Ужыванне часціц не і ні Звычайна для выражэння адмаўлення ў беларускай мовы выкарыстоўваецца часціца не




Дата канвертавання05.05.2016
Памер41.9 Kb.
Ужыванне часціц не і ні

Звычайна для выражэння адмаўлення ў беларускай мовы выкарыстоўваецца часціца не. Аднак гэтая часціца, у залежнасці ад кантэксту, можа набываць і сцвярджальнае значэнне, а таксама значэнне няпэўнасці. Нельга забывацца на тое, што калі часціца не стаіць перад словам, якое пачынаецца з націскнога склада, яна будзе вымаўляцца з яканнем як ня (ня маю). А вось часціца ні (ані) звычайна мае ўзмацняльную функцыю, бо ўжываецца з мэтай ўзмацнення адмаўлення ці сцвярджэння. Аднак у некаторых выразах часціца ні таксама можа ўжывацца са значэннем няпэўнасці. Разбяромся.



Часціца НЕ

Адмаўленне:

  • Калі знаходзіцца пры выказніку ці пры любым іншым члене сказа: Я не люблю чорны колер. Праверыць можна, прыбраўшы са сказа часціцу не. Калі пры гэтым сэнс мяняецца на процілеглы – часціца не мае адмоўнае значэнне (Я люблю чорны колер. – сэнс сказа мяняецца на процілеглы).

Сцвярджэнне:

  • Калі ўжываецца двойчы ў складзе выказніка – так званае двайное адмаўленне: Не магу не заўважыць зменаў.; Не мог не прыйсці да цябе ўчора. У такім выпадку абедзве часціцы не можна прыбраць, практычна не змяніўшы сэнсу сказа: Не магу не заўважыць зменаў = Заўважаю змены. ; Не мог не прыйсці да цябе ўчора. = Мусіў прыйсці да цябе ўчора.

  • Калі ўжываецца ў рытарычных ці пытальных сказах у спалучэннях хто не, колькі не, як не, дзе не, куды не: Хто не ведае гэтага чалавака?! (= усе ведаюць.)

  • Калі спалучаецца з часціцамі ледзьве/ ледзь і злучнікам пакуль: Маляваў, пакуль не скончыліся ўсе фарбы (= фарбы скончыліся). Ён спазніўся ледзь не на гадзіну (= практычна на гадзіну).

  • Калі спалучаецца з прыназоўнікам без: Ён сказаў гэта не без адчаю (= з адчаем).

  • У спалучэннях не хто іншы, як; не што іншае, як: Не хто іншы, як сусед выкідаў смецце пад вокны. (= менавіта сусед - паказвае перакананасць).

Часціца НІ (АНІ)

Узмацненне адмаўлення:

  • У сказах з адмоўем не, няма, нельга, немагчыма: Вакол не чутна ні гуку. У мяне тут няма ні сябра. У гэтым выпадку можна апусціць часціцу ні, ад чаго сэнс выказвання не зменіцца: Вакол не чутна гукаў. У мяне тут няма сяброў.

  • У няпоўных сказах, калі адмаўленне толькі маецца на ўвазе: Вакол - ні душы. У такім выпадку апушчаны член сказа лёгка ўзнаўляецца: Вакол няма (не было) ні душы.

Узмацненне сцвярджэння:

  • Калі спалучаецца з займеннікамі і прыслоўямі ў спалучэннях хто ні, што ні, адкуль ні, як ні і інш. у даданай частцы складанага сказа: Як ні стараўся апярэдзіць усіх, але не здолеў. У гэтым выпадку можна замяніць спалучэннем дзеяслова з прыслоўем вельмі (вельмі стараўся), паўторным дзеясловам (стараўся-стараўся) або спалучэннем са злучнікам хоць/хаця (хоць і стараўся).

  • У даданых сказах са спалучэннем хто б ні, што б ні, куды б ні: У яго атрымлівалася ўсё, за што б ён ні браўся (= за што ён браўся – можна апусціць часціцу ні без скажэння сэнсу выказвання).

  • У адмоўных сказах з паўторымі злучнікамі ні…ні, ані…ані пры аднародных членах: Я так і не змог ні папрацаваць, ні адпачыць. У такім выпадку гэтыя злучнікі можна замяніць злучнікам і: Я так і не змог папрацаваць і адпачыць. Не блытаць з паўторным складаным злучнікам не то…не то, у склад якога абавязкова ўваходзіць часціца то і які ўжываецца ў сцвярджальных сказах: На вуліцы ідзе не то дождж, не то снег.

Няпэўнасць:

  • Ва ўстойлівых зваротах, якія часта складаюцца з процілеглых па значэнні словаў: ні рыба ні мяса; ні прайсці ні праехаць.

Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на спалучэнні не раз (= шмат разоў) і ні разу (= ніколі): Ён не раз мне патэлефанаваў (шмат разоў патэлефанаваў) і Ён ні разу мне не патэлефанаваў (ніколі не тэлефанаваў); а таксама не адзін (=многа) і ні адзін (=ніхто, ніводзін).

Заданні

Не або ні?

Чытаў кнігу … без карысці для сябе. – не (= з карысцю – спалучэнне з прыназоўнікам без)

Куды … глянь – паўсюль людзі. – ні (куды ні)

Ён мне … разу не дапамог парадаю. – ні (= ніколі)

Дапамог мне з грашыма … хто іншы, як родны бацька. – не (не хто іншы = менавіта)

… змог … застацца да канца імпрэзы. – не, не (двайное адмаўленне)

Гляджу – стаіць перада мной … то чорт, … то сабака. – не то, не то (складаны паўторны злучнік не то… не то)

Немагчыма было … смяяцца з ягоных жартаў. – не (двайное адмаўленне)

Немагчыма было больш … есці, … піць. – ні, ні (адмоўны сказ з паўторным злучнікам ні…ні = і)

Да каго б яны … звярнуліся – паўсюль сустракалі разуменне і спрыянне. – ні (да каго б ні = да ўсіх)

… адна гэта праблема заставалася для вырашэння. – не (=многа)

На чым мы толькі … эканомім сёння?! – не (= на ўсім эканомім – у рытарычным пытанні)

Усё, што б яна … спявала сёння, хвалявала і зачароўвала. – ні (што б ні = спявала)

… адчуваю … радасці, … палёгкі. - не, ні, ні (адмоўны сказ з паўторным злучнікам ні…ні = і)

… без душэўнай трывогі я разгарнула бацькаў ліст. – не (=з трывогай - спалучэнне з прыназоўнікам без)

Колькі … даводзіў, але … пераканаў. – ні, не (=хоць і даводзіў)

Звер ледзьве … цалкам хаваўся ў цемры. – не (=хаваўся – спалучэнне з часціцай ледзь/ледзьве)

… аднаго рубля … засталося пасля гэтага шопінгу! – ні, не (=ніводнага)



Працягніце фразеалагізмы са значэннем няпэўнасці:

Ні богу свечка, … ні чорту галавешка/ ражон

Ні ў пір … ні ў вір

Ні людзям паказаць, … ні сабе паглядзець

Ні бэ ... ні мя, ні божае імя

Ані хлеба ... ані табакі (прападаем, як сабакі)

Ні скарынкі … ні саланінкі

Ні вала … ні кала

Ні да танца, … ні да ружанца

Ні да печы, ... ні да рэчы

Ні печаны … ні вараны

Ні дома … ні замужам

Ні тпру … ні но

Ні села … ні пала (дай, баба, сала)

Ні з гловы … ні з мовы

Ні спору … ні ўмалоту

Ні скакун ... ні граюн, а ў куточку сядун

Ні качка ... ні швачка

Ні ў плот ... ні ў тын, ні ў добрыя людзі; ні ў азярод

Ні плоту ... ні азяроду

Ні ў сеч ... ні ў печ

Ні ўцяць ... ні ўзяць

Ні свярбіць ... ні баліць

Ні хаты ... ні лапаты

Ні хаткі ... ні градкі

Ні курчаці ... ні парасяці

Ні ў лесе ... ні ў небе

Ні да рады ... ні да звады



Ні з пушчы ... ні з поля

Па матэрыялах “Малога расейска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” Змітра Санько


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка