Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт




старонка2/5
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5

Раздзел 2

Тэрміналогія і анамастыка




2.1 Тэрміналогія
Тэрміналогія (ад лац. terminus – ‘мяжа, граніца’ + грэч. logia ‘слова, вучэнне’) раздзел навукі аб мове, які вывучае ўласцівасці тэрмінаў і прынцыпы іх уладкавання і апісання. Наяўнасць тэрміналогіі ўвогуле характарызуе высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця народаў, і цікавасць да яе павялічваецца з узрастаннем ролі навукі ў жыцці грамадства.

Слова тэрміналогія абазначае яшчэ сукупнасць тэрмінаў мовы ўвогуле (тэрміналогія беларускай мовы) і сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі і тэхнікі (аўтамабільная тэрміналогія, лінгвістычная тэрміналогія, матэматычная тэрміналогія, музычная тэрміналогія і інш.). Тэрміналогія пэўнай навукі – гэта штучна створаны лексічны пласт, кожная адзінка якога мае пэўныя абмежаванні для свайго ўжывання і аптымальныя ўмовы для свайго існавання і развіцця.

Такім чынам, слова тэрміналогія мнагазначнае. Але, як заўважае тэрмінолаг З. І. Камарова, калі “зняць вельмі шырокае, шырокае, вузкае і празмерна вузкае разуменне гэтага тэрміна”, то пакінем за ім адно значэнне – сукупнасць тэрмінаў якой-небудзь галіны ведаў, галіны дзейнасці [18, с. 6–7].

2.1.1 Да паняцця тэрміна
Тэрмін – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, што створана ці прынята, запазычана і выкарыстоўваецца для дакладнага выражэння самых розных спецыяльных навуковых і тэхнічных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў. Напрыклад, у фізіцы тэрмін-слова напружанне азначае ‘вектарная велічыня, якая вымяраецца адносінамі пругкай сілы, што ўзнікае ў целе пры дэфармацыі, да плошчы малога элемента сячэння, што перпендыкулярны да гэтай сілы’, а ў адрозненне ад яго агульнаўжывальнае слова напружанне мае некалькі значэнняў: 1) ‘дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца’, 2) ‘сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго-небудзь’, 3) ‘ненатуральнае становішча, нацягнутасць’ (ТСБМ, т. 3, с. 291).

Слова тэрмін іншамоўнага паходжання (ад лац. terminus‘канец, мяжа’), абазначае таксама спецыяльнае паняцце, якое ўзнікла ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі, гэта імя паняцця. Такім чынам, у самой сутнасці тэрміна маецца падабенства з уласным іменем.

Як і ўласныя імёны, тэрміны таксама выдзяляюцца з агульнага масіву лексікі і істотна адрозніваюцца ад звычайных слоў беларускай мовы. Гэта звязана з тым, што, па-першае, у параўнанні з іншымі словамі тэрмінамі займаецца не толькі лінгвістыка, але і дысцыпліны, у якіх ужываюцца тыя ці іншыя тэрміны, напрыклад, тэрміны металургіі, медыцынскія тэрміны, лінгвістычныя тэрміны і інш. Акрамя таго, тэрміны характарызуюцца пэўным наборам унікальных прыкмет, якія выяўляюць іх адметнасць на фоне лексічных запасаў мовы.

Адна з асаблівасцяў тэрмінаў заключаецца ў тым, што тэрміны максімальна дакладна, канцэнтравана і эканамічна выражаюць тыя агульныя і прыватныя паняцці, “з якімі спалучана навуковая і тэхнічная дзейнасць чалавека” [38, с. 92]. Гэтая асаблівасць тэрмінаў тлумачыцца больш строгай экстралінгвістычнай накіраванасцю іх, чым забяспечваецца, “з аднаго боку, магчымасць дакладнага вызначэння тэрмінаў і, з другога боку, больш абмежаваная здольнасць тэрмінаў да развіцця полісеміі і сінаніміі” [36, с. 209]. Акрамя таго, тэрміны адрозніваюцца ад звычайных слоў мовы тым, што яны ствараюцца спецыяльна і працэс тэрмінатворчасці ў значнай меры рэгулюецца спецыялістамі. Так, найменні хімічных элементаў у знакамітай перыядычнай сістэме Д. І. Мендзялеева, дакладней пэўная частка іх, названа ў гонар вучоных, напрыклад: эйнштэйній, хімічны элемент, атрыманы штучна, названы ў гонар нямецкага фізіка Альберта Эйнштэйна (ад асновы прозвішча Эйнштэйн з далучэннем суфікса -ій).

Словы мовы выконваюць намінатыўную функцыю, г. зн. яны называюць пэўны прадмет, з’яву, дзеянне, прыкмету прадмета і дзеяння і інш. Значэнне любога слова ў мове можа быць растлумачана, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў самых запатрабаваных у практычнай дзейнасці кожнага чалавека тлумачальных слоўніках, напрыклад, такіх, як “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (гл.: “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5-і тамах. – Мн.: БелЭн, 1977–1984; “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” пад рэд. М. Р. Судніка і М. Н. Крыўко, Мн.: БелЭн, 2002 і інш.). Значэнне слова – прынятая грамадствам суадноснасць гукавой абалонкі слова з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці – звязана з паняццем, ці абагуленым уяўленнем людзей пра істотныя прыкметы і ўласцівасці прадметаў, з’яў рэчаіснасці. Напрыклад, назоўнік стол выражае паняцце “від мэблі” і мае некалькі значэнняў: ‘прадмет мэблі, зроблены з рознага матэрыялу ў выглядзе рознай формы плоскасці на апорах, ножках’ (чарцёжны стол, кухонны стол); ‘прыём ежы, яда’ (запрашаць да стала); ‘страва, ежа; тое, што гатуюць, падаюць для яды’ (дыетычны стол); ‘аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якія займаюцца спецыяльным колам пытанняў’ (пашпартны стол), г. зн. яно мнагазначнае.

Тэрміны не маюць суадноснасці з паняццем, яны не адлюстроўваюць уласцівасці прадметаў, з’яў рэчаіснасці. Яны ствараюцца. Напрыклад, у мовазнаўства выкарыстоўваецца тэрмін эўфемізм (ад грэч. euphemismos, дзе eu ‘добра’ і phemi ‘гавару’), якому даецца наступная дэфініцыя: ‘больш мяккае абазначэнне якога-небудзь прадмета ці з’явы, больш мяккі выраз замест грубага, напрыклад: не выдумвай замест не лыжы, яго папрасілі з работы замест яго выгналі з работы, начальнік затрымліваецца замест начальнік спазняецца і інш.

Тэрміны з’яўляюцца важнейшымі адзінкамі навуковага апарату тэорый і канцэпцый, якія апісваюць аб’екты разнастайных галін ведаў і дзейнасці, поруч з іншымі моўнымі сродкамі (наменклатура, уласныя імёны, сімвалы, індэксы і інш.). Як і іншыя знакавыя сродкі, тэрміны замацоўваюць, з аднаго боку, наяўныя веды і выражаюць паняцці, катэгорыі і заканамернасці пэўнай галіны ведаў і дзейнасці, а з другога боку – тэрміны садзейнічаюць адкрыццю новых ведаў. Знаходзячыся ў “вузлах” пэўнай тэорыі ці канцэпцыі, тэрміны з’яўляюцца нярэдка пунктамі росту гэтай тэорыі. Такія два бакі характарызуюць функцыянаванне тэрмінаў і ўвогуле ролю мовы ў навуковым пазнанні. Напрыклад, Б. М. Тагуноў, улічваючы важнейшыя адметнасці тэрмінаў, вобразна адзначае, што “тэрміны – гэта верставыя слупы на шляху да ісціны” [44, с. 111]. “Слова тэрмін, – як адзначае Л. А. Капанадзе, – ужываецца ў лінгвістыцы ў самых розных і часта няпэўных значэннях” [15, с. 75].

У азначэнні тэрміна назіраецца разыходжанне адносна таго, што кладзецца ў яго аснову, з якіх пазіцый – логікі ці лінгвістыкі – падыходзяць даследчыкі. Розныя погляды наконт тэорыі азначэння і характарыстыкі тэрміна дазваляюць падзяліць навукоўцаў на дзве групы: прыхільнікі лагічнай (напрыклад, Н. І. Кандакоў [19], Я. А. Клімавіцкі [17], В. С. Ахманава [2], А. Д. Хаюцін [46] і інш.) і прыхільнікі лінгвістычнай, ці лексіка-семантычнай, ці апісальнай, (напрыклад, Н. З. Кацялова [21], А. І. Маісееў [34], М. П. Кузьмін [22], К. А. Ляўкоўская [23], А. М. Талікіна [45] і інш.) тэорыі азначэння тэрміна.

Паводле лагічнай тэорыі, пры вызначэнні тэрміна на першае месца ставіцца сувязь тэрміна з паняццем. Найважнейшай прыкметай тэрміна з’яўляецца – яго здольнасць да абазначэння паняцця, у сувязі з чым, напрыклад, Н. І. Кандакоў дае наступнае азначэнне тэрміна: “У навуковай практыцы тэрмінам называецца пэўная назва строга вызначанага паняцця ...” [19, с. 594]. Менавіта сувязь тэрміна з паняццем, якое ён абазначае, з’яўляецца найбольш пашыранай і найбольш устойлівай характарыстыкай тэрміна. Пра гэта сведчаць і наступныя дэфініцыі тэрміна: “тэрмін – гэта слова (ці словазлучэнне), моўны знак якога суаднесены (звязаны) з адпаведным паняццем у сістэме паняццяў пэўнай галіны навукі і тэхнікі” [18, с. 35]; “тэрмін – слова ці словазлучэнне спецыяльнай (навуковай, тэхнічнай і да т. п.) мовы, створанае (прынятае, запазычанае і да т.п.) для дасканалага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў” [3, с. 474]; “тэрмін – гэта слова ці слоўны комплекс пэўнага тыпу, якія суадносяцца пераважна з паняццем, якія ўступаюць у сістэмныя адносіны з іншымі падобнымі словамі і слоўнымі комплексамі” [46, с. 81].

Вызначаючы сувязь тэрміна з паняццем, якое ён абазначае, падкрэсліваюцца два важнейшыя моманты: 1) паняцце, якое абазначаецца тэрмінам, звязана з іншымі паняццямі той жа галіны і з’яўляецца элементам сістэмы паняццяў; 2) тэрмін, звязаны з іншымі тэрмінамі, з’яўляецца элементам тэрміналагічнай сістэмы.

У першым выпадку акцэнтуецца ўвага на сувязі тэрміна з паняццем пэўнай галіны навукі, што выразна выяўляецца, напрыклад, у наступным азначэнні: “Тэрмін – гэта слова (ці словазлучэнне), якое з’яўляецца адзінствам гукавога знака і суаднесенага (звязанага) з ім адпаведнага паняцця ў сістэме паняццяў дадзенай галіны навукі і тэхнікі” [19, с. 19–20].

У другім падкрэсліваецца ўзаемасувязь тэрмінаў паміж сабой у пэўнай галіне навукі, што выразна адлюстравана, напрыклад, у наступным азначэнні: “Тэрмін – гэта такая адзінка наймення ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі, якой прыпісваецца пэўнае паняцце і якая суаднесена з іншымі найменнямі ў гэтай галіне і ўтварае разам з імі тэрміналагічную сістэму” [40, с. 152].

У выніку нават на аснове двух азначэнняў тэрміна, дадзеных рознымі даследчыкамі, але прыхільнікамі лагічнай тэорыі, можна гаварыць пра дзве важнейшыя лагічныя прыкметы тэрміна: сувязь тэрмінаў з паняццем і іх сістэмнасць.

У азначэннях тэрміна даследчыкамі другой групы (лінгвістычнай ці лексіка-семантычнай) развіваецца думка, выказаная Р. В. Вінакурам у 30-я гады ХХ ст., пра тое, што “тэрміны – гэта не асаблівыя словы, а толькі словы ў асаблівай функцыі” [7, с. 5]. Даследчык лічыць, што ў ролі тэрміна “можа выступаць любое слова, якім бы яно ні было трывіяльным” [7, с. 5]. Такія выказванні і меркаванні вядомага вучонага далі аснову для многіх навукоўцаў разглядаць тэрміны як адзінкі мовы з уласцівымі ім прыкметамі з прычыны іх спецыяльнага ўжывання. Гэты падыход да вызначэння тэрмінаў выяўляецца ў працах, напрыклад, Н. З. Кацяловай [21], А. І. Маісеева [34] і інш. У выніку былі выдзелены адметныя ўласцівасці, характэрныя тэрмінам, як правілы для іх вызначэння і характарыстыкі тэрмінаў.

Да такіх характарыстычных прыкмет тэрміна адносяцца:

1) адназначнасць тэрміна ці тэндэнцыя да яе;

2) дакладнасць семантыкі тэрміна;

3) стылістычная нейтральнасць і адсутнасць экспрэсіўнасці ў тэрміна;

4) намінатыўнасць тэрміна (здольнасць выступаць у якасці тэрміна толькі назоўніка ці словазлучэння, у якім назоўнік займае сінтаксічна галоўную пазіцыю);

5) сістэмнасць тэрміна.

Прыхільнікі лінгвістычнай тэорыі азначэння тэрміна (напрыклад, А. А. Рэфармацкі [39], М. П. Кузьмін [22], К. А. Ляўкоўская [23], А. М. Талікіна [45] і інш.) імкнуцца да разгорнутай апісальнай характарыстыкі тэрміна. Пералічаныя вышэй прыкметы тэрміна сталі лінгвістычнымі правіламі яго азначэння, якія служаць крытэрыямі для дакладнасці, зразумеласці і выразнасці азначэння тэрміна ў адрозненне ад неспецыяльных слоў. Так, тэрміны, якія выкарыстоўваюцца як азначэнні ў тэрмінах-словазлучэннях ці тэрмінах-фразах, павінны быць альбо вызначанымі, альбо добра вядомымі і адназначна ўспрымацца.

Вельмі важным таксама з’яўляецца патрабаванне сістэмнасці да тэрмінаў, якое выкарыстоўваецца ў якасці азначэння. У прыватнасці, адна і тая ж прыкмета, якая ляжыць у аснове падзелу паняцця, павінна выражацца аднатыповымі моўнымі канструкцыямі. Напрыклад, тэрміны службовыя злачынствы, гаспадарчыя злачынствы, дзяржаўныя злачынствы, воінскія злачынствы выражаюць паняцці, у аснове падзелу якіх ляжыць адна прыкмета – від грамадска небяспечнага дзеяння, выражаная адноснымі прыметнікамі множнага ліку ў прэпазіцыі да ядзернага кампанента словазлучэння.

Іншыя лінгвістычныя заканамернасці будовы азначэнняў датычаць суаднясення лексіка-сінтаксічнай структуры азначаемага тэрміна і структуры выражэння, якое азначае. Патрэбна, у прыватнасці, прытрымлівацца патрабавання “абгрунтавання” структуры састаўнога (шматкампанентнага) тэрміна ў тэксце, які азначае выражэнні пры дапамозе лексіка-сінтаксічных “падтэрмінаў” (азначаемага тэрміна) [47]. Напрыклад, у ланцужках тэрмінаў тыпу: 1) дэпутат, адкліканне дэпутата, права адклікання дэпутата, 2) права, цывільнае права, цывільна працэсуальнае права і інш., кожны наступны тэрмін вызначаецца праз папярэдні. У гэтых умовах тэрмін патрэбна вызначаць праз свае максімальныя лексіка-сінтаксічныя кампаненты (бліжэйшыя “падтэрміны”), а ў сістэме ўсіх дэфініцый тэрмінасістэмы – праз усе свае “падтэрміны”.

Лінгвістычныя правілы азначэння тэрмінаў узаемазвязаны: патрабаванне выкарыстоўваць у складзе азначальнага выражэння толькі адназначныя лексічныя адзінкі гарантуе яснасць і адназначнасць азначэння; патрабаванне сістэмнасці будовы азначэнняў забяспечвае строгую семантычную карэляцыю сузалежных аднаўзроўневых тэрмінаў; правіла лексіка-сінтаксічнай структуры азначальнага тэрміна, калі яго кампаненты таксама з’яўляюцца тэрмінамі, фіксуе семантычныя адносіны паміж іерархічна сузалежнымі тэрмінамі.

Узаемасувязь лагічных і лінгвістычных фактараў у тэорыі і практыцы азначэння тэрмінаў вельмі цесная, у сувязі з чым вядомы расійскі тэрмінолаг В. П. Даніленка настойліва падкрэслівае важнасць і неабходнасць “разглядаць моўную структуру тэрміна і яго азначэнне ў сукупнасці” [11, с. 196].

Ужо ў канцы 80-х гадоў ХХ ст. робіцца спроба комплекснага вывучэння тэрмінаў з улікам іх разнародных характарыстык, адной з якіх з’яўляецца дзейнасны падыход, выкладзены ў працы Б. Ю. Гарадзецкага, які, у прыватнасці, сцвярджае: “Непрадузяты разгляд тэрміна прымушае нас прызнаць такія яго істотныя характарыстыкі, як семантычная невыразнасць, прагматычнасць, дынамічнасць і залежнасць ад структуры падмовы” [9, с. 6].

Такім чынам, розныя падыходы да вызначэння тэрміна, улік двухпланавага падыходу да яго азначэння (лагічнага і лінгвістычнага) вымушае вызначаць паняцце тэрміна не толькі ў агульным плане, але і ў канкрэтным выпадку, даваць азначэнне тэрмінаў пэўных галін навукі і тэхнікі. Для прыкладу прапануем наступнае азначэнне паняцця “юрыдычны тэрмін”: юрыдычны тэрмін – гэта інварыянт (слова ці словазлучэнне), які ўжываецца ў юрыдычнай мове і з’яўляецца дакладным найменнем юрыдычнага паняцця, абмежаванага дэфініцыяй і месцам у юрыдычнай тэрмінасістэме [6].

Тэрміналогія – замкнутая лексічная сістэма, кожная адзінка якой мае пэўныя абмежаванні для свайго ўжывання і аптымальныя ўмовы для свайго існавання і развіцця. Адпаведна, юрыдычнай тэрміналогіяй з’яўляецца сукупнасць юрыдычных тэрмінаў. Юрыдычная тэрміналогія з’яўляецца той асноўнай, найбольш інфармацыйнай часткай лексікі мовы заканадаўства, якая спрыяе дакладнаму і зразумеламу фармуляванню прававых прадпісанняў, дасягненню максімальнай лаканічнасці ў юрыдычным тэксце. Кожны тэрмін юрыдычнай тэрміналогіі асобна выконвае ролю стрыжня ў заканадаўчым тэксце, вакол якога канцэнтруюцца ўсе іншыя моўныя адзінкі, у выніку ствараючы лінгвістычна пабудаваную, напоўненую юрыдычным сэнсам, рэальную моўную канструкцыю.


2.1.2 Патрабаванні да тэрміна
Тэрміны любой і кожнай галіны навукі і тэхнікі перш чым стаць тэрмінамі, як вядома, павінны адпавядаць пэўным патрабаванням, што прад’яўляюцца да іх як спецыяльнай групы адзінак мовы з улікам іх далейшай стандартызацыі. Разгледзім лінгвістычныя крытэрыі, ці патрабаванні, да тэрмінаў, якія складаюць цэлы комплекс пытанняў.

Так, адным з першых паўстае пытанне аб прадстаўленні тэрмінаў як пэўных часцін мовы. Сапраўды, усе словы ў мове размяркоўваюцца паводле прыналежнасці іх да пэўнага лексіка-граматычнага класа слоў, ці да пэўнай часціны мовы. Што датычыць тэрміна, то, калі гэта асобнае слова, яно перш за ўсё слова мовы, а значыць таксама адносіцца да пэўнай часціны мовы. Але тут маецца некалькі асаблівасцяў.

Найперш патрэбна адзначыць, што тэрміны самых розных тэрміналагічных сістэм у асноўным прадстаўлены назоўнікамі (калі гэта – словы-тэрміны) і словаспалучэннямі. Нельга не ўлічваць і той факт, што для пэўных тэрмінасістэм характэрна выкарыстанне тэрмінаў-прыслоўяў, напрыклад, у музычнай тэрміналогіі (адажыо, алегра, анданта, легата, стаката і інш.) ці тэрмінаў-дзеясловаў, напрыклад, у вайсковай ці гімнастычнай тэрміналогіі (стройся, устаць, змяніць нагу, паскорыць хаду, стаць у строй і інш.).

Адносна словаспалучэнняў, якія маюць самае шырокае выкары-станне ў многіх і розных галінах навукі і тэхнікі, нельга не заўважыць, што ў якасці тэрмінаў-кампанентаў, акрамя назоўнікаў, якія і тут найбольш частотна задзейнічаны і нават з’яўляюцца асноўнымі з прычыны намінатыўнай функцыі тэрмінаў, могуць выкарыстоўвацца самыя розныя часціны мовы: прыметнікі (мосцік феніленавы, монакрышталь ніцепадобны, сістэма квазілінейная і інш.), прыслоўі (манатонна ўзрастаючы, манатонна ўбываючы і інш.), дзеясловы (паказаць спектраскапічнымі метадамі, паказаць эксперыментальна, характарызавацца значна меншай інерцыйнасцю і інш.) і інш.

Другім найбольш важным пытаннем адносна лінгвістычных патрабаванняў да тэрмінаў з’яўляецца семантычная характарыстыка іх. Лічыцца, што тэрмін павінен быць адназначным, але больш даклад-на, як адзначае В. П. Даніленка, “можна гаварыць аб а д н о с н а й а д н а з н а ч н а с ц і тэрмінаў”, паколькі, як і словы ў іх свабодным ужыванні характарызуюцца мнагазначнасцю, тэрміны таксама нярэдка маюць некалькі дэфініцый [11, с. 11]. Для ілюстрацыі можна прывесці мнагазначны лінгвістычны тэрмін арфаэпія, які абазначае: 1) раздзел навукі аб мове, які займаецца вывучэннем нарматыўнага літаратурнага вымаўлення; 2) сукупнасць правілаў, што ўстанаўліваюць аднастайнае вымаўленне, якое адпавядае прынятым у мове арфаэпічным нормам. І такія выпадкі адзначаюцца як у гуманітарных навуках, так і ў тэрміналогіях дакладных навук, напрыклад: інтрузія – 1) ‘працэс укаранення ў горныя пароды зямной кары расплаўленай магмы’ і 2) ‘целы магматычных парод’; пракат – 1) ‘гарачая апрацоўка металу шляхам уціску паміж валамі, якія круцяцца, у пэўных становішчах’ і 2) ‘металічныя вырабы, атрыманыя шляхам пракату’; камунікацыя – 1) ‘змены злучэнняў у электрычных ланцугах’ і 2) ‘пераход току ад аднаго венціля да наступнага ў выпрамляльніках, інвектарах’ і інш.

Аднак, у тэрміналогіі з’ява полісеміі мае яшчэ і свае адметнасці. Так, у юрыдычнай тэрміналогіі, дзе выдзяляюцца мікрасістэмы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, цывільнага, крымінальнага, цывільна-працэсуальнага, крымінальна-працэсуальнага, працоўнага права і інш., адзін і той жа тэрмін набывае сваё значэнне ў межах пэўнага тэрміналагічнага поля, напрыклад, тэрмін іск у цывільным працэсе абазначае ‘прад’яўленне ў суд або іншы юрысдыкцыйны орган на разгляд вырашэнне ў пэўным парадку патрабавання зацікаўленай асобы аб ахове спрэчнага грамадзянскага суб’ектнага права”, у канстытуцыйным праве – ‘адзін са сродкаў рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на абарону судовую’ [6, с. 7].

Мнагазначнасць тэрмінаў узнікае ў выніку мнагазначнасці слоў у мове і многіх іншых сумежных з гэтым і, безумоўна, абцяжарвае камунікацыю.

Акрамя ўнутрысемантычных сувязяў, існуе рад парадыгматычных міжслоўных адносін, якімі выступаюць сінанімічныя, антанімічныя і аманімічныя адносіны. Па-першае, тэрміны, як і звычайныя словы, уступаюць ва ўсе гэтыя сувязі; па-другое, яны ў тэрміналогіі дзейнічаюць адметна, магчыма, з улікам патрабавання аб іх недапушчальнасці, якое ўступае ў супярэчнасць з немагчымасцю пазбегнуць уплыву агульных моўных законаў.

Так, непажаданым з’яўляецца сінанімія тэрмінаў, хаця, як вядома, сінанімія лексем у мове з’яўляецца паказчыкам выразнасці і багацця кожнай мовы з прычыны разыходжання розных слоў для абазначэння аднаго і таго ж прадмета, з’явы і інш. паводле семантычнага адцення (дарога, шлях, шаша, аўтастрада, тракт, бальшак), стылістычнага выкарыстання (дабрадзей і кніжн. філантроп) ці таго і другога разам (сваяк, разм. родзіч, абл. крэўны). Дзякуючы сінонімам маўленне чалавека становіцца найбольш свабодным і дакладным, яно выражае найтанчэйшыя адценні думак і настрояў.

Што датычыць тэрмінаў, то тут, наадварот, пра іх розныя семантычныя адценні, а тым больш стылістычную дыферэнцыяцыю размова не можа ісці. Тым не менш сінанімія тэрмінаў адзначаецца, хаця часцей заўважаецца на пачатковым этапе іх узнікнення. Напрыклад, для беларускай эканамічнай тэрміналогіі, якая пачала складвацца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове ў 20-я гг. ХХ ст., характэрна сінанімія, паколькі ў працэсе станаўлення тэрмінасістэмы адбываўся пошук лепшага тэрміна, што і адлюстравана на старонках слоўнікаў: вартасць – кошт, каштоўнасць – цэннасць, выдатак – расход, гуртавая праца, супольная праца – калектыўная праца, даход – прыбытак, затрата – выдатак – наклад, падрахунак – падлік, сплата – узьмяшчэнне, учот – падлік, учотны – падлічаны і інш. Затым сінанімія дзейнічае звычна ці паводле прыхільнасці пэўных даследчыкаў і пад. Напрыклад, у лінгвістыцы для абазначэння ўстойлівых, сэнсава непадзельных выразаў выкарыстоўваюцца тэрміны фразеалагізм, фразема, фразеалагічная адзінка, з якіх найбольш пашыраны першы; альбо побач з уласным тэрмінам назоўнік выкарыстоўваецца іншамоўны субстантыў, які, наадварот, мае абмежаванае выкарыстанне; а для абазначэння наяўнасці двух і больш значэнняў у слове выкарыстоўваюцца два сінанімічныя тэрміны – уласны мнагазначнасць і іншамоўны полісемія, ужыванне якіх часцей падзяляецца ў адпаведнасці з тым, у якой літаратуры – вучэбнай ці навуковай – яны выкарыстоўваюцца. Праўда, такія тэрміны – іншамоўны і ўласны – якраз пашыраныя ў многіх тэрмінасістэмах, паколькі ў мове дзейнічаюць два накірункі ў складанні тэрміналагічнай лексікі: кожная мова імкнецца да выпрацоўкі ўласных тэрмінаў з наяўнага ў ёй свайго матэрыялу і адначасова існуе тэндэнцыя да пашырэння іншамоўных інтэрнацыянальных тэрмінаў. Сапраўды, з аднаго боку, тэрміналогія фарміруецца на аснове агульнанароднай мовы, абумоўлена ёю. А з другога боку, у сучасных умовах у сувязі з ростам інтэрнацыяналізацыі навукі, тэхнікі ўсё ў большых маштабах павялічваецца выкарыстанне міжнароднай інтэрнацыянальнай тэрміналогіі, параўн.: гіпербала – пераўвелічэнне, мовазнаўства – лінгвістыка, каалін – белая гліна, таймер – лічыльнік часу, эпіталама – вясельная песня, казус – выпадак, легат – завяшчальнае адпісанне і інш.

Што датычыць антаніміі як семантычнай супрацьлегласці слоў, то яна шырока выкарыстоўваецца ў мастацкай, публіцыстычнай літаратуры, а ў тэрміналогіі антонімы, як правіла, узнікаюць як своеасаблівы і рэгулярны прынцып наймення паняццяў з супрацьлеглым зместам. В. П. Даніленка лічыць нават, што “з’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у тэрміналогіі прадстаўлена ледзь не шырэй, чым у агульналітаратурнай мове’ [11, с. 25].

У тэрміналогіі рэалізуюцца два тыпы антаніміі:

1) лексічная антанімія, калі словы-тэрміны маюць розныя каранёвыя марфемы, напрыклад, у музычнай тэрміналогіі: легата ‘плаўны пераход аднаго гука ў другі пры выкананні музыкі’ – стаката ‘адрывістае, кароткае выкананне музыкі’;

2) словаўтваральная антанімія, калі словы-тэрміны маюць адзін і той жа корань, але адрозніваюцца пэўным словаўтваральным тэрмінаэлементам, напрыклад, у эканамічнай тэрміналогіі: прыбытковыбеспрыбытковы, стратны – бясстратны, манапалізацыя – дэманапалізацыя, прыватызацыя – рэпрыватызацыя і інш.

У сувязі з тым, што тэрміны выступаюць як асобныя словы, так і словазлучэнні, словаспалучэнні рознага тыпу, то няма той галіны, дзе не былі б прадстаўлены антанімічныя тэрміны ці антанімічныя кампаненты тэрмінаў, утвораных сінтаксічным спосабам, напрыклад: жорсткая вада – мяккая вада, мяккі прыпой – цвёрды прыпой, саксаул белы – саксаул чорны, адкрытая станіна – закрытая станіна, гашаная вапна – нягашаная вапна, буйназярністы злом – дробназярністы злом, спад вытворчасці – пад’ём вытворчасці, буйны капітал – дробны капітал, продаж аптовы – продаж рознічны і інш.

У адрозненне ад аманімічных слоў беларускай мовы, якія ўзнікаюць паводле розных прычын, аманімічныя тэрміны ў межах адной тэрміналагічнай сістэмы адсутнічаюць, яны вызначаюцца: 1) толькі пры параўнанні тэрмінаў розных галін навукі, калі выяўляюцца словы-тэрміны аднолькавага гука-літарнага афармлення, ці міжнавуковыя аманімічныя тэрміны, напрыклад: тэрмін асіміляцыя (лінгв.), асіміляцыя (біял.), асіміляцыя (этнагр.); разак (тэхн.), разак (бат.) і інш.; 2) толькі пры параўнанні слоў агульналітаратурнай мовы і аднолькавых паводле гука-літарнага афармлення тэрмінаў пэўнай галіны, ці аманімія слова і тэрміна пры яго ўтварэнні семантычным спосабам (веер ‘ручное прыстасаванне ў выглядзе складнога паўкруга, якім абмахваюцца ў духату’ і чыгуначны тэрмін веер ‘рэльсы, якія разыходзяцца ў розныя бакі’; маскіт ‘крываноснае паўднёвае насякомае атрада двухкрылых’ і медыцынскі тэрмін маскіт ‘маленькі хірургічны зажым’ і інш.)

Адной з асаблівасцяў тэрмінаў з’яўляецца сістэмнасць, якая разумеецца як строгая арганізацыя спецыяльных паняццяў. Сістэмныя адносіны выражаюцца ў рода-відавых адносінах, марфалагічна, дзе найперш дзейнічае суфіксацыя. А таму немалаважным патрабаваннем з’яўляецца пытанне аб утварэнні тэрмінаў, якое, з аднаго боку, характарызуецца выкарыстаннем агульналітаратурных спосабаў і мадэляў (гл. далей пра асобныя спосабы ўтварэння тэрмінаў з выкарыстаннем уласных імёнаў), а з другога боку, вызначаецца адметнымі ўласцівасцямі, якія вымагаюцца спецыфікай тэрміналагічнай лексікі.

Адметнасць датычыць, напрыклад, выбару і выкарыстання тэрміналагічных словаўтваральных сродкаў, бязмежнасці складання кампанентаў і інш. Так, адметнасць заключаецца ў тым, што назіраецца спецыфіка ў выбары, напрыклад, суфіксаў (найбольш шырока задзейнічаны словаўтваральны сродак) і замацаванне іх паводле сістэмы тэрмінаў. Так, для аднаслоўных тэрмінаў анамастычнай тэрміналогіі важна захаванне тыповых марфем для ўтварэння і адрознення тэрмінаў: -ія (сукупнасць імён): гідранімія, антрапанімія; -іка (раздзел навукі): гідраніміка, антрапаніміка; -іст (даследчык): гідраніміст, антрапаніміст; -ікон (спіс, слоўнік): гідранімікон, антрапанімікон; -ізацыя (працэс): гідранімізацыя, антрапанімізацыя; -ічны (вытворны прыметнік): гідранімічны, антрапанімічны. Паказальнай у гэтых адносінах тэрмінасістэмай выступае хімічная тэрміналогія, у якой групы аб’яднанняў абазначаюцца тэрмінамі, утворанымі пры дапамозе спецыяльных суфіксаў: -н- (фосфарны), -іст- (фасфарысты), -ават- (фасфараватая кіслата). Тое ж можна сказаць і пра асобныя мікрапалі ў медыцынскай тэрміналогіі, напрыклад, назвы хвароб утвараюцца паводле адной мадэлі: суфіксы -іт, -оз далучаюцца да назвы хворага органа (бранхіт, плеўрыт, нефрыт і інш.; нефроз, астэахандроз і інш.) і інш.

І яшчэ адзін спосаб выражэння сістэмнасці тэрмінаў, што адрознівае іх ад слоў агульнаўжывальных, – гэта гіпанімія тэрмінаў, ці выражэнне рода-відавых адносін тэрміналагічных адзінак. Справа ў тым, што тэрміналагічныя сістэмы розных галін ведаў пранізаны гіпанімічнымі адносінамі, пры якіх выдзяляюцца словы-гіпонімы для выражэння відавых паняццяў і словы-гіперонімы для выражэння родавых паняццяў. Значэнне слоў-гіпонімаў уключае ў сябе большую колькасць семантычных кампанентаў, чым значэнне слоў-гіперонімаў. Так, пры ўтварэнні тэрмінаў-словаспалучэнняў, састаўных тэрмінаў заўсёды захоўваюцца рода-відавыя адносіны: асноўнае слова састаўнога тэрміна абазначае родавае паняцце, другое, залежнае слова словаспалучэння выконвае функцыю азначэння (назоўнік, уласны назоўнік, агульны назоўнік; кардан, карданны вал, карданная перадача). Праілюструем на матэрыяле тэрмінаў крымінальнага права шпіянаж, дзяржаўныя злачынствы і злачынства, што выяўляюць рода-відавыя адносіны: кампанент-інтэгратар злачынства ‘прадугледжанае крымі-нальным законам грамадска небяспечае дзеянне (або бяздзейнасць)’ характарызуецца семантыкай самай высокай канструкцыйнай значнасці, прадстаўляе вяршыню іерархіі тэрмінаў. Гіпонім шпіянаж ‘злачынства з боку замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства, якое выяўляецца ў перадачы, а таксама ў выкраданні або збору з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці агентуры звестак, якія складаюць ваенную або дзяржаўную тайну’ ўключае большую колькасць семантычных кампанентаў, чым яго гіперонім дзяржаўныя злачынствы ‘найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на найважнейшыя інтарэсы дзяржавы’.

Вынікі ўсіх патрабаванняў, наяўнасць адметнасцяў тэрмінаў як адзінак, “якім прыпісваецца пэўнае паняцце і якія суаднесены з іншымі найменнямі ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі і ўтвараюць разам тэрміналагічную сістэму, ці тэрмінасістэму” [31, с. 169], у параўнанні са звычайнымі словамі выяўляюць іх абмежаванасць у выкарыстанні ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі.

Але спынім увагу на ўзаемадзеянні тэрмінаў з уласнымі імёнамі. Паспрабуем выявіць, як выкарыстоўваюцца ўласныя імёны як культурныя знакі ў тэрміналогіі, прасочым, як узаемадзейнічаюць гэтыя дзве групы унікальных адзінак, якія вынікі такога ўзаемадзеяння яны прадстаўляюць для пазнання культурнай інфармацыі, для ўсведамлення ролі ўласных імёнаў у тэрмінаўтварэнні, для раскрыцця законаў і правілаў утварэння тэрмінаў розных галін навукі і тэхнікі.


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка