Урок па беларускай літаратуры ў 7 класе Якуб Колас "Дзядзька-кухар " Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Раманчук Святлана Іванаўна Тэма: Якуб Колас "




Дата канвертавання10.06.2016
Памер81.29 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

ДУА “Ліпскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа ”


Урок па беларускай літаратуры

ў 7 класе



Якуб Колас “Дзядзька-кухар
Падрыхтавала

настаўнік беларускай мовы

і літаратуры Раманчук Святлана Іванаўна
Тэма: Якуб Колас “Дзядзька-кухар”. Вобраз дзядзькі Антося

Мэта: узбагаціць чытацкія веды вучняў пра паэзію Я. Коласа;

пашырыць іх уяўленні пра народныя вытокі яго творчасці;

раскрыць майстэрства паэта ў абмалёўцы вобраза галоўнага героя;

дапамагчы вучням выявіць рысы беларускага нацыянальнага характару;

удасканальваць маўленчую культуру вучняў;

развіваць уменне працаваць самастойна і ў групах;

развіваць творчыя здольнасці вучняў;

выхоўваць пачуццё гуманнасці і дабрыні



Тып ўрока: вывучэнне новага матэрыялу

Абсталяванне: падручнік, партрэт Якуба Коласа, выстава яго кніг, раздатачны матэрыял, мультымедыйная прэзентацыя

Эпіграф: Я – беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае імя.

Ніл Гілевіч

Ход урока:

І. Арганізацыйны момант

Добры дзень! Мы – людзі Беларусі, нас заўсёды лічылі людзьмі памяркоўнымі, добрымі. У нас цудоўная зямля, за яе росквіт заплацілі крывёю і потам многія папярэднія пакаленні. Наш абавязак – упрыгожыць гэту зямлю. Трэба быць чэснымі і працалюбівымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны. У гэтым нам дапаможа спакойная, дружная і стваральная праца. А каб яшчэ больш упрыгожыць нашу зямлю, і кожнаму з нас трэба шмат працаваць, бо нездарма ў народзе кажуць: “Не той патрыёт, хто сябе ў грудзі б’е, а той, хто сваю працу і жыццё Радзіме аддае.” Я спадзяюся, што сённяшні ўрок наш будзе прыкладам спакойнай, дружнай працы і жадаю вам:

Каб сёння ў вас настрой святочны панаваў,

І вочы вашы шчасцем зіхацелі,

Каб толькі радасць кожны адчуваў,

Каб сумныя хвіліны адляцелі!



ІІ. Уступнае слова настаўніка

- І сёння мы будзем весці гутарку пра такога ж беларуса, як і мы з вамі.

Я хачу зачытаць радкі з твора, які мы вывучалі ў 5 класе.

Марозіць , крэпіць, лёд таўшчэе,

І рэчка вольная нямее

Да дна вадзіца вымярзае

І ходу, бедная, не мае.

Ніхто з дамашніх не згадае,

Чым рэчка Костуся займае,

Якая іх звязала сіла,

І чым яна так хлопцу міла.


  • Хто ўспомніць, як называецца твор?

  • Хто з’яўляецца аўтарам твора?

Давайце прыгадаем асноўныя жыццёвыя этапы гэтага знакамітага беларускага класіка і пашырым свае веды аб яго жыцці і творчасці . А ў гэтым нам дапаможа мультымедыйная прэзентацыя.

ІІІ. Прагляд прэзентацыі

ІV. Слова настаўніка

Сёння ў нас з вамі з’явілася цудоўная магчымасць яшчэ раз дакрануцца да творчай спадчыны Якуба Коласа і пазнаёміцца з урыўкам з яго славутай паэмы “Новая зямля”, які называецца“Дзядзька-кухар”. Эпіграфам да нашага ўрока я выбрала выказванне вядомага беларускага паэта Ніла Гілевіча (настаўнік зачытвае эпіграф)



  • Давайце паспрабуем вызначыць мэты ўрока: якія веды мы павінны атрымаць на ўроку?

V. Інфармацыйны этап

Вучні выконвалі апераджальнае заданне(падаюцца кароткія звесткі)

Адзін вучань расказвае пра гісторыю напісання паэмы, а другі – пра будову ўсёй паэмы “Новая зямля”.

- Паэма “Новая зямля” аўтабіяграфічная. Што гэта значыць?



  • Што вы ведаеце пра сям’ю хлопчыка Костуся?

Н а с т а ў н і к. Антон Казіміравіч Міцкевіч – дзядзька Якуба Коласа, родны брат яго бацькі. Уласнае жыццё дзядзькі Антося не склалася. Дзяўчына, якая клялася яму ў вечным каханні, выйшла замуж за іншага. Дзядзька Антось назаўсёды адмовіўся ад спробы знайсці шчасце і па просьбе брата пераехаў жыць да яго, на лесніковую пасаду. Сям’я Міхала (бацькі Коласа) стала сям’ёй дзядзькі Антося, які дапамагаў па гаспадарцы. Дзеці вельмі любілі дзядзьку. Паслухайце, што ўспамінала сястра паэта.

В у ч а н і ц а (чытае тэкст ад імя сястры паэта). “Аднойчы дзядзькі Антося не было са Стоўбцаў, куды ён хадзіў “прысягаць цару”. Юзік не лажыўся спаць і ўсё плакаў. Каб супакоіць малога, на пасцель да Юзіка ў пацёмках палажылі старэйшага брата Алеся, які павінен быў сысці за дзядзьку. Аднак Юзік адразу ж пачаў вобмацкам шукаць дзядзькавых вусоў, якімі звычайна любіў забаўляцца, і, не знайшоўшы іх у Алеся, здагадаўся, што яго падманулі. Малы плакаў і не спаў усю ноч, пакуль не вярнуўся дзядзька Антось.

Н а с т а ў н і к. Вось гэты дзядзька Антось і з’яўляецца галоўным героем раздзела “Дзядзька-кухар”

VІ. Выразнае чытанне ўрыўка настаўнікам

VІІ. Праца з тэкстам

- За што дзеці любілі дзядзьку Антося?



  • Знайдзіце і зачытайце ўрыўкі, у якіх расказваецца, як дзядзька ладзіў з дзецьмі.

  • Куды дзеці любілі хадзіць з дзядзькам?

  • Зачытайце ўрывак, у якім дзядзька характарызуецца як майстар на ўсе рукі.

  • Якую цікавую прапанову зрабіў дзядзька дзецям?

  • Чым вабіла Ліпава дзяцей?

  • Што атрымалася з дзядзькавага кухарства?

Работа з тлумачальным слоўнікам: клёцкі, кісет

VІІІ. Падзел раздзела на часткі. Складанне цытатнага плана

  1. “Ён быў настаўнікам, суддзёю”

  2. “Калі хто часам з ім не зладзіць...”

  3. “І што за Ліпава такое”

  4. “І дзядзька майстар быў на штукі”

  5. “І як іх дзядзька завіхаўся”

  6. “Эх, - цмокнуў дзядзька, - наямося”

  7. “Паскудства, брат, і не пытайся”

ІХ. Фізкультхвілінка

Х. Пераказ раздзела па плане

ХІ. Праца ў групах

Перад кожным вучнем знаходзіцца картка з пералікам 20 рыс характару.Вучні з дапамогай тлумачальнага слоўніка тлумачаць значэнне некаторых слоў.

Сціпласць – стрыманасць у паводзінах, учынках.

Дасціпнасць – уменне смешна, з’едліва выказаць думку.

Памяркоўнасць – уменне прыстасавацца да абставін.

Патрыятызм – любоў да Радзімы.

Кожная група выбірае агульныя пяць рыс характару, якія ўласцівы дзядзьку Антосю і беларусу ўвогуле. Вынікі выбару запісваюцца і зачытваюцца.

1. Цярплівасць 11. Гаспадарлівасць

2. Сціпласць 12. Гасціннасць

3. Працавітасць 13. Памяркоўнасць

4. Упартасць 14. Жыццялюбства

5. Міралюбства 15. Таленавітасць

6. Жыццёвая мудрасць 16. Любоў да дзяцей

7. Сумленнасць 17. Патрыятызм

8. Справядлівасць 18. Кемлівасць

9. Панурасць 19. Жорсткасць

10. Дасціпнасць 20. Павага да іншых людзей

ХІІ. Творчае заданне. Складанне сінквейна

Н а с т а ў н і к. Сінквейн – гэта маленькі твор, які складаецца па наступным плане:



1) тэма (назоўнік)

2) два азначэнні (прыметнікі)

3) тры дзеянні (дзеясловы)

4) сказ з чатырох слоў

5) асацыяцыя

- Самае дарагое слова для школьнікаў – канікулы. Зараз я складу сінквейн “Канікулы”



  1. Адпачынак.

  2. Вясёлы, доўгі.

  3. Гуляць, смяяцца, вандраваць.

  4. Весела праводзіць час з сябрамі.

  5. Лета.

Вучні па групах складаюць сінквейн:

1 група складае сінквейн на тэму “Беларус”

2 група складае сінквейн на тэму “ Дзядзька Антось”

ХІІІ. Замацаванне

Літаратурная віктарына “Правер сябе”


  1. Якое імя было ў дзядзькі?

  2. Кім быў дзядзька для дзяцей?

  3. Як размаўляў дзядзька з дзецьмі?

  4. І што за Ліпава такое?

  5. З кім сустрэнешся па дарозе ў Ліпава?

  6. Як ласкава называлі дзеці дзядзьку Антося?

  7. Якую страву рыхтаваў дзядзька дзецям?

  8. Што адказаў дзядзька на пытанне Алеся: “Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?”

  9. Хто расказвае пра здарэнне?

ХІV. Рэфлексія

  • Як вы думаеце, ці дасягнулі мы сваёй мэты на ўроку?

  • Ці карысным для вас быў сённяшні ўрок? Чаму?

  • Якія заданні былі для вас найбольш цікавыя?

  • Пры выкананні якіх заданняў у вас узніклі цяжкасці?

ХV. Дамашняе заданне: падрыхтаваць характарыстыку дзядзькі Антося

ХVI. Выстаўленне адзнак. Падагульненне

  • Я таксама завяршаю наш урок з добрым настроем, бо сёння наша праца была спакойнай, дружнай і стваральнай. І разам з паэтам А.Грачанікавым жадаю:

Каб вы заўжды, з малых гадоў шчаслівымі былі.

Расцілі шчырую любоў да роднае зямлі.

Хай будзе светлы ваш узлёт да новых спраў, сябры!

Няхай прыносіць вам жыццё найлепшыя дары!



Дзякуй за добрую працу на ўроку!



Спіс выкарыстаных крыніц


  1. Логінава, Т. У. Беларуская літаратура ў 7 класе: дапам. для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Т. У. Логінава, Т. І. Мароз. – Мінск: Сэр-Віт, 2005.

  2. Часопіс “ Беларуская мова і літаратура” № 11, 2007.

  3. Часопіс “Беларуская мова і літаратура” № 11, 2008.

  4. Часопіс “Роднае слова” № 9, 2009/


Заяўка

на ўдзел у раённым конкурсе сцэнарыяў адкрытых урокаў

па беларускай літаратуры “Пад знакам Купалы і Коласа”


  1. Раманчук Святлана Іванаўна

  2. I кваліфікацыйная катэгорыя, педагагічны стаж – 26 год

  3. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

  4. Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Ліпская сярэдняя школа”

  5. д. 44-5-41, м. 55-599-02

  6. Якуб Колас “Дзядзька-кухар” (урывак з паэмы “Новая зямля”)

  7. Беларуская мова і літаратура

  8. 7 клас

  9. Урок вывучаецца ў ІІІ раздзеле “Паэзія. Разнастайнасць ідэйна-эстэтычнага пафасу паэтычных твораў”. Твор прызначаны для чытання і вывучэння. Вывучаецца ў пачатку ІІІ чвэрці.

  10. а) Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і

рускай мовамі навучання. Беларуская літаратура. V – ХІ класы.

(Мінск: Нац. Ін.-т адукацыі, 2010)

б) Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па беларускай

літаратуры ў 7 класе на 2011/2012 навучальны год, 2011.

в) Лазарук, М. А. Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 7-га кл.

агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання

/М. А. Лазарук, Т. У. Логінава. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2010.

г) Логінава, Т. У. Беларуская літаратура ў 7 класе: дапам. для настаўнікаў

устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з беларус.

і рус. мовамі навучання/ Т. У. Логінава, Т. І. Мароз.



– Мінск. – Сэр-Віт, 2005

д) мультымедыйная прэзентацыя


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка