Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю




старонка15/23
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.21 Mb.
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   23

9.8. МІХАСЬ СТРАЛЬЦОЎ


(1937—1987)

Міхась Стральцоў — яркі прадстаўнік пакалення “шасцідзесятнікаў” у беларускай літаратуры. Жыццё і творчасць. Высокая культура пісьма ў прозе. Багацце выяўленчай палітры мастака слова.

Прыход у “вялікую” літаратуру. Першы зборнік апавяданняў “Блакітны вецер” (1962). Канцэптуальнасць зборніка апавяданняў “Сена на асфальце” (1966), пэўная зашыфраванасць зместу (“вёска ў горадзе”), разнастайнасць і заглыбленасць праблематыкі, актыўнае выкарыстанне багатага арсенала вобразна-выяўленчых мажлівасцей прозы. Пластычнасць прозы. Наследаванне традыцый пісьменнікаў — “жывапісцаў словам” (У. Фолкнер, І. Тургенеў, К. Паўстоўскі, У. Гаршын, інш.)

Рамантызацыя падзей і вобразаў, увасабленне ідэала пісьменніка, узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў прозе, імкненне гаварыць ад імя “я-героя”, раскрыццё індывідуалізаванага погляду на свет і чалавека.

Перавага агульначалавечага над індывідуальным, выяўленне жадання героя спасцігаць сэнс жыцця і адлюстраванне няпростых шляхоў да ісціны. Духоўныя пошукі героя.

“Спавядальныя” матывы ў прозе М. Стральцова.

Лірыка-рамантычнае напаўненне беларускай літаратуры ў сувязі з развіццём прозы М. Стральцова, У. Караткевіча. Адметнасць мастакоўскай палітры празаіка, акварэльнасць, настраёвасць, мілагучнасць і сакавітасць мовы.

Псіхалагічная глыбіня і рытмадыханне прозы пісьменніка. Прыход у беларускую літаратуру рамантызаванага, інтэлігентнага, высокаадукаванага героя, адметнасць яго духоўнага сталення.

Аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970), кніга прозы “Падарожжа за горад” (апавяданні, аповесці, 1986), кніга выбранага “На ўспамін аб радасці” (1974).

М. Стральцоў — пісьменнік інтэлектуальнага складу. Філасофска-канцэптуальная аснова яго твораў.

Адметнасць паэтычнага бачання свету ў паэзіі М. Стральцова. Зборнікі “Ядлоўцавы куст” (1973), “Цень ад вясла” (1979), “Яшчэ і заўтра” (1983), “Мой свеце ясны” (1986). Экзістэнцыяльнае пранікненне ў сутнасць быцця, спавядальнасць і аўтабіяграфізм, класічная форма верша. Урбаністычныя матывы.

М. Стральцоў і беларуская класічная традыцыя (М. Багдановіч, М. Гарэцкі і інш.).

М. Стральцоў — крытык і літаратуразнаўца. Эсэ “Загадка Багдановіча” (1968), кніга артыкулаў “Жыццё ў слове” (1965), “У полі зроку” (1976), “Пячатка майстра” (1986).

Пераклады М. Стральцова.


РАЗДЗЕЛ 10. БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА
70-Х — ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ 80-Х ГАДОЎ

Змена парадыгмы ў грамадскім, культурным, нацыянальным жыцці на рубяжы 70-х гг. Эканамічнае развіццё, рост дабрабыту, наступленне эпохі НТР, далейшае станаўленне культуры, літаратуры і мастацтва.

Структурна-сістэмны характар культуры, асаблівасці гістарычнага развіцця беларускай літаратуры, іншых відаў мастацтва. Узмацненне ўзаемасувязей суб’екта і аб’екта культуры, захаванне і прэзентацыя ў мастацкай творчасці народных маральных і эстэтычных каштоўнасцей.

Паступовая культурная стратыфікацыя, зараджэнне субкультуры і, як адпаведная рэакцыя на гэтыя з’явы, працэсы сублімацыі культуры, намаганні скіраваць літаратурную плынь у адпаведнае рэчышча.

Культурная пераемнасць беларускай літаратуры 70-х гг.: трансляцыя традыцыйных культурных феноменаў, артэфактаў, іх адпаведная зададзенасць, трываласць. Адсутнасць наватарскіх эксперыментальных з’яў. Рэцыдывы “хвароб” росту: рудыментарнасць праяў тэорыі бесканфліктнасці, зварот да “вытворчай” літаратуры, паказ выхаду з крызісных застойных сітуацый намаганнямі героя-адзіночкі, вяртанне да “цэхавых будняў” і інш.

З’яўленне ў беларускай літаратуры героя з тонкай, чулай душой, ранімага, глыбока маральнага, але часам яшчэ не здольнага супрацьстаяць злу.

Пашырэнне тэматыкі ў літаратуры (НТР, космас, экалогія і інш.). Яе жанрава-стылёвае развіццё і ўзбагачэнне (гістарычны раман, раманная хроніка, раман-эсэ, аповесць-эсэ і інш.).

Нарастанне экалагічных праблем у жыцці, адлюстраванне іх у літаратуры.

НТР і асоба. “Экалогія” душы і “экалогія” культуры. Спроба адлюстравання ў літаратуры рэальных праблем часу — наступстваў меліярацыі, лёсу неперспектыўных вёсак, маральнай дэградацыі працаўніка ў горадзе і вёсцы, распаду сем’яў, п’янства, бескультур’я.

Відавочнасць “фантома” новага чалавека. Імкненне фарсіраваць працэсы фарміравання ўнутранага свету асобы і разыходжанне асобных твораў літаратуры з рэальным становішчам рэчаў і з’яў у грамадстве, краіне і часе. Пошукі выйсця ў беларускай літаратуры з застойных і крызісных з’яў.

З’яўленне ананімных вершаваных паэм пра “век” і “эпоху”, створаных зусім не на эпахальным грунце. “Сказ пра Лысую гару”: сатырычны пафас, праблема аўтарства. Прарывы да іранічнай прозы, гратэскавай, бурлескнай, іроікамічнай, травесційнай (аповесць Р. Семашкевіча “Бацька ў калаўроце”, інш.). Прыцягальная сіла твораў сатырычнага і гумарыстычнага жанраў, іх фрагментарнасць.

Зварот да беларускай гісторыі. Росквіт і фенаменальны поспех гістарычных раманаў і аповесцей У. Караткевіча. Лірыка-рамантычная аснова твораў празаіка на матэрыяле сівой даўніны. Багацце айчыннай гісторыі, незвычайнасць і арыгінальнасць сюжэтабудавання, увасабленне ў вобразе галоўнага героя ідэала пісьменніка, узбагачэнне стылёвай і выяўленчай палітры пісьма: рамантызацыя падзей і вобразаў, антытэза, герой-адзіночка, суб’ектыўнасць прозы, своеасаблівасць стылістыкі, мілагучнасць і сакавітасць мовы твораў. Незвычайны поспех празаіка (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”).

Драматычныя паэмы М. Арочкі “Курганне” (1980), Крэва” (1981). Гістарычная і фальклорная аснова твораў. “Абуджаная” памяць нацыі, пераемнасць народных традыцый у вершах і паэмах М. Арочкі.

Асэнсаванне гістарычнага шляху народа, лёс чалавека — лёс краіны (раманы І. Шамякіна, М. Лобана, В. Адамчыка, І. Чыгрынава, інш.).

Адлюстраванне жыцця выдатных асоб — узвышэнне мастацка-біяграфічнай прозы: “Пры апазнанні — затрымаць” (1983) В. Хомчанкі, “Як агонь, як вада” (1984) А. Лойкі і інш.

Мастацкія набыткі беларускай паэзіі. Верлібры М. Танка ў кантэксце сусветнай паэтычнай традыцыі. Філасофскія матывы ў яго творчасці. Класічнасць паэзіі А. Куляшова. Пафаснасць грамадзянскага голасу і публіцыстычнасць паэзіі П. Панчанкі. Фальклорная плынь у паэзіі Н. Гілевіча, А. Лойкі, узбагачэнне іх вершаванай палітры.

Акрэсленасць жыццёвай пазіцыі А. Грачанікава. Публіцыстычнасць лірыкі. Грамадскі боль і спавядальнасць яго паэзіі. Выразная сацыяльная скіраванасць у змаганні за дабро, праўду, справядлівасць. Духоўныя памкненні героя лірычных вершаў у зборніках “Круглая плошча” (1971), “Грыбная пара” (1973), “Начная змена” (1975), “Дрэва на выспе” (1977), “Палессе” (1983), “Верасень” (1984), “Я вас люблю” (1986), інш.

Нацыянальны каларыт і стыхія народнага жыцця ў паэзіі В. Зуёнка. “Сяліба” (1973), “Нача” (1975), “Маўчанне травы” (1980). Адметнасць нацыянальнага характару ў творах паэта: народнае (прыроднае, асноватворнае) і сацыяльна-гістарычнае (набытае, “прышчэпленае”) у свядомасці лірычнага героя паэзіі. Дасканаласць і праніклівасць паэтычных радкоў.

Паэзія А. Пысіна, А. Вялюгіна, А. Вярцінскага, П. Макаля, Р. Барадуліна, Ю. Свіркі, С. Законнікава, М. Мятліцкага, інш. Наватарскі характар кнігі А. Разанава “Шлях — 360 (1981). Лірыка Е. Лось, В. Вярбы, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай, Т. Бондар, Г. Каржанеўскай, В. Аколавай, інш.

Драматызм пачуцця, псіхалагізм лірыкі Д. Бічэль. Скіраванасць на ўнутранае жыццё асобы, інтравертнасць пачуццяў паэтэсы, іх вастрыня ў паэзіі (зборнікі “Доля”, 1972; “Ты — гэта ты”, 1976; “Браткі”, 1979; “Дзе ходзяць басанож”, 1983; “Загасцінец”, 1985, інш.).

Арыгінальнасць, непаўторнасць паэтычных галасоў Р. Семашкевіча, К. Камейшы, Ю. Голуба, Г. Пашкова, М. Маляўкі, Л. Галубовіча, Л. Тарасюк, А. Пісьмянкова, В. Шніпа, Л. Дранько-Майсюка, Л. Паўлікавай-Хейдаравай, І. Багдановіч, А. Канапелькі, К. Жука, інш.

Узмацненне аналітычных тэндэнцый у прозе. “Лірызацыя” прозы, “празаізацыя” паэзіі. Узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў літаратуры. Эсэістыка. Развіццё нарысістыкі.

Чалавек і вайна — магістральная тэма беларускай літаратуры. Канцэпцыя ваеннай рэчаіснасці ў беларускай прозе, асноўныя этапы асвятлення народнага подзвігу. Раскрыццё “звычайнага фашызму”, непаказнога гераізму, супрацьстаяння добрых і злых сіл ва ўмовах вайны (“Хатынская аповесць”, “Карнікі” А. Адамовіча).

Маральны максімалізм прозы аб вайне В. Быкава. Даследаванне чалавечага характару на мяжы жыцця і смерці, палахлівасці і геройства, вернасці і здрады, у момант найвышэйшага напружання фізічных і духоўных сіл. Аповесці-сітуацыі, аповесці-лёсы, аповесці-канцэпцыі. Прыпавесцевасць твораў пісьменніка. Інтэлектуалізм прозы В. Быкава. Узыходжанне і падзенне чалавека на вайне (“Сотнікаў”), знакі чалавечай бяды, асэнсаванне ваенных падзей з пазіцый гуманізму (“Знак бяды”). Чалавек і абставіны, сугучнасць часу і сучаснасці твораў празаіка.

З’яўленне унікальных кніг “Я з вогненнай вёскі...” (1975, 2-е выд. — 1983) А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка, “Блакаднай кнігі” (1979; 2-е выд. — 1985) А. Адамовіча, Д. Граніна. Дакументальныя сведчанні герояў кніг С. Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча” (1985), “Апошнія сведкі” (1985). Мастацкія творы аб вайне І. Пташнікава (“Найдорф”), І. Навуменкі (“Смутак белых начэй”), Б. Сачанкі (“Вялікі Лес”) і інш. Гераічныя і трагічныя старонкі мінулай вайны ў адлюстраванні беларускай прозы.

Зварот В. Казько да дзіцячай памяці пры паказе падзей мінулай вайны (аповесць “Суд у Слабадзе”, 1978). Жахі сіроцкага дзетдому. Балючая памяць Колі Лецечкі. “Суд” дзяцей — суд ісціны і праўды над фашысцкай ідэалогіяй чалавеканенавісніцтва.

Наватарства В. Адамчыка ў раскрыцці тэмы Заходняй Беларусі (раманы “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”). Чалавек ва ўмовах выбару паміж дабром і злом.

“Усе мы з хат” — формула, лейтматыў беларускай прозы аб горадзе і вёсцы. Матывы бацькаўшчыны, “зямлі продкаў”, “сена на асфальце”, раскрыццё духоўнага свету селяніна, вяскоўца і яго ўрастанне, уваход у новую рэчаіснасць.

Пашырэнне дыяпазону раскрыцця рэчаіснасці, сучаснага жыцця і часу з гістарычнай перспектывай, паглыбленне выяўленча-мастацкіх мажлівасцей мастацтва слова, яго рэзананс у грамадстве. Праблемнасць, сюжэтная займальнасць і псіхалагічная заглыбленасць прозы І. Шамякіна. Шырокая папулярнасць яго твораў у чытача. І. Шамякін як раманіст (“Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль” і інш.).

Выхад з крызісных, “застойных” з’яў у грамадстве, абвостраная ўвага да чалавека. Паглыбленне філасофска-канцэптуальнага зместу многіх твораў, інтэлектуалізацыя прозы (І. Шамякін, Я. Сіпакоў, В. Гігевіч, інш.). Паказ адносінаў чалавека і прыроды, сям’і, маралі, грамадскага ладу жыцця, незадаволенасць “я-героя” самім сабой, паглыбленне псіхалагізму. Творы А. Кудраўца “Сачыненне на вольную тэму”, А. Асіпенкі “Непрыкаяны маладзік”, інш.

Раман В. Казько аб меліярацыі Палесся “Неруш” (1983). Праблема ўзаемазалежнасці і ўзаемаўплыву чалавека і прыроды, Асобы і Свету, немажлівасць разбурэння цэласнасці душы. Экалогія духу. Майстэрства празаіка ў рамане.

Маральна-этычная праблематыка, бескампраміснасць, палярнасць пачуццяў у аповесці А. Карпюка “Сучасны канфлікт” (1985). Раман “Карані” (1988) і яго народная аснова.

Мастацкае асэнсаванне жыцця ў кнігах прозы А. Кудраўца “Раданіца” (1971), “Дзень перад святам” (1975), “Зімы і вёсны” (1976), “На балоце скрыпелі драчы” (1979). Праўдзівасць і кранальнасць твораў, уплыў на чытача. Зварот да асноў народнага жыцця ў рамане “Сачыненне на вольную тэму” (1985), апеляцыя да народнай філасофіі, мудрасці. Вобраз Ігната Сцяпанавіча Вапшчэткі, жыццёвая змястоўнасць характару, неадназначнасць учынкаў, псіхалагізм, унутраны маральна-этычны стрыжань асобы. Станоўчы вопыт ветэрана мінулай вайны, франтавіка, селяніна-працаўніка, вясковага мудраца-філосафа. Непаўторны каларыт твора. Майстэрства стылю.

Рэалістычная традыцыя ў беларускай літаратуры і проза А. Жука. Даследаванне нацыянальнага характару, развіццё пісьменнікам традыцый Я. Коласа, К. Чорнага, інш. Кнігі прозы “Асеннія халады” (1972), “Не забывай мяне” (1978), “Па саннай дарозе” (1979). Маральны пафас, псіхалагічная змястоўнасць аповесці “Халодная птушка” (1978). Праблемы беларускай вёскі ў прозе А. Жука. Матывы пераемнасці пакаленняў, пытанні станаўлення традыцыйнай маралі, самаўдасканалення асобы на вёсцы, яе духоўнага ўзвышэння. Праблематыка аповесці “Зоркі над палігонам” (1977) і суровыя будні вяскоўцаў мірнага часу. Гераічны пачатак у характары персанажа. Экалагічныя праблемы ў аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля” (1982). Умоўна-прыпавесцевы пачатак у творы, фальклорныя матывы. Вобраз Сцяпана Дзямідчыка. Герой пісьменніка як увасабленне сумлення народа. Ранімасць характару, непрымірымасць і прынцыповасць жыццёвай пазіцыі. Сутыкненне дабра і зла, гібель Дзямідчыка. Глыбокі псіхалагізм твора. Матывы адвечнай любові чалавека да акаляючага яго свету. Акварэльнасць пісьма. Настраёвасць аповесці.

Праблемна-тэматычная і эстэтычная адметнасць твораў Г. Далідовіча, А. Карпюка, У. Дамашэвіча, Г. Марчука, Л. Дайнекі, А. Масарэнкі, Л. Левановіча, Э. Ялугіна, Ф. Янкоўскага, Л. Арабей, С. Грахоўскага, А. Марціновіча, У. Рубанава, У. Саламахі, інш.

Поспехі беларускай драматургіі. Тэатр А. Макаёнка. Надзённасць твораў мастака. Чалавечы характар пад “прэсам” сацыялагічных догмаў, ідэалогіі, зашоранасці погляду на індывідуальнасць (“Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Таблетку пад язык”, “Верачка”). Сцэнічны лёс п’ес драматурга. Заслугі А. Макаёнка ў развіцці беларускай драматургіі. Пашырэнне жанрава-тэматычных абсягаў драматургіі. Драмы А. Дударава “Радавыя”, “Парог”, “Вечар”, іх поспех на сцэнічных падмостках. Камедыі К. Крапівы, М. Матукоўскага, А. Дзялендзіка, інш. Драматургія А. Петрашкевіча: “Соль”, “Трывога”, “Напісанае застаецца”, “Русь Кіеўская” (“Гора і слава”), інш.

Беларуская літаратура для дзяцей. Трылогія А. Васілевіч “Пачакай, затрымайся”, кнігі В. Віткі, І. Сяркова, У. Ліпскага, інш.

Перакладчыцкая дзейнасць В. Сёмухі, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, Я. Семяжона, А. Куляшова, К. Шэрмана, інш.

Беларуская літаратура на парозе істотных змен у грамадска-культурным жыцці.
10.1. ВАСІЛЬ БЫКАЎ

(1924—2003)

В. Быкаў як літаратурная славутасць Беларусі. Яго шырокая вядомасць у замежжы, высокае грамадскае прызнанне: народны пісьменнік БССР (1980), Герой Сацыялістычнай працы (1984), лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1974) і БССР (1978), Ленінскай прэміі (1986), інш.

Значэнне творчасці В. Быкава ў гісторыі беларускай і сусветнай літаратуры (новая ступень мастацкай праўдзівасці і філасофскай глыбіні ў паказе Вялікай Айчыннай вайны, эстэтычнае асэнсаванне беларускага характару і нацыянальнага менталітэту, трансфармацыя жанру аповесці, прадметна-рэчыўная вобразнасць аповеду, прытчавая шматзначнасць).

Жыццяпіс празаіка. Аўтабіяграфізм яго творчасці. Пісьменнік пра сябе і пра час (“Маладыя гады: Дыялог А. Адамовіча з В. Быкавым”, успаміны “Доўгая дарога дадому”, анкеты, інтэрв’ю). Цяжкасці творчага станаўлення. Роля літаратурнага кантэксту ў пошуках свайго месца ў мастацкай літаратуры (В. Някрасаў, Ю. Бондараў, Р. Бакланаў; Э. Хемінгуэй, Э. М. Рэмарк).

Быкаўскі падыход да паказу вайны ў апавяданнях (“У першым баі”, “Смерць чалавека”, “Абознік”, “Паядынак”, “На ўсходзе сонца”). Філасофска-маральныя паняцці лёсу, выпадку, выбару, рашэння, “маленькай перамогі”.

Аповесць “Жураўліны крык” (1959) як “першая, даволі нерашучая спроба” (вызначэнне В. Быкава) праўдзівага паказу вайны. “Мысленне аповесцямі”: сюжэтастваральная роля эпізоду, канцэптуальная шматзначнасць сістэмы вобразаў, цэнтральнае месца ў гэтай сістэме вобраза маладога беларуса, “шараговага вялікай бітвы”. Экзістэнцыяльная сітуацыя маральнага выбару. Псіхалагічнае тлумачэнне прынятага рашэння і экскурсы ў даваеннае мінулае персанажаў. “Тыповыя героі ў тыповых абставінах” (Ф. Энгельс) як рэалістычны прынцып паказу вайны. Аўтабіяграфічныя моманты ў біяграфіі правобраза галоўнага быкаўскага героя Васіля Глечыка (імя, месца нараджэння, выхаванне ў сям’і, адносіны да маці, пачуццё абавязку і адказнасці перад людзьмі). Прадметна-рэчыўная вобразнасць у паказе абставін (пейзаж, падзейны антураж). Паняцце кульмінацыі і прадуманасць фіналу як мастацкі прыём.

Выяўленне маральна-духоўнай сутнасці чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі ў аповесці “Здрада” (1960). Праблема “свайго” і “чужога” і яе асэнсаванне ў канфлікце “землякоў” Цімошкіна і Блішчынскага. Вобраз Блішчынскага і яго ацэнка ў крытыцы (А. Адамовіч: “не столькі рэальны характар, колькі сістэма поглядаў”).

Мастацкае наватарства аповесці “Трэцяя ракета” (1961). Сінтэз эпасу, лірыкі і драмы ў апавядальным маўленні аўтара. Вобраз Лазняка як выразніка быкаўскага погляду на вайну і антываеннага пафасу твора. Думкі героя пра Беларусь, яго ўспаміны пра спаленыя карнікамі вёскі. Галерэя людскіх характараў у аповесці: біяграфія герояў, адносіны да вайны і міру, месца ў калектыве, думкі пра будучыню. Жаночыя вобразы ў творах празаіка, выключная роля санінструктара Люсі як своеасаблівага барометра маральнасці яе сяброў па зброі. Знешняе і ўнутранае ў псіхалагічнай характарыстыцы Задарожнага, адносіны героя да праблемы дабра і зла, жыцця і смерці, подзвігу і здрады. Праблема гуманізму ў аповесці, асабовае, нацыянальнае і агульначалавечае ў разуменні герояў. Права Лазняка на суровы вырак здрадніку і неадназначнасць фіналу аповесці. Мова твора (лексіка, сінтаксіс, плынь аўтарскага маўлення).

Апавяданні (“Сваякі”, “Адна ноч”) і “маленькія аповесці” (“Пастка”, “Праклятая вышыня”, “Абеліск”) як своеасаблівыя інтэрмедыі ў сістэме твораў Быкава ў жанры аповесці. Наватарская інтэрпрэтацыя традыцыйных сюжэтаў у нацыянальнай і сусветнай літаратурах пра вайну (Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны; Э. М. Рэмарк, А. Камю, Ж. П. Сартр). Трагічнае паняцце абсурду вайны і збліжэнне з філасофіяй экзістэнцыялізму.

Праблема рамантызацыі і ідэалізацыі ў сюжэце аповесці “Альпійская балада” (1963). Літаратурная крытыка пра твор і адносіны самога аўтара да яго. Паказ трагічных старонак беларускай гісторыі ў аповесці і думкі пра будучыню.

Аўтабіяграфізм і дакументалізм у аповесці “Мёртвым не баліць” (1965). Новы ўзровень мастацкай праўдзівасці ў творы і дыскусія пра “акопную праўду” (“рэмаркізм”) у савецкай прэсе. Праблема суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў паказе вайны. Быкаўскае разуменне прыроды трагічнага ў аповесці (паняцці памяці, ісціны, болю, чалавечнасці, выпадку і лёсу, абсурду, цаны перамогі). Гісторыя публікацыі твора і яго далейшы літаратурны лёс. Аповесць “Мёртвым не баліць” у сістэме “франтавых аповесцей” празаіка.

Аўтарскі вобраз вайны (“мая вайна”) у аповесці “Праклятая вышыня” (1968) і неадэкватная рэакцыя літаратурнай крытыкі. Паняцце шматзначнасці, сімволікі і прытчавасці ў творы і яго паглыбленне ў наступных творах празаіка.

“Партызанскія аповесці”. Выхад за межы аўтабіяграфізму і пашырэнне фактычнай асновы ў аповесці “Круглянскі мост” (1968). Унікальнае месца праблемы выбару і “элементу трагічнага” ва ўмовах падпольнай і партызанскай вайны з акупантамі. Маральная сутнасць канфлікту Таўкача і Брытвіна. Пошукі “філасофскага кораня” мінулых падзей і іх рэха ў сучаснасці. Літаратурная крытыка пра аповесць, палеміка пра гуманізм і прагматызм у савецкай прэсе.

Працяг і развіццё палемікі гуманіста і прагматыка ў аповесці “Сотнікаў” (1970). Паказ унутранага свету чалавека, магчымасцей яго духу “перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін”. Вобразы Сотнікава і Рыбака, іх супастаўленне: біяграфія герояў, характар, светапогляд, сістэма паводзінаў, філасофія жыцця, маральны “катэгарычны імператыў”. Праблема духоўнай няўступлівасці, філасофія жыццёвага стаіцызму і праблема маральнай усяяднасці, недафармаванасці. Пісьменнік пра значэнне духоўнай культуры ў гісторыі чалавецтва. Пафас сцвярджэння каштоўнасці чалавечага жыцця ў філасофскіх дыялогах, маналогах герояў і ў аўтарскіх адступленнях. Праблема прытчападабенства ў аповесці і майстэрства паказу падзей вайны ў кантэксце сусветнай гісторыі, на фоне евангельскага сюжэта пра Ісуса Хрыста і Іуду Іскарыёта. Завостранасць маральных вывадаў, імкненне да абсалютных ацэнак, максімалізм духоўных патрабаванняў, шматзначнасць сітуацый і вобразаў. Адкрыты фінал твора і яго сэнс.

Публіцыстычная палемічнасць аповесці “Абеліск” (1971) і праблема гераізму, абавязку, сумлення, адказнасці перад будучыняй. Адмаўленне “арыфметычнага” падыходу да паводзін чалавека ў экстрэмальных сітуацыях. Спрэчка з класікай (“Балада пра чатырох заложнікаў” А. Куляшова). Роля беларускага настаўніцтва і нацыянальнай інтэлігенцыі ў духоўным выхаванні народа (прысвячэнне аповесці памяці настаўніка Міколы Пашкевіча). Вобраз Алеся Мароза.

Паняцце меры чалавечай адказнасці ў аповесці “Дажыць да світання” (1972). Вобраз лейтэнанта Іваноўскага ў кантэксце гераічных вобразаў папярэдняй літаратуры пра вайну (“Сяргей Карага” Я. Коласа, “Скіп’ёўскі лес” К. Чорнага, аповесці Э. Казакевіча, Ю. Бондарава, Р. Бакланава, раманы К. Сіманава, В. Гросмана, Я. Брыля, І. Шамякіна, А. Адамовіча, А. Карпюка і інш.).

Праблема будучыні ў аповесці “Воўчая зграя” (1974). Думка пра змаганне і ахвяры “дзеля жыцця на зямлі”, пра “вышэйшы кодэкс чалавечнасці” і вобраз партызана Леўчука, яго “далучэнне да звычайнага людскога жыцця”, векавечнай сутнасці зямнога існавання. Сімвалічнае ўвасабленне будучыні ў вобразе немаўляці.

Паглыбленне роздуму празаіка пра цану Вялікай Перамогі і каштоўнасць асобнага чалавечага жыцця ў аповесці “Яго батальён” (1975). Усведамленне капітанам Валошыным маральнай немагчымасці, ганебнасці ўласнага існавання па-за агульным лёсам, асабістай адказнасці за кожнага байца, ідэя франтавога братэрства. Яскравае апісанне поля бою ў творы. Свядомая палеміка аўтара з ранейшай аповесцю “Праклятая вышыня” і салідарнасць з сусветнай класікай (Э. Хемінгуэем).

Завяршэнне цыкла “франтавых аповесцей” і “партызанскага цыкла”. Аповесць “Пайсці і не вярнуцца” (1978) як новы этап у мастацкім развіцці пісьменніка. Літаратурная крытыка пра твор (артыкул І. Залатускага “Быкаў супраць Быкава”). Праўдзівы паказ складанасці і супярэчлівасці псіхалогіі чалавека, яго зменлівых адносін да дабра і зла ў вобразе Антона Галубіна. Чалавек і час у творы.

Аповесць “Знак бяды” (1982) як значная мастацкая з’ява ў творчасці празаіка. Паглыбленне погляду на праблему нацыянальнай літаратурнай традыцыі і прадчуванне подыху народнага эпасу. Філасофска-псіхалагічнае і сацыяльна-гістарычнае асэнсаванне сувязі часоў і эпох у творы. Вобраз “разбуранага гнязда” і “знакі бяды” ў сюжэце аповесці. Чалавечае вымярэнне вялікіх гістарычных падзей у жыцці народа. Вобразы Петрака і Сцепаніды Багацькаў як своеасаблівыя варыянты нацыянальнага характару беларуса, дзве разнавіднасці яго менталітэту. Творчае засваенне мележаўскага погляду на перыяд калектывізацыі, мастацкі сінтэз традыцый паказу беларускай вёскі і падзей вайны. Прадчуванне героямі будучыні і іх карэкцыя ўласных паводзін у сувязі з гэтым. Праблема вінаватасці без віны, абавязку і адказнасці за ўчынкі. Мастацкая канцэпцыя А. Адамовіча Беларускага супраціўлення ў варыянце “вайны пад стрэхамі” і яе развіццё ў прозе В. Быкава.

Актуалізацыя сюжэтнай сітуацыі аповесці “Круглянскі мост” і яе мастацка-вобразнае развіццё ў рамане “Кар’ер” (1985). Фатальная памылка старшага лейтэнанта Агеева і яго асабістая драма. Роля ўспамінаў і роздуму над падзеямі мінулага ў паступальным руху чалавецтва да духоўна-маральнага ідэалу. Адмаўленне аскетычнага рыгарызму і атмасферы жорсткасці “эпохі войнаў і рэвалюцый”. Вобраз калабаранта Кавешкі ў творы і аўтарскія адносіны да нацыянальнай ідэі.

Аповесці “У тумане” (1988), “Аблава” (1989), “Сцюжа” (1969, 1991) як мастацкае падвядзенне рахункаў і паглыбленне ў беларускую гісторыю. Уплыў пабочных вынікаў гістарычнага працэсу на далейшы ход падзей. Паказ маштабаў народнай драмы ў жыцці і лёсе Сушчэні, Хведара Роўбы, Ягора Азевіча. Быкаўскае асэнсаванне экзістэнцыялісцкага паняцця абсурду і яго вобразнае выяўленне ў вобразах і сюжэце.

“Новы” Быкаў у творах 90-х гадоў 20 ст. Запаўненне нішаў беларускай гісторыі ў апавяданнях (зборнікі апавяданняў і прыпавесцей “Сцяна”, “Пахаджане”) і ў аповесцях (“Пакахай мяне, салдацік”, “Балота”). Абнаўленне нацыянальнай традыцыі алегарычна-сімвалічнага паказу рэчаіснасці ў “Байках жыцця”, аповесцях “Труба” і “Ваўчыная яма”.

В. Быкаў — публіцыст, эсэіст, літаратурны крытык (зборнікі артыкулаў “Праўдай адзінай”, “На крыжах”, “Крыжавыя дарогі”).

Творы В. Быкава ў перакладах на замежныя мовы.
10.2. ІВАН НАВУМЕНКА

(1925 - 2006)

І. Навуменка як вядомы літаратар і навуковец: народны пісьменнік Беларусі (1995), акадэмік (1980), заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), інш.

Біяграфія пісьменніка. І. Навуменка — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Навуковая, навукова-арганізацыйная і грамадская дзейнасць.

Юнацкі свет у ранніх творах. Пастаяннае вяртанне ў маладосць на працягу ўсёй творчасці. Выдатнае выяўленне ўзроставай псіхалогіі: дзіцячай, падлеткавай, юнацкай (“Вайна каля Цітавай копанкі” (1957), “Семнаццатай вясной” (1957), “Хлопцы-равеснікі” (1958), “Верасы на выжарынах” (1960), “Таполі юнацтва” (1966), “Вераніка” (1968), “Тая самая зямля” (1971). Юнацтва — своеасаблівы пункт адліку на працягу ўсёй творчасці пісьменніка. Культ кнігі, ведаў у апавяданні “Жуль Верн” (1959). “Вайна пад стрэхамі” юных герояў І. Навуменкі, рамантызацыя імі змагання. Рамантычныя юнакі на фронце ў навеле “Дом над морам” (1958); майстэрства будавання сюжэта ў творы ваеннай тэматыкі; трагізм навелы. Змена ракурсаў у апавяданнях як набліжэнне да раманнага мыслення.

Эпічнасць мыслення І. Навуменкі ў раманнай трылогіі “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967), “Сорак трэці” (1970). Цэнтральны герой трылогіі Міця Птах — паўтарэнне тыпажу юнака папярэдніх твораў. Сродкі стварэння персанажа. Тонкасць душэўнай арганізацыі Міці. Псіхалагічныя нюансы ў характары Сцяпана Птаха. Выдатнае псіхалагічнае майстэрства пісьменніка ў стварэнні вобраза Крамера. Праблема выбару ў трылогіі. Няпростае жыццё беларусаў у акупацыі паводле расповеду І. Навуменкі. Формы барацьбы з акупантамі. Паказ нарастання народнага супраціўлення ў другой і трэцяй кнігах трылогіі; зліццё падпольнай і партызанскай барацьбы. Празаізацыя побыту і адначасова — гераізацыя дзеянняў персанажаў. Сімвалы ў трылогіі. Матывы і мастацкія дэталі, перанесеныя з ранніх апавяданняў. Асаблівасці кампазіцыі раманаў. Мова твораў.

Раман “Смутак белых начэй” (1979) як своеасаблівы працяг трылогіі. Аўтабіяграфізм твораў. Паглыбленне трагедыйнасці зместу. Кантрасты: вайна і маладосць, ілюзіі і расчараванні, рамантыка і жорсткая праўда вайны, мірныя і ваенныя рэаліі ў творы. Асаблівасці хранатопу ў параўнанні з трылогіяй.

Аповесць пра студэнцтва “Бульба” (1964). Погляд аўтара на Веньяміна Сыраежку і Сашу Красуцкага.

Героі-інтэлігенты ў рамане “Летуценнік” (1983) і аповесці “Асеннія мелодыі” (1987). Неардынарнасць унутранага свету галоўных герояў твораў — Сяргея Касцюшкі і Аляксея Андрушкевіча, адчуванне імі сваёй адметнасці. Цяжкасці самарэалізацыі людзей такога тыпу ў асяроддзі, якое ўсё больш набывае рысы мяшчанства і пошласці.

Тэма драматычнага кахання ў навелах і аповесцях “Трымценне дубовага лісця” (1964), “Сукенка Ларэлеі” (1969), ”Развітанне ў Кавальцах” (1974), “Замяць жаўталісця” (1976). Паэтыка твораў. Адметнасць прозы пісьменніка: лірычная пранікнёнасць, настраёвасць і задушэўнасць пісьма. Гумар у творах. Багацце пейзажаў, лірычных адступленняў, маналогаў, мастацкіх дэталяў (сімвалічнай, бытавой, пейзажнай, партрэтнай).

Традыцыі Я. Коласа ў паказе дзяцінства і прыроды ў творах І. Навуменкі канца 20 — пачатку 20І ст. Узаемадачыненні дзіцяці і яго роду, дзіцяці і соцыуму, дзіцяці і прыроды ў аўтабіяграфічнай трылогіі “Дзяцінства; Падлетак; Юнацтва” (1997). Вяртанне на новым жыццёвым вітку да ранейшай тэматыкі.

Гістарычнае і сімвалічнае ў творах І. Навуменкі. Развіццё пісьменнікам узроўню сімвалізацыі твораў (у тым ліку ў загалоўках). Тыпалогія творчасці (Я. Колас, К. Чорны, Г. Бакланаў, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка і інш.).

Літаратуразнаўчыя і крытычныя працы пісьменніка. Даследаванні пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулю і інш.


10.3. АЛЕСЬ АДАМОВІЧ

(1926 (27) — 1994)

Асоба Алеся Адамовіча — пісьменніка, даследчыка літаратуры, публіцыста, грамадскага дзеяча. Біяграфія. Жыццяпіс пісьменніка ў мастацкай споведзі “Vixi” (1993). Філасофска-мастацкае асэнсаванне пройдзенага шляху, эпохі 20 ст.

Аўтабіяграфізм рамана-дылогіі “Вайна пад стрэхамі” (1960) і “Сыны ідуць у бой” (1962). Мастацкая канцэпцыя “вайны пад стрэхамі” як формы Беларускага Супраціўлення. Вобраз беларускай маці Ганны Корзун у творы. Псіхалагізм і лірызм твора. Маральная праблематыка і філасафічныя дыялогі герояў.

Дакументалізм “Хатынскай аповесці” (1972). Жанрава-стылёвыя пошукі празаіка. Вобраз Флёры Гайшуна. Імкненне да праўдзівасці ў паказе трагедыі беларусаў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Вобраз Касача, героя, камандзіра, адважнага чалавека, характар якога дэфармаваны вайной. Інтэлектуалізм як змястоўна-стылёвая асаблівасць прозы А. Адамовіча, яе філасофская скіраванасць. “Хатынская аповесць” (1976) у ацэнках крытыкі. Уганараванне аўтара Дзяржаўнай прэміяй БССР (1976).

Дакументальная кніга А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі...” (1975) і яе унікальнасць. Успаміны Вольгі Мініч як тыповы ўзор народнага бачання вайны. Вобраз вайны ў дакументальнай “Блакаднай кнізе” (1982) А. Адамовіча і Д. Граніна. Сусветны розгалас запісаных пісьменнікамі “галасоў” сведкаў трагедыі мільёнаў людзей. Паняцце “магнітафоннай літаратуры” ў тлумачэнні яе родапачынальніка і стваральніка А. Адамовіча.

Раман “Карнікі” (1980) і літаратура “плыні свядомасці”. Паглыбленне ў псіхалагічны свет, у нетры свядомасці і падсвядомасці розных тыпаў карнікаў. Псіхалагічнае майстэрства пісьменніка. Вобраз вайны і канцэпцыя чалавека ў рамане.

Жанр антыутопіі ў прозе А. Адамовіча (аповесць “Апошняя пастараль”, 1986).

Актуалізацыя рысаў народнай трагедыі ў аповесцях “Венера, або Як я быў прыгоннікам” (1982—1992) і “Нямко” (1993).

А. Адамовіч як публіцыст. Асэнсаванне пісьменнікам праблем часу з пазіцый гуманізму. Публіцыстыка і эсэістыка з кніг другой паловы 80-х — 90-х гг. “Выберы — жыццё!” (1986), “Літаратура і праблемы веку” (1986), “Дадумваць да канца” (1988), “Апакаліпсіс па графіку” (1992), інш.

А. Адамовіч — даследчык літаратуры, літаратурны крытык. Наватарства кніг “Шлях да майстэрства” (1958), “Культура творчасці” (1959), “Беларускі раман” (1961), “Маштабнасць прозы” (1972), “Здалёк і зблізку” (1976), “Браму скарбаў сваіх адчыняю...” (1980) і інш. Канцэпцыя гісторыі беларускай літаратуры і стратэгія яе эстэтычнага развіцця.


10.4. УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

(1930—1984)

У. Караткевіч як адметная, яркая постаць у беларускай літаратуры 20 ст. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Асоба і шматграннасць таленту. Вялікая роля У. Караткевіча ў распрацоўцы гістарычнай тэматыкі, адраджэнні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Адметнасць паэтыкі рамантызму ў яго творчасці.

Тэматычная і жанрава-стылёвая разнастайнасць паэзіі У. Караткевіча. Мастацкая непаўторнасць зборнікаў паэзіі “Матчына душа” (1958), “Вячэрнія ветразі” (1960), “Мая Іліяда” (1969), “Быў. Ёсць. Буду.” (1986). Самабытнасць і навізна паэтычнага слова. Патрыятычны змест, фальклорна-міфалагічная ўмоўнасць, кніжныя традыцыі, пранікнёны лірызм, эпічнасць, баладнасць, вобразнае багацце, філасафічнасць, інтэлектуальнасць,рытміка-інтанацыйная шматграннасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне паэзіі (“Машэка”, “Матчына душа”, “Заяц варыць піва”, “Паўлюк Багрым”, “Трызненне мужыцкага Брэйгеля”, “Безгаловая Венера”, “Дэман”, “Віно дажджоў”, “Беларуская песня”, “Таўры”, “Быў. Ёсць. Буду.”, інш.).

Проза У. Караткевіча. Рамантычнае, фальклорна-легендарнае і адначасова канкрэтна-гістарычнае, па-мастацку дакладнае і дасканалае асэнсаванне пісьменнікам мінуўшчыны. Абгрунтаванне ім думкі пра сувязь часоў. Дакументальныя крыніцы і творчая фантазія ва ўзнаўленні духу мінулых эпох.

Мастацкі свет казак У. Караткевіча (“Лебядзіны скіт”, “Вужыная каралева”, “Чортаў скарб”, “Верабей, сава і птушыны суд”, “Нямоглы бацька”).

Вобразы, праблематыка і стылёвая адметнасць апавяданняў У. Караткевіча “Блакіт і золата дня”, “Кніганошы”, “Сіняя-сіняя”, “Дрэва вечнасці”.

Аўтабіяграфічнасць аповесці “У снягах драмае вясна” (1957). Праблематыка твора.

Спецыфіка аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” (1950, 1958) як гістарычнага дэтэктыва. Патрыятычны змест, праблематыка, вобразы, мастацкія асаблівасці.

Асэнсаванне ў сатырычна-гумарыстычнай аповесці “Цыганскі кароль” (1958) (на прыкладзе цыганскага “каралеўства”) важных сацыяльна-палітычных і нацыянальных праблем.

Патрыятычны змест і паэтыка рамантызму ў аповесці “Сівая легенда” (1960).

Раман “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да Зямлі”) (1960—1962) — твор інтэлектуальна-псіхалагічны, шматпланавы, эксперыментальны. Гісторыя выдання. Адметнасць гістарызму. Сістэма вобразаў у творы. Духоўныя пошукі інтэлігенцыі. Прыгажосць, таямніца і сіла кахання ў рамане.

Раман “Каласы пад сярпом тваім” (1962—1964). Творчая гісторыя. Шматпланавасць і маштабнасць рамана. Час і прастора ў творы. Фальклорна-міфалагічныя і кніжныя традыцыі. Літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй пісьменніка, і рэальныя гістарычныя асобы. Вобразы Алеся Загорскага, Кастуся Каліноўскага, Данілы Загорскага-Вежы і інш.). Атмасфера і дух эпохі, глыбінная беларускасць твора. Гістарызм рамана. Драматызм, трагізм і паэтызацыя, узвелічэнне Беларусі і яе народа. Праблематыка твора. Дакументальная аснова і мастацкая інтуіцыя аўтара. Сюжэтна-кампазіцыйная пабудова. Роля лірычных і пейзажных адступленняў у творы. Эпічнасць, лірызм і публіцыстычнасць рамана. Сімволіка. Стылёвыя асаблівасці.

Аповесць “Зброя” (1964) як адгалінаванне рамана “Каласы пад сярпом тваім”, як сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х гадоў.

Выкарыстанне гратэску ў легендзе “Аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны” (1961). Адлюстраванне на матэрыяле беларускай сярэдневяковай рэчаіснасці барацьбы дабра са злом.

Легенда “Ладдзя Роспачы” (1964). Мастацкая змястоўнасць вобраза сярэдневяковага беларуса, жыццялюба і патрыёта Гервасія Вылівахі. Выяўленне ў творы істотных граняў нацыянальнага характару, глыбокае асэнсаванне лёсу роднага краю. Фальклорныя і кніжныя традыцыі, філасафічнасць і сімволіка. Майстэрства пабудовы прыгодніцкага сюжэта і стварэння характараў. Жанрава-стылёвая адметнасць твора.

Раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1965—1966), яго месца ў кантэксце еўрапейскіх літаратур (Ф. Рабле, Ш. дэ Кастэр, Р. Ралан, М. Булгакаў, У. Эка). Традыцыі “карнавальнай літаратуры” і фальклорнай смехавой культуры ў творы. Гратэск у рамане. Авантурна-прыгодніцкі сюжэт і сацыяльна-філасофскі, псіхалагічны змест рамана. Юрась Братчык як прадстаўнік беларускага народа ў XVI ст. Эвалюцыя галоўнага героя. Адметнасць гістарызму ў рамане. Выкарыстанне пісьменнікам формы Евангелля для выяўлення ўласнай канцэпцыі жыцця і чалавека. Сімволіка і алегарычнасць у рамане. Жанрава-стылёвыя асаблівасці і мова твора.

Аповесць “Чазенія” (1966) як “паэма ў прозе” (Ф. Няўважны). Веліч, краса кахання і прыроды ў творы. Вобразы Севярына Будрыса і Гражыны Арсайлы. Роздум пісьменніка над сутнасцю навуковых і тэхнічных адкрыццяў, рацыяналістычна-прагматычных і эмацыянальна-творчых адносін да жыцця. Вытанчанасць стылю, лірычная ўсхваляванасць, інтэлектуальнасць і глыбокая духоўнасць твора. Аповесць У. Караткевіча ў літаратурным кантэксце (М. Прышвін, К. Паўстоўскі, А. Грын, інш.).

Аўтабіяграфізм і антываенны пафас аповесці “Лісце каштанаў” (1972).

Гісторыка-дэтэктыўны раман “Чорны замак Альшанскі” (1979), адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1984, пасмяротна). Праблематыка твора. Духоўная моц і высокая нацыянальная свядомасць Антона Косміча. Повязь часоў у творы. Дынамічнасць сюжэта, глыбіня псіхалагізму, паказ жыцця ў яго складанасцях і супярэчнасцях, сцвярджэнне думкі пра непераможнасць і ўсёмагутнасць дабра і чалавечнасці. Мастацкія асаблівасці рамана.

Драматургія У. Караткевіча, яе вобразы, праблематыка, жанрава-стылёвыя асаблівасці, сцэнічнае ўвасабленне (“Кастусь Каліноўскі”, 1963; “Званы Віцебска”, 1973; “Маці ўрагану”, 1982 і інш.).

Публіцыстыка і літаратурнага крытыка У. Караткевіча (“Званы ў прадоннях азёр”, 1969; “Зямля пад белымі крыламі”, 1971, 1976; “Дыяментавы горад”, 1982 і інш.).

Пераклады У. Караткевіча (В. Катул, Дж. Байран, А. Міцкевіч, А. К. Талстой, І. Франко, М. Карым, інш.).

Постаць і творчасць У. Караткевіча ў беларускім і сусветным культурным кантэксце (М. Багдановіч, В. Ластоўскі, М. Гарэцкі, Я. Дыла, А .К. Талстой, Г. Сянкевіч, В. Скот, інш.).

Пераклады твораў У. Караткевіча на іншыя мовы.

Бібліяграфія асноўных выданняў пісьменніка. Асэнсаванне жыцця і творчасціУ. Караткевіча ў крытыцы і літаратуразнаўстве.

1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка