Устанаўленне Савецкай улады




Дата канвертавання12.06.2016
Памер98.67 Kb.
Устанаўленне Савецкай улады

Вестка аб перамозе лютаўскай буржуаз­на-дэмакратычнай рэвалюцыi 1917 г. ў Петраградзе, стварэннi Часовага ўрада i адрачэннi цара была прыхiльна сустрэта насельнiцтвам Расоншчыны. Надзеi на станоўчыя змены ў жыццi, развiццё новых эканамiчных адносiн выклiкалi хвалю народных мiтынгаў у падтрымку Часовага урада. У сакавiку яны адбылiся i на Расоншчыне - ў вёсках Альбрэхтава, Тро­давiчы, Прыбыткi. Iшоў працэс адчужэння старых структур улады - сяляне в. Тродавiчы раззброiлi ўраднiка i страж­нiкаў, а сяляне з в. Прыбыткi выказалi недавер валасным уладам.

У першыя днi пасля рэвалюцыi царская адмiнiстрацыя на месцах i ваенныя ўлады працягвалi кантраляваць сiтуацыю. 3 са­кавiка 1917 г. начальнiк штаба 1-й apмii 3аходняга фронту генерал Доўбар-Мус­нiцкi тэлеграфаваў начальнiку Полацкага гарнiзона, што ад Вялiкiх Лук да Полацка едзе дэпутацыя з 50 чалавек ад новага урада i абяззбройвае жандараў. У телегра­ме адзначалася: «Папярэдзiце дэпутацыю, што на захад i поўдзень ад Подацка яна ўступае ў раён дзеяння армii, дзе нiхто, акрамя гасудара-iмператара, не ўправе распараджацца без паўнамоцтваў ад камандуючага армiяй. А таму ўсякае па­рушэнне ўстаноўленага ў раёне apмii па­радку будзе лiчыцца супраць спакою i баявой моцы apмii...».

У сакавiку-красавiку 1917 г. ў Полац­ку i Дрысе аформiлiся аб'яднаныя apгaнi­зацыi РСДРП, у якiх большасць складалi меншавiкi-абаронцы, бундаўцы. Летам 1917 г. ў Вiцебску i Полацку былi створа­ны камiтэты РСДРП, у якiя акрамя баль­шавiкоў уваходзiлi «наважызненцы» , меншавiкi-iнтэрнацыяналiсты i iнш.

Вясной 1917 г. ва Увазнясенскай, Ефрасiннеўскай, Мiкалаеўскай валасцях былi створаны сялянскiя валасныя i вясковыя камiтэты. У канцы мая на валасных схо­дах адбылiся выбары дэлегатаў на Полацкi павятовы сялянскі з’езд, асноўным патра­баваннем якога была перадача без выкупу ўсёй памешчыцкай зямлi як беднаму, так i заможнаму сялянству. 9 чэрвеня 1917 г. Полацкi павятовы з'езд сялянскiх дэпута­таў прыняў рэзалюцыю, ў якой адзначалася, што ўся зямля перадаецца без выкупу ў карыстанне таму, хто яе апра­цоўвае. Прыватная ўласнасць на зямлю адмянялася. Рэзалюцыя была прапанава­на эсэрамi. У сувязi з гэтым адна з полацкiх газет 13 лiпеня 1917 г. пiсала, што па ўcix пытаннях былi ўнесены рэзалюцыi ў духу партыi сацыялiстаў- рэвалюцыянераў. Сяляне вельмi ўдумлiва i асцярожна вырашалi справы, рэзалю­цыi перачытвалiся некалькi разоў i толь­кi пасля таго прымалiся. Бальшавiкi вымушаны былi лiчыцца з рэальным ходам падзей i пажаданнямi асноўнай масы сялянства. Яны звязвалi вырашэнне асноўных пытанняў рэвалюцыi з карэннай перабудовай усёй палiтычнай сiстэмы (да лiпеня 1917 г. мiрнымi сродкамi, пасля VI з'езда РСДРП - узброеным шляхам). Эсэры выступалi за рэфармiсцкi, паступовы шлях вырашэння праблем праз Уста­ноўчы сход.

На фоне агульнай барацьбы за зямлю на Расоншчыне актыўна iшоў працэс самавольнага захопу памешчыцкiх зямель, лясоў. Вясной 1917 г. сяляне з вёскi Hiўё, Гальнiца, Высокае насеклi будаўнiчага лесу ў маёнтку «Чырвоны двор» i пачалi будаваць замест старых хацiн новыя. Сяляне з в. Фiлатава падзялiлi памiж сабой частку памешчыцкай зямлi ў фальварку Коракi i не пад­парадкавалiся патрабаванню прыказчыка вярнуць яе.

У гэтых умовах у Мiкалаеускай i iншых валасцях адбывалiся сялянсхiя сходы. У прынятых рашэннях аб зямлi ўказвалася, што практычнае выкананне гэтага пытання адкладваецца да Устаноўчага сходу i любыя самавольныя дзеяннi заба­ранялiся. Тым не менш самавольныя за­хопы зямель працягвалiся. Органы улады аддавалi загады аб ix задушэннi. Бальшавiкi напярэдаднi i пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi таксама выступалi супраць стыхiйных, самавольных захопаў маё­масцi, за арганiзаваны падзел зямлi ў агульнадзяржаўным маштабе. Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi сяляне Вiцебскай губернi, як i раней, грамiлi па­мешчыцкiя маёнткi, захоплiвалi маёмасць i жывёлу. Мясцовыя савецкiя органы, як i органы Часовага ўрада, пры падобных дзеяннях накiроўвалi туды ўзброеныя падраздзяленнi.

Пасля Кастрычнiцкага ўзброенага паўстання 1917 г. ў Петраградзе ўлада на Расоншчыне ва ўмовах цяжкай класавай барацьбы паступова была сканцэнтравана ў бальшавіцкiх Саветах. Галоўнае пытан­не рэвалюцыi - аграрнае - вырашалася на аснове ажыццяўлення Дэкрэта аб зям­лi, якi быў варожа сустрэты былымi яе ўладальнiкамi. Адзначалiся выпадкi знi­шчэння iмi сваёй маёмасцi i жывёлы. Гру­па памешчыкаў з асобных валасцей Расон­шчыны i Невельскага павета сабралася ў фальварку Межна да памешчыка 3апенiна i iмкнулася аказаць суцрацiўленне прадстаўнiкам улады, але была iзалявана. У валасцях Расоншчыны працягвалi iснаваць земскiя ўправы, сялянскiя камiтэты i iншыя органы кiравання, створаныя яшчэ Часовым урадам. Iх дзейнасць выклiкала незадаволенасць Савецкай улады, якая стварала свае зямельныя камiтэ­ты. У канцы 1917 г. працавалi кaмicii па развёрстцы зямельных, лясных i iншых угоддзяў у адпаведнасцi з Дэкрэтам аб зямлi. Яны бралi на ўлiк памешчыцкiя маёнткi, праводзiлi падрыхтоўчыя работы да ix падзелу. Практычнае пераразмерка­ванне зямлi адбылося на працягу першай палавiны 1918 г. Уводзiўся прынцып ураўняльнага размеркавання зямлi. У цэ­лым па Вiцебскай, гyбepнi да сярэдзiны 1919 г. ў параўнаннi з 1917 г. колькасць беспасяўных гаспадарак зменшылася з 7,4% да 2,1% . Колькасць гаспадарак, якiя мелi 1 дзесяцiну зямлi, павялiчылася з 5,1 % да 20,8%, а якiя мелi ад 1 да 2 дзесяцiн - з 15,4 %да 40,2 %. Такiм чы­нам, асноўная маса сялянства атрымала ад 1 да 2 дзесяцiн зямлi, але ў часовае карыстанне. Размеркаванне i пераразмернаванне зямлi працягвалася i пасля грамадзянскай вайны. Ажыццяўленне Дэнрэта аб зямлi было пераходнай мерай, накiрава­най на ўмацаванне дыктатуры бальшавiкоў шляхам падрыву эканамiчнай базы па­мешчыкаў. Ураўняльнае размеркаванне зямлi было разлiчана на ўступкi сялянству i перш за ўсё яго сярэднiм слаям.

28 студзеня 1918 г. ў Полацку адбыўся першы павятовы з'езд Саветаў рабочых, сялянскiх i салдацкiх дэпутатаў. Старшы­нёй выканкома павятовага Савета быў выбраны Дзмiтрый Пятровiч Салаўёў з в. Сяляўшчына.

Выбары валасных i сельскiх Саветаў на Расоншчыне праходзiлi ў студзенi - лю­тым 1918 г. 26-27 лютага быў выбраны Савет ва Увазнясенскай воласцi. З членаў валаснога Савета выбралi прэзiдыум выканкома, а таксама стварылi кaмicii: зямельную, харчовую, культурна-асветную, санiтарна-медыцынскую, юрыдыч­ную i iнш.

Старыя органы ўлады - валасныя зем­ствы i iншыя ўстановы - распускалiся. Усе падведамасныя iм справы пераходзiлi да валасных Саветаў рабочых, сялянскiх i салдацкiх дэпутатаў. Старшынёй выканкома Савета Увазнясенскай воласцi быў выбраны Раманоўскi, неўзабаве ён быў заменены бальшавiком Д. Н. Рубашэнкам. У Ефрасiннеўскай воласцi Савет узнача­лiў бальшавiк С. А. Касачоў. Зямельнай камiсiяй у Клясцiцкай воласцi кiраваў былы батрак Буланаў.

У асобных валасцях старыя валасныя ўправы былi проста перайменаваны ў валасныя Саветы, але хутка такое становiшча пачалi выпраўляць. Так, у Аляксандраўскай воласцi 17 мая 1918 г. ў такiм Савеце былi праведзены новыя выбары. Перавыбiралiся i iншыя Саветы, якiя не адпавядалi патрабаванням новай улады. У рашэннi выканкома IIолацкага павятовага Савета адзначалася, што ва Уладзiмiрскай воласцi «савет не адпавядае духу рэвалюцыi”. У гэтую воласць быў накiраваны член выканкома павятовага Савета Ганчароў для правядзення яго перавыбараў.

Былыя ўладальнiкi аказвалi супрацiўленне новай уладзе. Так, памешчык Наплешкiн з маёнтка Гальнiца з узброе­най групай напаў на памяшканне Уваз­нясенскага валвыканкома, але ў сутычцы быў забiты.

У лiстападзе 1917 г. адбылiся выбары ва Устаноўчы сход. У Полацкiм павеце за бальшавiкоў прагаласавала каля 24 тысяч чалавек з 67 542 выбаршчыкаў, якiя прымалi ўдзел у галасаваннi. Астат­нiя аддалi свае галасы 13 iншым партыям.

У першыя паслякастрычнiцкiя гады Расоншчына ў межах Віцебскай губерні з 7.11.1917 г. ўваходзіла ў склад Заходняй вобласці, з 13.9.1918 г.— Заходняй камуны, з 1.1.1919 г.- БССР.

У канцы 1917 — пачатку 1918 г. на Расоншчыне ішла арганізацыя атрадаў Чырвонай гвардыі. У студзені 1918 г. пункты па іх фарміраванні былі ў вёсках Сакалішча, Клясціцы. Пазней у в. Альбрэхтава быў створаны занальны камітэт па фарміраванні чырвонагвардзейскіх атрадаў.

18.2.1918 г. войскі кайзераўскай Германіі, парушыўшы ўмовы перамір'я, пачалі наступленне і захапілі большую частку Віцебшчыны, у т. л. і Расоншчыны. У акупіраваных мясцовасцях былі ліквідаваны ўсе рэвалюцыйныя парадкі, адноўлена прыватная ўласнасць на зямлю і прамысловыя прадпрыемствы. За супра-ціўленне нямецкім уладам учыняліся цяжкія расправы з насельніцтвам. Так, у в. Кавалёва Ефрасіннеўскай воласці за захаванне зброі былі расстраляны ўсе мужчыны, у тым ліку старыя і малыя. Падаткамі была абкладзена ўся свойская жывёла, уключаючы кошак і сабак. Бясчынствы нямецкіх улад выклікалі абурэнне ў мясцовага насельніцтва. Вясной 1918 г. сяляне паўсюдна стваралі ўзброеныя партызанскія атрады, якія змагаліся супраць іншаземцаў. У в. Альбрэхтава, цэнтры свабоднай ад акупацыі Увазнясенскай воласці, адбыўся сход1 сялян з Расон, Сяляўшчыны, Залюбежжа і іншых месцаў, які абвясціў мабілізацыю ўсіх мужчын, здольных насіць зброю, на барацьбу з германскімі войскамі. Такія ж рашэнні былі прыняты на сялянскіх схо­дах іншьгх вёсак ва Увазнясенскай, Клясціцкай, Ефрасіннеўскай і Уладзімірскай валасцях. Так было створана злучэнне партызанскіх атрадаў, у канцы сакавіка 1918 г. ў ім было каля 5 тысяч байцоў. На чале злучэння стаў К. Ф. Гатоўскі, ураджэнец в. Залюбежжа Увазнясенскай воласці, удзельнік першай сусветнай вайны, кавалер 2 Георгіеўскіх крыжоў. Штаб злучэння знаходзіўся ў в. Сяляўшчына. Фарміраваліся партызанскія атра­ды ў Арцейкавіцкай, Юхавіцкай валасцях. Востра стаялі пытанні ўзбраення партызан, і ў Вялікія Лукі, Невель, Петраград былі пасланы хадакі за зброяй. Неўзабаве па чыгунцы са станцый Дрэтунь, Палата стала паступаць узбраенне. Усяго з Вялікіх Лук і Петраграда было атрымана 4500 вінтовак, 8 кулямётаў, 4 гарматы, у баях партызаны захоплівалі трафейную зброю. Супраціўленне, аказанае партызанскімі атрадамі ва Увазнясенскай, Ефрасіннеўскай, Арцейкавіцкай і Уладзі­мірскай валасцях, спыніла прасоўванне нямецкіх войск на поўнач ад Полацка ў напрамку Себежа і Ідрыцы. У канцы лютага 1918 г. немцы неаднаразова рабілі спробы прасунуцца за Дрысу. На яе берагах на вялікай адлегласці ад в. Пярэкі да в. Янкавічы ішлі цяжкія баі, у якіх вялікія страты неслі абодва бакі. Нямецкія войскі артылерыйскім агнём знішчылі некалькі вёсак, але праз р. Дрыса не прайшлі. У сакавіку 1918 г. падраздзяленне нямецкіх войск зрабіла спробу прарваць абарону ў раёне в. Павалішына. Калі б яму ўдалося гэта зрабіць, адкрыўся б шлях на Сяляўшчыну і Расоны — у глыб партызанскага краю і далей на Себеж і Апочку. У выніку бою з партызанамі яны вымушаны былі адступіць.

Летам 1918 г. на Расоншчыне на вызваленых ад немцаў тэрыторыях ствараліся камбеды — апорныя пункты дыктатуры пралетарыяту на вёсцы, каб усталяваць новую ўладу шляхам ліквідацыі палітычнага і эканамічнага уплыву заможнага сялянства. Да канца ліпеня 1918 г. на Расоншчыне было арганізавана 8 камбедаў: 1 у Аляксандраўскай воласці, 1 ва Уладзімірскай, 5 у Ефрасіннеўскай, 1 у Мікалаеўскай. Найбольш камбеды выкарыстоўваліся для рэвалюцыянізавання сялянскіх мас і стварэння шырокага партыйна-бальшавіцкага актыву ў вёсцы. У той час сетка сельскіх партыйных арганізацый была вельмі рэдкай, у многіх валасцях ячэйкі адсутнічалі. Упершыню яны былі створаны ў сакавіку 1918 г. на чыгуначнай станцыі Расоны, у маі 1918 г.— ва Увазнясенскай воласці, у астатніх валасцях стварэнне партыйных ячэек у асноўным праходзіла адначасова з арганізацыяй камітэтаў беднаты.



Атрымаўшы зямлю, сяляне не мелі права свабодна распараджацца прадуктамі сваей працы. Харчразвёрстка непазбежна ставіла сялянства ў апазіцыю да Савецкай улады. Некаторыя сельсаветы Аляксандраўскай, Увазнясенскай, Мікалаеўскай валасцей выказваліся супраць арганізацыі камбедаў. У Аляксандраўскай воласці, дзе ўжо існаваў 1 камітэт бедна­ты, валасны сялянскі сход у далейшым адмовіўся ад іх арганізацыі. 12 лістапада 1918 г. ва Увазнясенскай воласці ўспыхнуў антысавецкі сялянскі мяцеж, які быў хутка задушаны. Газета «Известия Запад­ной Коммуны» (1918. № 278) паведамляла: «Паўстанне ва Увазнясенскай воласці ліквідавана; раззбраенне заканчваецца; адабрана звыш 1500 вінтовак. Гэты здабытак будзе адпраўлены са станцыі Расоны ў Віцебск. Адзін з главароў паўстання расстраляны,пяць перададзены Надзвычайнай камісіі, пяць аб'яўлены па-за законам». Тая ж газета ў перыяд з 11 да 17 лістапада 1918 г. паведамляла, што амаль уся Віцебская губерня была ахоплена «контррэвалюцыйнымі паўстаннямі». У Дрысенскім павеце ў сувязі з частымі налётамі на савецкія ўстановы 28 лістапада 1918 г. было ўведзена ваеннае становішча. У загадзе Дрысенскага ВРК адзначалася, што за «ўсякія пагрозы і гвалт у адносінах да савецкіх служачых — вінаватыя асобы будуць расстрэльвацца. За аднаго — сто». У пачатку 1919 г. ў справаздачы Дрысенскай павятовай надзвычайнай камісіі адзначалася: «Увесь контррэвалюцыйны элемент, такі як: памешчыкі, кулакі і былое афіцэрства, знішчаюцца сродкамі выключэння яго з асяроддзя насель-ніцтва павета і горада, галоўная ж частка іх паспела ўцячы з немцамі ў час ачышчэння імі нашай мясцовасці. Значных такіх белагвардзейскіх і контррэвалюцыйных дзеячоў было арыштавана болын за 10 чалавек, якія былі адпраўлены ў Віцебск у Н. К., дзе і панеслі заслужанае пакаранне...».

В. Афанасьеў, Р.Прудоўскі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка