Уладзімір Васільевіч Анічэнка 1924-2001




Дата канвертавання29.03.2016
Памер102.17 Kb.
Уладзімір Васільевіч Анічэнка
1924-2001

Уладзімір Васільевіч Анічэнка нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці 20 ліпеня 1924 г. Летам 1941 г., напярэдадні вайны, ён закончыў Хоцімскую сярэднюю школу. У пачатку вайны ўдзельнічаў у эвакуацыі калгасных коней на ўсход. у Расію. Калі вярнуўся дамоў, вёску ўжо занялі немцы. Уладзімір Васільевіч быў арыштаваны і адпраўлены ў Магілёўскі канцлагер, адкуль ён уцёк разам з сябрам Міколам. Па дарозе дамоў іх ізноў арыштавалі і вывезлі на прымусовыя работы ў судэцкі горад Мост (Чэхія), дзе іх чакала катаржная праца на шахце, пад час якой яго не пакідала думка пра пабег. Разам з чэхам Юрыем і сваім сябрам Міколам яны змаглі, схаваўшыся ў ваганетцы з вуголлем, уцячы з шахты. Пасля доўгага блукання з дапамогай мясцовых жыхароў яны трапілі ў Арліцкія горы, дзе разам з іншымі вязнямі стварылі партызанскі атрад “Эда”, у якім і змагаліся з фашыстамі да канца вайны.

Філалагічныя здольнасці Уладзіміра Васільевіча праявіліся даволі рана. Яшчэ ў чацвёртым класе пачатковай Камуна-Сельскай школы за каліграфічны почырк, выдатныя поспехі і прыкладныя паводзіны ён быў удастоены Пахвальнай граматы. Лепшымі лічыў настаўніц беларускай і рускай мовы і літаратуры, урокі якіх запомніліся яму на ўсё жыццё.

Таму, калі пасля вайны працягваў службу ў Савецкай Арміі, ён працаваў супрацоўнікам дывізіённай газеты “Гвардзеец”. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. па рэкамендацыі Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Лынькова працаваў літаратурным супрацоўнікам у Ваўкавыскай гарадской газеце “Зара”. У гэтым жа годзе быў залічаны на філалагічны факультэт БДУ. У час вучобы быў выдатнікам, старастам курса і ўзначальваў студэнцкі дыялекталагічны гурток, які пад кіраўніцтвам Марыі Андрэеўны Жыдовіч займаўся вывучэннем беларускіх народных гаворак. У 1952 г. з адзнакай закончыў універсітэт і адразу ж паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Сваімі кумірамі ў Інстытуце мовазнаўства Уладзімір Васільевіч называў Кандрата Кандратавіча Крапіву і Пятра Фёдаравіча Глебку. Навучанне ў аспірантуры завяршылася датэрміновай паспяховай абаронай у 1955 г. кандыдацкай дысертацыі “Дзеяслоўныя формы прошлага часу ў беларускай мове па матэрыялах Літоўскай метрыкі XV-XVI ст.ст.” (Навуковы кіраўнік – дацэнт А.Я. Бірала). З гэтага часу Уладзімір Васільевіч працаваў навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа Акадэміі навук БССР.

У 1970 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі”.

З 1970 г. Уладзімір Васільевіч працуе загадчыкам кафедры спачатку рускай і беларускай моў, а затым – беларускай мовы. З 1991 г. па 2001 г. быў прафесарам кафедры беларускай мовы і загадчыкам лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары ўніверсітэта. Актыўна ўліўся ў калектыў прафесарска-выкладчыцкага саставу ўніверсітэта.

Імя Уладзіміра Васільевіча добра вядома не толькі ў беларускім мовазнаўстве, але і ва ўсім славістычным свеце. Ён з’яўляецца аўтарам каля 250 навуковых і вучэбна-метадычных прац. У 1976 г. Уладзіміру Васільевічу было прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР.

Цікавасць да роднай мовы, неабыякавасць да яе гістарычнага лёсу і ўзаемадзеяння з іншымі славянскімі мовамі абумовілі асноўныя накірункі яго будучай лінгвістычнай дзейнасці – гісторыя мовы, параўнальнае мовазнаўства, рэгіянальная лексікалогія і лексікаграфія.

Пачатак грунтоўнаму гістарычнаму даследаванню быў пакладзены кандыдацкай дысертацыяй, напісанай на матэрыяле Літоўскай метрыкі і прысвечанай аналізу гісторыі дзеяслоўных форм прошлага часу ў беларускай мове XV–XVI ст.ст. У “Хрэстаматыю гісторыі беларускай мовы”, выдадзенай у сааўтарстве (Т 1. – 1961. –539 с., т.2 – 1962. – 327 с.), былі ўключаны старажытнарускія і старабеларускія тэксты ХІ – XVIII стст., прыведзены ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў ХІХ – пач. ХХ ст., пададзены ўзоры народна-гутарковага беларускага маўлення. У кнізе “Александрыя”(Мн., 1962. 365 с.) У.В. Анічэнка ўпершыню сістэматызаваў і апублікаваў старабеларускія тэксты пяці рукапісных спісаў XV – XVII ст.ст. пра Аляксандра Македонскага.

У калектыўным даследаванні “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (Мн., 1970. – 339 с.) У.В. Анічэнка прасочвае развіццё і фарміраванне лексічнага складу беларускай мовы старажытнага перыяду, вызначае найбольш прадуктыўныя тыпы і сродкі дэрывацыі, шляхі фарміравання лексічнай сістэмы нашай мовы. У дапаможніку “Гістарычная граматыка беларускай мовы” (Мн., 1999. – 220 с.), выдадзеным у сааўтарстве з М.Р. Прыгодзічам, прапануюцца практыкаванні з пытаннямі і заданнямі да тэкстаў старабеларускіх помнікаў і пазнейшых твораў беларускай літаратуры, прызначаныя для аналізу на практычных занятках па гістарычнай граматыцы беларускай мовы.

Вялікае месца ў навуковай дзейнасці У.В. Анічэнка займала вывучэнне творчай спадчыны нашага першадрукара Францыска Скарыны, вызначэнне лексічнага багацця літаратурна-пісьмовай спадчыны Скарыны, яго ўкладу ў станаўленне літаратурнай мовы беларускага народа. Трохтомны “Слоўнік мовы Скарыны”, выдадзены У.В. Анічэнкам (Т.1. – Мн. 1977. – 475 с., т.2. – Мн., 1984. – 361 с., т.3.– Мн., 1994. – 248 с.), з’явіўся грунтоўнай працай па гістарычнай лексікаграфіі і паклаў пачатак серыі аўтарскіх лексікаграфічных прац, прысвечаных збору і сістэматызацыі лексічных скарбаў выдатных прадстаўнікоў беларускай і усходнеславянскай культуры. Плённае вывучэнне творчай спадчыны нашага славутага асветніка і гуманіста, стварэнне навуковай скарыназнаўчай школы, актыўная папулярызацыя асветніцкай дзейнасці першадрукара ў студэнцкім асяроддзі абумовілі ініцыятыву кіраўніцтва аб прысваенні нашай вну высокага імя Францыска Скарыны, якое і было прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ў 1988 г. З гэтага часу наш універсітэт стаў цэнтрам збору і вывучэння скарыназнаўчых матэрыялаў. За цыкл прац “Лінгвістычная Скарыніяна” У.В. Анічэнка быў узнагароджаны ў 1988 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР у галіне навукі.. За плённую навуковую і грамадскую дзейнасць У.В. Анічэнка быў узнагароджаны таксама медалём “За працоўную доблесць”, медалём Францыска Скарыны. Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны П ступені і медалём “Чэхаславацкі партызан”, іншымі савецкімі і чэхаславацкімі ўзнагародамі.

У.В. Анічэнка ў апошнія гады свайго жыцця займаўся падрыхтоўкай да выдання рукапісу “Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка”, які, на жаль, не быў апублікаваны. За вялікі ўклад у развіццё Скарыніяны, за падрыхтоўку гэтага слоўніка і ў сувязі з 75-годдзем У.В. Анічэнка быў удастоены ганаровай царкоўнай узнагароды – “Крыж Сергія Раданежскага”.

У 1993 г. па ініцыятыве У.В. Анічэнкі пры ГДУ быў створаны музей-лабараторыя Францыска Скарыны.

Другі важны напрамак навукова-даследчыцкай дзейнасці У.В. Анічэнкі, – параўнальна-супастаўляльнае вывучэнне ўсходнеславянскіх моў, вынікам якога стала доктарская дысертацыя і манаграфія “Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі” (Мн., 1969. – 294 с.), у якой асветлены найбольш характэрныя і спецыфічныя заканамернасці пісьмова-моўнага развіцця на Беларусі і Украіне ў XIV-XVII ст.ст, а таксама іх ўнутрыструктурныя ўзаемаадносіны, манаграфія “Марфалогія ўсходнеславянскіх моў” (Мн., 1978. – 127 с.), дзе праводзіцца параўнальны аналіз беларускай, рускай і ўкраінскай моў у галіне марфалогіі на матэрыяле назоўніка, дзеяслова і прыслоўя; вучэбныя дапаможнікі “Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў” (Гомель, 1978. – 94 с.), у якой праводзіцца параўнальна-гістарычны аналіз лексічнага складу беларускай, рускай і ўкраінскай моў ад старажытнасці да нашых дзён, вызначаюцца асноўныя крыніцы ўзбагачэння слоўніка; “Гістарычная фанетыка ўсходнеславянскіх моў” (Гомель,, 1982. — 94 с.), прысвечаная параўнальна-гістарычнаму аналізу развіцця фанетычнай сістэмы ўсходнеславянскіх моў, “Мовы ўсходніх славян” (Мн., 1989. – 318 с.), дзе на аснове аналізу літаратурнай і дыялектнай лексікі, фанетыкі і марфалогіі апісваюцца асаблівасці беларускай, рускай і ўкраінскай моў, размяжоўваюцца іх спрадвечныя, першасныя з’явы і інавацыі.

Важнае месца ў даследаваннях У.В. Анічэнкі апошніх дзесяцігоддзяў занялі пытанні рэгіянальнай лексікалогіі і лексікаграфіі, якія асвятляліся ў асобных лексікаграфічных выданнях : “Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры” (у сааўтарстве) (Мн., 1983. – 174 с.). “Народныя прыкметы” (Мн., 1992. – 88с., у сааўтарстве з А.К.Малюком); “Вопыт літаратурна-дыялектнага слоўніка беларускай мовы” (Гомель, 1999. Ч.1. – 244 с., ч.2. – 254-482 с.).

Актуальныя пытанні культуры маўлення і стылістыкі таксама хвалявалі У.В. Анічэнку. Ён з’явіўся адным з аўтараў і навуковым рэдактарам вучэбнага дапаможніка з грыфам Міністэрства адукацыі “Асновы культуры маўлення і стылістыкі” (Мн., 1992. – 255 с.), сааўтарам хрэстаматый і слоўнікаў крылатых выслоўяў, афарызмаў, выказванняў вядомых паэтаў і пісьменнікаў: “Пісьменнік і мова” (Мн., 1962. – 249 с.), “Каласы роднай мовы” (Мн., 1990. – 278 с.), “Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач” (Гомель, 1997. – 217 с.). Мове фальклорных твораў прысвечаны зборнікі “Беларускі казачны эпас” (Мн., 1976. – 204 с.), “Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы” (Мн., 1995. – 446 с.).

Вялікае месца ў лінгвістычнай дзейнасці У.В. Анічэнкі заняла падрыхтоўка васьмітомнага “Слоўніка мовы Янкі Купалы” (1997 – 2012 гг.) (СМЯК), якую пад яго кіраўніцтвам ажыццявіў калектыў лексіколагаў – прафесарска-выкладчыцкі састаў кафедры беларускай мовы і супрацоўнікі лінгвістычнай лабараторыі.

Купалаўскі слоўнік – гэта ўнікальнае ў беларускай лексікаграфіі выданне. Ён уяўляе сабой даведнік шырокага філалагічнага профілю, прызначаны для асэнсавання не толькі творчых дасягненняў Купалы, але і наогул беларускай культуры. У ім зафіксаваны каштоўны лінгвістычны і літаратуразнаўчы матэрыял, пададзена вычарпальная характарыстыка слоў з літаратурна-мастацкіх твораў класіка беларускай літаратуры. Укладальнікі слоўніка ставілі на мэце не толькі зафіксаваць лексічны матэрыял купалаўскіх твораў, але і паказаць частотнасць выкарыстання аўтарам кожнай слоўнікавай адзінкі, вызначыць яе граматычную характарыстыку, акрэсліць семантычны аб’ём, указаць адметнасці аўтарскага словаўжывання, раскрыць функцыі і стылістычную ролю ў кантэксце твораў паэта, адлюстраваць парадыгму формаўтварэння кожнай лексічнай адзінкі, адзначыць варыянтныя і сінанімічныя формы, праілюстраваць сказанае тыповымі прыкладамі з твораў Купалы. Вывучэнне мовы творчасці Янкі Купалы мае выключна важнае значэнне для асэнсавання яго ролі ў гісторыі развіцця беларускай літаратурнай мовы, дазваляе вызначыць і пераканаўча паказаць, якія лексіка-семантычныя і структурныя кампаненты Купалавага слова сталі набыткам сучаснай беларускай мовы і што змянілася ў яе слоўніку за мінулы перыяд. Гэты выключна станоўчы вынік быў дасягнуты дзякуючы таму, што з самага пачатку працы калектыў складальнікаў СМЯК узначальваў такі дасведчаны і высокапрафесійны лексікограф і гісторык мовы, як У.В. Анічэнка.

Па ініцыятыве У.В. Анічэнкі з 1973 года ў выдавецтве БДУ (з 1996 г. у ГДУ) стаў выходзіць міжведамасны зборнік навуковых артыкулаў “Беларуская мова і мовазнаўства” (1973-1976), перайменаваны ў зборнік “Беларуская мова” (1977-1999 гг.). Усяго за гэтыя гады пад рэдакцыяй У.В. Анічэнкі выйшлі 24 выпускі зборніка, у якіх апублікавалі свае артыкулы ў першую чаргу выкладчыкі і аспіранты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама іншых вну і навуковых устаноў нашай рэспублікі – БДУ, Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, Мазырскага, Віцебскага, Гродзенскага, Магілёўскага, Брэсцкага ўніверсітэтаў. З 2000 г. лінгвістычныя артыкулы сталі публікавацца ў “Известиях ГГУ имени Франциска Скорины” у выпуску “Беларуская мова”.

У.В. Анічэнка быў ініцыятарам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый, прысвечаных рэгіянальнаму даследаванню беларускай мовы, вывучэнню творчай спадчыны Ф.Скарыны і інш.: “Рэгіянальныя традыцыі ва ўсходнеславянскіх мовах, літаратурах і фальклоры”; “Скарынаўскія чытанні”; “Скарына і наш час”; “Пытанні нармалізацыі беларускай навуковай тэрміналогіі”; “Навуковыя чытанні, прысвечаныя С.Некрашэвічу”; “Перспектывы развіцця і функцыянавання нарматыўнай лексікі”.

Па ініцыятыве У.В. Анічэнкі пры кафедры беларускай мовы ў 1973 годзе была адкрыта аспірантура па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова. За перыяд дзейнасці аспірантуры 38 яе выпускнікоў паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі.

Дзякуючы настойлівым намаганням У.В. Анічэнкі пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны загадам БелВАКа ад 16.04.96 (загад № 57) быў зацверджаны Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый К.02.12.03, які дзейнічаў па 2006 г.За перыяд дзейнасці Савета з 1996 па 2006 г.г. былі абаронены 34 кандыдацкія дысертацыі па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова (з іх 18 – выкладчыкамі і супрацоўнікамі ГДУ). У.В. Анічэнка неаднаразова выступаў афіцыйным апанентам на абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, быў членам спецыялізаванага Савета Д 056.03.06 па абароне дысертацый пры БДУ.

За 30 гадоў навукова-педагагічнай дзейнасці ў ГДУ доктар філалагічных навук прафесар У.А. Анічэнка стварыў грунтоўную школу вучоных – кваліфікаваных спецыялістаў ў галіне беларускага мовазнаўства. За гэтыя гады аспіранты У.В. Анічэнкі падрыхтавалі і абаранілі 25 кандыдацкіх (А.А. Станкевіч, А.І. Лашкевіч, А.А. Парукаў, І.М. Акулаў, Р.М. Казлова, А.К. Малюк, Т.П. Власава, У.Д. Еўтухоў, Л.І. Злобін, Д.Д. Паўлавец, Т.М. Шур, Р.Й. Дайлідэнас, У.А. Бобрык, А.У. Солахаў, А.М. Краснова, Л.П. Кузьміч, У.Д. Кніга, Л.Л. Плыгаўка, Т.М. Казачэнка, С.М. Струкава, Н.А. Багамольнікава, Р.У. Серыкаў, В.А. Скачкова, К.Л. Хазанава, С.В. Чайкова) і 1 доктарскую дысертацыю (А.А. Станкевіч).

Кандыдаты навук – вучні У.В. Анічэнкі працуюць у розных вну нашай краіны і за яе межамі. Яго былымі аспірантамі ўкамплектаваны кафедры беларускай мовы, рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, беларускай культуры, давузаўскай падрыхтоўкі ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”: кафедра беларускай мовы Мінароднага інстытута працоўных і і сацыяльных адносін (г. Гомель). Вучні У.В. Анічэнкі плённа займаюцца навукова-педагагічнай дзейнасцю і ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава, Полацкім дзяржаўным універсітэце, а таксама за межамі Беларусі – у Віленскім дзяржаўным універсітэце, Віленскім дзяржаўным педагагічным інстытуце.

У.В. Анічэнка – гэта чалавек-эпоха, чалавек – жывая гісторыя, асоба, жыццё якой напоўнена падзеямі як трагічнымі, змрочнымі, так і светлымі, шчаслівымі. Як і любая выдатная асоба, ён быў неадназначнай фігурай. Жорсткі і патрабавальны кіраўнік, строгі і прынцыповы загадчык, “максімаліст” унутры кафедры, ён быў усё-такі “родны бацька” для ўсіх нас, умеў абараніць і падтрымаць кожнага за межамі кафедры.

Надзвычай адказны за сваю справу, ён быў такім жа патрабавальным і да іншых, чакаў ад усіх “па максімуму”. Строгі і стрыманы на пахвалу, скупы на камплементы, ён знаходзіў словы падтрымкі для кожнага. Ён умеў заўважыць здольных, знаходзіць апантаных, захопленых навукай людзей і заўсёды імкнуўся іх падтрымаць. Мудры і прадбачлівы, разважлівы і спрактыкаваны, ён умеў падказаць выйсце нават з самай заблытанай, складанай сітуацыі. Ён вучыў ніколі не адчайвацца, не скарацца перад цяжкасцямі, упэўнена крочыць да мэты, дасягаць яе, дамагацца свайго.

Ён умеў “дыхаць на поўныя грудзі”. Нават у свае 70 з лішнім уставаў рана, любіў першым прыходзіць на працу, каб папрацаваць над чарговай кнігай або артыкулам, абавязкова забягаў на факультэт, каб наведаць калег, сяброў. Умеў працаваць – умеў і адпачываць, і ніколі не блытаў адно з другім.

Выключна энергічны, актыўны, дзейсны, таленавіты арганізатар, аптымістычны і жыццярадасны чалавек, ён пражыў жыццё змястоўнае, цікавае, насычанае падзеямі і здарэннямі, напоўненае пошукамі і знаходкамі. Самае лепшае пацверджанне гэтаму – яго справы, якія ён нам перадаў. Гэта і калектыў кафедры, якую ён стварыў і якая па праву лічыцца адной з самых моцных па навуковаму патэнцыялу ва ўніверсітэце. Гэта і моцная кагорта вучоных – яго вучняў. Гэта і грунтоўныя навуковыя выданні.

Заўсёды ў імклівым руху, у пошуку. У гэтым імклівым бегу была яго неспатоленая прага жыцця, заўсёдная ўлюбёнасць у працу, адданасць сваёй справе. Ён і пайшоў ад нас, як і жыў, імкліва, на бягу.



Чалавек пакідае пасля сябе не толькі фізічную, але і духоўную спадчыну. Сыны і ўнукі, а неўзабаве, відаць, і праўнукі будуць працягваць мнагалюдны працавіты род Анічэнкаў, а працы і вучні яго памножаць духоўную спадчыну, не дадуць згаснуць агеньчыку добрай, светлай памяці аб ім.
А. А. Станкевіч


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка