У выніку кантактаў паміж народамі адбываецца запазычанне і засваенне розных моўных элементаў адной мовы іншай лексем, словаўтваральных элементаў, сінтаксічных канструкцый і інш




Дата канвертавання01.05.2016
Памер49.62 Kb.
ПАЛАНІЗМЫ

У выніку кантактаў паміж народамі адбываецца запазычанне і засваенне розных моўных элементаў адной мовы іншай (лексем, словаўтваральных элементаў, сінтаксічных канструкцый і інш.) Звычайна найбольш інтэнсіўныя кантакты назіраюцца паміж блізкароднаснымі мовамі і мовамі-суседкамі. Польская якраз і з’яўляецца такой у дачыненні да беларускай. Паланізмы (запазычанні з польскай мовы) ўтвараюць сабой вялікую групу і сустракаюцца на розных узроўнях беларускай мовы, паколькі стасункі паміж нашымі мовамі існавалі на працягу ўсёй гісторыі, хоць і адбываліся з рознай інтэнсіўнасцю.

Па-першае, трэба ўзгадаць беларуска-польскае двухмоўе 15-18 стст. Асабліва яно ўзмацнілася пасля падпісання ў 1569 годзе Люблінскай уніі пры ўваходзе ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўсё справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Адбывалася культурная асіміляцыя вышэйшых слаёў грамадства, якая прывяла да распаўсюду культурніцкага кайнэ – т.зв. пальшчызны крэсовай, якая паўстала на базе польскай мовы, але мела шматлікія беларускія элементы (напр., мова твораў Адама Міцкевіча), а часам і штучныя паланізмы (напр., кэнсты замест кусты на Браслаўшчыне). Распаўсюду польскай на нашай тэрыторыі паспрыяла і пашырэнне каталіцтва як рэакцыі на Рэфармацыю. Адбываўся таксама працэс міграцыі на беларускую тэрыторыю тых палякаў, якія за нясенне воінскай павіннасці атрымлівалі надзелы зямлі (т. зв. шляхта засцянковая). Згодна са Статутам ВКЛ, дзяржаўныя пасады не маглі займаць выхадцы з іншых земляў, таму палякі часта браліся шлюбам з беларускамі, ствараючы змяшаныя сем’і. У 17 ст. на тэрыторыі Палесся пачалося актыўнае развіццё лясной прамысловасці, што таксама паспрыяла перасяленню палякаў (т.зв. шляхта чыншова). Пазней адбывалася таксама актыўная міграцыя польскіх сялян у Беларусь. Польская дзяржава і прадстаўнікі каталіцкай царквы ў гэты перыяд праводзілі даволі агрэсіўную палітыку паланізацыі. У Заходняй Беларусі вялікая колькасць беларусаў каталіцкага веравызнання была запісана палякамі (так званыя касцельныя палякі).

Такім чынам, у перадваенны перыяд на заходнебеларускіх тэрыторыях налічвалася каля 1, 5 млн. палякаў (разам з беларусамі-католікамі). Пасля Другой Сусветнай вайны значная колькасць палякаў вярнуліся на тэрыторыю Польшчы, а частка беларусаў, што раней называлі сябе палякамі ў сувязі са сваім каталіцкім веравызнаннем, пачалі ўсведмляць сябе беларусамі. У выніку гэтых працэсаў колькасць польскага насельніцтва на нашай тэрыторыі скарацілася. Аднак, нягледзячы на гэта, сёння палякі складаюць у нашай краіне другую пасля рускіх нацыянальную меншасць і польскія запазычанні працягваюць трапляць у нашу мову.



Асноўныя рысы паланізмаў (запазычанняў з польскай мовы)

На фанетычным узроўні:



  • Спалучэнне галосных а, о, е, ё, э з н (рэфлекс так званых польскіх насувак): енк, швэндацца, укленчыць, здранцвець.

  • Наяўнасць цвёрдага дз: ксёндз, пэндзаль.

  • Спалучэнне дл: подлы, павідла, кудлаты.

  • Ц на месцы ўсходнеславянскага ч і паўднёваславянскага шч: моц, цуд.

  • Няпоўнагалоссе: змрок, млосна, Брэст.

  • Выбухны г: ганак, гузік, гонта, нягеглы, газа, швагер, гарнец.

  • Спалучэнні ге, ке: кепскі, нягеглы.

  • Спалучэнне лу паміж зычнымі: слуп, тлум, тлусты.

Трэба згадаць таксама “клясычны” правапіс, паводле якога, напрыклад, інтэрнацыянальная лексіка перадавалася згодна з польскай традыцыяй: сярэднееўрапейскі l перадаецца мякка: лёгіка, пілёт, філёляг (дарэчы, у сучасную літаратурную мову патрапіла ўсяго некалькі словаў з мяккім ллямпа, лямант, лямец); вымаўленне зычных з і с цвёрда: прэзыдэнт, фізычны, сытуацыя, газэта; перадача запазычанняў з класічных моваў паводле лацінскай традыцыі: барбар, Бабілён, сымбаль, міт, артаграфія, катэдра) і інш.

Націск у словах, запазычаных з польскай, падае на перадапошні склад: выхо́дны, выго́да, выпа́дак як варыянт пашыраных у літаратурнай мове формаў выхадны́, вы́гада і вы́падак.

На марфалагічным узроўні словы, што трапляюць у нашу мову з польскай, захоўваюць свае марфалагічныя прыкметы, напр., род і лік у назоўніках (здрада, цнота, скарб, млын). У “клясычным” правапісе некаторыя інтэрнацыяналізмы маюць польскія марфалагічныя рысы, паколькі запазычваліся пра польскую мову: тэмат (муж.р.) замест літаратурнага тэма, тэза (жан.р.) замест літаратурнага тэзіс.

Да словаўтваральных паланізмаў адносяць словы з наступнымі суфіксамі:



  • суфікс –іск-: даміска, агніска;

  • суфікс –он-/-ён- у дзеепрыметніках: незлічоны, утрапёны;

  • суфікс –оўк-: таксоўка, дахоўка;

  • суфікс – унак- (па сваім пахджанні гэта нямецкі суфікс, адаптаваны польскай мовай): гатунак, ратунак, пацалунак, ласунак.

  • суфікс –ус-: мамуся, татуся, бабуся;

  • суфікс –ізн-/-ызн-: старызна, пальшчызна.

У апошні час адбываецца актывізацыя пашыраных у польскай мове словаўтваральных мадэляў кшталту міліцыянт, паліцыянт; вучэльня, пральня, распранальня; барокавы.

Да сінтаксічных паланізмаў адносяць канструкцыі кшталту жыць з (з заробку), карыстацца з (з запасаў), перапрацоўваць на (дрэва на паперу), а пятай (гадзіне), у палове на шостую (гадзіну) і інш.

На лексічным узроўні вылучаюцца не толькі словы, якія захавалі рысы польскай мовы (гл. вышэй), але і вялікая колькасць паланізмаў, засвоеных беларускай мовай фанетычна, акцэнталагічна, марфалагічна, сінтаксічна і семантычна: улада, хустка, сукенка, падатак, блакітны, кахаць. Да паланізмаў звычайна таксама адносяць запазычанні з нямецкай мовы, якія спачатку патрапілі ў польскую мову і былі ёй адаптаваныя, а ўжо пасля, праз яе пасярэдніцтва, былі запазычаны беларускай: варунак, абцас, дрот, вандраваць, шпалеры.

Паланізмы таксама сустракаюцца і сярод фразеалагізмаў, у першую чаргу ў заходнебеларускіх гаворках. Яны могуць быць цалкам запазычанымі з польскай мовы, а могуць утрымліваць толькі паасобныя паланізмы:



Велькія пацеры, як сам велькі (pacierz – малітва)

Голы як свенты турэцкі (вельмі бедны)

Нябескія мігдалы (нешта надзвычай смачнае)

Як пан пшэнны (пра таго, хто жыве вельмі добра)

Адбіваць бонкаў (марнаваць час; bąk – авадзень)

Гнэмбіць муху (здзекавацца са слабейшага; gnębić – прыгнятаць, кпіць)

Фіёлкі ў галаве скачуць (пра легкадумнага чалавека; fiołek – дзівацтва)

І на свёнткі і на пёнткі (заўсёды)

Плесці баналюкі (гаварыць абы-што; banialuki – лухта, глупства)

Заданне

Знайдзіце фармальныя прыкметы паланізмаў у наступных словах:

Пастарунак – суфікс –унак-

заядлы – спалучэнне дл

парэнчы – спалучэнне эн

прэнт - спалучэнне эн

нэндза – спалучэнне эн, дз

цурацца - ц

рыдлёўка - спалучэнне дл

абяцаць - ц

слодыч - няпоўнагалоссе

Гродна - няпоўнагалоссе

Герб – спалучэнне ге

Тлумачыць – спалучэнне лу паміж зычнымі

Рыштунак – суфікс –унак-

Глупства – спалучэнне лу

Вятрыска – суфікс –ыск-

Улюбёны – суфікс –ён-

Апантаны – спалучэнне ан

Спудлаваць – спалучэнне дл

Вяндліна – спалучэнне ян, дл

шацунак – суфікс –унак-

моцны - ц

быдла – спалучэнне дл

мэблі – множны лік



цукерня – суфікс –н-


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка