Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт




старонка3/5
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5

Уласныя імёны ў тэрмінах рознага спосабу

ўтварэння
Тэрміны, як і звычайныя словы, афармляюцца паводле законаў словаўтварэння, паводле існуючых спосабаў утварэння слоў у беларускай літаратурнай мове, але іх утварэнне адметнае, спецыфічнае, пра што ўжо адзначалася і далей пойдзе размова. Справа ў тым, што ўтварэнне тэрміналагічнай лексікі вызначаецца выкарыстаннем разнастайных відаў анамастычных адзінак і тэрмінаў рознай структуры і розных спосабаў.

Адносна выкарыстання ўласных імёнаў у тэрміналогіі можна выдзеліць два тыпы тэрмінаў паводле структуры – тэрміны-словы і тэрміны-словазлучэнні. Паводле ўтварэння тэрмінаў-слоў выдзяляюцца тры асноўныя спосабы: 1) суфіксальны спосаб, 2) спосаб апелятывацыі, ці пераход уласных імёнаў у тэрміны, і 3) шляхам асноваскладання. Паводле ўтварэння тэрмінаў-словазлучэнняў выдзяляецца адзін спосаб – гэта ўтварэнне тэрмінаў сінтаксічным спосабам, калі адбываецца выкарыстанне рознага тыпу словазлучэнняў і словаспалучэнняў у якасці тэрмінаў.

На матэрыяле тэрмінаў розных галін навукі, тэхнікі прааналізуем кожны паасобку спосаб іх утварэння, але абмяжуемся ілюстрацыяй толькі тых тэрмінаў-слоў і тэрмінаў-словазлучэнняў, якія маюць паводле свайго ўтварэння непасрэднае дачыненне да ўласных імён, ці ў складзе тэрміна ўтрымліваецца ўласнае імя ў якасці ўтваральнай асновы, утваральнага кампанента ці кампанентаў.
2.2.1 Суфіксальны спосаб
Адным з найбольш пашыраных спосабаў утварэння тэрмінаў з’яўляецца суфіксальны, які заключаецца ў тым, што да асноў уласных імён, якімі з’яўляюцца прозвішчы, імёны, тапанімічныя назвы і іншыя тыпы ўласных імён, далучаюцца пэўныя суфіксы, у выніку чаго ўтвараюцца адзінкі новага тыпу. Гэтыя адзінкі не маюць суадноснасці са значэннем утваральных слоў, г. зн. з паняццем, якое яны абазначаюць. Напрыклад: мінерал брусіт атрымаў сваю назву ў выніку спалучэння асновы прозвішча амерыканскага мінералога А. Бруса (A. Bruce) з суфіксам -іт, а абазначае “мінерал класа вокіслаў і гідравокіслаў белага або зеленаватага колеру, празрысты; з’яўляецца сыравінай для атрымання магнію’. Як можна заўважыць нават на асобным прыкладзе, няма ніякай сувязі паміж тэрмінам і абазначаным ім мінералам, яго якасцю, прыкметамі і пад.: тэрмін служыць найменнем аднаго мінерала.

Для параўнання з тэрмінамі возьмем агульны назоўнік дамбрыст, які таксама, як і тэрмін у папярэднім прыкладзе, з’яўляецца вытворным: ён утвораны суфіксальным спосабам і мае значэнне ‘музыкант, які іграе на домбры’. Але гэтае значэнне цесна звязана са значэннем яго складнікаў: назоўніка домбра, які мае значэнне ‘казахскі народны струнны музычны інструмент з корпусам акруглай формы’ і суфікса -іст, які ўжываецца для абазначэння асобы паводле роду заняткаў.

Неабходна адзначыць і той факт, што ў кожнай галіне навукі і тэхнікі, як правіла, адзначаецца адметнасць выбару суфікса, з аднаго боку, і сістэматычнасць яго ўжывання, з другога боку, паводле чаго можна гаварыць аб сістэмнасці структуры тэрмінаў пэўнай галіны і тыповым словаўтваральным сродку-суфіксе для пэўных груп тэрмінаў. Разгледзім гэта палажэнне на матэрыяле тэрмінаў розных галін.

Большасць назваў хімічных элементаў утвараецца з дапамогай суфіса -ій/-ый, які далучаецца да ўтваральнай асновы ўласнага назоўніка, якім можа быць:

а) прозвішча вучонага, напрыклад: гадаліній ад Ю. Гадаліні (J. Gadolin), фін. хімік; кюрчатавій – ад І. В. Курчатаў рус. фізік; кюрый ад Р. Кюры і С. Складоўская-Кюры (P. Curie і M. Skladowska-Curie), фр. фізікі; нобелій ад А. Б. Нобель (A. Nobel), шв. вынаходца; самарый – ад Самарскі, рус. мінералог; лаўрэнсій – ад Лаўрэнс (E. Lawrence), амер. фізік; мендзялевій – ад Д. І. Мендзялееў, рус. хімік, фермій – ад Э. Фермі (E. Fermi), іт. фізік; эйнштэйній – ад А. Эйнштэйн (A. Einstein), ням. фізік-тэарэтык, і інш.;

б) назва мясцовасці, краіны, горада, ракі і інш., дзе быў адкрыты элемент, напрыклад: амерыцый – ад Амерыка; берклій – ад англ. Berkeley, горад у Каліфорніі; галій – ад ням. Gallia, Францыя; гафній – ад Hafnia, лац. назва горада Капенгагена; германій – ад Германія; індый – ад Індыя; ітрый, ітэрбій, тэрбій – ад н.-лац. yttrium, ад Ytterby, мясцовасць у Швецыі; каліфорній – ад англ. California, штат у ЗША; лютэцый – ад Lutecia, лац. назва горада Парыжа; скандый, тулій – ад с.-лац. Scandia = Скандынавія ці ад гр. Thoule, ст. гр. назва Скандынавіі; стронцый – ад Strontion, назва мястэчка ў Шатландыі; францый – ад фр. France, Францыя; эрбій – ад шв. Ytterfy, шведскі горад; рэній – ад ням. Rein, рака Рэйн у Германіі і інш.;

в) імя героя, бога паводле міфаў і легендаў, напрыклад: ванадый – ад ст.-сканд. Vanadis, імя старажытнаскандынаўскай багіні прыгажосці; морфій – ад гр. Morpheios (Морфій), бог сну, і інш.

Назвы розных навуковых кірункаў, вучэнняў, плыняў, тэорый, рухаў і пад. утвараюцца з дапамогай суфіксаў -ізм/-ызм і радзей -янства/-ыянства/-эанства, якія далучаюцца да ўтваральнай асновы ўласнага назоўніка, якім можа быць:

а) імя бога, прарока, мысліцеля, манарха, вучонага, персанажа твора і інш., напрыклад: авераізм ‘кірунак у заходнееўрапейскай філасофіі ХІІІ – ХVІ стст.’ – лац. Averroes, лац. форма імя арабскага мысліцеля Ібн-Рушда; арфізм ‘плынь у заходнееўрапейскім жывапісе’ – гр. Orpheus (Арфей), чароўны музыкант і спявак у старажытнагрэчаскай міфалогіі; бабізм ‘грамадска-рэлігійны рух у Персіі’ перс. Bab, псеўданім Саід Алі Мухамеда, іранскі рэлігійны дзеяч; віктарыянізм ‘кірунак маралі’ Victoria (Вікторыя), англ. каралева; джайнізм ‘рэлігійна-філасофскае вучэнне’ Džina (Джайн), інд. богачалавек; зораастрызм ‘рэлігія, якая была пашырана ў старажытнасці’гр. Zoroaster, перс. Zaratusira, прарок; мітраізм ‘рэлігійны культ бога Мітры ў старажытным Іране, Індыі і інш. краінах’ перс. Mitra, бог святла, чысціні і праўды; і інш.;



б) прозвішча чалавека, напрыклад: бабувізм ‘філасофская тэорыя ўтапічна-камуністычнага кірунку, распрацаваная ў канцы 18 ст. у Францыі Г. Бабёфам’ ад G. Babeuf, фр. камуніст-утапіст; байранізм ‘літаратурная плынь пачатку 19 ст., якая ўзнікла пад уздзеяннем творчасці Байрана і характарызавалася рамантычным індывідуалізмам, расчараванасцю ў жыцці’ – ад англ. D. Byron, англ. паэт; бланкізм ‘палітычныя плынь у французскім сацыялістычным руху 19 ст., прыхільнікі якой лічылі, што капіталізм можна звергнуць не шляхам класавай барацьбы, а праз захоп улады групай змоўшчыкаў’ ад L. Blanqui (Бланкі Луі Агюст), фр. рэвалюцыянер; беркліянства ‘разнавіднасць суб’ектыўнага ідэалізму, прадстаўнікі якога адмаўлялі існаванне матэрыяльнага свету і сцвярджалі, што рэчы ўяўляюць сабой сукупнасць адчуванняў’ ад G. Berkeley (Дж. Берклі), англ. філосаф; гандзізм ‘сацыяльна-палітычная і рэлігійна-філасофская дактрына, якая ўзнікла ў перыяд барацьбы Індыі за незалежнасць у 20–40 гг. 20 ст.’ – ад M. Gandhi (М.К. Гандзі), індыйскі ідэолаг; гегельянства ‘філасофскае вучэнне Гегеля і яго паслядоўнікаў, паводле якога быццё тоеснае мысленню, але не суб’ектыўнаму, а абсалютнаму, што развіваецца дыялектычна’ ад G. Hegel, ням. філосаф; дарвінізм ‘вучэнне аб эвалюцыйным развіцці жывых арганізмаў на Зямлі шляхам натуральнага адбору’ – ад англ. C. Darwin (Дарвін), англ. вучоны; кальвінізм ‘адно з пратэстанцкіх веравучэнняў, якое ўзнікла ў 16 ст. у Швейцырыі на аснове вучэння Ж. Кальвіна’ – ад фр. J. Calvin, фр. тэолаг; кантыянства ‘ідэалістычны філасофскі кірунак, паводле якога адмаўляецца магчымасць пазнання навакольнага свету і які ўзнік на аснове вучэння І. Канта’ ад I. Kant, ням. філосаф; кейнсіянства ‘эканамічная тэорыя, якая абгрунтоўвае неабходнасць актыўнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў гаспадарчую дзейнасць для забеспячэнне бесперапыннага працэсу грамадскай вытворчасці’ – ад J. Keynes (Дж.М. Кейнс), англ. эканаміст; кемалізм ‘турэцкі буржуазна-нацыянальны рух’ A. Qemal (Кемал), турэцкі палітычны дзеяч; ламаркізм ‘вучэнне аб эвалюцыйным развіцці жывой прыроды, паводле якога змены пад уздзеяннем знешніх умоў мэтаўзгоднены з унутраным імкненнем арганізмаў да ўдасканалення’ – ад J. Lamarck (Ж. Б. Ламарк), фр. прыродазнаўца; ламбразіянства ‘вучэнне, якое тлумачыць злачыннасць прыроджанымі біялагічнымі ўласцівасцямі злачынцы’ ад C. Lombroso, іт. псіхіятр і антраполаг; ласальянства ‘плынь у рабочым руху 2-й пал. 19 ст., якая адмаўляла класавую барацьбу і сацыялістычную рэвалюцыю’ ад F. Lassale (Ф. Ласаль), ням сацыяліст; латсіянства ‘антыдарвінаўская канцэпцыя эвалюцыі жывой прыроды, якая разглядае развіццё арганічнага свету як перакамбінацыю спрадвечна існуючых генаў’ – ад J. Lotsy (Ян Лотсі), гал. батанік; макартызм ‘палітычная плынь у ЗША ў 50-х гадах 20 ст., звязаная з прыняццем антыдэмакратычнага заканадаўства, з узмацненнем “халоднай вайны’ англ. J. McCarthy (Дж. Макарці), амер. сенатар; макіявелізм ‘палітыка, пры якой выкарыстоўваюцца любыя сродкі для дасягнення мэты’ ад іт. N. Machiavelli (Н. Макіявелі), палітычны дзеяч Фларэнтыйскай рэспублікі; мальтузіянства ‘тэорыя народа-насельніцтва, створаная Т. Мальтусам, згодна з якой становішча працоўных вызначаецца не сацыяльнымі ўмовамі, а хуткім ростам колькасці насельніцтва’ ад англ. T. Malthus, англ. эканаміст; марганізм ‘кірунак у генетыцы, паводле якога крыніцай зменнасці арганізмаў з’яўляюцца мутацыі генаў або змены іх становішча’ англ. T. Morgan (Томас Морган), амер. біёлаг; марксізм ‘вучэнне аб агульных законах развіцця прыроды і грамадства, шляхах пераходу чалавецтва да бескласавага грамадства, ад капіталізму да камунізму’ – ад ням. K. Marks, ням. заснавальнік вучэння; ніцшэанства ‘філасофскі кірунак, які прапаведуе крайні індывідуалізм, культ “звышчалавека”, знявагу да норм маралі’ ад ням. F. Nietzsche (Ф. Ніцша), ням. філосаф; оуэнізм ‘тэорыя ўтапічнага сацыялізму, распрацаваная Р. Оуэнам і яго паслядоўнікамі’ ад англ. R. Owen, англ. палітычны і грамадскі дзеяч; піфагарэізм ‘аб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у старажытнагрэчаскай філасофіі, заснаваны філосафам і матэматыкам Піфагорам у 6 ст. да н.э.’ гр. Pithagoras, ст. гр. філосаф і матэматык; пруданізм ‘дробнабуржуазная сацыялістычная плынь, якая выступае за зліццё пралетарыяту з буржуазіяй і за паступовыя рэформы ў эканамічным і грамадскім жыцці’ ад фр. P. Proudhon (П. Прудон), фр. філосаф і сацыёлаг; сацыніянства ‘антытрынітарны рэлігійна-філасофскі рух 16 – першай пал. 17 ст. у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, заснаваны Ф. Соцынам ад іт. F. Socino, іт. тэолаг-гуманіст; сенсіманізм ‘канцэпцыя ўтапічнага сацыялізму, прапанаваная Сен-Сімонам’ ад фр. C. Saint-Simon, фр. мысліцель; фрэйдызм ‘філасофская і псіхалагічная канцэпцыя, якая тлумачыць з’явы культуры і сацыяльнага жыцця праяўленнем бессвядомых (асабліва палавых) інстынктаў’ ад ням. S. Freud (З. Фрэйд), аўстр. урач і псіхолаг; фур’ерызм ‘канцэпцыя ўтапічнага сацыялізму, распрацаваная Ш. Фур’е і яго паслядоўнікамі’ ад фр. K. Fourier, фр. мысліцель; цвінглянства ‘адна з плыняў у Рэфармацыі, якая ўзнікла ў 16 ст. у Швейцарыі і Германіі’ ад ням. U. Zwingli (У. Цвінглі), дзеяч рэфармацыі ў Швейцарыі; юмізм ‘суб’ектыўна-ідэалістычнае вучэнне аб пачуццёвым вопыце, прынцыпах агнастыцызму, створанае Д. Юмам і яго паслядоўнікамі’ ад англ. D. Hume, англ. філосаф; янсенізм ‘рэлігійная рэфармісцкая плынь у каталіцкай царкве 17–18 ст., блізкая да кальвінізму’ ад гал. C. Jansen (Янсеній), гал. багаслоў, і інш.;

в) геаграфічны аб’ект, напрыклад: сіянізм ‘яўрэйскі рэакцыйны буржуазна-нацыяналістычны рух, які вызначаецца ваяўнічым шавінізмам, расізмам’ ад ст.-яўр. Sion, назва гары ў Іерусаліме.



Назвы мінералаў, як адзначалася, утвараюцца пры дапамозе суфікса -іт/-ыт, радзей – -ін/-ын, якія далучаюцца да ўтваральнай асновы ўласнага назоўніка, якім можа быць:

а) прозвішча, напрыклад: айканіт – ад Aykin, англ. геолаг; аланіт – ад T. Allan, англ. мінералог; андрадыт – ад dAndrad, партугальскі менералог; анкерыт – ад M Anker, аўстр. мінералог; бадэлеіт – ад Y. Baddeley, англ. мінералог; бакеліт – ад L. Baekeland, бельг. хімік; барніт – ад J. Born, аўстр. мінералог; бертрандыт – ад E. Bertrand, фр. мінералог; бёміт – ад I. Böhm, ням. мінералог; біятыт – ад J. Biot, фр. фізік; бранерыт – ад J. Branner, амер. геолаг; браўніт – ад M. Braun, ням. вучоны; брукіт – ад K. Brooke, англ. мінералог; брусіт – ад A. Bruce, амер. мінералог; буланжэрыт – ад J. Boulanger, фр. мінералог; бурнаніт – ад J. Bourтon, фр. мінералог; вівіяніт – ад J. Vivian, англ. мінералог; вітэрыт – ад W. Withering, англ. мінералог; вульфеніт – ад F. Wulfen, аўстр. мінералог; вюрцыт – ад S. Wurtz, фр. хімік; галуазіт – ад O. d’Halloy, бельг. геолаг; гарніерыт – ад J. Garnier, фр. геолаг; гётыт – ад J. Goethe, ням. паэт і даследчык прыроды; даўсаніт – ад G. Dowson, канад. геолаг; калеманіт – ад Coloman, уладальнік рудніка; кардыерыт – ад P. Cardier, фр. геолаг; карналіт – ад R. Carnall, ням. геолаг; карнатыт – ад A. Carnot, фр. хімік; тэнардыт – ад M. Thenard, фр. хімік; тэнарыт – ад M. Tenore, іт. батанік; фергусаніт – ад Ferguson, амер. хімік;

б) назва мясцовасці (горад, вобласць, правінцыя, штат і інш.) ці геаграфічнага аб’екта (востраў, даліна, радовішча і пад.), напрыклад: альмандзін – ад Alabanda, горад у Малой Азіі; аляскіт – ад Alaska, востраў Аляска; амазаніт – ад Amazonas, рака Амазонка ў паўднёвай Амерыцы; андалузіт – ад Andalusia, правінцыя ў Іспаніі; андэзін – ад Andes, горы Анды ў Амерыцы; атакаміт – ад Atacama, правінцыя ў Чылі; атэніт/атуніт – ад Autun, мясцовасць у Францыі; бастнезіт – ад ням. Bastnez, мясцовасць у Швейцарыі; бенітаіт – ад San-Benita, акруга ў штаце Каліфорнія; бентаніт – ад Benton, мясцовасць у ЗША; бераўніт – чэш. Bеraun, радовішча ў Чэхіі; гастынгсіт – ад Hastings, радовішча ў Канадзе; калумбіт – ад Columbia, акруга ў ЗША; кімберліт – ад англ. Kimberley = назва горада ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы; трэмаліт – Tremola, назва даліны ў Швейцарыі; турынгіт – ад Thǘringen, правінцыя ў Германіі; фаяліт – ад Faial, назва вострава ў групе Азорскіх астравоў, і інш.

Батанічныя тэрміны, у прыватнасці, назвы раслін утвараюцца пры спалучэнні суфікса -ій з асновай уласнага назоўніка, якім часцей за ўсё выступае:

а) прозвішча вучонага, які адкрыў, вывучыў пэўную расліну, ці прозвішча чалавека, у гонар якога названа пэўная расліна, напрыклад: бекманія – ад J. Beckmann, ням. батанік; валіснерыя – ад A. Vallisnieri, іт. батанік; велінгтонія – ад A. Wellington, англ. свяшчэннік; вельвічыя – ад F. Welwith, аўстр. батанік; гадэцыя – ад A. Godet, шв. батанік; гардэнія – ад Garden, амер. батанік; гарцынія – ад Garcin, фр. батанік; гаярдыя – ад Gajar, фр. батанік; глаксінія – ад P. Gloxin, ням. батанік; глядычыя – ад I. Gleditsch, ням. батанік; камелія – ад Camelli, іт. натураліст; катлея – ад W. Cattley, англ. натураліст; кларкія – ад W. Clark, амер. падарожнік; кохія – ад W. Koch, ням. батанік; лабелія – ад M. de Lobel, нідэрл. батанік; лаўсонія – ад J. Lawson, шв. натураліст; лінея – ад K. Linne, шв. батанік; магнолія – ад Magnol, фр. батанік; мальпігія – ад M. Malpighi, іт. біёлаг; пуэрарыя – ад M. Puerari, швейц. батанік; рабінія – ад J. Robin, фр. батанік; рафлезія – ад T. Raffles, англ. генерал, губернатар Явы; сверцыя – ад Swert, гал. садавод; скаполія – ад I. Scopoli, іт. батанік і хімік; тафільдыя – ад Tofield, англ. батанік; традэсканцыя – ад J. Tradescant, англ. лонданскі садоўнік; фуксія – ад Fuchs, ням. батанік; цэзальпінія – ад A. Casalpino, іт. батанік; і інш.

Больш дакладныя звесткі аб узнікненні батанічных тэрмінаў можна праілюстраваць на прыкладзе тэрміна-назвы традэсканцыя, які з’явіўся ў 18 ст. і непасрэдна звязаны з імем англійскага садавода і даследчыка прыроды Джона Традэскана старэйшага, які жыў у пачатку 17 ст., які заснаваў адзін з першых батанічных садоў і музей гісторыі прыроды ў Лондане, быў садоўнікам герцага Букінгемскага (вядомы не толькі з гісторыі, але і паводле твора А. Дзюма). Нястомны даследчык прыроды, заўзяты калекцыянер і падарожнік Джон Традэскан у 1618 г. прыняў удзел у экспедыцыі да вусця Паўночнай Дзвіны, апісаў новыя расліны.

Медыцынскія тэрміны ўтвараюцца далучэннем суфіксаў -іт, -ізм, -ізацый і інш. да:

а) асновы назоўніка-прозвішча, напрыклад: барталініт ‘запаленне барталінавых залоз каля ўваходу ў похву’ – ад T. Bartolin (Барталін), дацк. анатам; гаймарыт ‘запаленне слізістай абалонкі гаймаравай поласці носа’ ад N. Highmore (Гаймар), англ. анатам; дарсанвалізацыя ‘метад электратэрапіі’ – ад J. d’Arsonval (Дарсанвал), фр. фізіёлаг; паркінсанізм ‘хваравіты стан, звязаны з паражэннем глыбокіх аддзелаў галаўнога мозгу пры энцэфаліце, атэрасклерозе сасудаў мозгу і інш.’ – ад Parkinson (Дж. Паркінсон), англ. урач;

б) асновы назоўніка-імя, напрыклад: марфін ‘наркатычны абязбольваючы і снатворны сродак’ ад Morpheios (Марфей), імя бога сну ў старажытнагрэчаскай міфалогіі.

Амаль кожная галіна навукі ўтрымлівае ў сваім складзе тэрміны-словы, утвораныя суфіксальным спосабам ад уласнага імені – антрапоніма ці тапоніма. Гэта могуць быць адзінкавыя тэрміны, напрыклад: металургічныя тэрміны, утвораныя пры спалучэнні суфікса -іт з асновай назоўніка-прозвішча (аўстэніт – ад W. Roberts-Austen, англ. металург; бейніт – ад E. Bain, амер. металург) ці назоўніка-тапоніма (вагранка ‘печ шахтавага тыпу для плаўлення чыгуну і каляровых металаў’ад Wagrain, назва мясцовасці ў Аўстрыі); чыгуначныя тэрміны, утвораныя пры спалучэнні суфікса -к-а з асновай уласнага назоўніка (дэкавілька ‘пераносная вузкакалейная жалезная дарога на промыслах’ і ‘ваганетка, якая выкарыстоўваецца на пераноснай вузкакалейнай жалезнай дарозе ў горным і лясным промыслах’ ад Decauville, прозвішча англ. інжынера) і інш.


2.2.2 Спосаб апелятывацыі, ці пераход уласных імёнаў у агульныя імёны-тэрміны
Другі пашыраны спосаб утварэння тэрмінаў – гэта пераход уласнага імені ў агульны назоўнік, ці адбываецца апелятывацыя (ад лац. appellare – імя агульнае як супрацьлегласць імені ўласнаму), у выніку чаго ўтвараецца новы тэрмін, названы ў гонар адкрывальніка, вучонага, які стаіць ля вытокаў вынаходства, ці ў гонар першапраходцы пэўнай вобласці, сферы навукі і тэхнікі, а таксама ў гонар месца адкрыцця, вынаходніцтва альбо знаходжання ці прыналежнасці вучонага да пэўнага месца пражывання – назвы горада, мясцовасці, краіны, ракі, даліны і інш.

Адну з колькасных груп тэрмінаў, утвораных такім спосабам, складаюць адзінкі вымярэння розных велічынь, якія названы ў гонар сваіх адкрывальнікаў, вынаходцаў. Да іх адносяцца, напрыклад: ампер ‘адзінка сілы току’ – ад А. М. Ампер (А. Ampere), фр. фізік; ангстрэм ‘адзінка вымярэння даўжыні ў оптыцы’ – ад А. Ангстрэм (A. Angstrỏm), шв. фізік і астраном; бекерэль ‘адзінка актыўнасці радыёактыўнага рэчыва’ – ад А.А. Бекерэль (А. Becquerel), фр. фізік; бод ‘адзінка вымярэння хуткасці тэлеграфавання’ – ад Дж. Бод (J. Baudot), фр. вынаходца; ват ‘адзінка магутнасці’ – ад Дж. Уат (D. Watt), англ. інжынер і вынаходца; вебер ‘адзінка магнітнага патоку’ – ад В. Э. Вебер (W. Weber), ням. фізік; вольт ‘адзінка электрычнага напружання’ – ад А. Вольты (A. Volta), іт. фізік; гаўс ‘адзінка магнітнай індукцыі’ – ад C. Gauss (Гаўс), ням. матэматык; генры ‘адзінка індуктыўнасці і ўзаемнай індуктыўнасці’ – ад Дж. Генры (J. Henry), амер. фізік; герц ‘адзінка частаты’ – ад Г. Герц (H. Herts), ням. фізік; грэй ‘адзінка паглынутай дозы выпраменьвання’ – ад Л. Грэй (S. Gray), англ. вучоны; джоўль ‘адзінка вымярэння энергіі, работы і колькасці цеплыні’ – ад Дж. П. Джоўль (J. Joule), англ. фізік; дэбай ‘адзінка дыпольнага моманту малекул’ – ад П. Дэбай (P. Debye), гал. фізік; кюры ‘адзінка актыўнасці радыёактыўных ізатопаў’ – ад П. Кюры і М. Складоўская-Кюры (P. Curie і M. Skladowska-Curie), фр. фізікі; кельвін ‘адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы’ – ад У. Томсан (барон Кельвін) (W. Kelvin), англ. фізік; кулон ‘адзінка колькасці электрычнасці’ – ад Ш.А. Кулон (Ch. Coulomb), фр. інжынер і фізік; ламберт ‘адзінка яркасці’ – ад І. Г. Ламберт (J. Lambert), ням. вучоны; ньютан ‘адзінка сілы’ – ад І. Ньютан (I. Newton), англ. фізік; ом адзінка электрычнага супраціўлення’ – ад Г. С. Ом (G. Ohm), ням. фізік; паскаль ‘адзінка ціску і механічнага напружання’ – ад Б. Паскаль (B. Pascal), фр. вучоны; рэнтген ‘адзінка экспазіцыйнай дозы рэнтгенаўскага і гама-выпраменьвання’ – ад В.К. Рэнтген (W. Roentgen), ням. фізік-эксперыментатар; сіменс ‘адзінка электрычнай праводнасці’ – ад Э. В. Сіменс (E. Siemens), ням. электратэхнік і вынаходца; стокс ‘адзінка вымярэння кінематычнай вязкасці’ – ад Дж. Стокс (J. Stokes), англ. фізік і матэматык; тэсла ‘адзінка магнітнай індукцыі’ – ад В. Тэсла (W. Tesla), харв. фізік і вынаходца; фарада ‘адзінка вымярэння электрычнай ёмістасці’ – ад М. Фарадей (M. Faraday), англ. фізік; фермі ‘адзінка даўжыні’ – ад Э. Фермі (Е. Fermi), іт. фізік; эйнштэйн ‘адзінка энергіі’ – ад А. Эйнштэйн (A. Einstein), ням. фізік; этвеш ‘адзінка градыента сілы цяжару’ – ад Л. Этвеш (L. Eőtvős), венг. фізік; янскі ‘адзінка спектральнай шчыльнасці патоку выпраменьвання’ – ад К. Янскі (K. Jansky), амер. вучоны і вынаходца, і інш.

Не менш цікавымі з прычыны сваёй пашыранасці ва ўжыванні, але не ўсім вядомымі паводле паходжання з’яўляюцца тэрміны тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці, паколькі гэта назвы адзення, галаўных убораў, тканін, карункаў і пад., якія названы:

а) у гонар ці паводле найменняў асобы, як правіла, прозвішча таго, хто іх прыдумаў, насіў і пад., напрыклад: балівар ‘мужчынскі капялюш з шырокімі палямі’ – ад С. Балівар (S. Bolivar), прозвішча кіраўніка барацьбы народаў Лацінскай Амерыкі; бекеша ‘мужчынскае паліто са зборкамі ў таліі’ ← польск. bekiesza ← венг. bekes, ад Bekes, прозвішча С. Баторыя; галіфэ ‘штаны спецыяльнага крою, якія абцягваюць калені і расшыраюцца ўгору’ – ад Г. Галіфэ (G. Galiffe), фр. генерал; жакард ‘тканіна з вельмі складаным буйнаўзорыстым малюнкам, вытканая на спецыяльнай (жакардавай) машыне’ – ад Ж. М. Жакард (Jacquard), фр. вынаходнік машыны для вырабу буйнаўзорыстых тканін; макінтош ‘лёгкае летняе паліто, часцей прагумаванае’ – ад Ч. Р. Макінтош (C. Mackintoch), шатл. хімік, вынаходца тканіны; панталоны ‘частка жаночай бялізны, якая пакрывае ніжнюю частку тулава ад пояса да каленяў’ – ад Pantalone, імя камічнага персанажа італьянскіх народных камедый; рышэлье ‘ажурная вышыўка, у якой край малюнка абкіданы пяцельным швом, а прасветы запоўнены рашотчатымі злучэннямі’ – ад А. Рышэлье (A. Richelieu), прозвішча фр. кардынала; фрэнч ‘куртка ваеннага крою з чатырма накладнымі кішэнямі’ – ад Дж. Фрэнч (French), англ. генерал, і інш.;

б) паводле месца ўзнікнення, існавання таго ці іншага віду адзення, тканіны і пад., ці тэрміны тапанімічнага паходжання, паколькі для назвы тэрміна выкарыстоўваецца геаграфічная назва, напрыклад: бастон ‘высакаякасная тонкая шарсцяная тканіна’ – ад Бастон (Baston), горад у ЗША; барэж ‘лёгкая празрыстая тканіна з баваўнянай, шаўковай або шарсцяной пражы’ – ад Барэгес (Bareges), горад у Пірэнеях; бермуды ‘штаны да калена, свабодныя, з загладжанай складкай, звычайна з адваротам’ – ад Бермуды (Bermuda), Бермудскія астравы ў Атлантычным акіяне каля Паўночнай Амерыкі; бікіні ‘вельмі адкрыты жаночы купальны касцюм’ – ад Бікіні (Bikini), востраў у Ціхім акіяне; валансьен ‘гатунак карункаў’ – ад valensiennes ← Валанс (Valence), горад у Францыі; гарус 1) ‘баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з двухбаковай набіўкай’ і 2) ‘кручаная мяккая каляровая шарсцяная пража’ – ад (польск. harrus ← ням. Harras) фр. Арас (Arras), горад на рацэ Скарп у Францыі; джэрсі ‘шарсцяная або шаўковая вязаная тканіна, а таксама адзенне з такой тканіны’ – ад Джэрсе (Jersey), востраў у праліве Ла-Манш; камбрык ‘тонкае празрыстае палатно’ – ад Cambrai, горад у Францыі; каракуль ‘шкурка ягнят каракульскіх авечак з кароткай пакручастай шэрсцю шэрага або чорнага колеру’ – ад Каракуль (Karakul), аазіс ва Узбекістане; карманьёла ‘куртка з вузкімі фалдамі, якія насілі якабінцы’ – ад Carmagnole, горад у Італіі; кашмір/кашамір ‘тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’ – ад Кашмір (Cachemire), штат у Індыі; манчэстэр ‘аксамітная тканіна, разнавіднасць вельвету’ – ад Манчэстэр (Manchester), горад у Англіі; маракен ‘тканіна са штучнага шоўку, падобная на крэпдэшын’ – ад Марока (Maroco), дзяржава ў Паўночнай Афрыцы; феска ‘чырвоная шапачка ў выглядзе ўсечанага конуса з кутасом, якая з’яўляецца часткай нацыянальнага касцюма ў некаторых краінах Бліжняга Усходу і Паўночнай Афрыкі’ – ад Фес (Fes), горад у Марока; шавіёт ‘лёгкая, мяккая, крыху варсістая шарсцяная тканіна, з якой шыюць верхнюю вопратку’ – ад Шавіёт (Cheviot), назва нагор’я ў Англіі, і інш.

Яшчэ адну групу тэрмінаў, утвораных ад уласных імён і найбольш вядомых многім носьбітам мовы з прычыны сваёй пашыранасці і ўжывання, складаюць кулінарныя тэрміны, якія названы:

а) у гонар стваральнікаў іх рэцэптаў, напрыклад: бешамель ‘густая падліва з яек, малака, мукі для мясных і рыбных страў’ – ад англ. L. Bechamel (Бешамель), прозвішча кухара пры двары Людовіка ХІХ; сандвіч ‘дзве разам складзеныя скібачкі хлеба з маслам, каўбасой або сырам паміж імі’ – ад J. Sandwich (Сандвіч), прозвішча англ. лорда;

б) паводле месца іх пашырэння ці вырабу, напрыклад: бардо ‘гатунак чырвонага віна’ – ад фр. Bordeaux, назва французскага горада і порта Бардо; баржомі ‘лекавая мінеральная вада’ – ад Баржомі, горад у Грузіі; фіньшампань ‘гатунак каньяку’ – ад фр. fine champagne па назве вобласці Шампань (Champagne) у Францыі; шампанскае ‘высакасортнае пеністае вінаграднае віно, якое насычана вуглякіслым газам’ – ад назвы вобласці Шампань (Champagne) у Францыі; шартрэз ‘сорт моцнага духмянага лікёру’ – ад Шартр (Chartres), горада у Францыі; кабул ‘востры соус з солі і розных спецый для прыправы страў’ – ад Кабул (Kabul), сталіца Афганістана; кагор ‘сорт чырвонага дэсертнага вінаграднага віна’ – ад Кагор (Cahors), горад у Францыі; каньяк ‘моцны алкагольны напітак са спірту’ – ад Каньяк (Cognac), горад у Францыі, дзе вырабляюць каньяк; кюрасо ‘апельсінавы лікёр’ – ад Кюрасо (Curasao), востраў у Вест-Індыі; мальвазія ‘салодкае віно’ ← ‘сорт вінаграду’ ← горад Мальвазія ў Грэцыі, дзе вырошчваецца вінаград і вырабляецца віно; пармезан ‘сорт італьянскага цвёрдага сыру’ – ад Парма (Parma), горад у Італіі; ракфор ‘сорт вострага сыру з авечага малака’ – ад Рокфор (Roquefort), вёска ў Францыі; чэстэр ‘сорт вострага цвёрдага сыру’ – ад Чэстэр (Chester), назва мясцовасці ў Англіі, і інш.

Група вайсковых тэрмінаў таксама ўтворана шляхам пераходу ўласных назоўнікаў у агульныя, пры гэтым новы тэрмін названы паводле:

а) прозвішча канструктара, вынаходніка агнястрэльнай, халоднай і іншай зброі, напрыклад: браўнінг ‘аўтаматычны пісталет асобай сістэмы’ад англ. J. Browning, амер. канструктар; вінчэстэр ‘тып паляўнічага ружжа’ад англ. O. Winchester, амер. канструктар; максім ‘станкавы кулямёт’ – ад англ. H. Maxim, амер. канструктар; маўзер ‘род аўтаматычнага пісталета’ад ням. W. і P. Mauser, ням. браты-канструктары; наган ‘рэвальвер з барабанам, які круціцца’ад бельг. Nagyan, бельг. збройнік; шрапнель ‘разрыўны артылерыйскі снарад, начынены круглымі кулямі’ ад англ. H. Shrapnel, англ. вынаходца;

б) геаграфічнай назвы, напрыклад: баянет ‘назва штыка’ Bayonne, горад у Францыі; дум-дум ‘разрыўная куля з крыжападобным надрэзам, якая наносіць цяжкія раны’ Dum-Dum, назва прадмесця Калькуты ў Індыі.



Батанічныя тэрміны названы:

а) паводле прозвішча вучонага, які адкрыў, апісаў пэўную расліну, напрыклад: гудаера ‘травяністая расліна’ ад англ. D. Goodyer (Гудаер), англ. батанік; катлея ‘расліна сямейства архідных’ ад англ. W. Cattley (Катлей), англ. натураліст; лістэр ‘расліна сямейства архідных’ ад англ. M. Lister (Лістэр), англ. урач, і інш.;

б) у гонар міфічных герояў, напрыклад: касандра ‘вечназялёная кустовая расліна’ ад Kassandra, у старажытнагрэчаскай міфалогіі імя грэчаскай прарочыцы, дачкі траянскага цара Прыяма, якая атрымала ад Апалона дар прарочыць, прадказваць; нарцыс ‘цыбульная травяністая расліна’ ад Narkissos, імя міфічнага юнака, які закахаўся ў сваё адлюстраванне ў вадзе, памёр ад кахання і быў ператвораны ў кветку, названую яго імем.

У дапаўненне прывядзём і не зусім навуковыя, але больш пашыраныя звесткі пра паходжанне аднаго з батанічных тэрмінаў – гіяцынт. Назва гіяцынт (лац. hyacinthus, ад грэч. huakinthos, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “кветка дажджоў”) звязана, відавочна, з цвіценнем гэтай расліны на радзіме ў перыяд выпадзення дажджоў. Але ў старажытных грэкаў гіяцынт быў кветкай гора, смутку і смерці. Прычынай гэтаму паслужыла распаўсюджаная легенда пра яго паходжанне. Прыгожы юнак Гіяцынт карыстаўся бязмежнай любоўю бога сонца Апалона. У сумесных спартыўных гульнях і забавах Апалон захапляўся спрытам Гіяцынта. Гэта выклікала рэўнасць і зайздрасць у бога ветру Зефіра. Аднойчы на спаборніцтвах, калі Гіяцынт запусціў дыск, Зефір падуў з такой сілай, што дыск вярнуўся назад, моцна стукнуў Гіяцынта па галаве, тым самым забіўшы яго насмерць. Гора Апалона было бязмежным, і што ён ні рабіў, не змог вярнуць юнака да жыцця. Каб увекавечыць памяць пра любімага чалавека, ён ператварыў яго ў цудоўную пахучую кветку. Кветка была перанесена ў сад Апалона. З таго часу ў Спарце штогод адзначалі трохдзённае свята “гіяцынтын” у гонар юнака, які дачасна загінуў;

в) паводле месца знаходжання, вырошчвання, напрыклад: фернамбук ‘дрэва сямейства бабовых з жоўта-чырвонай каштоўнай драўнінай’ – ад ісп. Fernambuco, назва порта ў Бразіліі; і інш.

Заалагічныя тэрміны, як і тэрміны іншых галін, таксама і актыўна ўтвараюцца ў выніку пераходу ўласнага назоўніка ў агульны, пры гэтым заўважаецца, што большасць тэрмінаў паходзіць ад:

а) назвы мясцовасці, дзе была выведзена тая ці іншая парода розных жывёл і птушак:

курэй, напрыклад: аўстралоры – ад Australia, Аўстралія; кахінхіны – ад фр. Cochinhine, еўрапейская назва Паўднёвага В’етнама, дзе была выведзена парода мясных курэй; нью-гемпшыр – ад New Hampshire, назва штата ў ЗША, дзе была выведзена мяса-яечная парода курэй; род-айланд – ад англ. Rhode Island, назва штата ў ЗША, дзе была выведзена парода курэй мяса-яечнага напрамку ў 19 ст.; фавероль – ад фр. Faverolles, назва мястэчка ў Францыі, дзе была выведзена парода мяса-яечных курэй;

буйной рагатай жывёлы, напрыклад: герэфорды – ад англ. Herefordshire, назва графства ў Англіі, дзе была выведзена парода буйной рагатай жывёлы мяснога напрамку ў 18 ст.; пінцгаў – ад ням. Pinzgau, назва мясцовасці ў Аўстрыйскіх Альпах, дзе была выведзена парода буйной рагатай жывёлы малочна-мяснога напрамку; санта-гертруда – ад англ. Santa Gertrudis, назва фермы ў штаце Тэхас ЗША, дзе была выведзена парода буйной рагатай жывёлы мяснога напрамку ў 20 ст.; сіменталы – ад ням. Simmental, назва ракі ў Швейцарыі, дзе была выведзена парода буйной рагатай жывёлы мяса-малочнага напрамку; шарале – ад фр. Charolais, назва раёна ў Францыі, дзе была выведзена парода буйной рагатай жывёлы мяснога напрамку; швіцкі – ад ням. Schwyz, назва кантона ў Швейцарыі, дзе была выведзена парода буйной рагатай жывёлы мяса-малочнага напрамку;

сабак, напрыклад: балонка – ад іт. Bologna, горад Балоня ў Італіі, дзе была выведзена парода маленькіх хатніх сабачак з доўгай мяккай шэрсцю; сенбернар – ад фр. Saint-Bernard, назва манастыра ў Альпах, дзе была выведзена парода вялікіх дужых вартавых сабак; ратвейлер – ад ням. Rottweil, назва горада ў Германіі, дзе была выведзена парода службовых сабак у пачатку 20 ст.; медэлян – ад польск. medelan, ад іт. Mediolano=Мілан, горад у Італіі, дзе была выведзена парода паляўнічых сабак, з якімі хадзілі на мядзведзя;

трусоў, напрыклад: фландр – ад фр. Flandre (Фландрыя), дзе была выведзена парода трусоў мяса-шкуркавага напрамку ў Бельгіі; шампань – ад Champagne (Шампань), назва правінцыі ў Францыі, дзе была ўдасканалена парода трусоў, выведзеная ў Індыі;

авечак, напрыклад: рамбулье – ад фр. Rambouillet, назва мясцовасці ў Францыі, дзе была выведзена парода танкарунных авечак шэрсна-мяснога кірунку ў 18 ст.; ромні-марш – ад англ. Romney Marsh, назва раўніны ў графстве Кент у Англіі, дзе была выведзена парода паўтанкарунных скараспелых авечак у 19 ст.; шрапшыры – ад англ. Sropshires, назва графства Шрапшыр у Англіі, дзе была выведзена парода мясных кароткавоўнавых авец у 19 ст.;

свіней, напрыклад: беркшыры – ад Berkhire, назва графства ў Англіі, дзе была выведзена парода скараспелых свіней; йоркшыры – ад англ. Yorkshire, назва графства ў Англіі, дзе была выведзена парода скараспелых свіней; п’етрэн – ад бельг. Pietrain, назва мясцовасці ў Бельгіі, дзе была выведзена парода свіней мяснога напрамку ў пачатку 20 ст.;

коней, напрыклад: клейдэсдалы – ад англ. Clydesdale, назва даліны ракі Клайд у Шатландыі, дзе была выведзена парода коней-цяжкавозаў; першэрон – ад Perche, назва правінцыі ў Францыі, дзе была выведзена парода ламавых коней; суфолкі – ад англ. Suffolk, назва графства ў Англіі, дзе была выведзена парода цяжкавозаў;

б) і толькі зрэдку заалагічныя тэрміны ўтвараюцца ад прозвішча вучонага, селекцыянера, у гонар якога названа, напрыклад, парода сабак: доберман – ад ням. Dobermann, прозвішча гадавальніка сабак.

І наадварот, паасобныя тэрміны розных галін навукі і тэхнікі атрымалі сваё паходжанне ў выніку пераходу ўласнага імені, як правіла, прозвішча чалавека, у агульныя назоўнікі-тэрміны. Гэта, напрыклад:

аўтамабільныя тэрміны, сярод якіх маркі машын віліс – ад англ. J. Willys, прозвішча ўладальніка аўтамабільнага прадпрыемства; форд – ад англ. H. Ford (Форд), прозвішча амерыканскага аўтамабільнага прамыслоўца; механізм аўтамабіля – кардан – ад іт. G. Cardano (Кардано), прозвішча італьянскага матэматыка;

тэрміны металургіі: бабіты ‘металічныя сплавы’ад англ. I. Babbit, амерыканскі вынаходца; бесемер ‘сталь, атрыманая з вадкага чыгуну шляхам прадзімання яго паветрам у канвертары’ад англ. E. Bessemer, англійскі інжынер;

тэрміны для абазначэння розных стыляў, накірункаў: бідэрмеер ‘стылявы кірунак у нямецкім і аўстрыйскім мастацтве першай палавіны 19 ст., які адлюстроўваў побыт мяшчанства’ ад ням. Biedermeier, старажытны персанаж, сімвал нямецкага мешчаніна, выведзены ў паэтычных творах Л. Эйхродта; буль ‘стыль французскай мэблі 17-18 стст.’ ад фр. A. Boulle, французскі прыдворны сталяр; жакоб ‘стыль мэблі чырвонага дрэва з накладнымі бронзавымі або латуннымі аздобамі’ ад Jacob, фр. майстар мэблі;

тэрміны для абазначэння відаў паперы, друку: баскервіль ‘друкарскі шрыфт’ ад J. Baskerville, прозвішча англійскага друкара 18 ст.; ватман ‘гатунак паперы для чарчэння і малявання’ ад J. Whatman, уладальнік англійскай папяровай фабрыкі; гальвана ‘меднае друкарскае клішэ, выкананае гальванічным спосабам’ ад L. Galvani, іт. фізік; кангрэў ‘рэльефнае цісненне на пераплёце кніг, радзей на шчыльнай паперы’ – ад Kongreve, англ. канструктар 19 ст.;

музычныя тэрміны: хабанэра ‘кубінскі танец’ – ад La Habana, горад Гавана, сталіца Кубы; халінг ‘нарвежскі сольны мужчынскі танец’ – ад Hallingdal, назва даліны на паўднёвым захадзе Нарвегіі; чарльстон ‘бальны танец’ – ад Чарльстон, горад у ЗША, дзе ў 1922 годзе ўзнік новы танец;

спартыўны тэрмін аксель ‘скачок у паўтара абарота з адной нагі на другую ў адзіночным фігурным катанні’ ад P. Axel (Аксель), нарвежскі канькабежца-фігурыст;

хімічны тэрмін тантал ‘хімічны элемент, цвёрды тугаплаўкі метал шэра-стальнога колеру’ ад гр. Tantalos (Тантал), імя міфічнага героя;

чыгуначны тэрмін пульман ‘тып вялікага пасажырскага або таварнага вагона’ ад англ. Pulman (Пульман), прозвішча амер. інжынера, і інш.

Зразумела, што ўласнае імя, перайшоўшы ў агульнае – тэрмін, набывае адпаведныя яму функцыі, з аднаго боку, і траціць уласцівыя яму як уласнаму імені, з другога. У выніку ж, асабліва з бегам часу, губляецца сувязь з уласным іменем чалавека ці мясцовасці, у гонар каго ці якой яны былі названы.




2.2.3 Утварэнне тэрмінаў шляхам складання асноў
Асноваскладанне як спосаб утварэння новых слоў-тэрмінаў знаходзіць адлюстраванне ў самых розных тэрміналагічных сістэмах навукі і тэхнікі. Але паколькі нас цікавіць сувязь тэрмінаўтварэння з уласнымі найменнямі, ці сувязь тэрміналогіі ва ўзаемасувязі з анамастыкай, то засяродзім увагу толькі на тэрмінах такога тыпу ўтварэння.

Найперш неабходна адзначыць, што пры ўтварэнні тэрмінаў маецца заканамернасць не толькі паводле выбару спосабу ўтварэння, але і паводле выкарыстання зыходных адзінак, утваральных сродкаў. Так, напрыклад, для назвы прыбораў рознага прызначэння выкарыстоў-ваецца спосаб складання асноў двух слоў, першым з якіх выступае адзінка вымярэння, названая ў гонар яе адкрывальніка, а другім – слова метр, напрыклад: амперметр ‘прыбор для вымярэння сілы пастаяннага і пераменнага току’ ← ампер ‘адзінка сілы току’ ← фр. фізік А. М. Ампер; ватметр ‘прыбор для вымярэння актыўнай магутнасці пераменнага току’ ← ват ‘адзінка магутнасці’ ← англ. вынаходца Дж. Уат; веберметр ‘прыбор для вымярэння магнітнага поля’ ← вебер ‘адзінка магнітнага патоку’ ← ням. фізік В. Э. Вебер; вольтметр ‘прыбор для вымярэння электрычнага напружання’ ← вольт ‘адзінка электрычнага напружання’ ← іт. фізік А. Вольты; омметр ‘прыбор для непасрэднага вымярэння супраціўленняў’ ← ом ‘адзінка электрычнага супраціўлення’ ← ням. фізік Г. С. Ом; фарадаметр ‘прыбор для вымярэння электрычнай ёмкасці электратэхнічных вырабаў: кандэнсатараў кабеляў’ ← фарад ‘адзінка электрычнай ёмкасці’ ← англ. фізік М. Фарадэй.

Да іх далучаецца вытворная назва махометр ‘бартавы прыбор самалёта, які паказвае хуткасць палёту’, які ўтвораны непасрэдна ад спалучэння прозвішча ням. філосафа E. Mach (Мах) з назоўнікам метр.

Сярод фізічных тэрмінаў маецца складаны тэрмін паводле паходжання вольт-ампер ‘адзінка поўнай магутнасці электрычнага ланцуга’, назва якога, як відаць, звязана з дзвюма адзінкамі вымярэння – вольт і ампер, якія ў сваю чаргу названы ў гонар адкрывальнікаў гэтых адзінак – А. Вольты і А. М. Ампер.

Цікавы выпадак назвы тэрміна ілюструе сістэма хімічных элементаў, у якой, як адзначалася, хімічныя элементы ўвогуле называюцца паводле наймення асобы, якая мае дачыненне да адкрыцця, ці паводле геаграфічнага аб’екта, які звязаны з месцам адкрыцця элемента. Гэта тэрмін нільсборый (Nb) ‘штучна атрыманы радыёактыўны хімічны элемент’, назва якога ўтворана ад спалучэння імені і прозвішча дацкага фізіка Нільса Бора.

А вось назва вядомага гатунку моцнага вінаграднага віна партвейн і назва сплаву медзі з нікелем серабрыстага колеру мельхіёр, які выкарыстоўваецца для вырабу пасуды, манет і інш., як сведчыць этымалагічны аналіз, таксама складаныя тэрміны: першы тэрмін лічыцца германізмам (запазычаны з нямецкай мовы), але там утвораны шляхам складання двух слоў – ад партугальскага Porto – назва горада і нямецкага Wein ‘віно’; другі – ад Maillot і Chorier, прозвішчаў французскіх вынаходцаў.

Сярод музычных тэрмінаў таксама выкарыстоўваюцца складаныя тэрміны паводле свайго паходжання, хаця сёння яны ў нашай мове невытворныя. Гэта тэрміны-найменні медных духавых інструментаў – саксафон і саксгорн, якія ўтвораны ў выніку складання асновы прозвішча бельгійскага музычнага майстра Сакс (A. Sax) і ў першым выпадку грэчаскага слова phonе ‘гук’ (Sax + phonе = saxophon), а ў другім – ням. Horn ‘рог’ (Sax + Horn = saxohorn), а таксама назвы гекельфан ‘духавы інструмент; габой’, якая ўтворана аналагічным спосабам (ад ням. W. Heckel, прозвішча нямецкага музычнага майстра, + phonе = heckelphone), сарусафон ‘духавы язычковы музычны інстру-мент’ (ад прозвішча вынаходніка W. Sarrus + phonе = sarrussophone) і патэфон ‘музычны апарат для прайгравання пласцінак з гукавым запісам на іх’ (ад прозвішча ўладальніка фірмы Шарля Патэ + phonе = патэфон), хоць зусім магчыма, што першай часткай другога слова з’яўляецца назва фірмы Патэ ад прозвішча Патэ.

Сярод металургічных тэрмінаў спынім увагу на тэрміне мунц-метал ‘меднацынкавы сплаў з прымесямі свінцу’, які ўтвораны ад асновы прозвішча англ. металазнаўцы G. Muntz (Мунц) і асновы назоўніка метал.

Адна з назваў тэкстыльных тэрмінаў таксама этымалагічна ўзыходзіць да складання асноў: файдэшын ‘шаўковая тканіна сярэдняй шчыльнасці з дробным рубчыкам’ – ад фр. faille de Chine = кітайскі фай, дзе Chine = Кітай.

Зразумела, што названыя тэрміны складаюць далёка не поўны пералік тых тэрмінаў, якія ўтвораны шляхам асноваскладання, але відавочным з’яўляецца той факт, што такіх тэрмінаў, у складзе якіх прысутнічае ўласнае імя, па-першае, увогуле няшмат, па-другое, яны адзінкавыя і ў пэўных тэрмінасістэмах.




2.2.4 Сінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў
Яшчэ адным спосабам утварэння тэрмінаў з’яўляецца сінтаксічны, сутнасць якога заключаецца ў тым, што адбываецца ўтварэнне тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў слоў. Напрыклад, у фізіцы выкарыстоўваюцца такія тэрміны, як: інфрачырвонае выпрамяненне; спантаннае выпрамяненне; цыклічны паскаральнік; элементарны электрычны зарад і інш.

Спалучэнні слоў часцей за ўсё паводле колькасці слоў-кампанентаў спалучэнняў могуць быць самымі рознымі – ад двух слоў, якіх найбольшая колькасць (светнік зязюлін, аберацыя святла), да шматслоўных (інерцыйная сістэма адліку; накапляльнік паласы на ўваходзе ў агрэгат).

Сінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў лічыцца самым прадуктыўным амаль ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі. Аднак, сярод тэрмінаў, утвораных сінтаксічным спосабам, адносна невялікая колькасць прадстаўлена тымі, у склад якіх уваходзяць у якасці кампанентаў уласныя імёны, ці якія абавязаны сваім паходжаннем уласным імёнам. Пры гэтым сярод такога тыпу тэрмінаў адзначаюцца пераважна тэрміны з уласным іменем чалавека, як правіла, прозвішчам, радзей іменем, і гэта, як правіла, спалучэнні двух слоў, ці тэрміны-словазлучэнні.

У складзе тэрмінаў-словазлучэнняў выкарыстоўваецца ўласнае імя, якое выступае як:

а) адзін кампанент, якім можа быць адно прозвішча вучонага-адкрывальніка, напрыклад: Авагадра закон – іт. фізік і хімік А. Авагадра; Бальмера формула – шв. настаўнік Я. Бальмер; бар’ер Шоткі – ням. фізік В. Шоткі; Дальтона закон – англ. фізік і хімік Дж. Дальтон; Карно цыкл – фр. вучоны Н. Л. С. Карно; Кеплера законы – ням. астраном І. Кеплер; Кірхгофа правіла – ням. фізік Г. Р. Кіргоф; Комптана з’ява – амер. фізік А. Х. Комптан; Кулона закон – фр. фізік Ш. Кулон; Ленца закон – рус. фізік Э. Х. Ленц; Майкельсона вопыт – амер. фізік А. Майкельсон; Максвела размеркаванне і Максвела ўраўненне – англ. фізік Дж. К. Максвел; Ома закон – ням. фізік Г. С. Ом; сталь Гадфільда – англ. металург Роберт Гадфільд; Томпсана з’ява і Томпсана формула – англ. фізік У. Томпсан; труба Баха ‘інструмент, спецыяльна выраблены для выканання высокіх партый труб у сачыненнях І. С. Баха’ – ням. кампазітар І. С. Бах; Фарадэя законы – англ. фізік М. Фарадэй; Ферма прынцып – фр. матэматык П. Ферма; Фраунгофера дыфракцыя – ням. вучоны І. Фраунгофер; Фрэнеля дыфракцыя і Фрэнеля зоны – фр. вучоны О. Ж. Фрэнель; хвалі дэ Бройля – фр. фізік Луі дэ Бройль; Цэльсія шкала – швед. астраном і фізік А. Цэльсій; Шастаковіча лады – рус. кампазітар Д. Шастаковіч; эфект Мейснера – ням. фізік В. Мейснер і інш.;

б) два кампаненты, якімі могуць быць два прозвішчы вучоных, носьбіты якіх мелі непасрэднае дачыненне да адкрыцця, якое было зроблена вучонымі незалежна адзін ад другога, у дапаўненне адно да другога і інш., напрыклад: тэрмін Бойля-Марыёта закон названы ў гонар англ. вучонага Р. Бойля і фр. вучонага Э. Марыёта; адпаведна Гюйгенса-Фрэнеля прынцып – фр. фізік О. Ж. Фрэнель і гал. вучоны Х. Гюйгенс; Джоўля-Ленца закон – англ. фізік Дж. П. Джоўль і рус. фізік Э. Х. Ленц; Клайперона-Мендзялеева ўраўненне – фр. фізік Б. Клайперон і рус. вучоны Д. І. Мендзялееў; Тыцыуса-Бодэ правіла – ням. астраномы І. Тыцыус і І. Бодэ; Франка-Герца вопыт – ням. фізікі Дж. Франк і Г. Герц; функцыя Рымана-Грына – ням. матэматык Б. Рыман і англ. матэматык і фізік Д. Грын; функцыянал Ляпунова-Красоўскага – рускія матэматык А. Ляпуноў і вучоны ў галіне механікі М. Красоўскі; Чаранкова-Вавілава выпраменьванне – рускія фізікі П. А. Чаранкоў і С. І. Вавілаў; Штэрна-Герлаха дослед – нямецкія вучоныя О. Штэрн і В. Герлах і інш.

Два прозвішчы ў складзе тэрміна неабходна адрозніваць ад аднаго, але двайнога прозвішча вучонага, напрыклад: фізічны тэрмін Гей-Люсака закон устаноўлены ў 1802 г. фр. вучоным Ж. Л. Гей-Люсакам.

Вельмі рэдка тэрміны, утвораныя сінтаксічным спосабам, названы ў гонар ці паводле месца адкрыцця, існавання фіксацыі і пад., г. зн. яны ўтрымліваюць адзін кампанент, якім выступае геаграфічная назва, напрыклад: метад Дэльфа – метад экспертнага прагназавання, названы так паводле старажытнагрэчаскага горада Дэльфа; мерсі саунд/саўнд – назва гучання музыкі паходзіць ад назвы ракі Мерсі, у вусці якой размешчаны горад Ліверпуль (Англія), дзе і ігралі музыкальныя групы на пачатку 60-х гг.

У складзе састаўных тэрмінаў, якія ўтвораны паводле сінтаксічнага спосабу, выкарыстоўваюцца вытворныя прыметнікі ад уласных імён з далучэннем суфікса -ск/-еўск/-аўск/-янск- ці суфікса -ав. Такія аданамастычныя прыметнікі ўтвораны:

а) ад назоўнікаў-антрапонімаў, напрыклад: музычныя тэрміны амврасіянскае спяванне – Святы Амвросій, епіскап Медыяланскі; герасімаўскі распеў/роспеўГерасім, манах, дзякуючы якому такі роспеў вядомы з паўднёварускіх манастыроў і быў уведзены ў прыдворную капэлу ў 1740 г.; грыгарыянскі спеў – названы так у сувязі з тым, што цыклы песнапенняў каталіцкай царквы былі кананізаваны папай Грыгорыем Вялікім; моцартаўскія квінты – Моцарт і інш. Сюды можна прывесці прыклады тэрмінаў іншых галін: брайлеўскі шрыфт – L. Braille (Луі Брайлер), фр. тыфлапедагог; броўнаўскі рух – R. Brown (Р. Браўн), англ. батанік; глаўберава соль – L. Glauber (І. Р. Глаўбер), ням. хімік; рэнтгенаўскія прамяні – W. Roentgen (К. Рэнтген), ням. фізік; эзопаўская/эзопава мова – імя старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа;

б) ад назоўнікаў-тапонімаў, напрыклад: тэрміны Сіхатэ-Алінскі метэарыт, Тунгускі мэтэарыт, названыя так паводле месца падзення гэтых метэарытаў адпаведна ў адрогах Сіхатэ-Аліня і ў басейне ракі Падкаменная Тунгуска; музычныя тэрміны мангеймская школа, так назвалі творчы і выканаўчы напрамак у Германіі канца 18 ст. у гонар музыкантаў аркестра г. Мангейма; балгарскі распеў – Балгарыя; грэчаскі распеў, грэчаскія лады – Грэцыя; распевы беларускія – Беларусь; сіманаўскі распеў – назва Маскоўскага Сіманава манастыра; тураўскі карагод названы паводле зробленых запісаў у 19 ст. у мястэчку Тураве Гомельскай вобласці; шатландская гама – Шатландыя, і інш.

Як відаць, пры ўтварэнні тэрмінаў сінтаксічным спосабам уласныя імёны задзейнічаны адносна ў нязначнай колькасці ў параўнані з тэрмінамі, утворанымі суфіксальным спосабам.


Такім чынам, анамастычныя адзінкі, з якіх адзначаюцца найбольш часта антрапонімы і тапонімы, шырока задзейнічаны ў тэрміналогіі, чаму спрыяе ўмоўнасць узнікнення тэрмінаў, іх намінатыўная функцыя і разнастайнасць спосабаў утварэння.

Адзначаюцца выпадкі, калі ўласнае імя, як правіла, прозвішча вучонага, выкарыстоўваецца для назвы розных тэрмінаў, ці служыць у тэрміналогіі некалькі разоў, г. зн. утвараюцца два і больш тэрміны, якія могуць быць у розных тэрмінасістэмах. Напрыклад, прозвішча шведскага батаніка К. Лінея (K. Linne) зафіксавана ў дзвюх тэрміналагічных сістэмах: у мінералогіі для назвы мінерала лінеіт і ў батаніцы для назвы паўкустовай расліны сямейства бружмелевых лінея (дарэчы, сустракаецца на Беларусі); прозвішча шведскага астранома і фізіка А. Цэльсія (A. Celsius) стала асновай утварэння двух тэрмінаў: цэльзіян для назвы мінерала і цэльсій для назвы тэрмометра; прозвішча італьянскага фізіка Э. Фермі выкарыстана для трох аднаслоўных тэрмінаў: фермі ‘адзінка даўжыні, якая прымянялася ў ядзернай фізіцы’, фермій ‘штучна атрыманы радыёактыўны хімічны элемент’ і ферміён ‘элементарная часціца або квазічасціца з паўцэлым спінам’ і інш.

Расшыфроўка спосабаў і характарыстыка адзінак для ўтварэння тэрмінаў многіх галін навукі і тэхнікі ілюструе сувязь тэрміналогіі і анамастыкі, выяўляе дадатковую інфармацыю: уласныя імёны ў складзе тэрмінаў дазваляюць даведацца, хто стаяў ля вытокаў той ці іншай навукі, таго ці іншага адкрыцця, дзе адбылося тое ці іншае адкрыццё і пад. Разам з тым такая інфармацыя пацвярджае адну з важнейшых асаблівасцяў тэрмінаўтварэння – іх штучнасць, з прычыны чаго для кожнага тэрміна можна заўсёды вызначыць, калі і ў гонар каго ці чаго названы той ці іншы тэрмін. Напрыклад, музычны тэрмін секста Чайкоўскага ўвёў Ю. Халопаў для абазначэння ‘акорда павялічанай сексты на асноўным тоне шостай нізкай ступені мінору і мажору’ ў сувязі з так званай лейтгармоніяй П. І. Чайкоўскага па аналогіі з тэрмінамі італьянская секста, французская секта, нямецкая секста. А паколькі з часам культурныя звесткі, пачатковая інфармацыя ўласнага імені ў складзе тэрміна страчваецца ці не ўсведамляецца (асабліва з улікам тых фактаў, што шматлікія прозвішчы ці імёны людзей, як і геаграфічныя назвы, належаць іншым народам свету і характэрны іншым краінам і землям, а значыць, нічога не гавораць нашаму чалавеку), варта пры знаёмстве з тэрмінам той ці іншай сферы навукі і тэхнікі нагадваць пра гэта, скіроўваць увагу, пачынаючы ад вучняў у школе і яшчэ ў большай ступені ў працы са студэнтамі ў спецыяльных вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, да пазнання такой інфармацыі, такіх заканамернасцяў з’яўлення тэрмінаў. Гэта дазволіць усё новым і новым пакаленням спазнаць спалучанасць мінулага з сучасным, далёкага з блізкім, чужога са сваім, спазнаць асаблівасці ўзнікнення тэрміналогіі.


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка