Урока " Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны" (для вучняў ІІІ ступені навучання) Мэты : прадоўжыць пошукавую краязнаўчую дзейнасць па тэме "




Дата канвертавання08.05.2016
Памер47.32 Kb.
Сцэнарый урока

Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”


(для вучняў ІІІ ступені навучання)
Мэты:

  • прадоўжыць пошукавую краязнаўчую дзейнасць па тэме “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маіх землякоў” і патрыятычную акцыю “Наша Вахта Памяці”;

  • падвесці вучняў да ўсведамлення неабходнасці практычнай дзейнасці кожнага дзеля Памяці;

  • садзейнічаць выхаванню пачуцця паўнавартаснага гонару за свой народ, землякоў, што здабылі перамогу і мір 70 гадоў таму назад.


Абсталяванне: відэаролік “Дзеці і вайна”; буклет з працягам “Наша Вахта Памяці”; гукавы запіс краязнаўчых хвілінак “Дзень Перамогі”; фотаслайды “Ніхто не забыты нішто не забыта”; зборнік вучнёўскай творчасці “Першацвет”, прысвечаны вялікай Перамозе; слайды з адкрыцця помніка на месцы вёскі Агароднікі.
Эпіграф

Дзякуй вам, ветэраны?

Салдаты мінулай вайны,

За вашы цяжкія раны,

За вашы трывожныя сны,

За сівізну, за слёзы,

Якія бліскаюць падчас –

Што ў гады ліхія

Вы баранілі нас.
Эмацыйны ўступ у тэму ўрокавідэаролік “Дзеці і вайна” з краязнаўчымі ўстаўкамі-дапаўненнямі.

Слова настаўніка:

Дзеці і вайна – словы несумяшчальныя. І каб тыя паняцці, якія яны абазначаюць, не сумяшчаліся ў рэальнай гісторыі Беларусі змагаліся, аддавалі свае жыцці салдаты Перамогі. Тэма першага ўрока ў гэтым навучальным годзе “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”.

Я не буду сёння, як заведзена ў школе, на пачатку ўрока, ставіць мэты. Мы іх з вамі пастараемся сфармуляваць у канцы ўрока. Мэты на ўвесь год, а то і на ўсё жыццё, бо вы ўжо сёлета адзінаццацікласнікі і гэты год – год 70-годдзя Вялікай Перамогі – год вашага развітання са школай.

Тэма блізкая кожнаму, блізкая і асабіста мне. Бо мой бацька – Васіль Васільевіч Плакса – таксама салдат Перамогі. У 1944 годзе мабілізаваны на фронт. Быў ён ужо не зялёны хлопец, было яму 30 гадоў. Ён быў ужо жанаты, меў сям’ю, жонку і паўтарагадовага першынца-сына, якіх пакінуў, каб вызваляць Беларусь і гнаць фашыстаў у іх звярынае логава. Закончыў вайну на поўдні Германіі, на рацэ Шпрэе. І мне ўяўляўся спякотны майскі дзень, і мой бацька-салдат, што разам з такімі ж, як ён байцамі, скінуў боты, студзіць у халоднай вадзе разгарачаныя ногі, мые анучы. Была ў гэтым дзеянні пэўная пагарда да ворага, які ішоў гаспадарыць на нашу зямлю. А цяпер беларус мые свае прапацелыя, закарэлыя анучы ў яго рацэ.

Праз усё жыццё ўспамінаў бацька свайго камандзіра, дваццацігадовага рускага хлопца маёра Гожава, марыў сустрэцца з ім.

Першаснае ўключэнне вучняў у гутарку

Але тэма ўрока блізкая , як мне падаецца, кожнаму беларусу, незалежна ад ўзросту, кожнаму з вас.



  • Каго са сваёй радні прыгадаеце вы як удзельніка ці сведку тых грозных падзей?

Кожны з вучняў, гасцей называе, а то і паказвае фотаздымкі, сваіх родных, сваякоў, якія здабывалі перамогу, дае кароткае паведамленне пра іх.
Тэма ўрока, гаворка, якая сёння вядзецца – не новая. На працягу вашых дзесяці школьных гадоў шмат гадоў гаварылася аб Вялікай Айчыннай вайне і на ўроках, і ў пазаўрочны час. Вывучаліся падручнікі, чыталіся творы аб вайне, дэкламаваліся вершы, адпраўляліся ў блізкія і далёкія паездкі – Курган Славы, Хатынь, Лінія Сталіна і інш.Самым розным чынам спасцігалася тая трагічная падзея ў лёсе нашага народа. Адзначалася самаахвярнасць беларусаў, братэрская іх еднасць з іншымі народамі ў святой барацьбе…(Беларусь франтавая, Беларусь-падпольшчыца, Беларусь-партызанка)

Тэма вайны спасцігалася на розных узроўнях: навуковым, мастацкім, творчым, эмацыйным. Але я заўсёды скіроўвала вас крыху на іншае. Такіх і падобных ролікаў, якімі пачалі мы ўрок, вы пабачыце шмат. Мне спадабалася, як вы яго ўспрыймалі – засяроджана, з болем, шкадаваннем, гонарам – з вялікай колькасцю самых добрых патрыятычных пачуццяў. Але я кажу: гэтага мала! Я заўсёды скіроўвала вас на большае! На што?


Адказы вучняў (на дзеянне)
Так, на рэальнае патрыятычнае, грамадзянскае дзеянне, так бы мовіць,на дзейсную памяць.
Вуснае падарожжа-справаздача “Наша Вахта Памяці”
Прыгадаем нашу Вахту Памяці, распачатую яшчэ пяць гадоў таму, калі вы былі вучнямі 6 класа і адзначалася 65-годдзе вызваленне Беларусі і Перамогі.

Крыўко Ганна прыгадвае сустрэчу з апошнім ветэранам на тэрыторыі Карцэвіцкага сельскага Савета Міхаілам Іосіфавічам Гацілам і тое, што запомнілася на ўсё жыццё, уразіла.

Валчок Яна дзеліцца ўражаннямі ад першага наведвання брацкай магілы ва ўрочышчы Гайкі, расказвае пра тое, як на працягу пяці гадоў вучні і настаўнікі даглядалі гэтую святую мясціну Нясвіжчыны.

Гаціла Аляксандр паведамляе гісторыю ўзвядзення помніка рускаму салдату Рыгору Рэпіну на могілках вёскі Малева.

Архіпаў Аляксей і Ермаковіч Міхаіл паведамляюць пра паездку ў Нясвіж на месца былой вёскі Агароднікі, расказваюць пра сустрэчу з Язэпчыкам Аркадзем Аляксандравічам і ініцыятыву ўсталяваць памятны знак.
Увага! Падзея!

Слова настаўніка:

Сёлета , 3 ліпеня, устанавілі помнік, які нагадвае кожнаму, хто праходзіць ці праязджае міма пра трагедыю гароднікаў (дэманструюцца слайды з адкрыцця помніка)

Добрымі нашымі дзеяннямі былі яшчэ і краязнаўчыя хвілінкі на нясвіжскім раённым радыё, у якіх мы паведамлялі грамадскасці пра нашы краязнаўчыя пошукі, адкрыцці-знаходкі, патрыятычныя акцыі.



Праслухоўванне радыёхвілінак “У майскай квецені”, якая састаўлена па творчых работах вучняў школы, і “Аб чым шумяць бярозы”, падрыхтаваную на аснове краязнаўчай знаходкі ваеннай пары.

Таму ўрэшце, якую мэту мы сёння з вамі паставілі для сябе надалей у дачыненні да гэтай святой тэмы – перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, героі-пераможцы, народ-пераможца. Прыслухайцеся да свайго сэрца, засяродзьцеся, падумайце. Свае думкі-прапановы запішыце на гэтых каляровых зорачках.



Пасля вучні агучваюць свае запісы і прымацоўваюць зорачкі на дошцы, імітуючы салют Перамогі.
Чытаюцца радкі эпіграфа. Гучыць мелодыя песні Я. Фрэнкеля “Жураўлі”
Заключнае слова настаўніка:

Словамі нашага імправізаванага “Салюта” вы па сутнасці зрабілі вывад-заключэнне ўрока. Я толькі дадам: вы выходзіце меней як праз год у самастойнае жыццё. Да гэтай пары школа была тым цэнтрам, які актывізаваў вас на грамадзянскае патрыятычнае дзеянне. Далей вы павінны самі несці па жыцці сваю дзейсную памяць: не праехаць міма помніка, пакласці кветкі ля абеліска, распытаць, а то і запісаць успаміны цікавага чалавека аб вайне, быць ініцыятарамі патрыятычных акцый у тым калектыве, дзе будзеце вучыцца ці працаваць.



Толькі тады вы з поўным правам можаце сцвярджаць, што ніхто не забыты і нішто не забыта, палае памяці агонь


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка