Уладзімір Караткевіч Чазенія Аповесць I песня аб успамінах у сінім, туманным горадзе




старонка4/8
Дата канвертавання06.05.2016
Памер1.31 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

VI

ВЯЧЭРНЯЯ ПЕСНЯ КЕДРА

Сонца пачынала хіліцца да захаду. Доўгія чорныя цені ствалоў ляглі на малахіт лістоты. У твар веяла добрым трапяткім халадком.

Севярын думаў ужо, што ідзе не той дарогай, калі сцежка вывела яго да слупа з прыбітай таблічкай. На таблічцы быў надпіс: «Мяжа».

Трохі прыбадзёрыўшыся, Будрыс паскорыў крок. Часам нібы лёгкі ўздых прабягаў вяршынямі кедраў - водгук брызу.

Хвоя кедраў цямнела, таемна шумела ў залацістай і блакітнай вышыні. Сцежка пайшла з хрыбта ўніз, на дно вялізнай падзі.

Над галавою ў Будрыса, аранжавая ў прамянях захаду, высілася голая Янтунлаза. З хрыбта, на якім ён стаяў, імкнуліся на дно падзі шматлікія ручаіны, рачулкі, крыніцы. З другога, далёкага хрыбта таксама цягнуліся срэбныя ніці. І ўсе яны зліваліся на дне даліны з невялічкай хуткай рэчкай.

«Ага, значыцца, гэтыя начоўкі і ёсць - Падзь. Нішто сабе! Лагчына. Два хрыбты. Мабыць, аж да тых унь гор, злева, чорных ад піхты. А ўправа - да мора. Кіламетраў з сотню па перыметры. Нішто... Жылля не відаць. Толькі унь там дымок, мабыць, егерскі кардон. І унь там, кіламетраў, можа, за дваццаць, яшчэ дымок. Ну, а цэнтральны пасёлак? Ён дзе?»

Вось. Амаль пад ім. На самым дне Тыгравай Падзі. Прыткнуўся да рачулкі. Нешта каля дзесяці маленькіх домікаў. Пуні. Яшчэ нешта.

«Што ж, трэба ісці».

Будрыс пачаў спускацца. Адразу стала цяніста і прахалодна. Часам ціха ўздыхалі над галавой кедры. Чаплялася за ногі нейкая дрэнь - ён не ведаў што, ды і не хацеў ведаць, занадта стаміўся.

Калі ён спусціўся на дно распадка, на левым хрыбце ляжаў ужо глыбокі цень, і толькі правы хрыбет чырванеў у апошніх прамянях сонца.

Перайшоў рэчку. Яна была надзіва празрыстая для Прымор'я, і ён зразумеў чаму: уся, разам з прытокамі, ляжыць у лесе. Карані надзейна трымаюць грунт, не даюць дажджам вымываць гумус. Пэўна, у дождж закаламуціцца на гадзіну - і зноў, як сляза...

Вось будыніна ля берага. Лазня. Нейкая пуня. Ля яе дзве машыны грузавыя. Бярвенчатыя домікі. А ото, пэўна, дом дырэктара. «Фізіягномія» ў дома гэткая... адметная.

У двары яго сустрэлі брэхам дзве лайкі. Брахалі і вілялі хвастамі. У такой глушыні чалавек не вораг, але ж... служба. Асабліва старалася адна, белая як снег, з ласкавымі арэхавымі вачыма.

- Не смей, Амур! Свае...

Амур, нібы толькі і чакаў загаду, весела заскакаў вакол Севярына, закруціў хвост абаранкам, пабег наперадзе, бы паказваў дарогу.

Той, хто адазваў сабак, сядзеў на ганку і чысціў стрэльбу. Стройны, невысокі, але моцны. Твар карычнева-румяны. Празрыстыя блакітныя вочы, а ля іх сетка зморшчынак. Малады яшчэ, а зморшчынкі, відаць, таму, што ўвесь час даводзіцца жмурыцца ад сонца і ветру. Харошыя роўныя зубы, прыемная ўсмешка. Пальцы рук нервовыя і спрытныя. Добра ведаюць, што такое зброя.

- Вы дырэктар?

- Так. Чым магу служыць?

Будрыс адрэкамендаваўся. Сказаў аб мэце прыходу.

- Здалёк вы да нас. Дзянісаў маё прозвішча. Захар Іракліевіч. Дык вам хто патрэбен?

- Арсайла. Я яе трохі ведаю. Абяцала паказаць, што тут і як.

- Ведаю. Самастойная такая дзяўчына. Здаецца, з Хабараўска?

- Вы не памятаеце?

Дырэктар усміхнуўся.

- Дакументы глядзеў - усё ў парадку. А так, дзе ж запомніць. Вы не глядзіце, што тут ціха. У мяне сотні людзей бываюць: мірміколагі, арнітолагі, батанікі, паразітолагі.

- Гэта нашто?

- Раён у мяне наконт кляшча бяспечны, але ўсё ж... Ну хадземце ў дом.

Зграбна, без рук, узняўся на ногі, мякка ступаючы, пайшоў у дом. Пакой, куды яны трапілі, быў, відаць, кабінетам. Шафы з кнігамі, стол, канапа. На канапе калматая цёмная шкура гарала. На сценах таксама вісяць шкуры: лісіныя, барсуковыя, янотавыя. Над канапаю - рогі і шкура.

- Ізюбравыя, - сказаў Дзянісаў. - Бачыце, шкура плямаватая, а на рагах - другі адростак. Сядайце.

Севярын сеў.

- Дык вось... яе на пасёлку няма.

Сэрца ўпала.

- З'ехала?

- Не. Яна ў паляўнічай хатцы. Гэта кіламетраў дваццаць уверх па плыні Тыгравай. Матылёў ловіць.

- Я чамусьці думаў, што яна батанік.

- Яна ва ўсім знаецца. - І дырэктар зноў пахваліў: - Сур'ёзная дзяўчына. А матылі - хобі. Папрасіў наш Ласкоўскі памагчы яму. У яго з жонкаю рук не хапае. Вось яны ўтраіх там і сядзяць. Так што давядзецца вам пераначаваць тут.

Пайшоў на кухню, корпаўся там нешта. Пасля з'явіўся з рукзаком і стрэльбай.

- Баюся, здамся вам негасцінным гаспадаром. Але жонка з дзецьмі з'ехала. Адзін. У хаце - шаром пакаці...

- Нічога, у мяне ёсць прыпасы.

- То хадзем адвяду вас на начлег.

Сутонне вісела над хаткамі, над тайгой.

- Я вас у доме нашых арнітолагаў пасялю. Можна б і ў мяне, але там зручней. Яны з'ехалі на Амур, бо там пералёт пачаўся ўжо. Будзеце адзін у вялікай хаце. Адпачнеце.

- Няёмка.

- Глупства. У нас тут - камуна.

Па дарозе да доміка яны не сустрэлі ніводнага чалавека. Пасёлак як вымер. Людзі разышліся па сваіх таежных справах ці, можа, спалі. Хата арнітолагаў была такая ж, як дырэктарская. Плот, гародчык, ганак, шчапяны дах. Толькі што неашаляваная веранда паменей, ды няма пуняў.

Дзянісаў запаліў святло і чартыхнуўся, зваліўшы цыліндрычную, зробленую з металічнай частай сеткі клетку. У клетцы нешта засычала.

- Гульню знайшлі. Тыгравую вужаку ў цюрагу пасадзілі. Дзяржаўны злачынец.

І дастаў з сеткі здаравенную змяюку, сантыметраў, мабыць, 120-150 даўжынёю. Змяюка была ярка-зялёная, уся ў буйныя папярочныя палосы і плямы. На пярэдняй частцы тулава, па баках, былі раскіданы аранжава-чырвоныя плямы.

- Бачыце, які прыгажун. Спрытны. Хуткі. Разумнік. Трымайце.

Будрыса перасмыкнула ад агіды, але ён зразумеў: не возьмеш - можна страціць павагу ў гэтага дзіўнага чалавека.

- Толькі не сціскайце. Спакойна трымайце на далонях. Тады ён не кусаецца.

Севярын узяў. Сапраўды, нічога страшнага. Толькі непрыемны холад.

- Бачыце? - Дзянісаў узяў вужаку. - Прыгожы. Спрытны нават у вадзе. Рыбу ловіць. А вось мы цябе зараз пусцім. Жыві. Зімуй. Агульная амністыя.

- Вы і змей не баіцеся?

- А чаго іх баяцца. Не лезь, куды не трэба. Не наступай. Не хадзі босы. Хадзі асцярожна. Ніводная змяя цябе не ўкусіць. Калі яе не ганяць, то нават полаз Шрэнка можна перакладаць, каб фотагенічна ляжаў, ды здымаць. Ну, шчытаморднікаў сцеражыся. Ды і чалавек вінаваты. Лезе проста на хвост, сляпак няшчасны. Не ўмее ў лесе, ломіцца. Як жа, пакарыцель прыроды! А трэба ціха.

Зайшоў у пакой, выняў з шафы просціны, коўдру, падушку, кінуў на тахту.

- Адпачывайце. І лепей не расчыняйце акон. Матылі спаць не дадуць. Ну, і іншыя могуць быць абуджэнні... Часам непрыемныя.

Палез у рукзак, дастаў палову кеты, загорнутую ў газету, чэрствы хлеб, нейкае цёмнае вяленае мяса, слоік з чырвонай ікрой і пачатую бутэльку каньяку.

- Каб не думалі, што скупеча. Сапраўды, бабы ў доме няма, то тут вам будзе лепей. Раскашней. А я позна вярнуся, разбуджу. Выпіў бы з вамі, ды мне на сустрэчу з адным сябрам трэба. Баюся, што тая сустрэча для яго кепска скончыцца.

- Дзякуй вам. Але што ж я адзін піць буду?

- Апошняя справа, - згадзіўся Дзянісаў. - Ну, можа, чарку. Для апетыту. Заўтра прыйдзеце да мяне - дам пропуск. Без гэтага ў нас нельга. І хатку як знайсці - раскажу.

Усміхнуўся нейкай адсутнай усмешкай.

- Што, харошая яна дзяўчына?

- Па-мойму - вельмі. Ды я нядаўна яе ведаю.

- І гэта лепей, што яна вам нашы джунглі пакажа. У супрацоўнікаў, прабачце, часу няма. Гарачыя зараз дні. Штат маленькі. Да зімы рыхтавацца трэба. Вось і выходзіць, што я не гаспадар, не гасцінны застольнік, а нейкі кяржак.

- Кіньце, - сказаў Севярын. - Мне аж сорамна...

- Пайду, - сказаў Дзянісаў. - Дарэчы, за дзвярыма вуды складныя. Як пойдзеце - вазьміце. Стол багацейшы будзе. Толькі сіму не лавіце. Забаронена. Урэшце, яна на нерасці і не есць, а значыць - і не клюе. А мальму, стронгу, бярыце колькі трэба. Пустая рыба. Смачная, а для запаведніка пустая. Ікру ў сімы жарэ... Ну, адпачывайце.

Кедры зашумелі за акном. Севярын здрыгануўся, і адразу радасць працяла ягонае сэрца. Радасць, бо гэты вялізны дом у джунглях хоць на адну ноч, але належаў толькі яму.

«Малайчына, Дзянісаў. Ведаў, што робіць».

Веранда. Кухня з рукамыйнікам, лаўкай, пральнай машынай, сталом, электрапліткай і плітой на тры канфоркі.

Яшчэ пакой. Напаўпусты. У ім нейкія калекцыі, чучалы, прыборы. І ўрэшце той, дзе тахта. Шафы з кнігамі. Між іх пісьмовы стол і прыёмнік. Карта Прымор'я. Над тахтой - плахта, распісная талерка з хаткаю і казачным крумкачом, а таксама рогі казулі. На іх - бінокль і фотаапарат.

На тахце дзве сшытыя ваўчыныя шкуры.

Ля дзвярэй - фотапартрэт старамоднай бабулі, якая рассунула чараты і з замілаваннем глядзіць на гняздо з яечкамі. Вусны выцягнуты. Твар у добрых зморшчынах. Пэўна, нейкі аматар-арнітолаг... На вучоную не падобная. Па тыпу, пэўна, амерыканка.

А на дзвярах выразаны нажом смяшлівы і смешны Бураціна.

Севярын хутка павячэраў, выйшаў на двор. Над галавою было высокае халаднаватае неба з празрыстымі, ледзянымі, вельмі высокімі зорамі. Высокімі, пэўна, таму, што над імі былі хрыбты.

Вярнуўся ў хату. Лёг на халодныя просціны, пад якімі адчувалася цёплая ваўчыная шкура, выцягнуўся і засмяяўся ад прадчування нейкага цьмянага, але вялікага шчасця.

Змрочныя начныя кедры спявалі за сцяной.



VII

РАНІШНЯЯ ПЕСНЯ ПРА ДЗІКАГА КАТА, ЯКІ ДАЎ МАХУ

На дне вялікай падзі ляжала яшчэ світанкавая імгла, і толькі вяршыні самых высокіх гор бранзавелі ў першых прамянях сонца.

Там кучаравіліся лясы, там была відаць ледзь не кожная галінка - такое празрыстае было тут паветра. А ў катлавіне быў зялёны змрок, пранізаны туманна-залацістым водсветам заранкі.

Севярын выйшаў з хаты ў адных трусах і пайшоў па расе да Тыгравай. Было холадна, але гэта быў не той холад, што бярэ за косці, а той, які прымушае глыбока дыхаць, рухацца, адчуваць сябе маладым і здаровым, той, у якім, здаецца, мерзнуў бы і мерзнуў.

Высока-высока залацілася сонца на вяршынях. Тыгравая бруіла на каменьчыках, сінела і серабрылася на іх, ясна стаяла ў глыбокіх ямах. Кожная пясчынка на дне была відаць: вада, здавалася, была больш празрыстая за паветра. І ў ёй хадзілі стракатыя невялікія мальмы - стронгі, як іх называлі тут. Была іх процьма.

Шырокая круглая спіна мільгнула над вадою. Рыбіна даўжынёю нешта пад метр ішла ў вытокі ракі, змагаючыся з плынню. Ён здагадаўся, што гэта ідзе на нераст сіма. Ёй было зручна заходзіць у раку. Вада пасля шторму і залевы пэўна паднялася.

Будрыс выбраў месца, дзе, як яму здалося, будзе па шыю, скочыў у ваду і... сербануў ад нечаканасці. Тут было метры два з паловаю, калі не болей. А здавалася - ну, метр семдзесят. Так падманвала чысціня вады. Тады ён выбраўся на больш плыткае месца і доўга стаяў, адчуваючы, як крыштальны холад крадзецца ў грудзі і жывот. Стаяў і глядзеў, як усё больш наліваюцца золатам горы, як залатая лава ўсё хутчэй спаўзае з вяршынь у падзь.

...Дырэктар быў у канцылярыі.

- Рана.

- Ды і вы - рана, - сказаў Будрыс.

- Я не рана. Я яшчэ - позна...

Твар ягоны сапраўды быў трохі памяты. Але па ім усё ж не было відаць, што праведзена бяссонная ноч: карычнева-румяны загар, рот усміхаецца.

- Хадзем.

Яны зайшлі ў лабараторыю. І тут Севярын трохі ачмурэў. Справа была не ў тым, што паўсюль ляжалі гербарыі, што на паліцах шафаў бялелі чарапы буйных звяроў і шкілеты дробных, што паўсюль віселі шкуры, што колбы, рэторты і іншае грувасцілася на сталах у нейкім невядомым яму парадку. Было іншае.

...Лабарантка ўзважвала на звычайных магазінных вагах дзікага ката. Кот быў стрункі, дужа даўганогі, з пушыстым і кароткім хвастом. На невялікай галоўцы - дзве невялікія крывавыя плямы. Зялёныя вочы глядзяць ашклянела, пашча люта разяўлена.

Футра ў ката было вельмі прыгожае. Дымчата-рыжае, трохі ў бруднаватую вохру, і ўсё ў цёмна-шэрыя і бурыя ільсняныя вялікія плямы. На хвасце - амаль чорныя колцы.

Кот ніяк не хацеў змяшчацца ў шалі вагаў, не хацеў ляжаць: то нага звешвалася, то галава, то саслізгваў тоўсты азадак. Урэшце яго сяк-так змясцілі: ляжаў клубочкам, толькі лапы звісалі.

- За што гэта вы яго?

Зморшчынак ля дырэктаравых вачэй пабольшала:

- Трэба ж вывучаць. Чым гадуецца ў гэтую пару, які хабітус?

Кот насцярожана глядзеў на Будрыса.

- Гэ-эх, коця, як жа гэта ты так даў маху?

- Шкадуеце? Гэта добра, - сказаў дырэктар. - Заставайцеся ў нас. Работу дам. Дужа патрэбны людзі, якія шкадуюць жывое.

Лабарантка клала раўнавагі, быццам не звера ўзвешвала, а адпускала кіло сухога кісялю. З абсалютна абыякавым выглядам.

- Вы, Ніна, перш чым брацца за працу, выцягніце ў яго кляшчоў з вушэй. Набраў поўныя вушы, валацуга, - сказаў Дзянісаў.

- Добра, - сказала Ніна. - Я пінцэтам.

- Патрэбны людзі, якія шкадуюць, - сказаў Севярын. - Ну, а вы?

Дырэктар паглядзеў на яго з цікавасцю.

- Дзеля шкадавання часам даводзіцца і забіваць. Каб ведаць пра звяроў усё: што ядуць, што любяць, каго і калі ад іх трэба берагчы. Мы - гаспадары. Можа, мы і не маем на гэта права, але так склалася. Гэтага не зменіш. І мы павінны навучыцца гаспадарыць разумна. Пакуль што адбіраць у некаторых жыццё, каб ведаць, каб пасля ўжо ні ў каго не адбіраць, а нават дапамагаць кожнай істоце... Каб жылі астатнія. Вось як.

- Ну, гэтаму ўжо нічога не дапаможа.

- Для суцяшэння, каб не дужа шкадавалі, скажу, што гэтая ласкавая кыца ловіць і душыць нават маладых касулят, зайцоў, рыбу.

- Не можа быць!

- Я вам кажу. І вы лепей не на наш разумны гуманізм навальвайцеся, а на тых, хто труціць азёры, рэкі, лясы, хто не сёння-заўтра атруціць акіяны. Мы - усё для ўнукаў, хаця рукі ў нас часам бываюць у крыві. У тых - усё для кішэні і пуза, а рукі чысценькія.

Памаўчаў.

- Я вось цяпер шмат каго нізавошта не заб'ю. Да канца ведаю шкоду і карысць. «Гідкую» тыграву вужаку не заб'ю. Тыгра не забіваў ніколі, нават калі можна было. Шмат каго яшчэ не заб'ю. А вось харзу - непальскую куніцу - і секунду не павагаюся.

- Восем кілаграмаў сто пяцьдзесят грамаў, - сказала Ніна.

- Ну, восем кілаграмаў мне не трэба, - даволі няўдала пажартаваў Будрыс. - А сто пяцьдзесят - магу.

На яго здзіўленне, яны засмяяліся. І ён зразумеў, што тут чалавечыя адносіны проста ачышчаны ад усіх умоўнасцей, што тут радуюцца кожнаму чалавеку і важліва тут не тое, удалы жарт ці не, а проста самы намер чалавека-сябра нязлосна пажартаваць.

- Гэта, як вернецеся, - сказаў Дзянісаў. - Праўда, Ніна.

- А што ж, - усміхнулася тая, і Севярын раптам зразумеў, што яна вельмі харошанькая.

Дзянісаў павёў Будрыса ў свой кабінет-закутак. Тут таксама былі шафы. Пакуль Севярын разглядаў у слоіках бялёсыя, падобныя на пятрушку і на чалавека, карані жэньшэня, Дзянісаў нешта пісаў.

- Вось. Пропуск. «Прапаную егерам аказваць садзейнічанне на ўсёй тэрыторыі запаведніка». Самае галоўнае для вас - гэта. Кардоны ў вас пераважна па хрыбтах. Унь там - першы. Праз дваццаць кіламетраў другі, - ён паказаў у акно. - Там горы сінеюць. Гэта - Чорны хрыбет. Там тры кардоны. І тут, на левым хрыбце, чатыры. Можаце ў егера браць каня. Нават калі гаспадара дома няма. З першага даедзеце да другога. Там зменіце - і на падменным да трэцяга. Ну, і гэтак далей...

- А як там гаспадара не будзе...

- Паставіце ў стайню. Рана ці позна егер з першага кардона прыедзе на другі і возьме сваё. Або егер з другога сам прыгоніць.

- Я лепей пешшу.

- Вярхом не ўмееце?

- Умею. А лепей пеша.

- Што ж, правільна. Убачыце болей. А ходзіце добра. Бачыў, як спускаліся з хрыбта. Не ломіцеся. Бязгучна, як звер. Так можна ўсё ўбачыць. Для такіх людзей лес - жыве. Паляўнічы?

- Ёсць трохі.

- А кажаце - «кот».

- Кот даў маху. І ўсё ж ката шкада...

- Іначай вы не былі б чалавек... Компас ёсць?

- Мяркую, ён тут не патрэбен.

- Чаму?


- Унь арыенціры, - Севярын паказаў на вяршыні гор. - Хрыбет злева, хрыбет справа, хрыбет наперадзе. За спіной няма гор. Мора. Ад левага да правага хрыбта кіламетраў дзесяць. Ад мора да хрыбта наперадзе кіламетраў сорак - пяцьдзесят. Не заблукаеш.

- А за хрыбтамі?

- А мне там пакуль няма чаго рабіць. І тут цікавага хопіць.

Вочы ў Дзянісава блішчалі:

- Слухайце, вы мне ўсё больш падабаецеся. Паляўнічы, умееце бачыць, умееце хадзіць, умееце кеміць і ўзважваць, звяроў шкадуеце, можаце перамагаць нават жах і гідлівасць... хаця б - да змей... Гэта цяжка, паверце мне. Можа, застанецеся? Хата будзе, грошы будуць, жонку знойдзем. А галоўнае, вельмі... вельмі будзе цікава.

- Я падумаю, - нечакана для самога сябе сказаў Будрыс. - У мяне зусім іншая праца... вельмі важлівая... Мне позна, бадай, ламаць жыццё. Але мне прыемна думаць, што я магу застацца.

- Харошы адказ. Ну, цяпер пра дарогу. Карта... Цьфу, д'ябал, дзе ж карта? Ну, усё адно. Тут вельмі проста. Бачыце, сапраўды за спіною мора. Запаведнік - гэта наша падзь, тры хрыбты і тое, што за імі. Злева - хрыбет Ярай Вады, справа - хрыбет Санлін, або Мангу. Ведаеце, што такое па-маньчжурску - Санлінчжычжу? Гэта - «Уладар гор і лясоў». Тыгр. А наперадзе - Чорны хрыбет. Амаль увесь запаведнік - даліна Тыгравай. Амаль ля вусця, на левым беразе яе, наша база.

Дзянісаў маляваў на памяць. Нават фігуркі сям-там крэсліў.

- З хрыбта Санлін плыве толькі дзве рэчачкі. Крыніца Ізюбраў - амаль з-пад кардона Старога Аленя - і Паляўнічая крыніца ля вашае хаткі.

Ён намаляваў хатку, амаль ля вытокаў Тыгравай.

- Але вы пойдзеце правабярэжжам. Пад хрыбтом Ярай Вады. Там старая сцежка хунхузаў. Пасля - паштовая. Мы ёю карыстаемся. Тут будуць крыніцы, рэчкі. Іх многа. Горская крыніца. Залатая, Япруковая, Мёртвая, Другая Залатая.

- Чаму Залатая?

- Там калісьці прышлыя кітайцы золата мылі. Нямнога. За лета намые чвэрць фунта - яму і досыць... Пасля Падкрыжовая, бо плыве з-пад Крыжовай гары. Убачыце. Высачэзная, чорная. Потым будзе крыніца Лаўжовая, Яром, Папярочная. А далей пойдзе Чорны хрыбет і па ім старая, забытая паштовая дарога. Ад Лаўжовай да хрыбта суцэльныя джунглі... Ліяннікі, вінаград, дзіч, нетры.

Ён круціў ручкай па аркушы, паказваў, якая там дзіч.

- Вы туды не ідзіце. Адразу за Другой Залатой крыніцай пераходзьце Тыгравую - і вось яна вам будзе, хата. Над Паляўнічай крыніцай. Яны там.

Ставіў па хрыбтах кружочкі са сцяжкамі.

- Гэта - кардоны. На іх можаце ўзяць каня... Ну, вось і ўсё. Толькі... будзьце асцярожныя.

Дапытліва паглядзеў на Будрыса.

- Запісвайце, што ўбачыце. Свежае вока - гэта карысна... Яшчэ што... Ага, можа за вамі ўвязацца сабака. Асабліва гэты бандзюга Амур. То, калі патрэбен, бярыце. Ён будзе верны. Сабакі ў нас ведаюць: чалавеку трэба памагаць. А калі перашкаджае - скажыце: «дамоў». Яны прывучаны слухацца першага слова.

- А чаго таму Амуру за мною ісці?

- Гуляць хоча. Гэта ж усё адно як дзіця на кірмаш узяць. Бяжыць сабе ды носам чытае. Стр-рашэнна цікава! Ну, і чалавека кідаць не хочацца... Што яшчэ...

Дзянісаў падумаў трохі і раптам палез у шафу. Дастаў адтуль дубальтоўку і пяць патронаў.

- Вось. Закон парушаю, але... Дурэць не будзеце, салідны чалавек, але можа, на жаль, спатрэбіцца, каб пужнуць сяго-таго... Толькі ўлічыце, стрэл - гэта ў нас НП, надзвычайная падзея. А ўжо стрэл у звера...

- Сам ведаю. І вы мяне ведаеце. А што такое?

- Леапард, - неахвотна сказаў Дзянісаў. - Як тут кажуць, «барс».

- То што іх, хіба няма тут? Ніколі не было?

- Заўсёды ёсць. Сям'я або дзве. Ад трох да васьмі кыцаў. Знаёмыя. Нашы. Смірны народ... Ну касуляў ядуць, часам япрукоў, драбязу розную. Чалавека баяцца. Зусім бяспечны для чалавека звер. Як убачыць - лататы...

- То нашто стрэльба?

- Ужо некалькі тыдняў робіцца дзіўнае... Яшчэ адзін з'явіўся... Як дурны нейкі. Некалькі замахаў на быдла ля самай базы... А звычайна яны толькі ў вярхоўях Тыгравай ходзяць, паху жылля, як агню, баяцца. Так што вы сцеражыцеся. Удзень - не нападзе. Уначы не адыходзьце ад агню. Чорт яго ведае, што яму ў дурную галаву стукне! Чужы. Мо з хрыбтоў прыйшоў, мо з Кітая. Непалоханы. Знахабіўся. Галодны, мабыць.

Устаў:


- Добра, хлопча, ідзіце. Разбярэцеся?

- Разбяруся. Дзякуй за ўсё.

- Прабачце, што не вяду. Працы столькі - сплю па дзве гадзіны.

- Ну і я не малы, каб мяне за ручку весці.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі. Пасля Севярын выйшаў з хаты і пакрочыў да Тыгравай. Рукзак і стрэльба прыемна ціснулі на плечы. Часам меладычна бразгалі ў кішэні патроны.

VIII

САНАТА ТАЙГІ (СКЕРЦА)

Ля гэтай глухой сцежкі ўвесь час цягнулася нейкая калючая дрэнь. Зробіш некалькі крокаў - і штаны пакрываюцца крупінкамі зялёнага, цупкага насення. Спачатку Севярын праз кожныя колькі там метраў спыняўся і абтрасаў іх (адвальваліся яны лёгка), але потым яму гэта абрыдла, і далей ён ішоў ужо так. Порткі да каленяў былі нібыта ў зялёнай брані. Цяпер яму было ясна, чаму гэтае паскудства толькі ля сцежак. Людзі разносяць на вопратцы. Ён паспрабаваў, ці прыстане насенне да сарочкі, не, ліпнула толькі да сукна. Значыцца, першапачатковы разлік гэтага пустазелля быў на поўсць жывёлы.

Тайга пераклікалася сумнаватымі і рэдкімі птушынымі галасамі. Птушкам няма чаго было спяваць: набліжалася восень. Дзіўна было шмат чаго не ведаць у лесе. Чалавек ішоў і пазнаваў толькі асобныя дрэвы: цэльналістую піхту, граб, карэйскі кедр, маньчжурскі арэх.

Больш за ўсё было лістоўных лясоў. І прыемна было ісці пад іхняй сакавітай, начыста вымытай дажджом лістотай.

Уся зямля ў зялёным паўзмроку была асыпана сонечнымі плямамі. Як плямістая шкура ізюбра.

І ўвесь час побач мармытала, балбатала, легкадумна смяялася Тыгравая. Сплятала свой голас з галасамі тайгі.

Пазнаваў ён таксама ліпы, дзікія вішні і грушы, язмін і бэз, які рос тут вялікімі дрэвамі. І добра было ўяўляць, якое ж тут дзіва робіцца вясной, калі ўсё гэта цвіце.

«І сапраўды, застацца б тут. Гражыну ўгаварыць застацца. З Дзянісавым на паляванне хадзіць...»

Ён ведаў, што гэта толькі мара, казка на некалькі дзён, што выйсця яму няма. Ён любіў сваю безвыходнасць. Абы галава стала здаровая. Абы не гэтыя кашмары па начах.

Найбольш уразіла яго адно дзіўнае дрэва. Цэлымі гаямі яно сустракалася на берагах ручаін, цераз якія ён ішоў бярвеннямі, а то і проста скачучы па камянях і па беразе Тыгравай. Пальмавай стройнасці, з пышным султанам драбналістых галін недзе ўверсе, яно сонечна шумела над вадой. Вельмі падобнае на эўкаліпт, тугое як струна, яно расло... на камянях. Так, на жвіры і абкатаных буйных галышах. Часам на высокіх, метры два, валах з гэтых галышоў, валах, нанесеных калісьці Тыгравай.

Севярын ведаў, што ў такіх умовах ніводнае дрэва расці не будзе. А гэтае расло, немаведама адкуль чэрпаючы сокі на тое, каб выгнаць у неба ствалы такой вышыні і прыгажосці. І Севярын са здзіўленнем зразумеў, што гэта не эўкаліпт, а нейкая своеасаблівая вярба.

Ён яшчэ не ведаў, што гэта была чазенія.

Нехта неасцярожна хукнуў за яго спіною. Будрыс азірнуўся і ўбачыў, што за ім зладзеявата крадзецца беласнежная, сям-там у палевае, лайка Амур.

- Ну што, са мною пойдзеш? Хадзем. Толькі ўлічы, за Мёртвай крыніцай выпраўлю цябе дахаты. Малым хлопцам з пароды лаек няма чаго рабіць у джунглях за Мёртвым ключом. Добра?

Амур маўкліва згадзіўся, што так будзе лепей, і затрухаў уперадзе. На поўных, значыцца, правах.

Ісці было цяжка толькі там, дзе Тыгравая вырвала частку сцежкі. Там даводзілася лезці праз гушчар. Але і гэта было добра. Вакол джунглі з калючай сваячкі жэньшэня - дрэвападобнай араліі. Нават лістота ў яе была з калючкамі. Вакол - яблыні з маленькімі, на паўзногаць мезенца, яблычкамі. Вакол - горны ясень з буйнымі белымі плямамі на ствалах (як, ты скажы, нядбалы садоўнік паляпаў абы-як пэндзлем з вапнай). Вакол - гіганцкія ільмы, чаромха, бружмель, вольхі. Бязмернае багацце фарбаў, адценняў, парод.

І ва ўсім была суцэльная, без заганы, прыгажосць, вялікі спакой надыходзячай восені, жыццё.

Гладкі, з залацістымі вачыма Амур бег і раз-пораз аглядаўся: ці тут чалавек? Маўкліва прызнаў за гаспадара на час гэтага паходу.

Чалавек не краўся, чалавек не крычаў на гаспадара, чалавек ішоў ад базы - чаго ж яшчэ? І Амур, канчаткова абдумаўшы гэта, пачаў перыядычна знікаць.

Севярын ішоў па-паляўнічы асцярожна. Так асцярожна, што ледзь не наступіў на маленькага аранжавага бурундучка. Той, відаць, захапіўся нарыхтоўкай ежы на зіму і не адразу заўважыў волата.

А калі заўважыў, то з рэзкім віскам - «ві-ці-глі!..» - драпануў з-пад самых Севярынавых ног, схаваўся за дрэва, у дзікім перапудзе вінтом пабег угору па ягоным ствале (з кожнага боку чакаў небяспекі).

Узбегшы досыць высока, бурундук сеў на галіне і, трасучы лапкамі, пачаў лаяцца. Крычаў, што вось ходзяць, вось носяць іх чэрці, вось палохаюць занятых справай добрых людзей.

- Ты - матам... - параіў яму Севярын.

І тады бурундук пачаў лаяцца яшчэ больш віскліва і ярасна. Нічога ў гэтым не было дзіўнага. На бурундуковай аранжавай спінцы давеку засталіся пяць чорных палосак. Гэта калісьці, у дагістарычныя часы, пагладзіў яго па спіне кіпцюрамі казачны мядзведзь.

Будзеш баяцца, вядома.

Бурундук усё яшчэ мацюкаўся, а Будрыс быў ужо далёка. Ішоў цераз крыніцы, і кожная крыніца спявала па-рознаму і была на свой твар. Чароўна разнастайныя былі песні вады. І весела, рэзка крычалі свае «віць-цвіць-цвіць!» шэрыя попаўзні, бегаючы ўніз галавою па ствалах дрэў. Бегалі нейкія зусім ручныя, не звяртаючы ўвагі на чалавека і сабаку.

Можа, таму ручныя, што вакол было мора сонца ў вясёлым лесе, што злева былі дымна-зялёныя горы, справа - сонечныя горы, далёка наперадзе - сінія горы.

Горы. Горы. Горы.

Самая казка пачалася незадоўга перад Япруковай крыніцай. Пачалі ўсё часцей трапляцца піхта і кедр. Сама крыніца бегла ў даліне, нібыта па прыступках, празрыстымі, тонкімі, як шкло, вадаспадамі. На кожнай прыступцы быў вадабойны кацёл, кожная прыступка была геаметрычна правільнай чашай, у якой шампанскім кіпела вада. Кіпела з аднаго боку, а з другога шкляна пералівалася ў ніжэйшую, наступную чашу.

Амур гучна хлябтаў з гэтых чаш: па глытку з кожнай. Не хацеў піць, але не мог адарвацца. Часам залазіў у чашу з лапамі і клаўся, хапаючы зубамі няўлоўны струмень.

Пасля Мёртвага ключа лес нават пахнуць пачаў па-іншаму. Свежым, але вострым, спіртавым, амаль нашатырным пахам.

- Восень ідзе... - сумна адзначыў Будрыс.

Аб восені сведчылі і шматлікія дуплянкі, і хаткі над сцежкай. Пранумараваныя, як дамы на вуліцы, і... пустыя.

«Так і ўяўляю іх сабе вясной. Галоўны праспект, фешэнебельныя кватэры... З кожнай - галовы выглядаюць, пляткараць, сварацца з суседкамі... Восень ідзе. Апусцелі».

За Мёртвай крыніцай (рэчка была сапраўды мёртвай, уся ў буйных круглых галышах, з адзіным струменьчыкам вады пад імі, але ў час залеў, мабыць, страшная) нешта цьмяна-непрыемнае ўпершыню штурханулася ў Севярынава сэрца...

...На высачэзнай піхце, трохі ўбаку і ўніз - сцежка тут караскалася на адхон, - сядзела вялізная калонія нейкіх цёмных, дзюбастых, падобных на крумкачоў птушак. Было іх, можа, з сотню. Натапыраныя, трывожныя, у нейкім напятым чаканні.

Севярын гукнуў на іх, толькі каб разбіць іхнюю цягучую, са злавесным адценнем цішыню. Хмараю чорных крыжоў яны ўзняліся ў паветра з рэзкім характэрным крыкам, нешта накшталт «ког, ког!» або «кго, кго!».

Адляцелі недалёка і паселі зноў. Гэта былі японскія даўгадзюбыя вароны, але Будрыс не ведаў гэтага. Проста яму стала не па сабе ад нейкага прадчування. Толькі на палову імгнення не па сабе. Занадта ўжо добры, пяшчотны стаяў вакол дзень. Ён, можа, і забыўся б на гэта, каб не выбег раптам з нетраў Амур. Чынна, як паслухмяны хлопчык, пайшоў «ля нагі».

- Што, думаў, забыўся? - спытаў чалавек. - А хто быў згодзен, што малым хлопцам з пароды лаек нельга хадзіць за Мёртвы ключ? Га?

Амур глядзеў на яго залацістымі вачыма і віляў хвастом.

- Так у нас з табою не пойдзе. А калі цябе тут вароны задзяўбуць? Як тады гаспадару ў вочы глядзець буду? Дамой... Ідзі, Амур.

Сабака пайшоў. Пайшоў, чапляючы лапа за лапу, штохвіліны аглядаючыся, няшчасны, быццам пабіты.

Сабака знік. Але не паспеў чалавек зрабіць і дваццаці крокаў, як Амур з'явіўся зноў, стралою кінуўся з нетраў да ног, амаль прыціснуўся да іх.

- Правы качаеш?

Густая поўсць на сабачым загрыўку стаяла дыбарам, па гладкім беласнежным целе прабягалі буйныя хвалі гневу, змешанага з чымсьці незразумелым, можа, са страхам. Праз вострыя белыя зубы прарываліся рыклівае клекатанне і хрып.

- Ты што? - Севярын глянуў у той бок, куды глядзеў сабака. Здалося яму ці не, што ў нетрах бліскавічна прамільгнуў доўгі, няпэўнага ў паўзмроку колеру, плямаваты ад сонечнай лістоты, цьмяны цень?

Ударыў барабан лесу.

Чалавек нічога не мог бачыць і ведаць. Але было прадчуванне. Першы грозны акорд уварваўся ў вясёлае, зялёнае скерца тайгі.


1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка