В. А. Арцёмава, аспірант кафедры беларускай мовы І літаратуры мдлу




Дата канвертавання28.03.2016
Памер59.74 Kb.
БЕЗЭКВIВАЛЕНТНЫЯ БЕЛАРУСКIЯ ФРАЗЕАЛАГIЗМЫ I СПОСАБЫ ПЕРАДАЧЫ IХ СЕМАНТЫКI НА АНГЛIЙСКУЮ МОВУ (на матэрыяле беларускіх і англійскіх фразеалагізмаў з прасторавым значэннем)
В.А. Арцёмава, аспірант кафедры

беларускай мовы і літаратуры МДЛУ
Праблема вызначэння асноўных крытэрыяў фразеалагічнай эквівалентнасці і яе тыпаў з’яўляецца адной з найбольш важных праблем сучаснай супастаўляльнай фразеалогіі. Паняцце эквівалентнасці атрымала асвяшчэнне ў працах Л.С. Бархударава, М.Бэйкер, Ж.П. Віне і Ж. Дарбільнэ, В.Н. Камісарава, Дж. Кэтфарда, Л.К. Латышава, Ю. Найды, Я.I. Рэцкера, А.I. Фёдарава, А.Д. Швейцара і інш. Пад безэквівалентнымi фразеалагiчнымi адзiнкамi (ФА) мы разумеем фразеалагiзмы зыходнай мовы, што не маюць фразеалагічных адпаведнікаў у мове супастаўлення. Сярод 621 беларускiх i 771 англiйскiх фразеалагiзмаў з прасторавай семантыкай намi былi выяўлены 27 беларускіх безэквівалентных адзiнак, прадстаўленых лакунамi ў англiйскай мове. Яны складаюць 4,3 % ад агульнай колькасці беларускіх ФА з прасторавай семантыкай.

Міжмоўная фразеалагічная безэквівалентнаcць з’яўляецца вынікам:

а) наяўнасці ў ФА лексем-рэалій жыцця беларускага народа: беларус. пад гаршок падстрыгаць ‘роўнай лініяй вакол галавы’ [9, с. 298];

б) выкарыстаннем у механізме фраземаўтварэння сродкаў выразнасці (рыфма, алітэрацыя, асананс): у беларускай ФА хадзіць ходырам ‘моцна хістацца, калыхацца’ ужываецца алiтэрацыя гукаў [х], [д], [дз’] [10, с. 593];

б) ужываннем стылістычных прыёмаў для іранічнага або гумарыстычнага эфекту (каламбуры, гульня слоў і пад.), што немагчыма выразiць аналагічнымі сродкамі ў мове супастаўлення – англійскай: беларус. сабакам сена касіць ‘знаходзіцца невядома дзе, хаваючыся ад сям’і’ [9, с. 564];

в) абыгрываннем уласных імёнаў. Так, беларускiя ФА як Марка на пекле хадзіць, блукаць, сноўдацца і пад. ‘безупынна і бесталкова’ [10, 2 с. 21] і як Марку на пакле ганяць ‘з аднаго месца ў другое, у розных напрамках’ [10, с. 22] маюць кампанент – уласнае імя Марка. Марк ў беларускай культуры мае канатацыю вечнага няшчаснага скітальца, няўдачніка, якi ездзіць па пекле ў розных напрамках і з сумам назірае, як пакутуюць бедныя грэшнікі;

г) пабудовай беларускіх ФА па рэдкіх, нестандартных марфолага- сінтаксічных схемах або з нестандартнымі марфалагічнымі формамі: напрыклад, на кругi свая ‘на старое месца’, дзе свая – устарэлая форма займеннiка свой [9, с. 608].

Беларускі даследчык С.А. Аксамітаў звязвае наяўнасць лакун у мове супастаўлення з нязначнасцю для гэтай культуры пэўнага дэнатата зыходнай мовы [2]. Аднак паняцце-лакуна зыходнай мовы можа іcнаваць у мове супастаўлення на іншых моўных узроўнях, што робiць магчымым перадаць семантыку безэквiвалентных беларускiх ФА на англiйскую мову. Як паказвае агляд літаратуры па праблеме міжмоўнай фразеалагічнай безэквівалентнасці [3; 6; 7; 8], асноўныя прыёмы для перадачы значэння безэквівалентных ФА зыходнай мовы на мову супастаўлення можна звесці да наступных:


1) поўнае або частковае фразеалагічнае калькаванне – паслоўны або часткова паслоўны пераклад ФА зыходнай мовы на мову супастаўлення. Пры поўным калькаванні лексемны склад ФА зыходнай мовы калькуецца без якіх-небудзь змяненняў: напрыклад, беларуская ФА куды ногі нясуць (панясуць) [10, с. 104] са значэннем ‘у няпэўным напрамку, не выбіраючы дарогі, абы-куды, невядома куды’ можна перадаць на англійскую пры дапамозе поўнага фразеалагічнага калькавання where (wherever) ones legs feet (legs) carry (take) one (літаральна ‘куды (куды бы ні чые-небудзь ногі неслі каго-небудзь) [11, c. 108];

2) выбарачны пераклад – гэта выбар сярод слоўнікавых адпаведнікаў той ФА мовы супастаўлення, што максімальна адпавядае па ўсіх паказчыках ФА зыходнай мовы;

3) пераклад са змяненнем зместа і / або формы – гэта перадача ФА зыходнай мовы на мову супастаўлення з апушчэннем, дапаўненнем цi перастаўленнем месцамі кампанентаў;

4) кантэкстуальны цi абертанальны пераклад – гэта перадача зместа ФА зыходнай мовы на мову супастаўлення ў залежнасці ад кантэксту пры адсутнасці фразеалагiчных эквівалентаў і аналагаў [13];

5) камбінаваны пераклад ФА – спалучэнне двух або больш спосабаў перадачы значэння ФА зыходнай мовы на мову супастаўлення. Так, значэнне англійскай ФА have swallowed a (the) dictionary можна перадаць камбінацыяй калькавання праглынуць слоўнік і яе дэскрыптыўнага перакладу сыпаць вучонымі словамі [5, с. 6];

6) дэскрыптыўны (апісальны) пераклад – перадача семантыкi ФА зыходнай мовы пасродкам словазлучэнняў цi разгорнутых апісання ў мове супастаўлення [7, с. 196]. Гэты спосаб выкарыстаны пры перадачы значэнняў 2 беларускіх безэквівалентных ФА (7,2% ад агульнай колькасці беларускіх безэквівалентных ФА): беларус. пад гаршок падстрыгаць ‘роўнай лініяй вакол галавы’ [9, с. 298] – англ. (cut) ones hair round (лiтаральна ‘падстрыгаць валасы кругам вакол галавы’), cut ones hair in peasant style (лiтаральна ‘падстрыгаць чые-небудзь валасы ў сялянскiм стылі’) [11, с. 146], пайсці на сяло ‘каб хутчэй i непрыкметна iшоў час, адправiцца хадзiць, як правiла, без усякай патрэбы з адной хаты ў другую’ [1, с. 555] – англ. to go from one house to another without purpose for marking time;

7) лексічны спосаб перакладу – гэта спосаб перадачы значэння ФА зыходнай мове словам ці пераменным словазлучэннем у мове супастаўлення. Так, значэнне беларускага ФА бог семярым нёс ды аднаму дастаўся (удзяліў) ‘вельмі вялікі нос’ [10, с. 321] можна перадаць на англійскую мову складаным словам big-nosed ‘з вялікім носам’ [14, с. 348]. Лексічны спосаб перакладу быў выкарыстаны намі пры перадачы значэння 25 беларускіх безэквівалентных ФА (92,6 % ад агульнай колькасці беларускіх безэквівалентных ФА): напрыклад, беларус. выхад у свет ‘друкаванне, апублікаванне (кнігі, брашуры і пад.).’ [9, с. 262] – англ. publication, printing [12, с. 579], беларус. не прымусіць <доўга> сабе чакаць ‘скора, тут жа прыйсці, выйсці і пад.’ [10, с. 261] – англ. not to keep somebody waiting [14, с. 172], беларус. як тут і быў (была, былі) ‘адразу, раптоўна з’явіўся, аказаўся’ [10, с. 160] – there somebody is [14, с. 651], беларус. забываць дарогу да каго, куды / забыць дарогу да каго, куды ‘пераставаць бываць дзе-н., неведваць каго-н’ [9, с. 431] – англ. stop visiting somebody, stop going to somewhere [11, с. 202] i iнш.

Перавага лексічнага спосабу перадачы семантыкі беларускіх безэквівалентных ФА на англійскую мову сведчыць пра адсутнасць англійскіх фразеалагічных сродкаў рэпрэзентацыі гэтых паняццяў, што абумоўлена выбіральнасцю фразеалагічнай намінацыі [4]. Тым не менш, паняццi, адлюстраваныя ў семантыцы безэквівалентных беларускiх ФА, прысутнічаюць у моўнай карціне свету англiчан i могуць быць перададзены на англiйскую мову пры дапамозе асобных лексем, словазлучэнняў, дескрыптыўнага перакладу цi калькавання. Увогуле, па меркаванні Р.О. Якабсона, гэта сведчыць пра магчымасць перадачы ўсяго пазнавальнага вопыту пэўнай лінгвакультуры на любой мове [15].



ЛIТАРАТУРА

  1. Аксамiтаў, А.С. Фразеалагiчны слоўнiк мовы твораў Я. Коласа. – Мінcк: Навука i тэхнiка, 1993. – 655 с.

  2. Аксамiтаў, А.С. Беларуска-славянскiя i беларуска-неславянскiя iзафраземы – падабенства i адрозненне // Slavia Orientalis, T. XLVIII, № 2, ROK 1999. – С. 269–279.

  3. Арсентьева, Е.Ф. Сопоставительный анализ фразеологических единиц (На материале фразеологических единиц, семантически ориентированных на человека в англ. и рус. языках). – Казань: Изд-во Казан. ун-та, 1989. –123с.

  4. Арсентьева, Е.Ф. Национально-культурная специфика фразеологических единиц // III Международные Бодуэновские чтения: И.А.Бодуэн де Куртенэ и современные проблемы теоретического и прикладного языкознания (Казань, 23-25 мая 2006 г.): труды и материалы: в 2 т. / Казан. гос. ун-т; под общ. ред. К.Р.Галиуллина, Г.А.Николаева.– Казань: Изд-во Казан. ун-та, 2006. – Т.2. – С.122–124.

  5. Аюпова, P.A. Проблемы сопоставительной фразеологии английского и русского языков: учеб.-метод. пособие. – Казань: Казан, гос. ун-т, 2004. – 24 с.

  6. Байрамова, JI.K. Введение в контрастивную лингвистику: учеб.пособие. – Казань: Изд-во Казан, ун-та, 1994. – 119 с.

  7. Влахов, С. И., Флорин, С.П. Непереводимое в переводе. – М.: Междунар. отношения, 1980. – 340 с.

  8. Исмагилова, Л.А. Безэквивалентная глагольная лексика русского и немецкого языков: автореф. дис … канд. филол. наук: 10.02.20 / Л.А.  Исмагилова. – Калинин, 1984. – 15 с.

  9. Лепешаў, I. Я. Слоўнiк фразеалагiзмаў: у 2 т. – Мінск: БелЭн, 2008. – Т. 2. М-Я. – 672 с.

  10. Лепешаў, I. Я. Слоўнiк фразеалагiзмаў: у 2 т. – Мінск: БелЭн, 2008. – Т. 2. М-Я. – 704 с.

  11. Лубенская, С.И. Большой русско-английский фразеологический словарь. – М.: АСТ –ПРЕСС КНИГА, 2004. – 1056 с.

  12. Мюллер, В.К. Новый англо-русский словарь. – М.: Рус. яз., 1995. – 880 с.

  13. Рецкер, Я.И. Теория перевода и переводческая практика. Очерки лингвистической теории перевода. – М.: Р. Валент, 2004. – 240 с.

  14. Смирницкий, А.И. Русско-английский словарь. – М.: Рус. яз., 1995. – 768 с.

  15. Якобсон, Р.О. О лингвистических аспектах перевода. Вопросы теории перевода в зарубежной лингвистике. – М., 1978. – С. 16–24.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка