Уладзімір Дубоўка ў жыцці




Дата канвертавання07.05.2016
Памер181.29 Kb.
Дзмітрый Бугаёў
Уладзімір Дубоўка ў жыцці
Пазнаёміцца з Уладзімірам Мікалаевічам Дубоўкам мне давялося ў сувязі з вывучэннем ягонай творчасці. Я пісаў пра паэта манаграфічны артыкул для двухтомнай «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964—1966), а потым і кнігу «Уладзімір Дубоўка» (1965). Ні той артыкул, які рыхтаваўся для першага тома «Гісторыі...», ні кнігу нельга было напісаць без дапамогі Уладзіміра Мікалаевіча, бо толькі ў яго самога я мог узяць тады яшчэ не апублікаваную паэму «Штурмуйце будучыні аванпосты!». Гэтая паэма, напісаная ў 1929 годзе, была забаронена бальшавіцкай цэнзурай. Але ненадрукаваны твор насуперак усім этычным нормам падвяргаўся публічнай разноснай крытыцы не толькі тады, калі паэт сядзеў у турме ці пакутаваў у высылках, але і пасля ягонай афіцыйнай рэабілітацыі.

Гаварыць пра сапраўдную цану гэтых разносаў, якія ў пасляваенныя гады рабіліся і тымі, хто самога твора не бачыў у вочы, вядома, было немагчыма без вывучэння тэксту паэмы. Дубоўка дазволіў мне пазнаёміцца з паэмай па ягоным двухтомніку, які рыхтаваўся да друку ў выдавецтве «Беларусь» (выйшаў у 1965 го­дзе), а пазней падарыў і машынапісную копію, па якой твор быў урэшце апублікаваны. На ёй рукою Дубоўкі пазначана: «Гэта — копія, зробленая Я. Э. Лужанінай з той копіі, якая была ў Бэнды».

Пра ваяўнічага вульгарызатара Л. Бэндэ Уладзімір Мікалаевіч заўсёды гаварыў з вялікім абурэннем, бо гэты пагромшчык беларускай літаратуры сваімі беспадстаўнымі нападкамі папсаваў яму шмат крыві. I вось што парадаксальна. Нібыта прававерныя артадоксы, тыпу Бэндэ, падводзілі ідэалагічны грунт пад рэпрэсіраванне выдатных пісьменнікаў, а іх творы пры-карманьвалі і потым з гэтага мелі свой навар. Паэму «Штурмуйце будучыні аванпосты!» прыйшлося выкупляць у Бэндэ. Але рабіў гэта не сам Дубоўка, які, як ён казаў, баяўся, што яму ягоны ж твор не прададуць, а праз Лужаніных. Адсюль і згаданая прыпіска, што копію зрабіла Я. Э. Лужаніна — жонка Максіма Лужаніна, вядомая і як добрая беларуская паэтэса, якая друкавалася пад уласным прозвішчам (Яўтенія Эдгардаўна Пфляўмбаўм).

Падараваную мне копію з аўтографам Дубоўкі я збярог. Уладзімір Мікалаевіч уклаў яе ў блакнотную вокладку з малюнкам усмешлівай і вельмі прыгожай беларусачкі на фоне белых бяроз. Дзяўчына трымае ў руках поўны кошык (з ладным коптурам) суніц. Усё глядзіцца вельмі добра. Словам, густ паэта праявіўся і тут.

Копія мае каштоўнасць і пасля публікацыі твора, бо там ёсць аўтарскія праўкі, а галоўнае — яна дазваляе зрабіць некаторыя ўдакладненні.

У самым першым лісце да мяне Дубоўка паведаміў, што напісаны ў 1929 годзе тэкст паэмы ён, вярнуўшыся да літаратурнай працы, пакінуў без істотных змен. «Апрача лёгкіх паправак у казках народных, якія ўваходзяць у мой твор «Штурмуйце будучыні аванпос­ты!», ніякіх паправак больш я не рабіў»,— падкрэсліў паэт. На самой справе ў казцы, якая атрымала назву «Народнае апавяданне пра музыку і пра тое, як ён прадаваў чорту сваю скрыпку», папраўкі былі значныя, яны змянілі танальнасць таго народнага апавядання. Яно ў друкаваным тэксце мае аптымістычны фінал. Атрыманыя за скрыпку ад чорта дукаты музы­ка тут кідае ў балота і сваей ігрой знішчае ўсіх чарцей разам з пеклам: «I пайшоў музыка ў людзі, // і цяпер па свету ходзіць. // Ён людзей да шчасця будзіць, // ён заўсёды у народзе», а ягоная «скрыпка грае, як жывая».

Зусім іначай канчалася казка ў рэдакцыі 1929 года. Там перамагаў чорт, які сам на скрыпцы добра іграць не змог, бо не заўважыў, што вытрас з яе душу, але музыку абяззброіў — той узяў чортавы дукаты і з гора напіўся: скрыпка, пазбаўленая душы, ужо не загаварыла і ў яго, «Скрыпка тая, як нямая, // Быццам голасу не мае, // Толькі струны смык шаруе, // Толькі пек­ла ірытуе. // [...] Тая скрыпка больш не грае, // Больш яна не вымаўляе. // Хай забудзе люд вясковы, // Як са струн яе зляталі словы».

Такая канцоўка несла ў сабе скрытую апазіцыйнасць — непрыманне бяздушнай казёншчыны ў масгащве.

Наяўнасць апазіцыйных матываў у творы прадвызначыла яго пакручасты лес. Як падсведчыў Антон Адамовіч, спачатку «Штурмуйце будучыні аванпосты!» былі дазволены да публікацыі ў часопісе «Узвышша» ў тым выглядзе, як іх напісаў аўтар. Паэма рыхтавалася да друку, былі ўжо зроблены карэктурныя адбіткі. А потым грымнула катэгарычная цэнзурная забарона. Гэта выклікала сенсацыйную цікавасць да твора. «I вось карэктурныя адбіткі зараз жа пайшлі з рук у рукі, з іх здымаліся рукапісныя копіі, што сваім парадкам пайшлі множыцца далей тым жа шляхам». А ў выніку паэма пашырылася, «як ніводзін, бадай, твор нашае літаратуры тых год, што дазнаў падобную долю цэнзурнае забароны і нелегальнага рукапіснага пашырэння. Шмат якія мясціны твора, удзячныя для запа-мінання, адразу ж асядалі у памяці»,— пісаў Антон Адамовіч яшчэ у 1954 годзе. Ён жа цытуе і асобныя строфы, якія адсутнічаюць у той копіі, па якой твор урэшце быў апублікаваны. Так, у надрукаваным тэксце зварот да Дж.Байрана «Каб ведалі вы // пра нашай краіны нядолю, // здратованыя паплавы // і у корань стаптанае поле...» абрываецца шматкроп'ем. А за ім у Дубоўкі першапачаткова дадавалася яшчэ адна страфа: «Вы, пэўна, пайшлі 6 бараніць // яе, а не грэцкія міфы... // Ды ўрвалася прышласці ніць, // і мы ланцугамі спавіты». Гэтыя ланцугі яўна кідалі цень на бальшавіцкія парадкі, а таму не маглі трапіць у савецкі друк не толькі ў 1929-м, але і ў 1965 годзе.

Вярнуўшыся да творчасці пасля вялікага, ажно на 28 гадоў, выгнання, Дубоўка ўжо асцерагаўся чапаць помслівую ўладу рызыкоўнымі намёкамі. Якраз таму ён карэнным чынам перайначыў ранейшы фінал казкі пра музыку і чорта, унёс некаторыя іншыя папраўкі. Пэўнае аўтарскае рэдагаванне паэмы, вядома, вымушанае, рабілася і ў 1929 годзе, калі была апушчана страфа пра згаданыя ланцугі. Але такія праўкі не дапамаглі, бо бальшавіцкія кіраўнікі тады ўжо прыступілі да жорсткага заціску ў краіне ўсякай свабоднай думкі.

Мае непасрэднае знаёмства з жывым паэтам адбылося ў самым пачатку 1964 года. Запрасіў прыехаць у Маскву сам Дубоўка, паабяцаўшы паказаць усе свае лісты да А. Бабарэкі, з якіх у Мінск прысылаў мне толькі асобныя перадрукаваныя на машынцы вытрымкі. Каб лішне не дакучаць чалавеку, уладкаваўся я ў гасцініцы, бо збіраўся трохі папрацаваць і ў маскоўскіх бібліятэках, а да Уладзіміра Мікалаевіча некалькі разоў ездзіў на кватэру.

Кватэра ў яго была ў Новых Чаромушках, сціплая паўтарачка, адзін нармальны пакой, дзе стаялі рабочы стол паэта і кніжныя паліцы, шчыльна набітыя рознымі выданнямі, а яшчэ была зусім маленькая спальня. Сустрэў гаспадар вельмі гасцінна. На стале хутка з'явілася бутэлька гарэлкі, з кухні, дзе завіхалася жонка паэта Марыля Пятроўна, таксама неўзабаве пайшоў прыемны пах свежага мяса, якое смажылася на патэльні. Пад чарку і скварку гаворка пайшла жвава і свабодна.

Ды ў адным пункце я, можна сказаць, трохі падкачаў. Марыля Пятроўна ці не адразу спыталася: «Як вы думаеце, ці пасадзілі б Уладзіміра Мікалаевіча, каб ён тады менш вытыркаўся, не быў такім ваяўнічым?» Я пра тую ваяўнічасць ведаў, чытаў, што і ўкраінцы казалі, што ён «найкрашчы бузоцер». I без усякай дыпламатыі «суцешыў» жанчыну, сказаўшы, што пасадзілі б абавязкова, бо Уладзімір Мікалаевіч у нашай літаратуры быў надзвычай яркай фігурай, а такіх бралі ў першую чаргу. Так што шансаў уцалець у яго не было. Марыля Пятроўна спрачацца не стала, але ўсё ж трохі сумелася. Было зразумела, як моцна балеў ёй той здзек, які выпаў на паэтаву і яе ўласную долю.

Выстаўленую Дубоўкам бутэльку белай мы, вядо­ма, выпілі даастатку. I толькі ўдвух. Марыля Пятроў­на тут нам не дапамагала зусім, а закусь падносіла спраўна і шчодра. У такой атмасферы гаворка зацягнулася. I Уладзімір Мікалаевіч у гасцініцу мяне не адпусціў, сказаў, што пасля чаркі ды познім часам лепш не рызыкаваць. Давялося пагадзіцца, хоць і няёмка было даваць лішні клопат гаспадарам. Спаў я на пасцелі, засланай беласнежнымі просцінамі, якія Марыля Пятроўна дастала з шафы, і дрэнных сноў не бачыў. Галава калі перад сном злёгку і кружылася, дык не столькі ад выпітай гарэлкі, колькі ад усведамлення, што пашчасціла пабыць у выдатных людзей.

Уладзімір Мікалаевіч таксама выглядаў зусім цвярозым. Ён быў не толькі душэўна, але і фізічна вельмі моцным. Ужо у 1966 годзе ў вершы «Я не бываў дармажэрцам ніколі...» ён пісаў пра сябе: «Рукі ніколі мае не гулялі, // быццам былі яны самі са сталі. // [...] Сталь датрымала. I я не зламаны». Ён збіраўся дацягнуць да 2000 года, гэта значыць пражыць цэлае стагоддзе. I мог бы, каб не прыкры, недарэчны выпадак.

У сакавіку 1976 года захварэла Марыля Пятроў­на. Дубоўка раніцой пайшоў у аптэку за лекамі, а вяртаючыся, збочыў з асфальту і, каб было карацей, па-шыбаваў праз горку па сцежцы, на якой паслізнуўся. Снег на той сцежцы днём растаў, але яна за ноч пакрылася тонкім лёдам, на які паэт не звярнуў увагі. У выніку аказалася зламанай шыйка бядра. Спатрэбілася тэрміновая аперацыя, якой Дубоўкава сэрца не вытрымала. Так паздзекаваўся каварны лес з чалавека, які за амаль трыццаць гулагаўскіх гадоў перажыў мноства самых складаных сітуацый, а цяпер загінуў з-за выпадковага падзення ў добра ўладкаваным горадзе.

I ў паслягулагаўскія гады паэт быў яшчэ вельмі імпазантны. Хораша глядзелася яго шыкоўная барада патрыярха, здзіўлялі, здавалася, зусім маладыя вочы, палкі тэмперамент і вытанчаная далікатнасць, найперш да жанчын. Пазнаёміўшыся ў Мінску з маімі сямейнікамі (жонка і двое дзяцей), ён потым казаў ім добрыя словы і пры сустрэчах, і ў сваіх лістах. Напрыклад, пра жонку (яна захавала свае дзявочае прозвішча і вядома нашым мовазнаўцам як Корань Ніна) пісаў: «Прывітанне вашай разумніцы жонцы». Называў яе і «мілай», і «слаўнай». Словам, быў галант­ны і з ёю.

Асаблівую прыхільнасць выказваў Уладзімір Міка­лаевіч да дзяцей, заўсёды прыносіў ім цукеркі, рабіў іншыя падарункі. Людзе, цяперашняй Людміле Сіньковай (Корань), падпісваў свае кніжкі казак, а то нагадваў пра яе і так: «Людачцы скажыце, што як прыеду ў Мінск — абавязкова прыеду да яе ў госці». Не забываўся ўпамянуць і Косцю, хоць той быў яшчэ зусім малы (нарадзіўся ў 1963 годзе).

Гэткая ўвага да дзяцей была вельмі шчырай. Тлумачылася яна яшчэ і тым, што сам Дубоўка страціў свайго адзінага сына Аліка, які ў падлеткавым узросце загінуў праз няшчасны выпадак. Ён быў амаль што равеснікам са мною (толькі на адзін год старэйшы). Магчыма, што і з-за гэтага паэт з бацькоўскай клапатлівасцю часам перасцерагаў мяне, нагадваў пра асця-рожнасць. Пра свае нягоды часоў зняволення Уладзі­мір Мікалаевіч звычайна расказваў з гумарам, а калі ўспамінаў пра сына, слёзы набягалі на яго вочы.

Як бадай і кожны далікатны чалавек, Дубоўка не цярпеў хамства. Для прыкладу прыгадаю такі выпа­дак. У нашай гасцініцы «Мінск» яго пасялілі ў пакой, дзе было трошкі трэснутае настольнае шкло з прыгожым беларускім арнаментам. Калі прыйшла пара высяляцца, адміністратарка гасцініцы прычапілася да паэта і садрала з яго ладныя грошы за тое шкло. Гэта раззлавала Дубоўку, бо ён зразумеў, што так робяць не толькі з ім, разлічваючы, што кожны чарговы пастаялец таксама будзе плаціць, але не пацягне з сабою грувасткую рэч. Каб спыніць гэткае няхітрае, але непрыемнае для добрага чалавека махлярства, ён аддаў згаданае шкло мне. I яно яшчэ доўга ўпрыгожвала ўжо мой рабочы стол. У розны час падарыў мне Уладзімір Мікалаевіч некалькі сваіх фотаздымкаў, шэраг сваіх жа кніг з прыязнымі аўтографамі, а таксама першае выданне Багдановічавага «Вянка», з якім ён не расставаўся ў самыя цяжкія моманты жыцця. Пасля смерці Дубоўкі я перадаў гэты падарунак у музей Багдановіча.

Вялікую замілаванасць меў Дубоўка да беларускасці, на няўвагу да яе рэагаваў абвострана. Калі ён пісаў аповесці «Жоўтая акацыя» і «Ганна Алелька», дык спецыяльна цікавіўся беларускімі назвамі, як ён казаў, «многіх раслін, кветак і зёлак». Дзеля гэтага яму спатрэбіліся і выдадзеныя ў нас на рускай мове кнігі «Флора Беларусі» і «Лекавыя расліны». Першую з гэтых кніг, падрыхтаваных супрацоўнікамі АН БССР, ён набыў сам, а другую па ягонай просьбе даставалі мы з жонкай. Але абодва выданні пры ўсёй іх агуль-най навуковай грунтоўнасці расчаравалі паэта, бо ён не знайшоў там ні таго, што яму было патрэбна, ні павагі да ўласна беларускай адметнасці. Вось што ён тады нам напісаў: «Сардэчна дзякую Вам за прысланую кнігу — «Лекавыя расліны». Больш экземпляраў,— калі не пасылалі,— не шукайце і не пасылайце. Мне яна не спадабалася вельмі сваёй неахайнасцю ў дачыненні да беларускіх назваў. Настолькі бяздарныя ўкладальнікі гэтае кнігі, што не здолелі даць беларускія назвы да ўсіх раслін. Падумаць толькі: Эліза Ажэш-ка, польская пісьменніца, здолела сабраць некалькі сот назваў беларускіх раслін, а тут адмысловыя інстытуты, цэлыя калектывы, з дазволу сказаць, «вучоных» аказаліся бездапаможнымі нават пры такіх «складаных задачах», як назва для рамашкі (рамонка) і ім падобных... Проста «цуд», і «цуд незвычайны». Дубоўка набываў дыялектныя слоўнікі, у тым ліку шматтомныя, уважліва чьггаў тое, што пісалася пра беларускую мову. Калі ў рэцэнзіі для часопіса «Полымя» я са спасылкай на творы многіх беларускіх пісьменнікаў даводзіў, што слова «шкода» законна ўжываецца і ў значэнні шкадавання (напрыклад, гэтага чалавека мне шкода), дык паэт звярнуў на гэта ўвагу і падтрымаў мяне: «Ледзь не забыўся — добрая Ваша рэцэнзія пра «шко­ду». Тым часам сама рэдакцыя «Полымя» цалкам перайшла на «шкаду», што відаць па тым жа першым нумары. Ну, але ліха з імі. Вы выставілі такую кагорту пісьменнікаў, што і мне цяпер не сорамна будзе, калі ў маім двухтомніку будуць знаходзіць слова «шкода» [там, дзе другія пішуць «шкада»].

Як выйшаў першы том «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», паэт папрасіў заказаць для яго ажно пяць экземпляраў. Ён паведамляў пра тое, што пісалася пра яго ў выданнях, якіх у мяне не было пад рукамі, часам прысылаў выразкі з газетнымі артыкуламі. Адна з такіх выразак (з маскоўскай газеты «Гудок») змяшчала і фотаздымак бюста паэта. Гэты бюст зрабіў скульптар М.Анікушын. Ён з любасцю падаў натхнёнага Дубоўку ва ўсёй ягонай красе. У артыкуле таксама падкрэслівалася: «Цікава вырашаны закончаны нядаўна партрэт беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі. Гэта — вобраз чалавека невычарпальнай сілы духу, яркага тэмпераменту, вялікай душы». I тут не было перабольшання.

У тыя гады Дубоўка яшчэ здзіўляў сваёй дужасцю. Ён па 15 гадзін у суткі шчыраваў за пісьменніцкім сталом, займаўся і фізічнай працай, сам зрабіў для кватэры ўсю мэблю, частка з якой цяпер экспануецца ў музеі.

Размовы з паэтам падчас сустрэч у Маскве, а найбольш у Мінску былі самыя розныя. Паэт выказваў сумненні наконт таго, ці мог Сталін без дапамогі царскай ахранкі ўцякаць з Краснаярскага краю, згадваў прафесара Малчанава, які захапляўся ідэяй стварэння вялікіх паветраных шароў, але быў пасаджаны. У 1941 годзе, калі аэрастаты пачалі выкарыстоўвацца для абароны Масквы пры налётах гітлераўскай авіяцыі, Сталін успомніў пра Малчанава і загадаў яго тэрмінова вызваліць. Аказалася, што той памёр у тур-ме з голаду, бо ў яго зэкаўскую пайку адбіралі крымінальнікі. I ім гэта сыходзіла з рук. Раней...

Часта гаварылі пра пісьменнікаў. Дубоўка разважаў пра верагодных даносчыкаў у пісьменніцкім асяроддзі, прыхільна выказваўся пра Броўку, які ахвотна згадзіўся напісаць прадмову для кнігі перакладзеных Уладзімірам Мікалаевічам санетаў Шэкспіра, скептычна адзываўся пра Глебку. Той доўга марудзіў з прадмовай да першай пасля рэабілітацыі паэта кнігі яго Выбраных твораў (1959). Даваенныя творы тут публікаваліся ў моцна скалечаным выглядзе (рэдагаваў зборнік А. Кучар). А Глебка, які пасля арышту Уладзіміра Мікалаевіча публічна сцвярджаў, што ў ягоных творах «можна знайсці схованага Кайзера, Пілсудскага, Балаховіча і інш.» (жахліва па тых часах, але зусім беспадстаўнае абвінавачанне), цяпер прызнаў, што перабольшваў недахопы Дубоўкавай паэзіі, аднак жа зноў настойваў, што былі ў ёй «значныя памылкі і ідэйныя зрывы». 3 гэтага вынікала, што былы сябра па «Узвышшы», які пісаў прадмову ўжо ў рангу акадэміка АН БССР, афіцыйную рэабілітацыю Дубоўкі прызнаваў толькі часткова, з крыўднымі агаворкамі.

Пэўная раўнівасць адчувалася ў Дубоўкавых разважаннях пра А.Куляшова. «Няўжо ён і праўда геній?» — аднойчы пытаўся паэт. Была ў яго насцярожанасць наконт трываласці той лібералізацыі савецкага грамадства, якую распачаў Хрушчоў. I гэтая насцярожанасць, якая ў перыяд брэжнеўшчыны яшчэ ўзмацнілася, мела важкія падставы. Пры жыцці Дубоўкі не былі надрукаваны вершы «Даносчыку са стажам», «Падобны з твару да машчэй» (гэты верш і не разлічваўся на прыжыццёвую публікацыю), вялікі драматычны твор «Salus ponuli». Толькі невялічкі, самы бяскрыўдны ўрывак прапусціла цэнзура з паэмы «Свінцовы век», якая засталася няскончанай. Дубоўка, арыентуючыся на «Бронзавы век» Байрана, збіраўся тут даць маштабную сатыру на савецкую сучаснасць, але рызыкнуць напоўніцу ўрэшце паасцярогся.

У друку паэт сцвярджаў, што ў час зняволення ён зусім не пісаў мастацкіх твораў, хоць на самой справе некалькі вершаў стварыў і тады. Яны былі змешчаны ў замежнай прэсе.

Здавалася, што са мной ён гаварыў зусім адкрыта, бо мы абмяркоўвалі многае з таго, што тады лічылася недазволеным. Але, як я зразумеў пазней, не ўсё дагаворваў ён і мне. Дубоўка ніколі не згадваў напісаны ў верасні 1926 года верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету...», вядомага і пад назвай «На ўшанаванне новага падзелу беларускай зямлі». Тут выказаны гнеўны пратэст супроць удушэння бальшавікамі беларускай куль­туры. «Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі, // Пасмешышчам для свету усяго»,— з горкай скрухай казаў паэт і з прароцкай рашучасцю папярэджваў свой прыдаўлены таталітарнай дзяржавай народ: «Пакуль ты сам не будзеш гаспадарыць,— // Не развітаешся з жабрацкай калітой».

Гэты верш, ананімна апублікаваны ў Заходняй Беларусі ў пачатку 1927 года (па людзях разыходзіўся пад псеўданімам Янка Крывічанін), стаў непасрэднай прычынан арьшту Дубоўкі, хаця яму потым прыпісалі і ўдзел у антысавецкай суполцы, выдуманай карнымі органамі для расправы над нацыянальнай інтэлігенцыяй. Забыцца на галоўны канкрэтны доказ яго тага-часнай нелаяльнасці да бальшавікоў паэт не мог ні ў якім разе! Бо ўсе дэталі арышту ён помніў выдатна, , што яго ўзялі на працы ў Крамлі 20 ліпеня 1930 года (значыць, ахоўнікі ў штацкім цэлыя тры гады шукалі крамольнага аўтара). Дзень быў па-летняму цёплы, сонечны. Яшчэ не ведаючы, што яго чакае, паэт прыйшоў на рабочае месца ў белым касцюме (ён любіў апранацца прыгожа). У гэтым касцюме яго і павезлі на расправу ў Мінск. За час дарожных пературбацый апратка трохі пашарэла. Але ўсё роўна ўзнікла пагалоска, што Дубоўку арыштавалі ў ніжняй бялізне, узяўшы з пасцелі. Згадваў пра гэта паэт ужо не без гумару, якім прыхоўваў даўні боль.

Цяпер раздаюцца галасы, што Дубоўка ўвогуле ніколі не быў прыхільнікам савецкай улады, заўсёды ставіўся да яе апазіцыйна. Мне думаецца, што гэта не так. Сам паэт рашуча заяўляў, што ніколі не быў «ні ў якіх антысавецкіх партыях ці групоўках», спробу па­казаць усю яго працу як варожую савецкай уладзе і палітыцы кампартыі тлумачыў «толькі нейкай хваравітасцю» абвінаваўцаў. «Як у сваёй літаратурнай, так і грамадскай дзейнасці праводзіў цвёрдую пралетарскую лінію). Асобныя малазначныя промахі ці ідэалагічныя памылкі ў маіх літаратурных творах не былі знарочыстымі, выпраўляліся мной на хаду ў чарговых творах»,- настойваў Дубоўка. Праўда, гаварылася гэга ў лістападзе 1931 года. Тады зняволены паэт у турме даваў паказанні следчым. Гэтая акалічнасць да шчырасці, вядома, не схіляла. А разважлівы непрадузяты аналіз паказвае, што стаўленне да бальшавікоў у Дубоўкі, як і ў многіх іншых пісьменнікаў, у розныя часы было неаднолькавым. Калі бальшавікі, ратуючы сваю ўладу, перакройвалі бе-ларускія землі, як самі лічылі патрэбным, не пытаючыся ў народа нават фармальнай згоды, дык нашу свядомую інтэлігенцыю гэта абурала. Калі ж яны, няхай і з меркаванняў часовых, тактычных, заяўлялі пра падтрымку беларушчыны, нашай нацыянальнай куль­туры, дык беларускія патрыёты імкнуліся выкарыстаць усе шансы, якія бачыліся ў такой палітыцы. Сцвярджаць беларускасць, ствараць сваю культуру яны гатовы былі і пад кіраўніцтвам кампартыі, калі яна давала хоць нейкую свабоду для дзейнасці ў гэ­тым кірунку.

Сама камуністычная ідэя, яшчэ не скампраметаваная жахлівай бальшавіцкай практыкай, у многім ганебнай, засакрэчанай ці прыкрытай дэмагогіяй, тады мела немалую прыцягальнасць, бо і ўтапічнасць гэтай ідэі не ўсведамлялася, прынамсі шырокімі коламі. Мільёны людзей былі падмануты абяцаннямі блізкай зіхоткай будучыні і згаджаліся дзеля яе на любыя ахвяры. Таму і Дубоўка ў сваім самым славутым вершы «О Беларусь, мая шыпшына» натхнёна пісаў, звяртаючыся да роднай краіны: «Ніколі пройме з дзікім ветрам // не развіваць дзявочых кос. // Імкнешся да Камуны Свету, // каб радасць красавала скрозь».

Верш датуецца 1925 годам. Гэта яшчэ перыяд беларусізацыі. Але яе часовасць паэт, мусіць, ужо прадчуваў. Іначай наўрад ці паявіўся б ужо ў наступным годзе верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету». Ды і пасля яго публікацыі гімны «Камуне Свету» ў прызначаных для савецкага друку творах паэта мільгаюць зноў і зноў (вершы «Мы ўсе у большасці ранеты», «Летуценнем пройдзем мы над краем», «Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца» і інш.).

Што было за гэтым? Знарочыстая маскіроўка, каб ахоўнікам цяжэй было ўстанавіць, што Янка Крывічанін — Дубоўкаў псеўданім? А можа, своеасаблівая раздвоенасць пачуццяў? Хутчэй за ўсё меркаванне: «Камуна Свету» — добра, але дайце магчымасць жыць і беларусам як народу, як нацыі, не перашкаджайце яму ствараць родную культуру. I вельмі натураль­ным у такім кантэксце выглядае ўзмацненне апазіцыйных настрояў у яршыстага Дубоўкі, калі пачынаецца ўжо самы сапраўдны пагром беларускай культуры. Гэтыя настроі к канцу 20-х гадоў дастаткова выразна выяўляюцца ў падпісаных уласным прозвішчам рэчах паэта («Пярэсты букет» і іншыя творы).

Вярнуўшыся да літаратурнай працы пасля зняволення, Дубоўка ўжо не бунтаваў, ва ўсякім разе адкрыта — ніколі і ніколькі. Мастаком ён заставаўся і стварыў яшчэ нямала добрых і выдатных твораў, але, як я казаў раней, уладу ўжо не чапаў. Звяртаючыся да перажытага ў гулагаўскія часы ў сваіх цудоўных абразках «Пялёсткі», ён абмінаў усе дэталі, па якіх можна ўстанавіць, калі адбываўся той ці іншы эпізод. Рабілася гэта, каб да абразкоў не чаплялася цэнзура. Але ж і тады, калі пра перажытае ў гады зняволення і поўнай бяспраўнасці можна было пісаць адкрыта, Ду­боўка ў дэталі не ўдаваўся, маўляў, «нам — некалі са смуткам знацца». Так з яўна перабольшаным аптымізмам закончыў навучаны горкім вопытам і ўжо вельмі асцярожны паэт свой аўтабіяграфічны нарыс з характэрнай назвай «Сярод людзей добрых». А ён жа публікаваўся ў 1963 годзе, калі гулагаўская тэма яшчэ не была забароненай. Цяпер можна пачуць, што і ў Дубоўкавым пра-слаўленні кампартыі была скрытая апазіцыйнасць. Ну, якую апазіцыйнасць можна вычытаць у радках: «Толькі наперад і толькі няспынна // пойдзе Савецкая наша Айчына, //перамагаючы злыя напасці —//да Камунізма, да светлага шчасця!» Гэта дзяжурныя радкі з «Дактылічных рыфмаў» (1966). А як адыходзіў паэт ад духу свайго кароннага верша «О Беларусь, мая шыпшы-на», ствараючы дагодлівую паралель да яго ў 1958 го­дзе: «О Беларусь, лясная ружа, // зялёны ліст, чырвоны цвет! // Да камунізма крокам мужным // ты пра-кладаеш вечны след». I яшчэ там жа: «У грамадзе савецкай дружнай // знайшла ты свой шчаслівы цвет». Мара, якая аказалася ўвогуле неажыццявімай, падаецца як здзейснены факт!

Такая адпісачная паэзія была зусім не выклікам бальшавіцкай сістэме, няхай сабе і скрытым, прыхаваным у падтэксце (дзе тут такі падтэкст?), а працавала на яе, на тую сістэму, бо ўладам не так важна, з душэўным хваляваннем ці без яго пісаў аўтар. Ім дастаткова было публічнай падтрымкі, якую давала надрукаванае слова вядомага паэта. Дубоўка выдатна разумеў гэта, але мусіў ісці на такі кампраміс з сістэмай, бесчалавечнасць якой ён ужо ў поўнай меры пазнаў на сабе. Так ён плаціў за магчымасць зноў працаваць у літаратуры і, адкупляючыся адпісачнай дзяжурнасцю, патрэбнай уладам рыторыкай, зноў ствараць сапраўдныя творы.

Ні ў зняволенні, ні пасля яго ў Дубоўкі ніякай веры у савецкі лад ужо не было. Ён, паўтаруся, і ў трываласці хрушчоўскіх перамен сумняваўся і насцярожана чакаў, ці не замятуць зноў, як замялі ў 1930-м, спачатку на пяць гадоў высылкі, хоць у цывілізаваных краінах толькі за апазіцыйныя настроі нікога не судзяць, а потым дабаўлялі тэрміны зняволення ўжо і за нішто, прычым дабаўкі станавіліся раз за разам усё большыя: 2 гады, затым 10, а затым і 25. Апошнія, дзякуй Богу і Хрушчову, паэт адзваніў у выгнанні ўжо няпоўнасцю.

Пры ўсім сваім гуманізме Дубоўка быў расчараваны ў многіх пісьменніках, не кажучы ужо пра крытыкаў. Яго абуралі не толькі ваяўнічыя вульгарызатары ад крытыкі тыпу Бэндэ, але і такія ўвогуле сур'ёзныя даследчыкі, як прафесар Піятуховіч, які зрабіў свой унёсак у абвінаваўчыя матэрыялы супроць арыштаванага паэта, заявіўшы, што Дубоўка з'яўляецца прадстаўніком «контррэвалюцыйнай буржуазнай плыні ў беларускай паэзіі», што ў яго творах «адчуваецца злоснае хіхіканне класавага ворага» (Полымя. 1996. № 2. С. 242-243).

Зрэшты, дзівіцца такім сцвярджэнням ніяк не выпадае, бо паэт і сам не шкадаваў з'едлівых фарбаў у выпадах супроць Піятуховіча. Гэта ж пра яго ў паэме «I пурпуровых ветразей узвівы» гаварылася: «Пету­шок бачком кульгае // на высокіх на абцасах. // Вельмі подленька спявае, // кішкі ззаду, нібы пасак». Ды Піятуховіч у пагромнай атмасферы той пары сам імкнуўся ратавацца, падкрэсліваючы сваю артадаксальнасць, хаця гэта і не выратавала яго ад расстрэлу ўжо ў 1937 годзе. Але што казаць пра Піятуховіча, калі ад зняволенага паэта адмовіўся Ю. Бярозка, які лічыўся Дубоўкавым сябрам і некалі напісаў пра яго вельмі добры артыкул (літаратурны партрэт).

Нямала горычы ў настрой Дубоўкі дадавалі блізкія сваякі. Яго малодшы брат, які выступаў у літаратуры пад прозвішчам Язэпа Вазёрнага, публікаваў супроць паэта вершы (потым ён быў закатаваны бальшавікамі). Старэйшы Дубоўкаў брат Вячаслаў, які быў прававерным камуністам і тады вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, звярнуўся да Галадзеда з лістом, пасланым і вышэйшаму партыйнаму і кадэбісцкаму началь­ству Беларусі, дзе перастраховачна падкрэсліваў, што твораў паэта не чытаў і беларускай мовы зусім не ведае, але разам з тым сцвярджаў, што Уладзімір Мікалаевіч хоць, магчыма, і дапускаў нейкія ідэйныя памылкі ў сваёй творчасці, але прапаведаваць «што-небудзь контррэвалюцыйнае, накіраванае супроць ме-рапрыемстваў нашай партыі і савецкай улады», ён не мог. Гэта як быццам абарона. Але яна зводзілася на нішто заявай Вячаслава пра гатоўнасць адмовіцца ад брата, калі не будуць зняты прад'яўленыя яму абвінавачанні ў варожасці да бальшавікоў. «Я — член партыі бальшавікоў, і ворагі партыі і савецкай улады, дыктатуры палетарыята — мае ворагі. Ніякім сваяцкім пачуццям і сувязям месца няма і быць не можа»,— пасведчыў сваю непахісную адданасць рэжыму вайсковец, які рабіў паспяховую кар'еру (Полымя. 1996. № 2. С. 241—242). Складваецца ўражанне, што дзеля дэманстрацыі гэтай адданасці і пісаўся ліст Вячасла­ва Дубоўкі. Невядома, ці чытаў той ліст Уладзімір Мікалаевіч. Але крыўду на брата ён захаваў і пасля вызвалення, блізкіх адносін з ім ужо не падтрымліваў.

Можна згадаць і тое, як адхрышчваліся ад Дубоўкі, Пушчы, Бабарэкі і іншых арыштаваных узвышаўцаў іхнія былыя сябры: Крапіва і Чорны, Бядуля і Глебка, Дарожны і Кляшторны, Мрый, Калюга і Лужанін. Вядома, так яны зноў жа ратаваліся самі, хоць не ўсім гэта ўдалося, бо бальшавіцкая машына знішчэння працавала бязлітасна.

«Юды!!!» — такую заўвагу мне давялося бачыць у бібліятэчным экземпляры часопіса «Узвышша» (у былой Ленінцы) на апублікаванай там рэзалюцыі згуртавання, у якой яшчэ не пасаджаныя за краты ўзвышаўцы (палова з іх потым загіне у ГУЛАГу) асуджалі сваіх арыштаваных таварышаў і патрабавалі для іх суровай кары. Абураны крык нейчай спагадлівай душы адрасаваўся, вядома ж, не арыштаваным, а тым, хто ад іх адмяжоўваўся.

Дубоўка бязмежна любіў Беларусь. Усё аддаў дзеля яе. Але зноў садзіцца не хацеў. I таму ўжо без пратэсту аддаваў тую даніну афіцыяльшчыне, якой ад яго патрабавалі. А боль, вялікі, неўціханы боль з-за таго, што яму не далі здзейсніць усё, на што ён быў здатны, жыў у ягонай душы, толькі знарок ха-ваўся за падкрэсленую аптымістычнасць, якая, як закляцце, ахоўны сродак, педаліравалася частымі згадкамі пра яе.

А зрэдку той боль і прарываўся. То ў радках пра «пакрышаны талент», якія тут жа аспрэчваліся, то ў перакладах твораў Шэкспіра і Байрана. Мяне ўразіла, як чытаў Дубоўка свае пераклады шэкспіраўскіх санетаў. «Выходзіць так, што праўды ў нас няма». «Найчысцейшай праўды зневажанне». Ісціна, «якой затулен рот, і зло, што верхаводзіць над усімі». «Душа мая, зямлі ўсёй асяродак, // Чаму прыгон ты церпіш над сабой?!» Усё гэта — Шэкспір. Але чытаў яго паэт так, што атрымлівалася, нібыта ён гаворыць сам і пра сябе, пра свае пакуты, пра свае прыніжэнне ўладай, якая і пра зняволенне вымушала пісаць як пра нейкае незразумелае падарожжа па краіне — ад Чувашыі да Краснаярскага краю і Далёкага Усходу. Тут, у пера­кладах, Дубоўка вострых намёкаў сапраўды не баяўся, бо Шэкспір быў надзейны абаронца.

Словам, душою Дубоўка не скарыўся. Але астатак свайго жыцця ён хацеў дажыць у нармальных умовах. «Хачу крыху пажыць спакойна»,— напісаў ён у апошнім сваім вершы. Нам папракаць яго за гэта? Крый Божа. Гутарка толькі пра тое, што робіць несвабода з людзьмі, з самымі таленавітымі ў пер­шую чаргу, як яна калі і не знішчае іх зусім, дык абкрадвае і праз прамое зняволенне, і праз немагчымасць на поўную сілу выявіць сябе. А ў канчат-ковым выніку гэта — і абкраданне цэлага народа, усяго чалавецтва.



2000


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка