В., Рагойша У. В. Беларускі кампанент паэтыкі ўкраінскіх інтэрмедый ХVІІІ ст




Дата канвертавання20.03.2016
Памер103.62 Kb.
Кабржыцкая Т. В., Рагойша У.В.

Беларускі кампанент паэтыкі ўкраінскіх інтэрмедый ХVІІІ ст.
Украінскія інтэрмедыі ХVІІІ ст., як адзначаюць даследчыкі, адна з найбольш цікавых ілюстрацый працэсу развіцця ўкраінскай старажытнай драматургіі. Менавіта інтэрмедыі спрыялі выпрацоўцы асноў паэтыкі жанру камедыі. Да нашага часу дайшло больш дваццаці тэкстаў інтэрмедый і інтэрлюдый, створаных ў ХVІІІ ст. выкладчыкамі і студэнтамі Кіева-Магілянскай акадэміі. Нагадаем, што Кіева-Магілянская акадэмія -- адзін з першых і галоўных праваслаўных навуковых цэнтраў ва Усходняй Еўропе, які меў статус вышэйшай навучальнай установы. Яе ўзнікненне было абумоўлена як палітычнымі, так і агульнакультурнымі працэсамі, што вызначалі воблік тагачаснай Еўропы. Менавіта Кіева-Магілянская акадэмія стала важкім чыннікам працяглай інтэнсіфікацыі культурна-асветнага жыцця на землях Украіны і Беларусі. Гаворачы пра склад кіева-магілянскіх навучэнцаў, неабходна адзначыць, што ён быў досыць вялікі. У 1700 г. іх было блізка 2-х тысяч. Увогуле ж, у залежнасці ад гістарычных катаклізмаў, у акадэміі навучалася ад 500 да 1200 чалавек [5, 298]. Сярод “спудэяў” былі дзеці мяшчан, казакоў, сялян. Пераважная большасць навучэнцаў -- ураджэнцы Левабярэжнай Украіны, Галіччыны, Закарпацця, а таксама тых тэрыторый, якія спрадвеку былі беларускімі. Акрамя таго, у акадэміі атрымлівалі адукацыю студэнты з Расіі, Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Румыніі, Сербіі.

Стварэнне Кіева-Магілянскай акадэміі было фактам выключнай гістарычнай значнасці. Падымаючыся з руін пасля мангола-татарскай навалы, Украіна не толькі аднаўляла свае даўнія традыцыі, але і ўзбагачалася рознага роду новаўвядзеннямі, якія былі звязаны з арыентацыяй на заходнееўрапейскую сістэму навучання, з уплывам культуры Захаду. ХVІІ стагоддзе ў гэтым плане было пераломным. Дзякуючы дзейнасці акадэміі Кіеў аднавіў свой статус эпіцэнтра палітычнага і культурнага жыцця.

Каб зразумець, наколькі важным і своечасовым было адкрыццё такой установы, як Кіева-Магілянская акадэмія, неабходна ўлічыць гістарычную сітуацыю. У выніку падпісанай у 1569 г. Люблінскай ўніі з’яўляецца новая дзяржава -- Рэч Паспалітая, якая злучае землі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. І ў сярэдзіне ХVІІ ст., калі Рэч Паспалітая была ў апагеі сваёй палітычна-стратэгічнай магутнасці як адна з найбольш моцных дзяржаў Еўропы, яна валодала абшарамі ад Балтыйскага да Чорнага мора, ёй належалі ўся Літва, Беларусь, Украіна, акрамя Закарпацця, і нават землі Смаленшчыны. Гэты перыяд агульнага існавання ўкраінцаў і беларусаў у адной дзяржаве ўкраінскія даследчыкі, у залежнасці ад палітычнай кан’юктуры, расцэньвалі па-рознаму. Сёння ж нават час уваходжання ўкраінскіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага трактуецца (пры ўсіх агаворках) як спрыяльны перыяд існавання ў “Заходнерускай дзяржаве”. Прымальнай становіцца, у прыватнасці, і пазіцыя вядомага вучонага М. Доўнар-Запольскага, які пра ўключэнне ўкраінцаў ў склад Рэчы Паспалітай пісаў як пра станоўчы акт, паколькі адбылося, на яго думку, аб’яднанне “часткі са сваім цэлым, члена са сваім целам і галавой” [6, 57]. Такім чынам, пазітыўным фактам знаходжання ўкраінцаў у складзе Вялікага княства Літоўскага, а пазней і Рэчы Паспалітай можна лічыць тое, што амаль увесь народ быў аб’яднаны ў адзінай палітычнай сістэме. І перад украінцамі, і перад беларусамі спаўна адкрыліся стымулюючыя ўплывы Захаду. Славутыя кіева-магілянцы пакінулі пасля сябе непагасны след, вынікі іх дзейнасці асвятлялі і працягваюць асвятляюць духоўныя пошукі новых пакаленняў. Дасягненні іх мелі вялікае значэнне і для росквіту культуры суседніх народаў.

Характарыстыка тагачаснага перыяду развіцця ўкраінскай драматургіі не будзе паўнавартаснай, калі творчую спадчыну выдатных дзеячаў культуры разглядаць без вынікаў творчай дзейнасці студэнтаў, ці бурсакоў (бурсай называўся інтэрнат для навучэнцаў акадэміі). Студэнты, як вядома, бралі ўдзел у пастаноўках драматычных твораў, якія пісалі для іх выкладчыкі, а паміж дзеямі п’ес выступалі з інтэрмедыямі, якія, відавочна, самі і стваралі. Калі ж уявіць, што ў складзе такіх студэнцкіх калектываў абавязкова былі і ўкраінцы, і беларусы, можна выразна ўбачыць вытокі структурнага падабенства паміж інтэрмедыямі, вяртэпам і беларускай батлейкай. Яны спалучаюць рысы народнай смехавай культуры і карнавальна-кірмашовага дзейства. Дабро і зло ў іх інтэрпрэтуецца, як правіла, з пазіцый народнай звычаёвай маралі.

Выключнай папулярнасцю ў гледача карысталіся інтэрмедыі. Яны, як “междувброшанныя ігралішчы”, з’яўляліся, па сутнасці, своеасаблівымі камічнымі антрактамі ў паказе асноўнай п’есы сур’ёзнага зместу. “П’еса з’яўлялася нібыта абалонкай таго, што найбольш цікавіла гледача, -- інтэрмедый, і сваім агульным памерам інтэрмедыі значна большыя, чым тэкст самой п’есы”, -- падкрэсліваюць украінскія літаратуразнаўцы. [8, 335]. Шырокую вядомасць атрымалі інтэрмедыі і інтэрлюдыі, якія паказваліся ў антрактах пры пастаноўцы п’ес Мітрафана Даўгалеўскага -- каляднай “Комическое действіе” (1736), велікоднай “Властвотворный образ человеколюбія божія” (1737), а таксама п’есы “Воскресеніе мертвых” Георгія Каніскага (1746). Апошні твор існаваў у некаторых спісках яшчэ пад назвай “Комедія, яже трактует о обидах” і адпавядаў тагачасным патрабаванням да жанру “трагедокомедий”. Дарэчы заўважым, што школьныя варыянты ўкраінскіх калядных драм не ведаюць інтэрмедый – выпадак з “Комическім действіем” М. Даўгалеўскага ўяўляе выключэнне. Як справядліва адзначае А. Мальдзіс як адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай літаратуры: Старажытны перыяд”, “беларуская інтэрмедыя часоў барока развівалася пад яўным уздзеяннем польскай, украінскай, а часткова і заходнееўрапейскай драматургіі”[3, 337]. У апошнія гады беларускія даследчыкі ўвялі ў навуковы ўжытак, уключыўшы ў агляд даўняй беларускай літаратуры, інтэрмедыі да твора М. Даўгалеўскага “Комическое действіе” і Г. Каніскага “Воскресеніе мертвых”. Так, у “Анталогіі даўняй беларускай літаратуры: ХІ -- першая палова ХVІІІ ст.” уключаны інтэрмедыя І да п’есы М. Даўгалеўскага “Комическое действіе” і інтэрлюдыі ІV і V да п’есы Г. Каніскага “Воскресеніе мертвых”. Пры гэтым у каментарыі да твору М. Даўгалеўскага чытаем тлумачэнне наступнага зместу: “…У інтэрмедыях да драмы дзейнічаюць персанажы, узятыя аўтарам з аналагічных беларускіх твораў ранейшага часу, таму прыведзеныя ў выданні “Інтэрмедыя І-я” можа быць далучана да складу г. зв. украінска-беларускіх інтэрмедый” [1, 873]. На жаль, доказаў сугучнасці паміж украінскімі і беларускімі творамі тут не прыводзіцца, як не раскрываецца і тая драматургічная пераемнасць, пра якую заяўлена ў каментарыі.

Нам жа падаецца больш слушным разглядаць украінскую інтэрмедыю як гістарычны прадукт часу, калі адбывалася фармаванне ўкраінска-беларускай культурнай супольнасці, што была пазначана комплекснай цэласнасцю, патэнцыялам духоўнага стрыжня якой з’яўлялася Кіева-Магілянская акадэмія. Як доказ такой цэласнасці можа паслужыць моўная партытура інтэрмедый. Героямі інтэрмедый былі людзі розных нацыянальнасцей. І кожны з герояў -- украінцаў і беларусаў -- абавязкова выступаў на роднай мове. Гаварылі па-свойму і шляціцы-палякі, і салдаты-расіяне, аднак іх мова была перамешана мясцовымі словамі і выразамі, цыгане, яўрэі-арандатары, грэкі – выступалі на пакалечанай украінскай. Як мы ўжо адзначалі, сярод студэнтаў акадэміі было нямала беларусаў. Паколькі ж інтэрмедыі былі пабудаваны на сюжэтах з навакольнага народнага жыцця, то менавіта ўкраінскі і беларускі элемент у іх быў вызначальным. Таленавітыя прадстаўнікі ўкраінскага і беларускага народа літаратурна апрацоўвалі народныя пераказы, анекдоты, жыццёвыя здарэнні, фармуючы дыялогі ў жанравыя сцэнкі, невялікія па памеры – каля 70-100 радкоў тэксту.

Сярод мастацкіх вартасцей інтэрмедый найперш адзначаюць тое, што “дзеянне ў інтэрмедыях разгортваецца хутка, напружана, з разлікам на максімальна камічны эфект” [7, 139]. У кіева-магілянскім рукапісным падручніку “Практычная паэтыка” (1648) тлумачылася: “Інтэрмедыя -- гэта кароткае дзеянне, прыдуманае ці сапраўднае, якое разыгрываецца паміж актамі камедыі і трагедыі, складаецца са слоў, прадметаў і асоб вясёлых, што асвяжае ўвагу слухача, не належыць да актаў і сцэн п’есы; яна называецца інтэрмедыяй таму, што зазвычай выконваецца паміж актамі камедыі і трагедыі” [8, 358]. Акрэсліваючы тэматыку такіх твораў, аўтар “Паэтыкі” навучаў: у інтэрмедыях павінны апрацоўвацца “забаўныя і жартоўныя гісторыі, аповеды, анекдоты, прыдумкі, кпіны аднаго над другім слуг, прыдворных, беднякоў, падхалімаў, мужыкоў” [8, 359]. Пры гэтым настаўнік паэтыкі арыентаваў вучняў на распрацоўку двух тыпаў камізму: першы абапіраўся на выкарыстанне смешных слоў, другі – на паказ дзеянняў, якія выклікаюць смех.

Аўтарам навучальнага курса паэтыкі для студэнтаў Кіева-Магілянскай акадэміі быў і М. Даўгалеўскі. Яго падручнік “Сад паэтычны” таксама змяшчае звесткі пра камедыю як літаратурны жанр. У раздзеле ІІІ, які мае назву “Плод трэці”, Даўгалеўскі лічыць неабходным паведаміць, што паняцце “камедыя” можна вывесці ад грэчаскіх слоў сяло і спяваю. “Адносна сутнасці, то камічная паэзія, камедыя, -- тлумачыць ён, -- гэта вясёлы твор у дзеях, у якія ўводзяцца дзейныя асобы, ці наследаванне нізкіх і звычайных дзеянняў, аднак не без прыгажосці і жартаў. Гэта паэзія раней была пашырана толькі сярод простых сялян, а цяпер таксама і сярод больш адукаваных людзей, дзякуючы сваёй ўплывовасці ды гумарыстычнаму зместу, які нараджаецца з грубаватых і дзікіх звычаяў сялян” [4, 190]. Безумоўную карысць уяўлялі для стваральнікаў спектакляў – аўтараў і актораў – роздумы драматурга над адрозненнямі паміж камедыяй і трагедыяй. Паводле Даўгалеўскага, камедыя адрозніваецца ад трагедыі пяццю фактарамі. “Па-першае, -- прадметам, таму што адлюстроўвае справы нізкія і простыя, жарты і гумар, а трагедыя – справы паважныя і сур’ёзныя. Па-другое, -- дзейнымі асобамі, таму што ў камедыі выступаюць простыя людзі. Напрыклад: бацька, ліцьвін, цыган, казак, яўрэй. Паляк, скіф, турак, грэк, італьянец, а ў трагедыі – правадыры, цары, героі і г. д. Па-трэцяе, -- моўна-стылістычным афармленнем. У камедыі выкарыстоўваюцца звычайныя словы з гумарыстычнай афарбоўкай, нязначныя фігуры, а ў трагедыі – словы вышуканыя, метафарычныя, фігуры – асабліва велічныя. Па-чацвёртае, -- эмацыянальнасцю. Камедыя выклікае нязначныя хваляванні, а трагедыя – значна мацнейшыя. Па-пятае, -- заканчэннем. Канец камедыі -- вясёлы, хаця пачатак сумны. А ў трагедыі, хоць пачатак часам бывае радасны, канец сумны і безумоўна трагічны” [4, 190]. Напрыканцы раздзела Даўгалеўскі яшчэ раз звяртае ўвагу на мову камедыі: “Моўна-стылістычнае афармленне камедыі даецца не ў такім высокім стылі, як у трагедыі, і не ў нізкім, як у мімічнай паэзіі, а ў сярэднім паміж першай і другой, гэта значыць, павінна быць лёгкім, адпаведным, забаўным, ясным, мастацкім, павінна быць упрыгожана проста і сціпла, характары ж мусяць адпавядаць дзейным асобам…” [4, 191].

Нельга не заўважыць, што ў пераліку дзейных асоб камедый – а гэта значыць і інтэрмедый – Даўгалеўскі на другім месцы пасля дзейнай асобы бацька ставіць дзейную асобу ліцьвін, што сведчыць пра пэўную ўстаноўку на беларуса як на абавязковага (ці, прынамсі, на вельмі частага) удзельніка студэнцкіх прадстаўленняў. Відавочна, з улікам патрабаванняў пра моўна-стылістычную адпаведнасць характарам дзейных асоб неабходна разглядаць і моўныя партыі тых удзельнікаў інтэрмедый, якія з’яўляліся прадстаўнікамі беларускага народа. Шкада, што ўрыўкі з тэкстаў украінскіх інтэрмедый, змешчаныя ў “Анталогіі даўняй беларускай літаратуры”, у якіх выступаюць ліцьвіны, падаюцца ў сучаснай моўнай апрацоўцы. Моўныя партыі паляка-астранома (інтэрмедыя І да п’есы “Коміческое действіе”), ляха (Interludium ІV да п’есы “Воскресеніе мертвых”) друкуюцца не лацінкай (як у арыгінальным варыянце інтэрмедый), а кірыліцай (хаця аднастайнасці пры перадачы іншых польскомоўных тэкстаў у “Анталогіі” не назіраецца). Прачытанне моўных партый ліцьвінаў ва ўкраінскіх арыгіналах дае яшчэ і дадатковыя магчымасці высветліць узровень тагачаснай распрацаванасці беларускай мовы. Тым больш, што мова такіх тэкстаў у вялікай ступені перадае своеасаблівасць аўтэнтычнага беларускага маўлення (аканне, яканне, цеканне, дзеканне і інш.).

У гэтым плане асаблівую цікавасць уяўляе Interludium І да п’есы М. Даўгалеўскага “Властотворный образ человеколюбія божія”, які чамусьці не трапіў у навуковы ўжытак у Беларусі, не стаў у беларускіх літаратуразнаўцаў аб’ектам спецыяльнага даследавання. Праўда, згадку пра гэты тэкст знаходзім у П. Ахрыменкі ў яго кнізе “Летапіс братэрства” [2], прысвечанай праблеме беларуска-ўкраінскіх культурных узаемасувязей, аднак мастацкія вартасці названага беларускамоўнага Interludium’а засталіся не высветленымі.

Хочацца звярнуць увагу на тое, што сцэнка, звязаная сюжэтна з прыгодамі старога бацькі-ліцьвіна, якія адбываюцца з ім і на гэтым, і на тым свеце, цалкам выпісана ў адпаведнасці з тымі патрабаваннямі да напісання камедыі, якія выказаў у сваім “Садзе паэтычным” М. Даўгалеўскі. Так, знаходзім у творы тэарэтычна вызначанае кола дзейных асоб. Кампазіцыя інтэрлюдыі таксама практычна паўтарае схему, накрэсленую ў “Паэтыцы”. Пачатак сумны – мужыкі, якія выйшлі на паляванне, ненарокам забіваюць старога ліцьвіна, што намерваўся аглядаць на дрэве пчол. Аднак заканчэнне радаснае – ліцьвін уваскрасае. У творы шмат прыкладаў неабходнага для інтэрмедый паяднанне высокага і нізкага У прыватнасці, у гумарыстычным плане праваслаўны ліцьвін характарызуе каталіцкіх святых, што не ў раі, а ў пекле “смажаць дошкі”. Неабходна адзначыць і тое, што змяшэнне стыляў праяўляецца ў дапасаванасці сцэнкі побытавага зместу да тыповай сюжэтнай структуры, аснова якой ляжыць у паважным апакрыфічным жанры: вандроўку на неба здзяйсняе просты чалавек, смертны селянін-беларус. Нарэшце, прыгадаем, што ва ўкраінскай тагачаснай літаратуры досыць пашыранай была творчасць “вандроўных” дзякоў, а менавіта іхнія арацыі на велікодныя тэмы. Крыніцай такіх арацый былі таксама апакрыфічныя аповеды, вандроўкі Бога на неба і ў пекла. Відавочна, што і гэтыя прыёмы стварэння жанру арацый – іронія, жарт, славесны каламбур і інш. – былі выкарыстаны аўтарам Interludium І да п’есы М. Даўгалеўскага “Властотворный образ человеколюбія божія”. Такім чынам, у наведзеным прыкладзе беларускамоўнага тэкста назіраецца пэўныя тэндэнцыі дыфузіі жанраў: камічнае дасягаецца і праз прыўнясенне элементаў пародыі, травестыі, бурлеска.

Безумоўны гумарыстычны эфект выклікаюць наўмысна недарэчныя (у зместавым напаўненні) рыфмы: рыфмуюцца польскія і беларускія словы, што належаць да розных у стылёвым плане лексічных пластоў. Па-майстэрску выкарыстаны прыём міжмоўнай аманіміі падкрэслівае, што ліцьвін і паляк не разумеюць, ці, дакладней, не хочуць разумець адзін аднаго. Мастацкі прыём указвае на рознасць ментальнасцей прадстаўнікоў “палярных” саслоў’яў. Так, на запытанне паляка zmów, co sie tam dsieie? чытаем у адказ рэпліку ліцьвіна: то в піекле зладзіее. Альбо яшчэ цікавы прыклад:


Ксёндз:

Swięnty źeby był w piekle? Szczekasz ty, staruszku.

Przy nim iesze była łaska Chrystusowa

Ліцьвін

Правда, правда угадав ти:

Сагнувшис, саматужки прец до піекла дрова…[8, 367].
У прыведзеным урыўку, акрамя ўжо адзначаных “ідэйных” і гумарыстычных функцый рыфмы, знаходзім узор выкарыстання цікавай ўнутранай рыфмы: staruszku – саматужкі.

Нельга не адзначыць, што аўтар тэкста Interludium’а быў добра спрактыкаваны ў вершапісанні. Беларускі тэкст выкананы ў сілабічнай сістэме. Від верша – трынаццаціскладовік, рыфма жаночая, сумежная, цэзура звычайна пасля 7-га склада, часам – пасля 8-га ці 6-га.

Мова ўкраінскіх інтэрмедый, як і беларускамоўных тэкстаў у іх складзе, знаходзілася пад уплывам фальклору: тут шырока выкарыстоўваліся выслоўі, прымаўкі, сакавітае народнае слова. Часта ў аснову сюжэтных калізій закладваліся народныя паданні, легенды, міфы. Роля беларускага фальклора ў развіцці жанру інтэрмедый -- прадмет асобнага навуковага даследавання. Як падагульнне адзначым, што ўсе прыкметныя якасці пачаткаў нацыянальнага тэатра знайшлі выдатны працяг у культуры як украінцаў, так і беларусаў, у стварэнні мастацкай літаратуры наступных стагоддзяў.
ЛІТАРАТУРА

1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова ХVІІ ст. Мн., 2003.

2. Ахрыменка Павел. Летапіс братэрства. Аб беларуска-украінскіх фальклорных, літаратурных і тэатральных сувязях. Мн., 1973.

3. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. Мн., 1997.

4. Довгалевський Митрофан. Поетика /Сад поетичний/ К., 1973.

5. Довідник з історії України. К., 2002.

6. Довнар-Запольский М. К истории Люблинской унии // Киевская старина. -- 1896. -- №2.

7. Історія української літератури: У двох томах. Т.1. К., 1987.



8. Хрестоматія давньої української літератури (доба феодалізму). К., 1952.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка