца ключавымі канцэптамі дыскурсу газеты: “родная зямля – Беларусь” і “родная мова – беларуская”.

Газета заўважае, што “пік” цікавасці да зямлі ў беларусаў яшчэ наперадзе. “Перачытайце “Новую зямлю”, – раіць газета. – Іменна цяпер, калі змяняюцца эпохі і з зайздросным пастаянствам звяргаюцца ідэалы. Прыслухайцеся да сябе, да сваёй душы і памяці. У нас сапраўды засталася адна нязменная ісціна. Бо ўсе мы, у той ці іншай ступені, – нашчадкі Міхала з “Новай зямлі”, кнігі стагоддзя...”. Гэтыя радкі з найстарэйшага беларускага перыядычнага выдання яскрава сведчаць пра тое, што газета не толькі адлюстроўвае лагасферу нацыянальнай культуры, але і станоўча ўплывае на яе.

Як слушна заўважае М. Карповіч, што пры любым грамадска-палітычным ладзе мацаваць нашу сувязь з бацькоўскай зямлёю, з Радзімай павінна мова (Карповіч М. Мова ў кантэксце часу // журналістыка: вопыт, праблемы, перспектывы. Мн., 1994. С. 26). Газеце баліць за адносіны да беларускай мовы, што склаліся ў сучасным грамадстве. “Беларуская мова, нягледзячы на канстытуцыйна зацверджаны статус дзяржаўнай, на справе аказваецца выціснутай з прававога поля краіны” – перажывае газета. Звужэнне сфераў выкарыстання беларускай мовы, зніжэнне культурнага ўзроўню беларускага маўлення негатыўна адбілася на ўспрыманні беларускай мовы і як сродку масавай камунікацыі і адмоўна паўплывала на маўленча-мысленчую дзейнасць усяго соцыуму. “Сёння лягчэй запэўніць бацькоў у тым, што дзецям карысна ведаць польскую альбо ўкраінскую мову, чым беларускую. Бо ёсць краіна, дзе размаўляюць па-польску, ёсць краіна, дзе размаўляюць па-ўкраінску. Краіны, дзе размаўляюць па-беларуску, няма” – бядуе “Звязда”. У пытаннях адраджэння роднай мовы, павышэння яе статусу для газеты няма дробязі. Так, у артыкуле “Беларусізацыя дэкларацый” яна шчыра радуецца, што нарэшце і на мытні “ўспомнілі матчыну мову” і хутка “з’явяцца бланкі дэкларацый на роднай мове”.

Маўленчыя формулы   мова-спадчына, мова-скарб, мова-душа, мова-каштоўнасць, мова-маці, адроджаныя газетай “Звязда”, – з’яўляюцца надзвычай важнымі ў фарміраванні мысленчай культуры, нацыянальнай самасвядомасці беларускага соцыуму.

Трэба аддаць належнае газеце “Звязда” і за тое, што яна пастаянна заклікае асэнсаваць ўсю важнасць маўленчай культуры. У артыкуле “Вся эта байда и куча другого фуфла...”, альбо Колькі слоў у абарону другой дзяржаўнай” газета вызначае праблему культуры маўлення як пытанне жыцця або смерці нацыянальнай культуры: “...мы нібы вырашылі для сябе: мая мова, што хачу, тое і раблю, як хачу, так і гавару. І робім, і гаворым... адсутнасць моўнай культуры ў сродках масавай інфармацыі краіны, дзе з моўнай культурай сітуацыя наогул складаная, ёсць “вялізны крок да пагібелі гэтай моўнай культуры наогул...”.

Газета ўвесь час падымае праблему засмечвання мовы. Так, у артыкуле “Пасылаючы адзін аднаго “на тры літары”, бераце на душу грэх” “Звязда” сцвярджае, што лаянка – гэта дзіця нашага “свабоднага” грамадства, што гэтая заганная з’ява не была ўласціва ў такой меры беларускай ментальнасці. “На вёсцы раней дарослыя амаль не лаяліся ў прысутнасці жанчын і дзяцей. Калі нават былі “пад мухай”. Ніколі не лаяліся ў прысутнасці вясковага настаўніка, старшыні калгаса і незнаёмага чалавека. Тое было раней. Баюся, што хутка пачнуць лаяцца ў прысутнасці святара”. У соцыуме пануе “атмасфера суцэльнага мату”, “брыдкае слова, памножанае на сілу соцень маладых глотак, зрабілася эпідэміяй, на якую захварэла наша моладзь, а лячыць ніхто не збіраецца”, – сцвярджае газета “Звязда”. Газета сама імкнецца выправіць сітуацыю. Яе пазіцыя – “цэнзура – гэта мы самі, кожны з нас, гэта нашы ўнутраныя “параметры” і абмежаванні” – найлепшы спосаб гуманізацыі агульнай нацыянальнай лагасферы праз лагасферу СМІ. Сёння можна ўпэўнена сцвярджаць, што маўленчы ідэал журналіста “Звязды” – сістэма маўленчых формул высокай зместавай і літаратурнай якасці, якія ўплываюць на маўленча-мысленчую культуру соцыуму ў яго іерархічнай структуры. Невыпадкова менавіта “Звязда” стала своеасаблівай эксперыментальнай базай, якая першая стала пісаць словы згодна з новай рэдакцыяй “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

Напрыканцы хочацца далучыцца да пранікнёных слоў журналісткі Валянціны Доўнар, якая звяртаецца да сваіх чытачоў у артыкуле “Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, роднай мовы сваёй не цурайся…”: “Нізкі паклон усім, хто пранёс у сэрцы любоў да роднага слова, хто не здрадзіў яму раней і не збіраецца сёння, хто любіць і шануе сваё – сваю родную мову і сваю, старэйшую ў краіне беларускую газету”.



Нізка паклон і табе, “Звязда”, што захоўваеш наш бясцэнны скарб – матчыну мову – і так шчыра любіш нашу родную зямлю – Беларусь!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка