Уладзімір Караткевіч сівая легенда I




старонка3/3
Дата канвертавання30.04.2016
Памер0.93 Mb.
1   2   3

III


І калі жонка засталася ўдавой без

дзяцей, што мацуюць дом, - дай ёй

па сэрцы ладу на час кароткі, дабы

не паклаў Бог канца і мяжы дому і

роду мёртвага... Але не для ворага

дай, бо пракляне цябе зямля, і дом,

і народ твой.
Старажытны закон

Познім вечарам гэтага дня я стаяў на вахце ля дзвярэй замкнёнай бібліятэкі. Гэты загад даў мне сам Раман. Пані Любка дабілася праз Лаўра размовы з гаспадаром і хутка павінна была прыйсці. А вартаваць іх павінен быў я, і я сцяміў, што яны не хочуць, каб пра гэта ведаў нехта са сваіх.


Дзверы былі прычынены няшчыльна, і мне можна было бачыць цёмны дуб сцен, кнігі ў нішах за драўлянымі кратамі, цяжкі васьміногі стол, вялізны глобус і зорную сферу, абхвачаныя меднымі бліскучымі абручамі. Тут быў спакой, і мір, і кніжны пыл.
А перавёўшы позірк правей, я праз вузкае акно бачыў замкавы двор, вогнішчы, раскладзеныя на плітах, узброеных мужыкоў, залітых чырвоным вадкім святлом. Адтуль ляцела ціхая і страшнаватая песня аб наплываючай хмары і наступаючым турэцкім цару. І твары тых, хто спяваў, былі задумлівыя і, як заўсёды ў тых, хто спявае, прыгожыя. Але ж я ведаў, якія яны бываюць жахлівыя. Песня. Агонь. Косы.
І гэта было жыццё.
А ў бібліятэцы Раман казаў Лаўру:
- Ну, забіў. А ўсё ж так шкада дурня, быццам не загубіў ён майго жыцця... Разам галубоў з дурнем ганялі. Собіла ж яму пярэваратнем стаць, людзей мучыць. І мучыў, можа, таму, што сумленне было неспакойнае.
- Не таму ты турбуешся, - холадна сказаў Лаўр. - Надта ўжо ты, дзядзька, сэрцам да аксамітнікаў прырос.
Ракутовіч доўга маўчаў. Потым уздыхнуў:
- І тут твая праўда. Душа разрываецца. Крычаў сёння, што мужык - хрыбет усяму. І ведаю, што гэта так. І ведаю, што ягоная праўда, таму што ніхто так не пакутуе. А сэрца ліпне і ліпне да гэтых. З імі ездзіць вучыўся, сокалаў пушчаў, з імі скакаў, з імі ўпершыню напіўся.
- Дурыш, - непачціва сказаў Лаўр, - а яны табе на кожным кроку бязлітасна здраджвалі. Яны спяць і ў сне бачаць выспацца на тваёй скуры.
- Ведаю. І ўсё ж, каб не былі яны павей-ветрамі, каб не перакінулася ўся гэтая зграя да Варшавы і Рыма, - не пайшоў бы я з вамі. Дабром бы іх упрошваў добрымі быць з людзьмі.
- Іх упро-сіш, - працягнуў Лаўр. - Хіба сякерай толькі...
- Ведаю, - сказаў Раман. - Ды з гэтым скончана. І хопіць балакаць.
- А Ірына? - не сунімаўся Лаўр. - З ёю яны што зрабілі? Ці, можа, і яе забудзеш? Закруціш з багатай?
- Не магу забыць. Верны ёй. І няма мне забыцця. Ідзі, Лаўр. Ідзі...
Лаўр моўчкі прайшоў паўз мяне ў пакой насупраць.
Некаторы час я чуў у бібліятэцы толькі гулкія крокі. Потым убачыў праз шчыліну гаспадара, які падышоў да стала і адкрыў кнігу не кнігу - аркушы былі занадта розныя, - а хутчэй нейкія пасланні ды граматы, пераплеценыя ў агульную цялячую вокладку.
Ён чытаў, варушачы вуснамі, і раптам я пачуў знаёмыя мне словы, словы васьмігадовай даўнасці, словы з прашэння беларускага народа на сейм. Усе ведалі, хто яго склаў.
І гэтыя словы шмат у каго былі на вуснах. Ведаў іх і я.
- «Усяму свету вядома, - чытаў гаспадар, - у якім быў стане слаўны старажытны народ за некалькі перад сім год, аныня оный, падобна ўлюбёнаму Богам народу ізраільскаму, з плачам аб стане сваім вапіе: се мы унічыжэнны, пачэ ўсіх жывучых на зямлі, не імамы князя, ні правадыра, ні прарока...»
Гаспадар скалануў грывай валасоў. Заплюшчыў вочы і чытаў, можа, па памяці:
«Не даволі, што славуты народ рускі даведзены да такой вялікай бяды і толь цяжкага ўцяснення, будучы Бог весць за што ганімы... пазбавілі нас яшчэ і бясцэннага скарбу - златой волі, нахабным чынам прысвоіўшы оную».
Голас Рамана сарваўся. Ён бясшумна закрыў кодэкс і ціха сказаў:
- Такія словы сказаўшы, адрачыся ад іх. Эх, людзі...
І яшчэ цішэй, з нейкім жаласным дзіцячым непаразуменнем спытаў:
- Як жа гэта ты, Леў?..
Паглынуты гэтай споведдзю, я здрыгануўся ад нечаканасці, калі вузкая жаночая рука апусцілася на маё плячо. Перада мною стаяла пані Любка, накінуўшы на плечы белую - на знак жалобы - хустку.
- Можна да яго?
- Ідзіце, пані.
Яна ўвайшла і зачыніла за сабою дзверы. Нейкі час я нічога не чуў, але гэтыя дзверы былі з норавам: спачатку з'явілася вузкая шчыліна, пасля шырэйшая, потым такая, як раней. Я не стаў іх зачыняць - няхай сабе стаяць, як ім падабаецца.
І я пачуў мяккі, зусім не такі, як раней, голас жанчыны:
- ...і бяздзетных выганяюць з маёнтка другія сваякі. Хто абароніць, калі абаронцы забітыя?
- Чаму ж раней не было?
Дзверы адчыніліся яшчэ крыху шырэй. Праз рэдкую штору я ўбачыў гаспадара, які сядзеў на шырокай ложы, накрытай ручным русінскім кілімам, і жанчыну, што сядзела насупроць, праўдзівей, яе галаву, залацістую, злёгку нахіленую ўперад.
І гэтая галава ціха сказала:
- Ты нічога не ведаеш. Праз паўтара месяца пасля вяселля яны ішлі граміць цябе, і страла пазбавіла яго мужнасці.
Я сам сабе свіснуў. Так, нявесела было Кізгайлу. Вось чаму ён быў такі кіслы, калі Ірына праклінала яго.
- Ну што ж, - сказаў Ракутовіч, і я ўбачыў яго вялізныя шалёныя вочы, - вы ж і мяне пазбавілі кахання, пазбавілі роду... Ён гадзюка. Няхай згасне яго род!
- Ты сам разумееш, як гэта страшна, гаспадар, - ціха сказала яна.
- А што ты зрабіла для мяне добрага? - нахіліўся ён. - Забойства Якуба? Упартасць? Стрэл у брата? Яд? Другі вас бы з зямлі сцёр.
Жанчына, здавалася, вось-вось заплача. І я не чуў больш кранаючага голасу, чым той, якім яна загаварыла:
- А ты памятаеш, як мы збіралі пярэсны і лотаць? Мне было трынаццаць, ты - трохі старэйшы. Ты прывёз мяне ў лес на сваім кані. І я адчувала спіной руку, якой ты мяне трымаў, такую цвёрдую руку... Або калі ты прынёс мне крылы сіваваронкі, каб я магла ўбрацца мятлушкай*.
* Лясное стварэнне ў старажытнай беларускай народнай паэзіі.
Дзяўчына з крыльцамі матыля або птушкі - тое самае, што віла ў сербаў і фея ў старажытных брэтонцаў.
- Ты была мне як сястра... Але я не дарую вам, што вы пад замком Ірыну трымалі.
- Тады забі мяне. Не трымала я. Гэта ён.
- Я не ваюю з жонкамі, - сказаў ён, - я нобіль, і нас тры, чый род застаўся.
І раптам я пачуў яго крокі.
- Цхакен, - сказаў ён, з'явіўшыся на парозе (я стаяў, - павярнуўшыся спіною да дзвярэй), - пакліч Лаўра.
Насуплены Лаўр прайшоў у бібліятэку, і хутка там загучаў голас Ракутовіча:
- Бачыш гэтага хлопца? Падабаецца ён табе?
- Так, ён вельмі падобны да цябе, Раман.
- А яна табе падабаецца?
- Так, гаспадыня вельмі прыгожая.
- Дык вырашай, калі хочаш, я зараз, тут, зраблю яго дваранінам. Гэта будзе апошні дваранін.
- Не хочаш выслухаць мяне, Раман, - з дакорам сказала яна.
- А ты бяры яе ў жонкі. Будзеш трымаць гэты замак маёю рукой на выпадак, калі трэба будзе адседзецца.
Я бачыў упартую спіну Лаўра. Потым блазнюк падкінуў падбародак і з папрокам, відаць, жадаючы ўкалоць, сказаў:
- Не, гаспадар. Куды ўжо вароне... Ды і не хачу я дваранінам быць.
І Раман зразумеў укол.
- Тады ідзі, - сказаў ён сурова, - і чакай майго загаду.
Яны засталіся адны. І дзверы зноў былі прачынены. Не надта тыя клапаціліся аб таемнасці.
Цяпер гаварыла пані Любка:
- Ты так і не зразумеў мяне. Ты нічога, нічога не зразумеў. Гэта ж я вінаватая. Гэта я не дазволіла Аляхну аддаць табе Ірыну. Я не магла. - І я з жахам прадбачыў словы, якія зляцелі з яе вуснаў. - Цябе я кахаю, ты адзін мой жаданы... А ты не глядзеў на мяне: сястра і сястра. А Кізгайла спытаў на маю згоду... Як я магла... сваімі рукамі аддаць. - Голас яе перарваўся. - Раман, даруй мне мой грэх. Гэта ўсё я. Але ж я не магла іначай...
Раман маўчаў, сурова гледзячы ўбок. Я бачыў яго круты лоб, насупленыя бровы. Потым ён сказаў:
- Другая ніколі ў такім не сазналася б. Адна ты... Таму і не магу я цябе ненавідзець. І калі што перашкодзіла б мне цябе кахаць, дык не гэта тваё прызнанне.
- Раман... - сказала яна.
Ён маўчаў, і яна сказала яшчэ цішэй:
- Ды вазьмі ж ты мяне. Няўжо не разумееш, няўжо сляпы?
- А табе не брыдка, што я без любасці буду ляжаць з табой?
- Я кахаю цябе, - сказала яна. - Ці не ўсё адно.
- А Ірына? - глуха спытаў ён.
- Ты яе не пабачыш, гаспадар. Іх, напэўна, ужо затачылі. Яны адвезены ў Магілеў.
Ён устаў і павярнуўся да жанчыны спіною. Яна не бачыла, але ж я-то бачыў яго твар. Гэта было, як... як алень, што кліча вясной каханне, якое загубіў стралок. А ён не ведае, а ён кліча, і ў вачах неўразуменне, крыўда і няўтоленая пяшчота.
- Што ж ты, гаспадар?
- Не, - сказаў ён. - Я з табою не магу быць. Са мною ніводная не была з той пары.
Голас яго крыху ўзмацнеў:
- Але першае, аб чым ты прасіла, я не перашкоджу табе выканаць. Бяры хоць Лаўра. Калі дзіця з'явіцца ўчасна - ніхто не асмеліцца думаць, што яно не Аляхнова. Толькі не ведаю, нашто я раблю гэта. За тваю праўду? Ці шкада цябе? Ці я дурны?
- Дзякуй і на гэтым, - сказала яна горка. - Не даеш любові, але даеш хлеб.
Ракутовіч зрабіў крок да мяне, спыніўся:
- Швейцарац, прапусціць сюды гэтага хлопца. Помсты не будзе. Род не памрэ. - І дадаў: - І нават, можа, будзе праследаваць маіх нашчадкаў.
- Якіх, гаспадар?
Ён скалануў галавой.
- Я прыйду ў яе турму, - са страшнай упартасцю сказаў ён. - Выпалю ўсе замкі. Конскім хвастом попел размяту. Але з мячом ці ў ланцугах - прыйду. Жывы ці мёртвы - вазьму. Я яе вазьму з Магілевам, з усёй нашай зямлёй, з воляй або смерцю.
- Са смерцю? - узняла яна бровы. - Не верыш, значыцца?
- Не, але біцца буду нават без веры. Справа не толькі ў Ірыне.
- Але чаму не верыш?
- Ужо другая старая варожыць, што Ірына ніколі не ўбачыць мяне. А сёння тое самае крычаў Кізгайла.
- Ён панствам кляўся, - сумна ўсміхнулася яна, - а ты ж яго збіраешся звесці, панства.
- Не, - сказаў ён, - цуда не будзе. Няпраўду так скора не вынішчыш. Патрушу хіба вас трошкі?
- Нашто ж ты ішоў тады?
- Думаеш, не ведаю, што на смерць асуджаны? Ведаю. Людзей шкада. Зямлі дзядоў шкада.
- Тады здайся... Здайся, любы.
Ён засмяяўся, як дарослы над неразумным дзіцёнкам, крыху насмешліва і з паблажлівасцю:
- Не-е, такое я і праўнукам забараню. Калі няма шчасця для сябе, для суседа - чаго галаву берагчы? Тады яе назнарок ламаць трэба. - І дадаў: - Біцца трэба да канца, да іклоў, да апошняга хрыпу. Вы гэтага не зразумееце, вы спешчаныя. У вас і душы сталі не тыя.
- Раман, - сказала яна, - мне шкада цябе, мне страшна за цябе. Навошта ты нада мною злітаваўся?!
- Зла і так - мора. Не мне яго множыць. Жыві. Можа, сумленне заварушыцца?
- Ворагу даў літасць, - сказала яна.
- Праўда, ты ж самы страшны мой вораг.
- Гэты вораг кахае цябе, - ледзь чутна сказала яна.
Але ён ужо ўстаў, падняў яе і паставіў перад сабою.
- Бывай, варагіня. Бог з табою.
І пацалаваў яе ў галаву.
Я чуў яго крокі па калідоры, чуў яго кароткую размову з Лаўрам, чуў, як Лаўр паспрабаваў быў за нешта дакараць яго і як Раман на яго прыкрыкнуў. І я чуў потым ціхую размову юнака, падобнага на архангела, з пані Любкай. І чуў, як іхнія галасы рабіліся больш мяккія.
Я не разумеў толькі, чаму яна называла яго Раманам. Хіба што падобны? Але потым я адышоў ад дзвярэй. Мы цікаўныя таксама толькі да пэўнай мяжы...
...А раніцай мужыцкі цар выступіў з замка ў паход. Войска яго, што ўзрасло на трэць, аброслае нашай зброяй, закутае на чвэрць у нашы даспехі, стала сапраўды страшным. Валіла конніца, везлі пятнаццаць гармат, знятых з муроў, рыпелі вазы.
Косы. Вілы. Доўбні.
І я ведаў, што гэты чалавек за два тыдні ператворыць паляўнічых - у стралкоў, сялян - у баявых малацьбітоў, вуглепалаў, што звыклі да пешні, - у пікінёраў.
І ўсіх ператворыць у воінаў.
Перад тым як выехаць за браму, ён пад'ехаў да мяне, па-ранейшаму ў барвяніцы, па-ранейшаму на белым кані, падняў руку ў жалезнай пальчатцы і паказаў на замак:
- З табою людзі застаюцца. І баба. І муры. Беражы і брамы перада мною не зачыняй. Зімаваць прыйду.
Вочы яго гарэлі.
- Зберагу, гаспадар, - сказаў я. - І не зачыню. І другому не дам.
Ён кіўнуў мне галавою і паскакаў за сваім войскам.
Мільгануў удалечыні барвяны плашч. А потым усё закрыла бясконцая хмара пылу.
Нізавошта на свеце я не згадзіўся б другі раз стаяць на мурах супраць гэтага чалавека!

IV


Скардзіся, звон!

Без надзеі на цуда,

Кату аддадзены,

Ў змроку стаю,

Адрынуты Богам,

Адрынуты людам,

Адрынуты сонцам

У гэтым краю.

Скардзіся, звон!

Адное каханне,

Песню маю,

Сляпую ад мук,

Пакуль у грудзях

Не згасне дыханне,

Цемра не вырве з бяспалых рук.
Балада пра барвянага ваеўніка

Зніклі. Рассеяўся пыл.


І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні. У замку амаль не было мужчын, акрамя мяне і невялічкай варты. Ды і ў вёсках засталіся амаль толькі адны бабы.
Адшумеў май, адзвінела конікамі лета, адшапацеў лістапад. А потым пачаліся снягі, сінія, ваўчыныя, бясконцыя.
За гэтыя месяцы адбылася толькі адна нечаканая гісторыя. Я ажаніўся. Абкруціла мяне тая самая вартаўнікова дачка, Дар'я. Хлопцы мае не хацелі сядзець і пайшлі. Засталося чалавек дзесяць з тых, што былі ў гадах, не хацелі цягаць сваю скуру па брудных палёх пад свінцовым дожджыкам і запрагнулі спакою. Большасць таксама перажанілася. І пачалося ціхае жыццё з ежаю, ды пітвом, ды цішынёй.
Жонка трапілася харошая, памяркоўная, несварлівая. Ды я і сам такі. Так што жылі добра, па-божаму. І я пачаў уставаць уначы, каб паесці, і звыкнуў да іхняга палявання, і гаварыў з імі, як яны. І пачаў нават звыкаць да іхняй лазні, хоць і не падымаўся высока на гэты жахлівы палок.
А вакол вылі снягі, ды заяц пляміў шарон сваімі скачкамі. Зрэдку даходзілі чуткі пра мужыцкую вайну, але лёзныя* так іх перакручвалі, што і верыць не хацелася.
* Вандроўныя.
Ракутовіч не прыйшоў зімаваць, як абяцаў.
Ніхто не прыйшоў да цёплых нашых печак. Ніхто не прыйшоў і потым, калі зіма пачала чахнуць і сплываць адлігамі.
Мы даведваліся, што замкі падаюць далей, што ўсіх дваран апанаваў люты жах, што нястрымныя і перамаганосныя, як раней, мужыцкія палкі. Ды і як ім не быць храбрымі? Самая ж смерць была лепшай за такое жыццё.
А потым была ракавая бітва на Ўрэчаскім полі, калі панскае войска раздавіла сваім жалезам мужычыя палкі. Яны ўцякалі, і завея космамі снегу залізвала іх сляды.
Прайшла чутка, што барвяны ўладар забіты ў гэтай сечы. Але гэта была няпраўда.
І акурат у лютаўскія дні, крыху раней прызначанага, - і гэта было добра, таму што забівала сумненні, - у нас у замку заплакаў новы жыхар, сын пані Любкі, Якуб Кізгайла. Гаспадыня занадта перапалохалася, калі прыйшла звестка з Урэчаскага поля. І я не бачыў твару больш радаснага, чым у яе, калі мы даведаліся, што частка войска, на чале з правадыром, адступіла, разграміўшы нашчэнт галаўны полк шляхецкага апалчэння, і шнырыць паміж панскімі атрадамі, прарываючыся на ўсход, да маскоўскага рубяжа.
А яшчэ праз месяц прыйшла вестка, што Рамана разбілі і вязуць у ланцугах у Магілеў.
Пані Любка разбудзіла мяне ўначы. Твар бледны, вусны сінія. Толькі і здолела сказаць:
- За ім!
І памчаўся наш вазок па сакавіцкім расталым снезе да славутага горада. У вазку пані з немаўляткам, - харошы, здаровы хлопчык! - а вакол дзесяць чалавек коннай варты з паходнямі ды я. Давялося-ткі нацягнуць даспехі на разгультаенае цела.
Скакалі ўдзень і ўначы, змоклыя, галодныя, заляпаныя праснакамі расталага снегу. На дарозе здзічэлыя сабакі ды зрэдку панскія раз'езды, ды па начах глухія і безнадзейныя пажары вёсак.
А ў гаспадыні твар як маска, як крэйдай набелены, і непаслухмяныя вусны толькі і могуць вымавіць:
- Хутчэй! Хутчэй!
І я ўжо не называў гэтых людзей вар'ятамі. Прывык. Гэта добра - загнаць каня, калі душа патрабуе.
Пад Дарамі Лыкаўскімі сталі трапляцца слупы з павешанымі людзьмі. А потым, яшчэ здалёк, заўважылі мы натоўп народу наўсцяж дарогі. Вялі палонных, і кожны з натоўпу хацеў даведацца, ці няма сярод іх свайго чалавека. Тыя ішлі моўчкі, суровыя, з непакрытымі льнянымі галовамі. І зусім іх было мала. Амаль ніхто не здаваўся, а астатнюю, большую, частку Раман выкупіў сваім целам: паставіў умову, што здасца, калі іх адпусцяць.
І здаўся. Пасля гэтага кінуліся лавіць адпушчаных уцекачоў, ды куды там. Ад людзей мы і даведаліся, што Рамана правезлі яшчэ ўчора. У гнойных драбінах. Прыкутага за нагу да градкі. Сядзеў быццам маўклівы і зусім не хмурны, з светлым абліччам, быццам усё зрабіў на зямлі і замкнуў свой круг.
Вельмі шляхта з яго здзекавалася. Самога яго баяліся зачапіць, нават скутага, дык яны меч ягоны двухручны ззаду на вяроўцы прывязалі, і валачыўся ён усю дарогу за возам па снезе ў разбоўтанай гразі. Народ плакаў, гледзячы на ганьбу.
Шляхта плявала на меч.
А ён быццам сказаў толькі:
- Нічога, вашы пляўкі зямля сатрэ.
І яшчэ мы даведаліся, што Лаўр, хлопчык-архангел, прабаваў адбіць Ракутовіча і паў падчас стычкі, забіты ўдарам чакана ў залатую галаву.
Пані занурылася крыху - і толькі.
А народ валіў за палоннымі, і над натоўпам стаяў ціхі, амаль нячутны стогн.
Лепей бы ўжо крычалі.
Пані яшчэ мацней загадала гнаць коней. І мы прыскакалі ў горад і спыніліся на Лупалаўскім прадмесці, у парафіі Святой Тройцы.
І адразу, не адпачыўшы, ілба не перахрысціўшы, удваіх з паняй памчаліся ў крэпасць - яна ў вазку, я - вярхом.
Здзівіла нас мноства п'яных у прадмесці, а потым і ў самым горадзе. Выявілася, што пакуль звестка пра злоў яшчэ не прыйшла - з ганцом прыбыло дазваленне лішнія дні чатыры супраць Магдэбургскага права, і не ў тэрмін, варыць піва, і гарэлку, і мёд.
Горад увесь праваслаўны, багаты і ганарлівы, муры каменныя, купалы залатыя, валы, равы, вежы. А людзі - хоць у сані запрагай, такія біцюгі. І ўсе п'яныя.
Пачалі шукаць спосаб, як трапіць у горад. Праехалі праз каменную Быхаўскую браму ў вале, а потым памучыліся. Торкнуліся да Каралеўскай брамы - нельга, паехалі да другой - нельга. Праз Малую Пешаходную, да ракі Дубровенкі, - нельга. Баяліся, што ўварвецца мужыччо ў горад і будуць разня і смута.
Нарэшце трапілі праз Алейную, ля якой яўрэйская школа. Пад брамаю парахавыя склады, а на браме ікона Божай Маці. Няправільна магілеўцаў дражняць, што яны яе прадалі, а грошы прапілі разам з войтам. Непарушна сцеражэцца ікона!
І толькі тут пані загадала спыніць вазок, выйшла з яго і па костачкі ў расталай жыжцы, змешанай з гноем, пайшла да брамы. Я таксама злез з каня і глядзеў.
А яна падышла бліжэй і проста ў футры, у вішнёвай фалендышавай* сукні павалілася на калені ў снег, прынікла галавой да зямлі.
* Галандскае сукно.
- Маці Божая, заступніца, святыя вочы, чыстыя. Ты хоць даруй грахі нашы. Прайдзі стапою лёгкай, пачуй нашы мукі.
А зверху глядзіць на яе цёмны валавокі лік. І па ім цені: мітусіцца знічка. І здалося мне, быццам з болем, са спагадай глядзіць лік на зрынутага чалавека, а нічога не можа зрабіць. І рука, тонкая, вузкая, блакітная, толькі запясцем сына лёгка трымае: «Вазьміце, людзі, калі лягчэй вам будзе. А я нічога зрабіць не магу. Цяжкі ён, крыжовы шлях».
А ў пані ўжо голас здзічэў:
- Маці Божая, кахання не дала, шчасця не дала - яго ж хаця пашкадуй. Сама бачыш, крыж з народа твайго здзіраюць, каб ярмо нацягнуць. За яго, за люд твой пакутаваць чалавек будзе... Не давай выгаляцца. Не папусці агнявой пакуты, не папусці сякеры. Уратуй, злітуйся міласэрным сэрцам сваім.
Ледзь я яе падняў, адчайную, з голаю галавой. Каб яе ў гэты час нажом рэзаў - не адчула б. І пайшлі мы па горадзе, таму што хутка з вазком праехаць нельга было: столькі народу набілася ў галоўныя вуліцы.
Каля драўлянай Спаса-Праабражэнскай царквы, распісной, лядаштай, цэлы натоўп мяшчан, больш цвярозых, раіўся, як быць. Крычалі, хапалі адзін аднаго загрудкі; адразу было відаць - нічога талковага не атрымаецца.
Ландвойта*, што прыехаў сунімаць крык і агіднасць, закідалі расталым конскім гноем і наўздагон свісталі ў два пальцы і ўлюлюкалі. А на Замкавай вуліцы і таго горай. Цяжкае гарадское пахмелле.
* Намеснік войта, адзін з упраўляючых горадам.
Ды толькі позна ўжо: за два дні паспелі сцягнуць у Магілеў такое войска, што кожны трэці чалавек на вуліцы - латнік або ўзброены дваранін.
Даведаліся мы толькі, што Ірына жывая. Сядзіць у склепе, у клетцы, на Ветранай вуліцы, каля драўлянай брамы. І нават на пробу вогненную яе яшчэ не ставілі і наўрад ці паставяць - усім ясна, невінаватая.
Гамарня, носяць на каромыслах цэбры з яблыкамі, мяшчане журавіны марожаныя з рук ірвуць - на пахмелку, штурхаюцца разносчыкі, непатрэбныя дзеўкі.
І раптам зараўлі дуды, расступіўся народ, і - як паміж сцен - прайшла гарадская варта, а за ёю шэсць чалавек у дарагім сукне, з пальцамі, унізанымі золатам і камянямі.
- Магістрат ідзе. Войт, - зашапталіся ў натоўпе.
Ішлі яны, апусціўшы вочы. Толькі што самі аддалі Ракутовіча ў рукі замкаваму правасуддзю. Ды і нічога нельга было зрабіць - дваране замкавай юрысдыкцыі падпадаюць. Вытаргавалі толькі, каб судзілі ў ратушы і каб у складзе судзілішча быць войту і двум радцам, і на тым дзякуй.
Некалькі дзён кідалася пані Любка па горадзе. Усе яе прынялі, і ласкава аднесліся, і шкадавалі за ўдовіна гора і сіроцтва сына. Сказалі, што быць ёй галоўнай сведкай і пры вынясенні выраку дадзены ёй «цяжкі голас» права выказаць сваю думку. Яна ўздыхнула. Ясна было, куды вядзе справу каптуровы* суддзя.
* Суддзя, якога выбіраюць з дваран на час смутны або міжцарства.
А на Аляксея, божага чалавека, на Замкавай столькі народу збеглася - не прапхнуцца праз натоўп. Ледзь нам удалося ўзабрацца на ганак у доме былога войта Славенскага. Сам ён ужо год трыццаць як у зямлі спачываў, а ў доме жыла яго звар'яцелая жонка-дваранка ды дачка-пярэстарак.
Стаім, ціскаемся. Сырасць такая золкая.
І раптам зашумеў, неахвотна даў дарогу магілеўскі люд. Убачыў я перш за ўсё коннага чалавека ў чорным, насатага, са шчокамі, якія быццам да зубоў прыліпалі. Галава непакрытая - яшчэ б, скруха: нобіля, што зганьбіў саслоўе, судзіць давядзецца.
А за насатым яшчэ і яшчэ коннікі, у парчы, сабалях, утэрфіне*. Шаблі рознакаляровымі агеньчыкамі ззяюць.
* Тонкае, вельмі дарагое сукно.
Прыехалі Дэспат-Зяновіч, Загорскі, Сапега, князь Друцкі - судзіць у ратушу. І павезлі з сабою ўніверсал караля, згоду рэляцыйнага суда на любое рашэнне дваран аб нобілю Ракутовічу.
І не паспелі праехаць - завыў, загаласіў юродзівы, прабег за імі, закрываючы пальцамі - у засохлай крыві - вочы.
- Дэманаў бачу, чорныя ўсе... лятуць! Светленькага агнца хочуць зарэзаць, кішкі ягоныя зубамі валачыць.
Народ шарахнуўся ўбок. А тыя праехалі да ратушы, і дзверы зачынілі.
Да вечара яны там прэлі. І наступнага дня. А мы абодва дні стаялі ля дзвярэй ратушы і на ганку. Пані Любку выклікалі сведкай, але яна сказала, што Раман мужа ў баі забіў і езуітаў павесіў за атруту, усяму ж астатняму даў літасць. І пад канец самлела.
Суд застаўся ёю вельмі незадаволены.
А народ усё больш шумеў ля дзвярэй ратушы і на плошчах. Я сам чуў, як багаты хлопец з мяшчан, абуты ў саф'янавыя кабці, у лісіным кітліку наапашкі, крычаў нема:
- Не даць ім Рамана на разарванне. Ён веру правую ўратаваць хацеў, як продак ягоны ратаваў ад татар. Усім вядома, што не Міндоўг іх біў ля Крутагор'я. Ён і граматы дагары нагамі трымаў, кажух смярдзючы. Хто конніцу татарскую апракінуў? Ракута, Раманаў продак!.. Таму мы і белыя, што татар не нюхалі!
Людзі рваліся і да дзвярэй ратушы, крычалі:
- Няправедная гэта справа, нобіля судзіць.
І ім паказалі ўдаву Кізгайлы, жывое абвінавачанне, і немаўлятка Якуба паказвалі з гульбішча, лаялі Ракутовіча:
- Немаўля нявіннае яшчэ ў чэраве асіраціў. Ірад! Вораг усіх беларусаў з існымі!
А спрэчкі ў ратушы ўсё цягнуліся. Сапега з Друцкім стаялі за смерць. Але магістрат быў супраць. І на яго бок схіліліся Дэспат-Зяновіч і Загорскі. Апасаліся, не было б спакусы для малых.
Крычалі да хрыпаты, лаялі адзін аднаго псамі і па-іншаму. І, можа, нічога б не вырашылі, каб не прыйшлі людзі з Лупалава і Падуспення. У натоўпе адразу засмярдзела скурамі і рогам, і крычаць пачаў натоўп зусім іначай:
- Заб'яце яго - смута будзе! Забылі, як пры магілеўскім бунце ў порткі клалі, будзеце і цяпер. Стаха Мітковіча ды Гаўрылкі Іванова* на вас няма. Памяць каціная! Забылі, як дзверы судовай залы адбілі? Набату не чулі даўно?! Будзе і вам тое ж!
* Стахор Мітковіч і Гаўрыла Іваноў - верхаводы горада Магілева супраць караля (1606-1610).
І тады Загорскі сказаў апошняе слова:
- Добра. Нобіляў на пласе не забіваюць. Няхай быдла верыць.
Мы з ганка, а пасля з акна вазка бачылі, як рухаліся на гару, пад аховай крылатай варты, драбіны. І ў драбінах той, хто загадаў мне трымаць замак. Пасівелы на скронях, бледны, але спакойны.
Толькі на імгненне кароткае ён спакой свой згубіў. Падвезлі яго ўжо да самых дзвярэй ратушы і спынілі воз. А тут з акна дома Славенскага ашалелая войтава жонка закрычала і стала яму пальцамі вілы рабіць:
- Антыхрыст! Дваран пабіў, прымучыў. Судзіце яго, людзі добрыя, ды не патурайце. Калі ягоная дзеўка гэтага ірада яшчэ хоць раз пабачыць - канец панству на зямлі, а славуты горад у смутах зняможацца.
Я заўважыў - шмат хто сумеўся ад гэтых слоў. Нават сам Друцкі, што стаяў на высокім ганку з граматай у руцэ, апусціў вочы.
А Раман справіўся і нават з усмешкай і са светлымі вачыма слухаў прысуд. Мы далёка стаялі і толькі-толькі да сэнсу дайшлі па асобных словах:
- Маетнасці пазбавіць... адсячы рукі, дабы падступнага мяча не ўздымалі... шчыт ганьбаванню падвергнуць і адусюль, акрамя Гарадзельскага прывілею і статута, самае імя вытравіць на застрашэнне другім іншым.
І яшчэ зразумелі: баніцыя* за межы Мсціслаўскага ваяводства: вечная ссылка ў малую весь.
* Выгнанне.
Ударыў бізун па конскіх спінах. І давялося Раману праехаць увесь шлях. Правезлі яго ад вазніцы да замка, да насыпной гары, міма храма Сарака Пакутнікаў да Спаскай царквы. Па ўсім горадзе, дабы бачылі, як караецца ліхадзейства.
Прывезлі на плошчу ўжо ўвечары, змяркацца пачало. Там паклалі на насілы, прыкруцілі і, накрыўшы саванам, панеслі ў храм - жывога адпяваць.
На ўсё жыццё я гэта запомню. Снягі лілавеюць, з акон на снег - цёплыя жоўтыя агеньчыкі. І спевы - ох, якія страшныя спевы!
Юрод на паперці заскакаў:
- За гарэлку Бога прадалі! Возьмуць вас за гэта чорт Савул і чорт Калдун! Брамы вашы паваляцца, магілы мышакоўскія ўвесь Мікалеўскі спуск зоймуць. Косткамі ён заваліцца. Быць крумкаччу сытым! Костку быдлячую знойдзеце ў зямлі - і ад той пойдзе паморак і пошасць.
Стала нельга слухаць - так страшна завыў народ.
А Рамана ўжо вывелі - ён і сапраўды быў бялейшы за труп, хоць ішоў цвёрда, - узвялі на памост, на якім стаяў містр, а па-простаму кат у чырвонай доўгай сарочцы. Так яны і стаялі, чырвоны і белы на Рамане быў саван.
І сталі падаць на натоўп цяжкія словы:
- Меч яго зламай, кат... Вось нарог ад ніў яго - аддай яго другому, кат.
І пад канец узяў містр шчыт і ўцяў сякераю яго востры канец, а верхняе поле замазаў дзёгцем і сажаю.
Жонкі дваранскія так загаласілі - хоць затыкай вушы: няма кары страшнейшай за гэту для двараніна.
А Ракутовіч паглядзеў на іх вялікімі незразумелымі вачыма і толькі ўсміхнуўся:
- Нічога, затое шчыт цяпер на вашы непадобны, на чысценькія.
А сам сеў, абняў плаху нагамі, каб на калені не станавіцца.
Твар ката, барадаты да самых вачэй, пацямнеў, і рукі дрыжаць.
- А ты смялей, - кажа яму Раман, і голас такі просты.
Кат узяў сякеру.
- Пачакай, - кажа Раман, - дай апошні раз на пальцы паглядзець.
Сагнуў іх некалькі разоў. І раптам шырока перахрысціў народ. Крыкнуў:
- Ударыць за цябе яшчэ раз не магу, дык прымі хоць апошняе маё благаслаўленне.
Плач узняўся, стогн. А Раман паклаў ужо рукі на цурбан:
- Сячы.
Занеслася сякера. І мы толькі ўчулі глухі ўдар.
Ж-жак!
Задрыжаў лядашчы памост.
А Раман устаў, стаіць і рукі ўздымае. Правая рука вышэй кісці адсечана, левая - наўскос, засталіся на вузкім абрэзку мезены і безыменны пальцы. Ці то пашкадаваў кат, ці не разлічыў.
І тут лекар з яўрэйскага кагалу замітусіўся: толькі жоўтая галаўная павязка мільгае. Памазаў чымсьці абрэзкі, і кроў свістаць перастала. Ледзь капае.
А Раман быў такі моцны, што нават прытомнасці не страціў і застаўся стаяць на нагах.
Так і скончылася ўсё гэта. Не атрымалася ўстрашэння.
Цяпер трэба было толькі лёс «дзеўкі» вырашыць. І прымеркавалі гэтае рашэнне да таго дня, калі везці належала Рамана ў выгнанне.
Напярэдадні гэтага пані Любка дабілася спаткання з Ірынай.
Суправаджаў яе і я. Спусціліся мы ў сутарэнне ля драўлянай брамы, і зноў я ўбачыў аленевыя вочы ды надламаныя бровы. Праз краты.
Любка расказала ёй аб усім. А тая ўсміхалася:
- З-за мяне... А я праз горшае прайшла б, толькі б ён маё каханне ўбачыў.
Ох, якія гэта вочы былі! Шэрыя, прамяністыя, такія зіхатлівыя!
У пані Любкі нават ярасць на твары выступіла.
- Загубіла нобіля сваім чараўніцтвам. У ссылцы цяпер будзе. Аддай яго другім. Здымі чары.
- Не, пані, гэтых чараў не знімеш. А калі нават магла б - не зняла б. Ён - сонца маё. Хіба што з сэрцам толькі гэтае святло ў мяне ўзяць можна.
Любка ўстала, пайшла да дзвярэй.
- Дык не аддасі?
- Не, гаспадыня. Загубіла ты нам жыццё, а шкада мне цябе. Дзеля дзіцяці свайго - не цкуй, не ўціскай да канца Рамана. А мяне хоць і забі. Усё адно я цябе шкадую, я ж мацнейшая.
Наступнага дня мы зноў прыехалі ў вазку да Замкавай плошчы. Вырашаўся лёс Ірыны, а лёс халопкі без гаспадыні не вырашаецца.
І ледзь паспелі мы праехаць праз гурты народныя - узняўся на вуліцах плач:
- Дзяўчынанька, бедная!
- Не быць вам разам!
- Не ўбачаць яго твае вачаняткі.
Ад Сарака Пакутнікаў ехаў просты воз, і ў яго толькі ледзь саломкі падкінута. А на возе скутая Ірына ў белай сукенцы і казнатцы* з каразеі - белага сукна. Прыбралі. Учора ж у рыззі была.
* Жаночая верхняя вопратка.
Едзе, глядзіць на людзей ззяючымі вачыма, велікаваты рот усміхаецца. Рада, даўно ж не бачыла нікога. Такое яшчэ дзяўчо, таненькая - двума пальцамі зламаць можна.
А плач коціцца хвалямі:
- Ясачка ты наша, заступніца. Даруй табе Бог. А і ты нам даруй.
І яна кланяецца і радасным голасам - усё адно канцу нейкаму быць - кажа:
- Даруй, люд праваслаўны, даруй.
Спынілі воз ля вузкага высокага дома: замкавага суда. А Ірыну знялі з воза, павялі пераходамі ўгору.
У зале доўгі стол, крэслы без спінак, смярдзіць атрамантам са скураных чарніліц. І з акон так мала святла, што запалены тры свечкі. Ад адной струмень куродыму на нізкую скляпенчатую столь.
Больш нічога. Хіба што цяжкія дзверы ў правай сцяне. У катавальню. За сталом Друцкі, Дэспат-Зяновіч ды два пісцы. І яшчэ радца з магістрата.
Гаспадыня села і сядзіць, бледная, нерухомая, як ідал. І павекі самкнёныя. А на высокай прычосцы футраная шапачка з заморскімі пер'ямі.
Разбор быў кароткі. Іспісалі правіны, якіх не аказалася, акрамя цягі да мужыцкага цара. Ніякіх пошчакаў - падстаў для падазрэння, ніякіх рахаванняў - нарад з мяцежнікамі. І ніякіх падстаў меркаваць аб зламысным, хіба што толькі паспрабуе пабачыцца з Раманам.
Што рабіць?
У Друцкага яшчэ больш сухая скура да зубоў прыліпла.
- На прэнг* павесіць - няма чаго. Катаваць дарэмна не трэба. Але і пусціць небяспечна... У замкавае сутарэнне, на вечнае зняволенне. Або - лепей - на агнявую страту. Прываражыла былога нобіля.
* Дыба.
- Чаму? - пытае Дэспат-Зяновіч.
- Не абышлося тут без чараўніцтва, - з'едліва кажа Друцкі. - Не такое каханне Ўсявышні ў Кане галілейскай бласлаўляў.
А Дэспат усміхаецца:
- Каханне... А што ты ў ім разумееш? Яно ўсякае, каханне. Ці Богам, ці чортам дадзенае, а ўсё адно лепшага за яго нічога няма. - І звяртаецца да радцы: - А твая думка якая?
- Пусціць, - уздыхнуў той, - аддаць гэтаму іраду. На Рамане Ракутовічу роду канец. Нядобра.
- Ясна, - кажа Дэспат.
І тут ускочыў князь Друцкі - замітусіўся цень па столі.
- Пусціць? Аддаць? А Кізгайла-пакутнік у чым перад смерцю кляўся? А апантаная надоечы што прарочыла? Хочаш смуты вечнай, хочаш канца панству? Страціць вядзьмарку!
А Ірына стаіць перад ім, глядзіць прамяністымі вачыма:
- Не кахаў ты, відаць, князь. Свечачны агарак у цябе замест сэрца. Якое ж тут чараўніцтва? - І да Дэспата: - Не чаравала я. Калі і чаравала, дык вачыма, голасам, словам.
Пані Любка глянула на яе і апусціла вочы. А Дэспат-Зяновіч глядзіць на падсудную. Твар у яго здаровы, нязграбны. А вочы разумныя, як у сабакі.
- Ну скажы, пан, чым я яго чаравала? Крыж на мне.
Той усміхаецца сумна:
- Бачу, чым ты яго чаравала. Бачу, дачушка.
І вочы прыкрыў. Я амаль ведаў, аб чым ён думае. Ведаў, як ён у Варшаве жыў маладым, у каго па дурасці закахаўся. І чым гэта скончылася.
Але ён нядоўга думаў. Заміргаў раптам вачыма і, жорстка так, кажа Друцкаму:
- Яно не пытае, калі прыходзіць і куды. Можа і сатыр закахацца ў Геру. Ды і яна яго можа пажадаць. Бліскавіц не баючыся.
- Табе лепей ведаць, - з'едліва кажа той.
Але Дэспат ужо ўзняў павекі:
- Тваё слова якое, пані Любка?
- У Кісцяні Ракутовіча нельга саслаць?
Дэспат прыжмурыў вочы. Глянуў на паню спадылба. І быццам адрэзаў:
- Не.
Любка ўзняла вочы, уважліва паглядзела на Ірыну. І выдыхнула:
- Аддайце тады яму... Чаго ўжо...
- А прарочыцы словы? - узвіўся Друцкі.
- Усё адно аддайце.
Друцкі фаліянт на падлогу змахнуў. Потым устаў. Галава пад самаю столлю.
- Што ж, аддайце, калі ўсе на аднаго. Але вось вам і мой голас: чарадзейству ў Магілеве не бываць, мяжы панству нашаму - не быць. І таму няхай кат раней аслепіць яе.
- Ах, Друцкі, Друцкі, - паківаў галавою Дэспат-Зяновіч.
І паглядзеў на Ірыну:
- Бачыш, дзяўчынка, у што ўперліся. А ты як мысліш?
Тая ўся так і падалася да яго:
- Пане літасцівы, абы з ім.
- Падумай, - ціха кажа той, - можам проста адпусціць. Ідзі ў свет. Мужыкоў многа.
А ў той вочы раптам светлымі сталі больш ранейшага. Такія вочы, шэрыя, мяккія, невыказныя.
- Няхай сляпая. Няма свету без яго.
- Ну глядзі, - адвярнуўся Дэспат. - Няхай будзе па-твойму... Ідзі.
Кат у дзвярах з'явіўся. І яна пайшла да яго, пайшла спяшаючыся, лёгкай ступою. Быццам у паветры плыла. І ўсё паскарала, паскарала крок.
А на парозе павярнулася, паглядзела на нас:
- Дзякуй усім. Зараз-то я ўжо з ім. З ім.
Ах, вочы, вочы! Шэрыя, пушыстыя ад веек. З блакітнымі іскрачкамі.
І я чамусьці старую нямецкую песню ўспомніў. Адвыкнуў зусім, а тут успомніў:


Жыццё сказала:

«Свет гэты - мой.

З праха вырасце кветка вясной.

Каласамі ўзыдзе пад дажджом перагной».

Жыццё сказала:

«Свет гэты - мой».

А потым цяжка бухнулі за ёю дзверы. І зараўло там, за дзвярыма, полымя.


Я не мог гэтага вытрымаць. Я выйшаў на крыты ганак і стаў за калону. А народ ужо даведаўся аднекуль. Стогн каціўся над усімі, хто быў на двары і па-за ім.
І ўсе глядзелі на высокі ганак, на дзверы суда.
І яшчэ адны вочы глядзелі, доўгія, светлыя, незразумелыя.
Ля самага ганка, абкружаны вартай, стаяў воз, усланы саломай. Вялізны воз, падобны на труну, запрэжаную шасцю шкапамі.
На дне каша быў умацаваны слуп, а ля яго стаяў чалавек, прыкуты да слупа доўгім ланцугом за пояс. Грыва валасоў, круты лоб, жорсткі і горкі рот. Нават на Рамана не глядзеў зараз натоўп.
Я спусціўся з ганка і стаў каля варот. З заснежаных стрэх капала, віселі ледзяшы, раз'езджаны, зярністы, жоўты ад гною шоргаў пад нагамі снег. І на ўсё гэта з неба лілося такое шэрае і такое ўсё ж па-вясенняму яркае святло, што балелі вочы.
Заснежаныя дахі, заснежаныя, падталыя з поўдня купалы, шэрыя драніцы, што адлівалі зялёным.
І над усім такая ціша, што страшна. Змоўклі раптам усе. Ніхто нават з нагі на нагу не пераступіў. Чакалі.
І вось зарыпелі дзверы. Павольна адчыніліся. І ў дзвярах паказаўся Дэспат-Зяновіч. А за ім - Ірына. Адной рукой трымаецца за Дэспатаву руку, а другая ў паветры працягнута. За імі кат вываліўся. Стаіць.
Кат пашкадаваў яе. Толькі зроку пазбавіў, а вочы не вырваў. Ідзе яна і проста быццам спіць на хаду, закрыты вочы, пушыстыя веі апушчаны.
І Дэспат - першы яе павадыр.
Яны зусім былі падышлі да сходаў, калі кат раптам зрабіў следам некалькі крокаў і стаў на калені.
- Даруй мне, даруй, - варушыць тоўстымі губамі.
І яна папрасіла, каб стаў ён ёй пад руку. І паклала далонь на шорсткую, як поўсць, грыву.
- Даруй табе неба. Ты нас зноўку звёў.
Выйшаў з дзвярэй на балюстраду Друцкі-князь.
Стаіць, глядзіць на гэта, усміхаецца. Гурма, пабачыўшы ўсмешку гэтую, натапырылася ўся. Такія ўжо мы людзі: лепей галаву сячы, чым плюнь з усмешачкай. Будзь катам, толькі ў душы катаўство не трымай. А гэтыя два ўсё яшчэ спускаліся з ганка.
Ах, доўгі, доўгі гэта быў шлях! Не карацей усяго жыцця, што яшчэ заставалася.
А ў спіну тым, што спускаліся, Друцкі крыкнуў:
- Бяры яе, Раман. Вядзі па дарогах няпраўды, па якіх пайшоў. Радзі дзяцей, напалову халопаў, напалову ізгояў.
А Раман у адказ усміхнуўся. І была гэта такая ўсмешка, што Друцкі зразумеў: не абразіў, не зняважыў ён скутага, а пасяліў у ім цвёрдасць. І ён не вытрымаў, пайшоў, грукнуў дзвярыма.
Прыступка. Прыступка. Яшчэ прыступка.
Спускаюцца белыя, футрай аблямаваныя кабцікі. Дзеўка з нагамі лебедзя. Што? У лебедзя чорныя ногі? Я сам ведаю. А ногі ўсё ж былі лебядзіныя.
Ударыў недзе першы далёкі ўдар звана. Упаў у цішыню, як камень у ваду. І адразу закружляла, закаркала вараннё, быццам камякі сажы ўзляталі і асядалі на стрэхі. Яна магла толькі чуць іхні крык. Але затое яна адчувала: пругкі і цяжкі мокры вецер быццам далонню штурхаў у твар. І яна ішла насустрач гэтаму ветру.
Дэспат падвёў яе да воза:
- Бяры. Не табе б, ворагу роду чалавечага, такую дзеўку.
- Добра, - сказаў Раман, - час нас з табою рассудзіць. І шмат грахоў табе даруецца, Зяновіч, за тое, што ты яе вёў. Дай табе Бог на тым свеце жаданай сустрэчы, калі на гэтым не атрымалася.
- А за гэта табе дзякуй, - сказаў Дэспат і змоўк.
Зноў упаў чорны ўдар звана. А ў Рамана валасы амаль што сталі дыбам, і ён цягнуўся да яе, а твар плакаў без слёз такой тугою, такой пяшчотай, якую і адшукаць цяжка на зямлі.
Звон ударыў.
І яна працягнула да чалавека на возе рукі, быццам да святла нябачнага.
- Раман, вазьмі мяне.
Чыясьці рука падхапіла яе, дапамагла падняцца. І там, наверсе, яе з трапяткой прагнасцю, пяшчотна і асцярожна схапілі яго абрубкі, прыцягнулі да грудзей.
Ён стаяў, абапіраючыся спіною на слуп, стаяў з перакошанымі бровамі. Стаяў, прыпаўшы вялікім ротам да яе валасоў. І ў вялізных вачах было такое, чаго лепей не бачыць на гэтай Богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі.
А яна прынікла попельна-залацістай ускалмачанай галоўкай да яго грудзей, там, дзе білася сэрца.
Бледны твар, пушыстыя веі апушчаны. І ўсмешка - быццам бачыць шчаслівы сон.
І твар ваеўніка плакаў без слёз.
Я здзівіўся, такая яна была таненькая ў яго руках...
І ўсе людзі маўчалі.
...Таненькая, таненькая.
І поруч са мною нейкі шляхцюк, пакрыты шрамамі, чалавек з тых, што смяецца на хаўтурах, груба сказаў:
- Куды яму яе. Пад гэтай сволаччу коні падаюць. Сам бачыў.
Я маўчаў усе апошнія дні, таму што ведаў: разяў я рот, і я пачну крычаць, і гэты крык ніколі не скончыцца. Але больш я ўжо не мог.
Я павярнуўся да яго і прашыпеў горлам:
- Паважай ланцугі, сволач. Пакінь, іначай...
- Іначай? - нахабна спытаў ён.
- Іначай дрэнна будзе. Ты што, не бачыш, што поруч таксама дваранін? Я табе заткну горла.
Ён змоўк. І гэта было добра. Іначай скончылася б забойствам.
Марудны ўдар звона заглушыў лясканне бізуна.
Шкапы, напружваючыся, зрабілі першыя крокі. Паплыў над галовамі слуп з двума людзьмі. Ракутовіч падняў галаву, і раптам у велічэзных яго вачах загарэлася нейкая цяжкая іскра.
Я зразумеў: гэта была іскра крыўды. На каго? Не гневаўся ж ён нават на ката.
Я паглядзеў туды, куды глядзеў ён. Над галерэяй, у акне на рагу палаца, я ўбачыў змяты страшны твар чалавека, які ўчапіўся пальцамі ва ўзорныя краты акна. У вузкіх вачах гэтага чалавека нават дурань заўважыў бы розум, іскру Божую, жвавасць. Але я заўважыў у іх яшчэ нешта. Гэта была зайздрасць, страшная чалавечая зайздрасць да таго, хто ехаў на ганебным, падобным на труну возе.
Гэта быў Сапега.
І раптоўна па ўсім замкавым двары, па ўсіх пераходах раскаціўся дзікі, страшны па сіле голас, якога палохаліся ў бітвах ворагі.
- Леў! Леў! - роў голас.
І ў таго, хто роў, грыва, якую развейваў вецер, падала на лоб. А на падзёртых голых грудзях ляжала прыгожая сляпая галава.
- Леў, ты стаў лісіцай! Калі будзеш ваўком - памрэш, як сабака.
Кінуўся твар у акне. Яму засталося толькі кідацца і зайздросціць. Ён жа не мог так.
Заляскатаў воз. Моўчкі павалілі па абодва яго бакі людскія гурты.
І на непакрытыя галовы падалі нясцерпна рэдкія ўдары звана. Расхлябаныя колы воза па самыя восі гразнулі ў вязкім, набрынялым вадою сакавіцкім снезе.
Юрод, што стаяў амаль на дарозе, працягнуў рукі і дрыжачымі пальцамі гладзіў, лашчыў паветра, кранаў яго, як сляпы.
- Сынок... Сынок...
Страшны твар і сляпая галава плылі над натоўпам, усё аддаляючыся і аддаляючыся.
Шалёныя, незразумелага колеру вочы затрымаліся на маім твары.
Зноў упаў удар звана.
І аддаляўся, аддаляўся воз. І вецер гуляў грывай валасоў, гладзіў твар чалавека і сляпыя вочы той, што прыпала да яго.
Я плакаў. Я не саромлюся прызнацца ў гэтым і не саромлюся сваіх слёз.
- Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей.

1960
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка