Установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя францыска скарыны”




Дата канвертавання21.05.2016
Памер208.21 Kb.
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

ГОМЕЛЬСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ



ІМЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ”

В. А. АДЗІНОЧАНКА


ГІСТОРЫЯ ФІЛАСОФІІ
ТЭКСТЫ ЛЕКЦЫЙ

Гомель

ГДУ імя Ф. Скарыны

2016

Тэма 1 Філасофія Старажытнага Ўсходу
Пры вывучэнні філасофіі Старажытнай Індыі і Старажытнага Кітая трэба ўлічваць, што яны – часткі іншай культурнай традыцыі. Таму неабходны пэўныя намаганні для разумення іх палажэнняў. Філасофія гэтых краін не аддзелена ад рэлігіі.

Індыйская філасофія фарміруецца на грунце палажэнняў ведызму (іх прызнання альбо адмаўлення), які ўзнік у другой палове ІІ тысячагоддзя да н. э. у выніку ўзаемадзеяння вераванняў і абрадаў мясцовых плямён і рэлігіі арыяў. Сваю назву ён атрымаў ад чатырох зборнікаў рэлігійных гімнаў і заклінанняў – Ведаў (Рыгведа, Самаведа, Яджурведа, Атхарваведа).

У VІІІ ст. да н. э. на грунце ведызму ў Індыі ўзнікае брахманізм. У гэты перыяд індыйскае грамадства канчаткова падзяляецца на чатыры класы людзей – варны брахманаў, кшатрыяў, вайш’яў і шудр. На гэты падзел трэба звярнуць асаблівую ўвагу. У аснове пабудовы традыцыйнага індыйскага грамадства – прынцып нароўнасці паміж людзьмі.

Асноўныя палажэнні брахманізму выражаны ва Упанішады (VII–VI стст. да н. э .): 1. Уяўленне аб дхарме – безасабовым усеагульным і вечным парадку, які ўтрымлівае і захоўвае Сусвет як адзінае цэлае. Дхарма разумеецца як абавязак чалавека і саслоўя, да якога апошні належыць. 2. Вучэнне аб перасяленні душ (сансары). Згодна з ім, пасля смерці душа чалавека не знікае, але перасяляецца ў іншую істоту альбо прадмет у адпаведнасці з кармай – сукупнасцю ўчынкаў. 3. Вучэнне пра Брахмана – вышэйшую абсалютную рэчаіснасць, ілюзорным адлюстраваннем якой з’яўляецца наш бачны свет. Мэтай жыцця лічылася зліццё індывідуальнай душы, якая называлася Атман, з Брахманам.

Філасофскія сістэмы брахманізму стварылі ў сярэдзіне І тысячагоддзя да н. э. трывалую падставу для з’яўлення будызму, які ўзнік у VI ст. да н. э. у Паўночнай Індыі. Яго заснавальнікам з'яўляецца Сіддхартха Гаўтама Шак'ямуні (623–544 да н. э.).

Асновай будызму з'яўляецца этыка, якая грунтуецца на чатырох высакародных ісцінах: 1. усё жыццё ёсць зло і пакуты; 2. прычынай пакут з’яўляюцца жаданні; 3. каб пазбавіцца ад пакут, трэба пазбавіцца ад жаданняў; 4. каб пазбавіцца ад жаданняў, трэба ісці па “высакароднаму васьмярычнаму шляху”, які ўказаў Буда. Яго канчатковай мэтай з’яўляецца дасягненне нірваны.

Усе філасофскія школы Старажытнай Індыі падзяляюцца на дзве групы: астыка – якія прызнаюць аўтарытэт Вед (міманса, веданта, санекхья, ёга, ньяя, вайшэшыка) і настыка – не прызнаюць аўтарытэту Вед (лакаята і аджывіка).

У адрозненні ад Індыі, у культуры Кітая вельмі вялікую ролю іграла сацыяльная этыка і адміністратыўная практыка. Мала надавалася ўвагі метафізічным разважанням і індывідуалістычным пошукам выратавання.

Згодна за старажытнакітайскай касмагоніяй, спачатку існавала толькі адзіная ўніверсальная субстанцыя. У нейкі момант яна падзялілася на два пачаткі: янь – цёплае і светлае і інь – мутнае і халоднае. Старажытныя кітайцы таксама верылі ў існаванне Вярхоўнай Вышэйшай сілы, якая называлася Небам альбо Шан-дзі (Вярхоўным Уладаром).

У VI–V стст. да н. э. старыя веды і ўяўленні, якія раней успрымаліся як закон, перасталі адпавядаць новым умовам жыцця. У Кітаі наступіў смутны час – перыяд Ваюючых царстваў. Пахіснуліся самыя ўмовы жыцця. Як адказ на патрэбу ў новым светапоглядзе ўзніклі даасізм і канфуцыянства.



Канфуцыянстваэтыка-палітычнае вучэнне, заснаванне якога прыпісваецца вялікаму кітайскаму мысліцелю Канфуцыю (551–479 да н. э.). Яно лічыцца канцэнтраваным выражэннем кітайскага нацыянальнага светапогляду і важным ідэйным рэгулятарам, які доўгі час вызначаў жыццё краіны. Каб выйсці з крызісу, лічыў Канфуцый, трэба ўзнавіць мінулы парадак, які падаваўся ў ідэалізаваным выглядзе. Неабходна, каб усё стала на сваі месцы: “Няхай бацька будзе бацькам, сын – сынам, імператар – імператарам, чыноўнік – чыноўнікам”. У аснове канфуцыянства ляжыць ідэя гармоніі прынцыпаў асабістага маральнага ўдасканальвання і дзейнасці, накіраванай на ўпарадкаванне дзяржавы. Ідэальнае грамадства, па Канфуцыю, гэта перш за ўсё грамадства ідэальных людзей. Ідэальная асоба – гэта высакародны муж (цзюнь-цзы), і яго высакароднасць вызначаецца не паходжаннем, а строгім і паслядоўным выкананнем нормаў маралі. Высакароднаму мужу павінны быць уласцівы дзве якасці: гуманнасць (жэнь) і пачуццё абавязку (і).

Заснавальнікам даасізму лічыцца Лао-цзы (гэтае імя перакладаецца як “Стары мудрэц” альбо “Старое немаўля”), які, па паданні, жыў на мяжы VI–V стст. да н. э. Сутнасць свайго вучэння Лао-цзы выклаў у кнізе “Дао дэ цзын” (“Кніга аб Дао і Дэ”). У ёй адлюстравана мадэль свету, дзе над усім пануе Дао – безасабовы закон, які кіруе сусветам. Закон Дао ажыццяўляецца нябачным і неадчувальным чынам, і ўсё адбываецца як быццам бы само па сабе, кіруючыся дабратворнай сілай на карысць усяго – Дэ. “Дао дэ цзын” заклікае вяртацца да першапачатковай прыроды, спрашчэння і натуральнасці. Гэты заклік выражаны перш за ўсё ў паняцці “ня-дзеяння” (у вэй). Ён не зводзіцца да бяздзейнасці і пасіўнасці. Пад у вэй разумеецца адмаўленне ад парушэння ўласнай прыроды і прыроды Сусвету і ўключэнне ва ўсеагульнасць быцця.

Легізм ( законнікі) узнік у 6 ст да н.э. Яго тэарэтыкамі з’яўляюцца Гуань Чжун (канец VІІI–VII стст. да н. э.), Цзы Чань (VI ст. до н. э.), Лі Кэ (IV ст. да н. э.), Шан Ян (IV ст. да н. э.). Легізм сфарміраваўся ў ходзе палемікі з канфуцыянствам па пытаннях дзяржаўнага ладу. Канфуцыянскай лі (традыцыі) легісты супрацьпастаўляюць фа (закон). Выкананне законаў павінна забяспечвацца сістэмай жорсткіх пакаранняў. Легісты не верылі ў магчымасць праўлення на падставе вуканання маральных норм. Яны лічылі, што ўзаемаадносіны дзяржавы і народа могуць быць толькі варожымі. Іх ідэалам з'яўлялася адзіная магутная дзяржава, пронцыпова адрозная ад сям'і. Легісты прапанавалі сістэму цэнтралізаванай адміністратыўнай пабудовы, адзіную сістэму мер, кіравання дзяржавай пры дапамозе ўніфікаванага дзяржаўнага аппарату, прынцып прысваення рангай і прывілеяў за канкрэтныя заслугі, кантроль на вобразам думак паддданых, сістэму нагляду за чыноўнікамі, групавой адказнасці. Іх ідэі былі выкарыстаны першым кітайскім імператарам Цынь Шыхуанам (перыяд праўлення: 221–207 гг. да н.э.), а пасля распаду імперыі асіміляваны канфуцыянствам.
Літаратура


  1. Древнеиндийская философия. – М. : Мысль, 1972. – 271 с.

  2. Древнекитайская философия / составитель Ян Хин-Шун. – В 2 т. – М. : ПринТ, 1994. – Т. 1. – 364 с., Т. 2. – 384 с.

  3. Из истории китайской философии: становление и основные направления (даосизм, буддизм, неоконфуцианство). – М. : ИФАН, 1978. – 112 с.

  4. Ольденбург, С. Ф. Культура Индии / С. Ф. Ольденбург. – М. : Наука, 1991. – 277 с.

  5. Чанышев, А. Н. Курс лекций по древней философии : учебное пособие для студентов и аспирантов философских факультетов и отделений университетов / А. Н. Чанышев. – М. : Высшая школа, 1981. – 373 с.


Тэма 2 Антычная філасофія
Пры вывучэнні антычнай філасофіі, трэба ўлічваць наступныя палажэнні:

1. Культура Грэцыі і Рыма – адна з крыніц еўрапейская культуры, да якой належым і мы. Пад уплывам грэкаў заходняя цывілізацыя атрымала накірунак развіцця, які вызанчыў яе спецыфіку. 2. Менавіта ў Старажытнай Грэцыі ўзнікла тое, што мы называем “філасофіяй”. Яна была абсалютна новай з’явай у параўнанні з папярэднім светапоглядам. Філасофія ў іншых культурах успрымаецца намі па аналогіі з еўрапейскай. 3. У Грэцыі былы закладзена філасофская традыцыя, якая цягнецца да сённяшняга дня. Усе наступныя філосафы ці спасылаюцца на грэкаў, ці палемізуюць з імі. 4. Асноўныя філасофскія праблемы былі пастаўлены грэкамі. Асэнсаванне глыбіні гэтых праблем – дазваляе зразумець, тое новае, што было прынесена ў філасофію мысліўцамі ў далейшым.

Храналагічныя межы антычнай філасофіі ахопліваюць больш чым тысячагоддзе: ад VI ст. да н.э. да 529 г. н.э., калі імператар Юстыніян забараніў язычніцкія школы. Унутры гэтых межаў выдзяляюцца наступныя перыяды:

1) Перыяд натурфіласофіі (VI і V стст. да н.э), калі ў цэнтры разважанняў знаходзіліся праблемы фізіса і космаса. У гэты час існуюць іанійская (мілетцы і Геракліт) і італійская (піфагарэйцы і элеаты) школы.

2) Перыяд класічнай філасофіі (V–ІV стст. да н.э). Яму папярэднічае дзейнасць сафістаў, а спецыфіка вызначаецца вучэннямі Сакрата, Платона, Арыстоцеля. У гэты перыяд было адкрыта звышпачуццёвае і ў яўным выглядзе сфармуляваны асноўныя філасофскя праблемы, над якімі будуць разважаць у далейшім.

3) Перыяд эліністычных школ (ад заваёў Аляксандра Македонскага ў ІV ст. да н.э. да 529 г н.э.). Дзейнічаюць школы кінікаў, эпікурэйцаў, стоікаў, скептыкаў, неаплатонікаў. У цэнтры іх разважанняў (за выключэннем неаплатонікаў) знаходзіцца індывід. Храналагічна ў гэты перыяд ўваходзіць ранняя хрысціянская філасофія (апалагетыка і патрыстыка) але яна – частка наступнага перыяду.

Пры вывучэнні кожнага з гэтых перыядаў мы можам вылучыць асноўную тэму і схемы разважанняў, уласцівых мысліўцам, якія да яго належаць. Гэта абумоўлівае спрочанасць разгляду, але дазваляе зразумець праблематыку.

1. На першым этапе філосафы разважалі аб рэчаіснасці якую разумелі як фізіс (прырода) і як космас (упарадкаванае). Таму кажуць аб натурфіласофіі (ад лац. naturaпрырода) і космацентрызме. Першыя філосафы ставілі пытанні з чаго ўсё ўзнікла і што ляжыць ў аснове ўсяго? Такім чынам, у центры іх разважанняў знаходзілася праблема першапачатку.

Заснавальнік Мілетскай школы Фалес (625–547 да н. э.) лічыў такім першапачаткам ваду: усё ўзнікла з вады, ўсё есць вада, і ўсё ператворыцца ў ваду.

Вучань Фалеса Анаксімандр (610–546 да н. э.) лічыў, што адзін канкрэтны пачатак (вада) не можа ляжаць у аснове раснастайнага свету. Таму ён прапанаваў ў якасці першапачатку апейрон (у перакладзе з грэчаскай – неакрэслены, бязмежны).

Трэцці прадстаўнік Мілетскай школы Анаксімен (588–525 да н. э.) вярнуўся да канкрэтнага пачатку і такім лічыў паветра.

Геракліт з Эфесу (544 г. да н. э. – ?) першапачаткам лічыў агонь. Менавіта з яго пульсацыі ўзнікае свет. Геракліт – вялікі антычны дыялектык, яму прыпасваюцца выказванні “усё тячэ і ўсё мяняецца”, “у адну раку нельга ўвайсці двойчы”. Усё развіваецца праз барацьбу, яна “айтец усяго і цар усяго”.

Піфагор (2-я пал. VI – пач. V стст. да н.э.) лічыў, што ў аснове ўсяго ляжаць лічбы. Лічбы ў філасофіі піфагарэйцаў – гэта і матэматычныя велічыні і фізічныя цяла і жывыя істоты. Кожная лічба нешта ўносіць ў свет: адзінка – парадак, акрэсленасць, два – раздваенне, неакрэсленасць, тры – устойлівасць.

Парменід (каля 540–445 да н. э.) парывае з фізічнай традыцыяй. Ён праводзіць адрозненне паміж светам, як яго успрымаюць пачуцці, і светам ў рацыянальным мысленні. Быццё (супрацьлеглае небыццю) – адзінае (бо апроч яго може існаваць толькі небыццё, а яго няма) вечнае (можа ўзнікнуць толькі з небыцця, а яго няма), нерухомае (яму няма куды рухацца, бо апроч яго нічога няма), дасканалае (а паколькі для грэкаў найбольш дасканалая фігура – шар, то быццё сферычнае).

Зянон (каля 490–430 да н.э.) не прапаноўваў уласную канцэпцыю свету, але распрацаваў шэраг апорый (грэч. aporia безвыходнасць), праз якія абараняў вучэнне Парменіда (“Ахілес і чарапаха”, “Страла”, “Дыхатамія”). У іх ён прадэманстраваў цяжкасць пераводу пачуццёвых ураджанняў на мову паняццяў.

Эмпедокл (490–430 да н. э.) – сцвярджаў, што тое, што людзі называюць нараджэннем, на самой справе ёсць аб’яднанне і раз’яднанне. Існуе не адзін, а чатыры вечныя пачаткі, якія адпавядаюць характарыстыкам парменідаўскага быцця: агонь, паветра, вада, зямля.

Анаксагор (500–428 да н, э.) – сцвярджаў, што элементаў столькі, колькі рэчаў. Элементы свету Анаксагор называў семянамі (гамеамерыямі). У парадак іх прыводзіць Розум (Нус), ён стварае з хаоса космас.

Дэмакрыт (460 г. да н. э. – ?) вядомы сваім вучэннем аб атамах. Яно грунтуецца на двух палажэннях: 1. Дзяленне да бясконцасці немагчыма, атам перакладаецца як недзялімы. 2. Існуе таксама і небыццё – пустата. Атамы аднолькавыя па складзе і адрозніваюцца паміж сабой толькі формай і размяшчэннеі. Атамы трасуцца ў пустаце.

2. У класічны перыяд была пераасэнсавана праблематыка філасофіі. Аснову ўсяго сталі шукаць не ў прыродных стыхіях, а ў звышпачуццёвых пачатках.

Папярэднічае класічнаму перыяду філасофія сафістаў (грэч. sophistesмудрэц). У цэнтры іх разважанняў быў не космас, але чалавек. Спецыфіка сафістаў у тым, што яны стаялі на пазіцыях маральнага рэлятывізму1. Сэнс знакамітае выказванне заснавальніка гэтага кірунку Пратагора (481–411 гг. да н. э.) “Чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў” заключаецца не ва ўзвышэнні чалавека, а ў тым, што няма аб’ектыўнай ісціны, ісцінным можа быць любое выказванне. Крытэрыям ісціны з’яўляецца сам чалавек: “якімі я бачу рэчы, такімі яны і ёсць для мяне, якімі іх бачыш ты – такія яны для цябе”.

Вывучаючы філасофію Сакрата (470–399 да н. э.), трэба ўлічваць два моманты: 1. Яна склалася праз палеміку з рэлятывізмам сафістаў. 2. Неад’емнай яе часткай з’яўляецца асоба самога Сакрата. Сафісты прадстаўлялі сябе як мудрацоў. Сакрат жа, наадварот, прымаў вобраз чалавека, які нічога не ведае. Праз дыялог, абмеркаванне розных палажэнняў ён імкнуўся знайсці аб’ектыўную ісціну. Шлях гэта пошуку – дыялектыка Сакрата.

Пра Сакрата мы ведаем амаль выключна з твораў яго вучня Платона (427–347 гг. да н. э.), які зрабіў Сакрата галоўным героем амаль усіх сваіх дыялогаў і выразіцелем сваіх ідэй. У адрозненне ад Сакрата, які не прызнаваў сябе настаўнікам, Платон заснаваў філасофскую школу – Акадэмію (называлася так таму што знаходзілася ў гаі гяроя Акадэма).

Да нас дайшлі амаль усе творы Платона. Асноўнымі сярод іх з’яўляюцца: “Апалогія Сакрата”, “Теэтэт”, “Парменід”, “Пір”, “Федр”, Гіпій Вялікі”, “Дзяржава”, “Законы”.

Трэба памятаць, што сэнс філасофіі Платона – у адкрыцці рэчаіснасці звышпачуццёвага Гэтым яна кардынальна адрозніваецца ад папярэдняй філасофіі, якая шукала прычыны рэчаў фізічнага плану (вада, паветра, зямля, апейрон і г.д.). Гэтыя прычыны не фізічнай прыроды Платон назваў ідэямі. Ідэя – гэта ўзор кожнай рэчы, яе сапраўдны воблік. Гэта сутнасць рэчаў, тое што іх робіць менавіта такімі. Апоч зменлівага свету рэчаў ёсць свет нязменных ідэй.

Платону належыць першая тэорыя ідэальнай дзяржавы. Яна павінна складацца з трох класаў: 1. сялян, рамеснікаў і купцоў; 2. стражаў; 3. правіцеляў. Ёсць тры грамадскіх лада, якія імітуюць ідэальны: манархія, арыстакратыя, дэмакратыя. І тры якія яго скажаюць: тыранія, алігархія, дэмагогія.

Арыстоцель (384–322 гг. да н. э) стварае ўніверсальную сістэму ведаў. Яго працы ахопліваюць ўсе галіны: 1. Логіка 2. Фізіка. 3. Метафізіка2 4. Практычная філасофія (этыка, палітыка і г.д.) 5. Эстэтыка.

Трэба памятаць, што філасофія Арыстоцеля склалася ў палеміцы з Платонам. Арыстоцель сцвярджаў, што існуюць не ідэі, а асобныя рэчы. Гэта першасныя сутнасці (гэты чалавек, гэты конь). Агульныя паняцці з’яўляюцца другаснымі сутнасцямі.

Арыстоцель назваў чатыры прычыны існуючага: 1. форма альбо сутнасць; 2. матэрыя альбо субстрат; 3. рухаючая; 2. мэтавая.

У Арыстоцеля ёсць вучэнне пра душу, ён вылучаў яе тры віды: вегетатыўная, пачуццёвая, рацыянальная.

Практычныя навукі, па Арыстоцелю, разглядаюць чалавека як індывіда (этыка) і як члена грамадства (палітыка). Вышэйшае дабро і шчасце, да якога павінен імкнуцца чалавек – гэта ўдасканальванне сябе як разумнай істоты. Арыстоцель вылучаў тры правільныя формы праўлення: манархія, арыстакратыя, палітыка і тры неправільныя: тыранія, алігархія, дэмакратыя.

Трэба падкрэсліць, што Платон і Арыстоцель – адныя з найбольш вялікіх філосафаў ў гісторыі. Іх ідэі аказалі вызначальны ўплыў на далейшае развіццё філасофіі.

3. Эліністычны перыяд звязаны з палітычнымі зменамі. Паход Аляксандра Македонскага (334–323 гг. да н.э.), прывёў да крушэння полісу і стварэнне вялікай імперыі, і, як вынік, – да радыкальнага перавароту ў грэчаскім духоўным свеце. Да гэтага грэк адчуваў сябе грамадзянінам полісу, прымаў удзел у яго жыцці. Поліс быў суразмерны чалавеку. Калі стварылася вялікая імперыя грэкі ператварыліся з грамадзян у падданых. Узнікае космапалітызм, калі айчынай робіцца увесь свет. Чалавек пачынае ўспрымацца не як частка поліса, а як індывід.



Кінікі. Назва паходзіць ад гімнасія Кінасарга (грэч. kynosargesхуткія сабакі). Заснавальнікам школы быў Антысфен з Афін (каля 450 – 360 да н. э.). Вёў аскетычны лад жыцця і прапаведваў адмаўленне ад якіх-небудзь патрэбаў, самадастатковасць духоўнага свету (аўтаркію) і абыякавасць да ўсяго (апатыю). Прапанаваўшы ідэал бязмежнай духоўнай свабоды, Антысфен ставіўся з дэманстратыўнай непавагай да сацыяльных інстытутаў, звычаяў і норм культуры.

Сімвалам руху кінікаў з’яўляецца Дыяген Сінопскі (каля 410 – 320 да н.э.). Ён не толькі ўзмацніў экстрэмізм Антысфена, але стварыў новы ідэал жыцця надзвычайнай суровасці.

Сэнс фармулёвак Дыягена і Кратэта складаўся ў адмаўленні і выкрыцці вялікіх ілюзій, якія рухалі людзьмі: 1. пагоні за задавальненнямі; 2. зачараванасцю багаццем; 3. жадання ўлады; 4. жадання славы і поспеху. Устрыманне ад гэтых ілюзій, апатыя і аўтаркія – ўмова сталасці і мудрасці, якія прыводзяць да шчасця – гэты тэзіс зрабіўся агульным для ўсіх накірункаў элінізму.

Эпікурэізм. Заснавальнік Эпікур (341–270 да н. э.). Заснаваў філасофскую школу ў садзе каля Афін. Яго ідэі выкладаюцца ў некалькіх палажэннях: 1. Рэальнасць можна спасцігнуць пры дапамозе чалавечага розуму. 2. У прасторы рэальнага ёсць месца для шчасця. 3. Шчасце – гэта адсутнасць пакутаў і непакою. 4. Для дасягнення шчасця чалавеку не трэба нічога, апроч яго самога.

Этыка эпікурэізму эўдэманістычная3. Сэнсам жыцця лічыцца імкненне да шчасця. Шчасце, згодна з Эпікурам, гэта адсутнасць цялесных пакут (aponia), альбо спакой душы (ataraxia). Для таго, каб быць шчаслівым трэба пераадолець тры віды страху: 1. перад багамі – яны не ўмешваюцца ў чалавечае жыццё; 2. перад смерцю – пераадольваецца пры дапамозе вядомага прынцыпа Эпікура: “калі мы ёсць – смерці няма, калі ёсць смерць – няма нас”; 3. перад злом – яно мінае. Сваім сучаснікам, пазбаўленым упэўненасці, Эпікур паказаў новы шлях да шчасця. Яго нараджаецца знутры нас, і для яго патрэбна няшмат.



Скептыкі (ад грэч. skeptikosтой, хто разглядае, даследуе) – філасофская школа, якая выходзіла з сумнення ў існаванні якога – небудзь надзейнага крытэрыя ісціны.

Заснавальнік – Пірон з горада Эліда (каля 360 – 270 да н. э.) сцвярджаў, што можна жыць разумна і шчасліва нават пры адсутнасці ісціны і каштоўнасцей. Хто хоча быць шчаслівым павінен адказаць на тры пытанні: 1. Якія рэчы па прырдзе? 2. Якім павінна быць наша стаўленне да іх? 3. Як мы павінны сябе паводзіць? Адказы Пірона гучаць так: 1. Усе рэчы непастаянныя. 2. Трэба жыць без меркаванняў адносна рэчаў, ні да чаго не схіляючыся (так званая эпохе). 3. Пры такім становішчы слушна толькі апатыя і атараксія.

Другі вядомы прадстаўнік скептыцызму – Секст Эмпірык (кан. 2 – пач. 3 стст.). Сабраў і сістэматызаваў выказванні старажытнагрэчаскіх скептыкаў.

Стаіцызм (ад грэч. stoaпорцік). Найбольш вядомыя прадстаўнікі: Зянон (334–262 да н.э.), Сенека (1–65), Эпіктэт (50–120), імператар Марк Аўрэлій (121–180).

Сцвярджалі, што мудрэц павінен прытрымлівацца бясстраснасці природы (апатыя) і любіць свой рок. Асабістае шчасце разумелі як падпарадкаванне лёсу. Яны лічылі, што разумнага лёс вядзе, а неразумнага цягне. Гэта філасофія абавязку.



Неаплатанізм сістэматызаваў вучэнне Платона і аб’яднаў яго з ідэямі іншых філосафаў, пераважна Арыстоцеля і піфагарэйцаў. Гэтая філасофія была распрацавана Плоцінам (204–269) і завершана Проклам (412–485).

У цэнтры – вучэнне аб іерархічнай пабудове быцця і эманацыі4, ступенямі якой з’яўляюцца Адзінае–Розум–Душа–Космас–матэрыя. Душа чалавека – частка касмічнай Душы і чалавек спасцігае Адзінае (альбо Бога) праз экстатычны парыў.

Мова неаплатанізму выкарыстоўвалася ў вучэннях сярэдневяковых філосафаў.
Літаратура


  1. Асмус, В. Ф. Античная философия / В. Ф. Асмус. – М. : Высш. шк., 2003. – 400 с.

  2. Лосев, А. Ф. История античной философии в конспективном изложении / А. Ф. Лосев. – М. : ТОО "ЧеРо", 1998. – 190 с.

  3. Чанышев, А. Н. Курс лекций по древней философии : учебное пособие для студентов и аспирантов философских факультетов и отделений университетов / А. Н. Чанышев. – М. : Высшая школа, 1981. – 373 с.

  4. Чанышев, А. Н. Философия Древнего мира : учеб. для вузов / A. Н. Чанышев. – М. : Высш. шк., 2003. – 702 с.


Тэма 3 Філасофія Сярэдніх вякоў
Пры вывучэнні сярэднявяковай філасофіі трэба ўлічваць наступныя палажэнні: 1 Сярэднявяковая філасофія належыць у асноўным да эпохі феадалізму (V–XV стст.). У аснове культуры гэтага перыяду ляжыць хрысціянства з яго палажэннямі. Асноўным культурным інстытутам у Заходняй Еўропе гэтага перыяду з’яўляецца каталіцкая царква. Амаль выключна ў яе межах развіваецца адукацыя, навука, мастацтва і філасофія. 2. Філасофія сярэднявечча з’яўяецца непасрэдны працягам тэмаў антычных філософаў, перш за ўсё Платона і Арыстоцеля, але ў зусім іншым культурным кантэксце і таму для яе ўласцівы іншы характар праблематыкі і спосабаў разважання. 3. Сярэднявяковую філасофію, і культуру ў цэлым, не трэба разглядаць як заняпад у параўнанню з антычнасцю. У гэты час багацце антычнай думкі аказалася пераўзыйдзенным хрысціянскім светапоглядам. У перыяд сярэднявечча дзейнічалі такія выдатныя філосафы як: Аўрэлій Аўгусцін (354–430), Ян Скот Эрыўгена (810–877), Ансельм Кентэрберыйскі (1033–1109), Ібн Рушд (1126–1198), Абеляр (1079–1142), Роджэр Бэкон (1214–1292), Фама Аквінскі (1225–1274), Дунс Скот (1266–1308), Уільям Акам (1285–1349) і іншыя.

Асноўныя рысы заходняй сярэднявяковай філасофіі абумоўлены яе сувяззю з хрысціянствам:

1. Тэацэнтрызм (ад лац. theosбог) у цэнтры свету знаходзіцца Бог як Абсалютнае Быццё. Тэацэнтрызм адпавядае імкненню антычнай філасофіі вывесці космас з адзінай асновы і будаваць мысленне ў адпаведнасці з адзіным лагічным прынцыпам.

2. Крэацыянізм (ад лац. creatioстварэнне), выходзяць з таго, што Бог усё стварыў. З гэтага выводзяцца вельмі важныя філасофскія палажэнні: 1. Свет мае пачатак. 2. Яго стварэнне мае сваю паслядоўнасць. 3. Працэс стварэнне свету апісваецца рацыянальна, а не праз вобразы, таму ён можа быць падвергнуты аналізу і крытыцы. 4. Свет мае сваю каштоўнасць. 5. Свет створаны ў адпаведнасці з Божам розумам і таму можа быць рацыянальна спасцігнуты.

3. Персаналізм (ад лац. personaасоба) – значна больш глыбокае, чым ў антычнасці разуменне асобы, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, значыць мае сваю каштоўнасць. На гэтай аснове абвяшчаецца прынцыповая роўнасць паміж людзьмі, што паўплывала на далейшыя сацыяльныя тэорыі.

4. Правідэнцыялізм (ад лац. providentiaпрадбачанне) – тлумачэнне гістарычнага працэсу як ажыццяўленне Божай задумы. Найбольш яскрава выразіўся ў творы Аўгустына “Аб градзе Божам”. Трэба звярнуць увагу на тое, што у гэты перыяд гісторыя набывае дзве такія важныя рысы як сэнс і лінейны характар.

Вылучаюць наступныя этапы гісторыі сярэднявяковай філасофіі:

1. Патрыстыка (ад лац. paterайцец) – сукупнасць вучэнняў найбольш значных хрысціянскіх мысліўцаў ІІ-VIII стст. – “Айцоў Царквы”. У ёй ёсць тры этапы: 1. Ранняя альбо апалагетыка (II ст.) – адбывалася адстойванне ісцінасці хрысціянскага веравучэння ва ўмовах крытыкі з пазіцый антычнай культуры. 2. Сталая (III–V стст.) – фарміруюцца асноўныя палажэнні хрысціянскага веравучэння. 3. Позняя (V–VIII стст.) – адбываеца сістэматызацыя хрысціянскага веравучэння. Палажэнні патрыстыкі былі сфармуляваны на мове, запазычанай з філасофіі неаплатанізму: дагмат аб Троіцы, аб двух прыродах Хрыста, вучэнне аб перавазе душы над целам.

2. Схаластыка (ад лац. scholaшкола) – кірунак у заходнееўрапейскай сярэдневековай філасофіі для якога было характэрна імкненне рацыянальна абгрунтаваць хрысціянскае веравучэнне і асаблівы інтарэс да лагічнай праблематыкі. Вылучаюць раннюю (IX–XII стст.), высокую (XIII – пач. XIV стст.) і познюю (XIV–XV стст.) схаластыку.

Да осноўных праблем сярэднявяковай філасофіі адносяцца:

1. Праблема суаднясення веры і розуму. Пры яе вырашэнні вылучыліся тры падыходы: 1. Вера супрацьстаіць розуму. У афарыстычнай форме гэтая пазіцыя была выражана ў палажэнні “credo quia absurdum” (“веру, бо абсурдна”) Цертуліяна. 2. Вера з’яўляецца асновай розуму. Выражана ў формуле “credo ut intelligam” (“веру, каб разумець”). Уласціва большасці сярэднявяковых філосафаў. 3. Вера абапіраецца на розум. Выражана ў формуле Абеляра intelligo ut credam (“разумею, каб верыць”). У цэлым жа, згодна з сярэднявяковай філасофіяй, розум і вера з’яўляюцца аўтаномнымі і валодаюць аднолькавым статусам. Праблема гарманічнага сінтэзу розума і веры прысутнічае ў сістэмах Ансельма Кентэрберыйскага, Альберта Вялікага, Фамы Аквінскага.

2. Праблема прыроды ўніверсалій (агульных паняццяў). Па гэтым пытанні вылучыліся дзве пазіцыі: рэалізм (ад лац. realisсапраўдны) і наміналізм (ад лац. nomenімя). Рэалісты сцвярджалі, што ўніверсаліі існуюць ідэальна, да рэчаў, альбо, што яны рэальныя, але існуюць у асобных рэчах (умераны рэалізм). Наміналізм адмаўляў рэальнае існаванне ўніверсалій, лічачы іх толькі імёнамі (крайні наміналізм), альбо ўтварэннямі думкі, якія не з’яўляюцца адвольнымі імёнамі і існуююць ў розуме чалавека як вынік абстрагіруючай дзейнасці (умераны наміналізм альбо канцэптуалізм (ад. лац. сonceptusпаняцце)).

Рэалізм існаваў у ранняй схаластыцы. У высокай ён змяніўся ўмераным рэалізмам. На пазіцыях канцэптуалізму стаяў Абеляр. У позняй схаластыцы на першае месца выйшлі наміналісты. Дыскусія наміналістаў і рэалістаў удасканальвала логіку, садзейнічала дасягненню навуковай строгасці, паклала аснову тэорыі мностваў і матэматычнай логіцы.
Літаратура


  1. Коплстон, Ф. Ч. История средневековой философии / Ф. Ч. Коплстон. – М. : Энигма, 1997. – 512 с.

  2. Майоров, Г. Г. Формирование средневековой философии / Г. Г. Майоров. – М. : Мысль, 1979. – 431 с.

  3. Чанышев, А. Н. Курс лекций по древней и средневековой философии / А. Н. Чанышев. – М. : Высшая школа, 1991. – 512 с.

  4. Штекль, А. История средневековой философии / А. Штекль. – М. : URSS, 1996. – 312 c.


Тэма 4 Філасофія Адраджэння
Пры вывучэнні філасофіі Адраджэння трэба выходзіць з дзвюх яго ўзаемадапаўняльных характарыстык: 1. Гэта – пераходны этап ад Сярэднявечча да Новага часу. 2. Яно адрозніваецца і ад таго, і ад другога. Філасофія Адраджэння мае самастойны і арыгінальны характар.

Звычайна Адраджэнне характарызуецца праз змены, якія пачалі адбывацца з пачатку XIV ст. у розных галінах еўрапейская культуры Заходняй Еўропы. Падкрэсліваецца яго адрозненне ад сярэдніх вякоў.

Трэба выходзіць з таго, што ў гэты перыяд адбыўся сапраўдны выбух у культуры. Найбольш яскрава ён праявіўся ў мастацтве. У галіне філасофіі ў гэты час працавалі такія мысліўцы як: Лявон Батыста Альберці (1404–1472), Ларэнца Вала (1407–1457), Марсіліа Фічына (1433–1499), Джавані Піка дэла Мірандола (1463–1494), Мікола Макіявелі (1469–1527), Эразм Ратэрдамскі (1469–1536), Мішэль Мантэнь (1533–1592), Томас Мор (1478–1535), Мікалай Кузанскі (1401–1464), Тамаза Кампанела (1568–1639) і шмат іншых.

Спецыфіка гэтага перыяду адлюстравана ў самой яго назве: Адраджэнне (франц. Renaissance). Адраджаліся элементы антычнай культуры, але адбывалася гэта на хрысціянскай аснове.

Асноўнымі рысамі Адраджэння з’яўляюцца:


  1. Інтарэс да антычнай культуры. У філасофіі – да Платона, які супрацьпастаўляўся Арыстоцелю, на якім грунтавалася схаластыка.У той жа час адной з галоўных асаблівасцяў філасофіі гэтага перыяду ў’яўляецца тое, што ў ёй адбываецца спецыфічная мадыфікацыя арыстоцелізму, платанізму, эпікурэізму, стаіцызму, скептыцызму і іншых антычных філасофскіх школ.

  2. Інтарэс да чалавека. Вельмі часта філасофія адраджэнне пазначаецца як гуманізм (ад лац. humanusчалавечы, чалавечны). Трэба ўлічваць, што ў перыяд Адражэння гэтае слова мела значэнне, адрознае ад сучаснага. Гуманістамі (humanista), называлі выкладчыкаў дысцыплін, якія займаліся пазнаннем чалавека: гісторыі, літаратуры, філасофіі і рыторыкі, па аналогіі са словамі законнік (legista), мастак (artista). У далейшым так сталі называць большасць дзеячоў эпохі Адраджэння. Галоўнай асаблівасцю рэнесанснай культуры быў пераход ад тэацэнтрычнага да антрапацэнтрычнага разумення свету.

  3. Індывідуалізм. У Сярэднявеччы чалавек успрымаў сябе толькі як частну нейкага цэлага: саслоўя, групы сям’і. У Адраджэнні чалавек успрымае сябе адасоблена, у сваёй унікальнасці. Націск робіцца на яго самарэалізацыю.

4. Інтарэс да прыроды. Для філосафаў Адраджэння быў характэрны пантэізм (ад грэч. раnусё і theosБог) – вучэнне ў якім атаесамліваўся Бог і свет. Пантэістычные матывы моцныя ў філасофіі М. Кузанскага. Таксама характэрным было імкненне даследаваць прыроду. Пераварот ў светапоглядзе таго часу ажыццявіў М. Капернік, які прапанаваў геліяцэнтрычную мадэль сусвету. Адбылася капернікіянская рэвалюцыя.

5. Жаданне рэлігійнага абнаўлення. Але змены ў рэлігіі адбыліся за межамі Італіі. Англійскі філосаф Э. Ратэрдамскі выкарыстоўваў ідэі гуманізму для рэформы царквы.

Сваеасаблівым працягам і адмаўленнем ідэй Адраджэння з’яўляецца Рэфармацыя, якая пачалася ў Германіі з выступлення Марціна Лютэра (1483–1546) і прывяла да ўзнікнення пратэстанцкай царквы. Найбольш выдомымі дзеячамі Рэфармацыі апроч Лютэра з’яўляюцца Томас Мюнцэр (1490–1525), Уільрых Цвінглі (1484–1531) і Жан Кальвін (1509–1564).

6. Імкненне да пераўтварэння грамадства. У перыяд Адраджэння былі створаны вядомыя сацыяльна-палітычныя вучэнні ў творах Томаса Мора “Утопія” і Тамаза Кампанэлы “Горад Сонца”. Яны імкнуліся прапанаваць праект справядлівага ладу. Але ў іх выйшла таталітарнае грамадства, якое атрымала сваё ўвасабленне ў ХХ ст.



Відавочнай праявай крызісу гуманізму Рэнесанса з’яўляецца знакаміты твор Нікола Макіявелі “Князь” у якім была выказана ідэя аўтаноміі ўлады ад маралі. Макіявелі лічыў, што чалавек сам па сабе ні добры, ні дрэнны, але, хутчэй, схільны да таго, каб быць дрэнным. Палітык павінен гэта ўлічваць і адпаведным чынам дзейнічаць. Безумоўна, такі падыход рэзка супярэчыць устаноўкам гуманізму.
Літаратура


  1. Буркхардт, Я. Культура Италии в эпоху Возрождения / Я. Буркхардт. – М. : Юристъ, 1996. – 591 с.

  2. Бэрк, П. Рэнесанс / П. Бэрк. – Мн. : Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, 1997. – 96 с.

  3. Горфункель, А. Х. Философия эпохи Возрождения / А. Х. Горфункель. – М. : Высшая школа, 1980. – 368 с.

  4. Лосев, А. Ф. Эстетика Возрождения / А. Ф. Лосев. – М. : Мысль, 1982. – 623 с.

  5. Соколов В. В. Средневековая философия / В. В. Соколов. – М.: Высшая школа, 1996. – 448 с.


1 Рэлятывізм (ад лац. relativusадносны) – прызнанне адноснасці і ўмоўнасці пазнання, адмаўленне абсалютных этычных нормаў.

2 Грэч. meta ta physikaпасля фізікі.

3 Ад грэч. eudaimonia шчасце.

4 Лац. emanatioвыцяканне, распаўсюджванне.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка