Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э




старонка1/24
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.8 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24
Тэма 1-2

Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя

гарады. ІІІ тыс. да н.э. – V ст. н.э.
План

1. Агульныя звесткі пра курс

2. Асновы тэорыі горада, найважнейшыя азначэнні

3. Гістарыяграфія

4. Перыядызацыя гісторыі развіцця гарадоў

5. Першыя старажытныя гарады

5.1. Прычыны ўзнікнення гарадоў

5.2. Старажытныя гарады Ўсходу і Беларусь

5.3. Антычныя гарады і Беларусь
Агульныя звесткі пра курс
Можа падацца, што гаворка пачынаецца з непатрэбных рэчаў: нейкія агульныя, а не канкрэтныя звесткі, такія далёкія ад сучаснага дня старажытныя гарады… Калі ж узнікаюць такія сумненні, то ёсць сэнс прачытаць гэты раздзел да канца.

Прадметам нашага даследавання будзе гарадская цывілізацыя ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі свету. Мы разгледзім яе зараджэнне, развіццё і перспектывы на будучыню.

Што такое гарадская цывілізацыя? Найперш, што такое цывілізацыя?

У прасторавым вымярэнні яна адпавядае пэўным тэрыторыям, займаным вялікімі самадастатковымі грамадствамі – супольнасцямі людзей. Гэтыя супольнасці маюць агульныя каштоўнасці, ментальнасць, ідэалы, устойлівыя рысы сацыяльна-палітычнай арганізацыі, эканомікі, культуры.

А ў часавым вымярэнні цывілізацыя адпавядае пэўным этапам развіцця гісторыі чалавецтва. На кожным этапе людзі таксама мелі нейкія агульныя каштоўнасці, ментальнасць, ідэалы, устойлівыя рысы сацыяльна-палітычнай арганізацыі, эканомікі, культуры. Існуе цывілізацыйны прынцып перыядызацыі гісторыі. Спачатку была традыцыйная цывілізацыя (грамадства), потым – аграрная цывілізацыя, у далейшым на змену ёй прыйшла індустрыяльная цывілізацыя і нарэшце наступае постіндустрыяльная цывілізацыя.

Градская цывілізацыя як антыпод сельскай існавала ўжо на схіле эпохі традыцыйнага грамадства. На працягу гісторыі чалавецтва маштабы гэтай цывілізацыі няўхільна ўзрасталі. Цяпер ужо ўся сучасная цывілізацыя атаясамліваецца з гарадской. Чаму? Бо ўвесь свет фактычна ператварыўся з сельскага ў гарадскі. Так што станаўленне гарадской цывілізацыі можа выступаць своеасаблівым паказчыкам ступені мадэрнізацыі жыцця асобных краінаў, кантынентаў ды ў цэлым чалавечага жыцця на Зямлі.

Мэтай выкладання курса «Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет» ёсць вывучэнне працэсаў далучэння жыхароў Беларусі да навукова-тэхнічных, эканамічных дасягненняў і духоўна-культурных каштоўнасцяў гарадской цывілізацыі, а таксама пэўных унёскаў, зробленых беларусамі ў гэтую цывілізацыю. На першае месца мы будзем ставіць эканамічныя і духоўныя аспекты гарадской цывілізацыі.

Асноўныя задачы курса «Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет» можна падзяліць на тры групы:

1. Даць уяўленне пра горад як гістарычную з’яву, паказаць асноўныя этапы ў гістарычным развіцці гарадоў Беларусі і свету.

2. Даць уяўленне пра урбанізацыю як найважнейшую грамадскую з’яву і яе асаблівасці на беларускіх землях; раскрыць узрастаючы ўклад горада ў эканамічны прагрэс; даследаваць станаўленне беларускай сталіцы і яе ролі ў фармаванні ўнутранага рынку тавараў і разнастайных паслуг, а таксама ў наладжванні абмену ідэямі і таварамі на міжнародным узроўні; паказаць праблемы правінцыйнага гарадскога жыцця; разгледзець, як урбанізацыя ўплывала на духоўна-культурную місію горада (суадносіны духоўнасці і забаваў, мецэнацтва і шоу-бізнэса).

3. Даць уяўленне пра гараджаніна як спецыфічную папуляцыю на Зямлі; узняць праблему гуманізацыі гарадскога асяроддзя і праблему гарадской экалогіі ў сувязі з нарастаннем працэсаў глабалізацыі; паказаць уплыў гарадскога асяроддзя на ментальнасць гараджанаў у працэсе іх стваральнай дзейнасці; разгледзець асаблівасці фармавання і дзейнасці гарадскога самакіравання, яго ўплыў на эканамічную і культурную дзейнасць гараджанаў; звярнуць увагу на эстэтыку гарадскога асяроддзя (архітэктура, плошчы, паркі і г. д.) і неабходнасць захавання яго гармоніі ў працэсе гарадскога будаўніцтва і выпрацоўкі новай гарадской палітыкі.

У сістэме гуманітарных дысцыплін курс займае прамежкавае становішча паміж гісторыяй горада, эканомікай горада і культурай горада. З гісторыі горада ў наш курс вылучаны толькі самыя значныя аспекты гарадскога жыцця – гісторыя эканомікі і гісторыя культуры. З культуры горада – толькі яе грамадска-эканамічны аспект. Гэтым курс розніцца ад названых дысцыплін.

Важнае месца ў курсе займае эканомічны аспект. Існуе асобная дысцыпліна – эканоміка горада. Яна ўзнікла на Захадзе ў 1960–1970-я гг., але пакуль у Беларусі не выкладаецца. Наш курс у пэўнай ступені кампенсуе гэты недахоп, але толькі ў пэўнай ступені. Ён выконвае ролю своеасаблівых уводзінаў у эканоміку горада, бо ў рамках невялікага курса немагчыма ахапіць такі істоты кірунак эканамічнай навукі, – гэта першае адрозненне нашага курса. Другое адрозненне палягае ў тым, што ў рамках курса даследуюцца гуманітарныя аспекты эканомікі горада. Трэцім адрозненнем ёсць тое, што эканоміка горада разглядаецца не тэарэтычна, а практычна, на канкрэтным прыкладзе – на прыкладзе гарадоў Беларусі і свету.

Вылучаныя тут аспекты розных дысцыплін у сукупнасці ствараюць канву нашага курса. Адсюль, урэшце, і яго назва – не эканоміка горада, не гісторыя горада, не гарадская культура, а “Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет”.

У наш час практычна ўсім спецыялістам вельмі важна ведаць праявы гарадскога жыцця як мага лепей. Таму гэты курс разлічаны на шырокую аўдыторыю. Цяпер асаблівую актуальнасць набывае эканамічны аспект гарадской цывілізацыі. Ён уяўляе з сябе каштоўнасць і для гісторыкаў, і для культуролагаў, і для палітыкаў, асабліва тых, што займаюцца распрацоўкай канкрэтных праграм сацыяльна-эканамічнай мадэрнізацыі беларускіх гарадоў. Курс якраз і дапаможа выпрацаваць у слухачоў навыкі такой дзяржаўнай палітыкі. Сёння відавочна, што патрабуецца комплексны падыход да кіравання развіццём гарадоў. Але на практыцы гэты прынцып ўлічваецца не заўсёды. Існуе шмат прыкладаў неэфектыўнага інвеставання ў гарадскую эканоміку і культуру.

Безумоўна, гарады спрадвеку выступалі цэнтрамі палітычнай дзейнасці. Аднак палітычныя справы – з’явы занадта маштабныя, маюць агульнаграмадскае значэнне, а таму іх разгляд не адпавядае задачам нашага навучальнага курса.

Дапаможнік складаецца з 12 лекцый і падзяляецца на тры часткі. Першая змяшчае лекцыі, дзе апісваецца гісторыя гарадоў свету і вызначаецца сярод іх месца гарадскіх паселішчаў Беларусі. Другая частка прысвечана разгляду сусветнай урбанізацыі і месца ў ёй Беларусі. У трэцяй часцы асноўным аб'ектам даследавання становіцца беларускі гараджанін, становішча якога, па магчымасці, параўноўваецца са становішчам гараджанаў іншых краінаў. Асноўная ўвага аддаецца праблемам гарадской цывілізацыі ў Беларусі і свеце ў ХХ стагоддзі і на сучасным этапе, пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца экскурсы ў больш глыбокае мінулае.

Курс складаецца з лекцый і практычных заняткаў, але прадугледжвае самастойную творчую працу студэнтаў. Гэта падрыхтоўка рэфератаў (эсэяў) па гісторыі гарадоў Беларусі (на выбар), распрацоўка разнастайных турысцкіх маршрутаў па беларускіх гарадах, стварэнне бізнес-планаў мадэрнізацыі аднаго з гарадоў нашай краіны, выступленне з прэзентацыяй гісторыі і сучаснага стану асобных гарадоў.


2. Асновы тэорыі горада, найважнейшыя азначэнні
Гістарычная роля горада вялікая, асабліва ў Еўропе. Менавіта ў еўрапейскім горадзе ствараліся не толькі эканамічныя, прававыя, але і культурна-ідэалагічныя асновы сучаснага жыцця. Горад мадэрнізаваў эканоміку і закладваў сучасную гегемонію еўрапейскага кантынента над іншымі часткамі свету. Горад узводзіў асобныя краіны ў ролю лідэраў, напрыклад Лондан. Горад ствараў элітную культуру, мастацтва і мастакоў. Горад ствараў стандарт нацыянальнай мовы. Горад ствараў прававую мадэль сучасных нацыянальных дзяржаў. Горад ствараў мадэль сучаснай нацыі. Так, лічылася, што, каб быць парыжанінам, дастаткова жыць у Парыжы. Потым гэты прынцып пашырыўся на ўсю Францыю: каб быць французам, дастаткова жыць у Францыі. І, натуральна, гаварыць па-французку. Увогуле, гарадская цывілізацыя несла з сабой дэмакратыю.

Гарады заўсёды былі і ёсць своеасаблівымі лабараторыямі па самасцвярджэнні і самавыжыванні нацый. Любая сучасная зканоміка на 90% складаецца з эканомікі гарадоў. На думку французкага гісторыка Фернана Бродэля, гарады – нібыта электрычныя трансфараматары, якія павышаюць напружанне, паскараюць абмен, бесперапынна вяршаць жыццём людзей. Усе пачынаецца з гарадоў, усё у іх вырашаецца. І ў літаратуры, і ў агульнай свядомасці рост гарадоў здаўна атаясамляецца з развіццём цывілізацыі.

Гарады стаяць у авангардзе грамадскага прагрэсу. А можа, і ў авангардзе катастрофы, канца свету. Хто ведае...

Чаму такая вялікая роля гарадоў у жыцці людзей?

Справа ў тым, што толькі ў шчыльна населеных гарадах ствараецца незвычайна вялікі эфект акумуляцыі новых ідэй і багаццяў, заснаваны на больш высокай верагоднасці кантактаў, дыялогаў, уземаўплываў і ўзаемаабменаў. І гэты эфект тым большы, чым большы камунікацыйны патэнцыял горада, чым з большай колькасцю структур ён звязаны. Лакальныя гарады фармуюцца на аснове жыхарства і прэзэнтуюць лакальную мясцовую культуру, лакальную традыцыю, лакальную грамадскую думку, лакальны эканамічны інтарэс. Абласныя гарады, што ўзраслі на грунце буйных рэгіёнаў, прэзэнтуюць правінцыйную культуру, правінцыйную традыцыю, правінцыйную гарадскую думку, правінцыйную эканамічную салідарнасць. Сярод іх вылучаюцца лідэры нацыі, якія становяцца сталіцамі, і тады ўжо прэзэнтуюць культуру, эканоміку і грамадскую думку ўсёй нацыі. У іх завязваецца міжнародны дыялог, а таму і ступень акумуляцыі ідэй і багаццяў робіцца самай высокай. Адсюль выключная роля сталіц – вядучых камунікатараў нацыі.

Англійскі пісьменнік Конан Дойль у артыкуле "Геаграфічнае размеркаванне брытанскага інтэлекту" даказваў, што ў Лондане выдатныя людзі нараджаюцца ў прапорцыі адзін на 16 тысяч, а ў правінцыі – адзін на 34 тысячы. Сталіцы валодаюць магутнай цэнтраімклівай сілай – усё найлепшае прыцягваюць да сябе. У іх арэале могуць быць толькі дробныя гарады, як дробны хмызняк у цені вялікага дрэва. Усе рэвалюцыі і рэформы пачынаюцца са сталіц. Усе інфармацыйныя тэхналогіі выпрацоўваюцца таксама ў сталіцах. Гэтыя тэхналогіі могуць паралізаваць нацыі і ў той жа час рэанімаваць іх, інтэграваць некалькі нацый ў адну ці рассячы адну нацыю на некалькі. У гэтым – перавага і жах гарадской цывілізацыі.

Дык што такое горад? Вучоныя, праўда, не ведаюць, не могуць даць азначэння, бо імкнуцца, каб яно было і навуковым, і дакладным. А горад не ўмяшчаецца ні ў якія меркі. Калі не імкнуцца да універсальнасці, то можна сказаць, што горад – гэта населены пункт, але незвычайны, своеасаблівы. Яго своеасаблівасць – у прывілегіях і ільготах, якімі не валодаюць іншыя паселішчы. Гарады вылучаюцца большымі правамі і большымі магчымасцямі. Гарады – як патрыцыі сярод плебса, як шляхцічы сярод сялянаў, як генералы сярод салдат. А для эканамістаў – гэта найперш самадзейсная эканамічная сістэма, пэўная тэрытарыяльная мадэль размяшчэння насельніцтва, а таксама – вытворчасці.

Урэшце, існуе тры крытэры вылучэння гарадоў сярод іншых паселішчаў:

1) колькасны цэнз насельніцтва (ад 2 да 5 тысяч);

2) характар заняткаў насельніцтва (больш за палову маюць заняткі па-за земляробствам);

3) юрыдычны статус (рашэнне урада аб наданні паселішчу статуса горада).

Агульнай згоды наконт прыярытэтнасці крытэраў няма. У адпаведнасці з сучасным беларускім заканадаўствам населены пункт адносіцца да гарадскога паселішча, калі больш за палову яго насельніцтва, занятага ў эканоміцы, працуе ў сферы прамысловасці, спажывецкага рынку і паслуг (гл. указ "Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі" ад 12 студзеня 2007 г.).

У любым выпадку горад павінен панаваць над якой-небудзь "імперыяй", хоць бы маленькай. Вакол гарадоў узнікаюць гарадскія арэалы. Каланiзацыя горадам вёскi ў Еўропе назіралася ад XVII ст., калі пачалі будавацца прыгарадныя палацы. Тады і ўзніклі гарадскія арэалы. Яны вылучаюцца павышанай шчыльнасцю насельніцтва і перайманнем гарадскога ладу жыцця.

Звычайна гарады падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. У кожную эпоху, у кожнай краіне колькасныя меркі такога падзелу былі розныя. Тыпалогія гарадоў па іх велічыні – рэч даволі важная. З вызначэння памеру горада пачынаецца кіраванне развіццём яго эканомікі. Калі прызнаць, што любы горад пануе над пэўнай вясковай акругай, то ў сферу ўплыву сярэдніх гарадоў, акрамя вёсак, трапляюць малыя, а пад уздзеянне вялікіх гарадоў – усе паселішчы, меншыя за яго. Адны гарады выступаюць панамі, іншыя – служкамі. Цягам узаемаўздзеяння яны ўтвараюць пэўную іерархію вакол своеасаблівага "горада-сонца".

Пры вывучэнні горадскіх паселішчаў прынята вылучаць функцыі горада, якія ён выконвае ў грамадстве.

Самая старажытная – абарончая. Таму этымалагічна слова горад у многіх мовах паходзіць ад слоў агароджванне, крэпасць, цытадэль.

Амаль адначасова з абарончай узнікла адміністрацыйная функцыя, бо горада без улады не існавала. Гарадскія паселішчы стваралі адміністрацыйную структуру для кіравання краінай, забяспечвалі яе адзінства. Адны гарады станавіліся цэнтрамі раёнаў, іншыя – абласцей, правінцый. Над усімі гарадамі і ўсёй краінай узвышалася сталіца. Там месціліся палацы каралёў, а потым – прэзідэнтаў, іншыя органы дзяржаўнага кіравання.

Усе гарады рана ці позна набывалі эканамічную функцыю. На іх аснове ўтвараліся прамысловыя, гандлёвыя, транспартныя, крэдытныя цэнтры. Такім чынам крэпасці і замкі ператвараліся ў сапраўдны горад, блізкі да сучаснага. Ранейшыя функцыі таксама захоўваліся. У выніку буйныя горады звычайна станавіліся шматфункцыянальнымі.

У постіндустрыяльным грамадстве ў якасці найважнейшай вылучаецца функцыя аказання ўсемагчымых паслуг грамадству. Горад становіцца цэнтрам інфармацыі і найноўшых тэхналогій.

З ростам гарадоў цесна звязана урбанізацыя. Звычайна пад гэтым разумеюць павялічэнне колькасці гарадскога насельніцтва коштам вясковага ў выніку росту існых гарадоў і ўзнікнення новых. Аднак ў шырокім плане урбанізацыя звязваецца з павышэннем грамадскай ролі гарадоў у цэлым. Павялічваецца не толькі колькасць гарадскога насельніцтва. Гараджане заўважна розняцца ад вяскоўцаў не толькі вонкава, але і ўнутрана – ментальнасцю ці ладам мыслення, узроўнем культуры, новымі традыцыямі. Дарэчы, таго не хацела заўважаць былое савецкае кіраўніцтва. Тэрмін "урбанізацыя" не выкарыстоўваўся ў дачыненні да савецкіх гарадоў. Лічылася, што урбанізацыя – празмерная канцэнтрацыя прамысловасці і людзей у буйных гарадах – характэрная толькі для капіталізму.


3. Гістарыяграфія
Спецыяльных прац па універсальнай праблеме гарадской цывілізацыі не існуе. Адзіным дапаможнікам па нашым курсе ёсць той, які вы трымаеце ў руках. Кніг жа пра гарады ў сусветнай гістарыяграфіі – незлічоная колькасць. Большасць з іх прысвечана гісторыі гарадоў. З кожным годам пашыраюцца спецыяльныя даследаванні эканомікі горада. А вось працы, у якіх разглядаецца культура горада, па сваёй колькасці застаюцца на апошнім месцы. Горад "расцягваецца" даследчыкамі па эпохах, краінах, рэгіёнах, асобных праблемах. Узнікае неабходнасць у яго комплексным, універсальным вывучэнні.

Што тычыцца беларускай гістарыяграфіі, то яна таксама прадстаўлена пераважна гісторыяй гарадоў. Станаўленню гарадской цывілізацыі ў Беларусі прысвечаны толькі асобныя артыкулы аўтара гэтых радкоў. Гістарычная урбаністыка яшчэ не аформілася ў якасці асобнага кірунку навуковых даследаванняў. Пытанні урбанізацыі, беларускага горада, гараджанаў толькі закранаюцца навукоўцамі ў розных галінах гуманітарных ведаў. Гэта добра, што на горад не забываюцца (ды на яго і немагчыма забыцца), і дрэнна, бо урбаністыка застаецца на перыферыі, на маргінезе магістральных даследаванняў.

Паводле звестак гродзенскага гісторыка В. А. Белазаровіча, ужо на пачатку ХІХ ст. студэнты Віленскага універсітэта склалі апісанне 80 гарадоў і мястэчак Беларусі і Літвы пад кіраваннем прафесара расійскай славеснасці Ігната Лабойкі (1786–1861). Ён жа стаў і аўтарам гістарычнай працы "Описание польских и литовских городов".

У першай палове ХІХ ст. даследаванні гарадоў Беларусі вялі афіцэры Генеральнага штаба Расійскай імперыі (Павел Баброўскі і інш.), мясцовыя аматары гісторыі (Міхаіл Без-Карніловіч, Канстанцін Тышкевіч, Яўстафій Тышкевіч, Адам Кіркор і інш.), а таксама члены губернскіх статыстычных камітэтаў, якія, дарэчы, збіралі матэрыялы па гарадах на працягу ўсяго існавання царскай Расіі.

У другой палове ХІХ ст і на пачатку ХХ ст. гісторыю самакіравання беларускіх гарадоў закраналі ў працах прадстаўнікі кіеўскай гістарычнай школы М. Ф. Уладзімірскі-Буданаў і Ф. І. Леантовіч. Яны, у прыватнасці, імкнуліся даказаць негатыўны ўплыў на развіццё гарадоў ВКЛ магдэбургскага права. Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваўся і знакаміты ўкраінскі гісторык А. С. Грушэўскі ў працы "Города Великого княжества Литовского в XIV–XVI вв.: Старина и борьба за старину". А віцебскі гісторык Уладзімір Стукаліч не толькі падзяляў такі погляд на магдэбургскае права, але яшчэ і абвінавачваў у заняпадзе гарадоў ВКЛ яўрэяў ("Белоруссия и Литва. Очерки из истории городов в Белоруссии"). Вельмі абгрунтаваным і аб'ектыўным даследаваннем гарадскога жыцця стала кніга выкладчыка Кіеўскага універсітэта Ф. Кліменкі "Западнорусские цехи ХVI–XVIII вв.". У расійскай гістарыяграфіі да ліку першых вядомых урбаністаў належалі К. І. Арсенцьеў і В. П. Сяменаў-Цянь-Шанскі. Яны першымі звярнулі ўвагу на тое, што ў канцы ХІХ ст. стаў вельмі заўважным разрыў паміж афіцыйным статусам расійскіх горадоў і іх рэальным значэннем: існавалі гарады толькі па назве і сельскія паселішчы, якія заслугоўвалі статуса горада.

У першыя гады савецкай улады магдэбургскае права ў беларускіх сярэднявечных горадах вывучаў Васіль Дружчыц. Аўтар кніг “Войты і іх улада ў беларускіх местах з магдэбургскім правам” (1928), “Магістраты ў беларускіх местах з магдэбургскім правам” (1929) адкідваў версію сваіх папярэднікаў пра штучнасць і шкоднасць самакіравання гарадоў па еўрапейскім узоры як безпадстаўную.

Аднак у 1930-я гг. традыцыі даследавання горада былі страчаныя. На першае месца ставілася эканамічная роля гарадскіх паселішчаў у сувязі з індустрыялізацыяй. Па сутнасці гэта было вывучэнне не праблемы горада, а тэрытарыяльнага размяшчэння прамысловасці, у тым ліку і ў гарадскіх цэнтрах.

У пасляваенны час дамінавала тэматыка сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў. Гісторыкі "ўцякалі" ў больш аддаленыя ад савецкай рэчаіснасці перыяды, каб мець менш клопатаў з камуністычнай цэнзурай. Склалася цэлая плеяда савецкіх урбаністаў. А. П. Ігнаценка напісаў невялікую кнігу пра рамесную вытворчасць гарадоў у XVII–XVIII стcт. (1963), З. Ю. Капыскі – дзве манаграфіі пра эканамічнае (1966) і сацыяльнае (1975) развіццё гарадоў у XVI – першай палове ХVІІ ст., А. П. Грыцкевіч – таксама дзве манаграфіі пра прыватнаўласніцкія гарады (1975) і сацыяльную барацьбу гараджанаў (1979) у XVI–XVIII стcт., В. В. Чэпко надрукавала кнігу пра эканамічнае развіццё гарадоў у першай палове ХІХ ст. (1981), а А. М. Люты – пра сацыяльна-эканамічнае развіццё гарадоў у канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. (1987). Якія аспекты маглі сабе дазволіць вывучаць згаданыя аўтары, акрамя эканомікі і дэмаграфіі, – дык гэта апісанне знешняга выгляду гарадоў? Тым не менш іх даследаванні дагэтуль захоўваюць навуковае значэнне.

Непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускага горада мае дысертацыя на ступень кандыдыта мастацтвазнаўства Н. В. Вараксіна "Формирование белорусских городов во второй половине ХІХ – начале ХХ в." (1965), але яна не была надрукавана.

Асобныя навуковыя працы гісторыкаў прысвячаны канкрэтным гарадам. Гісторыю Мінска вывучалі А. Т. Нетылькін, З. В. Шыбека, Магілёва – В. М. Краўцова, Віцебска – Л. Б. Каменскі, Гомеля – Г.Лебедзеў.

Пачынаючы з 1960-х гг. з друку выйшаў цэлы шэраг краязнаўчых і эканомічна-геаграфічных нарысаў пра наступныя гарады: Слонім (1962, 1981), Масты (1986), Пінск, Маладзечна, Гродна (1988), Бяроза (1977), Ліда (1976, 1980), Вілейка (1984), Полацк (1987), Быхаў, Горкі (1989), Сянно (1978) і інш. Падобныя кнігі былі напісаныя мясцовымі краязнаўцамі амаль пра кожны раённы цэнтр. Існаваў намер стварыць па прыкладзе Украіны серыю "Гісторыя гарадоў і сёл Беларускай ССР", але за савецкім часам ён не спраўдзіўся.

Да спецыфікі горада звярталіся ў працах географ С. А. Польскіх, эканамісты, сацыёлагі, дэмографы А. А. Ракоў, Л. П. Шахоцька, горадабудаўнікі І. А. Іода, Г. А. Патаева, гісторык архітэктуры У. А. Чантурыя.

Паступова спела разуменне, што горад – гэта складаны сацыяльны механізм, што урбанізацыя не зводзіцца толькі да росту гарадскога насельніцтва. Аднак комплексных даследаванняў гарадоў Беларусі так і не з'явілася. Па-за ўвагай засталіся гарадскі побыт, гарадская культура і ў цэлым гараджанін з яго штодзённымі клопатамі. Практычна не праводзіліся даследаванні гісторыі беларускіх гарадоў у ХХ ст.

Атрыманне Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці не стала стымулам для імклівага развіцця урбаністыкі. Пэўнай спробай сістэмнага і комплекснага падыходу да вывучэння гарадоў Беларусі можна разглядаць манаграфію аўтара гэтых радкоў “Гарады Беларусі. 60-я гады ХІХ стагоддзя – 1904 г.” (Мінск, 1997). Іна Соркіна плённа працавала над даследаваннем гісторыі беларускіх мястэчак. “Са скрыпам” з 2004 г. выдаецца шматтамовая энцыклапедыя "Гарады і вёскі Беларусі". Вольга Князева, не чакаючы завяршэння гэтага праекта, надрукавала ў 2005 г. кнігу “Падарожжа па Беларусі. Гарады і гарадскія пасёлкі”, змест і структуру якой вызначае энцыклапедычны характар. На аснове матэрыялаў навуковай канферэнцыі складзены цікавы навуковы зборнік “Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры” (Гродна, 2007). Звесткі па гісторыі Беларусі можна знайсці ў "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" і ў серыйным выданні "Памяць" (асобнае выданне для кожнага раёна). Аднак тэма горада застаецца выдаленай з беларускай літаратуры і мастацтва.

Што тычыцца гісторыі канкрэтных гарадоў Беларусі, то тут, натуральна, больш шчасціць сталічнаму Мінску. Пасля доўгага перапынку (ад 1967 г.) з'явілася акадэмічнае выданне "Гісторыя Мінска" (Мінск, 2006). Польскі інстытут перыядычна праводзіць навуковыя канферэнцыі "Мінск і мінчане" і друкуе іх матэрыялы. Працягваюцца публікацыі фотаматэрыялаў і каментараў да іх па гісторыі сталіцы (укладальнікі Віталь Кірычэнка, Ілья Куркоў, Лідзія Палеская). Пасля выдання кнігі Лявона Луцкевіча “Вандроўкі па Вільні” (Вільня, 1998) вырасла зацікаўленасць сталіцай ВКЛ. Апошнім часам пільная ўвага надаецца вывучэнню Гародні. Пра што сведчыць кніга Юры Гардзеева “Магдэбургская Гародня” (Гародня –Wrocław 2008) і матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі горада (2008 г.).

Праўда, старыя хібы урбаністыкі застаюцца. У межах гарадской праблематыкі разглядаюцца многія тэмы, якія маюць сваю гістарыяграфію (эканоміка, палітыка, культура, насельніцтва). Агульныя ўяўленні пра што-небудзь спецыфічна гарадское ствараюцца рэдка. Беларускі горад даследуецца пераважна ў адрыве ад працэсаў урбанізацыі ў краіне. А працэсы урбанізацыі ў сусветным маштабе дык і ўвогуле ігнаруюцца. Беларускі горад усё яшчэ застаецца "мала заселеным". Урбаністы захоплены гарадскімі збудаваннямі, усемагчымымі эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі працэсамі, а канкрэтны жыхар горада ў іх працах займае вельмі сціплае месца. Таму як актуальныя для беларускай гістарыяграфіі вылучаюцца тры асноўныя кірункі:

1) вывучэнне горада як гістарычнай з'явы з толькі яму ўласцівымі рысамі;

2) вывучэнне працэсаў урбанізацыі ў цеснай узаемасувязі з усімі грамадскімі працэсамі, што мелі месца на кожным канкрэтным этапе гістарычнага развіцця, і ў кантэксце урбанізацыі сусветнага маштабу;

3) вывучэнне разнастайных аспектаў жыццядзейнасці гараджанаў.

Пры такім падыходзе магчыма вызначыць, што знаходзілася пад уздзеяннем гарадоў і што ўздзейнічала на развіццё саміх гарадоў.

Выяўленне вынікаў уплыву гарадоў на развіццё грамадскіх працэсаў звязвае даследаванне з праблемай вызначэння ролі гарадскіх цэнтраў у гісторыі таго ці іншага народа. Выяўленне фактараў, якія ўплывалі на развіццё гарадоў, стасуецца з вырашэннем праблемаў урбанізацыі і горадаўтварэння. Праз сусветны кантэкст паказваюцца маштабы урбанізацыі Беларусі, а таксама дасягненні нашай краіны ў эканамічным і грамадскім прагрэсе. Вывучэнне асаблівасцяў жыцця гараджанаў ва ўмовах штучнага гарадскога асяроддзя надае урбаністычным даследаванням надзвычай важнае значэнне.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка