Уводзіны ў курс “Актыўная ацэнка”




Дата канвертавання22.06.2016
Памер159.23 Kb.




Уводзіны ў курс “Актыўная ацэнка”

Актыўная ацэнка звязана не толькі з ацэньваннем вучняў, але з’яўляецца таксама стратэгіяй, філасофіяй навучання, заснаванай на тым, як вучні вучацца.

Укараненне актыўнай ацэнкі ў вашу педагагічную дзейнасць будзе, вiдавочна, патрабаваць змены існуючых звычак і метадаў працы, а таксама прыстасавання прапанаваных намі элементаў актыўнай ацэнкі да Вашай сістэмы навучання. Пры гэтым актыўная ацэнка не патрабуе змяненняў у навучальнай праграме.
Мы склалі курс дыстанцыйнага навучання так, каб ён не адымаў шмат часу ў настаўніка. Прыкладна раз на тры тыдні настаўнік будзе атрымліваць невялікі дыдактычны матэрыял і заданне, якое будзе павінен зрабіць у класе са сваімі вучнямі. Пры жаданні настаўнік зможа карыстацца дадатковай літаратурай: актыўнай ацэнцы прысвечана некалькі раздзелаў кнігі М.І. Запрудскага (Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащихся: поасобие для учителя / Н.И. Запрудский. - Мінск: Сэр-Віт, 2012. – 160 с. – (Мастарская учителя)), кастрычніцкі 2012 г. нумар часопіса “Пачатковае навучанне”, а таксама сайт www.aacenka.by.

Графік курса


  1. Курс дыстанцыйнага навучання “Актыўная ацэнка”- www.dn.aacenka.by

Нумар

модуля

Тэматыка модуля

Час правядзення модуля

0 модуль

Карыстальнікі і платформа электроннага навучання

06.10.14–12.10.14 (1 тыдзень)

I модуль

Мэты

06.10.14– 02.11.14 (3,5 тыдні)

II модуль

Крытэрыі ацэнкі

03.11.14 – 23.11.14 (3 тыдні)

III модуль

Актыўная ацэнка і адзнака. Праца з бацькамі.

24.11.14–14.12.14( 3 тыдні)

IV модуль

Зваротная сувязь

15.12.14–11.01.15 (4 тыдні- святы, канікулы)

V модуль

Ключавыя пытанні

12.01.15–01.02.15 (3 тыдні)

VI модуль

Узаемная ацэнка і самаацэнка

02.02.15–22.02.15 (3 тыдні )

 


VII модуль

Падсумаванне – выніковая праца

23.02.15–23.03.15 (4 тыдні)

 


Ацэнка курса

 

23.03.15–30.03.15 (1 тыдзень)

 


Парадак модуляў-раздзелаў адпавядае мэтам курса. Нулявы модуль будзе доўжыцца каля тыдня, ён прысвечаны знаёмству і навучанню працаваць з праграмай moodle. Менавіта з дапамогай moodle зроблена платформа дыстанцыйнага курса.


Астатнія сем модуляў можна было б выкарыстоўваць у любой паслядоўнасці, таму што ўсе элементы актыўнай ацэнкі звязаны адзін з адным і ўвядзенне аднаго з іх таксама патрабуе выкарыстання іншага. Выбраная намі паслядоўнасць найлепш адпавядае логцы актыўнай ацэнкі.

Пры распрацоўцы асобных модуляў мы абапіраліся на наступныя рэсурсы:



  • семінары, праведзеныя Су Старлак (педагог з Англіі) і праф. Янам Патвароўскім падчас летняй школы 2003 года;

  • кнігі P.Black, C.Harrison, C.Lee, B.Marshall, D.Wiliam – “Як ацэньваць, каб вучыць?” (арыгінальная назва Assessment for learning”);

  • кнігі Дануты Стэрны – “Актыўная ацэнка на практыцы”;

  • досвед працы з папярэднімі выпускамі курса;

  • уласны вопыт выкарыстання актыўнай ацэнкі ў школах;

  • падказкі і парады практыкаў актыўнай ацэнкі ў Беларусі.

Як бачна з практыкі навучання, актыўная ацэнка сёння не прысутнічае паўсюдна ў працы з вучнямі. Адсюль можна зрабіць выснову, што стварэнне добрай практыкі ў межах актыўнай ацэнкі патрабуе ад большасці настаўнікаў значных змен. Гэтыя змены тым больш істотныя, з пункту погляду новых патрабаванняў да арганізацыі навучальнага працэсу, прапісаных у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, прынятым 22 снежня 2010 г. З аднаго боку нарматыўна-прававыя дакументы патрабуюць уліку кампетэнтнаснага падыходу ў арганізацыі навучальнага працэсу (Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, арт. 91)., з іншага, састарэлыя формы ацэначнай дзейнасці і недастатковая ўвага да сучасных методык навучання, несістэмнае іх выкарыстанне не спрыяюць, каб дзеці ў працэсе навучання набывалі кампетэнцыі, неабходныя для жыцця ў сучасным свеце. Прыкладам, уменне вучыцца і браць на сябе адказнасць за свае поспехі і няўдачы.


Актыўная ацэнка не разлядае ацэньванне як кантроль, яна дазваляе эфектыўна матываваць вучняў, прымушае іх браць на сябе адказнасць за сваё навучанне.

Любыя істотныя змены ў працэсе навучання патрабуюць ад настаўнікаў пэўных намаганняў, а таксама – прынамсі, у працэсе зменаў - дадатковай працы. На наш погляд, настаўнікі пераканаюцца ў неабходнасці ўвядзення актыўнай ацэнкі па наступных прычынах:



  • у выніку такіх зменаў вучні паказваюць лепшыя вынікі на кантрольных і экзаменах;

  • гэтыя змены рэальныя для ажыццяўлення - настаўнікі паспяхова ўкаранілі іх у сваёй працы з вучнямі;

  • неабходная праца заснавана на іншым размеркаванні намаганняў: справа не ў тым, каб працаваць больш, а ў тым, каб працаваць разумней;

  • змены могуць ўводзіцца паступова, крок за крокам – “вялікі скачок у невядомасць" не з'яўляецца неабходным;

  • настаўнікі пачынаюць атрымліваць больш радасці ад сваёй працы і адчуваюць вялікае задавальненне, паколькі гэта праца адпавядае іх патрабаванням і прафесіянальным каштоўнасцям;

  • настаўнікі назіраюць, як працэс навучання пачынае падабацца вучням, як у выніку гэтых інавацый вучні лепш разумеюць і цэняць яго.

Як удзельнік/удзельніца курсаў Вы будзеце паступова ўводзіць на сваіх уроках элементы актыўнай ацэнкі. Курс складаецца з сямі модуляў. Кожны модуль працягваецца каля трох тыдняў. Мерапрыемствы, адзначаныя * (зорачкай), абавязковыя ў курсе.

У ходзе выканання заданняў модуляў мы рэкамендуем назіраць за эфектамі новаўвядзенняў, а таксама запісваць пэўныя высновы, напрыклад, у форме дзённіка, што можа спатрэбіцца ў апошнім модулі.

На першым тыдні кожнага модуля:


  • Вы азнаёміцеся з дыдактычным матэрыялам модуля, размешчаным на платформе курса*,

  • выканаеце тэст, які замацуе набытыя Вамі веды пры азнаямленні з дыдактычным матэрыялам,

  • расплануеце выкананне прапанаваных заданняў*,

  • азнаёміцеся з прапанаваным сцэнарам сустрэчы з настаўнікамі,

  • заплануеце і правядзеце семінар для настаўнікаў.

На другім тыдні:

  • выканаеце на сваіх уроках прапанаваныя заданні*,

  • запоўніце фармуляр справаздачы*,

  • размесціе справаздачу (невялікую анкету) на сайце курса*.

На трэцім тыдні:

  • азнаёміцеся з каментарам ментара да Вашай справаздачы*,

  • азнаёміцеся са справаздачамі іншых удзельнікаў курса,

  • напішаце каментары да справаздач іншых удзельнікаў курса,

  • прыміце ўдзел у дыскусіях на форуме курса.

У апошнім модулі курса:

  • напішаце выніковую работу на зададзеную тэму*,

  • запоўніце анкету ацэнкі курса*.

Безумоўна, мы рэкамендуем Вам выконваць усе заданні, а не толькі адзначаныя зорачкай (*).

Удзел у курсе Актыўная ацэнка прадугледжвае, але на абавязвае праводзіць 7 сустрэч з настаўнікамі сваёй школы і выконваць заданні, звязаныя з гэтымі семінарамі. Для правядзення сустрэч з настаўнікамі ў школе прапаноўваем сцэнарыі, распрацаваныя намі. Сцэнарыі могуць дапамагчы вам правесці такія сустрэчы. Гэта толькі прапанова, Вы можаце праводзіць семінар для настаўнікаў Вашай школы, абапіраючыся на ўласны сцэнар.

Настаўнікі, якія скончаць курс “Актыўная ацэнка”, атрымаюць пасведчанне аб заканчэнні 90-гадзіннага курса.

Кожны удзельнік курса мае свайго ментара, які пасля азнаямлення са справаздачай піша да яе каментар. Толькі пасля напісання і публікацыі каментара ментара справаздача ўдзельніка стане бачнай у раздзеле "Справаздачы ўдзельнікаў" для агульнага прагляду і абмеркавання. Звычайна гэта займае каля 3 дзён.


Удзельнікі курсаў могуць звяртацца з пытаннямі да свайго ментара, галоўнага кансультанта і каардынатара курса. Адказы ментара даступныя толькі ўдзельніку, які задаў пытанне. Важныя для ўсіх удзельнікаў пытанні будуць змяшчацца ў раздзел “Пытанні і адказы” .

У шостым модулі курса кожны ўдзельнік дадаткова піша каментар да справаздачы іншага ўдзельніка курса.

Удзельнікі абменьваюцца думкамі і дыскутуюць на інтэрнэт-форуме курса. Вы можаце як далучыцца да пэўнай дыскусіі, так і пачаць новую.

У нашым курсе няма экзаменаў. Наш курс адрозніваецца ад іншых курсаў тым, што яго ўдзельнікі набываюць веды найперш праз досвед працы.

Тэрміны правядзення модуляў улічваюць канікулы і святочныя дні.

Удзельнікі паступова знаёмяцца з ключавымі элементамі актыўнай ацэнкі.

Кожны наступны модуль дадае новыя элементы. У канцы курса яго ўдзельнікі будуць выкарыстоўваць у сваёй працы ўсе элементы АА.

Апошні модуль - падсумаванне – прадугледжаны для прапаноў і разважанняў на тэму выкарыстання актыўнай ацэнкі. Усе ўдзельнікі павінны напісаць кароткае эсэ, у якім абагульняць досвед ужывання АА у сваёй працы ў школе. Гэта праца разглядаецца і каментуецца ментарам.

Умовай заканчэння курса з’яўляецца:


  • выкананне першапачатковых заданняў,

  • азнаямленне з дыдактычным матэрыялам кожнага модуля,

  • выкананне заданняў кожнага модуля,

  • размяшчэнне 7 справаздач, зацверджаных ментарам,

  • напісанне выніковай працы, зацверджанай ментарам,

  • запаўненне анкеты ацэнкі курса.

Выкананне тэставых пытанняў не з'яўляецца абавязковым, яны размешчаны ў якасці дапамогі для ўдзельнікаў курса.

Удзельнікі павінны своечасова размяшчаць на сайце справаздачы. У адваротным выпадку (неаднаразовая адсутнасць справаздач без паведамленняў ментару пра затрымку з іх напісаннем) прывядзе да спынення працы ў курсе.


Вось меркаванні некаторых удзельнікаў семінараў “Актыўная ацэнка”, а таксама вучняў:

Маю вопыт выкарыстання АА на працягу цэлай вучэбнай чвэрці 2011/2012 навучальнага года ў 9 класе CШ №7 г. Кобрына. Я даўно не бачыў такой зацікаўленасці тым, што адбываецца на ўроку. На мяне глядзелі і лавілі кожнае маё слова ўсе, без выключэння. Дзяўчынка, якую можна аднесці хутчэй да слабых вучняў, выявіла небывалую раней актыўнасць у жаданні выконваць розныя заданні на дошцы і ў сшытку. Звычайна яна ціхенька сядзела на сваім месцы і выконвала тое, што загадана, але без асаблівага энтузіязму.


Па-першае, каштоўная сама сутнасць (стратэгія) сістэмы актыўнай ацэнкі. Усё накіравана на тое, каб матываваць вучняў атрыманнем якасных сістэматызаваных ведаў, а не атрыманнем адзнакі (якая не заўсёды аб’ектыўна ацэньвае веды і ўменні). І гэта заўважыла пераважная большасць вучняў, пра што і сведчаць іх водгукі. Аднак вельмі цяжка пераадолець ужо сфарміраваныя адносіны да адзнакі і навучання - многія ці нават амаль што ўсе ходзяць у школу за адзнакамі, а не за ведамі” –
Андрэй Чахомаў, г. Кобрын.

«З мінулага навучальнага года я ў сваёй практыцы выкарыстоўваю метад актыўнай ацэнкі (з верасня па лістапад – элементы, а са снежня – у асноўным прымяняю метад поўнасцю). Дзеці ўжо прывыклі да такіх урокаў, добра ведаюць элементы метаду. Для маіх вучняў не ў навіну так званыя «методнікі» ў выглядзе трохкутнікаў (зялёны, жоўты, чырвоны колер) для зваротнай сувязі, НаШтоБуЗУ дапамагае ім арыентавацца ў ходзе ўрока і накіроўвае іх да канчатковага выніку, ведаюць яны як працаваць у парах, у групах, знаёма ім і апытванне па картках з імёнамі (прынцып «непадымання рукі»). Усе гэтыя элементы я выкарыстоўвала на  уроках… », - Ганна Піскуновіч, Глыбокае.

Раней я гаварыла: “Заўтра будзе праверачная работа па тэме …”. Усё. Вучні не атрымлівалі ні пытанняў, ні крытэрыяў ацэнкі. Зараз я разумею, што яны былі як сляпыя кацяняты, якім трэба было да нечага падрыхтавацца, а аб’ём матэрыялу даволі вялікі!!! Зараз я разам з вучнямі распрацоўваю крытэрыі ацэнкі пісьмовай работы. Вучні ведаюць, на якія пытанні ім прыйдзецца адказваць. Я разумею, што мая задача – навучыць, а не “падлавіць на няведанні матэрыялу”. Юлія Паўлава, Барысаў.

Здаецца, усе элементы АА мы ведаем, але ж мы ўзнавілі свае веды пра зваротную сувязь паміж настаўнікам і вучнем, пра крытэрыі ацэнкі, пра ключавое пытанне. Я упэўнілася, што такая форма навучання будзе карыснай не толькі для вучняў, а ў першую чаргу для настаўнікаў. Бо нездарма прыказка “Не вучыць дзяцей так, як вучылі вас. Яны нарадзіліся ў іншы час”, - Галіна Ціманоўская,
Прошкаўская дзіцячы сад – сярэдняя школа.
Гэтая чвэрць была незвычайная для мяне. Асабліва па прадмету”хімія”. У нас была сістэма актыўнай ацэнкі. Мне вельмі спадабалася гэта сістэма. Усю чвэрць я вучыўся і палепшыў свой бал па хіміі. Я вучыўся не для адзнакі, а для сваіх ведаў і стаў добра разумець гэты прадмет. Я вельмі хачу, каб гэта сістэма працягвалася і далей”, - вучань 9 класа, Кобрын.


 “Гэта сістэма выдатна падыходзіць для тых, хто збіраецца паступаць па лініі хіміі, бо мы працуем не на адзнаку, а на веды. Няма ніводнай “халяўнай” адзнакі”, - вучань 9 класа, Кобрын.

Что можно было заметить сразу? Удивление учащихся. Потому что уроки стали иными, оценивание изменилось, отвественность за учёбу перестала висеть только на мне, как на учителе. Понравилось ли это всем учащимся? Я думаю, что – нет. Однако, на мой взгляд, сознательное и отвественное отношение к учебе – это именно то, чего необходимо добиваться сейчас от учеников”,- Ала Прыходзька.


Усе настаўнікі шукаюць такія рашэнні ў адукацыі, якія матывуюць вучняў да навучання і адказнасці за сваю працу. Мы спадзяемся, што разам з удзельнікамі курса пераканаемся, што АА можа дапамагчы ў гэтым. Мы таксама спадзяемся, што ўдзельнікі курса Актыўная ацэнка пераканаюць хаця б некалькіх настаўнікаў з іх школы ў тым, што варта выкарыстоўваць АА.

Даследаванні, апісаныя ў кнізе “Як ацэньваць, каб вучыць?”, былі праведзены ў Англіі. У праграме бралі ўдзел настаўнікі з некалькіх школ, іх дырэктары, супрацоўнікі мясцовых навучальных устаноў і супрацоўнікі Каралеўскага каледжа. Праграма атрымала падтрымку ад органаў кіравання адукацыяй, а настаўнікі, якія бралі ў ёй удзел, маглі ўдзельнічаць у разнастайных семінарах. Мы ў нашым курсе, на жаль, не можам разлічваць на такую ​​падтрымку, хоць мы спадзяемся на дапамогу адміністрацыі школы. Мы разлічваем на энтузіязм удзельнікаў, іх разважанні і вопыт. Мы таксама спадзяемся, што гэты курс дасць магчымасць для абмену вопытам паміж настаўнікамі. Такім месцам абмену вопытам будзе наш інтэрнэт-форум, таму мы рэкамендуем Вам пастаянна ўдзельнічаць у ім.

У той жа час мы не лічым, што АА - гэта панацэя ад усіх бед адукацыі, мы разумеем, як цяжка дасягнуць у ёй хуткіх поспехаў.
Мы спадзяёмся, што у Вас атрымаецца стварыць у школе групу зацікаўленых у вывучэнні АА настаўнікаў. Менавіта таму ў дыдактычных матэрыялах мы змясцілі сцэнары сустрэч (семінараў) для падобнай групы. Калі Вы будзеце праводзіць гэтыя семінары, магчыма, Вы зацікавіце актыўнай ацэнкай частку іншых настаўнікаў Вашай школы і ў наступным навучальным годзе колькасць удзельнікаў Вашай групы вырасце.

Безумоўна, не забудзьцеся паведаміць аб працы з АА бацькам Вашых вучняў. Гэтым мы будзем займацца ў трэцім модулі. Да таго часу праца з АА не патрабуе супрацоўніцтва з бацькамі. У даследаваннях, праведзеных у Англіі, не было заўважана выпадкаў нязгоды бацькоў з актыўнай ацэнкай. У асноўным яны былі вельмі рады спачатку новаўвядзенням, а потым вынікам навучання сваіх дзяцей. Вопыт беларускіх настаўнікаў пацвярджае, што бацькі, як правіла, спрыяльна ставяцца да новых ідэй і ахвотна супрацоўнічаюць з настаўнікам. Праўда, напачатку бацькі могуць быць здзіўлены малай колькасцю адзнак, што атрымаюць іх дзеці, і могуць патрабаваць падсумоўваючай адзнакі, да якой яны прывыклі. Падобныя праблемы ў супрацы з бацькамі перш за ўсё абумоўлены адсутнасцю дастатковых тлумачэнняў бацькам ідэі АА і акрэслення ролі бацькоў ў падтрымцы настаўніка ў працы з АА.

Вельмі важна данесці методыку да бацькоў. Яны калісьці з першага класа прыносілі адзнакі са школы і чакаюць гэтага ад дзяцей. І большасць дзяцей у пачатковых класах вучацца для сваіх бацькоў. Першапачатковае знаёмства бацькоў з АА адбывалася на бацькоўскіх сходах. Яшяэ я ўсталявала дзень адчыненых дзвярэй, калі бацькі маглі прыйсці на ўрокі. Бацькі сталі маімі актыўнымі памочнікамі. Крытэрыі ацэнкі НАШТОБУЗУ перад кожнай кантрольнай я раздрукоўвала для бацькоў таксама, ключавыя пытанні (раней мы іх называлі праблемнымі) калі-нікалі адрасую бацькам разам з дзецьмі, калі дзеці не паспелі знайсці адказу на ўроках. Мы вучымся разам і бацькі мне давяраюць. Я вельмі ўдзячна ім за гэта”, – Святлана Мацулевіч, г. Глыбокае.
З такой жа праблемай Вы можаце сутыкнуцца ў працы з вучнямі. Каб пазбегнуць гэтых цяжкасцяў, Вам варта паразмаўляць з класам на тэму выкарыстання АА. У асноўным вучні вельмі зацікаўлены ў зменах і ўцягванні іх у працэс прыняцця рашэння аб метадах працы з імі. Як гэта не дзіўна, але вучні часцей гатовыя ўзяць на сябе больш адказнасці за свой навучальны працэс. Мы рэкамендуем, каб Вы пачалі ўвядзенне АА размовай з вучнямі на гэтую тэму і пэўны час прысвяцілі пошуку адказу на пытанне: навошта мы ходзім у школу?

Вы павінны растлумачыць вучням, што АА служыць толькі таму, каб дапамагчы ім вучыцца. Вельмі важна, каб вы паклапаціліся пра такую атмасферу ў класе, якая спрыяе плённаму навучанню.

Дзецям трэба павольна, ярка і пераканаўча растлумачыць значэнне АА. Паказаць, што гэта іншы від ацэньвання, а не адсутнасць ацэнак. Актыўная ацэнка з’яўляецца дакладнай інфармацыяй для вучня і яго бацькоў аб якасці ведаў на пэўным этапе навучання, аб яго навыках і ўменнях. АА паказвае напрамак работы, шляхі пошуку правільных рашэнняў, стварае магчымасць супрацы вучняў і бацькоў, таму што апошнія ведаюць, як дапамагчы свайму дзіцяці. Такіх вынікаў не дасягнеш з дапамогай звычайнай бальнай адзнакі.

Мы не прапануем цалкам адмовіцца ад бальнай адзнакі, якая звязана з падсумоўваючай ацэнкай. Кожны з Вас самастойна вырашае, як выкарыстоўваць у сваім класе актыўную і падсумоўваючаю ацэнку. У трэцім модулі мы будзем разважаць над агульнай стратэгіяй ў гэтай справе.

Магу падзяліцца вопытам. Склоны – заўсёды цяжкая тэма, і вучні робяць шмат памылак. Я выстаўляла адзнакі за праверачныя работы па кожным склоне. Але дзеці ведалі, што гэтыя адзнакі толькі для іх, каб яны зразумелі, над якім склонам яшчэ папрацаваць, і пасля вывучэння ўсіх склонаў не будуць улічвацца, калі ацэнка па выніковай кантрольнай буде лепшай. Я сама не чакала, што атрымаю такі добры вынік, якога не было ў мяне за 25 год маёй працы”, - Таццяна Барткевіч, г. Глыбокае.

Мы рэкамендуем Вам праводзіць адкрытыя ўрокі для назірання за вынікам увядзення пэўнага элемента АА. Настаўнік, які запрашае на ўрок іншага настаўніка, павінен вызначыць, на якія элементы ўрока перадусім неабходна звярнуць увагу. Мы таксама павінны выкарыстоўваць актыўную ацэнку ў сваёй працы ці, як у дадзеным выпадку, дакладна акрэсліць НаШтоБуЗУ.

Вельмі важнай з’яўляецца сістэматычнасць працы з АА. У нашым курсе у кожным модулі паступова дадаюцца новыя элементы АА. Мы мяркуем, што ўдзельнікі курса знаёмяцца з матэрыяламі модуля, разам абмяркоўваюць спосабы ўвядзення АА, а таксама магчымыя рызыкі і выгады. Тады кожны з настаўнікаў, якія прымаюць удзел у курсе, выпрабуе прапанаваныя намі элементы АА і будзе выкарыстоўваць іх таксама і ў наступных модулях.

Мы рэкамендуем Вам таксама весці дзённік ці настаўніцкае партфоліа, дзе Вы можаце запісваць свае думкі, звязаныя з увядзеннем АА, а таксама заўвагі на рэакцыю вучняў і ўплыў АА на вынікі навучання. Такі дзённік ці партфоліа можа спатрэбіцца Вам пры аналізе працы з АА, увядзенні нейкіх змен у будучым, а таксама ў напісанні выніковай працы.

У канцы курса мы просім кожнага настаўніка, які бярэ ў ім удзел, напісаць сціслую (максімум 1-2 старонкі) выніковую работу, якая падсумуе яго працу з АА на працягу года. Пажадана, каб у гэтай рабоце настаўнік шчыра выказаў свае думкі і пачуцці, звязаныя з працэсам ўвядзення ў працэс навучання тых ці іншых элементаў АА.

Часта ў настаўнікаў узнікаюць сумненні, звязаныя з увядзеннем змен. Гэтыя сумненні, як правіла, выкліканы недахопам часу і неабходнасцю працаваць выключна ў рамках школьнай праграмы. Мы больш грунтоўна зоймемся гэтай праблемай у першым модулі пры абмеркаванні мэтаў навучання.



Усе настаўнікі, якія бралі ўдзел у праекце, падкрэслілі, што змянілі сваё мысленне аб уласным навучанні. Сёння яны глядзяць на навучанне з пункту гледжання палягчэння вучням працэсу навучання замест ранейшага пераканання, што любой цаной яны павінны выканаць школьную праграму. Настаўнікі ўсвядомілі, што галоўнай мэтай іх урокаў з’яўляецца дапамога вучням у навучанні - калі вучань не ў стане вучыцца, настаўнік павінен нешта змяніць, паспрабаваць іншае.
Як ацэньваць, каб вучыць? - P. Black, C. Harrison, C. Lee, B. Marshall, D. Wiliam

Яшчэ адной праблемай можа стаць традыцыйнае для школ выкарыстанне канкурэнцыі ў навучанні. Многія настаўнікі лічаць, што гэта матывуе вучняў да навучання. Актыўная ацэнка прынцыпова пазбягае канкурэнцыі. Настаўнікі, якія выкарыстоўваюць АА, перакананы, што кожны вучань можа дасягнуць многага, і робяць акцэнт на іх поспехах у навучанні без параўнання з іншымі вучнямі.

Ніжэй мы прадставім вялікі ўрывак з кнігі “Як ацэньваць, каб вучыць?” (раздзел “Рызыка і карысць”).

Працэс змен, які быў пачаты гэтым праектам, не грунтаваўся на падачы гатовых рэцэптаў. Мы не казалі “вучыце так і так, і гэта павысіць усе паказчыкі”, але хутчэй “абмяркуйце гэтыя ідэі і тое, якія змены ў Вашым класе дапамогуць Вам дасягнуць поспеху”.



Вялізныя змены, якія назіраліся ў практыцы настаўнікаў, з'яўляюцца вынікам сумеснага навучання. Такіх вялікіх і трывалых змен мы ніколі не дасягнулі б, даючы настаўнікам толькі гатовыя рэцэпты добрага ўрока. Змена перакананняў і каштоўнасцяў з'яўляецца вынікам таго, што настаўнікі самі сталі вучнямі і працавалі разам з намі, каб даведацца як мага больш.

Як бачна, існуе пэўная рызыка для настаўнікаў і для вучняў. Як апісаў гэта Роджэр, абодва бакі павінны больш працаваць, прынамсі, на пачатковым этапе. Настаўнікі, якія выкарыстоўваюць актыўную ацэнку, даюць вучням права голасу, а ў многіх выпадках робяць так, каб гэты голас быў пачуты. Гэта цяжкі шлях для многіх настаўнікаў. Кантроль з’яўляецца істотнай праблемай у школе, і настаўнікі справядліва занепакоены гэтым пытаннем. На практыцы ж прапанаваныя змены могуць зрабіць з упэўненага ў сабе настаўніка асобу, якая адчувае сябе некампетэнтнай у многіх пытаннях. Паколькі настаўнік павінен стварыць чужую, новую для яго культуру ў класе, абодва бакі - настаўнік і вучні – спачатку могуць адчуваць сябе нязручна. Пры гэтым настаўнікі павінны знайсці свае спосабы рашэння гэтай праблемы. Тым не менш, многія настаўнікі, якія бралі ўдзел у падобных праектах, пацвердзілі, што заахвочванне дзяцей вучыцца для саміх сябе прывяло да таго, што настаўніцкая праца стала прыносіць значна больш задавальнення.

Таксама ўкараненне актыўнай ацэнкі патрабуе асабістага развіцця. Гэта азначае змену спосабу мыслення аб навучанні і новае разуменне сваёй ролі як настаўніка. Паколькі спосаб навучання неаддзельна звязаны з індывідуальнасцю настаўніка, Вам проста трэба змяніцца.

Настаўнікі сказалі, што змены адбываліся вельмі павольна - амаль незаўважна – па меры таго, як яны разумелі значэнне ўвядзення актыўнай ацэнкі як увядзенне іх уласнага вучэння. Азіраючыся назад, яны ўбачылі, што дасягнулі значных вынікаў. [...]

Настаўнікі, якія выкарыстоўваюць актыўную ацэнку, змяняюць свае ранейшыя погляды на тое, чым з’яўляецца “добрае навучанне”. Цяпер яны менш вучаць клас, а перадусім вучацца з класам”.

Зычым поспехаў у рэалізацыі АА.


Данута Стэрна(СEO), Тамара Мацкевіч (ТБШ)


Інтэрнэт-курс „Актыўная ацэнка”www.dn.aacenka.by

Цэнтр грамадзянскай адукацыі, ТБШ



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка