У прафесійны тэатр з тэатра-студыі калектыў прыйшоў з 4 спектаклямі. Гэта былі пастаноўкі "Пяпялушка" па п’есе Т. Габэ і "Жалезная заслона" па п’есе У. Катэнкі. Спектаклі паставіў Мікалай Варвашэвіч




Дата канвертавання27.03.2016
Памер175.92 Kb.
1990 год
У прафесійны тэатр з тэатра-студыі калектыў прыйшоў з 4 спектаклямі. Гэта былі пастаноўкі – “Пяпялушка” па п’есе Т. Габэ і “Жалезная заслона” па п’есе У.Катэнкі. Спектаклі паставіў Мікалай Варвашэвіч. Пастаноўку спектакля “Два клёны” па п’есе Я.Шварца ажыццявілі Юрый і Ірына Марэцкія, а “Чырвоны куток” па п’есе М.Разоўскага паставілі Таццяна Паўлава і Ганна Шэлепава. Спектакль для Паўлавай і Шэлепавай быў дэбютам. Напачатку прэм’еры іх з гэтым павіншаваў Мікалай Варвашэвіч і пажадаў творчых удач. На жаль, больш творчых удач у Слоніме ў гэтых таленавітых дзяўчат не было, бо хутка яны развіталіся з тэатрам і з горадам. Але Таццяна Паўлава і Ганна Шэлепава ў гісторыі тэатра пакінулі нядрэнны спектакль, у якім упершыню былі толькі дзве жаночыя ролі. Дзяўчаты былі не толькі рэжысёрамі спектакля, але і самі сыгралі галоўныя ролі.

Змест п’есы “Чырвоны куток” быў даволі звычайны. Ды і, відаць, напісана п’еса была ў тыя далёкія “антыалкагольныя” гады, калі адны пілі гарэлку, а другія п’яніц “выхоўвалі”. Так і ў спектаклі: выхавальніца жаночага інтэрната (артыстка Т.Паўлава) дакарала простую рабочую (артыстка Г.Шэлепава) за тое, што тая жыве адна, п’е, нікуды не ходзіць і г.д. З доўгага дыялогу стала вядома, што не гарэлка ва ўсім вінавата, а проста чалавечае гора. Ды й лёс самой выхавальніцы быў нечым падобны да лёсу той адзінокай дзяўчыны. Жаночае адзіноцтва – вось асноўная ідэя гэтага незвычайнага спектакля.

А спектакль “Жалезная заслона” быў падзеяй для горада. Ён своечасова ўварваўся ў грамадскае жыццё горада над Шчарай, бо быў пастаўлены па гарачых слядах таго часу, калі ў краіне ішла перабудова. У спектаклі былі толькі дзве станоўчыя ролі: старшыня калгаса Бабакоў (артыст Пётр Струкаў) і журналістка Ніна Цітова (артыстка Наталля Чуйко). Усе астатнія – Плюсаў, Корж, Лаўкіна, Шайкіна, Пінцэтаў – былі бюракраты, хабарнікі, кар’ерысты, якія за “жалезнай заслонай” вялі сваё “вольнае” жыццё. Прайшоў бы час і яны змаглі б “пабудаваць яму (Бабакову) камунізм”, каб не гэтыя перабудова і дэмакратыя, публічнасць і плюралізм.

Акцёры Аркадзь Будзілаў, Ніна Жукоўская, Марыя Гурская і Віктар Шчарбакоў сыгралі ролі адмоўных асоб, якія мараць стварыць сваю “дзяржаву неперабудаванага сацыялізму”. Лаўкіну хвалююць дэфіцыты ў крамах, Шайкіна збірае сваіх знаёмых і сяброў у саўне, бо не для простых людзей будуюць саўны, а для такіх, як Плюсаў, Корж, Пінцэтаў. Вобраз Лаўкінай створаны артысткай Нінай Жукоўскай, бадай, ці не самы праўдзівы і яркі быў у спектаклі. Рухі, унутранае напружанне гераіні, праца думкі – усё гэта дапамагло выканаўцы, каб паказаць вобраз кар’ерысткі, для якой у жыцці галоўнае – “крама пры любой уладзе – ёсць улада”. Інакш выглядала Марыя Гурская ў ролі Шайкінай. Яна сыграла больш развязную, абыякавую і пустую жанчыну. Хоць гэта зусім не так: Шайкіна павінна быць хітрай і нахабнай кабетай. Яна гатова нават ісці ў бойку, каб толькі абараніць свой жаночы гонар, які шмат разоў губляла...

Акцёрскі стаж адчуваўся ў Аркадзя Будзіловіча, Віктара Шчарбакова і Мікалая Варвашэвіча, героі якіх няслі гледачам элементы сатыры і гумару.

Юныя гледачы ў той ужо няблізкі 1990 год вельмі любілі спектакль “Папялушка”. Толькі за першы прэм’ерны тыдзень яго паглядзелі больш за тры тысячы гледачоў. Асабліва ўсім спадабалася сама Пяпялушка (артыстка Ірына Вятошкіна). Выканаўца ролі вельмі дэталёва прадумала сваю ролю. Яе Папялушка была дужа падобная на Папялушку Шарля Перо. Вобраз, створаны Ірынай Вятошкінай, вяртаў гледачоў не толькі ў далёкую казачную краіну, а таксама ў XVI-XVII стагоддзі. Прыемны голас артысткі, праўдзівае пранікненне ў жыццёвыя абставіны сваіх герояў, касцюм Папялушкі – усё гэта дапамагло Ірыне Вятошкінай стварыць цудоўны казачны вобраз, які адразу спадабаўся слонімскім гледачам.


1991 год

Гэты год тэатр пачаў з дзіцячай прэм’еры па п’есе слонімскага драматурга Уладзіміра Ягоўдзіка ў пастаноўцы Мікалая Варвашэвіча. П’еса называлася “Янка і Ружа”, а спектакль – “Прынцэса і салдат”. Адначасова прэм’ера гэтай казкі адбылася і на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча.

А завяршыўся год навагодняю казкаю “Крыштальная сняжынка”, якую напісаў Віктар Небальсін, а паставіў Сяргей Бачкоў.

24 студзеня на сцэне беларускага драмтэатра адбылася прэм’ера з доўгім назовам – “Не забыцца б і паспець на сябе хамут надзець”. Назоў спектакля не вельмі быў удалы, але сама пастаноўка гледачоў парадавала.

Спектакль рэжысёрам Віктарам Багушэвічам быў пастаўлены па двух вадэвілях-жартах Леапольда Родзевіча – “Конскі партрэт” і “Збянтэжаны Саўка”. Дарэчы, Леапольд Родзевіч напісаў 12 п’ес. З іх – “Конскі партрэт” у 1920 годзе, а “Збянтэжанага Саўку” у 1918-м.

Пачынаўся спектакль вадэвілем “Конскі партрэт”. У ім галоўныя ролі выконвалі артысты Валянціна Гойжа і Сяргей Бачкоў. Яны ж выступалі і ў “Збянтэжаным Саўку”. Але гледачам акцёры больш спадабаліся ў другім вадэвілі. У першым – іх героі (маладзіца і гаспадар) атрымаліся амаль трагічнымі асобамі. Каб вадэвіль паглядзеў Л.Родзевіч, дык цяжка сказаць ці пазнаў бы ён сваіх герояў, бо яго дзеючыя асобы ў параўнальна невялікіх абразках – гэта людзі жартаў, весялосці і кпінаў. А акцёры Гойжа і Бачкоў крыху адыйшлі ад гэтага. Пра што нельга сказаць, згадваючы “Збянтэжанага Саўку”. Тут і рэжысёрская задумка Віктара Багушэвіча адчувалася, і, вядома ж, майстэрства тых жа Валянціны Гойжа і Сяргея Бачкова. У сцэнічным жарце, як і ў папярэднім, не было вяселля, масавых скокаў і г.д. Толькі ў фінале спектакля пяюцца гумарыстычныя куплеты, тыповыя для вадэвіля. Ды і ў аснове сюжэта ляжаў камічны выпадак, знаёмы нам здаўна. Саўка і Магрэта паспрачаліся з-за таго, што апошняя несвоечасова прынесла яму абед. У выніку, каб пакараць адзін аднаго, яны абменьваюцца ролямі: Саўка застаецца дома гаспадаром, а Магрэта ідзе ў поле за плугам.

Непаразуменні адбываліся адно за другім. Вадэвільная сітуацыя ў спектаклі была вельмі смешная. Напрыклад, Саўка ніяк не мог злавіць курыцу-квахтуху, каб пасадзіць яе на яйкі. Ён і спадніцу адзяваў для маскіроўкі, і хустку Магрэціну – усё без карысці. Каб “уратаваць” яйкі, Саўка сам на іх садзіцца. “А яйкі стынуць, а яйкі псуюцца... І, як бачу, дык няма іншага ратунку, як самому на іх сесці”, -- з тугою гаворыць Саўка. У гэты момант прыходзіць Магрэта, у якой таксама нічога не атрымалася з мужчынскай працай. Нарэшце Саўка і Магрэта, зразумеўшы, што кожнаму належыць сваё месца ў гаспадарцы, памірыліліся і дружна заспявалі...

Жыццярадасная сцэнка Леапольда Родзевіча можа і не пратэндавала на вялікае мастацтва, але яго героі парадавалі ўсіх, хто змог паглядзець гэты спектакль.

Былі ў ім і дзве невялікія эпізадычныя ролі. Гэта ролі Цырыбулкі і жабрака, якія арыгінальна выканаў артыст Уладзімір Навумік.
1992 год

У гэтым годзе беларускі драматычны тэатр паставіў і паказаў свае дзве самыя яркія пастаноўкі – “Сабака з залатым зубам” па п’есе У.Сауліча і “Лекі ад кахання” па п’есе У.Галубка. На гэтыя спектаклі ў тэатральнай зале заўсёды быў аншлаг.

Упершыню п’еса маладога драматурга Уладзіміра Сауліча была паказана на сцэне мінскага тэатра-лабараторыі “Вольная сцэна” з удзелам вядомых беларускіх акцёраў С.Станюты, Г.Аўсяннікава, Г.Арловай і іншых. “Аўсяннікаў у ролі Козлікава, -- піша ў сваёй кнізе тэатральны крытык Рычард Смольскі, -- так захапіўся сваім “вынаходніцтвам” (не хочацца занатоўваць на паперы першыя тры літары з пяці ўсім вядомага, “інтэрнацыянальнага” слова, якое акцёр з вялікім сцэнічным імпэтам паўтарае ці не тысячу разоў), што і склалася адпаведнае ўражанне не толькі пра дэгенератыўнага аўсяннікаўскага героя, пра спектакль, але і пра п’есу маладога драматурга. У выніку атрымаўся нечаканы парадокс: тэатр-лабараторыя ўзяўся быў адкрываць драматургаў, але на вачах шакіраванай публікі адбылося нешта супрацьлеглае...” (Рычард Смольскі. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998. С.181-182).

Тым не менш, вядомы крытык прыехаў і ў Слонім, каб паглядзець на “Сабаку з залатым зубам”. І Рычарду Смольскаму гэты спектакль у Слоніме спадабаўся больш, чым сталічны: “Рэдкая і дзівосная еднасць сцэны і залы пад час спектакля стварыла нейкую асаблівую атмасферу (падкрэслю, даўно такога не бачыў, бо на многіх сталічных прэм’ерах часцей узнікае супрацьстаянне сцэны і глядзельнай залы, і пра гэта трэба калі-небудзь падрабязна паразважаць), якая дапамагала глыбей успрыняць розумам і сэрцам той свет, людзей, характары, якія ўзніклі пад пёркам маладога драматурга. Слонімская прэм’ера нарадзіла ўпэўненасць, што У.Сауліч прыйшоў у драматургію недарэмна, ад яго можна чакаць новых – сапраўды мастацкіх твораў. Ён умее будаваць дыялог, знаходзіць сакавітыя моўныя характарыстыкі сваіх герояў і (самае галоўнае і каштоўнае) мае пачуццё тэатра, тэатральнасці. Адсюль – добра выпісаныя ролі, якія абуджаюць акцёрскую фантазію і творчую ініцыятыву (тут я разумею купалаўца Г.Аўсяннікава, але густ і мера ў сцэнічным мастацтве далёка не апошнія).

У пэўным сэнсе здзівіў рэжысёр М.Варвашэвіч. Ён даўно праявіў сябе як майстра сцэнічных палотнаў, любіць і ўмее ставіць шматнаселеныя спектаклі эпічнага гучання. А тут – своеасаблівая сцэнічная показка з невялікай колькасцю дзейных асобаў, у простых, лаканічных дэкарацыях (мастак С.Кірык спавядае прынцып побытавай дакладнасці: будуе звыклы інтэр’ер вітальні звыклай гарадской кватэры). Рэжысёр не імкнуўся “пашырыць” або “паглыбіць” драматычны твор, сваю задачу ён бачыў у іншым – дакладна перакласці на тэатральную мову трагікамедыю У.Сауліча. Вядома, з такой задачай можна і паспрачацца, але тут не выпадае, бо рэжысёр пераконвае з дапамогай акцёраў і...гледачоў. Так-так, менавіта з дапамогай гледачоў, якія актыўна, надзвычай эмацыянальна ўспрымаюць спектакль, спрыяюць яго асаблівай атмасферы...” (Тэатр у прасторы часу. С.183).

Вядома, крытык Р.Смольскі выказаў і свае заўвагі па спектаклю, найперш тое, што акцёр Сяргей Бачкоў у ролі маёра міліцыі Козлікава перадаў толькі адну рысу характара – абсалютную страту сумлення. А ў ігры акцёра Віктара Багушэвіча (роля дзеда Язэпа) хацелася б бачыць большую псіхалагічную выразнасць. Крытык пахваліў артыста Мікалая Сцешыца, які вылучаўся ў ролі сабакі з залатым зубам...

Другой сцэнічнай удачай рэжысёра Мікалая Варвашэвіча быў спектакль “Лекі ад кахання” па п’есе Уладзіслава Галубка “Пісаравы імяніны”. Праз дваццаць гадоў пасля “Ганкі”, рэжысёр зноў вярнуўся да творчасці У.Галубка. Як вядома, п’еса гэта ў розны час на сцэнах Беларусі ішла пад рознымі назвамі: “Залёты дзяка”, “Хвароба ў добрым здароўі” і іншымі. У Слоніме прэм’ера адбылася пад назваю “Лекі ад кахання”.

Уладзіслаў Галубок, калі пісаў сваю камедыю, добра ведаў, з каго будуць гледачы смяяцца і з кім можна смяяцца. Гэтага ў Слоніме прытрымліваліся і рэжысёр, і акцёры. Смех драматурга над адмоўнымі рысамі чалавечага жыцця вельмі глыбокі, шчыры і адкрыты. Рэжысёр Варвашэвіч аздобіў спектакль яшчэ і сучаснай афарбоўкай. Таму падзеі спектакля, нібы раскрывалі сённяшні дзень нашага жыцця, дзе многа сатыры і гумару, якіх мы часам і не заўважаем.

Акцёр Уладзімір Навумік стварыў своеасаблівы вобраз пісара – чалавека, які ў “сваім жыцці трэці раз дурня меў. Першы раз, калі быў старшым намеснікам малодшага пісара, на радасцях так напіўся, што замест пакаёўкі доктара па абмылцы абняў жонку доктара, за гэта дастаў па вушах і са службы выгналі. Другі раз паехаў на шалёнай кабыле ў горад і замест дарогі ўехаў з аглоблямі ў аптэку, за гэта адседзеў два дні ў часці, два зубы выбілі і за акно заплаціў. А цяпер трэцяя бяда...”.

Так-так, бяда. Бо жонка (артыстка Вікторыя Сямёнава, цяпер Вікторыя Міхальчык) “знюхалася” з дзякам (артыст Віктар Багушэвіч). Дарэчы, дзяк Багушэвіча атрымаўся даволі праўдзівы. Адначасова з Вікторыяй Сямёнавай роль жонкі пісара выконвала і артыстка Таццяна Натарава. Калі жонка Сямёнавай выглядала важнай арыстакратычнай, нават нейкай беларучкай і адзінокай, то жонка Натаравай была хітрай, здзеклівай і беспардоннай жанчынай.

Артыстка Ірына Яцук іграла роль Мар’і. Яе гераіня атрымалася трагікамічнай, шустрай і шчырай жанчынай. Вельмі моцнымі сцэнамі ў спектаклі былі тыя, калі на сцэне заставаліся сам насам пісар і Мар’я. Створаныя артыстамі гэтыя героі выклікалі ў зале смех, сімпатыі гледачоў. Дапамагала ім і артыстка Лілія Літвіненка, якая іграла ролю Аўдоцці.

Бракавала тады ў спектаклі, як адзначалі крытыкі, прафесіянальнай харэаграфіі. А менавіта танцы і павінны былі надаваць спектаклю весялосці і настрою. І ўсё ж, ад чаго змаглі вылечыць “Лекі ад кахання” у 1992 годзе? Найперш, ад жыццёвай мітусні, клопатаў і хвалявання.

Дзяцей у гэтым годзе тэатр парадаваў спектаклямі “Зайка-зазнайка” і “Антосік і гармонік”. Асабліва даспадобы дзецям была музычная казка “Антосік і гармонік”. Героі казкі – ліса, казёл, воўк, сарока, паштальён, зайчаняты, сабака, бабуля, а таксама Антосік са сваім гармонікам не давалі сумаваць хлопчыкам і дзяўчынкам.
1993 год

У пачатку года ў тэатр прыехалі студэнты-практыканты Беларускага універсітэта культуры Васіль Сявец, Аляксандр Богдан і Валерый Бандарук. Яны прывязлі з сабой п’есу “Свінячае жыццё”, якую напісаў Аляксандр Богдан. Маладыя аўтары спадабаліся Мікалаю Варвашэвічу і ён іх прыняў на практыку ў тэатр, а таксама дазволіў паставіць спектакль на слонімскай сцэне. Спектакль хлопцы паставілі, дзе самі і выконвалі галоўныя ролі: Рабога выканаў Васіль Сявец, Лупатага – Аляксандр Богдан, гаспадара – Валерый Бандарук, а гаспадыню сыграла артыстка Вікторыя Міхальчык.

5 сакавіка ў тэатры адбылася здача спектакля. У абмеркаванні яго на мастацкім савеце прыняў удзел увесь калектыў, таму што спектакль быў новы ва ўсіх адносінах: літаратурных, сцэнічных (дзе замест людзей былі свінні) і рэжысуры. Артыстка Лілія Літвіненка сказала: “Мне спектакль вельмі спадабаўся навізной і цікавай задумкай. На вобразах парсюкоў былі добра відаць людзі. Невыпадкова адзін з галоўных герояў – парсюк Лупаты кажа: “Людзі чымсьці падобныя на нас. Я многа думаў над гэтым, прыкідваў і прыйшоў да вынікаў, што ў людзей ёсць штосьці свінячае. Ці, наадварот, у нас штосьці людское...”. Артыст Віктар Багушэвіч выказаў і сваю думку: “Мне спектакль спадабаўся і вельмі парадаваў. Я жыў у ім, я, здаецца, на адным дыханні яго паглядзеў. Шмат новага я ўзяў для сябе ў плане рэжысуры. Мне спадабаўся Рабы, якога сыграў Васіль Сявец”. Мастак Сяргей Кірык адзначыў: “Спектакль смелы і новы. У ім я ўбачыў элементы сімвалізму і мадэрнізму. Заслуга ў гэтым і аўтара п’есы Аляксандра Богдана, і рэжысёра Валерыя Бандарука”.

Праз некалькі дзён са спектаклем знаёміліся слонімскія гледачы. Спектакль выклікаў неадназначныя меркаванні і думкі, але ўсе яго глядзелі з цікавасцю.

Слонімскі беларускі драматычны тэатр заўсёды дбаў і плённа працаваў для дзяцей. Гэта праца працягваецца і цяпер. А тады ў 1993 годзе, як рэжысёр, дэбютавала ў Слоніме Настасся Селіванава і, як драматург, – Аляксей Якімовіч. Настасся Селіванава паставіла казку “Дзень нараджэння ката Леапольда”. Сюжэт казкі быў вельмі просценькі. Добры, шчыры і пяшчотны кот Леапольд (артыст Сяргей Бачкоў) рыхтаваўся да свайго дня нараджэння. Дапамагала яму ў гэтым і яго любая бабулька (артыстка Лілія Літвіненка). Усё было б добра, калі б не гэтыя нахабныя мышы Міця (артыст Мікалай Сцешыц) і Моця (артыстка Іна Ёрш). Яны хочуць сапсаваць свята і настрой добраму кату Леапольду і яго сябрам. На баку імянінніка выступаў і доктар (артыст Віктар Багушэвіч).

Кот Леапольд Сяргея Бачкова атрымаўся сур’ёзным і добрым, патаемным і сарамлівым. Мышаняты Міця і Моця Мікалая Сцешыца і Іны Ёрш – рашучыя і дасціпныя, рухавыя і самавольныя. Хітрай і разважлівай была бабуля Ліліі Літвіненкі. А доктар Віктара Бугушэвіча атрымаўся трохі наіўным і нават смешным...

На прэм’еры “Дня нараджэння ката Леапольда” у Слоніме тады пабываў доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі. Ён адзначыў добрую сцэнаграфію спектакля і мову акцёраў, а таксама расказаў калектыву тэатра пра сучасны стан сцэнічнага мастацтва ў Беларусі.

Спектакль “Чарадзейныя суніцы” паставіў Сяргей Бачкоў. А напісаў п’есу слонімскі драматург Аляксей Якімовіч. Гэта быў дэбют у драматургіі слонімскага аўтара. Прычым, дэбют удалы.

Добрая гульня акцёраў, арыгінальны падбор касцюмаў, вясёлыя песні і танцы – усё гэта надало спектаклю непаўторнасць і захапленне. А сюжэт спектакля быў з прыгодамі і нечаканасцямі, якія любяць глядзець нашы дзеці. Вясковыя сябры Янка (артыст Мікалай Сцешыц) і Алеська (артыстка Іна Ёрш) заблудзіліся ў лесе. Блукаючы, яны сустракаюцца з пачварай (артыст Віктар Багушэвіч), якую прываліла дрэва. Выратаваўшы пачвары жыццё, дзеці за гэта атрымліваюць узнагароду – чарадзейныя суніцы розных колераў. Паспрабаваўшы некалькі суніц, Янка і Алеська трапляюць у казачны свет, дзе гаспадарыць і кіруе пан Смактун (артыст Аляксандр Камінскі) са сваім стражнікам (артыст Юрый Грасевіч), а таксама пан Альхоўскі (артыст Уладзімір Навумік) і пані Крывулька (артыстка Вікторыя Міхальчык). Тут і адбываліся ўсе прыгоды. Але, як і ў кожнай казцы, у “Чарадзейных суніцах” таксама быў шчаслівы фінал, фінал з песняю і музыкай, якую напісаў для спектакля яго рэжысёр Сяргей Бачкоў.
1994 год

У тыя гады калектыў Слонімскага беларускага драматычнага тэатра заўсёды імкнуўся паказаць, як у звычайным, будзённым жыцці можна свабодна і лёгка валодаць роднай мовай, а таксама быць верным сябрам і дарадчыкам дзіцячых садкоў і школ у практычнай дапамозе па адраджэнню беларускай культуры. Немалаважна для тэатра было і тое, каб захапіць дзяцей мастацтвам, навучыць іх разумець цудоўнае. І гэтыя задачы тэатр паспяхова выконваў.

Гэты год для тэатра не быў плённым на прэм’еры, тым не менш дзве новых пастаноўкі ўбачылі дзеці і адну -- дарослыя гледачы.

У другой палове студзеня адбылася прэм’ера спектакля “Мудрагелісты цмок”. Напісаў п’есу і паставіў Сяргей Бачкоў.

Другую сваю п’есу “Хітрыкі бабы Ягі” прапанаваў тэатру слонімскі драматург Аляксей Якімовіч. П’еса Мікалаю Варвашэвічу спадабалася і ён ажыццявіў яе пастаноўку. Наогул, мець свайго драматурга – гэта гонар і пашана для любога тэатра, а тым больш для такога тэатральнага калектыву, які дзейнічае ў правінцыі. У слонімскім калектыве такім драматургам быў і застаўся Аляксей Якімовіч, які на вобразе сваіх казачных герояў паказваў беларускую нацыянальную адметнасць іх характараў.

У 1993 годзе часопіс “Тэатральная Беларусь” апублікаваў п’есу Андрэя Федарэнкі “Жаніх па перапісцы”. Сам аўтаў ва ўступным слове да п’есы прызнаўся: “П’еска задумвалася і пісалася мною, як пародыя на меладраму, пародыя на маленькія, будзённыя трагедыі звычайных “беларускіх савецкіх” урбанізаваных людзей, жыццё якіх уціскаецца ў чатыры сцяны стандартнай сяміметровай кухні. Але, пачаўшы пісаць, правіць і перапісваць, калі больш-менш героі пачалі мне здавацца жывымі, я стаў шкадаваць гэтых людзей і неяк незаўважна для сябе змякчаў іхнія словы, дзеянні; выкрасліў аднаго асабліва агрэсіўнага персанажа, ад чаго п’еска скарацілася на карціну, і ўрэшце атрымалася не пародыя, а фарс. Героі ў ім, у большасці выпадкаў, самі “не знают, что творят”, дабро застаецца незаўважаным, а зло – неразгаданым” (“Тэатральная Беларусь”, 1993. № 2. С.2).

Вось гэтая “п’еска” спадабалася Валерыю Бандаруку і ён вырашыў яе паставіць. Менавіта ён упершыню ў рэспубліцы ажывіў гэты фарс (жанр, які вызначыў сам аўтар) на слонімскай сцэне.

Дзеянні ў спектаклі адбываюцца, як піша драматург у пачатку першай карціны, у часы “гарбастройкі”. Аферыст Чалы (артыст Сяргей Бачкоў), па перапісцы знаёміцца з адзінокімі жанчынамі. Такое знаёмства адбываецца ў яго і з Клаваю (дэбют артысткі Надзеі Ільчанкі). Але гэтым разам яму не пашанцавала: трэба ж браць Клаву за жонку. Тады ён з дапамогай Жуліка (артыстка Іна Ёрш) становіцца “ахвярай” ялцінскай мафіі, а яшчэ (гэта ўжо рэжысёрская задумка) крадзе ў Клавы грошы. На дапамогу прыходзіць бацька Клавы (артыст Віктар Багушэвіч), які некалі сядзеў у турме...

У п’есе Андрэя Федарэнкі паказана, як бацька ідзе да знаёмага Верхаводы, які стаў сапраўдным мафіёзі, па дапамогу. Яго людзі ў чорным дастаўляюць Чалага да Клавы. У пастаноўцы слонімскіх артыстаў, наадварот, бацька сам, без ніякай дапамогі, спраўляецца з Чалым і Жулікам. А замест Верхаводы і яго людзей рэжысёр у спектакль увёў міліцыянера (артыст Васіль Сявец), які арыштоўвае аферыста Чалага. Як бачыце – там было не да фарсу...

1995 год

У гэтым годзе тэатр адзначыў сваё першае 5-годдзе. У складзе творчага калектаву налічвалася 15 артыстаў (8 жанчын і 7 мужчын). Да 30 гадоў працавалі 6 чалавек. Прафесійны склад трупы быў такі: артыстаў першай катэгорыі -- 3, другой катэгорыі – 12. У асноўным гэта былі выхаванцы Беларускага універсітэта культуры. Занятасць артыстычнага персаналу -- амаль 100%. Запаўняльнасць глядзельнай залы на стацыянары складала вечарам – 86 %, днём – 97 %.

Юбілей тэатр адзначыў плённа – ажно 6 прэм’ер пабачылі гледачы. Тры з іх падаравала слонімцам таленавітая дзяўчына з Мінска. Імя яе – Таццяна Дубік. Таццяна прыехала ў Слонім і адразу “упісалася” у творчы калектыў. Сваю новую п’есу “Апошні дыназаўрык” ёй прапанаваў Аляксей Якімовіч. П’еса маладому рэжысёру прыйшлася даспадобы і яна хутка надала ёй сцэнічнае жыццё. Разам з Таццянай Дубік актыўна працавала маладая мастачка Людміла Лобач (Шаўчэнка). “Апошняга дыназаўрыка” Людміла аформіла па-свойму ярка і прыгожа, што надало спектаклю зімовую і казачную атмасферу.

Пасля “Апошняга дыназаўрыка” Таццяна Дубік ставіць п’есу для дзяцей “Новыя прыгоды ў Прастаквашыне” па п’есе Эдуарда Успенскага. Афармляе спектакль Людміла Лобач. Прэм’ера выклікала цікавасць не толькі ў юных гледачоў, але і ў дарослых. І гэта невыпадкова. Праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей былі і застаюцца актуальнымі сёння. Тым больш, што дзеці нашы хочуць быць вольнымі і незалежнымі ад жыццёвых праблем сваіх бацькоў, якія часам зусім не звяртаюць на іх увагі. Так і юны герой гэтага спектакля – дзядзька Фёдар (артыстка Іна Ёрш), які едзе ў вёску Прастаквашына, знаходзіць там сабе сяброў – ката Матроскіна (артыстка Ірына Яцук), сабаку Шарыка (артыст Уладзімір Навумік) і галчаня (артыстка Алена Паляўкова), купляе хату і жыве.

Шмат прыгод з юнымі героямі адбылося за гэты час у Прастаквашыне. А ў горадзе іх шукалі мама (артыстка Таццяна Натарава) і тата (артыст Васіль Сявец). Толькі дзякуючы дасціпнаму паштальёну Печкіну (артыст Віктар Шчарбакоў) усё у спектаклі завяршылася добра.

Падарункам для дзяцей была ў той год яшчэ адна казка. Гэта спектакль па п’есе Яўгена Шварца “Чырвоны каптурык” у пастаноўцы Мікалая Варвашэвіча. Памятаю, пасля прэм’еры я запытаўся ў першых слонімскіх юных гледачоў: хто ім найбольш спадабаўся ў спектаклі? Адным спадабаўся Чырвоны каптурык, другім – Заяц, трэцім – Воўк, чацвёртым – Ліса... Так, пастаноўка тады атрымалася добрай. А дзеці з захапленнем распавядалі пра сваіх любімых персанажаў казкі. Мне толькі застаецца нагадаць, што ролю Чырвонага каптурыка сыграла Іна Ёрш, а ўсіх астатніх казачных герояў выканалі артысты Т.Натарава, У.Навумік, В.Сявец, В.Шчарбакоў, А.Прэдка, Н.Жукоўская, А.Савушкін.

Слонімскіх дзяцей у гэты год чакаў і навагодні сюрпрыз – спектакль “Дзед Мароз і лясун” па п’есе беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Людміла напісала яго спецыяльна для тэатра ў Слоніме. Напісала, каб расказаць дзеткам пра лесуна – жыхара лесу. Лесуны ў славянскай міфалогіі бываюць розныя: і добрыя, і страшныя, і злыя. Акрамя лесуна, у спектаклі дзеці ўбачылі Дзеда Мароза, снягурку, фею-дабрадзею, ваўка і зайца. Ролю Дзеда Мароза сыграў артыст Віктар Шчарбакоў. Яго герой атрымаўся разважлівым, спакойным і добрым. А вось вобраз лесуна, які захацеў у лесе стаць Дзедам Марозам і захапіў мех з падарункамі, выдатна стварыў Уладзімір Навумік.

Цікава сыграла ролю феі-дабрадзеі артыстка Таццяна Натарава, а ролю ваўка, які “вые музычна і меладычна”, выканаў артыст Васіль Сявец. Што датычыць снягуркі і зайца, дык тады, але па-рознаму, працавалі над іх вобразамі артысты Анжэліка Прэдка, Кліменціна Працэнка, Іна Ёрш і Ірына Яцук. Створаныя імі снягурка і заяц таксама атрымаліся розныя. Але гэта было добра, бо кожны артыст бачыў свайго героя па-свойму.

У спектаклі дзейнічалі шэсць асоб. Але сёмай -- былі гледачы. Яны адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні, дапамагалі станоўчым героям казкі разабрацца дзе праўда, а дзе падман...

Асалоду ад дзвюх прэм’ер у гэтым годзе атрымалі і дарослыя гледачы. Мікалай Варвашэвіч паставіў спектакль “Каханне з падманам” па п’есе “Ветрагоны” класіка беларускай драматургіі Уладзіслава Галубка, а Таццяна Дубік здзівіла ўсіх спектаклем “Жарты Парыжа” па п’есе “Блэз” французскага драматурга Клода Манье. Праўда, ёй дапамагаў і Мікалай Варвашэвіч.

Упершыню п’еса Уладзіслава Галубка была апублікавана ў 1930 годзе. Але да сённяшніх дзён яна па-ранейшаму актуальная сваёй тэматыкай. Ёсць у ёй і фінансавыя праблемы, і зладзейства, і падманутае каханне, і нават палітыка. Уладзіслаў Галубок, калі пісаў сваю камедыю, добра ведаў, з каго і з чаго будуць смяяцца гледачы. Гэтага пры пастаноўцы прытрымліваліся і рэжысёр, і акцёры. Смех драматурга з адмоўных рысаў чалавечага жыцця шчыры і адкрыты. А рэжысёр Варвашэвіч пэўным чынам нават асучасніў спектакль. І таму ягоныя падзеі па-свойму ператлумачваюць наш будзённы, звычайны дзень...

Галоўная гераіня спектакля бабка-мяшчанка, вельмі рухавая. Яе ролю выконвала артыстка Ніна Жукоўская. Артыстка сапраўды змагла стварыць камедыйны вобраз бабы, якая шмат разоў была замужам і зноў збіраецца ў свае шэсцьдзесят дзевяць гадоў. На бабцы “трымаўся” спектакль. Асабліва памятаюцца сцэны, калі бабка вяла гутарку са сваццяй (артыстка Таццяна Натарава). Гэта былі дзве хітрыя і рухавыя кабеты, але ж больш хітрэйшай аказалася свацця. Амаль такая, якую намаляваў Галубок.

Двух жулікаў Ігната і Сцяпана ў спектаклі ігралі артысты Васіль Сявец і Уладзімір Навумік. Яны нібыта сваталіся да Фросі (артыстка Іна Ёрш)—звычайнай, але наіўнай дзяўчыны. Ды не такая ў іх была мэта. Іх цікавілі бабчыны грошы, падараваныя Фросі. Лоўка, хітра і смешна яны ашукваюць Фросю і знікаюць.

У іншых ролях у гэтым спектаклі былі занятыя акцёры Ірына Яцук, Віктар Шчарбакоў, Сяргей Фурса, якія па-свойму арыгінальна сыгралі маці Фросі, Грыбоўскага і каваля Пётру.

Спектакль “Жарты Парыжа” многія гледачы памятаюць да сённяшніх дзён. Гэта быў першы французскі драматург, героі якога ажылі на слонімскай сцэне. Гэта была першая смелая сцэнічная камедыя з элементамі эротыкі. Найперш смелая для артыстак, якія перад гледачамі змаглі паказаць сваё аголенае прыгожае цела.

“Жарты Парыжа” захапілі гледачоў з першых хвілін. На сцэне – узбаламучаная жанчына Арыяна Кларэнс (артыстка Ірына Яцук) і малады мастак без грошай Блэз д’Амбрые (артыст Васіль Сявец). Менавіта яны пачыналі інтрыгуючую завязку дзеяння. Гледачам спачатку яшчэ не вельмі смешна было, але затое цікава, як Блэз уладзіць свае справы з жаніцьбай па разліку і, наогул, як складуцца яго далейшыя прыгоды. Справа ў тым, што правінцыйны мастак Блэз прыязджае ў Парыж, дзе па волі лёсу трапляе ў складаныя і смешныя абставіны. У гэтым калавароце яму трэба было знайсці месца не толькі ў жыцці, але і ў мастацтве. Яго акружаюць розныя людзі, але Блэз умее разабрацца ва ўсім, знайсці сваё каханне і паехаць з Мары (артыстка Анжэліка Прэдка) у Плутынэз-Маедэк, каб спакойна, шчасліва жыць і поўнасцю перайсці на нацюрморты.

Артыст Васіль Сявец, выканаўца ролі Блэза, на адным дыханні, роўна і ўпэўнена справіўся са сваёй задачай. Яго герой атрымаўся і смешным, і трохі наіўным, і ў той жа час хітрым маладым чалавекам. Можа толькі ў самым пачатку спектакля артыст адчуваў сябе ў ролі некалькі скавана. Але менавіта толькі ў пачатку спектакля.

Можа не зусім такой уяўлялі гледачы парыжскую кватэру, якую здымаў Блэз у Арыяны Кларэнс (задумка мастака спектакля Людмілы Лобач і рэжысёра), але з прыходам мілай брэтонкі Мары, ролю якой выконвала Анжэліка Прэдка, гледачы ўжо інакш не маглі ўявіць і ўспрыняць хатні быт французаў. Роля Мары, на мой погляд, ці не самая ўдалая была ў спектаклі. Чаму запомнілася менавіта яна? Відаць, нашага гледача ў ёй яднала адно паняцце – правінцыя. Правінцыйная праставатасць, недарэчнасць, сціпласць і шчырасць вельмі жыва, праўдзіва і далікатна паказаны былі і ўвасоблены артысткай у ролі Мары. Вобраз Мары ў спектаклі быў пераломным этапам у творчым жыцці маладой артысткі Анжэлікі Прэдка.

Удалы камедыйны ансамбль стварылі ў спектаклі артысты Віктар Шчарбакоў, Ніна Жукоўская і Кліменціна Працэнка ў ролях бізнесмена мсье Клебэра Карлье, яго жонкі мадам Карлье і іх дачкі Лауры Карлье.

Была ў спектаклі і яшчэ адна роля – гэта цудоўная іспанка Пепіта ў выкананні артысткі Таццяны Натаравай. О, Пепіта на сцэне ўносіла ажыўленне і камізм сваім неўтаймавальным тэмпераметрам і кідкай знешнасцю. Яна была – паэтычнай, узнёслай і гарачай натурай! Такія сцэнічныя героі не забываюцца.



Дзве гадзіны артысты ў вобразах сваіх герояў ашуквалі адзін аднаго. У рэшце рэшт усе настолькі дажартаваліся, што ім было ўжо не да жартаў. А гледачы ад убачанага насмяяліся ад душы.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка