Урок па тэме "Фразеалагізмы"




Дата канвертавання15.03.2016
Памер104.2 Kb.
Установа адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г.п.Зэльва”

Урок па тэме “Фразеалагізмы”

(Абагульненне і сістэматызацыя ведаў па тэме)


Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Камякевіч Л.І.


Урок па тэме “Фразеалагізмы”

(Абагульненне і сістэматызацыя ведаў па тэме)


Мэта. Узнавіць веды вучняў аб прыметах фразеалагізмаў. Папаўняць актыўны слоўнік вучняў фразеалагізмамі. Развіваць уменне выяўляць фразеалагізмы ў сказах, тэкстах, тлумачыць іх значэнне, падбіраць беларускія адпаведнікі да фразеалагізмаў рускай мовы. Фарміраваць патрэбнасць і ўменне карыстацца фразеалагічнымі слоўнікамі. Выхаванне ў школьнікаў любові i цікавасці да моўнага багацця свайго народа.
План урока


  1. На дошцы напісаны сказы (Слайд 1):

  1. Не хачу, не прывык склаўшы рукі хадзіць: я гарбар – працаўнік. Я жыву – каб рабіць. (Ц.Гартны)

  2. Сядзіць маці на лавачцы, склаўшы спрацаваныя за дзень рукі.


Настаўнік.

Заданне. Разбярыце сказы па членах, адкажыце на пытанне: у якім сказе спалучэнне слоў склаўшы рукі – свабоднае, а ў якім – непадзельнае. Дакажыце.

- Напрыклад, у сказе (Слайд 2):

«Васіль свайму таварышу падаў руку» ўсе словы ў словазлучэнні падаў руку мы разумеем: Васілёк павітаўся пры сустрэчы.

3yciм іншае назіраем у сказе:

«Да лесу было рукой падаць». Кожны здагадаўся, што тут ідзе гаворка не пра прывітанне, а пра адлегласць.

- Напэўна, вы зразумелі, што гаворка сёння пойдзе пра фразеалагізмы.


  1. Фармуліроўка тэмы і задач урока. (Слайд 3)


Задачы:

  • паўтарыць, сістэматызаваць веды па тэме;

  • знаходзіць фразеалагізмы ў сказах, тэкстах, тлумачыць іх значэнне;

  • падбіраць беларускія адпаведнікі да фразеалагізмаў рускай мовы;

  • тлумачыць паходжанне некаторых фразеалагізмаў.

  1. Паўтарэнне па пытаннях (Слайд4)

  • Якія моўныя адзінкі называюцца фразеалагізмамі?

  • Што яднае і адрознівае фразеалагізмы і словы, фразеалагізмы і словазлучэнні?

  • Якую ролю выконваюць фразеалагізмы ў маўленні?

  • Што з’яўляецца галоўнай крыніцай фразеалагізмаў?

(матэрыял падручніка на с. 104 – 106)

Заданне 1. З прыведзеных сказаў выпісаць фразеалагізмы. Растлумачыць іх значэнне.

(Практ. 111 на с. 106)

Праверка (Слайд5):

На вашых руках –

Папасціся на язык –

Пад носам –

Дзень пры дні –

Лета летаваць –

Куры не клююць –

Усеўся ў косці –

Трасца яго галаве –

Падаўся на той свет –

Лынды біць –

Аўгіевы канюшні –



  1. Новая тэма.

Настаўнік. Паводле паходжання фразеалагізмы падзяляюцца на некалькі груп. Адзін з вучняў падрыхтаваў паведамленне па гэтай тэме (Слайд6).

Паведамленне вучня. Агульная характарыстыка фразеалагізмаў паводле паходжання.

Фразеалагізмы ў гэтых адносінах падзяляюцца на чатыры групы:

1) спрадвечна беларускія,

2) запазычаныя,

3) калькі,

4) паўкалькі.

Сярод выразаў першай групы ў сваю чаргу вылучаюцца агульнаславянскія фразеалагізмы (біць у вочы, закрываць вочы каму, пераліваць з пустога ў парожняе), усходнеславянскія (ламаць коп 'і з-за каго, за што, легчы касцьмі), уласна беларускія (газеты чытаць, голаму за пазуху, з ветру вяроўкі віць).

Сярод запазычаных фразеалагізмаў ёсць запазычанні з царкоўнаславянскай (вечная памяць каму, зуб за зуб, прытча ва языцах), рускай (баш на баш, без цара ў галаве, неба ў алмазах), украінскай (даць ляшча каму, збіваць з панталыку каго, як <дурань> з пісанай торбай), польскай (вастрыць зубы на каго, на што, відаць пана па халявах).

Шмат якія выразы кваліфікуюцца ў слоўніку як фразеалагічныя калькі ці паўкалькі. Калькі — гэта своеасаблівыя копіі іншамоўных выразаў, у якіх кожны кампанент перакладзены на нашу мову сэнсавым адпаведнікам. Напрыклад, як на іголках—фразеалагічная калька з нямецкай мовы. Паўкалькамі называюць выразы, у якіх адны кампаненты перакладзеныя, а другія—запазычаныя. Так, фразеалагізм рубікон перайсці ўтварыўся з лацінскага, у якім апошні кампанент перакладзены словам перайсці, а першы (у зыходным значэнні — назва ракі ў Старажытным Рыме) не патрабуе перакладу. Дарэчы, як паказваюць даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, у многіх літаратурных мовах на долю калек і паўкалек прыходзіцца да палавіны фразеалагічнага фонду.
Настаўнік.

Вельмі часта ў беларускай мове ўжываюцца фразеалагізмы, запазычаныя з іншых моў. Ёсць група фразеалагізмаў-інтэрнацыяналізмаў, г. зн. такіх, што вядомы ў большасці моў свету. Напрыклад: дамоклаў меч, ахілесава пята, праметэеў агонь, агнём i мячом i інш. Такія ўстойлівыя спалучэнні слоў паходзяць звычайна з антычных i стараславянскай моў.

А цяпер паслухайце невялікае паведамленне пра паходжанне дадзеных фразеалагізмаў «3 гісторыі фразеалагізмаў» (Слайд7), падрыхтаванае загадзя вучаніцай.

Паведамленне.
Настаўнік. Вельмі ўдала ўжываюць нашы мастакі слова фразеалагізмы ў сваіх творах.

Заданне: у дадзеных урыўках з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” (Слайд8) знайдзіце ўстойлівыя спалучэнні слоў і патлумачце іх значэнні. Вызначце, якімі членамі сказа яны з’яўляюцца.

Глядзeлi ўтрох на гэты сшытак

I ўсё разгледзелі да нітак.

I хлопцы тут пасябравалі,

Язык i Яську развязалі...

Ён толькі летась скончыў школку

I веды меў у адну столку,

Ды й тых патраціў з палавіну,

У поле гонячы скаціну.

А хлопцы нават паўставалі,

У чыгунчык вочы пaўcтaўлялі,

Глядзяцъ, не моргнуцъ яны вокам:

Эх, мусіць смачны клёцкі з сокам!

А хлопцы проста збілісъ з тропу

I ў нейкім страсе i ў захопу

На дзядзьку-кухара глядзелі,

Як бы яны аслупянелі.

- Якую ролю выконваюць фразеалагізмы ў дадзеным урыўку? (З дапамогай фразеалагізмаў ствараюцца трапныя, выразныя характарыстыкі).

5. Першаснае замацаванне.

Заданне. Пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі i самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. А таму ix трэба ўжываць у мове ўмела i дарэчы.

Растлумачце фразеалагізмы. Складзіце і запішыце з імі сказы. (Слайд9)

Адным махам,

за розум брацца,

альфа і амега,

з лёгкай рукі,

на сёмым небе,

следам за дедам,

біцца як рыба аб лёд,

блізкі свет,

хварэць на пана,

душа ў душу,

біць трывогу,

куды вочы глядзяць,

без аглядкі,

заварыць кашу,

альма-матэр,

не за гарамі.

Заданне. Да фразеалагізмаў рускай мовы падбярыце адпаведныя фразеалагізмы (Слайд10)

два сапога пара — абое рабое;

олух царя небесного — асёл маляваны;

иметь зуб — вока мець;

из уст в уста — з вуха на вуха;

нашли дурака — няма дурных;

баклуши бить — лынды біць;

беречь как зеницу ока — глядзецъ як вока;

обломать рога — рогі пазбівацъ;

изо всех сил — на ўсю моц (з усяе моцы);

не боги горшки обжигают — не святыя гаршкі лепяцъ.

6.Фізкультхвілінка

Заданне. З дапамогай мімікі і пантамімы вучні паказваюць фразеалагізмы:

кішэнь трэсці,

закасаўшы рукавы,

падпілаваць pori,

у бубен біць,

з нari на нагу,

намыліць галаву (шыю),

абводзіць вакол пальца,

вадзіць за нос,

язык прыкусіць,

звязаць pyкi,

брацца за жывот,

матаць на вус,

на шыі сядзець,

закінуць вуды,

губы надзьмуць,

кляваць носам,

як свае пяць пальцаў,

вушы вянуць,

заткнуць за пояс,

вочы на вільготным месцы.
Заданне: закончыць фразеалагізмы. (Слайд11)

Як гром... (з яснага неба).

Як дзве... (кроплі вады).

Навучыць,... (дзе ўюны (ракі) зімуюць).

Надзьмуўся як... (мыш на крупы).

Мядзведзь наступіў... (на вуха).

Камень на камені... (не пакінуць).

Хоць кол... (на галаве чашы).

3 вялікага грому... (малы дождж).

Hi слыху… (нi дыху).



Настаўнік. У залежнасці ад ступені зліцця слоў у адзінае па сэнсу спалучэнне фразеалагізмы падзяляюцца на некалькі груп. (Слайд12)

Асноўныя тыпы фразеалагізмаў



Фразеалагічныя зрашчэнні (ідыёмы)

Фразеалагічныя адзінствы

Фразеалагічныя злучэнні

З мухі рабіць слана

Браць у свае рукі, намыліць шыю

Закрануць годнасць, залаты фонд

(тэарэтычны матэрыял на с.109 – 110)

7. Самастойная работа. Самаправерка.

Настаўнік.

- Ці могуць фразеалагізмы ўступаць у сінанімічныя і антанімічныя адносіны?(Так)

Заданне: да слоў i словазлучэнняў, якія запісаны на дошцы, падбярыце фразеалагізмы - сінонімы з ліку дадзеных. (Слайд13)

1) блізка — 4; 7;

2) добра працаваць — 8; 13; 16; 17;

3) нечакана, раптоўна — 6; 11; 15; 19;

4) усе без выключэння — 1; 9;

5) хлусіць, гаварыць абы-што — 2; 12; 18; 20;

6) хутка бегчы — 3; 5; 10; 14 (16; 17).

(Для даведак: 1. Усе як адзін. 2. Наверзці сем карабоў. 3. Высалапіўшы язык. 4. Рукой падаць. 5. Аж пяткі блішчаць. 6. Як гром з яснага неба. 7. Пад бокам. 8. Да сёмага поту. 9. У адзін голас. 10. Зямлі не чуць пад сабой. 11. Як з-пад зямлі вырас. 12. Намалоць глупства. 13. Закасаўшы рукавы. 14. Як з прывязі сарваўся. 15. Як з неба зваліцца. 16. На ўсю моц. 17. Штосілы. 18. Плесці лухту. 19. Як снег на галаву. 20. Дурыць галаву.)



Заданне: да ўстойлівых словазлучэнняў падбярыце антанімічныя фразеалагізмы (адпаведнікі змешчаны на дошцы). (Слайд14)

Хоць вока выкалі (хоць іголкі збірай);

трымаць язык за зубамі (распускаць язык);

лёгкі на нагу (цяжкі на нагу);

нi свет нi зара (на шапачны разбор);

апусціць галаву (задраць галаву);

за вочы (у вочы);

рукой падаць (блізкі свет);

востры на язык (цяляты язык аджавалі);

жыць cвaiм розумам (жыцъ чужым розумам);

аж пяткі блішчаць (як мокрае гарыцъ).
8.Дамашняе заданне. § 32, практ.119 (выпісаць фразеалагізмы, перакласці іх на беларускую мову). (Слайд15)

9.Паўтарэнне і сістэматызацыя ведаў, атрыманых на ўроку:


  • Якія моўныя адзінкі называюцца фразеалагізмамі?

  • Што яднае і адрознівае фразеалагізмы і словы, фразеалагізмы і словазлучэнні?

  • Якую ролю выконваюць фразеалагізмы ў маўленні?

  • Што з’яўляецца галоўнай крыніцай фразеалагізмаў?

  • На якія групы ў залежнасці ад ступені зліцця слоў у адзінае па сэнсу спалучэнне падзяляюцца фразеалагізмы?

  • Ці могуць фразеалагізмы ўступаць у сінанімічныя і антанімічныя адносіны

10.Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак за працу на ўроку.

Выстава літаратуры да ўрока:

Гаўрош Н.В. , Лепешаў I.Я., Янкоўскі Ф. М. Фразеалагічны слоўнік (Мн., 1973);

Клышка М. Слоўнік сінонімаў i блізказначных слоў (Мн., 1976); Лепешаў I. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Пад. рэд. Ф. Янкоўскага (Мн., 1981), Моўныя самацветы (Мн., 1985),

3 народнай фразеалогіі. Дыферэнцыяльны слоўнік (Мн., 1981); Мяцельская Е.С., Камароўскі Я.М. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі (Мн., 1972);

Юрчанка Г. Ф. I коціцца i валіцца (Мн., 1971), I сячэ i паліць (Мн., 1974), Слова за словам (Мн., 1977);

Шкраба I., Шкраба Р. Крынічнае слова (Мн., 1987); Янкоўскі Ф.М. Беларуская фразеалогія (Мн., 1981) і інш.

Дадатковыя заданні

Конкурс-размінка «Ці ведаеце вы?». Растлумачце значэнне пяці фразеалагізмаў:

адкрыць Амерыку (сказацъ пра даўно ўciм вядомае);

белая варона (чалавек, які выдзяляецца паводзінамі ці знешнасцю сярод іншых людзей);

матаць на вус (брацъ пад увагу, прыкмячацъ, запамінацъ што-небудзь);

не спускаць вока (пільна сачыць за чым-небудзъ);

на сёмым небе (бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены чымсьці);

настройваць лыжы (ісці, ехацъ, накіроўвацца кудысьці);

віламі па вадзе пісана (невядома яшчэ, ці ажыццявіцца штосъці; пра няпэўнае);

на шыі сядзець (жыцъ за кошт каго-небудзь);

макам сыпаць (выказваць асаблівую прыхілънасцъ, увагу, хваліць каго-небудзъ);

шпільку падпускаць (гаварыцъ колка, намякацъ на штосъці непрыемнае).

Заданне. Першы варыянт прыдумвае сказ так, каб гэтае спалучэнне было ўжыта ў прамым сэнсе, другая — у ролі фразеалагізма.

Закінуць вуды,

стаяць на шляху,

вырваць з коранем,

прыкусіў язык,

доўгая песня.

Па галоўцы гладзіць,

падняўся на ногі,

вады не замуціць,

пусціць слязу,

на руках насіць.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка