Уладзiмiр Куліковіч Ксенiя Тарасевіч




Дата канвертавання17.03.2016
Памер123.2 Kb.

Уладзiмiр Куліковіч

Ксенiя Тарасевіч

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт

станаўленне Нарматыўна-прававой базы
беларускага і расійскага кнігавыдання (1991–1995
гг.)




Час з 1991 па 1995 гг. даследчыкі назвалі перыядам дэцэнтралізацыі ў кніжнай галіне як Беларусі, так і Расіі. Ён характарызаваўся частковай адменай абавязковага тэматычнага планавання, з’яўленнем першых недзяржаўных выдавецтваў, прыходам у выдавецкую дзейнасць «дылетантаў» [1, с. 57], развіццём рыначных адносінаў у выдавецка-паліграфічным комплексе [2] і стварэннем новай заканадаўчай асновы для рэгулявання кнігавыдавецкай галіны. Гэты перыяд у станаўленні беларускага і расійскага выдавецкага бізнесу і нарматыўна-прававой базы дзвюх краін у супастаўляльным плане яшчэ не быў аб’ектам спецыяльнага аналізу даследчыкаў. А між тым веданне агульнага і адрознага ў стварэнні заканадаўчай базы дзяржаў дазволіць глыбей пазнаць шляхі інтэграцыі, спецыфіку станаўлення выдавецкай справы пасля абвяшчэння незалежнасці былых рэспублік СССР. Гэтым і вызначаецца актуальнасць даследавання, задача якога – устанавіць храналогію стварэння заканадаўчай базы Расіі і Беларусі на працягу 1991-1995 гг. і ахарактарызаваць асноўныя заканадаўчыя акты абедзвюх краін. Матэрыялам для вывучэння паслужылі законы, указы і пастановы Расіі [3;7] і Беларусі [4], у якіх закранаюцца пытанні кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання.


Як вядома, 12 чэрвеня 1991г. З’езд народных дэпутатаў РСФСР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце і ўстанавіў прыярытэт расійскіх законаў над саюзнымі. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі адбылося на два месяцы пазней – 25 жніўня 1991г. А ў снежні 1991г. Белавежская дамова афіцыйна пацвердзіла распад СССР. Адбылася і ліквідацыя ўладных структур СССР [8].

Выдавецкая галіна, якая ў Савецкім Саюзе напрыканцы яго існавання цэнтралізавана падпарадкоўвалася Міністэрству інфармацыі і друку СССР (былы Дзяржаўны камітэт па друку СССР), перастала быць агульнай для ўсіх краін постсавецкай прасторы. З 1991г. кожная былая савецкая рэспубліка вымушана была ствараць заканадаўчую базу ў адпаведнасці са спецыфікай, эканамічнымі і палітычнымі фактарамі развіцця.

Першы расійскі заканадаўчы акт, што датычыўся выдавецкай дзейнасці, быў прыняты ў красавіку 1991г.. Гэта была Пастанова СМ РСФСР ад 17 красавіка 1991г. № 211 «О регулировании издательской деятельности в РСФСР», у якой: 1) было зацверджана «Часовае палажэнне аб выдавецкай дзейнасці», што рэгулявала парадак выдавецкай дзейнасці на тэрыторыі РСФСР да прыняцця Закона аб выдавецкай дзейнасці і былі акрэслены агульныя пастулаты: свабода выдавецкай дзейнасці і недапушчальнасць цэнзуры; асноўныя тэрміны і паняцці (выдавецкая дзейнасць, друкаванае выданне, выдавецтва і інш.); правы на выдавецкую дзейнасць; межы выкарыстання выдавецкай дзейнасці; парадак заснавання выдавецтва, асаблівасці рэгістрацыі, правы і абавязкі выдавецтва; неабходнасць заключэння дамовы выдавецтва з аўтарам; 2) было даручана Міністэрству друку і масавай камунікацыі РСФСР весці Адзіны рэспубліканскі рэестр выдавецтваў, пачаць распрацоўку парадку адкрыцця і функцыянавання паліграфічных прадпрыемстваў і размнажальных участкаў («множительных участков»).

У Беларусі першыя заканадаўчыя акты з’явіліся толькі ў кастрычніку 1991г. Гэта былі: 1) Пастанова Савета Міністраў РБ ад 16.10.91. № 386 «О порядке выдачи субъектам хозяйствования специальных разрешений (лицензий) на осуществление отдельных видов деятельности и государственной регистрации предпринимателей, осуществляющих свою деятельность без образования юридического лица», якая зацвярджала «Часовае палажэнне аб парадку выдачы суб’ектам гаспадарання спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на здзяйсненне асобных відаў дзейнасці», пералік гэтых відаў дзейнасці (сярод іх названы выдавецкая і паліграфічная дзейнасць); 2) Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991г. № 1202-ХІІ (Ведамасці Вярхоўнага Савета РБ, 1991г., № 33, арт. 598) «Аб адукацыі», дзе фрагментарна прыгадваецца і выдавецкая справа. У артыкуле 5 «Мовы навучання і выхавання» гаворыцца: «Государство гарантирует гражданам право выбора языка обучения и воспитания и создаёт соответствующие условия для реализации этого права. Обучению на белорусском языке, изданию литературы, учебников и учебных пособий на белорусском языке оказывается государственная поддержка». У артыкуле 54 «Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі» напісана: «Государство поддерживает и развивает издательскую, полиграфическую и учебно-производственную базу, обеспечивающую деятельность сферы образования».



Лістапад 1991г. стаў месяцам, калі было створана Міністэрства друку і інфармацыі РСФСР (Указ Прэзідэнта РСФСР «О реорганизации центральных органов государственного управления РСФСР» (от 28 ноября 1991г. № 242). А ўжо ў снежні 1991г. (адразу пасля афіцыйнага прызнання распаду СССР) прымаецца адмысловы Закон «О средствах массовой информации» (ад 27 снежня 1991г. № 2124-I), які складаецца з 62 артыкулаў і сямі глаў: 1. «Агульныя палажэнні»; 2. «Арганізацыя дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі»; 3. «Распаўсюджванне масавай інфармацыі»; 4. «Адносіны сродкаў масавай інфармацыі з грамадзянамі і арганізацыямі»; 5. «Правы і абавязкі журналіста»; 6. «Міждзяржаўнае супрацоўніцтва ў сферы масавай інфармацыі»; 7. «Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Адмоўны вынік эканамічных рэформаў, раптоўнае зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва Расійскай Федэрацыі, супрацьстаянне прэзідэнцкай і парламенцкай улад – усё гэта паўплывала на запаволенне развіцця заканадаўчай базы. У 1992г. заканадаўчыя акты, якія датычыліся выдавецкай справы, створаны не былі.

Затое 1992г. быў плённым для беларускіх заканатворцаў. За гэты час былі прынятыя дзве важныя пастановы: 1) Пастанова Савета Міністраў ад 6 мая 1992г. № 256 «Об организации государственного управления сферой информации и книгоиздания, о структуре и штатах центрального аппарата Министерства информации»; 2) Пастанова Савета Міністраў РБ ад 8 чэрвеня 1992г. № 341 «Об утверждении положения о Министерстве информации РБ», у якой зацвярджаліся месца Міністэрства ў агульным дзяржаўным апараце як юрыдычнай асобы, палітыка і галоўныя задачы Міністэрства, дзеянні ў адпаведнасці з ускладзенымі абавязкамі і заканадаўствам, структура Міністэрства, а таксама абавязкі Міністра інфармацыі і некаторыя шляхі вырашэння спрэчных пытанняў. Такім чынам, можна канстатаваць, што з сярэдзіны 1992г. у Беларусі быў створаны вышэйшы орган кіраўніцтва выдавецкай галіной, першаснымі задачамі якога сталі: стварэнне і развіццё адзінай сістэмы інфармацыі, кнігавыдання і распаўсюджвання перыядычнага друку і прадукцыі ў рэспубліцы; забеспячэнне дзяржаўных гарантый развіцця друку і іншых сродкаў масавай інфармацыі, выдавецкай дзейнасці і кантралявання выканання адпаведнага заканадаўства; удзел у развіцці Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у РБ; распрацоўка дзяржаўных праграм развіцця сродкаў масавай інфармацыі і кнігавыдання як важнай састаўной часткі беларускай нацыянальнай культуры, арганізацыя іх выканання; ажыццяўленне мер па ўмацаванні творчай, эканамічнай і фінансавай самастойнасці выдавецтваў, паліграфічных прадпрыемстваў і сродкаў масавай інфармацыі; спрыянне распрацоўцы і ажыццяўленню праграм самаразвіцця калектываў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў сістэмы Міністэрства з улікам рыначных адносінаў; устанаўленне сувязяў з адпаведнымі органамі краін СНД і іншых краін і рэалізацыю дамоваў і пагадненняў аб супрацоўніцтве ў сферы кнігавыдання і ў сродках масавай інфармацыі; азначэнне канцэпцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу галіны і шляхоў яе рэалізацыі; правядзенне эканамічнага аналізу і прагнозу развіцця прадпрыемстваў і арганізацый сістэмы Міністэрства; выпрацоўка аптымальнай палітыкі інвестыцый, развіццё маркетынга і камерцыйнай дзейнасці Міністэрства; рэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі, выдача ліцэнзій на выдавецкую і паліграфічную дзейнасць; ахова дзяржаўных таямніц у сродках масавай інфармацыі; арганізацыя падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для галіны.

У 1993г. стварэнне нарматыўна-прававой базы ў сферы кнігавыдання Беларусі і Расіі працягвалася. У Беларусі з’явілася Пастанова Савета Міністраў РБ ад 7 чэрвеня 1993г. № 370 «О правопреемственности РБ в отношении к подписанной 6 сентября 1952г. в г.Женеве Всемирной конвенции об авторском праве», у якой была прынята прапанова Упраўлення па аўтарскіх і сумежных правах пры Савеце Міністраў РБ, узгодненая з Міністэрствам замежных спраў, аб правапераемнасці РБ у адносінах да падпісанай 6 верасня 1952г. у г. Жэневе Сусветнай канвенцыі аб аўтарскім праве, пачынаючы з 27 мая 1973г.; Міністэрству замежных спраў даручана ажыццявіць неабходныя меры па выкананні гэтай пастановы.

Важнымі заканадаўчымі актамі ў сферы кнігавыдання Расійскай Федэрацыі сталі: 1) Закон РФ ад 9 ліпеня 1993г. № 5351-I «Об авторском праве и смежных правах», які складаўся з 53 артыкулаў і 5 раздзелаў; 2) Указ Прэзідэнта РФ ад 7 кастрычніка 1993г. № 1607 «О государственной политике в области охраны авторского права и смежных прав», у 4-ым пункце якога адзначалася: «Министерству иностранных дел Российской Федерации совместно с заинтересованными ведомствами и РАО в трёхмесячный срок внести предложения по присоединению Российской Федерации к Бернской конвенции об охране литературных и художественных произведений (в редакции 1971г.), Всемирной конвенции об авторском праве (в редакции 1971г.), Международной конвенции об охране интересов артистов-исполнителей, производительных фонограмм и вещательных организаций 1961г., Конвенции по охране интересов производителей фонограмм от незаконного воспроизводства их фонограмм 1971г., а также Многосторонней конвенции об избежании двойного налогообложения выплат авторского вознаграждения 1979г»; 3) Указ Прэзідэнта РФ ад 22 снежня 1993г. № 2255 «О совершенствовании государственного управления в сфере массовой информации», які прадугледжваў ліквідацыю Міністэрства друку і інфармацыі Расійскай Федэрацыі і стварэнне Камітэта РФ па друку.

1993г. стаў таксама годам развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы кнігавыдання. З удзелам Расіі і Беларусі было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД у сферы аховы аўтарскага права і сумежных правоў, прынятае 24 верасня 1993г. Згодна з ім дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць на сваіх тэрыторыях выкананне міжнародных абавязкаў, якія засталіся пасля распаду СССР (краіны-ўдзельніцы Сусветнай канвенцыі аб аўтарскім праве) і прымяняюць канвенцыю ў адносінах паміж сабой як да твораў, створаных пасля 27 мая 1973 года, так і да твораў, якія ахоўваліся дзяржавай-удзельніцай да гэтай даты, на агульных умовах; абавязуюцца прыняць неабходныя меры для распрацоўкі і прыняцця законапраектаў, якія забяспечаць ахову аўтарскага права і сумежных правоў на ўзроўні патрабаванняў міжнародных канвенцый і пагадненняў; будуць праводзіць сумесную працу па барацьбе з незаконным выкарыстаннем аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў; створаць нацыянальныя аўтарска-прававыя арганізацыі і дапамагаць іх функцыянаванню; прадугледзяць вырашэнне пытанняў аб адхіленні падвойнага падаткаабкладання аўтарскай і іншай узнагароды.

Для Беларусі 1994г. стаў перыядам істотных палітычных зменаў: краіна набыла статус прэзідэнцкай рэспублікі. Заканадаўчыя акты, якія датычыліся выдавецкай справы, у гэтым годзе не былі створаны.

Для Рассійскай Федэрацыі 1994г. стаў годам далучэння краіны да розных міжнародных пагадненняў у адпаведнасці з Распараджэннем Прэзідэнта РФ ад 25 сакавіка 1994г. «Вопросы присоединения Российской Федерации к ряду международных конвенций в области авторского права»: 1) «Фларэнтыйскага пагаднення» (Пастанова Урада РФ «О присоединении Российской Федерации к соглашению о ввозе материалов образовательного, научного и культурного характера и протоколу к нему» ад 6 ліпеня 1994г. № 795 [5, с. 17-18]; 2) «О присоединении Российской Федерации к Бернской конвенции об охране литературных и художественных произведений в редакции 1971 года, Всемирной конвенции об авторском праве в редакции 1971 года и Дополнительным протоколам 1 и 2, Конвенции 1971 года об охране интересов производителей фонограмм от незаконного воспроизводства их фонограмм» (3 лістапада 1994г. Пастанова Урада РФ N 1224).



Сярод лакальных законаў, прынятых у 1994г., варта вылучыць Федэральны закон ад 29 снежня 1994г. № 77-ФЗ «Об обязательном экземпляре документов». Гэты закон вызначае палітыку дзяржавы ў галіне фарміравання абавязковага асобніка дакументаў як рэсурснай базы камплектавання поўнага нацыянальнага бібліятэчна-інфармацыйнага фонда дакументаў РФ і развіцця сістэмы дзяржаўнай бібліяграфіі, прадугледжвае забеспячэнне захавання абавязковага асобніка, яго грамадскае выкарыстанне; уводзіць тыпы абавязковага асобніка дакументаў, адказнасць за іх парушэнне; распаўсюджваецца на дакументы, якія ўтрымліваюць асабістую і (ці) сямейную таямніцу, дакументы з дзяржаўнай, службовай ці камерцыйнай таямніцай, адзінкавыя дакументы, архіўныя дакументы (за выключэннем дакументаў, якія перадаюцца на захаванне ў архіўныя ўстановы ў адпаведнасці з артыкуламі 12, 18 і 19 Фэдэральнага закона), электронныя дакументы, якія распаўсюджваюцца выключна ў рэжыме сеткі, тэхнічную дакументацыю (фармуляры, інструкцыі па эксплуатацыі і інш.).

1995г. стаўся важным для сферы беларускага кнігавыдання. 13 студзеня 1995г. быў прыняты Закон РБ № 3515-ХІІ (Ведамасці Вярхоўнага Савета РБ 1995г., № 12, ст. 121) «О печати и других средствах массовой информации». Структура дакумента: 50 артыкулаў, 9 раздзелаў (1. «Агульныя палажэнні»; 2. «Стварэнне і арганізацыя дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі»; 3. «Распаўсюджване масавай інфармацыі»; 3.1 «Аб парадку асвятлення дзейнасці вышэйшых органаў дзяржаўнай улады ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі» (выключаны ў 1998 годзе); 4. «Адносіны сродкаў масавай інфармацыі з грамадзянамі, дзяржаўнымі оганамі і арганізацыямі»; 5. «Правы і абавязкі журналіста»; 6. «Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы масавай інфармацыі»; 7. «Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі»; 8. «Увядзенне дадзенага закона ў дзеянне»).

У Расійскай Федэрацыі 20 лютага 1995г. быў прыняты Федэральны закон № 24-ФЗ «Об информации, информатизации и защите информации». Структура: 5 глаў (1. «Агульныя палажэнні»; 2. «Інфармацыйныя рэсурсы»; 3. «Карыстанне інфармацыйнымі рэсурсамі»; 4. «Інфарматызацыя, інфармацыйныя сістэмы, тэхналогіі і сродкі іх забеспячэння»; 5. «Абарона інфармацыі і правоў суб’ектаў у сферы інфармацыйных працэсаў і інфарматызацыі»), 25 артыкулаў.

У гэтым жа годзе быў прыняты аднолькава важны дакумент як для Беларусі, так і для Расіі: рэкамендацыйны заканадаўчы акт Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД «О единой политике в области обязательного экземпляра документов», прыняты пастановай Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД 13 мая 1995г. У ім разглядаюцца мэты фарміравання сістэмы абавязковага асобніка, правы і абавязкі стваральнікаў (выдаўцоў), атрымальнікаў (бібліятэк, кніжных палат і інш.) і карыстальнікаў (чытачоў) дакументаў, якія рэкамендуюцца на ўключэнне ў склад абавязковага асобніка [6, c.3].

Наступным крокам у рэгуляванні ліцэнзавання выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці стала Пастанова Кабінета Міністраў РБ ад 21 жніўня 1995г. № 456 «О перечне видов деятельности, на осуществление которых требуется специальное разрешение (лицензия), и органов, выдающих эти разрешения (лицензии)». У дадзеным акце сярод іншых тыпаў дзейнасці адзначалася паліграфічная і выдавецкая дзейнасць.

У Расіі ў гэтым годзе ствараецца Федэральны закон ад 24 лістапада 1995 года № 177-ФЗ «Об экономической поддержке районных (городских) газет». У законе былі дадзены азначэнні тэрмінам раённая (гарадская) газета і федэральны рэестр раённых (гарадскіх) газет; акрэслены змест эканамічнай падтрымкі раённых (гарадскіх) газет, прынцыпы фарміравання федэральнага рэестра раённых (гарадскіх) газет, умовы ўключэння ў Рэестр раённай (гарадской) газеты, парадак фінансавання раённых (гарадскіх) газет, адказнасць за парушэнне закона. Праз некалькі дзён з’яўляецца яшчэ адзін акт: Федэральны закон ад 1 снежня 1995г. № 191-ФЗ «О государственной поддержке средств массовой информации и книгоиздания Российской Федерации». Структура закона: 4 главы (1. «Агульныя паняцці»; 2. «Падаткавае, мытнае, валютнае і іншае фінансавае рэгуляванне»; 3. «Асаблівасці прыватызацыі прадпрыемстваў, якія забяспечваюць выпуск газетнай, часопіснай і кніжнай прадукцыі»; 4. «Аб парадку ўступлення сапраўднага Федэральнага закона ў сілу»), 11 артыкулаў.

Такiм чынам, стварэнне нарматыўна-прававой базы для выдавецкай галіны было адной з прыярытэтных дзяржаўных задач у РФ і РБ. Аднак вырашэнне яе ў дзвюх краінах адбывалася па-рознаму і з рознай ступенню дэталізацыі. Гэта залежала ад эканамічных і палітычных умоў станаўлення незалежных дзяржаў, а таксама ад наяўнасці спецыяльных органаў кіравання галіной (у РФ Міністэрства друку і інфармацыі было створана 25.12.91, у РБ Міністэрства інфармацыі – май-чэрвень 1992).

У Расійскай Федэрацыі стварэнне заканадаўчай базы распачалося да прыняцця незалежнасці (з красавіка 1991г.), у Беларусі – толькі пасля абвяшчэння незалежнасці (кастрычнік 1991г.). У колькасным плане праца заканатворцаў РФ была больш інтэнсіўнай, чым беларускіх калег. З 1991 па 1995 гг. у РФ было створана 15 заканадаўчых актаў, У РБ – 9. Аднак змест і структура нарматыўных дакументаў абедзвюх краін дазваляе сцвярджаць, што і ў РФ і РБ фактычна былі прыняты ўсе асноўныя і неабходныя дакументы, якія спрыялі хуткаму і якаснаму станаўленню выдавецкай справы, нягледзячы на тое, што ў нашай краіне за гэты час быў прыняты толькі адзін спецыяльны закон «О печати и других средствах массовой информации», які датычыўся выключна выдавецкай галіны.

Далучэнне да міжнародных заканадаўчых актаў у РФ праходзіла больш актыўна, чым у РБ. Нашы суседзі за гэты перыяд падпісалі 4 пастановы аб далучэнні да міжнародных актаў, у той час, як Беларусь прыняла ўдзел толькі ў трох, з якіх дзве яна падпісала разам з РФ (1993, 1995). Праўда, Жэнеўскую канвенцыю РБ падпісала раней (1993г.) за РФ (1994г.).
Літаратура

1. Касько, У. Беларуская кніга ў міжнародным інтэр’еры / У.Касько // Журналістыка-2011: стан, праблемы і перспектывы: матэрыялы 13-й Міжнар. навук.-практ. канф., прысвеч. 90-годдзю БДУ, 8-9 сн. 2011 г., Мінск / рэдкал.: С.В.Дубовік (адк. рэд) [і інш.]. – Вып. 13. – Мінск: БДУ, 2011. – С. 56-58.

2. Ничипорович, С. А. Развитие издательско-полиграфического комплекса Беларуси в условиях становления рыночных отношений / С. А. Ничипорович. – Минск: Харвест, 2001. – 176 с.

3. Нормативно-правовая база издательской деятельности в России : учебно-методическое пособие к лекционным и практическим занятиям / сост. А. В. Зарубин ; под ред. Т. В. Поповой. – Екатеринбург : УГТУ–УПИ, 2008. – 398 с.

4. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь (электронная база данных библиотеки БГТУ, дата доступа – 13.12.2013; 20.12.2013).

5. Современное отечественное и зарубежное издательское дело : учебно-методическое пособие к лекционным и практическим занятиям / сост. А. В. Зарубин ; под ред. Т. В. Поповой. – Екатеринбург : УГТУ–УПИ, 2008. – 112 с.

6. Издательская деятельность : Практическое пособие. – Минск : Национальная книжная палата Беларуси, 2004. – 121 с.

7. Интернет-версия системы ГАРАНТ (http://iv.garant.ru/SESSION/PILOT/main.htm, дата доступу – 05.01.2014).



8. http://be.wikipedia.org/wiki/Распад_СССР (дата доступу – 06.01.2014).




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка