Урок засваення новых ведаў




Дата канвертавання05.05.2016
Памер62.99 Kb.
Грышкевіч Алена Мікалаеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Затур’янскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»



Класс: 6.

Тэма ўрока: Асабовыя дзеясловы.

Тып: урок засваення новых ведаў.

Мэты: садзейнічаць паглыбленню ведаў вучняў пра дзеяслоў як часціну мовы, пазнаёміць з асабовымі дзеясловамі, навучыць знаходзіць іх у тэкстах, вызначаць граматычныя прыметы; выпрацоўваць уменне перабудоўваць асабовыя сказы ў безасабовыя; праз сістэму заданняў і практыкаванняў паўплываць на выхавання пачуцця любові да Радзімы, роднага краю; фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю.

Абсталяванне: Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 6 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання / В.П.Красней, Я.М.Язерская, С.Р.Рачэўскі. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2009; эпіграф да ўрока: камп’ютар; відэаматэрыялы; карткі з заданнямі.

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Арыенціровачна-матывацыйны этап.

(Тэма запісана на дошцы.)

Радзіма наша – Беларусь,

І колькі не шукай,

Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі

Мілей, чым гэты край.

Не знойдзеш ты такіх людзей,

Іх сэрцы – дабрыня;

Яна струменіць, льецца ў свет

Крынічкаю штодня.

Таму ў жыцці не трэба быць

Няшчырым, сквапным, злым.

Не забывай, ты – беларус,

І заставайся ім.

Куды б ні закінуў нас лёс, якія б экзатычныя краіны мы ні пабачылі, нас заўсёды клічуць да сябе беларускія лясы і палі, азёры і рэкі, гарады і вёскі. Чым жа так прываблівае родная зямля? Напэўна, не толькі сціплай і някідкай прыродай, але і сваёй мовай, казкамі і легендамі. Найвялікшы скарб нашага краю – людзі, якія жывуць тут. Мы павінны адстойваць сваю годнасць, свій гонар, сваё права звацца беларусамі.

І сёння на ўроку, працуючы па тэме ўрока, будзем гаварыць пра наш родны край, пра мясціны, з маленства дарагія нам, пра тое, што жыве ў нашых сэрцах усё жыццё.


  1. Агучванне тэмы ўрока. (Тэма запісана на дошцы.)

  2. Мэтавызначэнне. (Вызначыць мэты ўрока. Выбраць з прапанаваных мэт тыя, якія адпавядаюць сённяшняй тэме.)

  • Паглыбляць веды пра дзеяслоў як самастойную часціну мовы;

  • пазнаёміцца з асабовымі дзеясловамі;

  • вылучаць асабовыя дзеясловы і вызначаць іх граматычныя катэгорыі;

  • праз сістэму заданняў і практыкаванняў паўплываць на выхаванне пачуцця любові да Радзімы, роднага краю;

  • фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю.

  1. Паўтарэнне тэарэтычных ведаў па тэме “Дзеяслоў”.

Я хачу папрасіць у вас дапамогі. У мяне рассыпаліся карткі, на якіх напісаны прыметы часцін мовы. У тым ліку і прыметы часціны мовы, якую мы цяпер вывучаем. Дапамажыце мне сістэматызаваць.

Вучні сістэматызуюць карткі. А затым яны выконваюць тэставыя заданні па вывучаных тэмах.

  1. Дзеяслоў – гэта:

а)службовая часціна мовы;

б)самастойная часціна мовы.

2.Што абазначаюць дзеясловы?

а)прадмет;

б)прымету;

в)дзеянне;

г)колькасць.

3.Адзначце дзеясловы, якія абазначаюць фізічнае дзеянне.

а)думаць;

б)бегчы;


в)касіць;

г)ганарыцца.

4.Адзначце зваротныя дзеясловы.

а)працаваць;

б)брацца;

в)берагчы;

г)спыніўся

5.Адзначце равільныя сцверджанні.

а)Дзеяслоў – часціна мовы, якая абазначае дзеянне.

б)дзеясловы змяняюцца па часах, склонах, асобах, ліках.

в)Дзеясловы ў сказе звычайна бываюць выказнікамі.

6.Адзначце сказы, у якіх не з дзеясловамі пішацца асобна.

а)Ніхто (не)любіў так бор з яго ваколіцамі, як Алёшка.

б)Сам (не)умееш слухаць – другога (не) прымусіш.

в)Думка пра дубок (не)пакоіла Рыгора ўвесь вечар.

г)Бабуля наша штосьціпачала (не)дамагаць.

7.Адзначце сказы, ў якіх дзеяслоў ісці ўжыта ў пераносным значэнні.

а)Вясна шпарка ішла наперад.

б)Васіль то ішоў, то пачынаў бегчы.

в)Жыццё ідзе, не ведае спакою.

г)Раз-пораз пачынаў ісці снег.

8.Адзначце сказы, у якіх дзеясловы з’яўляюцца дзейнікамі.

а)Умець – за плячыма не насіць.

б)Маці падала нам снедаць.

в)Карміць, абуваць, абшываць дзяцей – гэта быў клопат маці.

г)Радасць – пагутарыць з разумным.

9.Адзначце правільна пастаўленыя ў пачатковай форме дзеясловы.

а)малюю – маляваць;

б)расчысцім – расчышчаць;

в)чытай – чытаюць;

б)сяку – сячы.

10.Адзначце “лішні” дзеяслоў.

а)вучыцца;

б)знайсці;

в)весяліцца;

б)усміхацца.



Для праверкі тэставых заданняў раздаюцца карткі з адказамі.

ІІІ. Этап вывучэння і замацавання новага матэрыялу.

1.Работа над алгарытмам.



Вучні каменціруюць свае алгарытмы адказу.

Асабовыя дзеясловы.

Формы 1-ай асобы абазначаюць дзеянне таго, хто гаворыць. З ім суадносяцца займеннікі

Я, МЫ


(чытаю, чытаем)

Формы 2-ой асобы абазначаюць дзеянне таго, да каго звяртаюцца.

ТЫ, ВЫ

(чытаеш, чытаеце)



Формы 3-яй асобы абазначаюць дзеянне таго, пра каго або пра што ідзе размова

ЁН, ЯНА, ЯНО, ЯНЫ

(чытае, чытаюць)


  1. У тэксце практыкавання 437 назваць асабовыя дзеясловы. Выпісаць са сказаў граматычныя асновы.

  2. Праца па варыянтах.

І варыянт. Выпісаць сказы з дзеясловамі першай асобы.

ІІ варыянт. Выпісаць сказы з дзеясловамі другой асобы.

ІІІ варыянт. Выпісаць сказы з дзеясловамі трэцяй асобы.
1.Беларусь, ты мяне гадавала, як маці. 2.Мы з прыемнасцю ўдыхалі першыя пахі вясны. 3.У небе спяваў жаўранак. 4.Вечна я ўдзячны хлебу жытняму, чыстай вадзе. 5.Ганарыцеся вы роднай мовай сваёй. 6.Яны доўга слухалі, як перашэптваюцца вольхі і вербы.
3.Асабовыя сказы перабудаваць у безасабовыя. Раца ў парах.

1.Я хачу стаць мастаком. 2.Раніцай былі замаразкі. 3.Ён доўга не мог заснуць. 4.У паветры стаіць густы пах чабору.


4.Утварыць ад наступных назоўнікаў спачатку дзеясловы ў неазначальнай форме, а потым у форме цяперашняга часу першай асобы множнага ліку.

Праца, гаворка, пісьмо, чытанне, мара, маляванне, слуханне, свіст.



5.Фізкультхвілінка.

Калі асабовы дзеяслоў – руку правую падняць, а калі безасабовы – руку левую падняць.

Пачынаецца вясна, мне хочацца спяваць, надыходзіць вечар, сонца прыпякала, у хаце пахне хлебам, свежы хлеб пахне ў хаце, падмарожвала ўсё больш, спявае жыццё на Беларусі, люблю я вершы Коласа, Купалы, пахне сенам на лугах, хутка вечарэе, зайшло ўжо сонейка, у спёку дыхаецца цяжка, не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому, павеяла ранішнім халадком, гнуцца лозы над крыніцай, гаворыць дзядзька, сам сядае і стол абрусам засцілае.


6.Хвілінка кемлівасці. Разбурыла Памылка Памылкаўна верш з чатырох радкоў. Складзіце яго, калі ласка.

Тут называюць Васількамі (3)

Зямля з блакітнымі вачамі - (1)

На Беларусі хлапчукоў. (4)

Святло азёр, прастор лугоў! (2)

Эдзі Агняцвет

7.Літаратурная хвілінка. Запісаны дзеясловы з вершаў, і вучні (у парах) атрымліваюць адпаведныя карткі. Пазнаюць вершаваны твор, аўтара.

І варыянт: у трох дзеясловах (на выбар) вызначаюць канчатак, асобу, лік;

ІІ варыянт: тры дзеясловы паставіць у неазначальнай форме, адзін (на выбар) праспрагаць.

а)Любіць, пабываць, разумею, ляцяць, клічуць, не заменіш, прывядзе, зразумееш. (А.Ставер “Жураўлі на Палессе ляцяць…”)

б)Падаюць, расчасалі, уранілі, празвінелі, дацвілі, здаецца, еду, пераведаць, адхінае, дагарэлі, сыплюцца. (П.Трус “Падаюць сняжынкі…”)

в)Уцякала, абарвалі, матляецца, затрэскаў, закрэктаў, заныў, здрадзіў, ачах, шукаюць, трымаюць, даганяла. (Р.Барадулін “Уцякала зіма ад вясны”)

г)Прывозяць, мільгатнулі, апранулі, глядзіць, павее, шурхнуць, шыбуюць, бывай, бывайце. (Я.Колас “Дарэктар”)



ІV. Творчасць вучняў.

Скласці невялікі тэкст на тэму “Вясна-чараўніца”. У тэксце ўжыць асабовыя дзеясловы.



V. Рэфлексія. Паспрабаваць падабраць прыклады дзеясловаў на кожную з літар, якія ўтвараюць слова “ДЗЕЯСЛОЎ”

Ліст самаадчування

Было цікава.

Я сумаваў.

Актыўна працаваў.

Я стаміўся.

Ледзь дачакаўся канца ўрока.



Не заўважыў, як праляцеў час на ўроку.

VІІ. Падвядзенне вынікаў.

VІІІ. Дамашняе заданне.

Сачыненне-мініяцюра “Я родным краем ганаруся” ці практыкаванне 441


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка