Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт




старонка1/5
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.24 Mb.
  1   2   3   4   5


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт

імя П. В. Сухога”

Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны”


М. У. Буракова, В. А. Ляшчынская



УЛАСНЫЯ ІМЁНЫ

Ў ТЭРМІНАХ І ФРАЗЕАЛАГІЗМАХ

Практычны дапаможнік

для студэнтаў

нефілалагічных спецыяльнасцей ВНУ

Гомель

УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”

2010

УДК 811.161.3-3

ББК 81.411.3-3

Б 912
Навуковы рэдактар :

В. А. Ляшчынская, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы УА “ГДУ імя Ф. Скарыны
Рэцэнзенты :

Коваль У. І. загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”, доктар філалагічных навук, прафесар

Баннікава Л. С., загадчык кафедры тэорыі англійскай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”, кандыдат педагагічных навук, дацэнт

Бойка А. А, прарэктар па навуковай рабоце УА “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт імя П.В. Сухага”, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт


Друкуецца па пастанове навукова-метадычных саветаў устаноў

адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”

і “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт імя П. В. Сухога”

Б 912


Буракова, М.У.

Уласныя імёны ў тэрмінах і фразеалагізмах: практычны дапаможнік для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей ВНУ / М. У. Буракова, В. А. Ляшчынская; М-ва адукацыі РБ; Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель : ГДУ імя Ф.Скарыны, 2010. – 88 с.



ISBN 978–985–439–381–0
Мэта дапаможніка – пазнаёміць усіх, хто цікавіцца праблемамі мовы, а найперш студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей з незвычайнымі сувязямі ўласных імёнаў (імёнаў, прозвішчаў, назваў краін, гарадоў, рэк і інш.) і тэрміналагічных і фразеалагічных адзінак мовы, з гісторыяй узнікнення тэрмінаў розных галін навукі і тэхнікі і фразеалагізмаў, якія звязаны паводле свайго ўтварэння з уласнымі імёнамі, а таксама з той інфармацыяй, якую ўтрымліваюць, але “схавалі” тэрміны і фразеалагізмы.
УДК 811.161.3-3

ББК 81.411.3-3
ІSBN 978–985–439–381–0 © М.У. Буракова, В. А. Ляшчынская, 2010

© УА “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны

універсітэт імя П.В. Сухога”, 2010

© УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт


імя Ф. Скарыны”, 2010



Умоўныя скарачэнні

амер. – амерыканскі


англ. – ангдійскі

аўстр. – аўстрыйскі

бельг. – бельгійскі

венг. – венгерскі

гал. – галандскі

гр. – грэчаскі

дац. – дацкі

інд. – індыйскі

іт. – італьянскі

канад. – канадскі

лац. – лацінскі

нідэрл. - нідэрландскі

ням. – нямецкі

н.-лац. – новалацінскі

перс. – персідскі

польск. – польскі

рус. – рускі

ст.грэч. – старажытнагрэчаскі

ст.лац. – старажытналацінскі

ст.сканд. – старажытнаскандынаўскі

ст.яўр. – старажытнаяўрэйскі

ФА – фразеалагізная адзінка

фін. – фінскі

фр. – французскі

харв. – харвацкі

чэш. – чэшскі

шатл. – шатландскі

шв. – шведскі

швейц. – швейцарскі

Слова да чытача
Паважаны чытач, узяўшы ў рукі гэту кнігу, не спяшайся адкласці яе ўбок, здзівіўшыся такому спалучэнню ў яе назве зусім розных найменняў галін навукі аб мове, маўляў, што можа быць агульнае паміж імі. Наадварот, пацікаўся, чаму аўтары так назвалі сваё дзецішча, прачытай гэту кнігу, і ты даведаешся, якая сувязь існуе паміж анамастыкай і тэрміналогіяй, паміж анамастыкай і фразеалогіяй, чаму менавіта ўласнае імя чалавека, назва населенага пункта, пэўнай мясцовасці, увогуле ўласныя назвы пэўных асоб ці аб’ектаў знайшлі сваё адлюстраванне ў тэрміналогіі і фразеалогіі. Ты даведаешся пра многае з “біяграфіі” тэрмінаў, з гісторыі іх узнікнення, прыадкрыеш старонкі загадкавага і здзіўляльнага ў іх паходжанні, дакранешся да вытокаў тэрмінаўтварэння розных галін навукі і тэхнікі, спасцігнеш законы і правілы ўтварэння тэрмінаў розных галін навукі і тэхнікі і знойдзеш блізкія па абранай табою спецыяльнасці тэрміны з прычыны іх унікальнасці і выразнай адметнасці ад законаў і правілаў утварэння звычайных слоў нашай мовы.

Ты пазнаёмішся яшчэ з адным аспектам дзівоснай навукі пад назвай “фразеалогія”, бо, як ужо вядома з назвы кнігі, мы хочам табе расказаць, як і чаму анамастычныя назвы звязаны з фразеалагічнымі адзінкамі, што скрываецца пад гэтымі назвамі як кампанентамі фразеалагізмаў і якія факты, падзеі, сітуацыі даўно мінулых часоў і нашых дзён на тэрыторыі нашай краіны ці суседніх альбо зусім далёкіх ад нас краін і месцаў, з аднаго боку, паўстаюць у сваёй захаванасці і завуаліраванасці ў фразеалагізмах, а з другога, як і чаму пэўныя нагоды розных часоў і розных месцаў кладуцца ў аснову фразеалагізмаў, як яны захоўваюцца ў фразеалагізмах і пераўтвараюцца ў своеасаблівыя коды ведаў і інфармацыі народа, расшыфроўваць якія будуць новыя пакаленні і спазнаваць, як і мы сёння, культурна-нацыянальнае светаразуменне, падпадаць пад яго ўздзеянне і ў гэтым выяўляць агульнасць менталітэту, сваю еднасць з усім беларускім народам, а таксама з тымі каштоўнасцямі, якія цэняцца ва ўсім свеце.

Думаем, мы зацікавілі цябе, дарагі чытач, і пераканалі ў неабходнасці пазнаёміцца са зместам кнігі. Таму смялей адкрывай наступную старонку і спазнавай асалоду ад атрыманых ведаў, цікавай інфармацыі, спасцігай таямніцы мовы, адкрывай загадкі ўтварэння многіх і многіх тэрмінаў, паходжанне якіх звязана з уласным іменем, расшыфроўвай змест і інфармацыю фразеалагізмаў, у складзе якіх фіксуюцца кампаненты-імёны, далучайся да ўсведамлення сваёй ролі ў трыядзе “мова – культура – чалавек”.

Доктар філалагічных навук прафесар В. А. Ляшчынская

Раздзел 1

Уласныя імёны, ці анамастыка

1.1 Анамастыка
Анамастыкагэта навука пра любыя ўласныя імёны (онімы) –геаграфічныя назвы, імёны нябесных свяціл, імёны людзей, назвы перыядычных выданняў, рознага тыпу ўстаноў, гандлёвых марак і інш., якія складаюць адну з найбольш колькасных і своеасаблівых паводле зместу частак лексікі любой мовы, у тым ліку і беларускай. Заснавальнікам беларускай анамастычнай школы з’яўляецца акадэмік АН Беларусі М. В. Бірыла.

Уласныя імёны проціпастаўлены агульным імёнам, паколькі імя ўласнае называе асобны аб’ект, напрыклад: Гомель, Паскевіч, Ірына, Сож, Клёнкі і інш., выдзяляе яго з шэрагу аднародных агульных найменняў, якія, напрыклад, адпавядаюць першым: горад, прозвішча, імя, рака, урочышча і інш.

За кароткі час інтэнсіўнага развіцця беларуская анамастыка дасягнула такой шырыні і глыбіні даследавання ўласных імён, што сёння анамастыка падзяляецца на шэраг сумежных дысцыплін (зааніміка вывучае імёны жывёл, этнаніміка вывучае найменні народаў, нацый, плямён, астраніміка вывучае назвы касмічных аб’ектаў, тэаніміка вывучае назвы бостваў і інш.).

З прычыны значных колькасных дадзеных і выключнасці ролі ў жыцці людзей з анамастыкі выдзеліліся два новыя раздзелы навукі аб уласных імёнах – антрапаніміка і тапаніміка, якія маюць свой аб’ект і свае задачы.




      1. Антрапаніміка

Антрапаніміка (ад антрапонім – грэч. anthropos ‘чалавек’ і onyma ‘імя’ + -іка) – раздзел навукі, які вывучае антрапонімы, ці любыя ўласныя імёны, якія можа мець чалавек, у тым ліку імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, мянушкі, псеўданімы, андронімы (найменне жонкі паводле мянушкі ці прозвішча мужа), гінеконімы (найменне мужчыны паводле імені ці прозвішча маці альбо жонкі), патронімы (у старажытнасці найменне чалавека, утворанае ад імені ці мянушкі бацькі або продкаў па бацькавай лініі), заканамернасці іх узнікнення, развіцця, функцыянавання.

Гэты раздзел анамастыкі ўзнік на стыку некалькіх навук: лінгвістыкі, этнаграфіі, гісторыі, сацыялогіі, псіхалогіі і інш. Антрапаніміка беларускай мовы займаецца вывучэннем паходжання і значэння тых слоў, якія сталі базай, асновай утварэння ўласных імён людзей – імя, прозвішча, мянушкі; эвалюцыі формулы наймення асобы – ад імені да імені і прозвішча, да імені і імені па бацьку, ад прозвішча да псеўданіма і інш. Антрапаніміка носіць міждысцыплінарны характар, паколькі выкарыстоўвае факты не толькі мовазнаўства, але і антрапалогіі, этнаграфіі, гісторыі, псіхалогіі, сацыялогіі, тэалогіі, культуралогіі, літаратуразнаўства, што тлумачыцца ўласцівасцямі аб’екта гэтай навукі – найменняў чалавека, іх адметнасцю ў лексічнай сістэме мовы, гістарычнай зменнасцю, разнастайнасцю функцый.

Чалавек жыве сярод людзей і сярод імён, якія ствараюць вакол яго пэўную і асаблівую нацыянальна-культурную прастору, адзіную для ўсяго моўнага калектыву і індывідуальную для любога асобнага яго члена. Уласныя імёны кожнай асобнай мовы склаліся гістарычна, іх вывучэнне дапамагае прачытанню многіх старонак гісторыі пэўнага народа, яны з’яўляюцца важным звяном сувязі чалавека з яго непасрэдным акружэннем і грамадствам увогуле.

Імёны людзей кожнага народа адрозніваюцца непаўторнай самабытнасцю і арыгінальнасцю, яны адлюстроўваюць погляд народа на свет і на месца ў ім індывіда.

Для беларусаў, як і рускіх, украінцаў і іншых народаў, прозвішча – гэта выражэнне сувязі з сям’ёй, паколькі ўсе члены сям’і, як правіла, носяць адно прозвішча – прозвішча бацькі. Для параўнання: у іспанскай сям’і, якая складаецца, напрыклад, з маці, бацькі і сына, у кожнага будзе сваё прозвішча; прозвішча сына будзе складзена з кампанентаў прозвішча бацькі (прычым, абавязкова першым кампанентам) і прозвішча маці (другім кампанентам).

У беларускай мове сёння агульнапрынятым і юрыдычна ўзаконеным з’яўляецца афіцыйнае найменне кожнага чалавека праз імя, імя па бацьку і прозвішча, як, дарэчы, у рускіх і ўкраінцаў. Але такое найменне не з’яўляецца ўсеагульным, абавязковым для ўсіх народаў і краін. Так, у Ісландыі зусім няма прозвішчаў, тут абыходзяцца толькі іменем і іменем па бацьку. Да рэвалюцыі 1917 года чукчы, як і многія іншыя малыя народнасці на Поўначы і Далёкім Усходзе, мелі толькі імя. Напрыклад, вядомы пісьменнік чукча Юрый Сяргеевіч Рытхэу атрымаў імя і імя па бацьку толькі пры атрыманні пашпарта, а сваё імя перавёў у прозвішча.

Але вернемся да нашай трохкампанентнай (імя + імя па бацьку + прозвішча) мадэлі наймення чалавека, якая, дарэчы, такой была не заўсёды і ў беларусаў.


1.1.1.1 Імя. Найбольш старажытным, першасным у гістарычным плане з’яўляецца імя чалавека, значыць, беларусы ў мінулым, як і іншыя ўсходнія славяне, спачатку абыходзіліся без імені па бацьку і прозвішча, не мелі сучаснай трохкампанентнай мадэлі наймення чалавека.

Славянскія імёны перажылі два асноўныя перыяды: дахрысціянскі (да Х стагоддзя толькі імёны славянскага паходжання, іх яшчэ называюць “паганскімі”, “дахрысціянскімі”) і пасляхрысціянскі (пасля Х стагоддзя імёны і славянскага і неславянскага паходжання, якія часцей называюць “хрысціянскімі”) перыяды.

Імёны дахрысціянскага перыяду не толькі называлі, але і выконвалі “прафілактычна-пажадальную” функцыю (М.В. Бірыла), паколькі яны служылі своеасаблівай абаронай носьбітаў імёнаў ад “злых сіл”, павінны былі садзейнічаць, дапамагаць іх уладальніку на працягу ўсяго яго жыцця. Чалавек верыў у магічную сілу слова, быў упэўнены, што назвы жывёл, дрэў, з’яў, узятых за імя, становяцца апекунамі, абаронцамі іх носьбітаў. У выніку практычна кожнае паўназначнае слова магло быць выкарыстана ў якасці ўласнага асабовага імені. У. А. Івашка адзначае: “Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне выбіралі свайму дзіцяці ў якасці імені любое слова. Паўтаральнасць імені ў той час была мінімальнай” [14, с. 9]. Такімі імёнамі ў беларусаў былі складаныя найменні (Любамір, Мілагосць, Святаслаў і інш.) і простыя (Ждан, Тур і інш.).

Хрысціянская царква кананізавала святых і іх імёны і паслядоўна пашырала іх там, дзе прымалася і пашыралася хрысціянства. Пасля прыняцця хрысціянства – пасляхрысціянскі перыяд выбару імені абмяжоўваецца царкоўнымі календарамі, святцамі паводле імені святых, якіх шанавала праваслаўная царква ў той ці іншы дзень. Менавіта пра такі каляндар (“каліндар”) узгадваецца ў вершаванай аповесці “Кепска будзе” Ф. Багушэвіча, калі на пытанне маці аб імені дзіцяці, якое кума вазіла хрысціць, але так і не змагла давезці, тая адказвае: “Імя, – кажа, твайму сыну / Ксёндз хацеў даць па кантычцы, / Думаў ён, можа, з гадзіну, / Узяў ксёнжку як стаў рыцца, / Дык даў потым з каліндарка”.

Неабходна заўважыць, што яшчэ доўгі час пасля ўвядзення хрысціянства – “асабліва ў ХІ – ХІV і нават у ХV – ХVІІ стст. – абедзве іменалагічныя сістэмы суіснавалі” [5, с. 4].

У апошні час з прычыны вяртання да царкоўных асноў жыцця грамадства зноў адраджаецца традыцыя надання імені дзіцяці ў гонар святых, напрыклад: імя Паліна дадзена дзяўчынцы, якая нарадзілася 15 ліпеня, у гонар прападобнай Апалінарыі, імя якой паходзіць ад грэчаскага імені Апалінарыя і абазначае ‘належыць Апалону’.

Нармалізацыя ўласных імёнаў у беларускай мове адбылася даволі позна, і тут, як зазначае В. В. Шур, “многа ўмоўнага, што нават да нашага часу не паддаецца асэнсаванню, маючы на ўвазе лінгвістычныя і іншыя фактары” [48, с. 28]. Так, у прыватнасці, назіраецца разнабой у выкарыстанні формаў імёнаў у афіцыйным выкарыстанні (замацавалася тэндэнцыя да абагульнення і аднастайнасці з імёнамі ў рускай мове) і ў мове мастацкіх твораў беларускіх майстроў слова (адлюстроўваецца традыцыя народнага вопыту, індывідуальнасці імёнаў беларусаў), параўн.: Мікалай і Мікола, Іван і Янка, Міхаіл і Міхась, Антон і Антось і інш. Зразумела, у выніку адмаўлення ад сваіх уласных імёнаў беларусы страцілі сваю адметнасць. Ніл Гілевіч у сувязі з гэтым з горыччу ўзгадвае: “У дзяцінстве, ды і пазней, я звяртаўся да знаёмых мужчын так: дзядзька Змітрок, дзядзька Тодар, дзядзька Тамаш, дзядзька Аніс, дзядзька Акім, дзядзька Кастусь. Перамерлі гэтыя дзядзькі і іх імёны. Унукаў і праўнукаў імёнамі дзядоў ужо не называюць. Да знаёмых жанчын у дзяцінстве сваім я звяртаўся на роднай мове і ў духу нацыянальных звычаяў так: цётка Марыля, цётка Гілена, цётка Барбара, цётка Параска, цётка Рыпіна, цётка Луцэя, цётка Зося, цётка Еўка, цётка Тэкля… Адышлі на вечны супачын гаротніцы-цёткі, зніклі і іх імёны. Унучкам і праўнучкам яны не дасталіся.

Нехта ў свой час пераканаў, што Марыля, або Гілена, або Зося – гучыць непрыгожа, некультурна. Зрэшты, пераканалі ўвесь народ, што яго імёны брыдкія, немілагучныя і што іх трэба памяняць на лепшыя. І пачалі мяняць. І напераменьваліся так, што ўжо нічога, ані знаку свайго не засталося. Па імені ўжо не пазнаеш, што перад табой беларус. Паляка пазнаеш, што паляк, літоўца пазнаеш, што літовец, армяніна пазнаеш, француза пазнаеш – у кожнага народа свае імёны, чаму ж не пазнаць. А мы сваіх імёнаў не маем, нас па імені не адрозніш… Але ж быў час, мілыя мае браткі беларусы, калі пазнавалі па імені і нас, грэшных. Пачуеш: Міхась, Юрась, Тамаш, Сымон, Антось, Язэп, Лукаш, Змітрок, Пятрусь, Абросім – ну, ясна, з Беларусі таварышы! Свет увесь пазнаваў і паважаў нас за гэта, што свае імёны мелі”.


1.1.1.2 Імя па бацьку. З прычыны малой колькасці імён царкоўнага прызначэння, а значыць паўтору аднаго імені і ў сувязі з гэтым неабходнасці адрозніваць людзей узнікла найменне па бацьку. Праўда, спачатку яно ўжывалася толькі для багатых і знатнага роду людзей, затым набывала ўсё большае і большае пашырэнне і стала абавязковым паводле многіх сацыяльных прычын. У прыватнасці, можна нагадаць такую сацыяльна-прававую праблему, як спадчыннасць. Але менавіта гэтая патрэба (спадчыннасць гублялася на трэцім калене роднасных сувязей пры найменні асобы іменем), а за ёй і іншыя, паколькі прыналежнасць, напрыклад, да знатнага роду давала шматлікія прывілеі, з цягам часу прывяла ад пашырэння двухчленнай мадэлі – імя і імя па бацьку, спачатку тыпу Варфаламей сын Мяфодзія.

Сёння прыжылася і стала найбольш пашыранай двухчленная мадэль наймення дарослых людзей, асабліва ў афіцыйных умовах, на службе і пад. тыпу Варфаламей Мяфодзьевіч.


1.1.1.3 Прозвішча паводле паслядоўнасці ўзнікнення трохчленнага наймення сучаснага чалавека з’ўляецца апошнім: ад двухчленнай мадэлі (Патап сын Якуба) пайшлі да трохчленнай (Патап Якубавіч Якубовіч), калі ўзнікае прозвішча як трэці складнік у найменні чалавека. Дзякуючы прозвішчу маглі назаўсёды захоўвацца роднасныя сувязі ад любога продка, бо прозвішча – гэта сямейнае спадчыннае найменне.

Для беларускай мовы прозвішчы “з’яўляюцца прадуктам адносна позняга перыяду (ХVІІ – ХVІІІ стст.)” [4, с. 3].

Беларускія прозвішчы характарызуюцца разнастайнасцю свайго складу і паходжання: тут выдзяляюцца прозвішчы простыя (Вярба, Жук, Корань), вытворныя (Іваноў, Сідаровіч, Цыбульскі), складаныя (Беладзед, Семяжон), састаўныя (Дунін-Марцінкевіч, Бялыніцкі-Біруля, Бут-Гусаім).

Беларускія прозвішчы змяняюцца па родах – Іваноўскі і Іваноўская, калі зыходная форма аднолькавая – Анічэнка, то адрозненне відавочна пры змяненні па склонах – успамінаў аб Уладзіміру Анічэнку і аб Ганне Анічэнцы.

Так узнікла сучасная трохчленная мадэль тыпу Івановіч Уладзімір Іванавіч ці Кунцэвіч Любоў Раманаўна.
Як відаць, уласныя імёны людзей, ці антрапонімы, у іх разнастайнасці спалучэнняў – імя; імя і імя па бацьку; імя, імя па бацьку і прозвішча – служаць для індывідуалізацыі кожнага асобнага члена грамадства, выконваюць выдзяляльную фукцыю, калі чалавек пад тым ці іншым найменнем выдзяляецца сярод нейкага мноства людзей, і ідэнтыфікацыйную функцыю, калі пэўнае імя атаясамліваецца з пэўным чалавекам ці наадварот. Уласнае імя не мае абмежаванняў паводле семантычнай спалучальнасці ў сказе, акрамя тых, што вымушаюцца граматычнымі правіламі. І ўсё ж існуе цэлы шэраг уласных імён, якія ў моўна-культурнай прасторы канкрэтнага лінгвістычнага аб’яднання валодаюць наборам стэрэатыпнага ядра ведаў на ўзроўні этнічнай культуры. Так, у беларускай лінгвакультурнай прасторы імя Янкі Купалы сімвалізуе народны вобраз Паэта, тым самым ствараючы пэўную мастацкую парадыгму. А, напрыклад, уласнае імя такой знакамітай асобы, як Карскі Яўхім Фёдаравіч, для ўсіх, хто шануе сваю спадчыну, цікавіцца пытаннямі мовы, з’яўляецца змястоўным, і гэта абумоўлена ўласцівасцямі гэтага чалавека як асобы, у прыватнасці, Я. Ф. Карскі – знакаміты філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, палеограф, фалькларыст. Для ўсіх беларусаў і асабліва для людзей, блізкіх, знаёмых з музыкай, музычным мастацтвам, уласнае найменне Александроўская Ларыса Пампееўна – гэта сваё кола ведаў пра беларускую оперную спявачку і рэжысёра і інш.

Акрамя названых трох найменняў чалавека існуюць яшчэ мянушкі і псеўданімы, якія па-рознаму кваліфікуюцца і маюць свае асаблівасці выкарыстання.


1.1.1.4 Мянушкі маюць далёка не ўсе людзі, як гэта характэрна для імя, імя па бацьку і прозвішча. І яшчэ адна асаблівасць мянушкі – факультатыўнасць наймення асоб: яны выкарыстоўваюцца ў неафіцыйных зносінах людзей з мэтай наймення адной асобай другой асобы і адначасова выражэння сваіх інтымна-ласкальных ці зневажальных, жартоўных адносін да яе альбо для стылістычнай характарыстыкі персанажаў у тэкстах мастацкай літаратуры.

Як правіла, мянушкі выяўляюць асаблівасці знешняга выгляду, рысы характару пэўнай асобы ці пэўныя адметнасці іншага характару. Вось як Янка Брыль апісвае паходжанне некалькіх мянушак вясковага хлопчыка Даніка ў аповесці “Сірочы хлеб”:

“Данік, як і кожны з малых, меў не адну, а некалькі мянушак, – то Сівы, то Гусак, то Манька… Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Гусаком – таму, што калісьці, яшчэ пазалетась увосень, хлопцу нагнаў страху стары Міронаў гусак. “Манькай” у іхняй вёсцы называюць левую руку, а Данік хацеў чамусьці быць ляўшою і ўсё страшыў, крычаў: “Вось як дам табе з манькі!..” На кожную з гэтых мянушак можна было адказаць любому з сяброў таксама мянушкай, а то і пабіцца. Зрэшты, не ўсе мянушкі аднолькава прыжываюцца. З трох першых мянушак, з якімі Данька ўступаў у жыццё, да хлопца прыліпла найбольш адна – Сівы, і за яе Данік амаль не злаваўся”.

Нярэдка ўзнікненню мянушкі спрыяе нейкі выпадак, здарэнне ці адметныя асаблівасці пэўнай асобы. Дастаткова ўзгадаць, напрыклад, жартаўлівую мянушку Сцяпана Баруты з аповесці “На прасторах жыцця” Якуба Коласа: “Сярод таварышаў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю. За гэта яго празвалі Ламаносавым, тым больш, што ён не пабаяўся пайсці пяхотам цэлых сто вёрст, каб паступіць на рабфак”.

Як бачым, мянушкі выступаюць гаваркімі онімамі, яны выконваюць ідэнтыфікацыйна-характарыстычную функцыю, дапаўняючы афіцыйнае найменне чалавека.

1.1.1.5 Псеўданім (ад грэч. pseudos ‘няпраўда’ + onyma ‘імя’) – найменне асобы, якое прыдумана для замены аднаго ці двух і нават трох кампанентаў афіцыйнага наймення асобы. У залежнасці ад віду ўтварэння і перадачы на пісьме графічна выдуманых імёнаў і прозвішчаў аўтараў псеўданімы падзяляюцца на ўласна псеўданімы, ці фіктонімы (Тарас Палясоўшчык – Пімен Емяльянавіч Панчанка, Вера Вярба – Гертруда Пятроўна Сакалова, Кандрат Крапіва – Кандрат Кандратавіч Атраховіч), абагульняльныя псеўданімы (Сымон Беларус – Мікалай Ермаловіч; Мікалаевец – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў наймення асобы ў розных іх варыяцыях ці ад пачатковых літар псеўданіма аўтара і інш. (М.Б. – Максім Багдановіч, Я.К., Я. К-а – Янка Купала, Яксміс – Я. Місько).

Выбар псеўданіма тлумачыцца рознымі прычынамі. Вось як дасціпна абгрунтаваў свой псеўданім вядомы беларускі байкапісец і драматург Кандрат Крапіва ў вершы “Крапіва”:

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе:

Я – пякучка-крапіва.


Я расту вось тут пад плотам

І не так даўно ўзышла,

А ўжо многім абармотам

Рукі-ногі папякла.


Хто палез за агуркамі,

Хай той носіць пухіры –

Мяне голымі рукамі

Асцярожна, брат, бяры.


Хто сустрэўся быў са мною,

Дакрануўся раз ці два,

Дык той ведае ўжо, хто я:

Я – пякучка-крапіва.

А вось як вобразна раскрываецца сутнасць, а найбольш вобразна характарызуецца псеўданім заснавальніка беларускай прозы, гусляра першай рэвалюцыі, стваральніка “Новай зямлі” Якуба Коласа другім мастаком слова: “Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае – Колас. І стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей. Колас выспеў, выдужаў, вырас у з’яву, куды зазірнулі і засталіся ў адбітку аж дзве эпохі …”.

Карыстаюцца псеўданімамі найбольш пісьменнікі і артысты, нярэдка не абмяжоўваючыся адным псеўданімам. Напрыклад, беларускі пясняр Якуб Колас (сапраўднае прозвішча, імя і імя па бацьку – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) меў такія псеўданімы: Адзінокі, Альбуцкі, Андрэй “Социаліст”, Булава Т., Дзядзька Карусь, Колас, Лесавік, Стары шут, Тамаш Булава, Тарас Гушча, Якуб Колас; у французскага пісьменніка і філосафа-асветніка ХVІІІ ст. Вальтэра (дарэчы, Вальтэр – гэта адзін з псеўданімаў, яго сапраўднае імя Мары Франсуа Аруэ) было каля 200 літаратурных псеўданімаў, сярод якіх псеўдаславянскія імёны Іван Алятаў і Жан Плокаў.

Вытокі псеўданімаў беларускіх пісьменнікаў, як адзначае Янка Саламевіч, вядомы і па сутнасці адзіны даследчык псеўданімаў у Беларусі, ідуць з мінулых часоў, калі “пісьменнікі-палемісты, якія выступалі супраць каталіцызму, супраць уніі”, і калі “ва ўмовах рэлігійна-класавай барацьбы, ганенняў на ідэолагаў праваслаўя ў Рэчы Паспалітай ХVІ–ХVІІ стст. псеўданімнае і ананімнае выданне палемічных твораў было адзіным ратункам ад суда і кары смерцю” [41, с. 73]. У далейшым мода на псеўданімы не спадала, нярэдка былі і прычыны скрываць сваё сапраўднае імя, як, напрыклад, у 20–30-я гг. ХХ ст. і інш.
Такім чынам, уласныя імёны людзей лічацца асобнымі, нават унікальнымі знакамі ў сістэме моўных сродкаў кожнай мовы. Іх унікальнасць заключаецца найперш у тым, што імёны, з аднаго боку, лічацца семантычна нематываванымі знакамі, з другога – найбольш канатацыйнымі адзінкамі мовы. Даследчыца пытанняў рускай анамастыкі Г.В. Супяранская зазначае: “Паколькі многія лічаць імя ўласнае катэгорыяй, якая ляжыць па-за паняццяў, а семантыка заўсёды паняційная, нярэдка наогул сумняваюцца ў правамернасці выдзялення семантыкі ў якасці асобнага аспекта імені. Лепш гаварыць аб інфармацыі, якую нясе імя ўласнае, чым пра яго семантыку” [43, с. 225]. А імя, сапраўды, утрымлівае і паведамляе дасведчанаму чалавеку пэўную інфармацыю. Так, імя Антось у беларускай мове характарызуецца наступным: чалавек, пол, нацыянальная прыналежнасць, магчымы таксама канатацыі, звязаныя з сацыяльнай, рэгіянальнай ці ўзроставай характарыстыкай чалавека, прыналежнасцю чалавека да пэўнай эпохі; у прыватнасці, для ўсіх, хто ведае спадчыну класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа – паэму “Новая зямля”, асацыіруецца з беларусам канца ХІХ – пачатку ХХ стст.

Раней паводле імені чалавека можна было дыферэнцыраваць грамадства на эліту – князёў, баяраў і інш. (напрыклад, імёны з часткамі мір, слаў, дабр. і інш. тыпу Міраслаў, Святаслаў, Мсціслаў і інш.) і астатнюю масу. Сёння такога раздзялення паводле імені няма.

Унікальнасць уласных імёнаў і ў тым, што яны выступаюць элементамі культурнага семіозісу, выконваюць шэраг функцый, уласцівых культурным знакам: ажыццяўляюць “памяць” культуры (Ю. М. Лотман), выступаюць сімваламі “прэцэдэнтных” тэкстаў (Ю. М. Каравулаў), з’яўляюцца ключом да глыбіннага разумення тэксту, функцыянуючы ў цэнтры паэтычных палёў, характарызуюць ідыястыль мастака.

Асаблівую ролю і спецыфічныя функцыі выконваюць уласныя імёны ў мове мастацкіх твораў. Для прыкладу нагадаем толькі асобныя з іх у мове класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, дзе антрапонімы складаюць значны і адметны пласт лексікі мовы яго твораў, з’яўляюцца кампанентамі ў структуры паэтычнай мовы майстра, у якой “у прынцыпе няма слоў і формаў нематываваных, з пустым, мёртвым, адвольна-ўмоўным значэннем” [8, с. 391], і крыніцай вывучэння анамастыкі часу жыцця і творчасці паэта і атрымання дадатковых звестак, паколькі “мастацкі твор уяўляе сабой асаблівае прыстасаванне, здольнае назапашваць інфармацыю” [28, с. 32].

Уласныя імёны тыпу імён Алена, Алеся, Зося, Кася, Марыся, Міхаліна; Васіль, Лявон, Міхась, Паўлюк, Рыгор, Сымон, Тамаш, Цімох ці прозвішчаў Жук, Дзягель, Давідзёнак, Данілёнак, Міхальчонак, Лявончык і іншых, выбраных паэтам з ліку тыповых беларускіх найменняў асоб жаночага і мужчынскага полу, у паэтычных творах Купалы найперш сведчаць аб нацыянальнай прыналежнасці і аб частотнасці, нават “модзе” ўжывання пэўных імёнаў у гэты перыяд [30].

Сапраўды, імёны і прозвішчы найперш з’яўляюцца сродкам ідэнтыфікацыі з нацыянальнай прыналежнасцю герояў, адрознення персанажаў па сацыяльнай прыналежнасці, асабліва пры іх супастаўленні ці ўжыванні ў адным і тым жа паэтычным творы, як, напрыклад, у вершы “Паніч і Марыся”, дзе імёны Марыся і Амэля адпаведна называюць “мужычку” і “паненку”, “багатую”, альбо ў паэме “Бандароўна”, дзе прозвішчы Патоцкі і Бандарэнка адпаведна прадстаўляюць розных паводле нацыянальнай прыналежнасці і сацыяльнага стану людзей.

Выбар паэтам імёнаў для сваіх персанажаў, герояў паэтычных твораў з існуючых у беларускай мове можна растлумачыць і іх гукавым афармленнем, сугучнасцю з усімі моўнымі сродкамі вершаванага твора, як, напрыклад, імя Юрка ў вершы “Дрэмле Юрка”, якое скарыстана з прычыны гукавых алітэрацыйных паўтораў у рэфрэне і для ўнутранай рыфмы ў радку твора (Дрэмле Юрка ў заканурку / І долі чакае!).

Нярэдка выбар імені абумоўлены яго абагульняльнай, сімвалічнай фукцыяй, як імя Лявон у паэме “На папасе”, дзе яўна выяўляецца падтэкст імені (ад грэч. leon – леў), які з’яўляецца сімвалам змагара. Дарэчы тут узгадаць і Лявона Зябліка ў драме “Раскіданае гняздо”, які выступае актыўным барацьбітом за зямлю, волю і Бацькаўшчыну. У выніку сувязь імені з яго падтэкставай функцыяй узнікае на аснове протаніміі, дзе супадаюць не толькі імёны персанажаў, але і іх рысы, бо, як вядома, думка твора выражаецца “ва ўсёй яго мастацкай тканіне: у інтанацыі, рытме, гуку і да т. п.” [42, с. 5].

Як відаць, намінацыйная, дыферэнцыяльная функцыя ўласных імёнаў – гэта толькі першасная, але не галоўная ў паэзіі мастака. Імёны, прозвішчы, адзінкавыя мянушкі ў паэта ўказваюць на нацыянальную прыналежнасць, сацыяльны статус, нясуць ідэалагічны, характарыстычны аспект персанажаў, яны выступаюць сімваламі, абагульняльнымі знакамі, сродкамі стварэння ілюзіі індывідуальнасці ці, наадварот, мноства, ім характэрна заўсёды эстэтычная функцыя, яны – сродкі вобразнай сістэмы асобнага твора і мовы мастака.
1.1.2 Тапаніміка
Тапаніміка (ад тапонім – гр. topos ‘месца’ і onyma ‘імя’ + -іка)раздзел анамастыкі, які вывучае тапонімы, ці ўласныя імёны геаграфічных аб’ектаў, іх паходжанне, гістарычныя змены, закана-мернасці іх узнікнення, развіцця і функцыянавання, тэрытарыяльнае пашырэнне і спосабы словаўтварэння [24, с. 556]. Гэтая навука мае дачыненне да многіх іншых навук і ляжыць на стыку лінгвістыкі, геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, паколькі яе аб’ект даследавання з’яўляецца аб’ектам даследавання і названых навук. Акрамя таго, тапонімы, як і ўласныя імёны людзей, характарызуюцца сваёй адметнасцю: “Спецыфіка тапонімаў матывавана прыкметамі, пакладзенымі ў аснову іх наймення, прычым выбар гэтых прыкмет часта вызначаецца не столькі прадметнай асаблівасцю, колькі сацыяльнай значымасцю названага аб’екта” [36, с. 214].

З прычыны шматлікасці і разнастайнасці геаграфічных аб’ектаў і іх найменняў у тапаніміцы вылучаны шматлікія падраздзелы – айканіміка (ад грэч. oikos ‘жыллё’ + onyma ‘імя, назва’), гідраніміка (ад грэч. hidor ‘вада’ + onyma ‘імя, назва’), мікратапаніміка (ад грэч. micros ‘малы’+ topos ‘мясціна’ + onyma ‘імя, назва’), араніміка (ад лац. аrеа ‘плошча паверхня зямлі’ + onyma ‘імя, назва’), урбаніміка (ад лац. urbanus = гарадскі + onyma ‘імя, назва’) і інш.

Кожны з названых падраздзелаў тапанімікі мае свае моўныя адзінкі і аб’екты вывучэння:

1) айканіміка вывучае айконімы – уласныя назвы паселішчаў (гарадоў, сёл, вёсак, пасёлкаў, хутароў), сярод якіх у залежнасці ад паселішча ці аб’екта паселішча выдзяляюцца асціонімы – уласныя імёны любога горада (Мінск, Гомель, Добруш), камонімы – уласныя імёны любога сельскага паселішча (вёска Уселюб, хутар Лясны);

2) гідраніміка вывучае гідронімы – уласныя назвы прыродных або штучных водных аб’ектаў (мораў, заліваў, праліваў, ліманаў, рэк, азёр, ручаёў, крыніц, балот, сажалак, вадаспадаў, вадасховішчаў і інш.), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на патамонімы – уласныя імёны любой ракі (Днепр, Нёман, Сож), лімнонімы – уласныя імёны любога возера, сажалкі (возера Свіцязь, сажалка Калгасная, Дзічкава крыніца), гелонімы – уласныя імёны любога балота, забалочанай мясцовасці (Пінскія балоты, Жабіна балота), акеанонімы – уласныя імёны любога акіяна, яго часткі (Ціхі акіян); пелагонімы – уласныя імёны любога і кожнага мора (Чорнае мора, Чырвонае мора);

3) мікратапаніміка вывучае мікратапонімы – назвы дробных геаграфічных аб’ектаў (палёў, лясоў, сенажацяў, лугоў, дарог, пашаў, урочышчаў і інш.), якія ў залежнасці ад віду геаграфічнага аб’екта падзяляюцца на драмонімы – назвы дарог і розных іншых шляхоў зносін (Мінская шаша, Даўгінаўскі тракт, Блудная трапа, авіялінія Гомель-Мінск, Аўгустоўскі канал, шлях з Варагаў у Грэкі), аграонімы – назвы зямельных апрацаваных участкаў, ніў, палёў (Марукова поле, Антонава дзялка, Жамойтава сенажаць), дрымонімы – назвы лясных дзялянак, лесу, бору, гаю (Клёнкі, Вялікі бор, Залаты лес, Кавалёва дуброва);

4) араніміка вывучае аронімы – назвы любых элементаў рэльефа зямной паверхні тыпу гары, даліны, нізіны, піку, хрыбта, паляны (Янчава гара, Янукова даліна, Анціна яма, Апановічаў груд, Дудчын бераг, Паўлаў курган);

5) урбананіміка вывучае урбанонімы – уласныя імёны любых унутрыгарадскіх тапаграфічных аб’ектаў, якія ў залежнасці ад аб’екта горада падзяляюцца на агаронімы – назвы гарадскіх плошчаў; базараў; гадонімы – назвы лінейных аб’ектаў у горадзе тыпу праспекта, вуліцы, завулка, праезда, бульвара, набярэжнай, тракта (плошча Перамогі, вуліца Замкавая, Заводскі праезд, Койданаўскі тракт); некронімы – назвы могілкаў; харонімы гарадскія – назвы любых частак тэрыторыі горада, у тым ліку раёнаў, кварталаў, паркаў (Навабеліцкі раён, Валатава, Фестывальны, парк імя М. Горкага); эклезіонімы – уласныя імёны месцаў, дзе адбываецца служба, пакланенне любой рэлігіі, у тым ліку назвы царквы, капліцы, крыжа, манастыра, мячэці (сабор Пятра і Паўла, Выгаленская капліца, Нікольская царква); айкадамонімы – імёны ўласных будынкаў (палац Румянцавых-Паскевічаў, Паляўнічы домік – у Гомелі).

Тапонімы беларускай мовы найбольш шырока ўтвораны пры дапамозе суфіксаў. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі назвы населеных пунктаў на -аў тыпу Барысаў, з нулявым суфіксам на -слаў тыпу Браслаў, Мсціслаў, Заслаўе (ад Изяславль) утвораны ад імён князёў, якія жылі ў Х–ХІІ стст., што сведчыць пра “ўзрост” населенага пункта. Старажытнымі з’яўляюцца і тапонімы Менск, Пінск, Бабруйск, Глуск, утвораныя пры дапамозе суфікса -ск. Назва былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага Навагрудак, як і Наваселле, Навадворы, утворана складаннем дзвюх асноў, а горад Навагрудак у 2009 годзе адзначае сваё 965-годдзе.

Вывучэнне тапонімаў карысна для многіх і самых розных галін навукі. Па іх можна аднавіць старажытную мову, засяленне і этнагенез асобных народаў на пэўнай тэрыторыі і акрэсліць межы распаўсю-джання мовы і акрэсліць тэрыторыю гістарычнага распаўсюджання славян. Яны захоўваюць шматлікія словы, іх формы, гукавое афармленне, што зніклі і не выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове, і інш. У гэтых адносінах цікавасць уяўляе гісторыя ўзнікнення таго ці іншага тапоніма. Прывядзем версіі назваў горада Мінска, сталіцы нашай Беларусі.

Паводле першай, назва горада паходзіць ад слова ‘мена’, пра што ўзгадвае і У. Караткевіч у сваёй кнізе “Зямля пад белымі крыламі”: “І засталася толькі старая гандлёвая назва горада “Мінск”, а ў даўніну “Менеск”, “Менск”, ад слова “мена”, “мяняць”. Мінск узнік у вельмі выгодным месцы – на шляху з варагаў у грэкі, тут была суднаходная ў тыя часы рака Свіслач, яшчэ была рака Няміга, якая сёння цячэ па трубах і аб якой нагадвае вуліца Няміга, а таму няма падстаў адмаўляць гэтай версіі.

Паводле другой версіі, горад бярэ сваю назву ад рэчкі Мены, пра што сведчыць вядомы беларускі вучоны Э. Загарульскі, які лічыць, што ў тыя даўнія часы цякла ў Свіслач невялічкая рэчка Мен, а на яе берагах узнікла паселішча Менеск. Другі вядомы вучоны, археолаг Г. Штыхаў, таксама звязвае паходжанне назвы горада з назвай ракі: “Непадалёку ад Мінска ёсць рэчка з адметнай назвай. Гэта там, дзе аўтамабільная магістраль, што вядзе на Дзяржынск, перасякаецца з рэчышчам Пцічы. Крыху вышэй можна выйсці да невялікага прытоку Пцічы, цяпер амаль перасохлага. У народзе ён дагэтуль называецца Менкай (Менай)”. Бацька М. Багдановіча, вядомы беларускі этнограф, таксама звязваў назву горада Менеска з назвамі рэк Мена, прыток Дзясны, ці Міна, Мяна – прыток Плісы і Беразіны.

Паводле трэцяй версіі, дакладней паводле легенды, казкі, горад Мінск атрымаў сваю назву ад славутага асілка Менеска, які пабудаваў на Свіслачы вялікі каменны млын на сем колаў і пра неверагодную сілу якога хадзілі самыя розныя чуткі.

І нарэшце, паводле чацвёртай версіі, Менеск паходзіць ад назвы рыбы, пра што піша У. Юрэвіч у сваёй кнізе “Слова жывое, роднае, гаваркое..”: “...Першапачаткам горада было паселішча на рацэ Менка, або Мень (ад назвы рыбы мень, якая вадзілася ў ёй). Затым ад назвы ракі і далі імя гораду – Менск, Меньск”.

Вось так цікава і разам з тым з асновай на пэўныя падзеі, факты мяркуюць пра паходжанне назвы сталіцы нашай дзяржавы.

Тапанімічныя назвы – рэальныя і створаныя аўтарскай фантазіяй маюць больш вузкае выкарыстанне ў мастацкай літаратуры, чым імёны людзей. Аднак і іх ужыванне ў прозе, паэзіі і драматургіі надае, па-першае, канкрэтнасць і дакладнасць пры абмалёўцы сюжэтных сітуацый і прасторавых уяўленняў персанажаў і самога пісьменніка; па-другое, яны не толькі лакалізуюць месца дзеянне, але разам з іншымі выяўленчымі сродкамі служаць рэалізацыі задумы аўтара, выражэння ідэі твора. Так, напрыклад, назва рамана “Над Нёманам” Э. Ажэшкі сведчыць пра цэнтральнае месца наймення ракі, вынесенае ў загаловак, і ўказвае адразу чытачу, які яшчэ не прачытаў твор, на прастору, месца дзеяння ў творы. Пасля прачытання разумееш, што патамонім Нёман – гэта яшчэ і пагранічная лінія: у геаграфічным плане – паміж Польшчай і Літвой, у анталагічным плане – паміж мінулым і будучым герояў, ці адзін са сродкаў давесці да чытача асноўнае ў змесце і назве твора.

Многія тапонімы атаясамліваюць пэўнае сімвалічнае значэнне з пэўнай умоўнай геаграфічнай прасторай. Так, напрыклад, найменні Эдэм, Вавілон уключаюць у сябе як прасторавыя, так і часавыя характарыстыкі, якія ўзнаўляюць розныя культурныя эпохі. А з найменнем вёскі Хатынь асацыіруецца ўяўленне пра ўсе спаленыя фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія паселішчы; Чарнобыль сімвалізуе самую вялікую тэхнагенную катастрофу ХХ ст., Брэст – заходнія вароты Беларусі і інш.

Нярэдка і ў мастацкай літаратуры тыя ці іншыя тапанімічныя найменні выступаюць сімваламі роднай зямлі, Беларусі, як, напрыклад, назва ракі Нёман у творчасці Якуба Коласа, Максіма Танка і інш.


Такім чынам, у адпаведнасці з адзначаным аб разнавіднасцях і унікальнасці ўласных імёнаў, іх спецыфічнасці на фоне ўсёй лексікі беларускай мовы і ў працяг разважанняў слыннага анамаста рускай мовы Г. В. Супяранскай выказваем наступную гіпотэзу: уласныя імёны, не маючы самастойнага значэння, адыгрываюць выключную ролю ў пазнанні той інфармацыі, якую яны нясуць ці скрываюць, у рэпрэзентацыі пэўнай культуры (сваёй і чужой), у захаванні культурных сувязяў у часе, у сведчанні сувязяў і кантактаў паміж культурамі далёкіх і блізкіх народаў, у аб’яднанні розных этнасацыяльных агульнасцяў, што і характарызуе іх функцыі як культурных знакаў. Для праверкі і пацвярджэння выказанай гіпотэзы разгледзім выкарыстанне ўласных імёнаў толькі ў дзвюх галінах навукі аб мове – тэрміналогіі і фразеалогіі, выявіўшы такія тэрміны і такія фразеалагізмы, якія паводле свайго паходжання абавязаны ўласным імёнам, уключаюць іх у свой склад, і прааналізуем іх з мэтай вызначэння ролі ўласных імёнаў у кожнай групе адзінак – у тэрмінах і ў фразеалагізмах – паасобку, іх тыпаў і ўстанаўлення той інфармацыі, якую яны нясуць.

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка