Уа “Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова” Анатацыя сцэнарыя конкурсна-пазнавальнай праграмы




Дата канвертавання07.05.2016
Памер92.23 Kb.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Горацкі педагагічны каледж

УА “Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А.Куляшова”

Анатацыя

сцэнарыя конкурсна-пазнавальнай праграмы

Масленічныя забавы”




Аўтар: Грышчанкова Алена Віктараўна,

культарганізатар

Конкурсна-пазнавальная праграмма “Масленічныя забавы” прысвечана праблеме адраджэння беларускіх народных свят, абрадаў, звычаяў, беларускай нацыянальнай культуры. Асноўная мэта гэтага мерапрыемства – праз увасабленне свята “Масленка” у сцэнічным варыянце данесці да навучэнцаў узоры народнага мастацтва; абудзіць цікавасць да сваёй роднай мовы, захопленасць культурай беларускага народа, яго фальклорам, гісторыяй.

Работа адрасавана ўсім тым, хто цікавіцца багатай духоўнай спадчынай беларускага народа.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце _______________ Хмарская Т.У.




( Сцэна па-святочнаму упрыгожана: стаіць стол, засланы абрусам. На стале - абрадавыя стравы “Масленіцы”: бліны, сыр, масла, тварог, варэнікі. Заднік сцэны ўпрыгожаны эмблемай з усміхаючымся блінам і надпісам “Масленіца”. Гучыць матыў беларускай народнай песні “А я бачу, бачу”. На сцэну, прытанцоўваючы, выходзяць вядучыя.)
Вядучая. Гэй, народ!

Збірайся!

К нам вясна ідзе,

Сонейка нясе!


Вядучы. Спяшайцеся, людзі добрыя!

Спяшайцеся, людзі званыя!

Міласці просім

Завітаць да нас у госці!


Вядучая. З намі разам пойдзем

І вяселле знойдзем,

Будзем песні спяваць

Весяліцца, гуляць

Ды вясну гукаць!
Вядучы. Дзень добры, паважаныя госцікі-выкладчыкі!
Вядучая. Дзень добры, паважаныя навучэнцы!
Вядучы. Вітаем усіх, хто часіну знайшоў,

На наша свята пагуляць прыйшоў!


Вядучая. Сёння мы з вамі паспрабуем правесці зіму і сустрэць вясну.
Вядучы. Паглядзі, Васілінка, на вуліцы сапраўдная вясна, месяц сакавік.
Вядучая. У народзе нездарма заўважылі: “Сакавік дрэвам сок пускае”.
Вядучы. А эшчэ па надвор’і ў сакавіку маглі прадказваць: “Сакавік зялёны - ураджай благі”.
Вядучая. “Сакавік дажджом імжыцца – хлеба будзе ў рукавіцу”.
Вядучы. Прыйшла вясна, а разам з вясною прыйшло і свята, якое ў народзе называюць Масленкай.
Вядучая. А ў нас сёння Масленіца!

Прыляцела ластавіца!

Села-пала на калу,

Кідала масла па каму.


Вядучы. А мы Масленку чакалі –

Усю нядзельку выглядалі.

А мы думалі Масленка сем нядзелек,

Ажно Масленка сем дзянёчкаў!


Вядучая. Вось і дачакаліся мы з вамі вясёлай Масленкі, з блінамі, маслам, варэнікамі.
Вядучы. Васілінка, а ці ведаеш ты, як святкавалі Масленіцу нашы продкі?
Вядучая. А як жа , Алесь, менавіта аб гэтым я і хачу зараз расказаць нашым паважаным гледачам. А ты мне дапаможаш.
Вядучы. Добра. Ну, дык вось, госцейкі дарагія, выдумак і штукарства на Масленецу хапала... Наладжвалі гульні. Ездзілі на конях, каталіся на санках. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён. Сяляне гаварылі: “Масленіца ў вятху, дзяржы пшаніцу ў мяху; сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку”.
Вядучая. Увесь Маслены тыдзень, ад панядзелка да нядзелі праводзіўся шумна. Нават па вечарах не працавалі. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарала каляднае гулянне.
Вядучы. Дзяўчаты хлопцам вешалі калодкі за тое, што яны не паспелі да Масленіцы ажаніцца, і тыя адкупляліся салодкім.А яшчэ насілі або вазілі кола, якое сімвалізавала зіму. Яго потым спальвалі, як бы развітваючыся з зімой, з усім злым і нячыстым.
Вядучая. А што яшчэ цікавага адбывалася на Масленіцу?
Вядучы. Якое ж свята без гульняў . Мы запрашаем усіх жадаючых паўдзельнічаць у масленічных забавах. У якасці узнагароды за гэта вы атрымаеце смачны пачастунак – духмяныя бліны і аладкі.
Вядучая. Першы день Масленкі называлі “Сустрэчай” ці “Стрэчанне”. У гэты дзень Масленку сустракалі і велічалі. Давайце і мы з вамі павітаем нашу Масленіцу. А павітаем мы яе вясёлымі прыказкамі і прымаўкамі. Ці згодны вы? (Адказы гледачоў.)
Вядучы. Так, я буду называць першую частку прыказкі, а вы – другую. ( За правільны адказ уручаецца аладка.)


  1. Масленіца-палізуха: сыр і масла палізала.

  2. Масленка з блінамі, а пост з грыбамі.

  3. Будзе Масленка, будзе ля пупа красненька.

  4. Масленка-палізуха працягніся хоць да Духа.

  5. Масленка-белавутка казала вясна будзе, ды не хутка.

  6. А мы Масленку чакалі ўсе аладкі выпякалі.


Вядучая. Вось і павіталі мы нашу Масленіцу.

Вядучы. Другі дзень Масленіцы называўся “Зайгрышы” ці “Загвіны”. У гэты дзень каталіся з гор, каб доўгі лён рос. Вось і мы зараз вызначым, у якіх гаспадароў лепшы лён вырасце ў гэтым годзе. Кожная каманда павінна будзе заплесці касу з ільну. Тая каманда, якая хутчэй і прыгажэй запляце касу, і будзе пераможцай. (Гучыць народная мелодыя, ідзе гульня.)
Вядучая. Давайце ж паглядзім, якая каманда ў нас перамагла, хто прыгажэйшую касу заплёў. А пераможцаў вызначым па апладысментах. Апладысменты гэтай касе (гледачы апладыруюць). Цяпер гэтай (гледачы апладыруюць).
Вядучы. Пераможцам стала вось гэта каманда. Яны заплялі лепшую касу. Значыць, у гэтым годзе ў вас вырасце доўгі, прыгожы лён, і ўвогуле вы дачакаецеся добрага ўраджаю. (Звяртаецца да другой каманды.) А вы не бядуйце, мае даражэнькія, а частуйцеся масленічнымі блінамі. ( Гучыць музыка, удзельнікаў частуюць блінамі.)
Вядучая. Бліны – галоўны пачастунак на Масленіцу, Таму што яны вельмі падобны да сонца, якому людзі вельмі рады пасля доўгай зімы. У сераду на Масленіцу цешчы пяклі бліны і чакалі да сябе ў госці зяцёў, каб пачаставаць іх сваімі смачнымі блінамі.
( Выносяць горку бліноў.)
Вядучы. Той, хто адкажа, колькі бліноў у гэтай горцы, будзе лічыцца самай лепшай цешчай, ці самым лепшым зяцем. ( Бліноў 7, так як 7 дзён у Масленіцы.).

Гучыць музыка, пераможцу ўручаюць бліны. Калі гэта жанчына, то кажуць:

  • Жадаю табе заўсёды свайго зяця такой горкай бліноў сустракаці.

Калі пераможца мужчына, то кажуць:

  • Жадаю табе цешчу кахаць і часцей у яе ў гасцях бываць.


Вядучая. Вось і надышоў чацвёрты дзень Масленіцы. Гэты дзень называўся “Дзень святога Уласа”. Лічылася, што ў гэты дзень павінен першы раз праспяваць жаваранак. А яшчэ ў гэты дзень ушаноўвалі маладых, якія пажаніліся ў гэтым годзе, і хадзілі ў лазню.
Вядучы. А зараз зноў гульня. Запрашаем 5 жадаючых хлопцаў. Кожны з вас атрымае птушачак ( складзеныя з паперы і размаляваныя самалёцікі ). Вам трэба адправіць сваіх птушачак як мага далей. Чые птушачкі даляцяць далей, той і пераможца.

(Гучыць музыка, удзельнікі па чарзе пускаюць размаляваных птушак. Пераможцу частуюць аладкамі.)
Вядучая. Пераможца можа прайсці ў зал, а вы, хлопцы, пакуль што застаньцеся. На Масленіцу быў такі звычай “Калодкі вешаць”. Вешалі звычайна калодкі тым хлопцам, якія яшчэ не ажаніліся. А мы вам калодкі вешаем за тое, што ў нашай гульні прайгралі.

( На ўдзельнікаў вешаюць калодкі.)
Вядучы. А вам, хлопчыкі, зараз трэба адкупіцца, бо калі не адкупіцеся, то цягаць вам гэтыя калодкі да тае пары, пакуль не знойдзеце сабе нявесту. Зразумела? А адкупацца вы будзеце прыпеўкамі. Трымайце. ( Вядучы раздае прыпеўкі.)
Вядучая. А вы, дзяўчаты, уважліва назірайце за тым, як хлопцы будуць старацца не застацца з калодкамі. Пачынаем!

( Хлопцы спяваюць прыпеўкі.)

Не хадзіце, дзеўкі, у лазню,

Не хадзіце парыцца.

Ад гарачае прыпаркі

Макіяж адваліцца.
Я па беражку бягу –

Бераг асыпаецца.

Я бяззубую люблю –

Яна не кусаецца.


А у Толевай гармоні

Планкі пазалочаны

Не любіце, дзеўкі, Толю!

Толя развалочаны.


Туды-сюды вокам кіну

Няма таго, за кім гіну.

А пры боку сядзіць згрэбла,

Што нікому не патрэбна.



Вядучы. Паглядзіце, дзяўчаты, як нашы хлопцы спяваць умеюць, як яны стараліся!.. Ну што, вызвалім нашых малайцоў? Не хадзіць жа ім з калодкамі ўсё жыццё. ( Пад апладысменты гледачоў хлопцам здымаюць калодкі і ўручаюць пачастунак.)
Вядучая. Прыйшоў пяты дзень Масленіцы, які называўся “Цешчыны вячэркі”. У гэты дзень зяці сваіх любімых цешчаў у госці запрашалі. Ну, а калі цешчу запрасілі, трэба ж яе нечым частаваці. А чым частаваць на Масленіцу, як не блінамі? Вось мы зараз паглядзім, ці ўмеюць нашы хлопцы бліны пячы. ( Хлопцам даюць патэльні.) Вы павінны будзеце паставіць патэльню на пліту, але спачатку мы вам вочы завяжам. А вы, паважаныя гледачы, не проста назірайце, а падказвайце хлопцам, куды ісці, улева ці ў права (хлопцам завязваюць вочы, раскручваюць, гучыць музыка, ідзе гульня).
Вядучы. Малайцы, хлопцы, але вось у чым справа, не любіць цешча бліноў, што на пліце пякліся, ёй падавай бліны з печы, з пылу, з жару. І вам зараз патрэбна напячы бліноў у печы. Гэта значыць паставіць патэльню пад стул, у печ (удзельнікам зноў завязваюць вочы, раскручваюць, гучыць музыка, ідзе гульня).
Вядучая. Вось наш пераможца. Добры зяць у цешчы будзе. Вось табе пачастунак, частуйся, калі ласка, нашымі блінамі і сядай на месца.
Вядучы. Так мы з вамі добра весяліліся, што дачакаліся шостага дня Масленіцы. У гэты дзень нявестка збірала да сябе ў госці ўсю мужаву радню. Вось і мы будзем збіраць усю радню да сябе.

(Выходзяць хлопец і дзяўчына, апранутыя, ў беларускае адзенне.)
Вядучая. Паважаныя маладыя, збірайце да сябе ўсю радню, дзядзечак, цётачак, братоў, сватоў. Запрашайце ўсіх на вясёлую полечку.
( Гучыць полечка, усе танцуюць.)
Вядучы. Дзякуй вам, даражэнькія, за полечку.
( На сцэне з’яўляецца вядучая з абручом.)
Вядучая. Паслухай, Алесь, а што табе нагадвае гэты абруч?
Вядучы. Ой, абруч, ён круглы, як сонейка. А на масленіцу вялікая пашана была тым рэчам і дзеянням, якія нагадваюць сонца. І бліны круглыя ды жоўтыя, і колы, якія часта запальвалі, таксама круглыя.
Вядучая. Нават на конях ездзілі вакол вёскі, каб адзначыць кола. А мы зараз усё забылі. Але гуляць з абручамі таксама любім.
Вядучы. О, гэта вельмі масленічная гульня. Давайце і мы з вамі згуляем. Запрашаем 4 жадаючых дзяўчыны. Падыходзьце, калі ласка. Паглядзім, каторая з вас самая спрытная. Тая дзяўчына, якая даўжэй пракруціць абруч, і будзе пераможцай. (Гучыць музыка, дзяўчаты круцяць абруч.)
Вядучая. Так добра мы з вамі гулялі, што і да апошняга сёмага дня Масленіцы дабраліся. У гэты дзень ездзілі на конях са званочкамі, шумам, гіканнем і песнямі, зляталі на санках з высокіх пагоркаў, вадзілі карагоды.
Вядучы. І мы запрашаем зараз усіх вас у карагод.

Вядучая. Гэй, народ!

Збірайся ў карагод!


Вядучы. Гэй, народ!

Вясна ля варот!


Вядучая. Дзяўчаты-маладзіцы,

Прыгажуні-чараўніцы,

Падымайцеся,

У святочныя адзенні апранайцеся!


Вядучы. Будзем усе разам спяваці, скакаці,

Вясну-красну гукаці!


( Выходзяць хлопцы і дзяўчаты ў беларускіх народных касцюмах, пачынаюць спяваць і вадзіць карагод. Да іх далучаюцца гледачы.)
Песня-карагод “Жавароначкі, прыляціце”
Жавароначкі, прыляціце,

Вясну красную прынясіце,

Каб сонейка засвяціла,

Каб снег белы растапіла,

Каб садзікі расквяціла.
Жавароначкі, прыляціце,

Зямлю-матухну абудзіце

І дожджыкам напаіце,

Каб травачкі нарасціла,

Каб волікаў накарміла.
Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела –

Нам хлебушкі пераела.

Вядучая. Малайцы, хлопцы, малайцы дзяўчаты! Добра спявалі, добра карагод вадзілі, а зараз частуйцеся блінамі і праходзьце, калі ласка, на свае месцы.
( Гучыць народная музыка, вядучыя частуюць усіх блінамі.)
Вядучы. Апошні дзень Масленіцы ў народзе называўся “Прабачальная бяседа”. У гэты вечар усе родныя прасілі прабачэння адзін у аднаго. Звычайна казалі: “Прабач, калі саграшыў перад табой справай ці языком”. А цяпер, паколькі ў нас тут сабралася ўся сямейка, і сваты, і браты, і кумы прыйшла пара прасіць прабачэння адзін у аднаго.( Гучыць музыка, ідзе гульня: дзеючыя асобы просяць адзін у аднаго прабачэння, абдымаюцца і цалуюцца.)
Вядучы. Васілінка, прыйшла пара і нам прасіць прабачэння.
Вядучыя. (Разам ) Прабачайце, даражэнькія, калі чым саграшылі перад вамі, справай ці языком. Можа каго засудзілі, ці выбачаеце вы нас? ( Адказы ўдзельнікаў.)
Вядучая. Дзякуй вам, даражэнькія, за спрыт, за весялосць вашу. У народзе кажуць: “Хто людзей весяліць, за таго ўвесь свет стаіць”. Вось і мы з вамі сёння добра павесяліліся, у гульні пагулялі, смачных бліноў пакаштавалі. Але, прыйшоў час развітвацца.
Вядучы. Ну, усё даражэнькія. Бывайце,

Варэнікі, блінцы спажывайце,

Ды Масленку ўспамінайце.

Вядучая. Мы на свеце пабывалі,

Масленку сустракалі.

Наша Масленка гадавая,

Яна госцейка дарагая.



Вядучы. Трэба нам далей ісці.

Трэба ўсю Зямлю прайсці.

Людзям песенькі пяяць,

Людзей з Масленкай вітаць.



Вядучыя. А вы здаровы бывайце,

Ды праз год нас...



Разам... чакайце!

( Пад інструментальную кампазіцыю “А сёння ў нас Масленка, Масленка...” вядучыя пакідаюць сцэну.)


Літаратура


  1. Васілевіч У. Ад Каляд да Масленіцы // Полымя. 1990. № 3.

  2. Гаравая Л.Ф. У нас сёння Масленіца // Пачатковая школа. 1992. № 2.

  3. Кроль Ф.И. Сборник игровых программ // Гомель. 1991.

  4. Рыжкова А.. Заспяваем на Масленіцу // Пралеска. 1993. № 1.

  5. Лозка А. Беларускі народны каляндар // Мінск. Полымя. 1993.

  6. Гуд П.А. Ад Каляд да Пакроваў // Мінск. Красіка-Прынт. 2000.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка