Успамін пра Андрэя Макаёнка




Дата канвертавання10.05.2016
Памер83.98 Kb.
ЖЫЦЬ ДЫ ЖЫЦЬ БЫ ЯМУ

Успамін пра Андрэя Макаёнка


Сцяпан Лаўшук
Заселі ў маёй памяці, муляючы і турбуючы да сённяшняга дня, словы выдатнага ўкраінскага драматурга Міколы Заруднага, сказаныя на пахаванні Андрэя Макаёнка: «...Мы яшчэ напоўніцу не ўсвядомілі, каго не збераглі для сусветнага тэатральнага мастацтва, каго страціла беларуская культура: такія драматургі нараджаюцца адзін раз на сто гадоў ды і то не ў кожнай літаратуры».

Так, не ўсвядомілі... Так, не збераглі... Але з усведамленнем месца кожнага пісьменніка не ўсё так проста. Дзеля прасвятлення апошняй акалічнасці прыгадаю толькі дзве сітуацыі, звязаныя з асобай Андрэя Макаёнка.

Вясной 1980 г. на Мастацкім савеце тэатра імя Янкі Купалы праводзілася чытка-прыёмка камедыі «В е р а ч к а» (жанравае вызначэнне аўтара — сентыментальны фельетон). Абмеркаванне, як гэта заўсёды было з п'есамі Андрэя Макаёнка, атрымалася вельмі цікавым і вострым. Цалкам прынялі твор Павел Кармунін і Марыя Захарэвіч. Многія з членаў Мастацкага савета, падтрымліваючы ў цэлым камедыю, зрабілі пэўныя заўвагі. А вось з боку Ліліі Давідовіч аўтар атрымаў, як кажуць, поўны афронт. Трэба было бачыць у той час Лілію Міхайлаўну: артыстка расхвалявалася (усё ж такі самога А. Макаёнка крытыкуе!), расчырванелася, перайшла чамусьці на рускую мову і... I пайшло, і пайшло! Квінтэсенцыя ж усяго выступлення добра выявілася ў яе заключных фразах: «Мы привыкли видеть Андрея Егоровича гневным, наступательным, атакующим. Вспомните предыдущие его произведения. Ведь в каждом из них — обязательно ставятся и блестяще разрешаются важнейшие, глубочайшие, животрепещущие проблемы нашей действительности. Именно на их фоне «Верочка» совсем не смотрится: тишь в ней какая-то немакаёнковская да гладь...»

Вось што значыць рэпутацыя! Не кожнаму мастаку ўдавалася заставацца гаспадаром, а не рабом яе, бо гэта было не так і лёгка: грамадская думка дастаткова жорсткая, кансерватыўная і эгаістычная — асабліва ў дачыненні да сваіх абраннікаў. Так і А. Макаёнку пасля сенсацыйнага поспеху сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка» (пачатак 50-х г.) патрабавальна навязвалася роля гэткага тэатральнага камікадзе. Выкрывай! Атакуй! Крытыкуй! Ен павінен быць такім, бо яму, бачыце, боліш дазвалялася, чым іншым пісьменнікам.

Сітуацыя другая. Надмагільны помнік Андрэю Макаёнку ствараў скульптар Аляксандр Шатэрнік. Працаваў ён над заказам натхнёна, нетрафарэтна, але камісію па творчай спадчыне нябожчыка, якая прымала праект, не задаволіў. «Як гэта так,— з кплівай недаўменнасцю зазначалі некаторыя з членаў камісіі,— Андрэй у жыцці быў веселуном, задзірам, перасмешнікам, а ў скульптуры ён — радэнаўскі мысліцель...»

Аўтару гэтых радкоў пры падрыхтоўцы да выдання пяцітомнага збору твораў Андрэя Макаёнка, які выйшаў у 1987—1990 гт., давялося перагледзець увесь архіўны матэрыял, перачытаць усе запісныя кніжкі пісьменніка, нататкі, дзённікавыя запісы, чарнавікі і г. д. I чым далей прасоўвалася гэтая азнаямленчая праца, тым больш інтэнсіўна размываўся грунт стэрэатыпаў. Але чаму наогул такія стэрэатыпы склаліся — настолькі яркай, неаднароднай асобы яны датычыліся? Тым болып што жыццё яго праходзіла зусім адкрыта, ва ўсіх навідавоку.

Дзесяцігоддзе з добрым хвосцікам мінула з таго часу, як не стала Андрэя Макаёнка. Засталіся яго творы і... пытанні, пастаўленыя на паніхідзе М. Зарудным. Аб'ёмістую кнігу можна было б напісаць дзеля высвятлення адказаў на іх. I такая кніга абавязкова напішацца. Аўтарам яе хутчэй за ўсё будзе прадстаўнік новага пакалення беларускіх літаратараў, чалавек, не звязаны прымхамі апініі макаёнкаўскага часу. Сёння ж мы можам з вялікім шкадаваннем канстатаваць, наколькі не хапае сучаснай беларускай літаратуры і тэатру мужнага, грамадзянскага таленту Андрэя Макаёнка. Час паказаў, што дарэмна некаторыя з яго калег-драматургаў цішком бурчэлі, нібыта ён перацінаў ім дарогу. Няма цяпер яго — дзейнічайце! Дык жа не, не чуваць і не відаць штосьці постмакаёнкаўскага «рэнесансу», а яго месца ў нашай драматургіі застаецца вакантным. Жыць бы яму цяпер — 12 лістапада 1995 г. яму споўнілася б толькі семдзесят пяць — айчыннае тэатральнае мастацтва пачувала б сябе трошачку лепш. Яму, хто прадбачыў надыход грамадска-палітычных пераменаў у нашай краіне, не склала б асаблівай цяжкасці выйсці на цікавы дыялог з сучасным гледачом. Так, гэтыя перамены ён чуў сваім сэрцам, сэрцам выдатнага мастака і сумленнага грамадзяніна. Зрэшты, як бліскучы, бескампрамісны сатырык, ён іх і сам набліжаў. Іншая справа, ці прыняў бы А. Макаёнак усе, што сёння адбываецца з намі, з грамадствам, з роднай Беларуссю. Думаецца, што не, бо заўсёды смяяўся з прыхільнікаў зменаў дзеля змейаў. Змяняць адну бесталкоўшчыну на другую? Які ў тым сэнс?

А зараз ёсць нагода і неабходнасць вярнуцца да «памылкі» скульптара А. Шатэрніка. Калі б гэта і сапраўды была памылка, дык яе варта было б аднесці да разраду празарлівых, геніяльных. На самай справе ўсё аказалася прасцей. «Ах,— шкадавалі апаненты версіі вобраза А. Макаёнка, прапанаванай скульптарам,— не ведаў асабіста нябожчыка А. Шатэрнік, не быў далучаны да яго асяроддзя, таму...» Ну так, «таму». Скульптар быў свабодны ад прывычнага, побытавага, а гэта значыць вонкавага ўспрымання асобы драматурга. Затое ён вельмі ўважліва ўчытаўся ў творы А. Макаёнка, вывучыў сотні фатаграфій, не абмінуў і кадры кінахронікі, звязаныя з ім. Самыя чыстыя крышталі фізікі вырошчваюць у космасе, ва ўмовах, максімальна свабодных ад зямной атмасферы, гравітацыі, усемагчымых сілавых палёў. Так і тут. Скульптару ўдалося ачысціць вобраз ад неістотнага флёру, і глянуў на нас А. Макаёнак журботна і мудра. Толькі ў самых куточках вуснаў затаілася ўсмешка. Нават не ўсмешка, а цень яе.

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» падрыхтаваны да друку зборнік успамінаў пра А. Макаёнка. Расіянін Яўген Еўтушэнка, украінец Мікола Зарудны, нашы беларусы, (у іх ліку пісьменнік Васіль Быкаў і доктар-правазнаўца Язэп Юхо) паспрабавалі разам намаляваць творчы партрэт знакамітага драматурга. I гэта ім бадай што ўдалося, кніга атрымалася вельмі змястоўнай. Зрэшты, яна магла б быць яшчэ больш цікавай, калі б не тая акалічнасць, што многія з аўтараў артыкулаў успаміналі не столькі А. Макаёнка, колькі сябе каля яго. Ды — нічога. У гэтым ёсць пэўны літаратурны шарм. Іншая справа, што такі ракурс асвятлення аб'екта ўспамінаў, замест канцэнтрацыі ўвагі на ім, збівае, рассейвае факусіроўку, выхопліваючы не самае істотнае. Такое «рассеянне», прыблізнасць характарыстык часам выяўляецца ва ўспамінах нават тых людзей, якія доўга і, здавалася б, добра ведалі драматурга. Тым не менш чытачы ўспамінаў пра Андрэя Макаёнка, нават тыя, хто не вельмі абазнаны ў літаратурных справах, здолеюць пачэрпнуць з іх такі аб'ём інфармацыі, які дазволіць скласці зусім пэўнае, калі не поўнае, уяўленне пра асобу пісьменніка. 3 выхадам гэтай кнігі павінна развеяцца сёе-тое з надуманага пра яго, адпасці некаторыя міфы. Напрыклад, пра тое, што А. Макаёнак быў ледзь не «афіцыйным» драматургам, перад якім лёгка адчыняліся дзверы тэатраў. Каб жа так! На самай справе ўсе яго п'есы, за выключэннем «Лявоніхі на арбіце» і «Верачкі», прабіваліся на сцэну з вялікімі цяжкасцямі. У маім архіве захавалася фатаграфія, на якой А. Макаёнак схіліўся над сталом, роспачліва абхапіўшы галаву рукамі. На яе адваротным баку надпіс: «Сцяпан! Улічы: во звычайны стан сатырыка пасля таго, як ён закончыць добрую п’есу. А. Макаёнак». Слова «добрую» падкрэслена дзвюма рыскамі.

Не трэба шукаць какецтва ні ў позе драматурга на фатаграфіі, ні ў надпісе да яе: барацьба з калятэатральным чыноўніцтвам і ідэалагічнымі наглядчыкамі і сапраўды каштавала яму нямала. Чалавек безумоўна мужны і смелы да дзёрзкасці, які ніколі не губляўся нават у пякельных варунках франтавога ліхалецця, А. Макаёнак часам губляў у гэтай барацьбе душэўную раўнавагу. Асабліва цяжкім для яго аказаўся 1967 год. Завяршыўшы бліскучую сатырычную камедыю «3 кірмашу». ён прайшоў усе кругі чыноўніцкага пекла, так і не адолеўшы бастыёнаў тупасці, бяздушнасці, перастрахоўкі. Так і не заўважыў, як даў загнаць сябе ў эмацыянальна-псіхалагічны тупік, выхаду з якога не бачыў. У запісной кніжцы з'яўляюцца роспачныя словы: «Холадна. Дажджліва. Сыра. Зябка. Восень.



I ў Ленінградзе, і ў Маскве, і ў Латвіі, і нават у Кіеве.

Усюды пахмурна, сыра, холадна...

Такая метэазводка.

I на душы непагадзь.

Цёпла, відаць, толькі там, куды птушкі лятуць у вырай. Але ж гэта вельмі, вельмі далёка адсюль».

Побач яшчэ адна нататка: «У нашым садку абламалася галінка. Вецер вінаваты. А на ёй жа было яблыкаў больш, як на іншых. Ах, як шкада... Прыйшлося вынесці яе з саду. Памерла. А трэба было ўсяго толькі ў час падперці, падтрымаць.



Зразумеў, ды позна... Калі вецер сціх. Хто з перагрузкай раней памірае. Ах, як важна ў час падперці, падтрымаць... Асабліва, калі пачынаецца вецер...»

Пісаліся гэтыя радкі тады, калі са схованкі быў выцягнуты пісталет, пры дапамозе якога драматург вырашыў звесці рахункі з жыццём. Холад, сівер, слата — на ўсім белым свеце. Палітычны холад. Ідэалагічны сівер. Чыноўніцкая слата. I ніякай падтрымкі. Вечнае забыццё ўявілася цёплым выраем...

На той раз усё абышлося, трагедыя не адбылася. Дзякаваць за гэта павінны Максіму Лужаніну, суседу А. Макаёнка па дачы. Нешта падсвядома ўстрывожыла яго, затурбавала, таму і кінуўся да сябра. Разгаварыў, разважыў. Падпёр, падтрымаў. А да ракавога стрэлу заставаліся лічаныя хвіліны...

Вецер нядобразычлівасці ўсчынаўся над галавой пісьменніка-грамадзяніна яшчэ не адзін раз, але так блізка падыходзіць да краю прорвы ён сабе ў далейшым ужо не дазваляў. П'есы ж свае і сяброў-драматургаў «прабіваць» на сцэны беларускіх тэатраў навучыўся... праз Маскву. Пастаўленыя маскоўскімі тэатрамі, яны атрымлівалі ў вачах мясцовых валадароў своеасаблівы знак якасці: як жа, Масква ведае, дзе ёсць крамола, а дзе яе няма.

Як бы там ні было, а Андрэй Макаёнак зрабіў вельмі многа для беларускай драматургіі, для яе іміджу і папулярнасці. Дзякуючы яго смеламу, мужнаму таленту айчынная камедыяграфія зрабіла некалькі выдатных мастацкіх прарываў. Шырока вядомы той уплыў, які аказала сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка» (1953) на развіццё беларускай і ўсёй савецкай драматургіі. Кожная наступная п'еса гэтага няўрымслівага драматурга таксама станавілася падзеяй у тэатральным жыцці краіны. Як адкрыццё новага радовішча камедыйнасці быў успрыняты спецыялістамі выхад трагікамедый «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) — твораў, якія неўзабаве сталі прыкметнай мастацкай з'явай не толькі беларускай, але і ўсесаюзнай літаратуры. 3 вялікай цікавасцю тэатральная грамадскасць краіны азнаёмілася і з наступнымі п'есамі драматурга: «Таблетку пад язык» (1973), «Кашмар» (1979), «Пагарэльцы» (1980). Гэтыя творы яскрава за-сведчылі «глабалізацыю» грамадзянскай пазіцыі іх аўтара. Сапраўды, амаль усе ўчынкі яго герояў непасрэдна карэлююцца з сусветнымі праблемамі. Такі погляд на рэчаіснасць непазбежна прыводзіў драматурга да неабходнасці скрупулёзнага аналізу прычын, характару, таемных спружын супрацьстаяння дзвюх палітычных сістэм. Чалавек дзяржаўніцкага мыслення, А. Макаёнак добра бачыў, што СССР усё больш і больш вязне ў твані мілітарызму, што гонка ўзбраення бесперспектыўная і антыгуманная. Лепшыя навуковыя сілы, аграмаднейшыя бюджэтныя асігнаванні накіраваны на распрацоўку, удасканаленне сродкаў масавага знішчэння. А ў той жа самы час выміралі «неперспектыўныя» вёскі, не хапала сродкаў для многіх сацыяльных праграм. Ці ж мог пісьменнік-сатырык адмаўчацца, зрабіўшы выгляд, што нічога не заўважае?

Дарэчы, можна было б напісаць спецыяльнае даследаванне пад умоўнай назвай «Шлях Андрэя Макаёнка ў сатыру». Франтавік, выпускнік Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ, камуніст па перакананнях (менавіта па перакананнях — гэту акалічнасць драматург падкрэсліваў асабліва, каб адхіліцца, астараніцца ад камуністаў кан'юнктурных, кар'ерысцка-апаратных), ён тым не менш знайшоў у сабе сілы накіраваць сваю творчую сцяжынку па сатырычным азімуце, добра ўсведамляючы, што сатырык, калі ён, вядома, не бутафорскі, а сапраўдны,— заўсёды апазіцыйны да існуючага ў краіне грамадскага ладу. Добра ўсведам-ляў пісьменнік і тое, што гэтая сцяжынка да спакойнага жыцця не прывядзе, што на ўзнагароду будуць яму шышкі, а не пышкі. Але моцна любіў ён сваю Айчыну, дастаткова мужнасці ў сабе меў, каб не паддацца спакуслівай слодычы канфармізму. Адна з лепшых яго сатырычных камедый мела сімптаматычную назву — «Каб людзі не журыліся» (1958). Сцэнічны лёс гэтай п'есы быў растаптаны чыноўнікамі, але аўтар тым не менш сэнс яе назвы зрабіў сэнсам свайго творчага жыцця, што і надавала яму сілы для мастацкіх адкрыццяў і неардынарных грамадзянскіх учынкаў.



Асудзіць мілітарызм уласнай краіны, як гэта ён зрабіў у трагікамедыі «Кашмар»,— хіба ж гэта не ўчынак? А апошняя п'еса «Дыхайце эканомна» (1982)? Калі драматург у невядома якім па ліку кабінеце, адстойваючы права на пастаноўку твора, спаслаўся на тое, што дзея яго адбываецца ў капіталістычным свеце, дык атрымаў вельмі кваліфікаваны і аргументаваны «адлуп»: многія адзнакі палітычнага антуражу ў ім маюць сацыялістычны кшталт. Вельмі шкада, што смерць драматурга перашкодзіла яму ажыццявіць пастаноўку гэтай п'есы-завяшчання: надта ж актуальнае яго папярэджанне аб небяспецы адкату былога савецкага грамадства назад — да палітычнага і эканамічнага дзікунства.

Так, многае здолеў прадбачыць А. Макаёнак. Не змог толькі дажыць да нашага часу, аб чым можна толькі горка пашкадаваць: той, хто умеў прадбачыць, і падказаць многае здолеў бы. Важна, што гэтыя падказкі былі б «упакаваны» ў бясцэнную для беларускай культуры «аблатку»: у бліскучыя па сваім майстэрстве п'есы. Жыць бы яму сёння ды жыць...


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка