Урок развіцця мовы " у свеце міфаў, казак, легенд " 6 клас, беларуская літаратура




Дата канвертавання10.05.2016
Памер94.97 Kb.


АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ НЯСВІЖСКАГА РАЙВЫКАНКАМА
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ “АНОШКАЎСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА”



Урок развіцця мовы

У свеце міфаў, казак, легенд “



6 клас, беларуская літаратура
Нагорная Валянціна Паўлаўна

настаўнік беларускай мовы і

літаратуры УА “Аношкаўская

дзяржаўная агульнаадукацыйная

сярэдняя школа”


АНОШКІ 2008

Урок развіцця мовы

У свеце міфаў, казак, легенд “



6 клас
Мэты: стварыць на ўроку атмасферу добразычлівасці;

абагульніць, замацаваць, паглыбіць і прывесці ў сістэму веды вучняў

пра міфы, казкі, легенды, паданні;

дапамагчы стварыць легенду ці казку з выкарыстаннем вядомых

сюжэтаў, дзе б дзейнічалі міфалагічныя багі або духі;

вучыць школьнікаў актыўна выкарыстоўваць веды, атрыманыя на

ўроках, у самастойнай працы, развіваць навыкі вуснага маўлення,

фармаваць у вучняў сталую патрэбу чытаць народныя казкі, легенды і

паданні.

Тып урока: урок развіцця мовы.

Форма правядзення: праца ў групах.

Абсталяванне: выстава кніг”Мае любімыя казкі, легенды і паданні”, рэпрадукцыя карцін да міфаў, чароўная шкатулка, торбачка, дубінка , булава.

Эпіграф: Ад прадзедаў спакон вякоў

Нам засталася спадчына.

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

Я.Купала
Х О Д У Р О К А.
1.Арганізацыйны момант урока.

Паведамленне тэмы ўрока настаўніцай.

Мэту ўрока вызначаюць дзеці з дапамогай настаўніцы.

2.Падыход да новай тэмы.

Праца над зместам эпіграфа.

а) Выразнае чытанне эпіграфа настаўніцай.

б) Гутарка па пытаннях:

Пра якую спадчыну ідзе размова ў гэтых радках ?

Чаму, на вашу думку, спадчына такая дарагая, як матчына ласка ?

Якія вы ведаеце жанры вуснай народнай творчасці ?

Пра якія з іх пойдзе размова сёння на ўроку ?
3. Работа над тэмай урока.

Клас падзелены на тры групы. Настаўніца з чароўнай шкатулкі раздае вучням кожнай групы карткі з заданнямі. Усім групам трэба падрыхтаваць вуснае выказванне на тэмы:

1 група -- Міфы

2 група -- Легенды і паданні

3 група -- Казкі
Праца вучняў першай групы

1. Вучні расказваюць пра месца міфаў у вуснай народнай творчасці.

2. Настаўніца звяртае ўвагу на малюнкі вучняў, якія прымацаваны да дошкі.

На малюнках намаляваны героі міфаў, якімі іх бачаць дзеці.

Тыя вучні, што малявалі малюнкі, абараняюць іх ( расказваюць пра міфічных істот, што там намаляваны )

3. Настаўніца звяртае ўвагу вучняў на тое, што ў беларускіх паэтаў таксама ёсць творы пра міфічныя істоты.

Падрыхтаваныя вучні чытаюць на памяць вершы М.Багдановіча “Вадзянік” і А.Мінкіна “Агнявік”.

4. Параўнанне вобразаў міфічных істот у вершах з намаляванымі вобразамі.



Праца вучняў другой групы

1. Вучні расказваюць, што яны ведаюць пра легенды і паданні.

2. Настаўніца звяртае ўвагу вучняў на тое, што наша беларуская зямля багата легендамі і паданнямі, але да сённяшняга ўрока вучні рыхтавалі паданні пра Нясвіж, пра Клецк, пра родную вёску Аношкі, пра тыя мясціны, што з’яўляюцца для нас роднымі.

Падрыхтаваныя вучні расказваюць паданні пра Нясвіж,Клецк, Аношкі.



Праца вучняў трэцяй групы

1. Вучні расказваюць, што яны ведаюць пра казкі.


Слова настаўніка.

А зараз мы з вамі выправімся ў захапляльнае падарожжа ў цудоўную краіну казак. Накіруемся мы туды з казачнымі героямі. ( На дошцы карта казачнага лесу. Фігуркі Івана Царэвіча і жабы, выкананыя з паперы. Яны па меры руху герояў прымацоўваюцца да карты) Хто гэтыя героі ? З якой яны казкі ? Шлях, які павінны пераадолець нашы героі, цяжкі. Ён ляжыць праз казачны лес, дзе нас чакаюць прыгоды, падпільноўваюць розныя нечаканасці.

Перад вамі карта казачнага лесу. І ваша задача – дапамагчы героям прайсці па лясной сцяжынцы гэты загадкавы лес. Шлях у краіну казак нам падкажа верны памочнік многіх герояў. Паслухайце і скажыце, з якой казкі ён прыкаціўся да нас.
“Коціцца клубочак па высокіх гарах, коціцца па цёмных лясах, коціцца па зялёных лугах, коціцца па непраходных балотах, коціцца па глухіх лясах, а Іван Царэвіч ўсё ідзе за ім – не спыняецца на адпачынак ні на хвіліну” (Вучні называюць казку)
Настаўнік. Дык вось, прыкаціўся клубочак да нас і гатовы выправіцца разам з намі ў падарожжа.
Казачніца. Пачакайце, пачакайце. Гэта не так проста. Мы, казачнікі, народ хітры, ведаем, як сваіх слухачоў у казку перанесці. Як зрабіць так, каб яны і круціцца, і шумець перасталі, каб цудаў чакалі. А вось да нас набліжаюцца госці. (Перад казачніцай з’яўляюцца Зачыны )
1-ы Зачын.

Я самы старэйшы з вас, таму мяне трэба слухацца,і мой зачын самы лепшы:”У некаторым царстве, у некаторым гасударстве ...”


2-і Зачын.

Што гэта за нейкае царства, нейкае гасударства ! Незразумела. А ў маім зачыне ўсё вельмі зразумела. Вось паслухайце:”У трыдзевятым царстве, у трыдзесятым гасударстве... “.


3-і Зачын.

Не, сябры, вашы зачыны нікуды нягодныя. Кожную казку трэба пачынаць з мяне: “Жылі-былі, жылі-былі...”.


Настаўнік (звяртаецца да вучняў). Давайце паможам Зачынам у іх спрэчцы. Як звычайна пачынаюцца казкі ? ( Адказы школьнікаў )
Казачніца. Ну вось і разважылі вас дзеці. Усе вы, Зачыны, добрыя! Лепш далі б нам ключ да казачных варот. Хочам мы ў казку трапіць.
Зачыны. Ласкава запрашаем у нашу казку.

(Вучні інсцэніруюць казку “ Як мужык гусей дзяліў “)


Казачніца. Пакаціўся наш клубочак далей, героі рушылі па лясной сцяжынцы. Ці доўга яны ішлі, ці блізка, ці далёка – хутка казка расказваецца, ды не хутка справа робіцца. Спыніліся Іван і жаба на лясной палянцы, а паляна ж незвычайная, а паляна ж чарадзейная. Называецца яна “Паляна цудаў”. І знаходдзяцца на ёй чарадзейныя рэчы. Каб ісці далей, нашым героям трэба ўспомніць, якія чарадзейныя рэчы знаходзяцца ў чарадзейных казках. Дапаможам іх.
Парад умельцаў.

  1. Я – зрэбная торбачка. Толькі пакладзеш перад сабой і скажаш:”Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення!” – дык адразу ўсё будзе. Пірагі ды караваі, варанае ды смажанае, міска вяндліны ды розныя віны.

  2. Я -- чароўная дубінка. Мне толькі скажы:”Ану, дубінка, пакалаці, памалаці злога чалавека,” – я сама пачну калаціць, малаціць, якую хочаш сілу сама паб’ю.

  3. Я -- чароўная булава, зробленая з медзі, на 25 пудоў. З такою булавою і ў белы свет можна падацца, з паганым Цудам-Юдам змагацца.


Казачніца.Дзеці, а якія яшчэ чарадзейныя рэчы і ў якіх казках вы сустракалі ? (Дзеці называюць чарадзейныя рэчы з іншых казак )
Казачніца (беручы са стала канверт). На наша свята прыйшоў ліст з “Бюро находак”. Паслухайце яго.

“Дарагія сябры !

Пішуць вам работнікі бюро чароўных знаходак. Справа ў тым, што да нас трапіла шмат згубленых прадметаў. Гаспадары прадметаў да гэтага часу не знойдзены. Таму мы вырашылі звярнуцца да вас па дапамогу. Думаем, што па малюнках, якія мы вам дасылаем, вы зможаце знайсці гаспадароў гэтых рэчаў. Поспехаў вам !”

(Казачніца паказвае дзецям малюнкі розных прадметаў. Вучні называюць, з якіх казак і каму належаць ).
Казачніца. Ідуць нашы героі далей. Прыглядаюцца да ўсяго, прыслухоўваюцца. Аж бачаць – нехта набліжаецца да іх.

--Добры дзень, Кашчэй Бессмяротны, добры дзень, Баба Яга. Цікава, што гэта вы тут робіце ? Ці ,можа, сваё доўгае жыццё шукаеце ?


Кашчэй. А чаго мне шукаць ? Жыву я вечна, бо мая смерць знаходзіцца ў скрыні, там сядзіць заяц, у зайцы – качка, у качцы – яйка, у яйку тым – іголка. У гэтай іголцы і знаходзіцца мая смерць. Як толькі зламаеш кончык – мяне не стане. Таму і жыву я вечна. І ўсе мяне баяцца.
Баба Яга. Ну, гэта ты, Кашчэйка, маніш, ніхто цябе не баіцца, смерць твая прыходзіць хутка. Вы лепей мяне паслухайце. Я – Баба Яга, жыву ў лесе, у лясной хатцы на курыных ножках А хатка мая няпростая. Загадай ты ёй што-небудзь – усё выканае. А сама я, Баба Яга, на ступе лятаю, памялом сляды замятаю. З вышыні ўсё відаць. Я трыдзесятае царства як свае пяць пальцаў ведаю. Усё магу паказаць вам.

Кашчэй. Ох і маніш ты, галубка мая, кікімарачка падкалодная.Я пра цябе такое раскажу, усе пачуюць, усе даведаюцца, якая ты.
Баба Яга.Чуць нічога не хачу. Адчапіся ад мяне /Кашчэй ідзе ад Бабы Ягі/

А цяпер, шаноўныя вучніЎ паслухайце мае загадкі.Калі адгадаеце іх-- падару вам жыццё, а не адгадаеце –развітаецеся з жыццём, усіх зачарую.

Што на свеце тлусцейшае за ўсё ? (Зямля)

Што на свеце мякчэйшае за ўсё ? (Далонь )

Што на свеце хутчэйшае за ўсё ? ( Думка )
Баба Яга. Ой, пагляджу я на вас: усе вы такія разумныя, таленавітыя. Не хачу я з вамі быць. Розныя ў нас дарогі. ( Баба Яга пакідае дзяцей )
Паштар. Тэлеграма! Тэлеграма! Тэлеграма ! Атрымайце тэлеграму !

“Паважаныя вучні ! Мы вельмі задаволены, што вы падарожнічаеце ў чароўную краіну казак. Мы – гэта героі розных казак. Адгадайце, хто паслаў тэлеграму і з якой мы казкі”.

1.”Ад бабулі ўцёк, ад дзядулі ўцёк, хутка буду ў вас”. ( Калабок )

2.”Ратуйце ! Нас хоча з’есці шэры воўк” (Казляняты. “Воўк і сямёра казлянят”)

3.”Ку-ка-рэ-ку ! Чуб-чубатка- маладзец”. (Пеўнік. Як курачка пеўніка ратавала.)

4.”Што гэта, пане, бяроза ці лаза ? Я ж табе прадаваў вала, а не казла”. (Мужык. А.Рымша. Пану навука)

5.”Жыццё, сынку, пражыць – не поле перайсці: усё можа здарыцца”

(Стары бацька).

6.”Дык вось, каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль” (Курачка Сакатушка. Пшанічнае зярнятка.)
Казачніца. Пайшлі нашы героі па лясах, палях і лугах.Падышлі да малочнай ракі з кісельнымі берагамі. А праз рэчку тую – Калінаў мост. Аж бачаць яны: на тым масточку дзяўчынкі стаяць, хусцінкамі махаюць. Хто вы ? Адкуль ?
Дзяўчынкі. Мы канцоўкі. І ў нас на хусцінках канцоўкі напісаны.
Казачніца. Канцоўкі? Вы якраз нам і патрэбны.
Першая Канцоўка. Вось паслухайце маю канцоўку: “І я там быў, мёд, віно піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала.”
Другая Канцоўка.А вось мая канцоўка яшчэ лепшая: “ І сталі яны жыць – пажываць ды дабро нажываць”
Трэцяя Канцоўка. Мая канцоўка не горшая за іншыя:” А гусям далі аўса. Тут і казка ўся”.
Чацвёртая Канцоўка.” І я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала. Далі мне адтуль смаляную кабылу ехаць, арэхава сядло, гарохавую пугу. Еду я адтуль, аж у мужыка ток гарыць. Я пайшоў тушыць, кабыла ад агню растала, сядло свінні з’елі, пугу вароны расклявалі”.
Казачніца. Вось бачыце, дзеці, якія смешныя і вясёлыя канцоўкі. Як яны могуць і ўсмешку выклікаць, і звярнуць увагу на самога казачніка, каб ён атрымаў падзяку, пачастунак ці падарунак. Дзякуй вам, Канцоўкі ! І вам, вучні, за наша падарожжа !
Настаўнік.Скажыце, ці спадабалася вам падарожжа ў краіну казак ?

А зараз паглядзім, як вы самі ўмееце складаць казкі, легенды ці паданні.

Кожная група атрымлівае заданне скласці сваю казку,легенду ці паданне пра свае родныя мясціны.

(Дзеці працуюць у групах)

1-я група расказвае складзенае вучнямі гэтай групы паданне пра Гарадзішча.

2-я група расказвае складзеную вучнямі гэтай групы легенду пра Гарадзішча.

3-я група расказвае складзеную вучнямі гэтай групы казку пра Гарадзішча.
Настаўнік. Малайцы, дзеці, у вас атрымаліся вельмі добрыя выказванні.
4. Дамашняе заданне: намаляваць ілюстрацыі да любімых казак
5. Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак.
Настаўнік. А цяпер я хачу звярнуць вашу ўвагу на выставу кніг, якую падрыхтавала да сённяшняга ўрока разам са школьным бібліятэкарам. (Паказвае вучням і кораценька расказвае пра кожную) Хочацца верыць, што вы імі зацікавіцеся, асабліва пасля сённяшняга ўрока, і будзеце іх чытаць.

Рэфлексія. Ці спадабалася вам такая форма ўрока ?

Ці хацелі б вы, каб такія ўрокі праводзіліся часцей ?

З якім настроем вы пойдзеце на наступны ўрок ?

Настаўнік . Малайцы, дзеці, я вельмі задаволена вашай працай сёння. Жадаю вам далейшых поспехаў.

Л І Т А Р А Т У Р А


1.А.І.Бельскі, Л.К.Цітова. Беларуская літаратура. Вучэбны дапаможнік для 6-га класа. Мн.: Народная асвета, 2003.
2.Л.К.Цітова. Беларуская літаратура. Падручнік для 5-га класа. Мн.: Народная асвета, 2002.
3.Боганева А. Сучаснае бытаванне народнай няказкавай прзы. Мінск: Бэстпрынт, 2004.
4.Легенды і паданні. Мінск: Навука і тэхніка, 1983.
5.Азбелев С. Отношение преданий, легенд и сказки к действительности с точки зрения разграничения жанров. Москва: Наука, 1965.
6.Померанцева Э. Мифологические персонажи в русском фольклоре. Москва: Наука, 1975.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка