Урок беларускай мовы "Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы" Паўтарэнне і карэкцыя ведаў па тэме "




старонка1/6
Дата канвертавання04.05.2016
Памер438.21 Kb.
  1   2   3   4   5   6



Урок беларускай мовы




“Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы”

Паўтарэнне і карэкцыя ведаў па тэме


Ускладненыя сказы і знакі прыпынку ў іх”
8 клас


Распрацаваны

Казловай Аленай Уладзіміраўнай

настаўнікам беларускай мовы і літаратуры

УА “Полацкая дзяржаўная гімназія №1

імя Францыска Скарыны”

Некалькі слоў пра задуму і сам урок

Я – за адкрыцці!

Урок “Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы”: Паўтарэнне і карэкцыя ведаў па тэме “Ускладненыя сказы і знакі прыпынку ў іх” зрабіла тэматычным, іначай не магло і быць, бо адбываўся ён 27 красавіка, якраз пасля адзначэння 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тэму ўзяла шырэйшую – экалагічныя праблемы планеты. Пры падборы матэрыялу да ўрока і адбылося першае адкрыццё: як жа мала звычайны чалавек ведае пра сваю планету і яе/свае праблемы.

Тып урока таксама не зусім выпадковы. Некалькі гадоў працавала над метадычнай тэмай “Карэкцыйная работа як сродак павышэння якасці ведаў па прадмеце”, хацелася ажыццяўлення на практыцы – і яшчэ адно адкрыццё! Удалося прыдумаць новую форму і змест карэкцыйнага набору пад пэўнае правіла. А потым пайшлі далей: з дапамогай настаўніка інфарматыкі і адзінаццацікласнікаў карэкцыйныя наборы набылі яшчэ, акрамя папяровага выгляду, і камп’ютарнае жыццё. Раней выкарыстоўвала ў сваёй рабоце ПМК “Беларуская мова”, але не хапала тэматычнай цэласнасці (маю на ўвазе лексічную тэму), развіццёвы аспект быў далёка не на першым плане. Выйсце – у стварэнні ўласнага камп’ютарнага суправаджэння да ўрока. Тут дапамагло супрацоўніцтва з настаўнікам інфарматыкі Трапезнікавай Надзеяй Міхайлаўнай ( “Экалагічныя праблемы”, Exel) і маімі старшакласнікамі Шарахам Генадзем (“Тэст”, мова праграміравання Delphi) і Калінцавым Аляксандрам (“Карэкцыйныя наборы”, мова праграміравання Delphi). Пры стварэнні відэарадоў для матывацыйнага і творчага этапаў былі выкарыстаны фотаздымкі аматара Кормшчыкава Яўгена і інфармацыйнае асяроддзе Power Point. Але хочацца заўважыць, што прапанаваны ўрок можна правесці і не ў камп’ютарным класе, праўда, для гэтага спатрэбіцца намнога больш паперы для падрыхтоўкі матэрыялаў на кожнага вучня, відэафільм прыблізнай тэматыкі.

Матэрыял разлічаны на васьмікласнікаў з розным валоданнем вучэбнага матэрыялу, дазваляе кожнаму на ўроку рухацца па сваім маршруце, вырашаць актуальныя для яго ўзроўню праблемы, рознаўзроўневы матэрыял дазваляе быць кожнаму ў зоне свайго бліжэйшага развіцця. Вучням прадстаўляецца выбар у матэрыялах, выбар у формах работы. Прапануюцца сітуацыі, у якіх неабходна выказваць свае думкі і па жаданні іх выказваць на клас.

Прапанаваны ўрок паўтарэння і карэкцыі ведаў не ставіць перад сабой мэту ацаніць дзейнасць кожнага вучня адзнакай. Больш важным аспектам з’яўляецца высвятленне вучнямі прабелаў у іх ведах і іх ліквідацыя тут жа на ўроку, а таксама самааналіз, самакантроль дзейнасці на ўроку. Немалаважным з’яўляецца пашырэнне кругагляду і асобасны рост пры дапамозе матэрыялу ўрока.

Безумоўна, такую падрыхтоўку-раскошу да кожнага ўрока сабе не дазволіш, але павінны быць выключэнні - адчуваеш сябе творцам, аўтарам. І калі бачыш здзіўленыя, зацікаўленыя, растрывожаныя вочы дзяцей і чуеш “дзякуй за ўрок” напрыканцы 45 хвілін, не шкада таго часу, які быў затрачаны на пошук неабходнага для ўрока. Цікавы той факт, што вучні ў размове пасля прызналіся, што не чакалі на адкрытым уроку такога сур’ёзнага, “дарослага” матэрыялу, хаця тое, з чым пазнаёміліся, прымусіла задумацца, патрабавала абмеркавання. Замацаванне матэрыялу лексічнай тэмы знайшло свой працяг у наведванні экалагічнага музея ў нашым горадзе. Думаецца, што гэтыя ўрокі дапамогуць скарэкціраваць свае паводзіны ў дачыненні да прыроды ў будучым.

Атрымала маральнае задавальненне: тое, што хацелася данесці да вучняў, прагучала на ўроку з іх вуснаў, закранула, аказалася карысным. Ясна зразумела, што тая мэта, якую ставіла перад сабой, урокам, дасягнута.

І яшчэ адно адкрыццё: чалавек не падазрае, што магчымасцяў для самаразвіцця, самаўдасканальвання вельмі многа. У гэтым я сама пераканалася.

25-й гадавіне

аварыі на Чарнобыльскай АЭС

прысвячаецца

Урок беларускай мовы




Тэма: “Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы”

Паўтарэнне і карэкцыя ведаў па тэме “Ускладненыя сказы і знакі прыпынку ў іх”



Клас: 8 клас
Месца ўрока ў межах праграмы, тэмы: урок праводзіцца пасля вывучэння блока “Ускладненыя сказы” перад урокам сістэматызацыі матэрыялу, напісаннем узроўневай работы і кантрольнага дыктанта.
Мэта: стварыць на ўроку ўмовы для лагічнага пераходу ад адпрацоўкі моўнага тэарэтычнага матэрыялу да запатрабаванасці творчага патэнцыялу асобы, умовы для асобаснага росту кожнага суб’екта навучання.

Задачы

-адукацыйныя:

  • Садзейнічаць выяўленню кожным вучнем асабістых прабелаў у ведах па тэмах раздзела “Ускладненыя сказы” ( “Аднародныя члены сказа”, “Адасобленыя азначэнні, акалічнасці, прыдаткі”, “Пабочныя канструкцыі”, “Зваротак” );

  • Стварыць умовы кожнаму вучню для карэкцыі ведаў па “праблемнай(-ых)” тэме (-ах);

  • Садзейнічаць фарміраванню ўменняў выказваць сваё меркаванне, рабіць вывады на аснове аналізу жыццёвых фактаў.

-развіваючыя:

  • Стварыць умовы для развіцця лагічнага аналітычнага мыслення, для развіцця самакантролю, самаарганізацыі, самааналізу, для развіцця светапогляднай пазіцыі пры звароце да лексічнай тэмы ўрока;

-выхаваўчыя:

  • Садзейнічаць фарміраванню актыўных адносін вучняў да акаляючай рэчаіснасці і паводзін; пачуцця асабістай адказнасці і неабыякавасці да экалагічных праблем планеты.



Тып урока: урок паўтарэння і карэкцыі ведаў
Абсталяванне, неабходныя матэрыялы:

Камп’ютары з падключаным праграмным забеспячэннем, падрыхтаваным да ўрока (заўвага: урок можа паспяхова адбыцца і без камп’ютараў, толькі пры гэтым павялічваецца колькасць падрыхтаваных друкаваных матэрыялаў для кожнага вучня, а таксама будзе патрэбна відэадвойка і відэаматэрыял з запісамі для этапу матывацыйнага і творчага); афармленне дошкі (запіс тэмы, этапаў работы на ўроку); лісты эмацыянальнага стану (для кожнага вучня); матэрыялы друкаваныя: дыягнастычны тэст, канверты з карэкцыйнымі наборамі №№1-7, канверты з тэкстамі №№1-5 (улічыць колькасць вучняў у класе і наяўнасць камп’ютарнай падтрымкі).




Ход урока


  1. Арганізацыйны момант

- Добры дзень! Мы з вамі сёння правядзём разам незвычайную гадзіну (незвычайна добрае надвор’е, незвычайны для нашага прадмета кабінет, незвычайны лісток у вашых руках (Лісты эмацыянальнага стану (Дадатак 1) раздаюцца перад пачаткам урока) і пачнём мы яго незвычайна.


  1. Матывацыя

- Вашай увазе прапануецца відэарад 1, у працэсе прагляду якога вам неабходна будзе папрацаваць ў Лістах эмацыянальнага стану, паглядзіце загадзя на заданні да 1 этапу.

Вучні пачынаюць прагляд слайдаў, пасля з’яўлення на экране лічбаў 1:23 запісваюць свае асацыяцыі, пачуцці, думкі ў Лісты, праз паўхвіліны агучваюцца некаторыя запісы на клас (па жаданні вучняў). Звяртаецца ўвага на новыя лічбы на экране (яны з’яўляюцца аўтаматычна), робіцца запіс у Лісты, агучванне.

- Так, усю прыродную гармонію ў 1 гадзіну 23 хвіліны 26 красавіка 1986 года парушыў наш Чорны боль – Чарнобыль – самая вялікая тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя, якая, верагодна, была прадказана ў Бібліі:

“Трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі”.

(Гэтыя словы змешчаны і на экране камп’ютара)


  1. Агучванне тэмы і вызначэнне мэты і задач ўрока

-25-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвячаецца гэты ўрок.

Лексічная тэма ўрока змешчана на дошцы: “Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы”, мы пазнаёмімся з вамі са страшнымі экалагічнымі праблемамі нашай планеты, а значыць, і нашымі праблемамі. А вось моўная тэма хаваецца ў фармулёўцы “Паўтарэнне і карэкцыя ведаў па тэме “Ускладненыя сказы і знакі прыпынку пры іх”. Што патрабуе ад нас такая фармулёўка тэмы?



Вучні ўзгадваюць напаўненне тэмы “Ускладнены сказ”, паняцці гэтай тэмы, звяртаюць увагу на тое, што матэрыял тэмы неабходна не толькі паўтарыць, але і адкарэкціраваць. Карэкцыя пад сабой падразумявае выяўленне прабелаў у ведах, то, акрамя адпрацоўкі нейкага правіла, неабходна выявіць свае прабелы.

-Такім чынам, вы толькі што самі вызначылі мэту і задачы ўрока, якіх мы і будзем прытрымлівацца ў сваёй дзейнасці.




  1. Інструктаж

- Для работы вам прапануецца некалькі варыянтаў: варыянт звычайны – на паперы, варыянт на камп’ютары. Не забывайце пра здароўе – змяняйце віды дзейнасці (камп’ютар – папера і наадварот). Думаю, што тут вы справіцеся самастойна. Дапамагаць вам будзе панэль на камп’ютары, на якой змешчана паслядоўнасць этапаў вашай дзейнасці, а таксама такі ж запіс на дошцы. На стале перад вамі ляжаць тэсты для дыягностыкі, канверты з карэкцыйнымі наборамі, з тэкстамі (для работы пасля работы з кар. наборамі, больш складаны ўзровень). Не забывайце, што камп’ютар змяшчае тую ж інфармацыю, толькі ў відазмененым выглядзе. Вы працуеце зараз на сябе і свае веды. Поспехаў у працы!


  1. Дыягностыка

-Для вылучэння вашых прабелаў па тэме прапаную выканаць дыягнастычны тэст (Дадатак 2).

Вучні выконваюць тэст, пры самапаверцы высвятляюць далейшы свой маршрут, ён складаецца з пераліку нумароў карэкцыйных набораў.


  1. Карэкцыя ведаў

-Выбірайце той нумар карэкцыйнага набору (Дадатак 3), які вам ўказаў дыягнастычны тэст. (Падчас назірання за выбарам канвертаў можна прасачыць, якая тэма выклікае найбольшыя цяжкасці, да яе можна звярнуцца на наступным уроку яшчэ раз) Каму неабходна тлумачэнне, дапамога, звяртайцеся.

- Калі ж тэст вы выканалі правільна і дыягнастычны тэст не выдаў вам ніводнага нумара карэкцыйнага набора, для вас падрыхтавана больш складанае заданне – тэксты

(Дадатак 4), якія патрабуюць пастаноўкі знакаў прыпынку па тэме, і эталонамі выканання (у эталоне змешчаны нумары параграфаў з тлумачэннямі канкрэтнага знака прыпынку і нумары практыкаванняў з нашага падручніка для дамашняй работы). Тэкст з прапанаваных пяці вы выбіраеце па сваім жаданні.

Вучні працуюць кожны па сваім маршруце карэкцыі ў сваім тэмпе.

Міні-рэфлексія

    • Звернемся да Лістоў эмацыянальнага стану. Ацаніце свае эмоцыі пасля працы з тэкстамі пра экалагічныя праблемы на планеце. Не прапусціце заданне дадатковае – выкарыстоўваем пры фармулёўцы сваіх думак ускладненыя сказы.

Агучванне (па жаданні вучняў).


  1. Падагульненне па інфармацыйным блоку

- Каб вы падагульнілі той лексічны матэрыял, з якім пазнаёміліся, прапаную адказаць на пытанне тэставае “Экалагічныя праблемы” (камп’ютар вам дасць і ацэнку выканання). Вы бачыце, што экалагічнымі праблемамі з’яўляюцца ўсе тыя, што пазначаны ў тэсце, але гэта далёка не поўны пералік нашых з вамі праблем – праблем чалавецтва.


  1. Творчая работа

    • А цяпер прапаную творчую работу для ўсіх. Зараз вы прагледзіце відэарад 2, паспрабуйце зразумець задуму аўтара гэтага роліка. Свае думкі запішыце ў Лісце эмацыянальнага стану. Не забывайце пра выкарыстанне ў сваіх тэкстах ускладненых сказаў.

Вучні праглядаюць відэарад, у якім закладзена думка, што ва ўсіх праблемах экалагічных вінаваты ў першую чаргу чалавек, пачынаецца ўсё з кожнага з нас; калі своечасова не спыніцца, то чалавецтва чакае страшнае. Спыняецца відэарад наступным запісам:

Папярэджанне чалавецтву



Не больш чым адно або некалькі дзесяцігоддзяў засталося да таго, калі магчымасць прадухіліць пагрозы, з якімі мы зараз сутыкаемся, будзе прапушчана і

перспектыва для выжывання чалавецтва рэзка паменшыцца.

18 лістапада 1992 года

1500 вучоных з 68 краін свету”

Агучванне (па жаданні вучняў).

- Вашыя меркаванні вельмі сугучны з вершам Міхаіла Ясеня:

Прыціхлыя нівы,

Паніклыя травы

І стогн... працяглы стогн.

Маўклівыя пушчы

І гнёзды без птушак,

Як сон... Страшэнны сон...


Глыбокія раны –

Нябачныя плямы

І стогн... працяглы стогн.

Бязгучныя вёскі,

Дзіцячыя слёзкі,

Як сон... Страшэнны сон...


На родных прасторах

Крычыць моўчкі гора,

І звон... няспынны звон!

Сівыя бярозы,

Свінцовыя росы

І стогн... працяглы стогн.




  1. Рэфлексія

- Вось і заканчваецца наш урок, прысвечаны 25-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паспрабуйце суаднесці свае пачуцці з вершаванымі радкамі, прапанаванымі ў Лісце эмацыянальнага стану.

Агучванне.

Гэтымі словамі, выбранымі большасцю з вас, і дазвольце закончыць наш урок:

“Даруй нам, грэшным і неразумным,

Маці-Зямля!”



Літаратура, выкарыстаная пры падрыхтоўцы матэрыялаў для ўрока:

  1. Агульная геаграфія: Вучэбны дапаможнік для 10 класа агульнаадукацыйнай школы з 11-гадовым тэрмінам навучання – Мн.: Народная асвета, 2004.

  2. Беларуская мова: Сінтаксіс і пунктуацыя: Падручнік для 8-га кл. шк. з беларускай мовай навучання / Л.А. Антанюк, З.І. Бадзевіч, М.В. Кныш, І.М. Саматыя. – 2-е выда. – Мн.: НМЦэнтр, 2000.

  3. Біблія.

  4. Природа и мы: экология от А до Я/ Детская энциклопедия. Познавательный журнал для девочек и мальчиков. №5/2006.

  5. Чалавек. Грамадства. Дзяржава: /Мой свет. 8 клас/ Вучэбны дапаможнік для 8-га класа агульнаадукацыйнай школы з беларускай мовай навучання/ А.В. Бяляева, Н.Г. Ганушчанка, М.П. Грышчанка і інш. – Мн.: Народная асвета, 2001 – С.153-157.

  6. Яромін В.М., Баўтута Г.А. Экалогія: Вучэбны дапаможнік для 10-11 класаў агульнаадукацыйнай школы/ Мн.: Ураджай, 1998 – С.183-188.


Дадатак 1

Ліст эмацыянальнага стану

Тваё імя:




І этап

1:23



  • Якія асацыяцыі выклікала ў цябе ўбачанае?



26.04.86



  • Што ты ведаеш пра гэтыя лічбы?



ІІ этап

Тэксты




  • Ацані свае эмоцыі пасля працы з тэкстамі пра экалагічныя праблемы на планеце (пажадана выкарыстаць ускладненыя сказы):



ІІІ этап

Творчы




  • Якія думкі ўзніклі ў цябе пасля прагляду відэарада?

  • На тваю думку, што хацеў данесці аўтар гэтага роліка да гледачоў?

(пажадана выкарыстаць ускладненыя сказы)

ІV этап

Рэфлексія




- Суаднясі свае пачуцці на ўроку, свой стан зараз з пэўнымі вершаванымі радкамі, прыведзенымі ніжэй (пастаўце які-небудзь знак насупраць выбраных радкоў):



У яркім сонцы і блакіце

Ідзе палямі красавік.

У рост пайшлі травінак ніці.

Турбот птушыны самы пік.

Аркадзь Нафрановіч


Мы зноў вяртаемся паціху

Ў той час, дзе вечная краса,

Дзе ў звоны б’юць адным уздыхам...

Чаму ж душа мая ў слязах?

Валянціна Коўтун


І неба чарнее, нібыта згарае,

І чорнае сонца ўзыходзіць над краем.

Віктар Шніп


Даруй нам, грэшным і неразумным,

Маці-Зямля!

Максім Танк


І ўсё ж падай, семя, на маю зняможаную зямлю!

І прарастай.

І спялі такую патрэбную нам зараз надзею.

Янка Сіпакоў



А я і не ведаў (ла) аб гэтым...


  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка