Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт




старонка4/5
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5
Раздзел 3
Фразеалогія і анамастыка



3.1 Фразеалогія

Фразеалогія – адзін з самых цікавых і параўнальна маладых раздзелаў навукі аб мове, які вывучае ўстойлівыя выразы мовы, але не ўсе, якія маюцца ў кожнай мове, а толькі фразеалагізмы. Справа ў тым, што яшчэ нядаўна ў аб’ём фразеалогіі ўключаліся калі не ўсе, то многія так званыя ўстойлівыя адзінкі мовы – прыказкі, прымаўкі, крылатыя выразы, афарызмы і пад., а сёння яны не ўключаюцца ў аб’ём фразеалогіі з прычыны іх істотнай розніцы з фразеалагізмамі. Дарэчы, у выніку вылучэння фразеалгізмаў як адзінак фразеалогіі і іх істотнага адрознення ад, напрыклад, прыказак, ці ўжываецца яшчэ тэрмін парэміі, у сучасным беларускім мовазнаўстве выдзелена новая галіна навукі аб мове – парэміялогія, аб’ектам вывучэння якой з’яўляюцца прыказкі [27].



Тэрмін фразеалогія ўжываецца і для абазначэння сукупнасці фразеалагічных адзінак пэўнай мовы (фразеалогія беларускай мовы), асобнага майстра слова – паэта, драматурга і інш. (фразеалогія мовы твораў Янкі Купалы).

У беларускім, як і рускім, мовазнаўстве фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове быў выдзелены параўнальна нядаўна, а сфарміраваўся ён дзякуючы непасрэдна працам такога вядомага беларускага даследчыка, як Ф. М. Янкоўскага, які заклаў асновы навуковага вывучэння беларускай фразеалогіі, а далей развівалі А. С. Аксамітаў, І. Я. Лепешаў і інш., хаця вытокі беларускай фразеалогіі як навукі звязваюцца з працамі многіх фалькларыстаў, этнографаў, збіральнікаў вуснай народнай творчасці, пачынаючы з ХІХ ст., і іх лексікаграфічнай працай, паколькі ў слоўніках рознага тыпу спачатку разам з лексікай, матэрыяламі вуснай народнай творчасці, а пасля і асобна ў спецыяльных слоўніках фіксаваліся фразеалагізмы. Пра фразеалогію ў пачатку яе зараджэння як навукі вядомы беларускі фразеолаг І. Я. Лепешаў піша: “Яшчэ ў 60-я гады [ХХ ст. – В. Л.] лічылася, што яна знаходзіцца ў стадыі “скрытага развіцця” [25, с. 4]. Сёння беларуская фразеалогія – самастойны раздзел навукі аб мове, які вызначаецца сваімі адзінкамі, метадамі і спосабамі іх вывучэння, сваімі задачамі, якія яна вырашае.



3.1.1 Фразеалагізмы як адзінкі фразеалогіі і іх прыкметы
Асноўнай адзінкай фразеалогіі з’яўляецца фразеалагізм. Фразеалагізмы вызначаюцца шэрагам асаблівасцяў, ці прыкмет, сярод якіх найперш выдзяляюцца наступныя:

1) раздзельная аформленасць кампанентаў: фразеалагізм складаецца мінімум з двух кампанентаў. Ён можа складацца з прыназоўніка і назоўніка: без меры ‘вельмі многа’, але часцей фразеалагізмы суадносяцца з двума, трыма і больш самастойнымі словамі, аб’яднанымі ў словазлучэнні рознага тыпу: малочныя рэкі ‘прывольнае, забяспечанае жыццё’; збівацца з дарогі ‘пачынаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця, кепска паводзіць сябе’; камень за пазухай ‘скрытая, затоеная злосць, нядобры намер’; страляць з гармат па вераб’ях ‘траціць шмат сіл, сродкаў на дробязі’ і інш. Многія фразеалагізмы выступаюць са структурай спалучэння слоў: з понтам ‘з мэтай стварыць пэўнае ўражанне (форсу, важнасці, паказухі і пад.)’; на авось ‘з разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (рабіць што-небудзь)’, словазлучэння: казанская сірата ‘той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным (з мэтай разжаліць каго-небудзь)’; кульмінацыйны пункт ‘найвышэйшы рубеж, вяршыня чаго-небудзь’, або сказа, напрыклад: чарвяк/чарвячок грызе/точыць ‘хто-небудзь моцна непакоіцца, сумняваецца ў чым-небудзь’; скура шэрхне ‘хто-небудзь адчувае моцны страх, жах’;

2) устойлівасць: змест і структура фразеалагізма нязменныя, напрыклад: ФА даваць слова мае пастаянную структуру дзеяслоўнага словазлучэння і нязменныя два значэнні – ‘цвёрда абяцаць што-небудзь, запэўніваць у чым-небудзь’ і ‘дазваляць выступіць на сходзе, мітынгу і пад.’. Пэўная частка фразеалагізмаў характарызуецца і нязменнасцю кампанентнага складу, напрыклад: фразеалагізмы адным махам семярых забіяхам ‘меркаваць пра каго- ці што-небудзь зусім аднолькава, не ўлічваючы індывідуальных асаблівасцяў’; сена на асфальце ‘гараджанін у першым пакаленні, ахоплены настальгіяй па роднай вёсцы’;

3) цэласнасць семантыкі: значэнне фразеалагізма не роўнае суме значэнняў яго кампанентаў-лексем і не выводзіцца з іх, параўн., напрыклад, фразеалагізм белая варона ‘чалавек, рэзка непадобны на іншых людзей сваімі паводзінамі ці знешнім выглядам, не такі, як усе’ і свабоднае спалучэнне прыметніка з назоўнікам белая варона, дзе кожнае слова мае сваё ўласнае значэнне – белы паводле колеру і найменне птушкі);

4) узнаўляльнасць: фразеалагізмы ўжываюцца ў гатовым выглядзе, яны не ствараюцца, як свабодныя словазлучэнні, у ходзе маўлення, а выкарыстоўваюцца пры неабходнасці ўжывання і з улікам іх засвоенасці маўленчай асобай. Гэта азначае, што калі чалавек ведае фразеалагізм, то ён яго ўжывае;

5) экспрэсіўнасць і ацэначнасць: фразеалагізмы не толькі і нават не столькі называюць пэўныя з’явы, дзеянні, прыкметы і інш., колькі характарызуюць, даюць ім ацэнку, выражаюць адносіны, параўн., напрыклад, прыслоўе моцна і фразеалагізм як з рэшата ‘вельмі моцным струменем, суцэльным патокам (ліць, ліцца, цячы)’, дзе фразеалагізм найбольш акцэнтуе ўвагу на інтэнсіўнасці прыкметы паводле дзеяння; ці дзеяслоў гаварыць і фразеалагізм гарадзіць плот ‘выкручваючыся ў размове, гаварыць глупства, выдумляць што-небудзь’, дзе ў фразеалагізме канстатуецца ўвага не столькі на працэсе маўлення, колькі на яго характарыстыцы – што гаварыць і з якой мэтай, а таксама на ацэнцы – фразеалагізм выкарыстоўваецца з ацэнкай неадабрэння, у той час як дзеяслоў гаварыць толькі называе дзеянне і не мае дадатковай характарыстыкі, негатыўнай ацэнкі;

6) фразеалагізм можа суадносіцца з пэўнай часцінай мовы, г. зн. фразеалагічная адзінка (ФА) паводле свайго значэння і пэўных граматычных прыкмет фармальна характарызуецца як пэўная часціна мовы. Так, ФА сонная цяцера ‘чалавек, які вельмі любіць паспаць; соня’ суадносіцца з назоўнікам; ФА як яечка ‘вельмі добры, цудоўны’ – з прыметнікам; ФА чортаў тузін ‘трынаццаць’ – з лічэбнікам; ФА валодаць пяром ‘умець свабодна і выразна выказваць свае думкі на паперы’ – з дзеясловам; ФА на ўсю глотку (крычаць, закрычаць і пад.) ‘вельмі моцна’ – з прыслоўем; ФА ў імя – з прыназоўнікам; ФА з лёгкай парай! ‘прывітанне і пажаданне добрага здароўя таму, хто толькі што памыўся ў лазні’ – з выклічнікам і інш. Фразеалагізмы, суадносныя са знамянальнымі часцінамі мовы, выконваюць адпаведную сінтаксічную функцыю, як пэўная часціна мовы, з якой суадносіцца фразеалагізм. Напрыклад: у сказе Усюды добра, дома – лепей, / Дзе гуляў дзяцінай, / Дзе ніхто цябе не чэпе / Так, без дай прычыны (Я. Купала) ФА без дай прычыны ‘беспадстаўна, без усякіх прычын’ суадносіцца з прыслоўем і выконвае сінтаксічную ролю акалічнасці.

Асобныя фразеалагізмы могуць суадносіцца не з часцінай мовы, а са сказам рознага тыпу. Так, напрыклад, ФА рукі не адваляцца ‘нічога не зробіцца, калі хто-небудзь дапаможа, зробіць што-небудзь, выканае якую-небудзь работу’; сэрца ёкнула ‘каго-небудзь нечакана ахоплівае хваляванне, неспакой і пад.’ суадносяцца з простымі двухсастаўнымі неразвітымі сказамі; звязаў чорт вяровачкай ‘хто-небудзь вельмі моцна сябруе з кім-небудзь, кахае каго-небудзь’ – з двухсастаўным развітым; і інш.

У фразеалогіі розных моў можна знайсці блізкія паводле структуры і семантыкі фразеалагізмы. Напрыклад: бел. як сідараву казу (лупіць, лупцаваць), рус. как Сидорову козу (драть), укр. як сидорову козу, чэш. zkopat koho jak financ kozu, латыш. pert ka kaimina azi; dirat (mizot) Ka kaimina azi, польск. wyrychtowac kogo jak diabol koze, у якіх розныя кампаненты параўнання: у бел., рус., укр. – Сідарава каза, у чэхаў – прыказчык, у латышоў – сусед, а ў палякаў – д’ябал. Гэты прыклад паказвае, што кожная мова паводле сваёй фразеалогіі ўнікальная, паколькі кожны народ у ФА адлюстроўвае сваё бачанне свету, занатоўвае свае факты гісторыі і па-свойму іх выражае, ацэньвае.

3.2 Уласныя імёны ў фразеалагізмах
Фразеалагізмы адносяцца да адзінак мовы, якія валодаюць не толькі ўнікальнай семантыкай, вобразнасцю і, як правіла, экспрэсіўнасцю, эмацыянальна-ацэначным характарам, але і нясуць у сабе закадзіраваную інфармацыю пра нацыянальна-культурны светапогляд народа, яго ўнікальныя духоўныя і культурныя адметнасці. Даследаванне фразеалогіі канца ХХ – пачатку ХХІ стст. асабліва вызначаецца сваёй навізной прац, прысвечаных вывучэнню фразеалагічных адзінак як унікальных сродкаў кадзіравання інфармацыі чалавека пра свет і аб адносінах чалавека да гэтага свету. Менавіта фразеалагізмы ўтрымліваюць інфармацыю пра наіўную карціну свету чалавека, пра культуру кожнага народа-носьбіта іх, пра тое агульнае, што ляжыць у аснове іх вобразаўтварэння, і адметнае для кожнага народа і яго мовы.

Разгледзім толькі адну групу фразеалагізмаў, у складзе якіх маюцца кампаненты-ўласныя імёны, найперш антрапонімы і тапонімы, і якія адлюстроўваюць ці захоўваюць культурную інфармацыю, культурную спадчыну – гэта тыя гістарычныя падзеі, асаблівасці грамадскіх адносін у пэўнай краіне, уклад жыцця, звычаі і вераванні, якія былі характэрны таму ці іншаму народу, і паслужылі прататыпам для ўтварэння фразеалагізмаў, для фарміравання фразеалагічнага вобраза. Напрыклад, узнікненне фразеалагізм як рукой зняло ‘што-небудзь зусім знікла, прапала, прайшло (пра хваробу, сон, пачуцці, перажыванні)’ хутчэй за ўсё мае сувязь з лячэннем хворага шаптунамі, знахарамі, якія праводзілі па балючым месцы рукой. Фразеалагізм як на дзяды, які мае два значэнні – ‘выдатна, уволю (наесціся, пад’есці)’ і ‘вельмі многа (пра яду)’ – звязаны з дзядамі, старадаўнім памінаннем нябожчыкаў і днём, калі гэты абрад адбываўся, бо на дзяды гатавалі шмат страў – куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса і інш. (вось адкуль першае значэнне ФА). Памаліўшыся, гаспадар заклікаў на вячэру “дзядоў-нябожчыкаў”, і сям’я ела нагатаванае з перапынкамі, кладучы час ад часу лыжкі на стол, каб імі сімвалічна маглі пакарыстацца “дзяды”. Пасля вячэры са стала не прыбіралі, бо зноў пакідалі для нябожчыкаў. Такім чынам, пры адносна бедным звычайным харчаванні на гэты дзень наядаліся, а ў выніку ў фразеалагізмах знайшлі адгалоскі памінальнага абраду.

Гэта азначае, што фразеалагізмы з’яўляюцца крыніцай пазнання і атрымання культурнай інфармацыі. Засяродзім увагу на адным тыпе фразеалагізмаў – гэта фразеалагічных адзінках, у складзе якіх маецца ўласны назоўнік, ці правядзем кампанентны аналіз такіх фразеалагізмаў, сутнасць якога зводзіцца да разгляду значэнняў, паходжання, асаблівасцяў і інш. складнікаў, ці кампанентаў, фразеалагізмаў. Кампанентны аналіз з’яўляецца адным з апошніх кірункаў вывучэння і даследавання фразеалагізмаў розных моў, а для нас важным з’яўляецца роля ўласнага імені ва ўтварэнні фразеалагізма, а значыць, пазнанне той інфармацыі, якая скрываецца за гэтым іменем.

Але спачатку разгледзім, якія ўласныя імёны знаходзяць месца ў складзе фразеалагізмаў.

Усе фразеалагізмы з кампанентам-уласным іменем для зручнасці атрымання інфармацыі і пэўнай сістэмнасці падзяляюцца на фразе-алагізмы з кампанентам-антрапонімам і фразеалагізмы з кампанентам-тапонімам, якія ў сваю чаргу ў залежнасці ад разнавіднасці антрапонімаў ці разнавіднасці тапонімаў падраздзяляюцца на шматлікія падгрупы.
3.2.1 Фразеалагізмы з кампанентам-антрапонімам
Адну з самых колькасных груп фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы паводле іх аб’яднання на аснове агульнага кампанентнага паказчыка складаюць тыя, у склад якіх уваходзяць кампаненты-антрапонімы. Сярод фразеалагізмаў гэтай групы ў залежнасці ад тыпу антрапонімаў выдзяляюцца пяць тыпаў антрапонімаў-кампанентаў: імя, прозвішча, псеўданім, мянушка і клічка.
3.2.1.1 Імя як кампанент фразеалагізмаў абазначае мужчыну ці жанчыну, а таму ў фразеалагізмах яно можа быць прадстаўлена:

а) імёнамі мужчын, якімі з’яўляюцца Адам, Абрам, Алёша, Андрэй, Батый, Гіменей, Іван, Каін, Карл, Кузьма, Лазар, Макар, Мамай, Марка, Марфей, Марцін, Мікіта, Пётр, Тантал, Фама, Хведар, Юда, Янус. З гэтымі імёнамі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове зафіксаваны наступныя фразеалагізмы: ад Адама ‘з даўніх часоў, здаўна’ і ‘здалёк, не адразу прыступаючы да сутнасці справы’; адпраўляцца да Абрама / Абрагама на піва ‘паміраць’; Алёша з батонамі ‘някемлівы, няўмелы чалавек, недарэка ці разявяка’; Андрэй Кузьме родны Хведар ‘той, хто важнічае, хваліцца блізкасцю ці сваяцтвам з нераўнёй’; адзін раз Марку жаніць ‘выказванне поўнай рашучасці перад прыняццем рашэння. Што ні будзе, што ні здарыцца’; двухаблічны Янус ‘крывадушны чалавек’; дзе Макар козы пасе ‘вельмі далёка (папасці, трапіць і пад.)’ і ‘ў далёкую ссылку (выслаць, загнаць і пад.)’; запець/заспяваць Лазара ‘пачаць скардзіцца на свой лёс, імкнучыся выклікаць спачуванне, спагаду да сябе’; звязваць сябе вузамі Гіменея ‘ўступаць у шлюб’; Іван без роду і племені ‘той, хто парваў усе сувязі з роднымі, блізкімі яму людзьмі, з асяроддзем, якое выхавала яго’; і квіта <пане, дзядзька> Мікіта ‘на гэтым усё кончана. Пра канчатковую развязку чаго-небудзь’; ківаць на Пятра ‘звальваць віну на іншага’; куды Макар цялят не ганяў ‘вельмі далёка, у вельмі аддаленае або цяжкадаступнае месца (ехаць, трапіць і пад.)’; мукі Тантала ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немажлівасці дасягнуць яе’; пацалунак Юды ‘здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы’; пець/спяваць Лазара ‘прыкідвацца няшчасным, каб расчуліць каго-небудзь; скардзіцца на свой лёс’; у абдымкі / абдоймы Марфея ‘спаць’; у касцюме Адама ‘без усякага адзення, голы. Пра мужчыну’; Фама няверны / няверуючы ‘чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-небудзь’; як Мамай / Батый прайшоў ‘дзе-небудзь поўны беспарадак, неразбярыха’; як Марцін да кавы ‘вельмі, празмерна (цікаўны хто-небудзь)’; як папа Карла рабіць, працаваць ‘напружана, высільваючыся’.

Да пералічаных фразеалагізмаў прымыкае яшчэ ФА як піліп з канапель ‘нечакана, раптоўна’, якая выяўляе блізкасць да папярэдніх паводле фанетыка-графічнага афармлення кампанента піліп (яшчэ нядаўна кампанент піліп у складзе гэтага фразеалагізма пісаўся з вялікай літары) – амафон да ўласнага імя Піліп, што і паслужыла неапраўданаму напісанню слова з вялікай літары як уласнага імені па прычыне наступнага тлумачэння паходжання гэтага фразеалагізма, якое так аналізуе І. Я. Лепешаў: “Часам узнікненне фразеалагізма звязваюць, услед за П. Шпілеўскім, з легендай: аднойчы на сейміку магната Радзівіла нечакана і недарэчна выказаўся шляхціц Піліп з Канапель (так называўся засценак на Чэрвеньшчыне) і быў востра абсмеяны” [26, с. 436]. Але, на нашу думку, больш верагоднай бачыцца этымалогія гэтай адзінкі ў беларускага даследчыка, які звязвае піліп – filip з народнай назвай зайца ў польскай мове, адкуль і запазычаны фразеалагізм, што склаўся, як зазначае І. Я. Лепешаў, “у асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль” [26, с. 436]. Як вынік такога паходжання – напісанне кампанентаў ФА як піліп з канапель з малой літары, а гэта азначае, што ФА паводле паходжання не мае ніякіх адносін да ўласных імёнаў, у прыватнасці да імені мужчыны;

б) імёнамі жанчын, якімі з’яўляюцца Ганна, Ева, Магдуся, Пандора, Сара. Як відаць, такіх адзінак нямнога, пра што сведчыць і колькасць фразеалагізмаў: пастухова Ганна ‘кожны, нават някемлівы чалавек (разумее, зразумее, зробіць што-небудзь’; скрыня Пандоры ‘крыніца ліхаў, бедстваў’; у касцюме Евы ‘без усякага адзення, голая. Пра жанчыну’; як ксёндз Магдусі ‘вельмі добра (дагадзіць каму-небудзь); як Сара / Сора казала / сказала ‘так, як каму-небудзь хочацца’.


3.2.1.2 Прозвішча як кампанент фразеалагізмаў прадстаўлена, як і імя жанчын, у невялікай колькасці (усяго 5): Духонін, Катоўскі, Заблоцкі, Прышыбееў, Манамах. Зразумела, гэта адлюстравана ў адзінкавых фразеалагізмах: адпраўляцца ў штаб Духоніна ‘расстрэльваць’; пад Катоўскага стрыгчы, стрыгчыся, падстрыгчы і пад. ‘дагала, зусім, поўнасцю’; унтэр прышыбееў ‘самачынны ахоўнік парадку, душыцель свабоды’; шапка Манамаха ‘галаўны ўбор як сімвал царскай улады ў Расіі’ і ‘адзінае, паўнаўладнае кіраўніцтва дзяржавай’; як Заблоцкі на мыле ‘зусім нічога, ніколькі ці амаль нічога, амаль ніколькі не (зарабіць і пад.). Па-другое, гэта прозвішчы як рэальных, гістарычных асоб (Духонін, Катоўскі, Манамах), так і невядомых, “цёмных” асоб (Заблоцкі) ці створаных уяўленнем мастака, ці “гаворачых” прозвішчаў (Прышыбееў).

Да пералічаных вышэй фразеалагічных адзінак з кампанентам-прозвішчам прымыкае яшчэ адзін фразеалагізм – замуж за <пана> Пясоцкага, у якім кампанент-назоўнік Пясоцкі паводле свайго паходжання імітуе прозвішча, але на самой справе з’яўляецца каламбурным ўтварэннем з дапамогай суфікса -ск- ад агульнага назоўніка пясок ‘зямля, дзе хаваюць, якой закопваюць пакойніка’ па аналогіі з прозвішчамі на -скі тыпу: Вяршынскі, Агінскі і інш.. А таму фразеалагізм замуж за <пана> Пясоцкага азначае (збірацца) ‘паміраць’.


3.2.1.3 Псеўданім як кампанент фразеалагізмаў. У якасці кампанента-антрапоніма зафіксаваны ў адным выпадку псеўданім Ленін (сапраўднае імя Уладзімір Ільіч Ульянаў) – гэта фразеалагізм як Ленін на буржуазію ‘непрыязна ці з нянавісцю, з агідай (глядзець на каго-небудзь)’.
3.2.1.4 Мянушкі і клічкі як кампаненты фразеалагізмаў. Адзінкавымі кампанентамі фразеалагізмаў выступаюць два найменні невядомых пачвар, якія з’яўляюцца паводле паходжання ўласнымі імёнамі. Гэта імёны пачвар Сцыла і Харыбда, якія зафіксаваны ў фразеалагізме між / паміж Сцылай і Харыбдай ‘у цяжкім становішчы, калі непрыемнасці, небяспека пагражаюць з двух бакоў’.

Адным з відаў онімаў выступаюць заонімы, сярод якіх выдзяляюцца кінонімы (клічкі сабак), гіпронімы (клічкі коней), арнітонімы (клічкі птушак), інсектонімы (клічкі нясякомых). Сярод фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы зафіксаваны адзін фразеалагізм асядлаць Пегаса ‘заняцца паэзіяй, стаць паэтам, пачаць пісаць вершы’, у складзе якога адзначаецца клічка жывёлы, ці гіпронім, Пегас.


Такім чынам, фразеалагізмаў з кампанентам-антрапонімам у складзе сучаснай беларускай літаратурнай мовы зафіксавана ўсяго 36 адзінак, у складзе якіх ужыта 37 уласных імёнаў, з якіх найбольш колькасна прадстаўлены імёны мужчын (усяго 23 імя), менш – імёны жанчын (іх усяго 5 імён) і прозвішчы (усяго 5 адзінак) і адзінкавыя прадстаўляюць псеўданім (1 адзінка), мянушку (2 адзінкі) і клічку каня (1 адзінка).
3.2.2 Фразеалагізмы з кампанентам-тапонімам
Значна менш, у параўнанні з фразеалагізмамі, у складзе якіх зафіксаваны кампаненты-антрапонімы, у сучаснай беларускай літаратурнай мове прадстаўлена фразеалагізмаў з кампанентам-тапонімам. Можна адзначыць і яшчэ адно адрозненне паміж гэтымі дзвюма групамі фразеалагізмаў, праўда, адваротнае першаму: кампаненты-антрапонімы прадстаўлены толькі пяццю відамі антрапонімаў – імя, прозвішча, псеўданім чалавека, мянушка і клічка жывёлы, а кампаненты-тапонімы прадстаўлены шасцю відамі тапанімічных адзінак – назва горада, ракі, кантынента, адміністрацыйнай адзінкі, сяла, замка, у залежнасці ад чаго ў складзе фразеалагізма можна выдзеліць кампанент, які суадносіцца з:

а) назвай горада – астыонімам: Масквада Масквы ракам не пераставіш ‘залішне многа каго-небудзь’; Масква відаць ‘выказванне незадавальнення пры ўжыванні чаго-небудзь горкага або кіслага (часта суправаджаецца прыжмурам вачэй)’; Садом і Гаморасадом і гамора ‘крайняе бязладдзе, поўная неразбярыха, сумятня’; Вільня як дзядзька ў Вільні ‘збянтэжана, непрывычна, ніякавата (адчуваць сябе, паводзіць сябе і пад.)’; Палтава – прапасці, праваліцца і пад. як швед пад Палтавай ‘зусім, канчаткова’;

б) назвай ракі – патамонімам: Летакануць у Лету ‘бясследна знікнуць, назаўсёды аказацца забытым’; Рубіконпераходзіць Рубікон ‘прымаць беспаваротнае рашэнне, рабіць адказны, рашучы крок’; Рубікон пяройдзены ‘адказны, рашаючы крок зроблены, прынята беспаваротнае рашэнне’;

в) назвай кантынента, часткі свету: Амерыка адкрываць / адкрыць Амерыку ‘гаварыць, аб’яўляць пра даўно ўсім вядомае’ і ‘знаходзіць, выяўляць што-небудзь зусім новае’; адкрыццё Амерыкі ‘вынаходніцтва, выяўленне чаго-небудзь новага’; Еўропагалопам па еўропам ‘павярхоўна, не сур’ёзна, не ўдаючыся ў дэталі (рабіць што-небудзь)’;

г) назвай сяла – айконімам: Каломенскаевярста каломенская ‘чалавек вельмі высокага росту’; з каломенскую вярсту ‘вельмі высокі’;

д) назвай замка – айкадамонімам: Каноса ісці ў Каносу ‘ўніжацца перад кім-небудзь, каяцца, станавіцца пакорлівым, прызнаючы сябе пераможаным’.

Да пералічаных фразеалагізмаў з кампанентам-тапонімам далучаецца прастамоўны беларускі фразеалагім ездзіў у рыгу ‘ванітавала каго-небудзь, звычайна пры моцным ап’яненні’ паводле супадзення ў гучанні кампанента рыга з назвай сталіцы Літвы Рыга. Зразумела, што гэты фразеалагізм, дакладней яго кампанент, не мае адносін да назвы горада, бо гэта каламбурнае ўтварэнне ад дзеяслова рыгаць ‘вывяргаць ротам прынятую ежу; ванітаваць’.

У выніку можна канстатаваць, што фразеалагізмаў з кампанентам-тапонімам адзначана ўсяго 18 адзінак, у складзе якіх зафіксавана 13 кампанентаў-тапонімаў, якімі з’яўляюцца назвы гарадоў, рэк, кантынентаў, сяла, адміністрацыйнай адзінкі краіны, замка і сярод якіх найбольш колькасна прадстаўлены назвы гарадоў (5), толькі двойчы – назвы рэк, а ўласныя назвы іншых геаграфічных аб’ектаў адзначаюцца па адной.




3.2.3 Фразеалагізмы з кампанентам-прыметнікам

Другі тып складаюць фразеалагізмы з прыметнікавым кампанентам, але гэты прыметнік з’яўляецца вытворным ад уласнага імені, што і паслужыла асновай далучэння іх да фразеалагізмаў з уласным іменем як адным з кампанентаў і разгляду такога тыпу фразеалагізмаў. Напрыклад, ФА адамаў яблык ‘цвёрды выступ на горле ў мужчыны; кадык’ уключае кампанент-прыметнік адамаў, які ўтвораны ад уласнага назоўніка (Адам + -аў = Адамаў), а ФА кітайская сцяна ‘неадольная перашкода; поўная ізаляванасць ад каго-, чаго-небудзь’ ці ‘сур’ёзная перашкода ў чым-небудзь’ уключае кампанент-прыметнік кітайская, які, несумненна, цесна звязаны паводле свайго ўтварэння з уласным назоўнікам Кітай (Кітай + -ск- = кітайскі).

У адпаведнасці з тым, ад асновы чаго ўтвораны кампанент-прыметнік – ад антрапоніма ці тапоніма, фразеалагізмы з прыметнікавым кампанентам падзяляюцца на дзве падгрупы: 1) фразеалагізмы з адантрапонімным кампанентам-прыметнікам і 2) фразеалагізмы з адтапонімным кампанентам-прыметнікам, кожная з якіх прадстаўлена рознай колькасцю як фразеалагізмаў, так і кампанентаў-прыметнікаў і характарызуецца сваімі кампанентамі, утворанымі ад розных тыпаў антрапонімаў і тапонімаў.
3.2.3.1 Фразеалагізмы з адантрапонімным прыметнікам. Гэтую групу фразеалагізмаў складаюць тыя, у якіх зафіксаваны кампанент-прыметнік, які ўтвораны ад уласнага імені – антрапоніма. Але фразеалагізмы з адантрапонімным прыметнікавым кампанентам у сваю чаргу падзяляюцца ў залежнасці ад суадноснасці кампанента з пэўным тыпам антрапоніма, які можа быць прадстаўлены:

а) іменем мужчыны, якое стала словаўтваральнай базай для прыметніка, ужытага ў наступных фразеалагізмах: адамаў яблык (Адам Адамаў) ‘цвёрды выступ на горле ў мужчыны; кадык’; антонаў агонь (Антон → Антонаў) ‘заражэнне крыві, гангрэна’; арэдавы вякі (АрэдАрэдавы) ‘вельмі доўга’; аўгіевы стайні / канюшні (Аўгій Аўгіеў) ‘вельмі забруджанае месца, запушчанае памяшканне’ і ‘поўнае бязладдзе, надзвычайная запушчанасць спраў (якой-небудзь арганізацыі)’; ахілесава пята (Ахілес Ахілесаў) ‘найбольш паражальнае месца, слабы бок у каго-небудзь’; бурыданаў асёл (Бурыдан Бурыданаў) ‘крайне нерашучы чалавек, які хістаецца, вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі’; валаамава асліца/валаамаў асёл (Валаам Валаамаў) ‘пакорны, маўклівы чалавек, які нечакана выказаў сваю думку або нязгоду, пратэст’; валтасараў баль (Валтасар Валтасараў) ‘вясёлае, бестурботнае існаванне каго-небудзь у бядотную для іншых часіну’; варфаламееўская ноч (Варфаламей Варфаламееў) ‘масавае, нечаканае знішчэнне каго-небудзь’; вось табе <бабка> і Юр’еў дзень! (Юр’е Юр’еў) ‘вокліч здзіўлення, расчаравання і інш.’; геркулесавы слупы (Геркулес Геркулесаў) ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-небудзь’; да гуркулесавых слупоў ‘(даходзіць і інш.) да крайнасці ў чым-небудзь’; гордзіеў вузел (Гордзій Гордзіеў) ‘заблытаная справа, складаныя абставіны’; дамоклаў меч (Дамокл Дамоклаў) ‘пастаянная небяспека, неадступная пагроза’; дзям’янава юшка (Дзям’ян Дзям’янаў) ‘тое, што назойліва прапануецца каму-небудзь у вялікай колькасці’; каінава пячаць/пячатка (Каін Каінаў) ‘след злачынства’; мамаева пабоішча (Мамай Мамаеў) ‘вялікая сварка, бойка’ і ‘поўны беспарадак, неразбярыха’; мафусаілаў век (Мафусаіл Мафусаілаў) ‘вельмі доўгае жыццё, даўгалецце’; праметэеў агонь (Праметэй Праметэеў) ‘незгасальнае імкненне да высакароднай мэты’; танталавы мукі/пакуты (Тантал Танталаў) ‘нясцерпнае мучэнне ад усведамлення блізкасці жаданай мэты і немагчымасці дасягнуць яе’; трышкаў кафтан/каптан (Трышка Трышкаў) ‘непапраўнае становішча, сітуацыя, калі з ліквідацыяй адных недахопаў непазбежна ўзнікаюць другія’; як сідараву казу/сідаравых коз (Сідар Сідараў) ‘вельмі жорстка, бязлітасна (лупіць каго-небудзь)’; юдаў/іудаў пацалунак (Юда/Іуда Юдаў/Іудаў) ‘здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы’.

Да гэтай падгрупы фразеалагізмаў далучаецца яшчэ фразеалагізм фількава грамата, у якім першы кампанент паводле гучання і ўтварэння суадносіцца з прыметнікам, утвораным ад уласнага імя Філька (памянш.-ласк. ад Філя), што і стала адной з версій паходжання фразеалагізма, паколькі “лічаць аўтарам выразу Івана Грознага, які нібыта пагардліва назваў маскоўскага мітрапаліта Філіпа Фількай, а яго пісьмы да цара, накіраваныя супраць апрычніны і палітыкі тэрору, – “филькиной грамотой» [26, с. 391]. І.Я. Лепешаў больш схільны да другога тлумачэння, паводле якога “выраз узнік па мадэлі састаўных тэрмінаў тыпу духоўная грамата. Прыметнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся ад назоўніка філька – уласна рускага слова са значэннем ‘недалёкі чалавек, дурань’ (параўн. таксама рускае простофиля). Першапачаткова сэнс выразу быў вузейшы, чым цяпер: ‘бязглузда складзены дакумент’ [26, с. 392];

б) іменем жанчыны, якое стала асновай для ўтварэння прыметніка. Праўда, адантрапонімны прыметнік, які ўтвораны ад імені жанчыны (Арыядна → Арыядніна), стаў кампанентам толькі ў адным фразеалагізме – арыядніна ніць ‘сродак выйсця з цяжкага становішча’;

в) прозвішчам, якое было выкарыстана для ўтварэння прыметніка, што стаў кампанентам у наступных фразеалагізмах: калумбава яйка/яйцо (Калумб → Калумбава) ‘удалае рашэнне чаго-небудзь, знойдзены выхад з цяжкага становішча’; пацёмкінская вёска (Пацёмкін → пацёмкінскі) ‘ашуканства, паказуха, за якой хаваецца дрэнны стан чаго-небудзь’; сталыпінскі гальштук (Сталыпін → сталыпінскі) ‘шыбеніца, пятля’; эзопаўская/эзопава мова (Эзоп → Эзопава) ‘іншасказальнае, алегарычнае выказванне думак’.

Такім чынам у сучаснай беларускай літаратурнай мове ўсяго зафіксавана 30 фразеалагізмаў з адантрапонімным прыметнікам-кампанентам, які ўтвораны ад 25 імён мужчын, 4 прозвішчаў і 1 жаночага імені.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка