Уладзімір Караткевіч Паром на бурнай рацэ




старонка1/3
Дата канвертавання10.05.2016
Памер0.54 Mb.
  1   2   3
Уладзімір Караткевіч

Паром на бурнай рацэ
Дарога на поўнач ад горада кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ўнаброд праз Друць або - гэтая дарога была карацейшай, але і больш небяспечнай - ехаць поймаю ракі, паплавамі, каб потым, адолеўшы Дняпро, адчуваць сябе ў бяспецы пад аховаю ўрадавых войск.
На пяцьдзесят вёрст выгінастага рэчышча быў толькі адзін паром, вярстою вышэй ад горада. Яго нельга было аддаць у рукі паўстанцаў, якія маглі б такім чынам парушыць сувязь паміж часткамі карных войск і біць іх паасобку. З гэтай мэтай на левы, процілеглы гораду бераг Дняпра генерал Фікельмонт выслаў роту выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. Капітану не вельмі верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілева. Таму «ў дапамогу яму» і «на адпачынак» паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі.
Гораў быў паранены ў левую руку ў сутычцы з атрадам паўстанцаў пад Ракавам і адасланы «ў тыл на лячэнне і адпачынак».
Тылу не было. У гэты трывожны жнівень 1863 года вайна была паўсюль. «Белыя» спрачаліся з «чырвонымі», беларусы абураліся шавінізмам «белага жонду». Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара.
Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. І не ўстаў ніхто добры, любоўны, і не сказаў людзям, што нельга рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага выстачыць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць.
Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода.
Становішча ставала трывожным. У канцы ліпеня генерал Фікельмонт даў загад знішчыць на Дняпры ўсе чаўны. Асобыя атрады рушылі выконваць загад. Пачалася вакханалія знішчэння. Папрасякалі днішчы чаўноў, віцін, шугалеяў. Не пашкадавалі апошняй душагубкі. Тры дні па ўсім Прыдняпроўі шугаў у неба агонь. Палілі кастры бярвенняў, з якіх інсургенты маглі б звязаць плыты. Прыбярэжнаму насельніцтву, што жыло амаль толькі рыбай, заставалася адно - галадаць.
Кардон, які абараняў паром, жыў нервова і напружана. А між тым баяцца не было прычыны. Цэнтр паўстання даўно перамясціўся на захад. Галоўны атрад паўстанцаў Прыдняпроўя быў разгромлены яшчэ на пачатку лета, і генералу Фікельмонту гэта не магло не быць вядома.
Інсургенты ў колькасці пяцідзесяці шабель і двухсот штыкоў і кос групаваліся ў Звярынскіх лясах. Там іх выпадкова пабачыў нейкі селянін і кінуўся ў горад - папярэджваць. Дарогаю ён адабраў прыпрэжку ў ксяндза і ўсю дарогу гнаў коні. Перад самым горадам прыпражны конь здох. Мужык выпраг каранніка, узваліўся на яго і... палкоўнік Фралоў нашчэнт разбіў інсургентаў, акружыўшы іх. Кіраўнік атрада Ўсяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць. Зараз ён сядзеў на гарадской гаўптвахце і чакаў. Яго павінны былі вылечыць, выспаведаць перад тварам Усёдаравальнага і толькі потым застрэліць, як сабаку. Дзеці-дэмакраты пажалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў.
Але асобныя дробныя атрады яшчэ блукалі па пушчах, і плёткі перабольшвалі іх сілу. Ніхто нічога не ведаў, як заўсёды на вайне, і кардон калаціла ліхаманка трывогі і жаху.
Таму нікога не здзівіла, што 18 жніўня на кардон прыляцеў улан на ўзмыленым кані, нешта хутка перадаў Пора-Леановічу і быў перапраўлены на той бок ракі. Конь раняў на насціл белыя хлапякі пены і так цягнуўся да вады, што пасыльны ўдарыў яго. Гораў пераправіў конніка на другі бераг (загад Фікельмонта прадугледжваў абавязковую прысутнасць на плывучым пароме аднаго з афіцэраў пры чатырох салдатах) і са шкадобаю глядзеў, як жывёла, амаль па-чалавечы стогнучы, выносіла ўлана на стромы чырвоны адхон.
Гэта было перад вечарам. Парыла так нясцерпна, што салдаты і капітан абліваліся потам. Паром не быў «самалётам»*, які рухае сіла плыні, і даводзілася цягнуць яго сілаю ўласных рук.
* Самалётамі зваліся паромы, якім дастаткова было даць першы штуршок. Далей іх рухала плынь. «А салдат перакінуць на востраў самалётамі». (Загад Пятра I пры штурме Шлісельбурга.)
Цьмянае ад сонца люстра ракі здавалася мёртвым. Не боўтала рыба, і шэрыя чаплі на водмелях стаялі расхрыстаныя, замораныя, падобныя на пачварных вядзьмарак, апранутых у лахманы. Толькі ластаўкі ў быстрым лёце чыркалі крыламі ваду, ды недзе за бясхмарным даляглядам бурчаў нябачны пярун. Бурчаў упарта, раз-пораз.
«Будзе вераб'іная ноч», - падумаў Гораў.
Быццам адказваючы яму, адзін з салдатаў уздыхнуў:
- Залье нас сёння. Як вясной, будзем куваць на востраве.
Процілеглы бераг быў нізкі, толькі на ўзвозе, дзе стаялі хатка паромшчыка і адрына, быў высакаваты пясчаны ўзгорак, упрыгожаны дзвюма хвоямі і дзесяткам чорных вольх. Туды вада не даставала.
- Іван, - спытаў салдата Гораў, - ты тут пяты год служыш. Што, шалее ў навальніцу Дняпро?
- Рака з характарам, - твар у салдата быў чырвоны, абліты сонцам. - У палавень залье ўсю пойму, толькі верхавіны над вадою дрыжаць. І так вёрст на сем. Несаабразнае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Тут у вераб'іную ноч дрэнна. Усе старыкі на пойме вадой залье... унь той клін адхопіць. Перапраўляцца нават і не думай. Канцы.
Паром торкнуўся ў бераг, і адразу лаза на беразе, якая дагэтуль плыла перад вачыма, спынілася, замерла.
Салдаты з вясёлым гоманам пацягнулі на ўзвоз чорны мораны дуб, прывезены на паліва.
Капітан уздыхнуў. Яму на хвіліну стала зайздросна. Быць такім шчыра вясёлым, такім неўтаймавана жыццярадасным - гэтага ён не мог, для гэтага трэба было быць істотай іншай пароды.
Усё тое ж самае. Трохі не месяц вочы бачаць той самы абрыдлы кардон, хатку паромшчыка, у якой філасофствуе за гарэлкай Пора-Леановіч, адрыну і вялізную стайню, дзе размясціліся салдаты, паласатую будку вартавога, асклізлы паромны канат.
Адзін паратунак - Дняпро. Ды і той ляжыць зараз пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожны і немы.
А ў Маскве зараз цішыня. Масква толькі пачынае ажываць. Пусцеюць дачы і маёнткі. На ліпах Няскучнага саду першыя жоўтыя лісцікі; з багатых, па-асенняму, рынкаў даносіць пахам «валовых мордачак» (улюбёныя яблыкі маменькі). Маменька, пэўна, паехала зараз у манастыр маліцца за здравіе воіна Юрыя і за дараванне яму веры. Едзе паўз Круціцкае падвор'е ў сваім нехлямяжым, падобным на гарбуз вазку. Фурман Сідар з вялізным - на трох - задам крычыць на сустрэчных страшным голасам: «Адыдзі, сцеражыся!» А ў блакітным небе сляпуча блішчаць купалы сабораў, і плыве бязважкі контур Круціцкага церамка.
А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.
- Гэй, Ванька!
І вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. І лікуе, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. І ліпы! І Арбат! І цудоўныя асабнячкі... І Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы...
- Гэта вы? Божа мой, як я рада!
І зноў - занадта паспешліва - апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. І Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.
- Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.
Яна ўсміхаецца. І цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! І цішыня, цішыня ў шатах ліп. Цішыня.
Стрэл.
Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які - д'ябал ведае нашто - выпер акурат на дарозе. І адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас.
- Сымон, давай карту.
Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю згледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.
Бровы маладога чалавека задрыжалі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся - нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, - і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.
Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шула.
Афіцэр стрэліў апошні раз і павярнуўся:
- А-а, камрад... Да зброі, вісусы-гусары...
Горава які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. І яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.
Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:
- Шпагаю тут адзін... падурэў. Штафедрон.
- Ну і што? - спытаў тады Гораў.
- Паспадзяваўся занадта на французскую школу, - з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, - у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.
Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку - і не толькі ў палку - брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.
- Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, - адвучвацца нельга.
Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шула карту і здалёк паказаў яе Юрыю.
- Ат, глупства, - пагардліва сказаў Леановіч.
- Нічога не разумею, - сказаў Гораў, - звычайны туз... Жалудовы.
- А вы паглядзіце лепей, - раўнадушна сказаў капітан.
Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.
Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну, зрабілі з віней жолудзі.
- Капітан, - сказаў Гораў, - гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў.
- Лухта, - сказаў капітан, - хадзем лепей вып'ем...
...Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты «Спас» у куце.
На вокнах у гаршках «алёнчыны слёзы». Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.
Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным святы Елісей з тварам хітрага ідыёта насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».
На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.
Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою.
- Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі - арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын... Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты... Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.
Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.
А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.
- Сёння я нап'юся, - вельмі сур'ёзна сказаў ён.
Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.
Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.
Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. І Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.
Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай «моцы божай» можна было чакаць чагось цікавага. І таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.
- Вайна называецца, - з лютай весялосцю сказаў ён. - Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага - капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас... мы з расейскай гісторыяй.
Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.
- Ты кажаш «людзі», - сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў. - Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, - ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. І тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў... Так яны лятуць тысячагоддзі. І кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п'юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.
За акном - Юрый з трывогай сачыў за гэтым - хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.
Задуха стала нясцерпнай. І нясцерпным стала чаканне.
Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. І Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, - страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
- Мы вось... як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын - Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын - я, а трэці - вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч... Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. І выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
І тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
- Аоў.
Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і жагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
- Сымон, чортаў сын, - крыкнуў Гораў, - каглу забыў зачыніць.
І сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.
Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
Гораў убачыў, што Леановіч сядзіць, успёршыся скронню на кулак, вельмі бледны, з заплюшчанымі вачыма. Вусны яго варухнуліся:

Стаіць певень над кручаю,


Заторкнута с... анучаю.

І растлумачыў:


- Разгадка гэтай загадкі - «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў.
Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.
- Ідзіце, Сымон, - сказаў ён, гледзячы ў акно.
Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
- Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. І раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
- Што мне, есці гэта? І што такое наогул беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. І раптам... бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і - сікась-накась - пальцам у носе калупае...
Пры апошніх словах зрэнкі Леановіча папаўзлі да пераносся. Твар стаў такі дурны, што Гораў са сваім легкаважным і вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.
- Няма нічога смешнага, - вызверыўся Леановіч. - І ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. І наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу... Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба... туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых...
Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
- І заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар - гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. І ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца... А блакітныя мундзіры іх - па мордзе, па мордзе: «Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні...» А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. І не разбярэш, чаго яны галосяць - ці ад болю, ці ад захаплення... А назаўтра - «За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць». Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. І ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, - усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна - ён і сам адчуў гэта і пачырванеў - сказаў яму:
- Вы дваранін, капітан Леановіч, вы павінны паважаць традыцыі...
Леановіч ускіпеў:
- А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
- Не, не ведаю.
- Таму што ад бандзюкоў паходзім, міл-свет Юрый Аляксандравіч... У цараванне, здаецца, цара-цяляці горад Магілеў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воінства*. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасці жыхароў уганорылі трымаць гарнізон коштам самога ж вялікага града. І сталі тут нашы лабідуды думу думаці. «Гэта каб яшчэ батагамі, дык згода была б - усё жыццё з-пад батагоў не вылазім. А грошыкі - тут ужо не. Дудкі».
* Гаворка ідзе пра падзеі падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг., калі ў 1654 г. Магілеў перайшоў на бок маскоўскага войска. У 1661 г. супраць яго выбухнула паўстанне магілеўцаў, якім кіраваў бурмістр Язэп Левановіч. (Заўв. рэд.)
Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. І Гораў сказаў холадна:
- Заходзь.
Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. І нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, - кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.
- Чаго табе? - спытаў Леановіч.
- Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.
Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.
- Брашы больш, - з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. - Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?
- Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.
- Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў... Ідзі да д'ябла.
І, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:
- Ну, чаго табе яшчэ?
- Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык... Дазвольце мне каравул паставіць... Могуць патопнуць.
- Твая якая справа? - спытаў капітан. - Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць... Ніякіх каравулаў.
- Слухаюся - ніякіх каравулаў, - сказаў Іван і выйшаў.
Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:
- І вырашылі рэзаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк... Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. І тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам «Пара!..».
...Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі - адсюль і пайшла новая назва: Касцярня... Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата... А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага...
...З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі - бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага - на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.
- У вас ёсць народ, - ціха сказаў Гораў. - Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.
- Мы вельмі любім народ, - сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. - Каб зручней залазіць яму ў кішэнь... Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце - ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. І ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты... Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі... Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. І нікога не шкадуй для сваёй мэты... Пакуль у сілачку не ўваб'ешся, - маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе... А там - не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма... І не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы - пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. І зацягну...
Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. І Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:
- Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.
- Нават слоў маіх баіцёся, - жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. - Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. І продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.
- Ішлі б вы лепей спаць, капітан.
- А вы што?
- Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.
- Псу пад хвост, - сказаў Леановіч.
Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:
- Прашчур - малайчына. Галоўнае - стаць на той бок, які выйграе.
Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.
Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.
Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.
Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.
  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка