Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч




Дата канвертавання15.05.2016
Памер22.29 Kb.
Выстава кніг У.А.Навумовіча ў кабінеце-музеі беларускай культуры

29 кастрычніка, напярэдадні Дня нараджэння БДУ, свой юбілей адзначыў дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч.

Выпускнік філалагічнага факультэта, юбіляр шмат гадоў працуе ў БДУ (з 1973 г.), быў загадчыкам кафедры рускай мовы на падрыхтоўчым факультэце ўніверсітэта (1981–1982), кафедры беларусазнаўства на філалагічным факультэце (1989–2000), з 2003 да 2009 г. – саветнік рэктара БДУ.

У.А. Навумовіч – аўтар 9 манаграфій, сярод якіх “Шляхамі арлянят. Проза «Маладняка»” (1984), “Нравственный облик героя в белорусской художественной прозе 60–80-х гг. ХХ века” (2000), праграм і вучэбных дапаможнікаў (“Беларусазнаўства” (1998 г., у суаўтарстве) і інш.), кніг прозы і звыш 350 навуковых артыкулаў. Яго кніга “Университет – феномен цивилизации” (2011) узнагароджана дыпломам “Лепшая кніга года” ў намінацыі “Краязнаўства”.

Кніга “Беларуская літаратура”, дапоўненая і перапрацаваная ў адпаведнасці са зменамі ў вучэбных праграмах, выходзіла ў свет у выдавецтве “Вышэйшая школа” тройчы (2000, 2007, 2013) і з’яўляецца адзіным падручнікам новага пакалення па роднай літаратуры для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных вучэбных устаноў.

У 1990 – 1994 гг. заснаваў на ўмовах самафінансавання і самаакупнасці Міжнародную школу беларускай мовы, літаратуры і культуры пры БДУ, слухачамі якой сталі вучоныя-славісты Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Канады, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Японіі, што стварылі ў сваіх краінах беларусазнаўчыя цэнтры. Школа працуе і дагэтуль.

У.А. Навумовіч узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. У 2013 г. яму прысвоена званне “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.

З нагоды юбілею У.А. Навумовіча ў фальклорна-этнаграфічным кабінеце-музеі беларускай культуры адбылося адкрыццё выстаўкі яго кніг, вучэбных дапаможнікаў і іншых публікацый.

На мерапрыемстве выступілі: намеснік дэкана па навуковай рабоце П.І. Навойчык; першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Г.П. Пашкоў, які ўручыў юбіляру вышэйшую ўзнагароду Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаль “За вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры”; старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі М.П. Пазнякоў; дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Л.Ф. Анцух; прадстаўнікі прафкама БДУ; прадстаўнікі псіхалагічнай службы БДУ; загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры, прафесар Т.І. Шамякіна; загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дацэнт Т.П. Казакова; загадчык кафедры тэорыі літаратуры, прафесар В.П. Рагойша; каардынатар паэтычнага форуму, прысвечанага Максіму Багдановічу, П. Сапацько.

Сам юбіляр расказаў пра сваю творчасць, навуковыя і мастацкія здабыткі. Вядучай мерапрыемства была прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казакова, педагагічны талент якой у свой час заўважыў У.А. Навумовіч і дапамог ёй стаць выкладчыкам БДУ.



Віншуем Уладзіміра Аляксандравіча з 70-годдзем, зычым моцнага здароўя, шчасця і багатага плёну ў працы! Заўсёды заставайцеся актыўным, спагадлівым, шчырым чалавекам, якім мы Вас ведаем!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка