Урок мужнасці " Імя святыні Брэсцкая крэпасць"




Дата канвертавання13.05.2016
Памер97.1 Kb.
Урок мужнасці “ Імя святыні - Брэсцкая крэпасць”
Вядучы: Добры дзень, паважаныя сябры! Сёння ў нас з вамі адбудзецца незвычайны ўрок - урок мужнасці, пабудаваны на матэрыялах аб гераічным мінулым нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольшай бядой для ўсіх цывілізацый і народаў заўсёды былі войны. На жаль, яны з’яўляліся і зараз застаюцца непазбежным спадарожнікам гістарычнага працэсу. Аднак іх разбуральнае ўздзеянне неаднолькавае на розныя тэрыторыі. Больш церпяць тыя мясціны, што знаходзяцца на скрыжаванні ваенна-палітычных шляхоў.

Сярод такіх тэрыторый - і наша родная беларуская зямля.Шматразова яна станавілася арэнай крывавых канфліктаў. Найбольш значны з іх - другая сусветная вайна. Вогненнай віхурай прайшлася яна па Беларусі. Першы удар фашысцкай навалы атрымаў горад Брэст, а менавіта Брэсцкая крэпасць. Абарона крэпасці ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчынай вайны як прыклад выключнай мужнасці і гераізма савецкіх людзей, іх самаадданасці дзеля Перамогі.


Чытальнік: Ёсць крэпасці з муру, з граніту, са скалаў,

Іх сцены-байніцы абводнены кругам,

А колькі іх знікла - было ж іх нямала.

Мацней я не знаю, як крэпасць над Бугам.


Яе штурмавалі сурова, бясконца,

Часамі крышыліся сцены глухія.

Але не знікалі яе абаронцы,

Мацней ад граніту іх грудзі людскія.


І крэпасць над Бугам ратунку не просіць,

Героям няма адыходу дарогі.

Іх з бойкі смяротнай няшмат засталося,

Што першымі клалі шляхі перамогі.


Скажу я заўсёды таварышу-другу -

Ніколі, ніколі табе не памерці,

Калі ты душою,як крэпасць над Бугам,

Калі хоць маленькую-носіш ў сэрцы.

П.Броўка.

Вядучы: Цытадэль над ракой Буг займала заўсёды галоўную пазіцыю на заходніх рубяжах Айчыны. Яе нельга было абыйсці, пакінуць незанятай: яна перагароджвала пераправы праз Буг. Уся падрыхтоўка па заваёўванню крэпасцю рыхтавалася заранне. Брэсцкая крэпасць была пабудавана царскай Расіяй у 1833-1842 гг.

Крэпасць складалася з Цытадэлі, размешчанай на востраве пры сутоцы рэк Мухаўца і Буга, і трох крэпастных умацаванняў: Кобрынскага ў паўночным сектары, Валынскага ў паўднёвым і Цераспальскага ў заходнім сектарах. Гэтыя ўмацаванні знешне былі абароненыя зямельным валам дзесяціметровай вышыні з равом перад ім, запоўненым вадой. Дліна вала ў цэлым складала 6,4 кіламетры. Тэрыторыя Цытадэлі абгароджвалася

самкнутай двухпавярховай казармай, чатырмя варотамі-Брэсцкімі, Холмскімі, Цераспальскімі, Беластоцкімі - і мастамі Цытадэль злучалася са знешнімі ўмацаваннямі.

Цагляныя сцены кальцавой казармы таўшчынёй каля 2 метраў мелі звонку амбразуры. Неабходнасць пабудовы крэпасці ў раёне Брэста тлумачыцца і тым, што на некалькі соцен кіламетраў прасціраліся палескія балоты.

Нягледзячы на падпісаны пакт паміж Германіяй і Савецкім Саюзам аб ненападзе, на граніцы было неспакойна. Праз сто метраў ад крэпасці, па другі бераг Буга, на захопленай немцамі тэрыторыі Польшы знаходзіліся ворагі. Становішча было напружаным. У штаб арміі адно за другім ляцелі шыфраваныя данясенні ад камандзіраў нашых войск, якія дыслацыраваліся ў крэпасці. Інтэнсіўна вяліся работы на будаўніцтве ўмацаваных раёнаў. Да жніўня 1941 года павінна было закончыцца бетаніраванне ўзлётнай паласы аэрадрома каля Брэста, паступілі новыя самалёты, аднак трэніроўкі яшчэ не вяліся, бо пакуль не завезлі гаручае патрэбнай маркі. Некалькі дзён не хапіла для дастаўкі танкаў - новенькіх “трыццацьчацвёрак”. Дапушчана памылка камандавання Заходняй ваеннай акругі. Так, уся 4-я армія была выдзвінута да самай граніцы. У крэпасці цесна, перапоўненыя склады, не размешчана належным чынам тэхніка. Крэпасць уяўляла сабой мышалоўку. Паступіў загад у адным з палкоў, размешчаных у крэпасці аб здачы старой зброі, а новая выдадзена не была.

Вораг на другім беразе ракі сябе вёў нахабна. З ранняй вясны ўжо нямецкія самалёты пераляталі праз нашу граніцу і кружылі над Брэстам і крэпасцю. Нельга было адкрываць па іх агонь. Увесь горад Брэст кішэў ад нямецкіх лазутчыкаў. Амаль кожную ноч савецкія пагранічнікі затрымлівалі парушальнікаў, якія адстрэльваліся.

На другім беразе ракі кожны ранак бераг быў усыпаны так званымі рыбаловамі, купальшчыкамі і ныральшчыкамі, якія шукалі пад вадой зручныя месцы для пераправы. У зарасніку вярбы над берагам ва ўсю ворагі збівалі плыты і майстравалі лодкі. Як грыбы вырасталі за ноч драўляныя вышкі, з якіх немцы ў бінокль адкрыта назіралі за крэпасцю. Заўсёды быў чуцен рокат тэхнікі. Пра ўсё гэта паведамлялася камандаванню, а для крэпасці быў адзін адказ: “ Захоўвайце пільнасць. Працягвайце назіраць”. Чаму ў Маскве адносіліся лаяльна да такой інфармацыі - дакладна невядома.

Субота 21 чэрвеня 1941 года выдалася на рэдкасць цёплай, яснай, бязвоблачнай. Прырода нібыта адчувала, якім памятным для мільёнаў людзей стане гэты дзень.У гэты дзень у крэпасці заставалася больш за 7 тысяч чалавек.На выхадныя прыехалі да некаторых служачых бацькі. Афіцэры, здаўшы дзяжурства, адправіліся ў горад Брэст да сваіх сем’яў. Крэпасць паціху аддалася сну. Толькі маладыя лейтэнанты гулялі па крэпасці з дзяўчатамі-медсёстрамі, ці дочкамі афіцэраў. Не спалі каторую ноч начальнік 9 -й пагранічнай заставы лейтэнант Адрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў і камандзір 44-га стралковага палка маёр Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў. Імкнуліся звязацца з камандаваннем, але раптам пагасла святло, забарахліў вадаправод, выявілася, што ў некалькіх месцах па 10 метраў выразаны тэлеграфны провад. У 2 гадзіны ночы ад станцыі горада Брэста адправіўся да маста наш эшалон з гуманітарнай дапамогай немцам, чакалі сустрэчнага.

Нямецкія дыспетчары паведамілі, што іх поезд затрымліваецца і прыбудзе крыху пазней.

На досвітку пачуўся стук калёс цягніка, але калі ён наблізіўся, то гэта аказаўся браняпоезд. На гадзінніку было 3.15 хвілін, а ў Маскве 4.15. Крэпасць ускалыхнула са страшэннай сілай. Неба гуло, зямля стагнала. Рушыліся сцены казармаў, пастроек.

Сотні чырвонаармейцаў так і не прачнуліся. З-пад абломкаў цэглы даносіліся стогны параненых. Сонныя, разгубленыя, кантужаныя і ўжо параненыя нашы воіны пачалі хватацца за зброю. Некаторыя салдацікі яшчэ не паспелі як след абыходзіцца з вінтоўкай.

На захоп Брэсцкай крэпасці Германія выставіла 29 лепшых дывізій розных войск. 1 600 самалётаў, здавалася, знішчыць, зраўнуе крэпасць з зямлёй. Нямецкі фельдмаршал фон Клюге ўспамінаў:” Раніцай пачаўся ўраган і пранёсся над нашымі галовамі з такой сілаю, якую мы не разу не адчулі ні да гэтага, ні ў наступным ходзе вайны. Рускі гарнізон крэпасці буквальна вёў барацьбу да паследняга патрона, да паследняга чалавека.Нашай страты дахадзілі да 50%. Там мы пазналі, што значыць змагацца з рускімі. Яны паказалі выдатныя веды барацьбы пяхоты і цудоўную волю да барацьбы”. З “Памяткай нямецкага салдата” вераломна рынуліся фашысты на Брэсцкую крэпасць.У ёй гаварылася: “Ніводная сіла свету не ўстаіць перад германскім напорам .Мы паставім на калені ўвесь

свет. Ты будзеш вырашаць лёсы Англіі, Расіі, Амерыкі. Ты - Германія: як падабае

германцу, знішчай усё жывое, якое аказвае супраціўленне на тваім шляху... Заўтра перад табой на каленях будзе стаяць увесь свет...”

Але немцы пралічыліся. Кожны савецкі воін адчуў у сабе патрэбу змагацца за сваё жыццё.У большасці з іх не было камандавання, планаў абароны Брэсцкай крэпасці. Перабежкамі, рызыкуючы жыццём салдаты шукалі хады адступлення, ці ўцалеўшага будынку для аказання супраціўлення ворагу. Многія не разумелі, што гэта не правакацыя, а пачалася вайна. Настойлівае супраціўленне дазволіла раніцай 22 чэрвеня вывесці з крэпасці амаль палову ваеннаслужачых. А больш 3 тысяч вайскоўцаў засталіся ў крэпасці.

Гэта былі выключнай адвагі людзі. Байцы 4-й пагранічнай заставы, апынуўшыся ў кальцы ворага, з гранатамі кідаліся пад танкі, а калі боепрыпасы скончыліся, прынялі смерць з песняй “Інтэрнацыянал”.

23 чэрвеня немцы, церпячы велізарныя страты, прапанавалі нашым воінам здацца. А.М.Кіжаватаў адказаў парламенцёру: “Вы гарантуеце свабоду? Мне дадуць выбіраць? Віселіца або куля палача? Ужо лепш смерць у сумленным баі...”

Кожны дзень фашысты па радыёрупары прапанавалі здацца. На сходках у падземных казематах усе байцы аднагалосна вырашылі ваяваць да апошняй кроплі крыві.
Чытальнік: Няспынны залп гармат узняў зямлю гарою...

Хіба ж герояў шквал смяротны пахісне?

“Памром, а не здадзімся!” - раненай рукою

Выразны надпіс зроблен на сцяне...

Ні полымем-агнём, ні кулямі яго не сцерці.

Нянавісць к ворагу мацней ад смерці.

С. Шушкевіч
Фашысцкія войскі захапілі ўжо Мінск, Смаленск, хуткімі тэмпамі рваліся на Маскву, а тут, у глыбокім тыле, у крэпасці, працягваў змагацца бессмяротны гарнізон Цытадэлі над Бугам. Безумоўна, ні па сроках, ні па сваіх памерах, абарона Брэсцкай крэпасці не магла адбіцца на ходзе Вялікай Айчыннай вайны. Аднак, у баях пад крэпасцю былі скаваныя сілы адной з лепшых пяхотных дывізій ворага, што адыграла у першапачатковы перыяд вайны станоўчую ролю. На працягу ўсяго часу актыўных баявых дзеянняў у крэпасці вораг не мог у поўнай меры выкарыстаць стратэгічна важны Брэсцкі вузел жалезных і шашыйных дарог. Гэта ўскладняла прасоўванне праціўніка праз раён Брэста, затрымлівала падвозку боепрыпасаў і падмацавання, і ў нейкай, хай нязначнай ступені зніжала тэмп наступлення правага крыла нямецкай арміі “Цэнтр”.

Голад, смага, удушлівы газ, раны знясільвалі людзей. Самалёты скідвалі бочкі з мазутам, кавалкі рэек, авіябомбы. Узрываліся склады з боепрыпасамі, альбо хады да іх былі завалены шматмятровай бетоннай глыбай.Штык, лапата, палка, кірпіч былі адзінай зброяй. З крыкамі “ура” ішлі ў рукапашны бой, каб зняць зброю з ворага. На сценах казематаў зробена шмат надпісаў: “Паміраем, але не здаёмся...”, “Нас было 3, нам было цяжка, але мы паміраем як героі”, “Паміраем за Радзіму!” і іншыя.



Чытальнік: Ізноў аплывае агонь і свінец:

Трымціце, каторыя жывы!

Гарачай крывёй закіпеў Мухавец

Над хлопцамі з групы прарыву.

Адпоўз я адзін. Ні сяброў, ні братоў.

Мае перабітыя ногі.

Фашысты адрэзалі шлях да фартоў,

Адкуль спадзяваўся падмогі.

Ізноў узнімаецца наўскід зямля,

І згублена ў сутках адценне.

Баліць мне, а значыць, жывы яшчэ я,

Жывая душа мая ў целе.

І можа таму, што так хочацца жыць,

Бы нехта мне сілы патроіў.

Мо ты гэта, мама? Як ты - памажы!

Эх, толькі б хапіла патронаў!..

Вы знаеце лепей, было што далей,

Як мама чакала дадому.

Для ўсіх жа астатніх прабіўся праз глей

Я зёлкай травы невядомай.

У.Паўлаў

А вораг у 10 разоў перабольшваў колькасць нашых абаронцаў. Пасля вайны запісана шмат успамінаў пра тыя цяжкія і гераічныя дні. З ўспамінаў юнага трубача музузвода

Пеці Клыпа: “Калі ў пачатку ліпеня нам, некалькі чалавекам, удалося вырвацца з крэпасці і адыйсці ўбок, мы ўбачылі ў кустах аднаго пагранічніка. Ён ляжаў з ручным кулямётам. Каля яго валялася сотня страляных гільз і запасныя дзіскі да кулямёта. Непадалёку ляжалі дзесяткі фашысцкіх трупаў . Выгляд салдат меў жудасны: худы твар, кастлявыя рукі ,сухія абветраныя вусны. Здавалася, што чалавек ляжыць у непрытомнасці. Мы прапанавалі яму рушыць з намі. На што ён адказаў: “Нікуды я адсюль не пайду”. Так і застаўся там безыменны герой.”
У полымі крэпасць, байніца на Буг -

Яны чацвёртыя суткі ўдвух.

Без ежы й вады ў каменным гняздзе -
Фашыстаў на друз кулямёт кладзе.

Крывёю, смагай абуглены рот,

Чацвёртыя суткі б’е кулямёт.

Змаўкае таварыш, не трызніць: “Піць...”

Вада ў кулямёце зноў кіпіць.

Зашчоўкнуў патронаў стужку баец,

З ёй бітвы яго яшчэ не канец.

Замоўк арліны клёкат гнязда -

Дымілася кроў, кіпела вада...

А.Русецкі


У першы дзень вайны ворагі панеслі страты ў паўтары тысячы чалавек.

З паўднёвага боку крэпасці стаяў развесісты дуб, у дупле якога засеў з кулямётам наш пагранічнік Аяксей Новікаў і цэлыя суткі стрымліваў націск ворага. Немцы ніяк не маглі знішчыць гэту агнявую кропку. На падмогу вызвалі самалёт з вышкаленым дэсантам. Яшчэ адны суткі трымаўся наш баец. Аднак параненага акружылі і захапілі.

Вельмі жорстка абышліся фашысты з Аляксеем. Калі сэрца стралка перастала біцца, з-пад гімнасцёркі ўспырхнула маленькая птушачка. Мабыць яна звалілася з дрэва, а пагранічнік яе такім чынам хацеў выратаваць.

Ішоў другі месяц вайны, а крэпасць не здавалася. Жанчыны перавязвалі параненых, дзеці лазілі па руінах у пошуках стравы і зброі. Галоўнай задачай было дзесьці ўзяць вады. Фляжка якой каштавала жыцця, бо немцы зорка абаранялі падходы да ракі.


Каторы дзень ідзе над Бугам

Смяротны бой за цытадэль.

Вадой абмыць бы рану другу,

Што кулямёт навёў на цэль.

Ды без вады даўно ўжо флягі.

Тут абстраляны кожны крок.

І раптам воін -брат адвагі -

Вады прыносіць кацялок.

Вада зачэрпнута ў канале

Пад градам куль, дзе бой кіпіць.

Забітыя, здаецца ўсталі

І папрасілі: “Дайце піць!”

Піць! Губы воінаў счарнелі...

Піць! Арасіць хоць кропляй рот...

Але на ўскраі цытадэлі

Кіпіць гарачы кулямёт.

Хвіліна - дзве - і ў ходзе бою

Ён захлынецца без вады.

“Браткі, са строю выйдзе зброя-

Не будзе горшае бяды:

Чым адбівацца будзе рота -

Не рота - жменька ад палка?”

Вада - у кожух кулямёта

Ўся палілася з кацялка.

У бітве смага з ног валіла,

Ды не прасіў ніхто папіць,

Каб кулямёт з апошняй сілы

Яшчэ па ворагу мог біць.

Пайду цяпер туды пад вецце

І дрэўца кожнае палью

Дзе людзі ёсць яшчэ на свеце,

Каб так любіць сваю зямлю!

П.Прыходзька

Змораныя і знясіленыя абаронцы змагаліся за кожны метр сваёй зямлі Так, толькі 23 ліпеня, праз месяц пасля пачатку вайны, паранены, ў стане непрытомнасці быў захоплены ў палон адзін з камандзіраў абаронцаў Цытадэлі Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў. Нямецкія салдаты прачэсвалі руіны, што засталіся ад крэпасці. Але заходзіць у падвалы не адважваліся. Доўга яшчэ гучалі стрэлы дзесьці знізу.Жыхар Брэста быў сведкам аднаго выпадку. Яго немцы схапілі і прывезлі ў разрушаную крэпасць. Падвялі да ўваходу ў нейкае былое памяшканне і сказалі спусціцца ўніз. Калі той апынуўся ўнутры падзямелля, то ўбачыў там нейкага заросшага чалавека нявызначанага ўзросту з аўтаматам на каленях. Чалавек сказаў : “Я падымуся наверх, добра...” Гэта было ажно на 10 месяц вайны. Як выжыў гэты чалавек, хто яму дапамагаў - невядома. Але ён змагаўся і тым самым падтрымліваў аўтарытэт савецкага воіна.

Чытальнік:

Прыкладаў гераізму нашых воінаў вельмі многа. Пра іх вы зможаце даведацца з кніг, якія знаходзяцца ў бібліятэцы. Пра Брэсцкую крэпасць ведае ўвесь свет. Зараз там створаны мемарыяльны комплекс, састаўная частка яго - музей абароны Брэсцкай крэпасці. Плошча комплекса займае 70,5 га.Асноўнымі элементамі яго з’яўляюцца галоўны ўваход, галоўны манумент, штык-абеліск, Вечны агонь, плошча Цырыманіялаў і трыбуна, скульптурная кампазіцыя “Жажда”, алеі, месцы захаранення 850 абаронцаў крэпасці, але вядомы імёны толькі 247 чалавек. На працягу многіх гадоў з усіх куткоў свету едуць у горад-герой Брэст людзі, каб пакланіцца святой зямлі і ўшанаваць памяць загінуўшых герояў.



Складальнік: Заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай ЦБС

І.Р.Бандарэнка







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка