Усё пачынаецца з Буквара




Дата канвертавання15.03.2016
Памер34.73 Kb.
8 лістапада на Брэсцкай радыёстудыі адбыўся запіс выступлення “Усё пачынаецца з Буквара (420 год з часу выданння аднаго з першых буквароў на тэрыторыі Беларусі).

Якую ж кнігу чыталі ўсе людзі, якія авалодалі граматай. Адразу ж успамінаецца Біблія. Але далёка не ўсе людзі хрысціяне. Такой кнігай для усіх граматных людзей з’яўляецца буквар. Незалежна ад таго, якую ён носіць назву – буквар, азбука, ці завецца па-іншаму, у жыцці кожнага чалавека ёсць першы падручнік, з якога пачынаецца шлях пазнання роднай мовы, прыроды, грамадства. Буквары існуюць адносна с далёкіх часоў і першыя азбукі былі не такімі, якімі мы іх прывыклі бачыць зараз. Гісторыя захавала для нас літарныя склады на дошчачках, берасцяных сшытках. Напрыклад, у ХІІ ст. у Ноўгарадзе хлопчык Анфім напісаў на берасце літары, склады і нават зрабіў малюначкі, дзе паказаў сябе ў вобразе воіна. А ў Брэсце знойдзена своеасаблівае сведчанне нашых самых першых буквароў – самшытавы грэбень 12-13 стагодддзя з алфавітам. Пазней авалоданню граматай садзенічалі кнігі рэлігійнага характару. Псалтыры, часоўнікі выконвалі функцыі буквароў. Скарына, калі друкаваў Біблію, пісаў, што гэта — “книга к научению”. І яшчэ Скарына ўвёў у Бібліі прынцып буквара: слова і малюнак ля яго”.



А самы першы буквар на славянскіх землях быў надрукаваны ва Львове ў 1574 годзе Іванам Фёдаравым, заснавальнікам кнігадрукавання на Русі. Гэта была першая кніга, якая мела назву “Буквар”. Такая назва гэтых падручнікаў дайшла і да нашых дзён. У “Азбуцы” Івана Фёдарава змяшчаліся ўрыўкі з Саламонавых прытчаў, з пасланняў да Ефесіянаў, Каласонаў, Салунянаў. Тэксты падобраны аўтарам такім чынам, што яны ператварыліся ў мэтанакіраваную праграму першаснай школьнай адукацыі, а таксама базавага духоўна-маральнага выхавання.

Вельмі добра развівалася кнігадрукаванне і на беларускіх землях. Напрыканцы XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічалі шматлікія друкарні – прыватныя, пры буйных праваслаўных брацтвах, пратэстанцкія, вельмі актыўную дзейнасць распачалі езуіцкія друкарні. Выдавалася самая розная літаратура на беларускай, польскай, лацінскай мовах – як багаслоўская, так і свецкая, у тым ліку, прававая. Друкаваліся і кнігі для навучання грамаце.

У 1574 годзе Пётрам Мсціслаўцам у Вільна на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў была заснава друкарня. У ёй былі надрукаваны ад 80 да 100 кніг, з іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнаментальным аздабленнем.

У 1593 годзе ў гэтай друкарні браты Лаўрэнцій і Стэфан Зізаніі выдалі “Начало учения детям”. Гэта быў выдатны буквар хоць і стараславянскай мовы, але ў ім была частачка, якая ўтрымлівае шмат старабеларускіх словаў — глосаў (тато, певень, лазьня, кашуля, утрута, здрада, валацюга, працавіты і г.д.). Таксама ў ім перададзеныя асаблівасьці беларускай мовы — дзеканьне-цэканьне, аканьне-яканьне. Гэта дае нам падставу лічыць буквар Зізанія кнігай для навучання не толькі стараславянскай, але і беларускай мове таксама. Вельма мала звестак захавалася пра гэтае выданне. Як яно выглядала, мы можам меркаваць толькі на агульных падставах усіх выданняў такога характару. Але калі праз 420 год дайшлі да нас пра яго звесткі, то можна з упэўненасцю сказаць, што гэты буквар адыграў сваю ролю ў распаўсюджанні ведаў і духоўна-маральнам выхаванні тагачасных беларусаў. Тым больш, што праз тры гады ў гэтай жа друкарні выходзіць славутая азбука Лаўрэнція Зізанія “Наука ку читанню и розуменю письма словянского” і дадаў да яго слоўнік “Лексис, сиречь речения, въкратъце събраньны и из словенскаго языка на простый рускій діялектъ истолъкованы”.



Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на 3 часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексічны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў свецкім навучанні. Складальнікам першых дзвюх частак быў Лаўрэнцій 3ізаній, апошняй — Стэфан Зізаній. Пры выданні «Азбукі» выкарыстаны клішэ з выданняў Ф.Скарыны. У «Лексіс» — беларускі слоўнік (1061 слова) — уключаны словы з народнай гутарковай мовы, што спрыяла развіццю мовы, якая потым стала часткай літаратурнай, свецкай, прыведзены самыя разнастайныя звесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы розных сацыяльных груп насельніцтва ў дзяржаве, па філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялогіі, медыцыне.

Спіс выдадзеных на беларускіх землях букварах папоўнілі і іншыя выданні, сярод якіх “Буквар” Спірыдона Собаля, “Буквар” Сімяона Полацкага” .

Вучоныя сцвярджаюць, што з канца 16 да сярэдзіны 17 стагоддзяў на Беларусі выйшла 16 буквароў – больш як палавіна падобных выданняў на ўсходнеславянскіх землях.

Беларусы вельмі добра папрацавалі над выданнем буквароў, чым могуць ганарыцца. Нашы аўтары пераймалі лепшае ад еўрапейскіх выданняў такога характару.

І зараз нашы дзеткі маюць магчымасць вучыцца грамаце па вельмі якасных падручніках, якія ўзялі пачатак ад створаных нашымі продкамі і пра якія выдатна напісаў Мікола Гусоўскі:
“Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх,
Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.
Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысці

Ў грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак


Зладзіўшы з ім, іншаземцам, застаўся сабою”.
Складальнік - бібліёграф Ігнацьева Алена Аркадзеўна.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка