В. П. Рагойша беларускае вершаванне




старонка12/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.59 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

першы вянок вянкоў санетаў і яго аўтар
Змітрок Марозаў як паэт стаў вядомы чатачу з 1988 г. калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла яго кніжка з такой вымоўнай назваю -- «Хлеб і памяць». Да гэтага часу вершы маладога паэта друкаваліся ў перыёдыцы, рэспуб­ліканскай і саюзнай (у перакладзе на рускую мову), а ў той жа «Мастац­­кай літаратуры» пабачыла свет яшчэ ў 1982 г. першая кніжка Марозава «Пад небам бус­ліным». У 1983 г. маскоўская «Молодая гвар­­­дия» ў руска­моўным узнаўленні А. Вяршынскага выпусціла кніжачку «свайго» аўтара -- дэлегата ХVІІІ з’езда ВЛКСМ, тагачаснага другога сакратара Бялыніцкага райкама камсамола. Аднак і колькасна, і -- галоўнае -- якасна напрацавана тады было не шмат. Калі б Марозаў як творца застаўся на ўзроўні тых першых танюсенькіх кніжачак (як часам гэта здараецца з некаторымі «наменклатурнымі» пісьменнікамі), сёння не было б прадмета для гэтай гутаркі.

З 1988 г. пачаўся імклівы творчы рост, паэтычнае сталенне Марозава, што выразна ўвасобілася і ў яго шматлікіх публікацыях. Амаль кожны год паэт выдаваў па ладнаму томіку, а то і па два, як правіла зусім новых вершаў. Так, у тым жа 1988 г. «Юнацтва» надрукавала зборнік яго вершаў і паэм «Хлебны вера­сень». Праз тры гады выйшлі яшчэ дзве кнігі — «Прадчуванне» (у «Бібліятэцы часопіса «Маладосць») і вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы» (1991). Затым адна за адной з’явіліся «Ачышчэнне сяўбой» (1992), «Сын чалавечы» (1993), «Залатая кніга бедняка» (1994), «Баліць душа па Беларусі» (1996), “Гронкі зорных суквеццяў: Вершы, паэма, вянкі санетаў” (1998), “Вяртанне да цішыні” (2006) і інш. Гэта -- апрача кніжкі нарысаў «І скажуць унукі», кніжак для дзяцей «Азбука агранома Валошкі», «Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі», «Гэта праўда ці мана?»...

Вядома, у літаратуры, як і ў мастацтве ўвогуле, колькасць не пераходзіць у якасць. Мы ведаем нямала пісьменнікаў, аўтараў шматтомных збораў твораў, сёння дарэшты забытых. У той жа час аўтар адзінай кніжкі -- «Вянок» -- М. Багда­­­новіч па праву лічыцца класікам беларускай літаратуры.І ўсё ж здабыткі пісьмен­­ніка вызначаюцца і колькасцю ім напісанага, калі гэта напісанае -- пры ўсёй зразу­мелай неаднолькавай вартасці -- выразна пазначана талентам творцы, яскрава вы­­яў­ляе настойлівыя творчыя пошукі, імкненне глыбей і арыгінальней спасцігнуць свой час і сябе ў часе. А што гэта менавіта так у дачыненні да асобы і творчасці Ма­­розава — не цяжка пераканацца, зазірнуўшы ў названыя кніжкі.

У вершы паэта «Анкета паходжання» ёсць такія радкі:


Я з вёскі,

Я -- свойскі,

Язбоўскі,

Сялянскі,

Славянскі,

Зямны,


Ад плуга,

Ад луга,


Дзе туга

Даваўся мне ўкос.

Я -- з вайны.
Можа, толькі апошні выраз («Я -- з вайны») можна аднесці да біяграфіі лірычнага героя паэта (нарадзіўся сам паэт у 1954 г., калі раны вайны былі ўжо ў асноўным залечаны). Усё ж астатняе — з ягонай уласнай біяграфіі: і сялянскасць, славянскасць паходжання, і нават дакладнае месца нараджэння (вёска Язбы Круп­скага раёна Мінскай вобласці). Больш таго: з «плугам» і «лугам» паэта звязала не толькі выпадковасць месца нараджэння, але і заканамернасць свядома абранага жыццёвага шляху. Пасля заканчэння сярэдняй школы не куды-небудзь, а ў Бела­рускую сельскагаспадарчую акадэмію паступае юнак, каб потым на ўсё жыццё звязаць свой лёс з роднай глебай, хлебаробчай працай. І хай сабе апошнія гады паэт жыве ў вялікім сталічным горадзе, усё роўна не толькі духоўна, але і шматлікімі повязямі канкрэтных абавязкаў (працаваў ён доўгі час у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання) знітаваны паэт з вёскай, вясковымі клопатамі, вясковымі людзьмі.

Відавочна, гэта акалічнасць прадвызначыла не толькі галоўную тэматыку, праблематыку вершаваных твораў Марозава (пра вёску ў нас пішуць шмат, вясковае паходжанне — у большасці беларускіх паэтаў), але і тую надзвычайную дасведчанасць, а таксама пранікнёнасць, шчырасць, з якімі ён паэтычна спавядаецца (менавіта спавядаецца!) перад чытачом. У гэтай шчырай споведзі — і перажыванні чалавека, што воляй лёсу апынуўся паміж вёскай і горадам («Хаты. Жытняя палос­­ка. // А далей —шаша, шаша... // Паміж горадам і вёскай // Разрываецца душа»), і боль за хуткае рассяляньванне краіны («Усё, што некалі спявала, // Што размаўляла і гуло, // Удзірванела, заняпала, // З дажджамі-ліўнямі сплыло...»), за тое, што «час фарысеяў на дварэ», і выяўленне духоўнай інертнасці, грамадзянскай пасіўнасці сучасніка («І мы разбегліся па норах, // Чакаем старасці сівой, // А быў жа некалі ў нас порах // І бераглі мы гонар свой»), і нават прызнанне ў «класавым» страху, які ў косці ўеўся таму ж сялянству за дзесяцігоддзі яго другасортнага жыцця ў «пралетарскай» краіне («Я прад людзьмі ні ў чым не вінаваты, // Але сядзіць у сэрцы і ў касцях // Мільён разоў пракляты-распракляты, // Мой самы люты ў свеце вораг — страх»). Часам лірычная споведзь паэта настолькі адкрыта-шчырая, што ажно жахаешся ад гэтай нечаканай адкрытасці. Як у наступнай лірычнай мініяцюры:


Мелюць веку жудасныя жорны

Зерне праўды ў хіжую ману...

Прыляціць за мною воран чорны,

Ноччу крыллем грукне па акну.


Падымуся, хуценька збяруся,

Балазе даўно я рэчы склаў,

І ніколькі госцю не здзіўлюся,

Бо даўно-даўным яго чакаў.


Ён мяне падыме над зямлёю,

Дзюбай вочы выклюе мае,

Вырве сэрца з гордаю душою

І аб скалы цела разаб’е.


Што гэта: той жа «класавы» страх, цяперашняя сялянская няўпэўненасць у заўтрашнім дні, асабістае прадчуванне лёсу, «поза» лірычнага героя паэта? Не ведаю. Толькі, трэба думаць, не апошняе...

Вёска, радасці і трывогі сучаснага селяніна, прыгажосць роднае прыроды і экалагічныя праблемы, павольнае апусканне «сялянскай Атлантыды» (А. Адамовіч) на дно цяперашняга цывілізацыйнага мора — гэта найперш выклікае водгук у чуйным сэрцы Марозава. Як паэт, ён прыглядаецца, прыслухоўваецца да нава­­колля, бачыць свет па-свойму, у незвычайных ракурсах. Так, ён заўважае «хмарку з профілем цёткі Мальвіны», «лубіну сіняе мора, белае возера грэчкі», бачыць, як «у палях гарбацяцца жоўтыя стагі», «сінее над гаем асенняе неба, бярозы азябла трым­­цяць», «хмары табуняцца, што зацяжарылі дажджом»... Прыглядаецца паэт і да сучаснага вяскоўца. І пры ўсёй павазе, увазе, любові да хлебароба, бачыць ён і тое адмоўнае, што зусім не сведчыць пра ідылічнасць сучаснага вясковага жыцця: п’янства, гуль­тай­­ства, беднасць, адзіноту, духоўнае апусташэнне, рабскую псі­халогію... Можа быць, таму ў паэта і «баліць душа па Беларусі». Часам Марозаў спрабуе разабрац­­ца ў прычынах розных грамадскіх катаклізмаў, робіць свае высно­­вы сацыялагічнага і паліталагічнага кшталту, дае свае рэцэпты і парады. Аднак трэба сказаць, тады ён часта сягае за ме­жы паэзіі і паэтычнага, становіцца не такім цікавым і арыгінальным. Усё-такі ў сацыялогіі і паліталогіі свае законы, у паэзіі — свае...

Праўда, «сялянскасць» Марозава-мастака, Марозава-інтэлігента адносная. Пры ўсёй галоўнай увазе яго да вёскі і прыроды, паэт сваім унутраным зрокам абдымае ўвесь навакольны свет, разнастайныя праявы — грамадскія, палітычныя, сацыяльныя — нашага няпростага сённяшняга жыцця. І калі ён піша:

Адчуваю віну я міжволі

Перад гэтай самотнай зямлёй,

Дзе, як свечка, згасае таполя

Над магілай бабулі маёй,
то мы ў вобразе гэтай «самотнай зямлі» бачым усю сучасную Беларусь, у тым ліку і гарадскую. І калі паэт заяўляе:
Я мог бы пражыць і памерці бязмоўным,

Ды некаму ж трэба людзей шкадаваць,


то мы можам з пэўнасцю сказаць, што шкадуе ён не адных вяскоўцаў, але і ўсіх беларусаў. Як тых жабракоў, што «сядзяць у пераходах, // Каля вакзалаў гарадскіх». Як тую трынаццацігадовую дзяўчынку, якую затапталі ў гарадской чарзе. Як тую кабету, якая ў восеньскую непагадзь з немаўляткам на руках пляцецца па раскіслай ад дажджоў дарозе:
Мокры грак сумуе на бярозе,

Таямніча-чорны, як манах.

Па пракіслай восеньскай дарозе

Крочыць цётка з дзіцем на руках.

Хто яна яму? Бабуля? Матка?

І куды, самотная, ідзе?

Моцна спіць у скрутку немаўлятка.

Дождж імжыць. Канае золкі дзень.

Змрок начны гусцее над палямі.

Недзе там, за посцілкай імжы,

Свеціць вёска цёплымі агнямі

Для жаночай стомленай душы.

Шкадаванне -- не значыць адно любоў, замілаванне, усёдараванне, сентымен­тальнае пагладжванне ці -- што яшчэ горш -- фрывольнае паляпванне па плячы «униженного и оскорбленного». Усіх і ўсё шкада­­ваць і пашкадаваць нельга. Пашкадаваць можна незаслужана раскулачанага колісь селяніна-працаўніка, дух якога прылятае на ранейшае котлішча і не застае ўжо нікога: ні бацькоў, ні жонкі, ні дзяцей, ні нават унукаў, з якіх «вяртаўся адзін, // Ды яго не прызнала зямля» («Сала­­вецкая бала­да»). А няўжо можна (і трэба) шкадаваць садыста-забойцу, маці якога на судзе «пасівела на вачах у прысутных, // Душачыся слязамі пакутніцы» («Суд»)? Не варты шкадавання і састарэлы, адзінокі былы служака — старшыня калгаса Міхалькоў, якога цяпер, перад смерцю і высяленнем з роднай хаты (на месцы вёскі будуецца вялікі камбінат) карае сумленне за нявінна загубленых падчас раскулач­­вання лю­дзей, за беспадстаўныя штрафы, прыпіс­­кі, экалагічныя злачынствы (паэма "Суд сярод ночы"). У такіх выпадках увачавідкі мяняецца лірычная танальнасць паэзіі Марозава: шчымлівая споведзь-развага пераходзіць у сатырычную, нават саркастычную з’едлівасць. Як у невялікім вершы "Пярэварацень":
Нядаўна славіў ты куміра,

А сёння, здрадзіўшы яму,

На новы лад настроіў ліру --

Клянеш сякеру і турму.

Не, ты ні ў чым не вінаваты,

Не, ты нікога не забіў...

Ты блаславіў сякеру ката,

Які тваім кумірам быў.


Думаецца, з часам яшчэ раскрыецца на ўсю моц сатырычны талент Маро­­зава. Але ўжо і цяпер гумар і сатыра (у тым ліку самая складаная — палітычная) у многіх сваіх відах і жанрах (вершаваная гумарэска, сатырычны верш, эпіграма, інвектыва і інш.) у значнай ступені вызначаюць творчае аблічча паэта, надаюць яго творчасці і тэматычную, і жанравую разнастайнасць.

Мазаічнае пано паэзіі Марозава, безумоўна, было б не поўным і не такім прывабным, калі б, апрача грамадзянскіх, сацыяльных матываў, яно не змяшчала ў сябе і матывы інтымныя. Паэзія кахання аўтара «Сына чалавечага» вызначаецца асаблівай шчырасцю, выяўленнем разнастайнай гамы інтымных пачуццяў -- ад іх першых іскраў і да ўсёпаглынальнага полымя, ад нясмелага юнацкага захаплення і да разважлівага кахання-даравання мужа. У каханні, як вядома, часта не трэба слоў, у ім многае значаць невярбальныя моманты: погляд, уздых, поціск рукі... У паэзіі кахання таксама далёка не ўсё выяўляецца з дапамогай лексікі. Інтанацыя, рытм, гукапіс (алітэрацыі, асанансы) нярэдка важаць не менш, чым асобныя словы. Музы­ка радка часам творыць тое «ледзь-ледзь» (Л. Талстой), што робіць верш паэ­­зіяй. У лепшых вершах Марозава эмоцыі, перажыванні, пачуцці гэтак і выяўляюцца -- не толькі праз канкрэтныя словы-паняцці, але і праз музыку радка. Вось адзін з такіх вершаў:

Сіні-сіні сон асін,

Белы-белы сум бяроз.

Ты адна і я адзін,

І не трэба слоў і слёз.


Помніш, як я цалаваў,

Як твае разгадваў сны.

Ты кахала, я кахаў

У абдоймах збажыны.
Жураўлёў журлівы клін

Ласку лета ўдаль панёс...

Сіні-сіні сон асін,

Белы-белы сум бяроз.


Такія вершы хочацца чытаць услых, перачытваць. Як музычная мелодыя, яны западаюць у душу, прычым адразу і надоўга. І не хочацца нават аналізаваць: чаму? Адно відавочна: не толькі зместам выказанага, бо сам гэты змест надта ж звычайны, сотні разоў увасоблены ў вершаваным (і не толькі) слове...

Зрэшты, пра змест. Як мы бачым, сялянскасць светабачання Марозава пра­­­ніз­вае нават яго інтымную лірыку, прадвызначаючы паэтычную атрыбутыку, харак­­тар метафорыкі (“абдоймы збажыны”, “сіні сон асін”, “белы сум бяроз”, “жураўлёў журлівы клін”). Калі ўважлівей прыглядзецца да яго паэзіі кахання, то мы выразна ўбачым: не толькі светабачанне, але і светаразуменне паэта абумоўлена маральна-этычнымі поглядамі селяніна. Перачытайце цыкл яго вершаў «Святло кляновае» і, я ўпэўнены, вы пагодзіцеся са мною. Прынамсі, такія адналюбы, такія мацавальнікі сям’і, такія верныя мужы сустракаюцца сёння пераважна сярод сялян -- асноўных захавальнікаў народнай педагогікі і маралі.

Творчы плён Марозава, несумненна, прадвызначаны яшчэ адной кондавай сялянскай рысай: надзвычайнай цягавітасцю, працавітасцю. Як той селянін, што і сёння шчыруе ад цямна да цямна не толькі на сябе самога, але і на «семеро с лож­кой», паэт у пазарабочы, выхадны і святочны час (ён жа, як і ўсе, працуе: на гана­рар не пражывеш!) таксама гарбее за сталом. Бо столькі напісаць і надрукаваць за апошнія гады -- на гэта патрэбны не толькі час і фізічная моц, але і надзвычайная працаздольнасць. Я ўжо не кажу пра элементарнае ў творчасці -- літа­­­ратурныя здольнасці, натхненне. А ўлічыце яшчэ: Марозаў літаратурнага інсты­тута ці проста філалагічнага факультэта не канчаў, і ў галіне літаратурнай адукацыі (а пісьменніку-прафесіяналу яна конча патрэбна!) многае яму трэба было асвойваць самастойна, самавукам. Тым не менш не нехта іншы -- літаратурна адукаваны, філалагічна «падкаваны» -- а Марозаў здзейсніў, па словах Л. Дайнекі, «паэтычны подзвіг» — напісаў у 1989—1990 гг. і першым у славянскім свеце надрукаваў вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы» [2]. Твор гэты затым перавыдаваўся [3], выходзіў у паралельным перакладзе А. Цяўлоўскага на рускай мове [4].

Заўважце: не ў беларускай паэзіі, а ў славянскім свеце. Зрэшты, ва ўсёй сусветнай паэзіі за некалькі тысячагоддзяў яе існавання набярэцца ўсяго некалькі такіх вянкоў вянкоў санетаў. Бо напісаць нават звычайны добры санет не так проста: «Добра напісаны санет варты цэлай паэмы» (Нікола Буало). Што да вянка санетаў – то гэта своеаса­блівая здача паэтам экзамена на творчую сталасць. Такія экзамены ў кожнай нацыя­нальнай паэзіі здалі адно кожны пяцідзесяты або нават соты паэт. Сярод іх – і Марозаў, які, як ужо было сказана, напісаў добры дзесятак звычайных вянкоў санетаў («Наканаванне», «Вянок Белару­сі», «Ты», «Сад», «Упэўненасць», «Прызнанне» і інш.). Аднак як назваць творчы экзамен, які выяўляецца ў напісанні не проста вянка санетаў, а вянка вянкоў санетаў?..

Некалькі слоў пра першынство. Хоць, як слушна заўважыў І. Катляроў, “літаратура – не спорт. Тут важна, не хто першы…” [6, 8]. І ўсё ж…

У 1997 г. у Санкт-Пецярбургу выйшаў з друку вершаваны раман А. Сушко “Виктор Кторов” з падзагалоўкам: вянок вянкоў санетаў [7]. У невялікім пасляслоўі-анатацыі да твора паведамляецца, што напісаны ён быў яшчэ ў 1971 г. (прычым, усяго за нейкі месяц, з 19 жніўня па 23 верасня. -- !) як працяг колішніх намаганняў І. Сяльвінскага. Той яшчэ ў 1930-я гг. “рабіў спробу штурму вянка вянкоў санетаў, але адмовіўся ад гэтай задумы, спалохаўшыся, што можа з’ехаць з глузду” [7, 99]. “Виктор Кторов” быў, па словах аўтара анатацыі, “высока ацэнены” П. Антакольскім, У. Раждзественскім і І. Міхайлавым, супрацоўнікамі часопіса “Нева”. Тым не менш “за 26 год з часу напісання раман, пра які многія ведалі і які многія чыталі, у друк так і не трапіў” [7, 99].

Не будзем паддаваць сумненню “высокую ацэнку” твора, дадзеную паважанымі расійскімі паэтамі (твор і сапраўды пакідае добрае ўражанне). Не станем дадумваць, чаму 26 гадоў ён праляжаў у рукапісе. Звернем увагу толькі на тое, што “Виктор Кторов” не вытрымлівае ўсіх патрабаванняў кананічнай формы вянка вянкоў санетаў. І справа зусім не ў тым, што “Сушко нібы працягнуў пошукі Ільі Сяльвінскага… які адкрыў неабходнасць увядзення сюжэта ў вянок” [7, 99]. І вянок санетаў, і вянок вянкоў санетаў з сюжэтам або без яго, калі ён толькі адпавядае асноўным патрабаванням архітэктонікі (колькасць санетаў, іх звязанасць аднымі і тымі ж радкамі паміж сабой, наяўнасць магістралаў), -- не можа быць выключаны з гэтых архітэктанічных санетных структур.

Што да А. Сушко, то ён, быццам бы, разумеў: “кананізаваны (і нікім у тыя гады да яго не напісаны) жанр быў бы гранічна сумны” і таму пачаў “радыкальна рэканструяваць саму прыроду санета і вянка санетаў, пакінуўшы асноўныя іх складнікі: пяцістопны ямб, “плошчу ў чатырнаццаць радкоў”, звязаныя сэнсам міжсанетныя радкі і магістральныя санеты” [7, 99]. Сапраўды, у большасці выпадкаў радкі, якімі заканчваецца папярэдні і пачынаецца наступны санет, звязаны не строгай аднолькавасцю, а толькі сэнсам. Часам яны адрозніваюцца, але неістотна: “Но не вздыхал он: «Ах, судьба-злодейка!» -- // «Но дядюшка вздыхал: Судьба-злодейка!» [7, 14]; «Ах, Кторов – лишь растерянность у глаз» -- «У Кторова растерянность у глаз» [7, 30]; «Лишь только в том, что вовсе не смешно» -- «А в том, что впрямь нелепо и смешно» [7, 70]; «Где Мефистофель? Как бы повторить?!» -- «Мы счастливы, коль сможем повторить» [7, 92] і г. д. Аднак у многіх выпадках змены датычацца не толькі сэнсу, але нават рыфмоўкі радкоў, што вянкі санетаў не дапускаюць: «Приходит мысль – почаще б приходила» -- «Не часто, но приходит все же мысль» [7, 35]; «Его советы пригодятся вам» -- «А нам еще сонеты пригодятся» [7, 70]; «У сплетни малость сердцем отогреться» -- «У сердца Виктор сердце отогреть…» [7, 83]; «Дар сердца бытовщине – не доверим!» -- «Жар сердца бытовщиной не остудим» [7, 95] і г. д. Такія змены выклікаюць, у сваю чаргу, і пэўныя змены ў гучанні магістралаў вянкоў санетаў. Ды гэта яшчэ не самае галоўнае. Нярэдка, як піша сам паэт, «в сюжете образуется дыра» [7, 22]. І гэтую “дыру” ён запаўняе то “Вершамі Эктава” (аднаго з персанажаў вершаванага рамана; 7, 22—24), то матэрыяламі “Запісной кніжкі Эктава”; 7, 55—59), а то пераказам (у тым ліку і празаічным) чатырох сноў Кторава [7, 74--81]. Не вытрымлівае твор А. Сушко і іншых патрабаванняў кананічнасці вянка вянкоў санетаў: адсутнічае ў ім 15 вянок санетаў, што складаецца з магістралаў усіх папярэдніх, у 14-м вянку санетаў толькі трынаццаць санетаў, прычым 13 ўсечаны на два радкі, і інш. Падводзячы вынік назіранням, можна сказаць: вершаваны раман А. Сушко «Виктор Кторов» -- гэта не вянок вянкоў санетаў (нягледзячы на яго падзагаловак) у яго кананічным выглядзе, а твор з выкарыстаннем асаблівасцей гэтай санетнай архітэктанічнай канструкцыі. Рускі паэт пачаў наўмысна парушаць гэтую канструкцыю, яшчэ не стварыўшы яе…

Кананічную ж канструкцыю вянка вянкоў санетаў упершыню ў рускай вершатворчасці выкарыстаў не прафесійны паэт, а інжынер аднаго з санкт-пецярбургскіх НДІ А. Мартынаў. У 1996 г. яго «Благовест» з падзагалоўкам «карона вянкоў санетаў» пабачыў свет другім выданнем [7]. У невялікім звароце да чытачоў аўтар паведаміў: «Написана «Корона» в апреле—мае 1984 года… Может показаться, что это труд многих лет. Ничего подобного. «Корона» написана за один месяц, на работе, в мою бытность ведущим инженером НИИ, с темпом в два дня венок… Я, естественно, не претендую на какое-либо поэтическое совершенство. Это просто моё духовное поэтическое откровение, несущее людям Благую весть. Отсюда и название «Благовест» [8, 5].

«Виктор Кторов» і «Благовест» -- кардынальна розныя творы як па жанры, тэматыцы, ідэйнай скіраванасці, так і па мастацкім узроўні. Адзінае, чым «Благовест» пераўзыходзіць «Виктора Кторова», -- гэта, на маю думку, строгае захаванне кананічнай формы вянка вянкоў санетаў. Што і варта падкрэсліць пры нашай – не літаратурна-крытычнай, а чыста вершазнаўчай – ацэнцы твораў. Ніводная з тых заўваг, якія мы прад'явілі А. Сушко, да А. Мартынава (не як да паэта, а як да вершапісца) прад'яўлена быць не можа. Усе яго папярэднія вянкі санетаў, вытрыманыя ў строга кананічным стылі: 1. Сотворение мира; 2. Небесный чертог; 3. Мой путь; 4. Сбор камней; 5. Природа; 6. Разум; 7. Единство; 8. Гармония; 9. Сон; 10. Смирение; 11. Свобода; 12. Недеяние; 13. Спасение; 14. Вознесение – завяршае, як і павінна быць, «Венок магистралов». Больш таго, апошняя кропка ў суплеціве 225 санетаў – 226-ы «Магистрал короны», што складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх магістралаў. Такім чынам, «Благовест» А. Мартынава можна лічыць узорам рускага вянка вянкоў санетаў, упершыню надрукаванага, па некаторых звестках, у пачатку 1990-х гг. Па сутнасці, ледзь не ў адначассе з «Апакаліпсісам душы» Марозава.

Вянок вянкоў санетаў – самая складаная, працаёмкая, самая вытанчаная архітэктурная санетная структура, якая ўключае ў сябе 15 вянкоў санетаў (усяго 225 санетаў!). Апошні, пятнаццаты, складаецца з магістралаў усіх папярэдніх. У «Апакаліпсісе душы» структура кананічнага санета (абаб абаб ссд ддс, пяцістопны ямб) паўсюль вытрымана. Форма вянкоў санетаў усюды захавана. Усе вянкі санетаў звязаны паміж сабой: апошні вершаваны радок кожнага папярэдняга з'яўляецца пачаткам наступнага; чатырнаццаты вянок санетаў завяршаецца першым радком вянка першага. «Вянок магістральны» даволі арганічна выкрышталізоўваецца з магістралаў усіх чатырнаццаці папярэдніх вянкоў санетаў. Паколькі ў кожным магістрале канцэнтруецца квінтэсенцыя мастацкай думкі ўсяго вянка санетаў, пастолькі «Вянок магістральны» ў цэлым акумуліруе найбольш важнае з ідэйна-вобразнага сэнсу ўсяго твора, напамінаючы чытачу – шляхам паэтычнага паўтору – самае галоўнае, цікавае, запамінальнае. У гэтым, па сутнасці, заключаецца галоўная функцыя таго архітэктурнага круга, які з'яўляецца адной з асноўных мастацкіх асаблівасцей вянка вянкоў санетаў.

«Апакаліпсіс душы» высакародна прысвечаны рана памерламу беларускаму паэту А. Сербан­товічу, аўтару чатырох вянкоў санетаў. Як і належыць вянку вянкоў санетаў, твор складаецца з чатырнаццаці асобных вянкоў санетаў і пятнаццатага -- «Вянка магістральнага». Кожны з наступных вянкоў сане­таў пачынаецца радком папярэдняга вянка санета, а «Вянок магістральны» ўбірае ў сябе першыя радкі ўсіх папярэдніх двухсот дзесяці санетаў. Адна гэта грандыёз­ная архітэктоніка патрабуе ад паэта і майстэрства, і сапраўды сялянскай працавітасці, настойлівасці ў пошуку цікавых тэм, актуальных праблем. Толькі ж ніякая архітэктоніка, ніякая вышуканая вершаваная форма не выручаць па­эта, калі твор будзе зроблены метадам «халоднай штампоўкі», калі форма станец­ца дзеля формы, мастацтва — дзеля мастацтва. Больш таго, паўторы аднаго і таго ж радка не толькі не прыхаваюць няўдалы выраз або вобраз, але і памножаць няўдаласць гэту на колькасць паўтораных радкоў.

Санетная форма сама па сабе ўжо схіляе паэта да роздуму, развагі. Вянкі санетаў -- гэта своеасаблівыя паэмы-медытацыі. Кожны з іх патрабуе значнай, грамадска цікавай праблемы і яе арыгінальнага выяўлення. Калі параўнаць лірыку Марозава з мазаічным пано, то вянкі санетаў (а вянок вянкоў санетаў -- тым больш) у першую чаргу просяцца на такое параўнанне. Сапраўды, кожны санет -- гэта не раў­ну­ючы як асобны, аднолькавы па велічыні, форме, але не па афарбоў­цы (сэнсу) каменьчык. Усе ж санеты разам і складаюць тое пано, што імкнецца вы­явіць наш час, яго праблемы, клопаты, мэты, а таксама нас у гэтым часе, з нашымі перажы­ваннямі, думкамі, надзеямі. Бацькаўшчына-Беларусь і краіны-суседзі, увесь свет, вострыя грамадска-палітычныя праблемы і жыццё прыроды, блізкая, далёкая гісторыя і сённяшні дзень, мірны час і ваенныя катаклізмы, матэрыяльнае і духоўнае, праўда і мана, культура і быт народа, этычнае і эстэтычнае — усё гэта і многае іншае з’явілася прадметам разваг Марозава як паэта-санетапісца. Не ўсюды гэтыя развагі, магчыма, забяспечаны чыстым золатам паэзіі, не з усімі можна безапеляцыйна пагадзіцца. Але ў большасці выпадкаў мы, чытачы, атрымліваючы эстэтычную асалоду, узбага­­ча­емся разам з тым духоўна і душэўна. Што, трэба думаць, і ўваходзіць у задачу сапраўднай паэзіі.

Зерне ўпала не на камень. Пачатае Марозавым знайшло працяг. У 1999 г. вянок вянкоў санетаў “Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі” надрукаваў М. Віняцкі [1]. А затым, пачынаючы з 2000 г., са зборніка “Адухаўленне” [5] , таленавітая паэтка са Светлагорска С. Шах пачала ледзь не кожны год выдавць у кніжным выглядзе па вянку вянкоў санетаў – “Прысвячэнне” [5], “Прызначэнне” [5], “Увасабленне” [5], “Спасціжэнне” [5]… Гэта, па празнанні яе мужа, вядомага рускамоўнага паэта і адначасова аўтара прадмовы да “Адухаўлення” І. Катлярова, толькі першыя “з пяці ўжо напісаных ёю вянкоў вянкоў санетаў. Яшчэ чатыры, напісаныя пазней і… больш дасканалыя, яшчэ прыйдуць да чытача, Апрача таго, Соф’я Шах мае ў рукапісах 136 вянкоў санетаў” [6, 5]. Сам жа І. Катляроў таксама выдаў вянок вянкоў санетаў (дарэчы, першы ў рускамоўнай паэзіі Беларусі) «Земля простит, но не прощает небо» [3].

Несумненна, з’явяцца новыя санетапісцы, напішуцца новыя вянкі вянкоў санетаў. Але слава родапачынальніка беларускага і ўвогуле славянскага вянка вянкоў санетаў назаўсёды застанецца за беларускім паэтам, чалавекам “ад плуга, ад луга” Змітраком Марозавым.
Л і т а р а т у р а

1. Віняцкі, М. Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі: вянок вянкоў санетаў / Мікалай Віняцкі. – Мінск, 1999.

2. Катляроў, І. Санет – яе стыхія / Ізяслаў Катляроў // Соф’я Шах. Адухаўленне: вянок вянкоў санетаў / Соф’я Шах. – Мінск, 2000.

3. Котляров, И. Земля простит, но не прощает небо: венок венков сонетов / Изяслав Котляров. – Минск, 2001.

4. Марозаў, З. Апакаліпсіс душы (вянок вянкоў санетаў) / Змітрок Марозаў. – Мінск, 1991.

5. Марозаў, З. Апакаліпсіс душы (вянок вянкоў санетаў) / Змітрок Марозаў. – Мінск , 1997.

6. Марозаў, З. Апакаліпсіс душы: вянок вянкоў санетаў / Змітрок Марозаў; пер. на рус. мову А. Цяўлоўскага; уступ і заключ. арт. В. Рагойшы. – Мінск, 2006.

7. Мартынов, А. Благовест: корона венков сонетов / Анатолий Мартынов; вст. слово автора. – 2-е изд. – С.-Петербург, 1996.

8. Сушко, А. Виктор Кторов: роман (венок венков сонетов) / Александр Сушко; послесл. А. Нестеренко. – С.-Петербург, 1997.

9. Шах, С. Адухаўленне: вянок вянкоў санетаў / Соф’я Шах. – Мінск, 2000.

10. Шах, С. Прысвячэнне: вянок вянкоў санетаў / Соф’я Шах. – Мінск, 2001.

11. Шах, С. Прызначэнне: вянок вянкоў санетаў / Соф’я Шах. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002. – 156 с.

12. Шах, С. Увасабленне: вянок вянкоў санетаў / Соф’я Шах. – Мінск, 2003.

13. Шах, С. Спасціжэнне: вянок вянкоў санетаў / Соф’я Шах. – Мінск, 2004.


Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Што вы ведаеце пра Змітрака Марозава як пра арыгінальнага паэта? 2. Гэта выпадковасць ці заканамернасць, што менавіта З. Марозаў стаў аўтарам першага вянка вянкоў санетаў (ВВС) у славянскай паэзіі? 3. Што ўяўляе сабой ВВС як архітэктунічная санетная канструкцыя? 4. Дайце характарыстыку першым ВВС у рускай паэзіі. 5. Ахарактарызуйце здабыткі беларускіх санетапісцаў у напісанні – услед за З. Марозавым – вянкоў вянкоў санетаў.


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка