В. П. Рагойша беларускае вершаванне




старонка10/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.59 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

Нетрадыцыйная строфіка Аркадзя Куляшова

Строфіка А. Куляшова (1914--1978) яшчэ нікім, на жаль, спецыяльна не даследавалася. На першы погляд, здаецца, што яна нічым асаблівым не вылучаецца. Сапраўды, калі не ўлічваць некалькіх твораў астрафічных (у тым ліку паэму “Сцяг брыгады”), то звыш 90 % вершаў і паэм Куляшова напісаны звычайнымі катрэнамі (раздзеленымі або не раздзеленымі прабеламі, з рознай рыфмоўкай). Аднак такое адчуванне складваецца толькі пры павярхоўным знаёмстве з творчасцю гэтага выдатнага паэта, які -- без перабольшання -- ўнёс прыкметны ўклад у развіццё архітэктанічных мажлівасцей не толькі беларускага, але і ўсяго славянскага верша. Гэта адносіцца перш за ўсё да распрацаванага ім і замацаванага ў многіх вершаваных творах шаснаццацірадкоўя (абазначым яго прапісной літарай Ш.).

У паэзіі Куляшова налічваецца 85 Ш., што сведчыць пра невыпадковасць гэтай архітэктанічнай формы. Яно сустракаецца як аўтаномна, у выглядзе вершаў-шаснаццацірадковікаў (39 выпадкаў), так і ў складзе буйных вершаваных твораў -- вершаванага цыкла “Маналог” (13 строфаў) і паэмы “Цунамі” (33 страфы). Пра тое, што гэтую страфу паэт выкарыстоўваў цалкам свядома і мэтанакіравана, сведчаць заключныя радкі з яго верша “Ёсць у паэта свой аблог цалінны…”(1962):
… Ёсць адказнасць перад строгім вершам,

Перад яго пачаткам і канцом —

Каб баразну, радком пачаўшы першым,

У сноп звязаць шаснаццатым радком [2, 319].


Для нас Ш. цікавае яшчэ і тым, што менавіта яно дапамагло выйсці паэту з зацяжнога творчага крызісу, які пачаўся ў 1956 г. -- годзе выкрыцця культу асобы Сталіна на ХХ з’ездзе КПСС -- і працягваўся цэлых пяць гадоў. У 1956--1960 гг. паэт не надрукаваў аніводнага (!) арыгінальнага верша.У той час у яго душы, як і ў душах сотняў тысяч савецкіх людзей, замбіраваных бальшавіцкай прапагандай, адбывалася істотная пераацэнка ранейшых ідэйна-палітычных каштоўнасцей, фарміраванне гуманістычных грамадскіх ідэалаў, што прадвызначалася новай грамадскай атмасферай, асабістай дружбай з выдатным рускім паэтам і тагачасным рэдактарам “Нового мира” А. Твардоўскім, які хутчэй і лягчэй за Куляшова ўспрыняў дабратворныя грамадскія перамены і, несумненна, паўплываў на свайго беларускага сябра. Куляшоў, як і Твардоўскі, аўтар выдатных лірыка-філасофскіх вершаў-роздумаў (“Стихи из записной книжки”, 1961), станавіўся грамадзянінам-праўдашукальнікам, гуманістам, шанавальнікам агульначалавечых каштоўнасцей і -- што асабліва важна -- паэтам-філосафам. Аднак новы паэтычны змест вымагаў для свайго вербальнага выяўлення і новай паэтычнай формы. І такая форма неўзабаве, у 1960 годзе, з’явілася, пра што паведаў сам паэт:

Я гіну ад бяздзейнасці не месяц,

Не два, не тры. Як быццам хто закляў!

Я сам сябе гатоў хутчэй павесіць,

Чым існаваць для непатрэбных спраў.
Запал прапаў -- я сэрцам разумею,

Яго мне не пазычаць лекары.

Я вар’яцею, трацячы надзею,

І не чакаю лепшае пары.


Яна сама прыходзіць, як здароўе.

З крыніц сваіх і жыватворчых рэк

Прыносіць мне шаснаццацірадкоўе,

Шаснаццаць кропель цудадзейных лек:


Шаснаццаць сцежак на лістку паперы,

Як спраў працяг, якія я люблю,

Шаснаццаць крокаў, каб ісці наперад,

Шаснаццаць рук, каб абдымаць зямлю [2, 342].

Псіхалагічнае адчуванне з’яўлення новай творчай іпастасі было не толькі ў самога паэта, але і ў чытачоў. Калі ў 1961, 1962, 1964 гг. у часопісе “Полымя” пачалі публікавацца вершы Куляшова пад агульнай назвай “З новай кнігі”, а затым з друку выйшла і сама “Новая книга” (1964; у перакладзе на рускую мову Якава Хялемскага), усе ўбачылі, што гэта, сапраўды, і новыя вершы і новая кніга, якіх ні ў самога Куляшова, ні ва ўсёй тагачаснай савецкай паэзіі яшчэ не было. Зусім заканамерна, што кнігу адразу вылучылі на атрыманне Ленінскай прэміі, яе як ніколі дружна падтрымалі на рэспубліканскім і ўсесаюзным узроўні многія выдатныя паэты і крытыкі -- М. Бажан, Р. Бярозкін, І. Грынберг, К. Зялінскі, А. Кандратовіч, М. Лапшын, М. Сідарэнка, Я. Смелякоў, А. Твардоўскі, А. Туркоў і інш. (усяго 34 (!) водгукі ва ўсесаюзным друку). І толькі змена палітычнай сітуацыі (у канцы 1964 г. ад улады быў адхілены М. Хрушчоў, з прыходам Л. Брэжнева ў краіне пачаўся перыяд контррэфармацыі), а таксама некаторыя закулісныя інтрыгі не дазволілі Куляшову атрымаць заслужаную ўзнагароду.

І “новыя вершы”, і “Новая кніга” амаль цалкам складаліся з Ш. Што ж яны ўяўляюць сабой? Дзе шукаць генезіс гэтай страфы?

У структуры куляшоўскіх Ш. вылучаюцца тры канстанты: строгая колькасць радкоў (шаснаццаць), адзін і той жа вершаваны памер -- пяцістопны ямб (Я5), наяўнасць рыфмаў (жаночых і мужчынскіх, толькі ў адным выпадку -- дактылічных і мужчынскіх). Апрача гэтага, для абсалютнай большасці з іх характэрна аднолькавая ці падобная архітэктоніка. Так, з 85 Ш. значная колькасць (50) напісана катрэнамі з перакрыжаванай або апаясной рыфмоўкай, частка з якіх складаецца з чатырохрадкоўяў АбАб (вершы -- 16, “Маналог” -- 5, “Цунамі” -- 2). І толькі ў паэме “Цунамі” пераважаюць строфы іншай канфігурацыі: яны або зусім не распадаюцца на радковыя комплексы (адзін выпадак -- “Замест эпілога”), або ўключаюць у сябе ад двух да пяці такіх комплексаў (гл. табл. 1). Аднак і ў гэтым выпадку рыфмоўка, як правіла, злучае ў строфах чатыры суседнія радкі, раздзеленыя прабеламі. Усё гэта дазваляе ўспрымаць Ш. не толькі як сэнсава-інтанацыйную, але і структурную цэласнасць, што, -- нягледзячы на даволі значную колькасць вершаваных радкоў, -- яшчэ фіксуецца нашай свядомасцю ў выглядзе адзінства.

Структура шаснаццацірадкоўяў А. Куляшова. Табліца 1



Творы

Усяго шаснаццаці-радкоўяў

З іх на-пісана катрэ-намі

Іншыя (а не 4-радковыя) страфічныя комплексы, з якіх складаюцца шаснаццацірадкоўі

1

2

3

4

5

Вершы

39

28

0

0

10

0

1

“Маналог”

13

11

0

0

2

0

0

“Цунамі”

33

11

1

6

11

4

0

Усяго

85

50

1

6

23

4

1

Якую ж структуру маюць раздзеленыя прабеламі катрэны, з якіх складаецца абсалютная большасць куляшоўскіх Ш.? Адказ на гэтае пытанне дае табл. 2. Як відаць з яе, Куляшоў выкарыстаў катрэны чатырох разнавіднасцей. Найбольш часта ён ужывае катрэны з перакрыжаванай рыфмоўкай: АбАб (129) і аБаБ (9 ). Прыблізна аднолькавая колькасць катрэнаў з апаясной рыфмоўкай двух разнавіднасцей: аББа (33) і АббА (27). Адносна часцей яны прысутнічаюць у вершах, радзей — у “Маналогу”. Прычым, розныя чатырохрадкоўі у Ш. могуць займаць рознае, паводле парадкавага нумару (ад першага да чацвёртага), месца. Разам з тым некаторыя віды катрэнаў на пэўных месцах Ш. не фіксуюцца. Так, катрэны аБаБ не зафіксаваны на пачатку Ш. у вершаваным цыкле “Маналог” і паэме “Цунамі”, на другім і трэцім месцах – у вершах і г. д. Зрэшты, пра гэта сведчыць табл. 2.


Віды катрэнаў у шаснаццацірадкоўяў А. Куляшова. Табліца 2

Віды

чатырох-радкоўяў


Творы


Парадкавы нумар чатырохрадкоўяў

у вершаваных творах



Усяго

1

2

3

4

Усяго –129, у тым ліку:

АбАб



Вершы

18

20

21

21

80

“Маналог”

6

9

7

9

31

“Цунамі”

6

4

3

5

18

Усяго --33, у іым ліку:

аББа



Вершы

5

5

2

4

16

“Маналог”

4

0

1

2

7

“Цунамі”

0

5

2

3

10

Усяго --27, у тым ліку:

АббА



Вершы

4

3

5

2

14

“Маналог”

1

1

1

0

3

“Цунамі

4

2

4

0

10

Усяго --9, у тым ліку:

аБаБ



Вершы

1

0

0

1

2

“Маналог”

0

1

2

0

3

“Цунамі”

0

0

2

2

4

Што да іншых радковых комплексаў, з якіх складаюцца Ш. (пераважна ў паэме “Цунамі”), то яны амаль кожны раз маюць свой адметны выгляд, ужываючыся, як правіла, толькі адзін раз. Вось як размеркавана колькасць радкоў у такіх радковых комплексах: строфы двухкомплексныя: 4 + 12, 12 + 4; трохкомплексныя: 2 + 8 + 6; 2 + 10 + 4; 3 + 5 + 8; 4 + 4 + 8; 4 + 6 + 6 (3 разы); 4 + 7 + 5; 4 + 8 + 4; 4 + 11 + 1; 5 + 5 + 6 (2 разы); 5 + 6 + 5; 5 + 8 + 3; 6 + 5 + 5; 6 + 6 + 4; 7 + 5 + 4; 8 + 4 + 4; чатырохкомплексныя: 3 + 5 + 4 + 4; 4 + 3 + 5 + 4 (2 разы); 4 + 4 + 6 + 2; пяцікомплексныя: 2 + 6 + 4 + 2 + 2.

Апісаная намі структура Ш. надзвычай добра прыдалася Куляшову для выяўлення настрою элегічнага роздуму, філасофскай развагі, паэтычнай медытацыі. Куляшоўскія Ш. нагадваюць у многім санеты шэкспіраўскага тыпу: у іх той самы памер (Я5), прыблізна тая ж колькасць радкоў (толькі на два радкі больш), яны складаюцца пераважна з катрэнаў перакрыжаванай і апаясной рыфмоўкі. І ў тых і ў другіх страфічных утварэннях адсутнічае жорсткая рыфменная і архітэктанічная рэгламентацыя санетаў класічнага тыпу (абавязковая наяўнасць двух катрэнаў і двух тэрцэтаў, адпаведна аб’яднаных паміж сабою рыфмамі), што дазваляе паэтам пачувацца вальней у дачыненні да формы верша, галоўную ўвагу звяртаючы на яго змест. Да санетаў У. Шэкпіра Ш. падобныя таксама сваімі жанравымі і кампазіцыйнымі адзнакамі. Паводле жанру вершы Куляшова, напісаныя Ш., -- гэта медытацыі грамадзянскага, філасофскага ці інтымна-лірычнага характару. Уплываюць Ш. і на жанр буйных архітэктанічных утварэнняў, у якіх яны ўжываюцца. Так, “Маналог” па свайму жанру -- гэта філасофскі вершаваны цыкл, у якім аўтар разважае пра пэўны час і чалавека ў гэтым часе, пра сутнасць сяброўства і адказнасць перад памяццю сяброў. “Цунамі” -- гэта філасофская паэма-развага аб узаемадачыненні чалавека і грамадства, адзінкі і калектыву, індывідуальна-асабістага і сацыяльна-грамадскага. Калі мы гаворым пра гэтыя творы Куляшова як пра выдатную з’яву ўсёй беларускай (і не толькі беларускай) літаратуры, то, несумненна, у іх высокай эстэтычнай вартасці ёсць заслуга і самой формы верша, у прыватнасці – шаснаццацірадкоўя.

“Санетавасць” куляшоўскіх Ш. адчуваецца і ў іх кампазіцыі. Як падкрэсліваў некалі М. Багдановіч, у першай палове твора “развіваецца тэма санету, а ў астатнім -- заключэнне да яе; ставіцца пытанне і даецца адказ; малюецца абразок і выкладаецца паясненне к яму” [1, 194]. Што да Ш. Куляшова, то ў іх таксама выразна адчуваецца, кажучы словамі самога паэта, “адказнасць перад строгім вершам -- перад яго пачаткам і канцом”. У пачатку, своеасаблівым зачыне Ш., звычайна ў лаканічнай, афарыстычнай форме выкладаецца сутнасць “філасафемы” паэта -- думкі, якая затым развіваецца, паэтычна “даказваецца”, каб урэшце ўвасобіцца ў такой жа афарыстычнай канцоўцы. Вось зачыны некаторых Ш.: “Я -- вязень твой, а ты -- мая турма, // Асуджан я любоўю пажыццёва” (“Да паэзіі”); “Жыццё маё -- цяжкі з гадамі бой, // І чым далей, то ўсё даўжэй прывалы”(“Элегія”); “Ад шчасця сэрца скача, як дзіця, // Ад бед яно, як млын, шуміць начамі…” ; “Быў кожны з вас адважных стартаў варты, // Шкада, што фініш быў не варты вас”(“Маналог”); “Зямля -- не процілегласць акіяна, // Яна -- яго каменная пасцель”(“Цунамі”)… Канцоўкі Ш. (часцей за ўсё гэта заключныя катрэны), як правіла, змяшчаюць, як і ў звычайных санетах, “заключэнне”, “адказ”, “паясненне”. Большасць з іх можна было б змясціць у кнігу крылатых выслоўяў -- настолькі яны афарыстычныя, вобразна-паэтычныя: “Я -- трэці свет, я кропелька малая // Тых светаў двух — звычайны чалавек, // Што неба і зямлю ў сябе змяшчае // І ў свет адзін злучае іх навек”(“…Нябёсы — акіян, я знаў даўно”); “Не прыпыняйся, не жахайся, слова!.. // Хай адвячорак доўгім ценем лёг -- // Магчыма немагчымая размова // Датуль, пакуль магчымы дыялог”(“Маналог”); “Няўжо не так? Няўжо вам не ахвота // Прыслухацца да ісціны старой, // Што неспакой не лечыць адзінота, // Што адзіноту лечыць неспакой?”(“Цунамі”)…

Усё сказанае пра жанрава-кампазіцыйныя і ўвогуле структурныя асаблівасці куляшоўскіх Ш. наводзяць на думку, што іх генезіс трэба шукаць у санетах шэкспіраўскага тыпу. Да з’яўлення сваіх Ш. Куляшоў увогуле вельмі рэдка звяртаўся да Я5, надзвычай рэдкія былі ў яго і вершы іншага памеру з шаснаццаці радкоў. У канцы ж 1950 -- пачатку 1960-х гг. у СССР, як і ва ўсім свеце, разгарнулася падрыхтоўка да 400-годддзя з дня нараджэння У. Шэкспіра (1564--1616). У друку ўсё часцей пачалі з’яўляцца пераклады твораў вялікага драматурга і санетапісца, у тым ліку — выдатныя рускамоўныя ўзнаўленні шэкспіраўскіх санетаў С. Маршака і не менш выдатныя пераклады гэтых санетаў на беларускую мову, здзейсненыя У. Дубоўкам. Гэта супала якраз з пакутлівымі пошукамі Куляшова не толькі новага зместу сваёй паэзіі, але і адэкватнай формы выяўлення гэтага зместу… Магчымы і іншыя шляхі ўздзеяння літаратурных традыцый на творчасць аўтара “Маналога”. Напрыклад, праз пераклады Куляшова асобных твораў А. Пушкіна, у прыватнасці – рамана “Евгений Онегин” з яго асаблівай чатырнаццацірадковай “анегінскай” страфой, а таксама верша русскага паэта “19 октября”, напісанага васьмірадковымі строфамі таго ж Я5… Як бы там ні было, дзякуючы Куляшову сёння мы маем арыгінальнае Ш. — своеадметную, найбольшую па колькасці радкоў страфу ў беларускай, дый увогуле ва ўсёй усходнеславянскай, паэзіі.

Аднак не толькі створаным Ш. увайшоў Куляшоў у гісторыю беларускай строфікі. Ён -- аўтар арыгінальных, большых па колькасці радкоў, чым Ш., страфічных комплексаў. І выклікана гэта было тым, што пачынаючы недзе з пачатку 1960-х гг. Куляшоў стаўся арыгінальным паэтам-мысляром, які – не пабаімся гэтага выразу – з шэкспіраўскім размахам не толькі ставіў перад сваімі чытачамі так званыя вечныя пытанні, але і імкнуўся даць адказ на многія з іх. Сярод іх -- пытанні пра сутнасць і прызначэнне мастацкай творчасці (“Запісная кніжка”, 1973), чалавечага жыцця ўвогуле (“Далёка да акіяна”, 1970-1971; “Мой Новы год”, 1974), пра адносіны творцы і ўлады/дзяржавы (“Маналог”, 1965), экалогію, жыццё і магчымасць знікнення ўсяго чалавецтва (“Цунамі”, 1968), суадносіны паміж высакароднай мэтай і сродкамі яе дасягнення (“Хамуціус”, 1974--1975) і інш. Пры гэтым значна ўзбуйнялася сама катэгарыяльнасць мыслення паэта, яму ўжо, каб комплексна выявіць “агонь у адзенні слова” (І. Франко), часам не хапала і ранейшай страфічнай формы – шаснаццацірадковага комплексу. І ён звяртаецца не толькі да складаных строфаў, але і да гіперстрофаў.

Што мы разумеем пад гіперстрофамі? Гэта – строфы, дакладней – страфічныя комплексы, якія налічваюць звыш шаснаццаці радкоў і не ўспрымаюцца (або з цяжкасцю ўспрымаюцца) намі як аднолькавыя цэласныя архітэктанічныя адзінствы. Тым не менш яны рэальна існуюць, у іх аснове – ізарытмія (рытма-метрычная падобнасць) і ізавершараднасць (аднолькавая колькасць вершарадоў), якіх свядома прытрымліваецца мастак слова. Розніца паміж гіперстрофамі (як і аднолькавымі тыпамі строфаў увогуле) можа назірацца адно ў рыфміцы і камбінаторыцы радкоў унутры іх. Калі параўнаць вершаваную архітэктоніку з архітэктурай, то творы, напісаныя гіперстрофамі, нагадваюць аднолькава збудаваныя сучасныя гарадскія кварталы. Аднолькавасць/падобнасць такой забудовы, а разам з тым своеасаблівы рытм яе могуць быць вызначаны і ўспрыняты толькі з аддалення (скажам, з вышыні птушынага палёту). Гэтаксама і аднолькавасць/падобнасць, а таксама невыпадковасць гіперстрофаў можа быць заўважана толькі на прасторы ўсяго твора.

Гіперстрофіка Куляшова ўключае страфічныя комплексы з 20 (“Мой Новы год”, 1974) і 24 вершарадоў (“Варшаўскі шлях”, 1972; “Запісная кніжка”, 1973). Кожны з гэтых твораў можна назваць філасофскай паэмай-маналогам. У “Маім Новым годзе” і ў “Запісной кніжцы” – па пяць дваццацірадкоўяў. У “Варшаўскім шляху” – пятнаццаць дваццацічатырохрадкоўяў. Калі ўнутры гіперстрофаў асобныя радковыя комплексы аддзелены адзін ад аднаго толькі прабеламі, то самі гіперстрофы яшчэ і пранумараваны, што нагадвае нумарацыю асобных раздзелаў вялікіх мастацкіх палотнаў. Такая архітэктоніка абумоўлена змястоўнай сутнасцю гэтых куляшоўскіх твораў: кожная з гіперстрофаў (раздзелаў) – гэта асобная філасафема, медытацыя, развага на тую ці іншую субтэму, арганічна звязаную з асноўнай тэмай паэтычнага твора. І “Варшаўскі шлях”, і “Запісная кніжка”, і “Мой Новы год” у гэтым сэнсе тыпалагічна падобныя да колішняга “Маналога” (1965), напісанага трынаццаццю шаснаццацірадкоўямі, што нагадваюць санеты шэкспіраўскага тыпу.

На нашу думку, найлепш архітэктанічна-змястоўную сутнасць гіперстрофаў Куляшова можна выявіць праз аналіз паэмы “Варшаўскі шлях”. Таму спынімся на ёй больш падрабязна.

Складаецца “Варшаўскі шлях” з пятнаццаці раздзелаў-гіперстрофаў, кожная з якіх напісана пяцістопным ямбам -- гэтак, як і ўсе ранейшыя шаснаццацірадкоўі паэта, і налічвае 24 вершарады. Некаторыя з вершарадоў дзеля рытмічнага падкрэслення пэўнай думкі дзеляцца на два радкі, асобныя з якіх пры гэтым яшчэ і раздзяляюцца прабеламі. Вось як выглядае схема ўсіх гіперстрофаў з улікам колькасці асобных радковых комплексаў, рыфмоўкі ўнутры іх і з раздзеленымі пры дапамозе прабелаў 5-м і 10-м вершарадамі (раздзелы пазначаны знакам ½):




  1. 6 (аББаБа) + 6(ВгВгВг) + 7 (гВдЕёЕё) + 5(ёІёІё).

  2. 8(АбАбВггВ) + 6(ДДеДее) + 10(ёёІІккЛмЛм).

  3. 8(АббАвГГв) + 5(ГвДДв) + 5(ЕёЕёІ) + 6(ІкІкЛЛ).

  4. 2(Аб) + 5(АбВВг) + 10(гДееДеЁЁіі) + 7(ккЛмммЛ).'

  5. 3 ½(ааБ) + ½9(вББвГддГд) + 10½(ЕёЕёІкІкЛм) + ½(Лм).

  6. 10(АбАббВВггВ) + 5(дЕЕдд) + 7(ЕёёІккІ) + 2(лл).

  7. 8(АбАбВгВг) + 10(ДеДеЁіЁіКл) + 6(КлМннМ).

  8. 5(аББаа) + 5(БВгВг) + 10(ДееДёёЖзЖз) + 2(Жі) + 2(Жі).

  9. 6(АбАбвГ) + 5(вГАдд) + 13(АеЁеЁЁеЖзЖзіі).

10) 6½(АббААв) + ½(ГвГдЕЕдЁііЁЁкк) + 4(лММл).

11) 4(АбАб) + 4(вГвГ) + 14(дЕдЕёІёІкЛкЛмН) + 2(мН).

12) 20(аББаВггВдЕЕдЁііЁкЛкЛ) + 4(кМнМ).

13) 1(н) + 10(ААнбВВбгДД) + 7(гЕёЕёЖг) + (ЖгЗгЗІ).

14) 10(ІаІаБвБвГд) + 11(ГдЕёЕёЖзЖзК) + 3(лКл).'

15) 8(ааБвББвв) + 8(ГдГдЕёЕё) + 8(ЖззЖзЖіі).


Як відаць са схемы, найчасцей сустракаюцца ў гіперстрофах дзесяці- (7 разоў) і васьмірадкоўі (6 разоў), за імі ідуць пяці- і шасцірадкоўі (па 6 разоў), двухрадкоўі (5 разоў), трох-, чатырох-, сямі- і чатырнаццацірадкоўі (па 3 разы), аднарадкоўі (2 разы). Па адным разе сустракаюцца адзінаццаці-, трынаццаці- і дваццацірадкоўі. Можа ўзнікнуць уражанне, што такім чынам дваццацічатырохрадковыя гіперстрофы страчваюць сваю цэласнасць. На самай справе, гэтага не адбываецца. Іх, па-першае (і гэта самае галоўнае), цэментуе адзінства думкі і эмоцыі, увасобленыя ў канкрэтным матыве, субтэме, затым – вершаваны памер (усюды – Я5), а таксама – што вельмі немалаважна – рыфміка. Ва ўсіх гіперстрофах ужываюцца толькі два тыпы рыфмаў – мужчынскія і жаночыя (яны абазначаны адпаведна малымі і прапіснымі літарамі), прычым сугуччы ў радках часта паўтараюцца па некалькі разоў (гл. гіперстрофы 1, 4, 6, 8, 9, 15-ю і інш.). Нярэдка рыфмы звязваюць асобныя радковыя комплексы, пераходзячы з аднаго ў другі. Гэта мы бачым, па сутнасці, ва ўсіх гіперстрофах, за выключэннем 2, 6 і 15-й (гэтыя рыфмы выдзелены тлустым шрыфтам). Моцна таксама лучаць радкі і радковыя комплексы ўнутраныя і ланцужковыя рыфмы. Вось некалькі тыповых прыкладаў:
Не раз, стаіўшы плач зямлі сірочай,

Ён іх на подзвіг зваў сваёй прарочай,



Чорнарабочай кнігай пра байца,

Не ўсімі дачытанай да канца…[2, 34].


А там, а там – яшчэ за даллю даль,

За даллю даль, як шпал бясконцых шэраг.

А там і даль – апошняя, на жаль, –

Запоўнены таварышамі бераг… [2, 41].
Я знаю, ты, мой шлях, перажывеш

Мяне, мой верш.

Дык знай, калі рубеж

Ты не мінеш, які завуць вайною… [2, 43].


У сапраўдным мастацкім творы няма нічога выпадковага. Невядома, ці свядома Куляшоў стварыў “Варшаўскі шлях” менавіта з 15 гіперстрофаў. Аднак як бы там ні было (зусім магчыма, што і падсвядома гэта здарылася), яго паэма сваёй архітэктонікай нагадвае вянок санетаў, які таксама складаецца з 15 санетных строфаў. У вянку санетаў кожны наступны санет пачынаецца радком, якім заканчваецца папярэдні. Тым самым лейтматыў твора, пераходзячы з санета ў санет, пры ўсім паглыбленні і пашырэнні, захоўвае сваю адзінасутнасць. Апошні санет вянка санетаў – магістрал, які складаецца з першых радкоў папярэдніх 14 санетаў, -- сваім апошнім радком вяртае нашу ўвагу да першага радка ўсяго твора, да думак і пачуццяў, “зададзеных” у першым санеце. Ці не падобная кампазіцыя і “Варшаўскага шляху”? Падобная, і вельмі! Вось першыя радкі першай гіперстрафы паэмы:
Пакуль у целе чуецца душа,

Не веру я ў таемны сэнс другога

Яе жыцця. Таму дазволь, дарога,

Варшаўскі шлях, Варшаўская шаша,

Звяртацца да цябе, а не да Бога

Радком, што просіцца з карандаша [2, 31].


Матыў шляху, паэтычна названы “сяброўства сувязным”, затым, вар’іруючыся, праходзіць літаральна праз усе гіперстрофы, вызначаючы іх асобныя мікратэмы, канкрэтызуючы, напаўняючы іх пэўным зместам. Варшаўскі шлях набывае функцыю асноўнага тропа паэмы – апастрофы. Да яго, як да нейкай жывой, прычым вечна жывой, істоты, пастаянна звяртаецца паэт. Вобраз шляху, вечнага, бессмяротнага, і вобраз А. Твардоўскага, нявечнага, смяротнага, як і ўсе людзі (алюзіі, звязаныя з рускім паэтам, якому і прысвечана паэма, знаходзяцца літаральна ва ўсіх гіперстрофах паэмы), – гэта два галоўныя антынамічныя вобразы паэмы (не лічачы вобраза самога апаведача). Яны, канкрэтызуючыся, узбагачаючыся асобнымі дэталямі, падрабязнасцямі, паступова пераходзяць з адной гіперстрафы ў другую, яднаючы іх і без нейкага фармальнага кампанента (напрыклад, паўтарэння аднаго і таго ж радка, што мы назіраем у вянку санетаў). Зрэшты, часам і гэтае фармальнае лучво ў творы знаходзіцца. Так (гл. схему), рыфмоўкай злучаны гіперстрофы 12-я з 13-й (камнях – шлях), 13-я з 14-й (працай – рэкамендацый, рэдакцый). Ды ўсё ж не фармальнымі “клямарамі” змацоўваюцца адна з другой гіперстрофы. Антыномія “жыццё – смерць”, “вечнае – нявечнае”, “бясконцасць – канечнасць” – вось галоўны сэнсавы стрыжань філасофскай паэмы Куляшова “Варшаўскі шлях”. Паступова пераходзячы праз усе яе гіперстрофы, лагічна “прарастаючы” з адной у другую, ён, як у звычайным вянку санетаў, урэшце даходзіць да апошняй, пятнаццатай, гіперстрафы, своеасаблівага магістрала, названага паэтам “Замест эпілога”. Працытуем радкі, якімі заканчваецца паэма:
У судны дзень дазволь радку ўзрывацца,

Сабе самому выракаць прысуд,

Дазволь загінуць для таго, каб тут,

Дзе я жыву цяпер, ты мог застацца.

Каб тут, на месцы векавых пакут,

Каб тут, дзе не загіне наша праца,

Ты, сын Зямлі, мог абдымаць Зямлю…

Варшаўскі шлях, аб тым цябе малю! [2, 44].


Зноў, як бачым, тут тая ж апастрофа, той жа зварот да Варшаўскага шляху як да жывой істоты. Зноў тут тая ж вера ў магутнасць і бессмяротнасць гэтага шляху, у параўнанні з часовасцю жыццёвага шляху чалавечага. Думкі, матывы, эмоцыі, такім чынам, кампазіцыйна закругляюцца, сплятаюцца ў адзін “вянок” – як у тым самым вянку санетаў. І гэтаму не толькі сваім зместам, але і структурай дапамагаюць усе пятнаццаць гіперстрофаў паэмы – яе арыгінальная архітэктоніка.

Л і т а р а т у р а



  1. Багдановіч, М. Санет / Максім Багдановіч // Поўны збор твораў: у 3 т. / Максім Багдановіч. -- Мінск, 1993. – Т. 2.

  2. Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / Аркадзь Куляшоў. -- Мінск, 1977. – Т. 5.



Пытанні і заданні для самаправеркі

1. У чым выявіўся ўклад А. Куляшова ў развіццё архітэктанічных мажлівасцей не толькі беларускага, але і ўсяго славянскага вершавання? 2. Дайце якасную і колькасную характарыстыку шаснаццацірадкоўя як своеасаблівай страфы і шаснаццацірадковіка – як арыгінальнага віду верша. 3. Дзе і ў чым трэба шукаць генезіс куляшоўскага шаснаццацірадкоўя? 4. Што ўяўляюць сабой гіперстрофы А. Куляшова? 5. Раскажыцце пра архітэктоніку паэмы А. Куляшова “Варшаўскі шлях”.


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка