Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры




старонка1/7
Дата канвертавання20.03.2016
Памер1.12 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7
Уводзіны ў курс. ГІСТАРЫЧНЫЯ ЎМОВЫ ЎЗНІКНЕННЯ

НОВАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ.

ПЕРЫЯДЫЗАЦЫЯ НОВАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры, асаблівасці, перыядызацыя


Узнікненне новай беларускай літаратуры трэба адносіць да другой ся­рэдзіны ХVІІІ ст., калі яна, у адрозненне ад старабеларускай літаратуры, на­была рысы свецкасці, у гэты час і пачала ўзнікаць парадыйная літаратура, з’явіліся аўтарскія творы, пазбаўленыя ананімнага характару. Літаратура другой па­ловы ХVІІІ – пачатку ХХ стст. называецца новай беларускай літаратурай і мае ў сваёй аснове мову простых людзей.

У ХІХ ст. не выдаваліся кнігі на беларускай мове, бо польскі Сейм за­бараніў яе выкарыстанне ў 1697 г. Героем і выразнікам духоўных запатра­баванняў нацыі з’яўляецца просты мужык, таму беларускую літаратуру вар­та называць адной з самых сялянскіх у асяроддзі літаратур.



На развіццё літаратуры дадзенага перыяду аказалі ўплыў перарваныя пісьмовыя традыцыі і фальклорныя матывы, а таксама суседнія славянскія літаратуры: польская, руская, з другой паловы ХІХ ст. – украінская. Новая беларуская літаратура не вызначалася разнастайнасцю метадаў, жанраў і стыляў. У ХІХ ст. былі распаўсюджаны гутаркі, ананімныя вершаваныя аповесці, вершы. У пачатку ХХ ст. жанравая тэматыка пашырылася: з’яві­ліся розныя віды паэм, апавяданні, аповесці, рабіліся спробы напісання новага беларускага рамана. Такім чынам, вымушаная даганяць больш раз­вітыя суседнія літаратуры, беларуская літаратура другой паловы ХVІІІ – пачатку ХХ стст. характарызавалася невыразнасцю мастацкага метаду, ут­рымліваючы ў сабе элементы сентыменталізму, класіцызму, рамантызму, рэалізму. Асноўная ідэя літаратуры дадзенага перыяду нацыянальнае выз­валенне і адраджэнне.
Перыядызацыя новай беларускай літаратуры
І. Літаратура другой паловы ХVІІІ – ХІХ стст.

1) дарэформенная беларуская літаратура (да 1860-х гг.):

– канец ХVІІІ – першая трэць ХІХ стст. (да18 30-х гг.);

– 1830-я – 1840-я гг.;

– 1850-я – пачатак 1860-х гг.

2) паслярэформенная беларуская літаратура (пасля 1860-х гг.):

– другая палова 1860-х – 1880-я гг;

– 1890-я гг.

ІІ. Літаратура пачатку ХХ ст.
Сацыяльна-палітычная атмасфера

і літаратурна-грамадскі рух першай трэці ХІХ ст.


У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Кас­цюшкі паказала кіраўніцтву Расійскай імперыі, што да Беларусі трэба ста­віцца лаяльна. У 1803 г. адбылося адкрыццё Віленскага універсітэта – цэнт­ра тагачаснай прагрэсіўнай думкі і асяроддзя беларускага пачатку ў літара­туры. На базе універсітэта пачалі ўзнікаць нелегальныя грамадскія тава­рыствы.

Таварыства філаматаў (аматараў навукі) – складалася са студэнтаў Віленскага універсітэта, існавала ў 1817 – 1823 гг. Прадстаўнікі таварыства (Ян Чачот, Адам Міцкевіч і інш.) лічылі сучаснае ім грамадства недаска­налым, імкнуліся змяніць яго разам з чалавечымі норавамі пры дапамозе ведаў. Праводзілі думку пра неабходнасць вывучэння роднага краю, часта арганізоўвалі маёўкі і карысталіся мовай простага люду. Філаматы імкну­ліся разгарнуць дзейнасць праз таварыства прамяністаў, якія прытрым­ліваліся думкі пра змяненне грамадства шляхам маральнага ўдасканалення і самаўдасканалення і хацелі здабыць свабоду свайму краю.

Таварыства філарэтаў (аматараў дабрачыннасці) – існавала ў Вілен­скім універсітэце ў 1820 – 1823 гг. Асноўнай мэтай таварыства прадстаў­нікі (Тамаш Зан, Ануфры Петрашкевіч і інш.) лічылі вывучэнне культуры свай­го краю, прапаганду гісторыі і дабрачыннасці, змяненне грамадства ў леп­шы бок. Пасля даносу ў 1823 г. дзейнасць двух таварыстваў была спынена ўрадам.

Таварыства шубраўцаў (у перакладзе з польскай мовы – «шэльмы») існавала з 1816 па 1822 гг., уключаючы студэнтаў, выкладчыкаў і жыхароў Вільні, якія негатыўна ставіліся да заган грамадскага жыцця: невуцтва, га­нарлівасці шляхты, прыгоннага права. Прадстаўнікі таварыства (Антон Га­рэцкі, Ігнат Ходзька, Фадзей Булгарын і інш.) праводзілі думку пра роў­насць людзей у грамадстве, імкнуліся да асветы. Таварыства выдавала гу­марыстычна-сатырычную газету «Вулічныя весці» на польскай мове, у якой часам сустракаліся і беларускія словы, напісаныя лацінкай.

Асноўнай асаблівасцю беларускай літаратуры дадзенага перыяду з’яўляецца невыразнасць, бо большасць людзей, што пісала, сябе аўтарамі не ўсведамляла. Творы ўзнікалі на польска-беларускай і беларуска-ўкраін­ска-польскай мяжы. Самымі вядомымі літаратурнымі помнікамі першай трэці ХІХ ст. лічацца верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» і паэма Вікенція Равінскага «Энеіда навыварат». Сярод польскамоў­ных аўтараў дадзенага перыяду варта прыгадаць Яна Баршчэўскага і Яна Чачота.
3. Слоўнік паняццяў


Новая беларуская літаратура

беларуская літаратура, развіццё і станаўленне якой прыпадае на перыяд з апошняй чвэрці ХVІІІ – пачатку ХХ стст.

Філаматы

аматары навукі – нелегальнае грамадскае таварыства (1817 –1823 гг.), якое складалася пераважна са студэнтаў Віленскага універсітэта; займаліся грамадска-культурнымі і літаратурны­мі пытаннямі.

Філарэты

аматары дабрачыннасці – нелегальнае грамадскае таварыства (1820 – 1823 гг.), якое існавала ў Віленскім універсітэце; зай­малася грамадска-культурнымі і літаратурнымі пытаннямі.

Шубраўцы

свавольнікі, у перакладзе з польскай мовы – «шэльмы»; гра­мадска-культурнае і літаратурнае таварыства, якое складала­ся са студэнтаў, выкладчыкаў і жыхароў Вільні.

Літаратура


1.   Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця бе­ларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч.  – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.

2.   Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.

3.   Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александро­віч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.

4.   Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Са­чанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992 – 1995. – 6 т.

5.   Вашко, Л. Гістарызацыя свядомасці: беларуская літаратура і беларуш­чына на пачатку ХХ стагоддзя: навуковая публіцыстыка / Л. Вашко. – Мінск: Бел. навука, 1997. – 151 с.

6.   Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.

7.   Жураўлёў, В.П. У пошуку духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст. / В.П. Жураўлёў; пад рэд. У.В. Гні­ламёдава. – Мінск: Бел. навука, 2000. – 191 с.

8.   Кісялёў, Г.В. Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Г.В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 549 с.

9.   Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20 – 50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.

10. Лецка, К.І. Вытокі і генезіс беларускага рамантызму ХІХ ст.: манагра­фія / К.І. Лецка. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 370 с.

11. Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лой­ка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.

12. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.

13. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушын­ская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.

14. Сіўко, Ф.І. Пісьменнікі Віцебшчыны: даведнік / Ф.І. Сіўко. – Віцебск: Віцебская абласная друкарня, 2001. – 88 с.

15. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.

16. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ – ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.



Дарэформенны перыяд развіцця

новай беларускай літаратуры (1830-я – 1850-я гг. ХІХ ст.)

Дарэформенны перыяд


Асаблівасці стварэння паэмы «Энеіда навыварат»
Паэма была напісана ў 1820-я гг. ХІХ ст., яе называюць бурлескна-тра­весційным творам (ад. італьянскага «бурлеска» – жарт і французскага «тра­весці» – пераапранаць), а таксама героіка-камічным, парадыйна-сатырыч­ным, рэалістычным, эпічным творам. Пра значныя падзеі апавядаецца срод­кам жарту, анекдота, ужываюцца элементы грубага камізму, вульгарызмы, прастамоўі. Выкарыстоўваюцца недакладнасці геаграфічнага, гістарычнага і бытавога характару. Першыя згадкі пра твор знаходзім у кнізе чэшскага славіста П.Й. Шафарыка. У 1845 г. рускі часопіс «Маяк» надрукаваў «Энеі­ду навыварат» на рускай мове, але з захаваннем лексікі аўтара. Твор у ру­капісным варыянце перадаваўся амаль дваццаць гадоў; кожны перапісчык уносіў свае карэктывы, таму паэма набыла народны характар. Доўгі час высвятлялася аўтарства твора, па адной з версій яно прыпісвалася сма­ленскаму памешчыку Вікенцію Равінскаму. У ХХ ст. даследчык Г. Кісялёў дакументальна даказаў, што аўтарам з’яўляецца менавіта Вікенцій Равінскі (сведчанне – успаміны ў творы пра мясціны Смаленшчыны). Вікенцій Ра­вінскі не быў літаратарам. Ён служыў у царскай арміі, быў баявым афіцэ­рам на Смаленшчыне, пасля адстаўкі жыў у сваім маёнтку і пісаў гумарыс­тычныя вершы пра сваіх слуг і сяброў. У паэме прадстаўлена традыцыйная для Еўропы ХVІІ ст. манера ўзнясення антычнасці.
К. Вераніцын і яго паэмы «Тарас на Парнасе» і «Два д’яўлы»
Зусім нядаўна імя Канстанціна Вераніцына (1834 – каля 1904) было нікому невядомае, як невядомая была і яго паэма «Два д’яўлы». Аўтарства ж паэмы «Тарас на Парнасе» прыпісвалася самым розным асобам, а друкавалася яна, пачынаючы з 1889 года, як ананімная. Даследчык Г. Кісялёў і гісторык-архівіст В. Слабадан вырашылі гэтую праблему.

Канстанцін Вераніцын (першапачаткова насіў прозвішча Васільеў) нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павета ў сям’і прыгонных сялян. У 1844 годзе скончыў Гарадоцкую парафіяльную вучэльню, а неўзабаве атрымаў вольную – хутчэй за ўсё за здольнасці да вучобы. Потым ён вучыўся ў Віцебскай губернскай гімназііі, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, а ў 1857 – 1859 гг. быў студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута, які скончыў са ступенню кандыдата аграноміі. Кіраваў прыватным маёнткам, служыў у розных установах Санкт-Пецярбурга, выкладаў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Памёр, відаць, у Пецярбургу.

Паэма «Тарас на Парнасе», пазначаная 1855 годам, сёння ўспрымаецца як шэдэўр беларускай літаратуры.

У паэме беларускі селянін Тарас родам з Пуцявішча распавядае пра сваё падарожжа на гару Парнас – свяцілішча паэзіі, паводле грэчаскіх міфаў. Выбар сюжэта сведчыў пра веру аўтара ў тое, што «высокая» літаратура мусіць быць не толькі цікавай простаму чалавеку, але і служыць на яго карысць. Адгалосак спрэчак «літаратурных арыстакратаў» з «літаратурнымі дэмакратамі» ўтвараюць, паміж іншым, праблематыку паэмы. Бурлеск, камічная травесція з’яўляюцца асноўнымі прыёмамі стварэння мастацкага палатна і выяўлення аўтарсткай ідэі.

Паэма дасканалая з літаратурна-моўнага боку. Яе дзеянне развіваецца як бы ў межах двух светаў: рэальна-штодзённага і алегарычна-ўмоўнага. Пазачасавае значэнне паэмы заключаецца ў тым, што аўтар меў звышзадачу – сцвердзіць магчымасці беларускай мовы як інтэлектуальна напоўненай.

Больш простую, прыземленую задачу выконвае паэма «Два д’яўлы» (1860) – паказаць простаму люду шкоднасць такога ліха, як п’янства. У гэтым паэма перагукаецца, прыкладам, з творам М. Някрасава «Каму на Русі жыць добра».


Паўлюк Багрым і яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы»
Другі знакаміты помнік першай трэці ХІХ ст. напісаны ў 1820-я гг. На­друкаваны ў 1854 г. у Лондане лацінкай, узгаданы ў кнізе ўспамінаў аднаго навагрудскага адваката. Пра Паўлюка Багрыма вядома вельмі мала: нара­дзіўся ў сялянскай сям’і ў 1813 г. на тэрыторыі сучаснай Брэстчыны. Атры­маў пачатковую адукацыю. У 1828 г. у вёсцы, дзе жыў Багрым, пачалося сялянскае паўстанне, у выніку якога згубіліся тры сшыткі вершаў Паўлю­ка. Сам аўтар быў здадзены ў рэкруты. Адны даследчыкі лічаць, што Паў­люк Багрым не вярнуўся са службы, другія – што ён пасля жыў у вёсцы Крошын і не пісаў вершаў. 1891 г. лічыцца магчымай датай яго смерці.

Аўтарскі верш па форме нагадвае песню-плач, у якой узгадваюцца рэальныя падзеі крошынскага паўстання, перажытыя многімі людзьмі. Форма верша – лірычная споведзь. Падлетак скардзіцца на нешчаслівы лёс, змрочныя перспектывы жыцця, хоча пакінуць звыклае акружэнне і пайсці ў свет. У вершы шмат запазычанага з народнай песні: мелодыка, паўторы, сімвалы, вобразы. Сваім духам верш блізкі да фальклорна-рамантычных традыцый.


Літаратура 1830-х – 1840-х гг.
Пачатак 1830-х гг. ХІХ ст. цікавы і драматычны ў беларускай гісторыі. Восенню 1830 г. у Варшаве пачалося паўстанне, якое распаўсюдзілася на тэрыторыю Літвы і Заходняй Беларусі. Яно было задушана, а тых, хто падтрымаў паўстанне, саслалі на Каўказ пад кулі горцаў. Паўстанне мела для Беларусі дрэнныя вынікі: у 1839 г. назва «Беларусь» была зменена на «Паўночна-Заходні край». Пачалося насаджэнне праваслаўя. З 1834 г. вы­кладанне ў школах Беларусі вялося на рускай мове. Віленскі універсітэт у 1839 г. быў разбіты на дзве акадэміі: рымска-каталіцкую і медыка-хірур­гічную. Ярка выражаных (акрамя Вільні) цэнтраў літаратурна-грамадскага руху не было. У гэты час узрасла цікавасць аўтараў да беларускага фаль­клору, рабіліся спробы напісання вершаў на беларускай мове як невядомы­мі аўтарамі, так і знакамітымі: Аляксандрам Рыпінскім, Янам Чачотам, Янам Баршчэўскім і інш.
Беларуска-польскія пісьменнікі
Пануючым літаратурным напрамкам першай паловы ХІХ ст. быў ра­мантызм, асноўнай асаблівасцю якога з’яўлялася цікавасць да гістарычных паданняў і фальклору. Многія адукаваныя людзі Беларусі займаліся літара­турнай творчасцю, асновай самабытнай культуры лічылі фальклор і звярта­ліся па сюжэты да беларускай рэчаіснасці, пішучы на польскай мове. Яны лічылі, што крыніцай польскай літаратуры павінна стаць мясцовая бела­руская вусная народная творчасць. Творчасць такіх аўтараў называлі краё­вай школай польскага рамантызму ў беларускай літаратуры. Найбольш зна­камітымі прадстаўнікамі з’яўляюцца: Аляксандр Рыпінскі, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1830 – 1840-я гг.).

Аляксандр Рыпінскі (~1811 (1812) – 1886 (1896, 1900) нарадзіўся недалёка ад Віцебска ў шляхецкай сям’і, вучыўся ў Віцебскай гімназіі, по­тым пачаў кар’еру ваеннага (г. Даўгаўпілс). Зразумеўшы, што такое жыццё не для яго, вяртаецца ў маёнтак падчас паўстання 1830 – 1831 гг., якое пад­трымлівае, пасля чаго вымушаны эмігрыраваць у Парыж. Пасябраваўшы там з Адамам Міцкевічам, выступае з лекцыямі па беларускім фальклоры перад французамі і эмігрантамі з Расійскай імперыі. З Парыжа перабраўся ў Лондан, працягваў цікавіцца культурай свайго краю і займацца выдавец­кай дзейнасцю. Пасля амністыі паўстанцам у 1859 г. вяртаецца на Віцеб­шчыну. Увайшоў у гісторыю беларускай культуры як этнограф, фалькла­рыст, пісьменнік, выдавец.

Далёка за межамі Беларусі, у Парыжы, Аляксандр Рыпінскі выдае ла­цінкай кнігу «Беларусь» – даследаванне, у якім аўтар выражае свае адно­сіны да беларускага краю, беларускай культуры, апісвае звычаі шляхты і сялянства, уключае фальклорныя творы і дае класіфікацыю беларускіх на­родных песень. Дадзеная кніга з’яўляецца этнаграфічным помнікам свайго часу, яна не свабодная ад тэндэнцыйнасці. Кніга прапагандуе польскую па­зіцыю аўтара (Беларусь як частка Польшчы), якая з цягам часу мяняецца на карысць самастойнасці і незалежнасці беларусаў. Аляксандр Рыпінскі збі­раў літаратурныя помнікі свайго часу. Многія прадстаўнікі шляхты пісалі вершы на макаранічнай мове (змешаная беларуска-польская мова з дада­ваннем беларускіх слоў), асноўная тэма якіх – каханне без узаемнасці. Аляксандр Рыпінскі пісаў вершы і балады на польскай і беларускай мовах. Адзін з самых вядомых твораў – балада «Нячысцік» (выйшла ў 1852 г.). Ба­лада сялянская, паказвае як рэальныя, так і нерэальныя падзеі; напісана па­водле народных песень пра няўдачлівага Мікіту; вызначаецца дыдактыч­насцю; праводзіць думку пра неабходнасць стрыманасці, выканання абра­даў у імя захавання сваёй душы і маёмасці. Дзякуючы матэрыялам з архіва Аляксандра Рыпінскага ўдалося ўстанавіць аўтарства паэмы «Тарас на Пар­насе».



Ян Чачот (1796 – 1847) паходзіў з асяроддзя дробнай шляхты. Вучыў­ся ў Навагрудку, пасля ў 1815 г. паступіў у Віленскі універсітэт, які не скончыў праз адсутнасць сродкаў. Настаўнічаў, працаваў у архівах магна­таў. У 1819 г. стаў філаматам, потым – адным з іх кіраўнікоў. У 1823 г. кі­раўніцтва таварыства было арыштавана, а Яна Чачота саслалі ва Уфу, по­тым – у Цвер. Пасля вяртання ў 1833 г. у родныя мясціны працуе чыноўні­кам на Віцебшчыне, потым – бібліятэкарам у адной з прыватных бібліятэк на Навагрудчыне.

Літаратурная дзейнасць падзяляецца на два перыяды:



  1. ранні перыяд (філамацкі) да 1823 г.;

  2. позні (сталы) перыяд – пасля 1833 г.

У ранні перыяд піша творы на польскай мове (любоўныя вершы і ба­лады), заснаваныя на фальклоры і гістарычных паданнях. Напісаў у гэты час некалькі вершаў на беларускай мове, прысвечаных сябрам-філаматам (творы вызначаюцца рамантычнай летуценнасцю). У позні (сталы) перыяд піша як разважлівы песіміст, працягваючы цікавіцца беларускім фалькло­рам. Збірае песні, хоча перакласці іх на польскую мову, але своечасова ра­зумее, што адметнасць твораў будзе страчана. З 1837 па 1846 гг. Ян Чачот выдаў лацінкай на беларускай мове шэсць тамоў зборніка пад назвай «Ся­лянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны», уключыўшы туды свае вершы на беларускай мове. Вызначальнай рысай твораў з’яўляецца павучальнасць, асуджэнне чалавечай сквапнасці, п’янства, гаспадарчай нядбайнасці.

Ян Баршчэўскі (1790 (1794, 1796) – 1851) нарадзіўся на Віцебшчы­не (Расонскі раён, в. Мурагі) у шляхецкай сям’і. Рана застаўшыся сіратой, ат­рымаў нядрэнную адукацыю. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Ван­друючы па ваколіцах Полацка, зарабляў грошы на вучобу. У 20-я гг. пера­браўся ў Пецярбург, дзе правёў каля дваццаці год жыцця і пазнаёміўся са знакамітымі літаратарамі: Адамам Міцкевічам, Тарасам Шаўчэнкам, Мі­калаем Гогалем. Ян Баршчэўскі працаваў гувернёрам, займаўся літаратур­най дзейнасцю. У 1840 – 1844 гг. выдае альманах «Незабудка» на польскай мове, дзе змяшчаюцца апрацоўкі фальклору, літаратурныя творы, нарысы. Апошнія гады жыцця правёў на поўдні Украіны, у Адэсе, памёр на Валын­шчыне.

Вершы пісаў на польскай і беларускай мовах, прозу – на польскай мове. Першыя беларускамоўныя вершы: «Дзеванька», «Гарэліца». Верш «Дзе­ванька», які напісаны паводле жыццёвага выпадку, лічыцца першым у бела­рускай паэзіі ХІХ ст. вершам інтымнага характару. «Гарэліца» – споведзь п’яніцы, асуджэнне п’янства. У пачатку ХІХ ст. Ян Баршчэўскі пісаў вер­шы на польскай мове, у якіх уздымалася тэма кахання, вершы напісаныя ў форме элегіі (творы, прасякнутыя сумам).

Дакладна невядомы час напісання паэмы «Бунт хлопаў, ці Рабункі мужыкоў», якая расказвае пра падзеі 1812 г. на Беларусі і ідэалізуе старыя часы, выказвае незадаволенасць становішчам сялянства. Самы знакаміты твор – «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях і казках яе», што выдаваўся ў 1844 – 1846 гг. Аўтар паказвае характар бела­руса, даследуе яго. У пачатку твора ён характарызуе душэўны склад паў­ночных беларусаў (суровая прырода выклікае меланхалічнасць). Кніга на­пісана на польскай мове. Шляхціц – аматар фантастычных апавяданняў. Кожная з навел сцвярджае пэўную думку. Ян Баршчэўскі ідэалізуе мінулае беларусаў, але пазбягае скразной ідэалізацыі пры паказе свайго часу. У творы выступаюць героямі як людзі, так і міфічныя істоты: русалкі, ваўка­лакі і інш., наяўнасць якіх дае падставу параўноўваць творчасць Яна Бар­шчэўскага з творчасцю М. Гогаля і Э.Т.А. Гофмана (так званы беларускі «гафманізм» аўтара). Міфічныя істоты надзелены вялікай сілай, гутарка вя­дзецца ў алегарычнай форме пра праблемы сучаснасці. Творы асуджаюць дрэнныя якасці чалавечай натуры, якія ўвасоблены ў звышнатуральных сі­лах. Згодна эстэтыцы рамантызму аўтары паказвалі надзвычайныя характа­ры і падзеі.

Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1811 – 1847) нарадзіўся на Сенненшчыне ў шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў спадчынным маёнтку, там атрымаў пачатковую адукацыю. Вучыўся ў Віцебскім вучылішчы, якое не змог скон­чыць праз матэрыяльныя праблемы. Потым паступіў у Маскоўскі універсі­тэт, дзе разам з аднадумцамі арганізаваў тайнае таварыства аматараў сла­веснасці. Туды ўваходзілі людзі, патрыятычна настроеныя і зацікаўленыя літаратурай. У выніку цкавання быў высланы на дваццаць два гады на Каў­каз, дзе ішла вайна рускіх з горцамі. Працаваў на салявых заводах Грузіі. На Каўказе напісаны зборнік вершаў «Паэзія», які выйшаў у 1845 г. на поль­скай мове ў Пецягбургу. У творчасці аўтара пераважаюць тэмы роднага краю, мастацтва, кахання. Ён не толькі перадае настроі і пачуцці лірычнага героя, але і апісвае мясціны, прыродныя з’явы. Шмат вершаў прысвечана Віцебску і яго ваколіцам: «Да Дзвіны», «Даўжанскае возера» і інш.; паэма «Ваколіцы Віцебска» прасякнута захапленнем веліччу роднага краю, ста­ражытнымі каранямі. Аўтар выступаў і ў ролі перакладчыка з італьянскай, іспанскай, цыганскай моў.

Адам Міцкевіч (1798 – 1855) – першы народжаны на Беларусі паэт, імя якога яшчэ пры жыцці зрабілася вядомым усёй адукаванай Еўропе. Нарадзіўся будучы творца 24 снежня 1798 г. у сям’і колішняга мінскага каморніка, а на той час наваградскага адваката Мікалая Міцкевіча. Яго маці, Барбара Маеўская (па матчынай лініі – Арэшка) была родам са збяднелай наваградскай шляхты. Месцам яе нараджэння была вёска Чамброва, а яе бацька, Мацей Маеўскі, служыў аканомам у наваградскага земскага суддзі.

Пра месца нараджэння Адама да гэтай пары адназначнага сведчання няма. Найчасцей даследчыкі называюць фальварак Завоссе (цяпер ён бы знаходзіўся ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці), але таксама ўзгадваюцца прыдарожная карчма Выгода, паблізу Наваградка, і сам Наварадак. Дакладна, аднак, вядома, што сям’я Мікалая Міцкевіча пастаянна жыла ў Завоссі, а ў 1801 г. перабралася ў Наваградак – месца яго службы. Неўзабаве пасля Адамавага нараджэння з ім адбылося надзвычайнае здарэнне: немаўля зляцела з падваконня бацькоўскай хаты, і маці паімчалася з ім, непрытомным, у касцёл, каб вымаліць яго ўратаванне ад смерці. Пра гэта мы чытаем у першых радках паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Цёплаю парою года Міцкевічы, аднак, вярталіся ў Завоссе, а пасля 1806 г. – у новую хату, у недалёкае адтуль Белае. Вялікую ролю ў выхаванні малога Адася адыгралі, паміж іншым, двое сялян з прыслугі – беларус Блажэй і полька Гансеўская. Блажэй расказваў па-беларуску казкі і розныя аповеды, Гансеўская спявала песні – натуральна, што польскія. Пісаць і чытаць будучага паэта вучыла яго маці, а пазней бацькі нанялі яму і гувернёраў: напачатку Шымана Мінкоўскага, потым Людвіка Янкоўскага. У 1807 г. Адам паступіў у Наваградскую дамініканскую гімназію, пасля заканчэння якой (1815 г.) стаў студэнтам Віленскага універсітэта. Там, разам з Тамашом Занам і Юзафам Яжоўскім, ён узяў чынны ўдзел у заснаванні Таварыства філаматаў і цягам двух гадоў быў адным з самых актыўных яго сяброў. На пасяджэннях таварыства ён выступаў з дакладамі («Пра оперу», «Вясковыя праходкі»), чытаў свае першыя – з вядомых нам сёння – літаратурныя творы. 3 1819 г. А. Міцкевіч выкладаў лацінскую мову ў Ковенскай гімназіі, і сустрэчы з віленскімі сябрамі адбываліся ў асноўным улетку, у Туганавічах, непадалёк ад возера Свіцязь. Туды, пачынаючы з 1818 г., яго запрашалі сябры, браты Міхал і Юзаф Верашчакі. Іх жа сястра Марыля стала першым моцным каханнем маладога паэта. Аднак у 1821 г. яна выйшла замуж за свайго нарачонага, графа Путкамера, што прынесла Адаму не абыякія перажыванні. У 1822 г. у яго пачаліся праблемы са здароўем, і, перапыніўшы настаўніцкую працу, ён вярнуўся ў Вільню. Пазней, ужо ў Парыжы, У гутарцы з Аляксандрам Ходзькам, А. Міцкевіч гэтак выкажацца пра свае датулешнія ўражанні ад Беларусі і яе прыроды: «Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, чым у ліцвінскіх вёсках і засценках. Столькі там радасці, любасці, бязмежнага чалавечага шчасця. Магчыма, не дасць Бог пажыць больш гэтым жыццём, але мы павінны нешта зрабіць, каб захаваць яго каштоўны народны змест і даць зразумець усю яго вартасць. Такое жыццё я шчодра паспытаў паміж 1815 і 1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Туганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана й іншых праводзіў канікулы. Цэлыя ночы ў лясах, над азёрамі. Цудоўнейшыя характары Міхала Верашчакі, маці Марыі – пані маршалковай. Усе клапоцяцца пра бясконцыя забавы. Рабін, доктар, ксёндз, тыпы, каханне, рамансы».

1823 г. прынёс паэту, ужо аўтару першага тома «Балад і рамансаў» (Вільня, 1822), новыя турботы: пасля выкрыцця расійскімі ўладамі згуртаванняў філаматаў і філарэтаў 23 кастрычніка яго, разам з многімі сябрамі, арыштавалі. Месцам зняволення сталі віленскія базыльянскія муры. А прыкладна праз год А. Міцкевіч быў назаўсёды разлучаны з радзімай. Вызначаную судом высылку ён адбываў у Пецярбургу, Маскве, а таксама на поўдні Расійскай імперыі. У сярэдзіне 1829 г. яму ўдалося выехаць у Заходнюю Еўропу. Яго жыццёвая дарога вяла праз Ваймар, Дрэздэн, Жэневу, Рым, Лазану. Пастаянным месцажыхарствам паэта стаў Парыж. У жніўні 1831 г. А. Міцкевіч нелегальна выязджаў у Вялікапольшчу, але да паўстанцаў Варшавы так і не даехаў. Далейшае жыццё ў Парыжы і, пэўны час, у Лазане было няпростым: займаючыся літаратурнай творчасцю і – раз-пораз – выкладчыцкай працай, ён перажыў нямала жыццёвых драм. Нечаканай і загадкавай была яго смерць. У 1854 г. А. Міцкевіч быў накіраваны пасланцам ад французскага міністэрства асветы ў Канстанцінопаль (Стамбул). Там ён робіць захады для арганізацыі Польскага легіёну пад кіраўніцтвам польскіх патрыётаў Чайкоўскага і генерала Замойскага, але 26 лістапада 1855 г. памірае – ці то ў выніку эпідэміі халеры, ці то атручаны сваімі нядобразычліўцамі. Цела паэта было перавезенае ў Парыж і пахаванае на могілках Манмарансі, а ў 1890 г. урачыста перазахаванае ў асобнай нішы старажытнага кракаўскага Вавеля.



Балады і паэмы Адама Міцкевіча У першых вершах юнацкай пары А. Міцкевіча («Гарадская зіма», «Ужо сышоў з нябёсаў ночы змрок сумотны...», «Ямбы на імянінах Яна Чачота» і інш.) выразна адчуваюцца ўплывы эстэтыкі асветніцкага класіцызму. Але ў асяроддзі маладых паэтычна настроеных філаматаў паступова выспявае нязгода з рацыяналістычна-асветніцкім стаўленнем пэўных выбітных выкладчыкаў Віленскага універсітэта – гэткіх, як прафесар Ян Снядэцкі – да фальклору як крыніцы паэтычнага натхнення. Так узнікае балада А. Міцкевіча «Рамантычнасць» (студзень 1821 г.) – своеасаблівы маніфест «гердэраўскага» перадрамантызму на беларуска-польскай глебе. Апавядальнікам у гэтым творы выступае чалавек «з-па-за натоўпу». Ён расказвае пра падзеі з пазіцый пярэчання вучонаму старому «са шкельцам у воку». Як у класіцысцкім творы, апавядальнік дае маралізатарскую канцоўку, але гэтая мараль апраўдвае рамантычны погляд на мастацкую рэчаіснасць.

Гэткім чынам апавядальнік у баладзе (а па сутнасці – і сам А. Міцкевіч) уводзіць як бы новыя катэгорыі пазнання: інтуіцыю, а таксама пачуццё і веру, ісціны падсвядомасці. Гэткім чынам аўтар не толькі распачынае гаворку пра чалавечыя каштоўнасці, але і падтрымлівае веру простага люду ў свет нематэрыяльны. Ён становіцца на бок тых, хто пакутуе і праз свае пакуты ўваходзіць у дачыненні з таямнічымі з’явамі. Вера ў тое, што бачыць простая дзяўчына, грунтуецца для аўтара на сіле яе пачуцця. Спачуванне да яе з боку апавядальніка выяўляе пазіцыю рамантыкаў, якія пашыраюць веды пра чалавека, спрабуючы спазнаваць стан падсвядомасці, інтуітыўнага ўспрымання рэальнасці, вар’яцтва. Каруся ў баладзе «Рамантычнасць» напраўду паводзіць сябе як вар’ятка (сярод белага дня бачыць духа), але гэта не падважае праўдзівасці яе пачуцця. Увогуле, рамантыкі найчасцей бачылі ў душэўных хваробах выяўленне асобы генія, а ў вар’яце – істоту, што мае мажлівасць наладжваць непасрэдныя кантакты з незямным жыццём.

У баладах і рамансах «Свіцязянка», «Свіцязь», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Люблю я» і інш. А. Міцкевіч закранае тэмы, звязаныя з беларускімі паданнямі і легендамі, з жыццём і культурай мясцовага беларускага люду, яго ўяўленнямі пра свет і мараль. Гераіня балады «Свіцязянка» – адна з чароўных істот беларускай міфалогіі, прызначэнне якіх – губіць невінаватых людзей. дзе ў баладзе А. Міцкевіча стралец пакараны не проста так, а за здраду ў каханні. У баладзе «Свіцязь» паэт увогуле адыходзіць ад сюжэтаў народных паданняў (параўнайце аднайменныя балады Яна Чачота і Тамаша Зана), але, безумоўна, трымаецца іх духу; да таго ж, А. Міцкевічаў твор адметны апісаннем свіцязянскага краявіду.

Матыў непазбежнага пакарання за ліхія ўчынкі, характэрны для народных паданняў, знаходзіць сваё развіццё ў баладзе «Рыбка». Адплата здзяйсняецца цудадзейным чынам: пан і пані ператвораныя ў камень, але за гэтым народна-паэтычным вобразам праглядаецца пэўная ідэя сацыяльнага пратэсту. У рамансе «Курганок Марылі» пазнаецца стыль беларускіх пахавальных галашэнняў, якіх гэтак багата ёсць у нашым фальклоры. У баладзе «Люблю я», магчыма, у найболыпай ступені сярод усіх балад, заснаваных на беларускім фальклорна-міфалагічным матэрыяле, выяўляе сябе містыцызм, гэтак упадабаны раннімі нямецкімі рамантыкамі.

Паэтычная аповесць «Гражына» (1823) можа лічыцца пачаткам гераічна-патэтычнай лініі ў польскамоўнай рамантычнай літаратуры. Яшчэ пачынаючы ад паэмы «Мешка, князь наваградскі» (1822), услед за заходнееўрапейскімі рамантыкамі, таямнічая сярэднявечная гісторыя знаходзіць сваё месца і ў міцкевічавай творчасці. У цэнтры ліра-эпічнай паэмы «Гражына» мы бачым гераічны вобраз ліцвінскай жанчыны, якая мужна ўстўпае ў змаганне з каланізатарамі-тэўтонцамі. Дзеянне «Гражыны» разгортваецца ў Наваградку і яго наваколлі. Гражына, маладая прыгожая жонка тамтэйшага князя Літавора, ахвяруе сваім жыццём дзеля абароны радзімы ад варожай навалы. Матыў змагання ліцвінаў з крыжакамі атрымае сваё развіццё і ў паэме «Конрад Валенрод», завершанай Міцкевічам ужо ў расійскай высылцы. Вобраз Конрада Валенрода тыпалагічна блізкі да «байранічнага героя», гаворка пра якога пойдзе ніжэй. Конрад ратуе Літву, але коштам пакут і сумненняў, ахвяравання асабістым шчасцем і жыццём.

Санеты. У адэскай высылцы А. Міцкевіч піша цыкл санетаў, у цэнтры якіх любоўныя перажыванні лірычнага героя. Гэтыя творы пераклікаюцца з пэўнымі санетамі Петраркі, выяўляючы пры гэтым самыя розныя адценні пачуццяў паэта:

Дзе асвячоныя ў шчаслівы час тваёй журбою Буялі краскі, вартыя архангельскае скроні, Ірваў букет я на тым самым лугавым улонні, Змяшаны з палыном, з плакучаю вярбою.

Як пустазелле й блёкат заглушылі ўсё сабою, Чаму ж баіцца ўспыхнуць кветка чыстая ў палоне? I ўсё ж букет прымі: не варты ён тваёй далоні, Ды ўзрос на той зямлі, дзе ты ўсміхнулася насторю...

(Пераклад Рыгора Барадуліна)

Цэнтральнае месца ў гэтым цыкле, аднак, займае санет «Да Нёмана», першы варыянт якога быў напісаны яшчэ ў 1821 ці 1822 г. на роднай паэтуНаваградчыне. Туга па растанні з каханай Лаўрай – насамрэч, Марыляй Верашчакай – спалучаецца тут з прадчуваннем непазбежнага развітання з радзімай. У традыцыях рамантыкаў было захапленне экзатычнай прыродай, найчасцей паўднёвых краін. У сваіх «Крымскіх санетах» А. Міцкевіч фармальна аддаў даніну гэтай традыцыі; на тле незвычайных краявідаў Крыма мы бачым усё тое ж рамантычнае пачуццё самоты. Але і тут таксама не-не ды выяўляе сябе нязбыўны сум па роднай паэту Літве – Беларусі.

«Дзяды». Этапнай у творчасці А. Міцкевіча стала вялікая драматычна-эпічная паэма «Дзяды», пачатая ў віленска-ковенскі перыяд яго творчасці і, па сутнасці, не завершаная паэтам да канца яго жыцця. Дзяды – слова беларускае, і служыць яно найменнем старадаўняга абраду памінання памерлых продкаў. 3 паказу адпаведнага рытуалу і пачынаюцца апублікаваныя паэтам часткі паэмы. Паэт надае абраду Дзядоў маральнае і філасофскае значэнне і як бы задае тон усяму твору: матыў веры пранізвае ўвесь твор. Цэнтральнай жа постаццю паэмы выступае вобраз Густава – Конрада. Густаў з’яўляецца ўжо ў пралогу «Здань» і дзейнічае ў Другой і Чацвёртай частках твора. Гэта – герой найчасцей маўклівы, заглыблены ў асабістыя праблемы. Густаў супраць-пастаўляе шмат якім заганным бакам «вышэйшага грамадства» здаровую, як ён лічыць, маральнасць простага народа. За ім неадступна крочыць вобраз каханай, і ў апошнім маналогу Чацвёртай часткі Густаў прамаўляе наступныя словы:

Хто цалкам сэрцам і душой ў каханні гінуў,

Заўжды той будзе побач з мілаю дзяўчынай!

Яна ўладарыць думкамі, натхненнем!

Я пасля смерці ўсюды сэрцам з ёю

Быць мушу, і за постаццю мне дарагою

Лячу скароным ценем.

Хто верны быў стваральніку зямному,

Прыняты будзе той на райскае улонне,

А хто з нячыстым жыў — патрапіць у бяздонне,

Там суджана спаліцца ўсяму злому...

(Пераклад Сержа Мінскевіча)

Трэцяя частка «Дзядоў» была напісаная А. Міцкевічам ужо ў Дрэздэне, пасля паразы паўстання 1830 – 1831 гг. У гэтай частцы захоўваецца пафас і стыль «віленска-ковенскіх» «Дзядоў», застаецца і галоўны герой – той самы... і ўжо іншы. 1 лістапада 1823 г., на Дзяды, паэт зрабіў надпіс на муры цэлі ў базыльянскіх мурах «1 лістапада 1823 г. памёр Густаў. 1 лістапада 1823 г. нарадзіўсі Конрад». Галоўныя памкненні гэтага героя скіраваныя ўжо не на тое, каб залячыць душэўную рану ад няшчаснага кахання, а на здзяйсненне высокага патрыятычнага ідэалу – вызваленне Айчыны. У «Імправізацыі» Конрад выказвае погляды рамантычнага бунтаўніка-індывідуаліста, кідае выклік самому Богу, У сваю чаргу, ксёндз Пётра ў змаганні за свабоду роднага краю чэрпае сілы якраз у шчырым служэнні Богу: у гэтым абодва героі як бы дапаўняюць адзін аднаго. I ўсё-такі сапраўдным узорам адданасці высакароднай справе для Конрада выступаюць мастацкія вобразы сяброў А. Міцкевіча, філаматаў і філарэтаў. Хтосьці з іх з’яўляецца ў творы пад мянушкамі (Жэгота – Ігнат Дамейка), а нехта (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Сабалеўскі, Адольф Янушкевіч, Якуб Ягела, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Антоні Фрэенд, Цыпрыян Янчэўскі) і пад сваімі ўласнымі імёнамі альбо прозвішчамі. У высокай маральнасці сваіх сяброў аўтар бачыць гарантыю таго, што памагатыя рэжыму рана ці позна пацерпяць паразу...

Ва Урыўку (альбо: адступленні) Трэцяй часткі паэмы «Дзяды», які фактычна складаецца з некалькіх вершаў, Міцкевіч малюе вобраз бесчалавечнай царскай імперыі. Расійскую тэрыторыю А. Міцкевіч паказвае ў выглядзе вялікай застылай пусткі, а сталіцу імперыі Пецярбург – як тварэнне злых, сатанінскіх сілаў гісторыі.

Вельмі цяжка даць дакладнае жанравае вызначэнне паэмы «Дзяды». Як заўважае беларуская даследчыца Святлана Малюковіч, аўтар выкарыстоўвае тут «элементы оперы, містэрыі, народнага фарсу», ствараючы «жанравы сплаў гістарычнай, філасофскай, лірыка-драматычнай паэмы».

«Пан Тадэвуш» (1832—1834). У парыжскай эміграцыі А. Міцкевіч напісаў галоўны твор свайго жыцця – ліра-эпічную паэму «Пан Тадэвуш». Месца дзеяння паэмы – родныя А. Міцкевічу наваградскія прасторы, а большасць дзейных асоб – гэта тыповыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, якая, што праўда, у сваёй бальшыні прасякнутая ідэямі польскага, а дакладней сказаць, рэчпаспалітаўскага патрыятызму. Знаходжанне А. Міцкевіча ў Парыжы, дзе разгортваліся нежартоўныя баталіі паміж прадстаўнікамі розных партыяў эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай, наклала свой адбітак на змест твора. Менавіта ідэя неабходнасці дасягнення еднасці паміж патрыётамі краю натхніла паэта на стварэнне «Пана Тадэвуша». Разам з тым, калі разглядаць гэты твор з беларускіх пазіцый, аб’ектыўна яго можна лічыць (побач, напрыклад, з «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Новай зямлёй» Якуба Коласа) часткай нашага нацыянальнага літаратурнага эпасу.

Сюжэт паэмы ў цэлым можна звесці ў тры галоўныя лініі: спрэчка Суддзі і Графа за замак, гісторыя кахання Тадэвуша і Зосі, падпольная палітычная арганізацыйная дзейнасць ксяндза Робака (Яцака Сапліцы).

У стылістыцы і спосабе літаратурна-мастацкага выяўлення паэма падтрымлівае гамераўскую традыцыю: апавядальнік валодае непадважальным аўтарытэтам, ужывае мноства ўзвышаных і яскравых моўных фігур, мае схільнасць да дэталёвага апісання з’яў і прадметаў. Разам з тым, у адрозненне ад Гамера, Міцкевіч не пазбягае іроніі й самаіроніі; у дзеяннях герояў «Пана Тадэвуша» няма аніякай фатальнай прадвызначанасці, а пагатоў выканання боскае волі. Тым не менш паэма адпавядае патрабаванням эпапеі, бо народ тут паказаны ў пераломны момант – калі адбываецца яго развітанне са старым феадальным светам і далучэнне да свету новага, рэпрэзентаванага маладым пакаленнем, людзьмі кшталту Тадэвуша Сапліцы і Зосі.

У цэлым, у адпаведнасці з патрабаваннямі паэтыкі рамантызму, увесь свет паказаны ў паэме прыгажэйшым за той, што існуе насамрэч. Аўтар выкарыстоўвае багаты арсенал жывапісных, музычных і пластычных сродкаў. Беларуская прырода паказаная як жывая асоба.

Прыгажосць свету, яго казачнасць і паэтычнасць, рамантызм і драматызацыя падзей – усё гэта мае дасканалую паэтычную форму. Менавіта мова паэмы прымушае любіць беларускую прыроду, шанаваць радзіму паэта Рэч Паспалітую.

Апроч усяго вышэйсказанага, у паэме «Пан Тадэвуш» можна ўгледзець мастацкае асэнсаванне пэўнай цывілізацыйнай змены. Паводле зместу твора грамадская думка яшчэ грунтуецца на аўтарытэце пажылых людзей, таго, што кажуць у касцёле, карчме і ў часе хатніх пасядзелак і гасцяванняў. У той самы час, у Парыжы 1830-х гг., дзе Міцкевіч гэтую паэму пісаў, вельмі значную ро-лю ўжо адыгрывала прэса: сам паэт, пачынаючы з 1 красавіка 1833 г., рэдагаваў газету «Польскі пілігрым». Таму ідэалізацыю блізкага Міцкевічу свету яго дзяцінства наўрад ці варта тлумачыць як імкненне паэта вярнуць гэты свет. Хутчэй, ён прагне знайсці ў нядаўнім мінулым тыя каштоўнасці, якія не павінны быць страчаныя ні пры якіх варунках. Таму ў творы пастаянна гучыць матыў вяртання. Вяртаецца ў дом роднага дзядзькі пасля дзесяці гадоў адсутнасці Тадэвуш; вяртаецца да праблемы сямейнай генеалогіі й пытання прыналежнасці замку Граф; вяртаецца да даўнейшых звычаяў Падкаморы; вяртаецца ў родныя мясціны зусім іншым чалавекам Яцак Сапліца; у заключных кнігах паэмы вяртаюцца разам з польскім легіёнам у Сапліцова амаль што ўсе галоўныя героі папярэдніх кніг і, урэшце, у «Эпілогу» сам аўтар вяртаецца душою ў час і мясціны свайго маленства... Усё гэта, напэўна, звязана з уяўленнямі шмат каго з тагачасных рамантыкаў пра народ як жывы арганізм, які мае свой тэмперамент, характар і да т. п., якому ўласцівыя здольнасці адраджацца, вяртацца да мінуўшчыны.

Калі паспрабаваць сцісла ахарактарызаваць герояў паэмы, дык сярод іх можна вылучыць прадстаўнікоў старога і новага спосабу мыслення, еднасць паміж якімі спрабуе ўсталяваць ксёндз Робак. Можна таксама заўважыць групу персанажаў, да якіх аўтар ставіцца сур’ёзна (Тадэвуш, Суддзя, Падкаморы, Рыкаў), і тых, на якіх ён глядзіць з іроніяй (Тэлімена, Граф, Асэсар, Плут). Ксёндз Робак – чалавек, які прайшоў вялікую жыццёвую школу, перш чым свядома стаў на абарону высокіх патрыятычных і маральных ідэалаў.

Дваццацігадовы сын Яцака Тадэвуш належыць ужо да новай генерацыі змагароў за вызваленне краю. Паводле імя і поглядаў ён выглядае прадаўжальнікам справы Тадэвуша Касцюшкі. Тадэвуш, герой паэмы Міцкевіча, ідзе ў войска, каб здабываць волю для Бацькаўшчыны са зброяй у руках. Акрамя таго, вызваляючы ад прыгону сялян, ён засведчвае, што будучы лад вольнай краіны мае быць іншым, чым у старой Рэчы Паспалітай. Зося паказваецца як ідэальная спадарожніца ў ягоным будучым жыцці ды змаганні. Надзеленыя выразнымі індывідуальнымі рысамі вобразы Суддзі, Графа, Падкаморага, Тэлімены, Ключніка, Мацея Дабжыньскага, расійскага афіцэра Мікіты Рыкава... У паказе асобы апошняга адбіліся ўражанні ад знаёмства самога Міцкевіча з самымі годнымі прадстаўнікамі расійскага афіцэрства дзекабрысцкай эпохі.

Вялікае значэнне для разумення аўтарскай задумы мае «Эпілог», які быў упершыню апублікаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1860 г. Як і ў «Дзядах», мы бачым тут, па сутнасці, прадказанне будучыні. Пасля вялікіх войнаў ды рэвалюцыяў, падзеі якіх Міцкевіч актыўна асэнсоўваў і як публіцыст і выдавец палітычных перыёдыкаў, узнік новы вобраз свету. У гэтым свеце паняволеныя народы, у тым ліку і народы колішняй Рэчы Паспалітай, мусілі атрымаць доўгачаканую свабоду.

А. Міцкевіч у беларускім кантэксце. Творчасць А. Міцкевіча аб’ектыўна пракладала дарогу новай беларускай літаратуры, што паўставала ў першай палове XIX ст. у неймаверна цяжкіх абставінах. Як зазначае Уладзімір Мархель, «з пункту гледжання перспектывы эвалюцыйнага набліжэння таленавітых пісьменікаў – ураджэнцаў Беларусі – да беларускамоўнай творчасці А. Міцкевіч знаходзіўся на магістральным шляху развіцця...белару скай літаратуры, і яго паэзія ўдзельнічала ў гэтым развіцці – перш за ўсё ўзорам любаснай увагі да роднага краю і яго насельнікаў».

Ёсць дакументальныя сведчанні таго, што сам А. Міцкевіч неабыякава ставіўся да мовы і гісторыі беларускага народа. Так, пасля лекцыі, прачытанай ім у парыжскім Калеж дэ Франс 21 студзеня 1842 г., паміж іншага, зазначалася: «На беларускай мове, якую называюць русінскай ці літоўска-русінскай.., размаўляе каля дзесяц мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі Мова велікаросаў, на якой гавораць амаль гэтулькі ж чалавек (трэба выключыць адсюль фінска-маскоўскі дыялект, які моцна ад яе адрозніваецца), вылучаецца багаццем і чысцінёй, але ў яе няма ні цудоўнай прастаты беларускай мовы, ні гарманічнасці і музычнасці маларускай» (Пераклад Кастуся Цвіркі). У іншай лекцыі А. Міцкевіча мы чытаем: «...3 усіх славянскіх народаў русіны, гэте значыць, сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай...» (Пераклад Алега Лойкі). Натуральна, што ў культурных асяродках Беларусі творы А. Міцкевіча выклікалі вялікую цікавасць.

Цяжка пераболыныць той уплыў, які мела творчасць А. Міцкевіча на далейшае развіццё беларускай літаратуры. Асабліва яскрава гэта выяўляецца ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і Вінцэся Каратынскага, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі і Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча і Янкі Сіпакова...

Ужо ў другой палове 1850-х гг. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пераклаў паэму «Пан Тадэвуш» на беларускую мову. Першыя дзве «быліцы» (кнігі) паэмы былі надрукаваныя ў 1859 г. у Вільні, але тыраж забараніла і канфіскавала расійская цэнзура, у сувязі з чым астатнія часткі перакладу зусім не пабачылі свету. Другую спробу перакладу «Пана Тадэвуша» зрабіў Аляксандр Ельскі (1834 – 1916). Першая кніга перакладу «Гаспадарка» выйшла ў тагачаснай Аўстра-Венгрыі, у Львове ў 1892 г. У сваёй прадмове да гэтага выдання Ельскі пісаў: «Чытаючы «Пана Тадэвуша», дарагія беларусы, палюбіце ўсім сэрцам сваю родную, занядбаную, святую беларускую мову, каторая спрадвеку не толькі была вашай у сё-лах, но яе ўжывалі самыя даўнейшыя манархі краю й іх вяльможы. Ваша старадаўняя беларуская мова мусіць варта чагось, калі можна на яе склад ператлумачыць найцальнейшыя паэтычныя творы вялікіх пісацеляў... Калі б любоў к усяму роднаму разагрэла сэрцы беларусаў праз аповесць, напісаную геніяльным паэтам для сваіх і ўсіх пабрацімаў, то душа яго, прагнуўшая так сільна той агульнай згоды і любві, засіяла б шчасцем аж на тым лепшым свеце, а наша братняя доля закрасавала б тожа тут, у зямельцы роднай, бо толькі той, хто ўмее любіць, варты ў Бога ўсякага дабра».

Два поўныя пераклады паэмы «Пан Тадэвуш» былі зробленыя ў зняволенні. У пачатку 1930-хгг. Браніслаў Тарашкевіч (1893 – 1938) здзейсніў гэтую працу ў польскай турме, у якую ён быў кінуты за сваю рэвалюцыйную дзейнасць. Пераклад быў апублікаваны ў 1981 г. у Мінску і ў 1984 г. у польскім Ольштыне паводле копіі, цудам ацалелай пасля арышту і расстрэлу Тарашкевіча савецкім НКУС.

Пераклад Пятра Бітэля, колішняга праваслаўнага святара і паэта, паўстаў у першай палове 1950-хгг. ужо ў савецкім ГУЛАГу, у лагерах паблізу расійскага Кемерава і казахскага Джэзказгана, але ўпершыню быў цалкам апублікаваны толькі ў 1998 г. У сярэдзіне 1980-х гг. быў выдадзены пераклад вядомага беларускага майстра Язэпа Семяжона. Цягам апошніх пяці гадоў з’явіліся два поўныя пераклады «Дзядоў», выкананыя Сержам Мінскевічам і Кастусём Цвіркам. Пераклады «Гражыны» здзейснілі Сяргей Дзяргай і Пятро Бітэль; апошняму належаць таксама пераклады «Дзядоў» і «Конрада Валенрода». Паасобныя вершы, балады, байкі, публіцыстыку і лісты А. Міцкевіча на беларускую мову пераклалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Кастусь Цвірка, Уладзімір Мархель, Ірына Багдановіч, Юрка Гаўрук, Язэп Семяжон, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вялюгін, Міхась Скобла ды іншыя. Грунтоўныя працы пры-свяцілі Адаму Міцкевічу літаратуразнаўцы, гісторыкі Алег Лойка, Сымон Брага (В. Тумаш), Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Мархель, Кастусь Цвірка, Леў Мірачыцкі, Сымон Барыс. Свае творы ў вянок вялікаму паэту-земляку ўплялі тыя ж Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Алег Лойка, а таксама Язэп Пушча, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Данута Бічэль-Загнетава, Міхась Стральцоў, Вольга Іпатава, Эдуард Акулін, Людміла Рублеўская і яшчэ шмат хто з сучасных паэтаў нашай краіны. Вобраз песняра ўвасоблены ў творах Валянціна Ваньковіча, Анатоля Анікейчыка, Сымона Геруса, Васіля Шаранговіча, Уладзіміра Пасюкевіча, Андрэя Заспіцкага, Валяр’яна Янушкевіча, іншых беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва.


Літаратура 1850-х – пачатку 1860-х гг.
У дадзены перыяд вельмі востра стаяла пытанне пра далейшае раз­віццё беларускай літаратуры. Гэта час вялікага грамадскага ўздыму, выклі­канага жаданнем змен і іх чаканнем. Сярэдзіна 1850-х гг. характарызуецца па­ражэннем царызму ў Крымскай вайне, знешняй і ўнутранай палітыцы. Боль­шая частка насельніцтва была незадаволена ходам спраў у грамадстве: два­ранства – знешняй палітыкай, сялянства – унутранай (прыгоннае права). Месца Мікалая І заняў Аляксандр ІІ, які заявіў пра сябе як пра рэфарматара (адмена прыгоннага права ў 1861 г., рэформы ў галіне адукацыі і кіраван­ня). Аднак сялянства зямлю не атрымала. У 1863 г. на тэрыторыі Польшчы і Беларусі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, на­кіраванае супраць палітыкі царызму і жорстка падаўленае. Цэнтрамі літа­ратурнага жыцця сталі: Вільня, Віцебск, Мінск, дзе існавалі групы людзей, што цікавіліся гісторыяй роднай зямлі, сучаснасцю. На чале кожнай групы стаялі таленавітыя людзі (так у Віленскім гуртку галоўную ролю адыгры­ваў Адам Кіркор). Прадстаўнікі Віленскага гуртка цікавіліся фальклорам, гісторыяй, але не займаліся палітычнай дзейнасцю і не падтрымлівалі паў­станне 1863 г., бо мелі прапольскую арыентацыю. Віцебскі гурток (старшы­ня – Арцём Вярыга-Дарэўскі) і Мінскі гурток (старшыня – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч) мелі не толькі літаратурную, але і палітычную арыентацыю.
Ананімная літаратура
У дадзены перыяд вялікае пашырэнне набыла ананімная літаратура. Творы не друкаваліся, а перадаваліся ў фальклорнай апрацоўцы. Існавалі ананімныя гутаркі, напісаныя ў вершаванай і празаічнай формах. Сярод ананімных гутарак вядомыя: «Вясна гола перапала», «Панаманія», «Гутар­ка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка суседзяў», «Гутарка старога дзеда» і інш. У беларускай літаратуры цэнтрам гутаркі было бытавое здарэнне, чаканне змен, спадзяванне на лепшае, асуджэнне панства. Селянін марыў стаць роў­ным пану і адчуць сябе чалавекам. У пачатку 1860-х гг. з’яўляюцца ананім­ныя паўстанскія песні, якія ўтрымліваюць заклік да змагання і прасякну­тыя верай у перамогу.

1850 г. пазначаны з’яўленнем паэмы «Мачаха» Адэлі з Устроні. Паэ­ма была знойдзена ў архівах Кракаўскай бібліятэкі ў 1870-х гг. ХХ ст. Рукапіс паэмы няпоўны, аўтарства не ўстаноўлена, бо подпіс «Адэля з Устроні» – не што іншае, як псеўданім. Твор напісаны пад моцным уплывам фальклор­ных традыцый і складаецца з дзвюх частак: першая расказвае пра тое, як малады хлопец хоча плыць на чоўне па Нёмане, яму перашкаджае бура, збіраючы хмары, але хоча дапамагчы бор; другая частка паказвае маладую дзяўчыну ў чаканні свайго каханага. Супраць іх кахання паўстае мачаха. Па­чынаецца бура, дзяўчына выходзіць з хаты, перажываючы за суджанага. Ру­капіс паэмы не скончаны.



  1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка