В. А. Максімовіч Паэмы Уладзіміра Дубоўкі




Дата канвертавання09.05.2016
Памер82.52 Kb.
В.А. Максімовіч
Паэмы Уладзіміра Дубоўкі
Зварот У. Дубоўкі да больш глыбокага, эпічнага асэнсавання грамадска-палітычных і літаратурна-мастацкіх падзей быў прадыктаваны гісторыка-сітуацыйным момантам, тымі дэструкцыйнымі працэсамі, якія асабліва востра сталі выяўляць сябе з другой паловы 20-х гадоў. 3 прычыны чуйнасці і надзвычайнай абвостранасці сваей грамадзянскай і мастакоўскай пазіцыі паэт не мог заставацца ўбаку ад лёсавырашальных пытанняў і праблем, якія закраналі асновы існавання нацыі. Яго не мог задаволіць чыста утылітарны падыход да літаратурнай творчасці на платформе адзінай пралетарскай ідэалогіі з яе коснасцю, дагматызмам і спрашчэнствам, з яе ўстаноўкай на сацыялагізацыю ўсіх формаў жыцця. У гэты няпросты, складаны для творчасці (ды і не толькі творчасці) час У.Дубоўка не спыняў пошукаў новых шляхоў для ўвасаблення свайго эстэтычнага ідэалу. Навізна і актуальнасць праблематыкі, шырыня мастацкага дыяпазону, уменне са складанага суплету жыцця вылучыць найбольш важную, істотную грамадскую і анталагічную праблему і вынесці яе на суд чытача - вось што вылучае творчую манеру, почырк мастака сярод іншых творцаў таго часу. Значным мастацкім дасягненнем стаў Дубоўкаў паэмны трыпціх - «Кругі», «I пурпуровых ветразей узвівы...», «Штурмуйце будучыні аванпосты!» Адной з істотных стылёвых адзнак з'яўляецца іх «амбівалентнасць», цеснае, раўнапраўнае суіснаванне ў межах абранага жанру дасягненняў урбаністычнай літаратуры з яе арыентацыяй на высокія ўзоры і класічныя формы, з аднаго боку, і мастацка-творчае засваенне прыёмаў і нормаў традыцыйнага народнага мастацтва - з другога.

Паэмы Дубоўкі - сведчанне новага паэмнага мыслення. 3 боку формы і зместу яны далека не ўкладваюцца ў межы традыцыйнага жанру паэмы. Сведчаннем таму служыць тое, што паэт абраў інтэнсіўны (не экстэнсіўны) шлях апрабацыі жыццёвага матэрыялу, узяўшы курс на інтэлектуалізацыю мастацкага зместу. Іншымі словамі, у ідэйна-канцэптуальную аснову паэм пакладзены прынцып суб’ектыўн1ага мадэлявання рэчаіснасці, звязаны з уласна аўтарскім уяўленнем, бачаннем асноўных тэндэнцый і заканамернасцяў грамадскага і літаратурнага развіцця. Стыль паэм можна ахарактарызаваць як умоўны, рацыяналістычны, сінтэтычны: ён далёкі ад вобразнай канкрэтыкі, вобразнай пластыкі.

Паэмы маюць ярка выражаны наватарскі, эксперыментальны характар. «Эксперымент» выступае адной з формаў арганізацыі паэм. «Маральны эксперымент» ускладняецца эксперыментам ідэйным, ідэйна-светапоглядным, нават ідэалагічным і выходзіць далёка за рамкі канкрэтнай сітуацыі. Эксперымент у выніку набывае шырокае значэнне, пераходзіць у разрад універсальнай эстэтычнай катэгорыі. Форма «эксперымента» адкрывала мажлівасці выказаць, абазначыць, праясніць праз сістэму ўмоўных вобразаў і сітуацый уласную ідэйна-светапоглядную пазіцыю паэта. Пры гэтым яму даводзілася лічыцца з асаблівасцямі гістарычнага моманту, шукаць найбольш аптымальныя шляхі выражэння сваёй задумы, выкарыстоўваць такія мастацкія сродкі і прыёмы, якія б не толькі задаволілі густ чытача, але і далі б яму стымул да самастойнага аналітычнага мыслення, по-шукаў ісціны.

Да фармальных праяў падобнага эксперымента варта аднесці і паспяховую спробу сінтэзаваць, спалучыць элементы эпасу, лірыкі і драмы ў жанравых межах паэмы. Архітэктурны прынцып структурызацыі (структурныя ўвядзенні ка­зак, «народных апавяданняў», лістоў, перакладаў класічных твораў) сведчыць пра тое, што Дубоўка, па сутнасці, стварыў арыгінальную жанравую форму - структурны тып камбінаванай паэмы. Увядзенне ў структуру паэм дзейных асоб (персанажаў), зварот да драматызаванага дыялогу, рэмаркі сведчаць пра пашырэнне драматычнага пачатку. Шляхам сумяшчэння (накладання) розных часавых плоскасцяў, спалучэння сучаснасці з мінулым, гісторыі з легендай (казкай, прытчай, алегорыяй) ствараецца абсалютна новы, нечаканы эфект універсальнасці, пазачасавай значнасці. Фальклор («народныя апавяданні», «замовы», казкі) станавіўся пэўнай умоўнай формай, з дапамогай якой адкрывалася магчымасць выявіць сутнасць рэальнасці, надаць паэмам філасофскую скіраванасць, напоўніць іх адмысловай сэнсавай глыбінёй. У «фальклорным стэрэатыпе» паэт бачыў канцэнтрацыю гісторыка-філасофскіх уяўленняў нацыі, спосаб ўвасаблення сваіх духоўных ідэалаў. Фальклорны матэрыял даваў магчымасць уздзейнічаць на свядомасць чытача, паразважаць над часовымі і вечнымі праблемамі. 3 узроўню першаснага, стылізатарскага літаратурны, фальклорны і гістарычны прататып пераведзены на іншы эстэтычны ўзровень - на ўзровень мастацкіх абстракцый, гратэскных, алегарычных формаў, сімвалаў і іншасказанняў. Ім ствараецца другі ўзровень твора, які заключае вялікі абагульняючы сэнс. Нагадаем, што літаратура, якая вымушана у выніку аб'ектыўна-гістарычных прычын шырока звяртацца да разнастайных формаў умоўнасці, падтэксту, - падвойвае, а то і шматразова пашырае, узбагачае свой крэатыўны ўнутраны патэнцыял.

Пытанне сутнасці Дубоўкавай мадэрнізацыі жанравай структуры паэмы не павінна звязвацца толькі з праблемай фарматворчасці, канструявання мастацкай вобразнасці. Думаецца, яно далё

ка выходзіць за межы праблем уласна мастацкіх і скіроўвае ў рэчышча размоў пра пэўны тып мас­тацкай свядомасці і - шырэй - культуратворчасці. Творчае задзейнічанне самых розных фальклорных і літаратурных кантэкстаў уяўляецца мэтазгодным палічыць не толькі за пэўны мастацкі прыём, але і за сталы ідэйна-мастацкі і светапоглядны прынцып паэта. У сваю чаргу гэта сведчыць пра паглыбленне яго гістарычнага мыслення, спрычыненасць да важных праблем быцця.

Зварот Дубоўкі да ўмоўных формаў даваў магчымасць напаўнення паэм змястоўнай звышёмістасцю, ідэалагічнай ушчыльненасцю. Фальклорныястэрэатыпы дзякуючысваёй адкрытасці, своеасаблівай інтэртэкстуальнасці (здольнасці ўбіраць і праясняць сабою іншыя кантэксты) патэнцыяльна скіроўвалі на шлях іх гістарычнай актуалізацыі. Міфа-фальклорны матэрыял у выніку мастацкага пераўтварэння набываў новую эстэтычную якасць, магчымасць істотна дапаўняць, а то і цалкам відазмяняць першапачатковы, агульнапрыняты, замацаваны нацыянальнай традыцыяй характар сэнсу. У дадзеным выпадку ўзнікае неабходнасць гаворкі пра пэўны пазакантэкст твора, які прама выцякае а яго кантэксту, шмат у чым ім абумоўлены. Пазакантэкст твора ствараецца ўласным намаганнем, уласнай фантазіяй мастака, які па-рознаму прачытвае вядомы кантэкст у залежнасці ад пастаўленай задачы. Усё гэта дазваляе аднесці культуратворчасць да асобага віду мастацкага мыслення і мастацкай рэфлексіі, глыбока індывідуалізаваных, гістарычна, нацыянальна і псіхалагічна абумоўленых.

Прыведзеныя развагі, у сваю чаргу, лагічна падводзяць да думкі пра патэнцыйную спрычыненасць паэмнай структуры Дубоўкі да новай, мадэрнісцкай парадыгмы, лучнасць яго светапогляду з новым мысленнем, з новымі тэндэнцыямі ў літаратуры, якія напрамую звязаныя з працэсам актывізацыі суб'ектыўнага волевыяўлення мастака. Паэмы У Дубоўкі - вынік новай гістарычнай свядомасці, новага светабачання, праява фарміравання новых мастацка-светапоглядных каардынат, якія не заўсёды пралягалі у плоскасці сацыяльна-эмпірычнага ўзнаўлення жыцця.

Пэўным застаецца адно: Дубоўка свядома разбураў ка­ноны паэмнага жанру. Устаноўка была на пераадоленне «вуснай традыцыі» на аснове новых прынцыпаў абагульнення, індывідуалізацыі і тыпізацыі з адною мэтай: «сумарныя вымярэнні тысячагадовага вопыту шматзначна дастасаваць да самых актуальных праблем сучаснасці»1. Дасягненне такога эфекту станавілася магчымым шляхам «самарастварэння» ўласнай асобы ў прытчах, казачных сітуацыях з новым кутом гледжання на свет. Гэта далёка не ўкладваецца ў хадавыя паняцці «звароту» да фальклору, яго «апрацоўкі». <...> Казачны эпас - здабытак калектыўнай самасвядомасці на­рода - арганічна ўводзіўся ў сістэму светабачання мастака і непазбежна набываў рысы і якасці яго індывідуальнасці»2. Іншымі словамі, «фальклорны прататып» быў не роўны сабе, не саматоесны, не самадастатковы. Ён служыў дапаможным, хоць і важным сродкам для рэалізацыі аўтарскай задумы, для вырашэння пэўнай мастацкай звышзадачы. Ва ўмоўнай сюжэтнасці паэм таілася звышсюжэтнасць, якая якраз і брала на сябе вялікую філасофскую звышзадачу, звязаную з мастацкім спасціжэннем нацыянальнага лёсу народа, лёсу нацыянальнага мастацтва ў часы страшэнна неспагадных умоў і абставінаў.

У паэмах назіраем рацыянальна сканструяваную сюжэтную сітуацыю, сюжэтную і праблемную лакалізацыю. Падзейны рух фактычна адсутнічае. На змену яму ідзе ўнутра­ны рух сюжэта, які адбываецца не за кошт пашырэння (экстэнсіфікацыі) жыццёвага матэрыялу, а праз самаразвіццё прадуманай і па-мастацку асвоенай ідэі (думкі). Цэласнасць карціны складваецца не з дынамікі пачуцця, а з дынамікі думкі. Ідэя (думка) не ілюструецца, а як бы выспявае спакваля цягам разгортвання сюжэта. Адсюль і ўмоўнасць персанажаў, якія паводзяць сябе не згодна з унутранай логікай развіцця свайго характару (супярэчлівая складанасць характару выключана), а па логіцы аўтарскай задумы. Гэта вымушала аўтара зрабіць акцэнт на асобнай моўнай арганізацыі тэксту з яго ўстаноўкай на «сэнсавы» дыялог, які набліжаецца да класіцыстычных формаў драматургіі. Заўважана, што ў класіцыстычнай трагедыі акцэнт пераносіцца на растлумачальную і інфармацыйную ролю (функцыю) драматызаванай мовы. Дубоўкавы героі не столькі выяўляюць сябе ў дзеянні, колькі ў славесных выказваннях і развагах.

Зыходзячы з гэтага, з боку як унутраных, так і знешніх якасцяў (асаблівасць жанравай формы, характар рытміка-інтанацыйнай пабудовы, мелодыка верша і інш.) паэмы «I пурпуровых ветразей узвівы...» і «Штурмуйце будучыні аванпосты!» падпадаюць пад ранжыр «размоўнага» жанру Зразумела, што дыялагічная кампазіцыйная форма прадугледжвае размоўныя рытмы і інтанацыі, якімі паэт умела карыстаецца. Дзякуючы гэтаму асноўны цяжар кладзецца на сэнсавыяўленчую і інтанацыйную функцыю рытму, які набліжаецца да натуральнай, раскаванай моўнай фразы, перадачы жывога маўлення. Форма дыялога, акрамя таго, дапамагае раскрыць ідэйную і эмацыянальную сутнасць вобразаў. Апраўлены ў форму дыялога канфлікт вылучаецца асаблівай напружанасцю, непрымірымасцю пазіцый прадстаўнікоў абодвух бакоў (Лірык - Матэматык, Пасажыр - Кандуктар). Драматычны дыялог выступае спосабам прэзентацыі героя, а не ўстанаўлення кантакту. Адсюль прынцып дэкларацыі, завостранасці канфлікту, франтальнасці маналогаў і інфармацыйнасць дыялогаў, устаноўка на аратарскую мову, у якой важны момант прамаўлення, звароту.

Непрымірымасць канфлікту (унутраная напружанасць і дынаміка), устаноўка на антанімічную персаніфікацыю ідэй - канфлікт ідэй - ствараюць своеасаблівы фон кантрастнасці. Кантрастнасць праяўляецца праз сюжэтную аднамернасць герояў, якіх нельга аднесці да паўнацэнных мастацкіх характараў. Сентэнцыйнасц (выказванне павучальнага характару, мараль), абагульняючая ўмоўная вобразнасць (Пасажыр, Кандуктар і інш.) надаюць персанажам характар свайго роду абстрактных фігур (масак), якія ўбіраюць у сябе тыповыя рысы і індывідуальнага і абагульненага. Яны створаны паводле «мадэлі паводзінаў», а не «мадэлі стану». Пераважае канстантная светапоглядная, а не характаралагічная дамінанта.

Вышэй вылучаныя і іншыя акалічнасці дазваляюць зра­біць выснову, што паэмы У. Дубоўкі набываюць у пэўным сэнсе прытчападобную скіраванасць. Іх ідэйны сэнс, пры ўсім астатнім, далёка не зводзіцца (і не павінен зводзіцца) толькі да дэкларатыўнасці і аўтарскага дыктату над героямі. Патрэбна бачыць мастацкую дыялектыку такога роду твораў, унутраны рух якіх адбываецца ў наступным кірунку - ад павучання да сфакусаванасці філасофскіх пошукаў, ад вобразаў-дэкларацый да вобразаў-сімвалаў, якія б увасаблялі пэўны аспект праблемы, пастаўленай у творы, - праблемы маральнага пошуку, праблемы чалавечага сумлення, праблемы выбару.

Культуратворчасць станавілася адмысловай умовай падключанасці да сусветнай культурнай традыцыі, а важкасць літаратуры ў многім залежала ад ступені творчай асіміляцыі народнай культурнай спадчыны і глыбіні спасцігальнасці нацыянальных архетыпаў. Таму роля і значэнне самога У. Дубоўкі ў працэсе культуратворчай мадэрнізацыі літаратуры - неацэнныя. Гэта быў заканамерны і лагічны працэс, не толькі патэнцыяльна ўласцівы прыродзе таленту паэта, яго мастацкай свядомасці, але і аб'ектыўна запатрабаваны заканамернасцямі літаратурнага і гістарычнага развіцця, важны этап у станаўленні нацыянальных асноў беларускай літаратуры, што дазваляла пашырыць кола яе выяўленчых магчымасцяў, спрыяла ўзбагачэнню яе ўнутранага патэнцыялу, адкрывала шлях да самавыражэння сутнасных праблем жыцця.



1 Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Мн., 1999. Т, 2. С. 487.

2Тамсама. С. 488


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка