Уладзімір Калупаеў, кандыдат эканамічных навук, дацэнт




Дата канвертавання28.03.2016
Памер96.29 Kb.
Ацэнка наступстваў змянення сыстэмы дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі ў кантэксце ўступлення беларусі ў сусьветную гандлёвую арганізацыю

Уладзімір Калупаеў, кандыдат эканамічных навук, дацэнт


Рэзюмэ: Разглядаюцца пытанні, якія датычацца ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі, у прыватнасьці – сыстэмы дзяржаўнай патрымкі вытворцаў у сувязі з ўступленнем Беларусі ў Сусьветную ганлёвую арганізацыю.

Адной з прычын зацягвання з уступленнем Беларусі ў сусьветную гандлёвую арганізацыю (далей СГА) зьяўляюцца разыходжанні ў пытанні падтрымкі сельскагаспадарчых вытворцаў. Камісія СГА настойвае на змяншэнні субсыдый і датацый беларускаму АПК, але беларускі ўрад не згаджаецца з гэтым. Мэтай гэтага даследвання было высьветліць асаблівасьці існуючай на Беларусі сыстэмы дзяржаўнай падтрымкі АПК, яе рэальнасьць і адпаведнасьць сучасным умовам, а таксама знайсьці выйсьце з названай вышэй сытуацыі.

Забеспячэнне ўласным харчаваннем зьяўляецца ў цяперашняй эканамічнай палітыцы адным з прыярытэтаў. Гэтая палітыка падмацавана і адпаведным пераразьмеркаваньнем бюджэтных сродкаў. Так па афіцыйным дадзеным, у 2002 годзе на падтрымку АПК было выдаткавана $550 млн., што склала прыкладна $70 на 1 га ворыўнай плошчы. У 2003 годзе дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі павялічылася і склала ўжо каля $650 млн., альбо блізу $85 на 1 га. У такой практыцы аказання бюджэтнай падрымкі сельскай гаспадарцы няма нічога заганнага, і яна дапасуецца да большасьці краін з разьвітай рынкавай эканомікай. Напрыклад, у ЗША субсыдыі складаюць болей $3000 на душу насельніцтва (на Беларусі ў 2003 г. – $65), у краінах Эўрапейскага зьвязу – ад $500 да $900 на 1 гектар ворыўнай плошчы, а ў скандынаўскіх краінах яшчэ болей – ад $1500 на 1 га у Фінляндыі да $3000 у Нарвэгіі (на Беларусі ў 2003 г. – $55 на 1 га).

Аднак у гэтых краях і даходы вышэйшыя, і пакупніцкая здольнасьць даляра ніжэйшая. Таму, каб ацаніць важкасьць дапамогі сельскай гаспадарцы аб’ектыўна, з улікам памераў эканомік, трэба браць іншы паказьнік – долю субсыдыяў у вартасьці вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі. Так, у 2002 г. у Беларусі сельскай гаспадарцы была аказана бюджэтная падтрымка на суму 800 млрд. руб., а прадукцыі з гэтай галіны атрымана на суму 2,3 трлн. руб. Значыць дзяржпадтрымка склала амаль 35% ад вартасьці вырабленай прадукцыі. Гэта прыкладна столькі ж, як за савецкімі часамі, і ня меней, чым у некаторых разьвітых краінах. Напрыклад, у ЗША па розных штатах яна складае ад 33 да 40%, у краінах Эўрапейскага зьвязу яна складае прыблізна 33%, і толькі ў некаторых краінах яна мае значна большы памер, уласьне ў Швэцыі – 47%, у Фінляндыі і Японіі – 72%, у Швэйцарыі – 78%.

У чым жа асаблівасьці дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў параўнанні з краінамі з разьвітай рынкавай эканомікай? Пазначым галоўныя зь іх.

У Беларусі падтрымліваюцца не прыватныя эфектыўныя гаспадаркі, напрыклад, фермерскія, а стратныя калгасы, якіх у краіне больш за 70%, а яшчэ 15--20% маюць перыядычныя фінансавыя складанасьці. Субсыдыруецца затратная вытворчасьць зь нізкай прадукцыйнасьцю вытворчых тэхналёгій, і пры гэтым дэкляруецца, што яны павінны забясьпечваць харчаваннем усіх жыхароў. Гэта прыводзіць да стрымлівання эканамічнага разьвіцця краіны.

Напрыклад, сярэдняя ўраджайнасьць бульбы на Беларусі складае 110 цэнтнэраў з гэктару, у той час як датскі фэрмэр пры ўраджайнасьці ніжэй за 170 цэнтнэраў з гэктару нават яе не выкопвае – бо выдаткі на ўборку не акупяцца. Добрыя ж тэхналёгіі дазваляюць на яшчэ менш спрыяльных для гэтай культуры глебах вырошчваць у Даніі, Бэльгіі, Нідэляндах ураджаі бульбы да 700 цэнтнэраў з гэктару.

Сабекошт вырабленых у Беларусі прадуктаў харчавання, калі ўлічыць усе выдаткі, атрымліваецца ў 2--3 разы вышэйшым, чым у заходніх краінах. Каб зрабіць іх канкурэнтаздольнымі на нутраным рынку, Беларусь зачыняецца ад танных і больш якасных імпартных прадуктаў харчавання высокімі мытнымі пошлінамі. У выніку складываецца становішча, калі ў Беларусі насельніцтва выдатковывае на харчаванне 50% уласных грашовых даходаў, тады як, напрыклад, у Эўрапейскім зьвязе гэты паказьнік складае 17%, у ЗША – 7%. У такіх умовах вузкі грашовы попыт не дазваляе разгарнуцца прамысловасьці і сферы паслуг, тым галінам, якія забясьпечваюць асноўны дабрабыт жыхарам разьвітых краінаў. Бо структура сучасных заходніх эканомік больш як на палову складаецца са сферы паслуг, а ўнёсак сельскай гаспадаркі ў ВУПе складае ўсяго 2--3%. У нас жа каля 3% ВУПа складаюць толькі субсыдыі АПК з дзяржбюджэту, а ўдзельная вага сельскай гаспадаркі складае больш чым 11%. Гэта сьведчанне таго, што Беларусь зьяўляецца адсталай аграрна-прамысловай дзяржавай. У краінах Эўразьвязу 1--1,5% занятага у сельскай гаспадарцы насельніцтва забяспечвае харчаваннем нутраныя патрэбы і яшчэ вырабляе на экспарт, у нас жа 20% насельніцтва ня здольныя забяспечыць нават нутраныя патрэбы. Здаецца, гэта самы пераканаўчы факт, які характарызуе адсталасьць беларускага АПК на падмурку калгаснай сістэмы і дзяржаўнай уласнасьці на зямлю.

Другая памылка, якая яшчэ больш пагаршае становішча, гэта ўстаноўка на самазабеспячэнне ўсімі культурамі, якія тут можна вырошчваць. Аргумент – ня трэба траціць каштоўную валюту, якой не хапае. Ідзе ўстаноўка на колькасныя паказьнікі – па вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі, па выкарыстанню ўсіх ворыўных зямель, па забеспячэнню ўласнымі прадуктамі харчавання ўсяго насельніцтва, па імпартазамяшчэнню.

Яшчэ дзьвесці гадоў таму Давід Рыкарда дамогся адмены ў Ангельшчыне так званых “хлебных законаў” і пераканаўча даказаў, што “дабрадзейнае” жаданьне цалкам забяспечываць сябе хлебам, уводзячы розныя абмежаваньні на яго імпарт, прыводзіць да росту нутраных коштаў на ўласнае зерне. Тлумачыцца гэта тым, што такія абмежаванні вымушаюць земляробаў апрацоўваць больш дрэнныя землі, якія пры іншых умовах пуставалі, і гэта павышае выдаткі на ягоную вытворчасьць.

Для Беларусі – гэта вельмі актуальна. Вядома, што Беларусь мае пераважна бедныя глебы, якія могуць даваць нядрэнныя ўраджаі толькі пры ўнясенні пэўнай колькасьці ўгнаенняў. Інакш беларуская зямля родзіць дрэнна, напрыклад, калі браць зернявыя, то можа даць толькі каля 18 цэнтнераў з гэктару. Гэта накладае яшчэ адну асаблівасьць на вядзенне гаспадаркі ў Беларусі, – трэба засяваць толькі тыя землі, якія гаспадарнікі здольныя, пры існуючых тэхналёгіях, тэхніцы і ўгнаеннях, падтрымліваць у належным стане, каб атрымаць канкурэнтаздольны прадукт. У апошнія ж гады атрымліваецца такая супярэчлівасьць: тэхнікі і ўгнаенняў у гаспадарках за апошнія 20 гадоў стала меней ў 2--3 разы, а плянавыя паказьнікі, што даводзяцца звыш, усё вышэй і вышэй (мал. 1-4).



Нават за часамі царскай Расіі, калі, паводле шматлікіх беларускіх эканамістаў (А. Смоліча, М. Доўнар-Запольскага, Г. Гарэцкага, А. Цвікевіча), у дачыненні да беларускага краю праводзілася каланіяльная эканамічная палітыка, беларускія сяляне самі вырашалі што ім вырабляць. Пры гэтым яны ўлічвалі ня толькі попыт на нутраным рынку, але і сусьветныя кошты на сельскагаспадарчыя прадукты. У залежнасьці ад зьмянення кан’юнктуры коштаў зьмянялася і структура вырабляемых тавараў. Напрыклад, з 1890-х гадоў пачалі падаць кошты на зерне, сяляне скарацілі яго вытворчасць і край стаў яго імпартаваць. Але, як зазначаў Аркадзь Смоліч, на пачатку 1920-х гадоў “Беларусь прывозіць хлеб са стараны не таму, што ня можа прахарчавацца сваім, а таму, што гаспадарка яе цяпер ужо менш цікавіцца вытварам зярна й сваю ўвагу што раз, то больш звяртае на больш зыскоўныя галіны гаспадаркі. Усе на захад ад Беларусі ляжачыя эўрапэйскія краі гэтак сама, як і Беларусь, маюць недахоп уласнага хлеба і прывозяць яго са стараны. Наадварот, Маскоўшчына і асабліва Ўкраіна вывозяць шмат хлеба за граніцу”1. Тое ж самае зазначаў і Мітрафан Доўнар-Запольскі: “Беларускі селянін прыстасоўваўся да рынку і ягоных коштаў з вялікім уменнем і настойлівасцю. Калі яму не хапала хлеба, ён ахвотна яго купляў, таму што Беларусь знаходзілася на вялікай дарозе, па якой правозіліся масы таннага збожжа, і сэнс беларускай гаспадаркі заключаўся ў тым, каб вытворчасцю больш інтэнсіўных культур не толькі запоўніць недахоп у збожжы, але і атрымаць пэўнага роду грашовыя лішкі”2. Калі ж кошты на зерне на ўнутраным, альбо замежным рынку, падымаліся, то селянін замяняў недастатковую яго колькасьць набыцьцём імпартнай мукі3.

Той жа Смоліч даводзіў, што беларускія глебы добра прыдатныя для вырошчвання траваў, бульбы й буракоў, а таксама тэхнічных расьлінаў – льна і каноплі; таму тут заўсёды будзе эканамічна выгадна адносна іншых краін займацца гадоўляй скаціны. Акрамя таго, па Смолічу, жывёлагадоўля – гэта важная крыніца натуральных угнаенняў для земляробства, хоць няхай яно можа мець і другаснае значэнне. Зазначым, што пакуль захоўвалася самастойнасьць сялян у вырашэнні пытання, што вырабляць і ў якіх памерах, у дачыненні да Беларусі дзейнічала тэорыя адносных перавагаў Д. Рыкарда. Хоць прадукцыйнасьць працы беларускага селяніна была ў 2--3 разы меншая, чым ангельскага ці нямецкага, беларускія тавары пранікалі глыбока ў Заходнюю Еўропу. Як пісала ў 1910 годзе “Наша ніва”, “ангельцы ў Лёндане ядуць масла з Дзісны й яйкі з-пад Радашковічаў”4. Гісторыя беларускай сельскай гаспадаркі пераканаўча сьведчыць, што ў рынкавых умовах сяляне самі здольныя ўсталяваць эфектыўную структуру вытворчасьці, выявіць адносныя перавагі і знайсьці сваё месца ў міжнародным падзеле працы без умяшальніцтва дзяржавы.

Думка пра неабходнасьць цалкам забяспечываць сябе ўласным збожжам любой цаной, не зьвяртаючы ўвагі на адносныя перавагі, упершыню зьявілася на Беларусі ў першыя гады савецкай улады (С. Такмачоў, С. Карп, А. Котаў). Напрыклад, С. Такмачоў лічыў, што “з прычыны эканамічнай слабасьці беларускай вёскі, яе нізкай таварнасьці, скарачэнне плошчы пад зернявыя культуры парушыць харчовы баланс (у сёняшняй тэрміналёгіі – харчовую бясьпеку), прывядзе да неабходнасьці набываць хлеб за мяжой, тады як грошаў на гэтыя мэты ў сялянаў няма”5. Аднак у той час гэта думка была не ўплывовай, бо дамінавала канцэпцыя “Беларусь-Данія”, аўтарамі якой былі вядомыя эканамісты Г. Гарэцкі, А. Смоліч, Я. Кісьлякоў, З. Прышчэпаў. Яны лічылі, што ліквідаваць адсталасьць беларускай сельскай гаспадаркі ад Польшчы, Чэхіі, краін Балтыі, не кажучы ўжо пра заходне-эўрапейскія краіны, можна толькі шляхам пераймання ў гэтых краін прагрэсіўных метадаў і тэхналёгій гаспадарання. Эканамічна моцная і сходная да беларускага краю па прыродна-кліматычных і дэмаграфічных умовах Данія была абраная не выпадкова: прыклад яе эканамічнага роськвіту абвяргаў і цяпер абвяргае даўнія стэрэатыпы, што быццам бы Беларусі перашкаджае стаць заможнай краінай адсутнасьць значнай колькасьці карысных выкапняў, неспрыяльны клімат для вядзеньня сельскай гаспадаркі, малая гушчыня насельніцтва. І толькі пасля абвінавачаньня гэтай групы эканамістаў у “нацдэмаўшчыне” і іх рэпрэсіраванні бальшавікамі, пачатку калектывізацыі, замацавалася канцэпцыя бясьпекі і самазабесьпячэньня, апраўданая тады яшчэ і неабходнасьцю супрацьстаяньня сацыялістычнай і капіталістычнай сістэм. Сёння канцэпцыя забеспячэння “харчовай бяспекі” краіны не вытрымлівае ніякай крытыкі: у сусьветнай эканамічнай навуцы і практыкі не існуе нават такога паняцця.

Сельскай гаспадарцы можна аказываць дзяржаўную падтрымку з прычыны яе асаблівасьцяў і адрозненняў ад прамысловасьці і сферы паслуг. Але недапушчальна даціраваць і субсыдаваць стратныя гаспадаркі, тэхналягічныя працэсы і няўмелае гаспадаранне. Адзінае выйсьце з цяперашняга становішча – гэта імпарт з заходніх краінаў тэхналёгій, якія дазволяць падвысіць прадукцыйнасьць вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы да ўзроўню тых эўрапейскіх краін, з якіх мы імпартуем прадукты харчавання.

Трэба адмовіцца ад падтрымкі неэфектыўнай вытворчасьці. Пры гэтым калапса не будзе, бо сёння ўдзельная вага прыватных падсобных гаспадарак у аб’ёме вытворчасьці сельскай гаспадарцы складае ўжо 43%. Сэканомленых сродкаў хапіла б для дапамог па беспрацоўю. Разьлікі сведчаць, што калі б урад адмовіўся ад падтрымкі АПК і забяспечыў пастаўкі харчавання з-за мяжы, то выдзяленне сродкаў, што выдаткоўваюцца на датацыі вёсцы, наўпрост працаўнікам сельскай гаспадаркі ў выглядзе дапамогі па беспрацоўі склала б каля $90 на кожнага ў месяц, замест $60, якія яны атрымалі ў выглядзе налічэньняў намінальнага заробку ў 2002 г. Каб зразумець у ва што абыходзіцца беларускаму грамадзтву падтрымка зь дзяржбюджэту сельскай гаспадаркі дастаткова зірнуць на мал. 5.



Кампенсаваць жа падзенне ВУПа ад АПК будуць сфера паслуг і прамысловасьць, якія павялічуць вытворчасьць, бо ў выніку скарачэння выдаткаў на харчаванне з боку насельніцтва ўзнікне дадатковы грашовы попыт на прадукцыю і паслугі.

Такім чынам, паміж неабходнасьцю ўступлення ў СГА і скарачэннем дзяржаўнай падтрымкі АПК няма супярэчнасьці. Гэта, дарэчы, сьцвярджаюць і сучасныя эканамісты-аграрнікі П. Ляшчылоўскі і А. Мікуліч, якія даюць станоўчы адказ пра магчымасьць уваходжання беларускага АПК нават у Эўразьвяз. На іх думку, выкарыстанне сучасных тэхналёгій у нашых прыродна-кліматычных умовах дазволіць атрымліваць ураджай зерневых да 35--40 ц/га. Дзякуючы асваенню навукова-абгрунтаваных севазваротаў, тэхналагічна правільнаму выкарыстанню ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін, шэраг гаспадарак і сёння маюць эўрапейскі ўзровень ураджайнасці -- звыш 50 ц/га. Генетычны патэнцыял чорна-пярэстага статку па малочнай прадукцыйнасьці на беларускіх племзаводах складае 6--7 тыс. кг малака. Тыя гаспадаркі, што вядуць працу па генетычнаму ўдасканаленню ўласных статкаў і сёння атрымліваюць ад аднае каровы болей чым 5000 кг малака (такіх гаспадарак у Беларусі каля 30-ці), што адносіцца да паказьніку эўрапейскага ўзроўню. Такім гаспадаркам уступленне, хоць у Эўразьвяз, хоць у СГА, ня страшна і пойдзе толькі на карысьць, бо стануць больш даступнымі тэхналёгіі, крэдытныя сродкі, а таксама падтрымка з боку дзяржавы і эўрапейскіх фундацый”6. Неэфектыўным жа гаспадаркам у гэтай новай сістэме месца ня будзе, але неабходна задацца пытаннем, – ці патрэбны нам такія гаспадаркі, і ці настолькі цяпер Беларусь багатая, каб падтрымліваць іх існаванне?

Літаратура:

1. Смоліч А. Географія Беларусі / Пасьлясл. А. Ліса. 4-е выданьне. Мн.: Беларусь, 1993. С. 159-160

2. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн.: БелЭН, 1994. С. 386

3. Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии (1861-1914 гг.). Мн.: Госплан БССР, 1926. С. 229-230



4. Скуратович К. Забытый ренессанс. Экономика Беларуси прошлого века // Белорусский рынок. 2004. №2. С. 27

  1. Бусько В.Н. О концепции «Беларусь-Красная Дания» // Белорусский экономический журнал. 2000. №4. С. 110

  2. Лещиловский П., Микулич А. Совершенствование и развитие предприятий различных форм собственности и хозяйствования в АПК Республики Беларусь // Эковест. 2002. №4. С. 666

 Выказываю шчырую падзяку студэнту Алесю Аляксандраву, які займаўся апрацоўкай статыстычных дадзеных і пабудовай дыяграм падчас правядзення гэтага дасьледвання.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка