Урок беларускай мовы "Казка жыве побач"




Дата канвертавання01.05.2016
Памер53.29 Kb.
Урок беларускай мовы “Казка жыве побач”, 2 клас

Тэма: «Правапіс галосных е, ё – я».

Мэта: арганізаваць работу па засваенні правапісу галосных е, ё – я, адпрацоўваць уменне выдзяляць першы склад перад націскам, фарміраваць уменне абгрунтоўваць правільнасць напісання літары я ў словах; развіваць пазнавальную цікавасць вучняў на матэрыяле займальных, гульнявых заданняў; выхоўваць добразычлівыя адносіны, жаданне рабіць добрыя ўчынкі.

Тып урока: камбінаваны.

Форма правядзення: урок-казка.

Забеспячэнне ўрока: падручнік, с.52-54, літары е, ё – я, табліца, канверты з заданнямі, карткі з заданнямі, выявы казачных персанажаў, музычны запіс п’есы Э. Грыга “Раніца”.

Ход урока

І. Арганізацыйна-матывацыйны этап

- Я рада вас вітаць на ўроку, дзе мы маем магчымасць размаўляць на роднай мове. Жадаю поспехаў у вашай працы на ўроку і добразычлівых адносін адзін да аднаго. Вазьміцеся за рукі, падарыце адзін аднаму ўсмешку, а разам з ёю і дабрыню, бо без дабрыні вы не зможаце трапіць у казку і перамагчы злыя сілы. Так-так, я не агаварылася. У нас сёння не звычайны урок. Я запрашаю ўсіх вас у казку.



(гучыць музыка)

Заплюшчыце вочы. Уявіце сабе казачную краіну з высокімі палацамі, бурлівымі рэкамі, таямнічымі лясамі. Казка пачынаецца…



ІІ. Этап праверкі дамашняга задання

- Жыў-быў Іван-царэвіч. І была ў яго нявеста Васіліса Прамудрая. Іван-царэвіч быў смелы, дужы, але вось вучыцца не надта любіў. Лічыў, што хоаіць яму ў жыцці ягонай сілы. А вось Васіліса так не думала і заўсёды правярала веды Івана-царэвіча. Давайце і мы праверым, як вы выканалі дамашняе заданне.

(Абменьваюцца сшыткамі для ўзаемаправеркі, выбарачна ацэньваю дамашняе практыкаванне)

ІІІ. Этап падрыхтоўкі да актыўнага і свядомага засваення новага матэрыялу

  1. Чыстапісанне.

-Пісаць Іван-царэвіч таксама не вельмі любіў, літары ў яго зусім не слухаліся. А вось пакажаце яму, як трэба акуратна, правільна і прыгожа запісаць літары, злучэнні літар і словы.

Лл Лл Лл ле ля лё ала улу

Лес лясны пералесак лясок леснічоўка

(самаацэнка)

  1. Слоўнікавая работа

-Васіліса вельмі часта дыктавала Івану слоўнікавыя словы. Паспрабуем і мы выканаць заданне Васілісы.

Чацвер, месяц, надвор’е.



(Піша вучань ля дошкі, астатнія ў сшытках)

-Пастаўце ў словах націск.(Ацэньванне)

3. Паведамленне тэмы ўрока, пастаноўка мэты

- І вось аднойчы гулялі Іван-царэвіч і Васіліса ў бярозавым гаі. Раптам наляцеў моцны вецер і панёс Васілісу Прамудрую. Заплакаў Іван. А бярозка над ім шапаціць: “Не плач, знойдзеш сваю суджаную ў Кашчэя Бессмяротнага. У яго краіне ўсё падпарадкоўваецца правілам беларускай мовы.” Яшчэ больш засумаваў Іван-царэвіч: “Эх, і чаму я не слухаў Васілісу, чаму не вучыўся навукам розным? Відаць, ніколі мне не вызваліць сваю суджаную.”

Але ж у казках заўсёды ёсць чароўныя сілы, якія дапамагаюць героям у цяжкія моманты. У гэтай казцы такой чароўнай сілай будзем мы з вамі.

-Прачытайце словы, якія запісалі ў чыстапісанні. Гэта словы-родзічы. Яны звязаны са словам лес па сэнсе. А чаму ў слове лес, пералесак пішацца е, а ў слове ляснік, лясок – я?

-Хто здагадаўся, аб чым сёння пойдзе гаворка на ўроку?

(фармуліруем тэму ўрока, сумесна вызначаем мэту)

-Што даведаемся….

-Чаму навучымся…

-Для чаго патрэбна…..



ІІІ. Этап засваення новых ведаў

  1. Работа з падручнікам (у групах)

-Адправіўся Іван-царэвіч у далёкі шлях. Доўга ён ішоў ці коратка і прыйшоў да каменя, ад якога ішлі тры сцежкі. Дапаможам Івану, даследуем кожную сцежку-дарожку.

Пр.112: 1 гр. - працуе з першым слупком

2 гр. - даследуе другі слупок

3 гр. – тэарэтыкі – працуюць з правілам



  1. Тлумачэнне новага матэрыялу.

Прэзентацыя работы груп. Абагульненне па табліцы.

-Звярніце ўвагу на гэтыя словы: ЗЕЛЕНЬ-ЗЯЛЁНЫ-ЗЕЛЯНЕЦЬ. Замена е,ё на я адбываецца толькі ў першым складзе перад націскам.



ІV. Этап першаснай праверкі ўспрымання вывучанага

-Ідзе Іван-царэвіч далей, але дарогу яму перагарадзіла рака, а мастка няма. Толькі вяроўка з аднаго берага на другі працягнута, а на вяроўцы той заданне. Справіцца Іван з ім – значыць утрымаецца на вяроўцы і перабярэцца цераз раку, а не справіцца – сарвецца ў ваду. Гатовы дапамагчы Івану-царэвічу?

Пр. 114.(выконваюць па радах з папярэднім разборам)

- Каму цяжка, звяртайцеся да правіла.



(франтальная праверка, самаацэнка, ацэньванне)

ФІЗКУЛЬТПАЎЗА



V. Этап замацавання ведаў

-Звашай дапамогай Іван-царэвіч пераадолеў раку. А за ёй лес. лясная сцяжынка прывяла Івана да хаткі на курыных ножках. Увайшоў Іван у хатку. Бачыць, сядзіць Баба Яга з сшыткам. Убачыла Івана-царэвіча і гаворыць: “Ведаю-ведаю, для чаго прыйшоў. Але спачатку дапамажы мне разабрацца са словамі, не ведаю, якія літары ўставіць.

Гульня “Рэдактары”: уставіць літары е, ё, я.

В..цер, дз..нёк, н..ба, б..роза, в..ска.



(словы на картках на дошцы, запісваюць у сшыткі з каменціраваннем)

VІ. Этап кантролю і прымянення ведаў

- Падзякавала Баба Яга за дапамогу і прапанавала сваю ступу Івану. Але каб янам паляцела, трэба выканаць заданне.

Гульня “Зрабі выбар”: выбраць толькі словы з літарай я ў першым складзе перад націскам.

Ляснік, песня, гняздо, месяц, цянёк.



(словы на картцы на дошцы, запісваюць у сшыткі самастойна)

-ПРАВЕРКА: якія словы выбралі?Хто выбраў слова ляснік,… і г.д.



(ацэньванне)

VІІ. Этап абагульнення

-Аддала Баба Яга Івану-царэвічу ступу і сказала: “Помні, Іван, смерць Кашчэя на іголках, іголкі ў куфэрках, а куфэркі пад тронам. Іголкі не простыя, а з заданнямі. Паляцеў Іван-царэвіч на ступе. Хутка ўбачыў ён палац Кашчэя Бессмяротнага. Уварваўся Іван у палац і давай біцца з Кашчэем на мячах. Крок за крокам набліжаецца Іван да трона. Вось ужо схапіў ён тры куфэркі, але ўдарыў Кашчэй Івана і выбіў з яго рук куфэркі, і пасыпаліся з іх чароўныя іголкі з заданнямі. Толькі выканаўшы заданні, можна зламаць іголку. Скарэй на дапамогу Івану, бо сілы яго пакідаюць.

Гульня “Каляровыя іголкі”

1р. сіняя іголка – паставіць націскі ў словах (пад націскам Ё): сёстры, гнёзды, лёгкі, цёмны.

2 р. аранжавая іголка – паставіць націскі ў словах (пад націскам Е): вецер, бераг, спелыя, белыя,

3р. ружовая іголка – паставіць націскі ў словах (не пад націскам Я): вясёлка, балярына, лебядзіны, азярцо.



(выконваюць заданне, узаемаправерка, прэзентацыя работы)

VІІІ. Этап падвядзення вынікаў

-Вось і ўсё. Іголкі зламаны, бо заданне выканана. Загінуў Кашчэй. У сцяне адчыніліся патайныя дзверы, і адтуль выйшла Васіліся Прамудрая. Расказаў Іван-царэвіч ёй аб сваіх прыгодах, аб, тым, з якімі цяжкасцямі яму прыйшлося сутыкнуцца і чаму ён навучыўся з вашай дапамогай за гэты час.

-Што даведаліся на ўроку?

-Калі літара я пішацца замест е,ё?

-Каму спадабалася наша падарожжа?

-А каму падарожнічаць было цяжка?



-Дамашнім заданнем для вас будзе наступнае: расказаць бацькам аб сённяшнім падарожжы, дзе пабывалі, што даведаліся і чаму навучыліся.

ІХ. Этап рэфлексіі

- Мне было прыемна, што вы змаглі дапамагчы Івану-царэвічу вызваліць Васілісу Прамудрую. Вы былі старанныя, уважлівыя, актыўныя, дапускалі зусім мала памылак, а таксама праявілі сваю дабрыню і ўзаемавыручку. А цяпер паспрабуйце ацаніць, якой была ваша дапамога: падарыце Васілісе кветачку пэўнага памеру.

(кветкі прымацоўваюцца на дошку)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка