У працэсе абуджэння гістарычнай памяці народа, вяртання яго да сваіх вытокаў, сваёй гісторыі асобнае месца павінна заняць асэнсаванне духоўнай спадчыны сваёй зямлі




Дата канвертавання17.03.2016
Памер274.14 Kb.


Уводзіны

У кожнага чалавека, які меў шчасце некалі нарадзіцца на нашай зялёнай – такой маленькай і такой неабдымнай – зямлі, абавязкова ёсць свой гожы, ласкавы і шчымліва-непаўторны край, які ў вялікім і шырокім паняцці Радзімы займае звычайна невялікае звыклае месца. Такі край – заўсёды твой цэлы свет. І як вырастае ён у тваёй душы, як шырыцца і запаланяе цябе ўсяго высакароднай гордасцю, светлай радасцю ўжо нават адным толькі напамінкам пра сябе, выпадковаю згадкаю пра знаёмыя табе з дзяцінства мясціны.

У працэсе абуджэння гістарычнай памяці народа, вяртання яго да сваіх вытокаў, сваёй гісторыі асобнае месца павінна заняць асэнсаванне духоўнай спадчыны сваёй зямлі. Іменна тут перапляліся наша гісторыя і прырода, мова і культура. "Дзесьці тут, у глыбіні, карані нашай нацыянальнасці, нашай самабытнасці, культуры. Гэта наша скарбніца, наша запаветнае багацце, тое адзінае і святое, без чаго не можа жыць ні асобны чалавек, ні нацыя".

Наша спадчына расцярушылася па ўсім свеце: што трапіла ў засекі суседзяў і ўзбагаціла іх гісторыю і культуру, што беззваротна загінула ў полымі войнаў, што занядбана праз нашу ўласную недаравальную абыякавасць.

Каго з нас не цікавіць, адкуль узялася назва яго роднага паселішча? Знайсці правільны адказ на такое пытанне не зусім проста, хоць цікавасць не праходзіць, не страчваецца на працягу гадоў.

Актуальнасць выбранай тэмы выклікана шэрагам фактараў. Па-першае, унікальны тапанімічныя назвы рэгіёнаў нашай краіны. Па-другое, незнікаючай навуковай і чытацкай цікавасцю. Па-трэцяе, узрастае значнасць рэгіёнаў, краязнаўства ў станаўленні маладой дзяржавы. Даследуюцца ўзнікненне і ўтварэнне мікратапанімічных назваў, чаму і прысвечаны шэраг даследаванняў. Да гэтых даследаванняў далучаемся і мы.


Мэта нашай работы – далучэнне да адукацыйнай, культурнай і грамадскай дзейнасці, да вывучэння гісторыі і культуры населенага пункта.

Задачы:


  • даследаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці малой радзімы;

  • сабраць інфармацыю пра гісторыю ўзнікнення, гісторыю назвы пасёлка Лельчыцы, ракі Убарць;

  • прасачыць ужыванне назвы Лельчыцы ў творах мастацкай літаратуры;

  • стварыць міні-слоўнік мікратапонімаў Лельчыц.

Тэарэтычнай і метадалагічнай базай даследавання сталі веды, атрыманыя за час навучання ў школе і ў ходзе працы ў раённых бібліятэках, а таксама ў гутарках з жыхарамі Лельчыц. Таксама навуковыя працы даследчыкаў тапанімікі Беларусі.

Лельчыцы: гісторыя ўзнікнення паселішча

“Лельчыцы – мястэчка, вядомае з 16 стагоддзя, у Мазырскім павеце Вялікага княства Літоўскага; з 1795г. у складзе Расіі, цэнтр воласці Мазырскага павета; гарадскі пасёлак з 27 ліпеня 1938г., цэнтр аднайменнага раёна Гомельскай вобласці; знаходзіцца на левым беразе ракі Убарць (правы прыток Прыпяці) на паўднёвым усходзе Палеся”, - так скупыя радкі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1971г.) паведамляюць пра гісторыю нашага палескага кутка.

Магчыма, паселішча існавала ўжо ў 15 ст., але дакладна гэта пакуль не высветлена. Вядома, што 31.5.1412 вялікі князь Вітаўт падараваў сваё ўладанне Убарць з усімі сёламі (без іх пераліку) віленскаму біскупу Мікалаю і яго пераемнікам. Паводле пазнейшага (1581) рэестра падымнага з Убарці «ў Кіеўскім павеце» ў ёй было 10 сёлаў, якія пералічаны толькі ў інвентары маёнтка Убарць за 1763, і сярод іх — сяло Лейчыцы. Апроч гэтага, 8.8.1567 кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст сваім прывілеем дазволіў віленскаму біскупу Валяр'яну, на яго просьбу, заснаваць у маёнтку Убарць мястэчка, пасяліць там людзей, арганізаваць штотыднёвыя таргі ў чацвер і вольныя кірмашы адзін раз на год у дзень Трох Каралёў, а таксама мець корчмы. Прывілей не змяшчае назвы мястэчка, але, верагодна, яно ў той час было заснавана каля панскага двара Лельчыцы (Lelczyce), які ўпамінаецца 19 студзеня 1622 у Убарцкай воласці Мазырскага павета ВКЛ як уласнасць каталіцкай царквы і знаходзілася ва ўладанні віленскага біскупа. 25 красавіка 1650 ў Лельчыцах згадваецца касцёл, сяло было цэнтрам парафіі, а таксама касёльны млын і фолюш на рацэ Убарці. 20.3.1651 віленскі біскуп Юрый Тышкевіч выдзяліў сродкі на Лельчыцкі касцёл. 23.5.1663 Казімір Белазор, упіцкі маршалак і наракміцкі староста згадваецца як убарцкі адміністратар. У 1692 Лельча (Lelcza), паводле карты Д. Н. Тралажэ дэ Тылемонт «Каралеўства Польскае», дакладна не лакалізаванае паселішча на Валыні. З 1793 у складзе Расіі, цэнтр воласці ў Мазырскім павеце. З 1874 уласнасць графа І. І. Тышкевіча. З 1924 цэнтр раёна. З 1938 гарадскі пасёлак. У 1962—1965 у Мазырскім раёне.

Лельчыцы: дзень сённяшні


Гарадскі пасёлак Лельчыцы размешчаны на рацэ Убарць за 215 км на паўднёвы захад ад Гомеля і за 67 км ад чыгуначнай станцыі Ельск.

Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкевічамі. Насельніцтва складае больш за 9 тыс. чалавек.

З ліпеня 1924 г. – цэнтр раёна, а ў верасні 1938 года Лельчыцам нададзены статус гарадскога пасёлка; уваходзілі ў Палескую вобласць.

У пачатку ВАВ тут праходзілі жорсткія баі. Пасёлак некалькі разоў быў вызвалены апалчэнцамі і партызанамі. За часы акупацыі ў раёне было забіта 2148 мірных жыхароў. У студзені 1944 года войскі Беларускага фронта прынеслі вызваленне.

У 1954 годзе Лельчыцы ўключаны ў Гомельскую вобласць. У цяперашні час у іх жылой забудоўлі перавалодваюць 1-павярховыя дамы, аднак у мікрараёнах узводзяцца 3 – 5-павярховыя. У заходняй частцы пасёлка працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці.

У Лельчыцах ёсць ГПТВ, 2 сярэднія школы, гімназія, школа мастацтваў, 2 спартыўныя школы, у тым ліку і алімпійскага рэзерву, бібліятэкі, Гарадскі цэнтр культуры, Дом рамёстваў, Цэнтр творчасці. У 1989 г. створаны краязнаўчы музей. Выдаецца газета “Светлае жыццё”.

Пражываюць беларусы (95%), рускія (2%), украінцы (2%), і іншыя народнасці (1%).



Легенды і паданні пра ўзнікненне назвы Лельчыцы

Спытай у беларуса, якая птушка з’яўляецца сімвалам яго краю, і ён, не задумваючыся, адкажа: бусел, бацян… У Беларускім Палессі белы бусел увогуле сімвал прастораў, нават старажытнага бажка называлі ласкава Лелька. Магчыма, і назва Лельчыцаў ідзе ад бусла, на мясцовым дыялекце – лель. Чуеце, як прыгожа, светла, хоць вочы прыжмур ад белі, гучыць ёмістае і чыстае – ле-ель. І на гербе гарадскога пасёлка і раёна распасцёр крылы, выпрастаў чырвоныя ногі і выцягнуў у неба доўгую шыю бусел-лель.

***


Яшчэ адна легенда прыведзена ў аповесці Эдуарда Скобелева:

“Захапіўшы Кіеў, сталі баскакі мучыць людзей, помсціць за тое, што яны змагаліся мужна і пабілі ворагаў незлічона. Пад здзекамі нехта з князёў прагаварыўся, быццам недзе ў лясах схавалі язычнікі яшчэ пры князю Уладзіміры залаты лік Леля, ляснога бога, ростам каля чатырох аршынаў. Здзівіліся баскакі, загадалі сваім воінам адшукаць скарб.

Тры гады кружылі ворагі па лясах, зазіралі ў кожную вёску, падсылалі лазутчыкаў…

З цяжкасцямі, але дабраліся баскакі да запаветнага вострава і ўжо ладзілі сані, каб везці здабычу хану, ды вось балота вакол вострава не замярзала. Пагналі баскакі воінаў праз балота, ды патанулі тыя. І адступілі чужаземцы, балбочучы ў страху”Лельчы… Лельчы…” Паўтаралі па-свойму імя нашага бога. Так вось і стала празывацца тое месца, дзе спынілася варожае войска, - Лельчыцы…”

***

Даўным-даўно гэта гісторыя здарылася. Нават не памятаю і сама, колькі стагоддзяў прайшло-мінула, але памяць пра яе захоўваецца ў людскіх пакаленнях. Кожны пераказвае яе як прыклад вернага кахання, якое ўсё радзей і радзей сустракаеца на зямлі апошнім часам.



А было ўсё так. У адным мястэчку жыў каваль Пятрок, у яго падрастаў сынок – Сымонка. Там жа жыў і млынар Паўлюк, а ў Паўлюка дачушка расла – Паўлінка.

Пятрок быў адмысловым майстрам. Да яго людзі з усяго наваколля цягнуліся, каб замовіць якую рэч ці купіць ужо гатовую. Так і казалі:



  • Лепей, чым Пятрок, ніхто не зробіць.

  • Так, яго рэчы нават параўноўваць нельга з вырабамі іншых майстроў. Здаецца, з аднаго жалеза робяць, у адным вогнішчы паляць, а глядзі, як атрымліваецца.

  • Ёсць у яго нешта адметнае… Адна рыса…

  • Якая?

  • Калі працуе, то душу сваю ўкладвае ў выраб. Таму ў яго любая рэч нібы спявае.

Каваль і сына свайго не адпускаў ад сябе, усё навучаў:

  • Глядзі, Сымонка, пройдзе год-другі, пастарэю я, і табе давядзецца мяне замяніць.

  • Калі трэба, то трэба, тата, - адказваў той па-даросламу.

  • Запамятай назаўсёды, што любая справа не любіць паспешлівасці. У нас асабліва, бо адным ударам можна ўсё сапсаваць. Кожны ўдар, кожнае дзеянне павінны адпавядаць патрабаванням, ні больш ні менш.

Хлапчына рос здаровым і высокім. Маці гаварыла, калі глядзела на свайго першынца:

  • Што бацька будзе.

Той усміхаўся і адказваў:

  • А што ж тут, жонка, благога, калі сын на бацьку падобны?

  • Нават кропелькі ўсе пазбіраў. Трэба ж, каб такім ужо нарадзіўся.

  • Добра стараліся.

  • Табе б толькі языком мянташыць, а хлапчына расце на вачах. Пройдзе пару гадоў, і пойдзе ад нас ствараць сваю сям’ю.

  • Каб толькі ўсё добра ішло, то ў гэтым нічога благога няма. І нічога мы не зробім. Жыццё ідзе, і яно свайго ад усіх патрабуе: і ад малых і старых, і ад багатых ды бедных. Як ты ні круціся, а яго не падманеш.

Хлапчына рос і ужо добратакі дапамагаў бацьку ў кузні. Прасцейшыя вырабы гаспадар даўно дазваляў яму рабіць. Людзі гэта прыкмячалі і адзначалі:

  • Добры майстар будзе.

  • У бацьку пайшоў.

  • Пакуль што за складанае не бярэцца, але тое, што робіць, не падкапаешся.

  • І трымаецца, як сталы.

  • Ага. Ва ўсім паходзіць на бацьку.

Задаволены быў гаспадар, што вяскоўцы з такога ўзросту хваляць сына. У якога ж бацькі пры гэтым сэрца не зашчыміць.

Час ляцеў непрыкметна. Прайшло яшчэ некалькі гадоў, і Сымонка стаў ужо дарослым хлопцам. Ды такім вырас асілкам, што нават родная матуля здзіўлялася:



  • Нават бацька твой, здаецца, у маладосці такім не быў.

  • Я ж…

  • Не, нічога дрэннага. Проста дзіўлюся, які ты ў нас здаровы стаў.

А ён быў на самой справе здаровы. Калі падкоўвалі коней, то людзям не трэба было іх трымаць ды яшчэ прывязваць. Гаспадар, пасміхаючыся, звычайна казаў:

- Няхай хіба Сымонка патрымае?

Калі вясковец не ведаў, хто гэта такі, прамаўляў:


  • Ну, калі сам управіцца…

  • Зараз пабачым. Сымонка, сынок, хадзі сюды.

Толькі паказваўся ў дзвярах асілак, як усе прысутныя смяяліся:

  • Гэты на адной руцэ коніка падыме, не толькі што ўтрымае.

І сапраўды, Сымон клаў магутную руку на шыю жывёліне, і тая рахмана стаяла побач, толькі вокам касавурыла на здаравяку, відаць, і сама здзўлялася той сіле, якую адчувала побач. Каваль, зрабіўшы справу, казаў:

- Адпускай, сынок, няхай ідзе конік.

Шчаслівы гаспадар задаволена разводзіў рукамі:

Вось дзякуй вам, майстры. І коніка падкавалі, і мне выжыльвацца не давялося, трымаючы яго. Вось дзякуй.

Аднаго разу, а справа была вясной, бацька і кажа сыну:


  • Заўтра паедзем да балота. Трэба руды накапаць. Жалеза ў нас ужо канчаецца. Прывязём вазоў з пяць. Тут жа недалёка.

  • Ведама што.

  • Ад самага рання і падамося.

На другі дзень запрэглі каня, узялі лапаты і паехалі. А там і не балота, а прыгожы луг раскідваўся. Птаства ўсялякага было вялікае мноства. Здавалася, што ў кожнай купіне сядзіць нябачная птушыная сям’я і толькі і займаецца тым, што спявае-вызвоньвае. Едуць майстры і ўсміхаюцца ад задавальнення:

  • Мы там куём-грукочам і не чуем сапраўдных песень, а тут вунь як жыве прырода, - заўважыў бацька.

  • Наслухаемся, то да наступнага разу хопіць, - падтрымаў гаворку сын.

  • Праедзем яшчэ крыху. Вунь у той бок, бліжэй да млына. Там руда багацейшая.

Распрэглі коніка і сталі працаваць. Неўзабаве сын запрапанаваў:

  • Я тут застануся, буду накопваць, а з конікам і аднаму можна ўправіцца. Там жа толькі разгрузіць і застанецца? Завязеш і назад вернешся.

Бацька паехаў з канём, а Сымонка застаўся. Капае сабе паволі, услухоўваецца ў птушыныя спевы. Хораша яму на ўлонні прыроды. І тут хлапчыне падалося, што недзе побач загучала песня. Прыпыніў працу і прыслухаўся. І сапраўды, аднекуль неслася:

А ў татулькі ў вароціках

Калінка стаіць.

На кліне, на маліне

Усё беленькі цвет.

Ніхто ж мяне, маладзенькую,

Замуж не бярэць…

Не ўтрымаўся Сымон, вылез з яміны і падаўся на голас. Расхінуў кустоўе і ажно знерухомеў: прама перад ім сядзела на купіне дзяўчына з залацістымі, доўгімі валасамі і з лугавых кветак віла сабе вянок. Віла і выводзіла словы старадаўняй песні, якія так хораша і гучна несліся над лугам, над балотам, над кустоўем. Хлапчына стаяў і слухаў, не хацеў перабіваць незнаёмку, а калі яна скончыла спяваць ды глыбока ўздыхнула, тады і запытаўся:



  • І чаму ж цябе замуж не бяруць?

Дзяўчына ўздрыганулася, хутка зірнула на Сымона і нібы адрэзала:

- Так жа і налякаць можна.

Асілак сумеўся:


  • Прабач, я не падумаў.

Незнаёмка ўсімхнулася:

  • Ты яшчэ і чыванець умееш?

  • Ды… - сумеўся хлапчына.

А прыгажуня пачала распытваць:

- Ты хто?

- Сымон.

- Сымон, - перадражніла незнаёмка. – Я пытаюся, адкуль ты ды чый? – і засмяялася.

Здаравіла страсянуў плячыма, але чамусьці не зазлаваў, а таксама стаў смяяцца разам з прыгажуняй.


  • Дык скажаш ты мне, Сымон, адкуль ты ды чый?

  • Цяпер скажу. Бо супакоіўся і ўжо не хвалююся.

  • А спачатку што, трэсла?

  • Ага, - шчыра прызнаўся ён.

  • Такі здаравіла і злякаўся?

  • Ды не, не спугаўся, а разгубіўся.

  • І чаго ж ты разгубіўся?

  • Бо цябе ўбачыў, - выпаліў хлапчына.

У адказ прыгажуня ўсміхнулася.:

- Што, спадабалася я табе?

- Яшчэ як.

- Вось за гэта дзякуй.

- Не смейся, я шчыра сказаў, - прызнаўся Сымон.

- Бачыш ты на яго, першы раз дзяўчыну ўбачыў, і яна яму так спадабалася, што ажно спалохаўся. Дык чый ты?

- Кавалёў сын. Сымон.

- Цяпер скажу і я, што чула не раз і не два тваё імя. Хваляць цябе.

Асілак перавёў гаворку на іншае.


  • А як цябе завуць?

  • Паўлінка. Бацька мой млынар.

  • Ведаю, дзе млын, але не быў там, бо ўсё праца ды праца. Цяпер, спадзяюся…

  • Што?

  • Ды так, - ухіліўся Сымон.

  • Мне час ісці, бо тата будзе хвалявацца, - прамовіла прыгажуня.

  • Слухай, Паўлінка, а ты заўтра на гэтае месца прыйдзеш?

  • Навошта?

  • Пабачыцца хочацца.

  • Бачыш, чаго захацеў? – сказала і ўскочыла на ногі. – Пабягу.

  • Прыйдзеш?

  • Не ведаю. Як тата пусціць…

Дзяўчына засмяялася і пабегла, а хлапчына пасунуўся да яміны, дзе яго ўжо чакаў бацька.

Сымон не мог дачакацца наступнага дня. Усё пазіраў на сонца, круціўся, часта выскокваў на панадворак.



  • Ці не захварэў, сынку? – трывожна запытаўся бацька.

  • Ды не.

  • А чаго ж так разбегаўся?

  • Ды…

  • То ідзі адпачні?

  • Я лепей пад полудзень схаджу на балота, тых птушак, учарашніх, паслухаю.

  • Схадзі, я і адзін упраўлюся, працы сёння не многа.

Нібы на крылах ляцеў на луг Сымон, толькі кустоўе трашчала ды птушкі ў розныя бакі разляталіся, бо не выбіраў асілак дарогі, лупіў напрасткі.

Дзяўчына сядзела на той жа купіне, што і ўчора. На гэты раз яна не жартавала з Сымона, і яны пагутарылі сур’ёзна.

Так, раз за разам сустракаючыся, пакахаліся хлопец з дзяўчынай. Неўзабаве каваль даведаўся, куды штодня знікае сын, і запытаўся:


  • Сымон, то хутка ўжо нас пакінеш?

  • Чаго гэта, тата?

  • Сваю сям’ю будзеш будаваць.

  • Буду, але ад вас не адмоўлюся.

  • Дзякуй, сынку, за добрае слова.

Але атрымалася так, што калі каваль з жонкай былі не супраць таго, каб іхні сын жаніўся на Паўлінцы, то мельнік такога і чуць не жадаў:

  • Яны ж супраць мяне галадранцы!

  • Нам, татачка, багацце тое не трэба. Мы самі нажывём, - пярэчыла дачка.

  • Аддам цябе толькі за пана. Простаму мужыку не дастанешся. Толькі вяльможнаму чалавеку.

  • Але ж я мужычка.

  • Ты прыгожая і багатая, а за гэта можна ўсё купіць!

Як ні прасіла Паўлінка бацьку, як ні маліла, не паслухаў ён яе і сказаў аднаму памешчыку, што аддасць дачку за яго. Прыбегла дзяўчына да каханага і кажа:

  • Пайшлі хутчэй.

Той устрывожыўся, а як пачуў навіну, то і ўвогуле галаву апусціў. Дзяўчына, праўда, падбадзёрыла:

  • Я ведаю, што рабіць. Толькі калі ты пагодзішся…

  • Я згодны.

Павяла Паўліна хлапчыну да знахара, які жыў у лесе, і пачала прасіць, каб той дапамог. Стары ўважліва выслухаў і сказаў:

  • Адзінае, чым магу дапамагчы, - гэта ператварыць вас у птушак… У лелькаў…

  • А хто гэта? – не зразумелі закаханыя.

  • Па-нашаму, па-ўкраінскаму, гэта буслы…

  • Добра, нічога, што ў птушак, затое заўсёды разам будзем.

Так іх той чараўнік ператварыў у лелькаў. Сталі яны жыць у гняздзе на высокай бярозе. Кожную высну прыляталі, а ўвосень адляталі. Людзі, заўважыўшы іх, крычалі:

-Лелькі прыляцелі!

Даўно гэта было. Бярозы той і знаку не засталося, закаханыя памерлі, а памяць засталася. Памяць ды назва, якая на паселішча пазнейшае перайшла, - Лельчыцы. [3, c.213 - 218]
***

Нашы продкі-палешукі калісьці з’яўляліся ўласнасцю графа Чыцкага. Граф быў багатым. Славіўся граф і сваёй жорсткасцю. Быў ён жорсткі не толькі ў адносінах да сялян, але і да сваёй роднай дачкі. Аднойчы да графа ў госці прыехаў ваявода з Брэста. Папрасіў ён у графа рукі дачкі. Граф быў не супраць парадніцца з ваяводай. Але супрацівілася дзяўчына. Раззлаваўся бацька і загадаў адвезці яе на Палессе ў глухую вёску. Алена, так звалі дзяўчыну, заплакала. Але ўпрошваць бацьку не стала. Ведала яго нораў. Праз два дні яна з няняй выехала з дому ў вёску.

І вось аднойчы туды прыехаў граф з ваяводай. Бацька абвясціў ваяводу мужам дачкі.Дзяўчына горка плакала, а потым выскачыла праз акно.

Да самай раніцы шукалі дзяўчыну па вёсцы. Але безвынікова. І толькі калі развіднела, заўважылі на беразе ракі, дзе любіла сядзець дзяўчына, белую хусцінку…

Граф загадаў перайменаваць вёску ў памяць дачкі Ленчыцамі… Дзяўчына вельмі любіла жыхароў вёскі, заўсёды аказвала ім дапамогу ў бядзе. Гэтым жа плацілі ёй і сяляне. І часта называлі яе не Ленай, а Лялькай. Вось адсюль і пайшло – Лельчыцы.

***


Паводле іншага падання, некалі ўладарыў тут польскі пан Чыцкі. Неяк вясною прыехаў пан не адзін, а з 12-гадовай дачкой Аленай. Аднойчы раніцай пабегла Алена гуляць да ракі. Ды так і не вярнулася дамоў. Ніхто не заўважыў, як яна ўтапілася ў рэчцы. Пан вельмі любіў сваю адзіную дачку. Таму ў памяць аб ёй пабудаваў на беразе ракі капліцу, у якой пахаваў Алену. Месца гэтае сталі называць у народзе Лены Чыцкай, у выніку моўных змен атрымалася назва Ленчыцы.

***


Ёсць версія, што назва “Лельчыцы” пайшла ад прозвішча князя Аляксандра Алелькі. Яго ўладанні ў 15 ст.распаўсюджваліся ад Нёмана да Прыпяці. Да іх належалі і землі сучаснага Лельчыцкага раёна.

Князь Алелька будаваў на вялікіх прасторах Палесся населеныя пункты. Адно з найбольш буйных паселішчаў і магло атрымаць назву ад прозвішча ўладара – князя Алелькі.



Лельчыцкі край у літаратуры

Даўно ўсім вядома, што літаратура – першааснова, хлеб культуры і мастацтва. Без літаратуры няма тэатра, кіно, эстрады, таму, што без вершаў няма песні, без сцэнарыя няма фільма і г.д.

Менавіта пісьменнік натхняе ўсіх тварцоў і дае глебу для рэалізацыі іх натхнення. Чытачам ён дае асалоду, а сваёй краіне – пашану і гонар. Але, у сваю чаргу, і пісьменнік таксама павінен чэрпаць дзесьці натхненне…

Іменна ў маляўнічых краявідах Лельчыцкага раёна, у яго самабытнай культуры чэрпалі натхненне многія творчыя людзі мастацтва і літаратуры. Прыкладам гэтаму служыць хаця б той факт, што менавіта на Лельчыцкай зямлі былі створаны адна мастацкая і каля 10 дакументальных кіналент.

Хараство нашай прыроды, а таксама цікавыя факты гісторыі нашага краю знайшлі адлюстраванне і на старонках вядомых твораў мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, а працавітыя і сумленныя людзі, нашы землякі, сталі прататыпамі герояў гэтых твораў. І менавіта тады ахопвае сапраўднае пачуццё гонару за свой край, калі сустракаеш на старонках савецкай, сусветнай класікі мастацкай літаратуры знаёмыя прозвішчы, імёны, родныя геаграфічныя назвы.

І першы твор, аб якім хочацца пачаць свой расказ пра Лельчыцкі край – гэта аповесць Э.Скобелева «Хрысціна». Іменна там змешчана паданне пра ўзнікненне назвы пасёлка Лельчыцы ад прамаўлення іншаземцамі імені язычніцкага бога.

Краем «легенд, адвечных песень – казак» назваў Беларусь Паўлюк Трус.

На Лельчыцкай зямлі таксама бытуе мноства легенд і паданняў, у якіх паказана наша гісторыя, культура, быт. Менавіта з паходжаннем назвы Лельчыцы звязана адна з легенд, якую мы сустракаем на старонках аповесці.

Гэта аповесць аб простай беларускай жанчыне Хрысціне, аб яе нялёгкім лёсе. Аказаўшыся на старасці гадоў у доме састарэлых, Хрысціна ўспамінае падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннае жыццё, а таксама родны дом, сваё каханне. І вось, апісваючы ранейшае месца жыхарства галоўнай гераіні аповесці, аўтар робіць спасылкі на апісанне вёсак Лельчыцкага раёна. Аб гэтым можна меркаваць па той прычыне, што тут у апісанні ёсць і «Красавица-Уборть», якая «щедро питает раздольную Припять…», а таксама ёсць такія словы «…А ещё через день двенадцать мужчин побрав торбы пошли в упомянутые не к добру Лельчицы, откуда повела их дорога через Мозырь до Гомеля…» [12, с.40]

Ну,а самае галоўнае тут гэта тое, што чытачы могуць прачытаць легенду аб узнікненні назвы Лельчыцы. [12, с.40] І, увогуле, калі чытаеш гэтую кнігу, адкрываюцца такія родныя сэрцу малюнкі жыцця палешукоў. [12, с.40]

Да паходжання назвы Лельчыцы самыя прамыя адносіны мае і шэдэўр сусветнай класікі – гэта гістарычны раман Г.Сенкевіча «Крыжаносцы».

Ва ўсякім выпадку, менавіта так лічыць вучоны-тапаніміст А.Рогалеў. У гэтай кнізе згадваецца нейкае мястэчка Ленчыца. Ленчыца і на самой справе існуе ў Польшчы паміж Серадзем і Полацкам. Падзеі ў рамане адбываюцца ў 15 ст., таму сваю версію А.Рогалеў тлумачыць тым, што «…пасля аб’яднання Літвы і Польшчы ў 1836 годзе значна ўзмацніліся каланізацыйныя і эміграцыйныя патокі польскага насельніцтва на ўсход, прычым менавіта на паўднёвым кірунку – Валынь, паўднёвыя раёны Беларусі…». У гэтым аспекце ўзнікнення Лельчыц (першапачатковае Ленчыц) вучоны тлумачыць наступным чынам : «Лельчыцы-гэта перанесеная назва, з’яўленне якой звязана з польскімі перасяленцамі, якія абгрунтавалі невялікае пасяленне і назвалі яго так у гонар сваёй былой малой радзімы...». У бліжэйшых ад Лельчыц вёсках Дубніцкае, Данілевічы, Усаў да гэтага часу жывуць нашчадкі палякаў. У саміх Лельчыцах у раёне вуліц Пакрышкіна, Каўпака таксама ёсць месца, якое ранней жыхары называлі «Польскае». Так што і гэтая версія таксама здаецца зусім рэальнай. Тым, хто цікавіцца гістарычнымі раманамі, гэтая кніга будзе вельмі цікавай. Тут паказана эпоха барацьбы палякаў супраць нямецкіх заваёўнікаў, у прыватнасці апісваюцца падзеі Грундвальскай бітвы.

Народныя святы, абрады, ігрышчы, гульні… Менавіта аб гэтым вядзе гаворку наш зямляк Лозка А.Ю., ураджэнец в.Прыбалавічы, у сваёй кнізе «Беларускі народны каляндар». Тут даюцца назвы гэтых свят, ужывальныя ў розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў Лельчыцкім раёне. Апісанні дапаўняюцца прымаўкамі, песнямі і інш. фальклорнымі матэрыяламі.

«Калі не ведаеш, адкуль прыйшоў, то не ведаеш, куды пойдзеш»-гаворыць народная мудрасць. І У.Ліпскі менавіта ў сваёй кнізе «Я» адказвае на пытанні: «Хто мы і адкуль?» Гэта праўдзівы аповед пра твой і мой радавод, пра глыбінныя карані нашых сем'яў, прозвішчаў, гербаў. Усё гэта ён паказвае на прыкладзе рода Ліпскіх, у тым ліку і лельчыцкіх Ліпскіх. Тут можна знайсці цікавы гістарычны, архіўны, дакументальны матэрыял.

Звернемся зноў да класікі нашай савецкай літаратуры – да кнігі А.Сцяпанава «Порт-Артур».

Радавому чытачу, вядома ж, і ў галаву не можа прыйсці, што тут можна прачытаць аб нашым земляку. Але, тым не менш, можна запэўніць, што гэта менавіта так.

Гэта гістарычны раман, у якім расказваецца аб гераічнай абароне рускімі салдатамі і афіцэрамі крэпасці «Порт-Артур» у час руска-японскай вайны (1904-1905гг.).

Аўтар, які быў сведкам тых падзей, піша: «Местный сердцеед, командирский адъютант Коля Юницкий, на ломаном французском языке дирижировал танцами, на ходу отпуская комплименты дамам». [13; с.6]

Вось гэты Мікалай Юніцкі не хто іншы, як Сцяпанаў А., жыхар вёскі Першамайск Міхаіл Мікалаевіч Юніцкі (1881-1939). На жаль, яго ўжо даўно няма, але ў яго біяграфіі ёсць менавіта такі факт. У час руска-японскай вайны ён служыў у царскай арміі, удзельнічаў у абароне Порт-Артура, быў ад'ютантам у генерала Белага, які камандаваў рускай артылерыяй.

І паколькі раман гістарычны, абгрунтаваны на канкрэтных падзеях, фактах і тварах, то мы з гонарам можам гаварыць, што імя нашага простага, нічым не прыкметнага земляка зафіксавана ў гісторыі.

Вядома ж, навечна ў гісторыю нашага краю будуць упісаны імёны людзей, якія праславілі наш край сваёй творчасцю. У першую чаргу - гэта нашы прафесійныя пісьменнікі Іван Колас і Мікалай Капыловіч.

З творчасцю М.Капыловіча, ураджэнца в.Астражанка, многія жыхары Лельчыцкага раёна знаёмы. Яго пяру належаць такія вядомыя кнігі аповесцей і расказаў, як «Чужы сваяк», «Скрозь жывуць людзі», «Засада», «Дні ціхай восені».

Але ўсё ж для нас, яго землякоў, самым галоўным у яго творчасці з'яўляецца тое, што ад першага апавядання да твораў апошняга часу – усё напісанае пранікнута любоўю да свайго краю і прысвечана хараству нашага Палесся. Гэта асабліва выразна прасочваецца на яго апошніх творах, на такіх як цыкл нарысаў-замалёвак «З чарнобыльскага блакнота», лясная аповесць «Палескае лета», штрыхі да партрэта і гісторыі в. Астражанка «Мая Астражанка»,дакументальная аповесць «Лельчыцкі край». Гэтыя ўсе работы не былі выдадзены асобнымі выданнямі, але яны друкаваліся ў многіх літаратурна-мастацкіх часопісах, а таксама ў раённай газеце «Светлае жыццё».

«…Апошнім часам, тут, у горадзе, мне усё часцей і часцей сніцца Лельчыцкі край. Яго лясы і балоты і рэчка Убарць. Тут, у лясным краі, нарадзілася мая любоў да радаснай прыроды, да роднай палескай зямлі, да Лельчыцкага краю…»

Менавіта ў творах сваіх землякоў заўсёды можна прачытаць мілыя сэрцу радкі: «…Я быў у многіх краінах. Але нідзе так лёгка не дыхаецца, так лёгка не пішацца, як на берагах нашай ціхай мілай сэрцу Убарці…»

Гэтыя словы належаць І.Коласу – славутаму нашаму земляку, пісьменніку, Герою Расіі, ураджэнцу в.Картынічы. Ён напісаў шмат вядомых усім нам кніг, такіх як «Вяртанне з пекла», «Скачок у цемнату», «Рэйкавая вайна», «Па заданню цэнтра» і інш. Усе яны аб Вялікай Айчыннай вайне. У ваенных аповесцях І.Коласа выдадзены вобразы многіх партызан і разведчыкаў, з кім аўтару давялося сустрэцца на дарогах вайны, у тым ліку, вядома ж, сваіх землякоў– партызан Лельчыцкай партызанскай брыгады, якой ён камандаваў у першыя гады вайны. Кожны жыхар Лельчыцкага раёна, узяўшы ў рукі любую з яго кніг, абавязкова сустрэне тут вядомыя назвы вёсак, прозвішчы і імёны вядомых у раёне людзей, удзельнікаў партызанскага руху.

Любоўю да роднай зямлі прасякнуты расказы аб мірным жыцці сваіх землякоў, якія сабраны ў кнізе «Вяртанне з пекла».

Пра самога пісьменніка вельмі шмат пісалі і пішуць у газетах і часопісах, але адным з самых важных падзей у яго жыцці з'яўляецца тое, што яго імя ўвекавечана ў вядомай кнізе А.Чакоўскага «Перамога».

Гэта гістарычны, палітычны раман, у якім аўтар звязвае ў адно дзве вялікія гістарычныя эпохі: лета 1945г. – Патздамская канферэнцыя і лета 1975г., калі ў Хельсінкі быў падпісаны дагавор аб Еўрапейскай бяспецы і супрацоўніцтве.

Побач з такімі тытанамі Вялікай вайны, як Чэрчыль, Рузвельт, Сталін, а таксама многімі маршалами і генераламі, і другімі героямі гэтага рамана, тут можна сустрэць і імя разведчыка Івана Коласа.

Гэта імя аўтар звязвае з падзеямі варшаўскага паўстання 1944г. Усё менавіта так і было, як выказана ў рамане. Менавіта за гэту варшаўскую аперацыю Іван Колас атрымаў сваю зорку Героя.

Але не толькі ў празаічных творах мастацкай літаратуры можна прачытаць аб нашым краі. Яшчэ больш хараство нашай палескай глыбінкі апяваюць у сваіх вершах вядомыя беларускія паэты М.Башлакоў, Ю.Фатнеў, Б.Срынчан, І.Кірэйчык, Р.Барадулін, Г.Говар, Н.Ткачоў, В.Коўтан, а таксама многія нашы непрафесійныя мясцовыя паэты: А.Лісіцкі, Д.Сечка, у якіх выйшлі свае кнігі вершаў («Сны ля Убарці» А.Лісіцкага і падбор вершаў Д.Сечка «Цана хлеба» у кнізе «Добрымі вачамі»), а таксама А.Сцёпін, В.Масюкоў, О.Коваль, І.Абрамовіч, А.Лозка і інш.

Вершы многіх нашых мясцовых паэтаў сабраны ў кнізе вершаў паэтаў Лельчыцкага краю «Натхненне».

Каму не вядомы наш палескі гумар! Не толькі у славутых Аўцюках, але і ў нас, на Палессі, пачуццё гумару – неад'емная частка нашага жыцця. Амаль у кожнага гэта пачуццё ёсць у той ці іншай меры. Было яно і ў Паўла Уладзіміравіча Шыбута. З нашым краем яго звязвае тое, што каля 10 гадоў свайго кароткага жыцця ён прапрацаваў у нашай раённай газеце, хаця нарадзіўся ў в.Палужжа Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Талент гумарыста меў ад Бога. Ёсць такая думка ў літаратурных кругах, што менавіта ён першым паклаў пачатак сатырычнай мініяцюры ў беларускай літаратуры. Яго кнігі «Кароткай чаргой» і «Абыдзеныя славай» былі першымі веснікамі гэтага жанру.

Калі хто любіць пажартаваць – пачытайце, не пашкадуеце. Тут вы знойдзеце тонкі, прыродны, народны гумар, вобразную сакавітую мову. Высмеяныя Паўлам Уладзіміравічам недахопы, жыццёвыя сітуацыі не страцілі сваёй актуальнасці і зараз.

І вядома нельга не ўспомніць аб самых галоўных кнігах, у якіх можна знайсці ўсё аб нашым раёне. Гэта своеасаблівыя энцыклапедыі гісторыі і культуры нашага краю – кніга «Памяць. Лельчыцкі раён» і «Хроніка Убарцкага Палесся».

Матэрыял для кнігі «Хроніка Убарцкага Палесся» сабраў і выдаў наш зямляк, ураджэнец г.п.Лельчыцы, А.І.Атнагулаў.

Палессе! Гэта бясконцая і вечная тэма. Бясспрэчна, мы яшчэ не раз пачуем аб Лельчыцкім краі і яго людзях на старонках кніг.



Слоўнік мікратапонімаў Лельчыц

Аб цікавасці чалавека да паходжання назваў свайго паселішча і мясцовасцей наваколля сведчаць шматлікія тапонімы – своеасаблівыя знакі-ўказальнікі старажытнай паляшуцкай культуры. Яны данеслі да нас дух гісторыі, заняткі людзей у далёкім мінулым, адметнасці іх побыту, характар краявіду, рэаліі навакольнага асяроддзя. Мікратапонімы гэтага краю заслугоўваюць увагі і таму, што іх вывучэнне дапаможа навукоўцам пры правядзенні рэканструкцыі пэўных праславянскіх асноў, пралье святло на некаторыя з'явы дыялекталогіі, гісторыі мовы і этнагенэзу Палесся.

Тапанімічныя назвы з даўніх часоў былі аб’ектам вывучэння многіх даследчыкаў. Чалавеку заўсёды цікава ведаць, як узнікла назва яго вёскі, рэчкі, што цячэ побач, вуліцы, па якой ён кожны дзень праходзіць, пра што сведчаць назвы навакольных палёў, лясоў, балот, лугоў. Сярод даследчыкаў існуе нават думка, што тапаніміка – гэта сінтэз лінгвістыкі, геаграфіі і гісторыі, бо, напрыклад, для вывучэння этымалогіі слоў-тапонімаў вельмі часта трэба выкарыстоўваць звесткі з сумежных навук: археалогіі, гісторыі, геаграфіі, а самі тапонімы ў сваю чаргу – невычэрпная крыніца самых разнастайных дадатковых звестак не толькі для лексіколагаў, але і для гісторыкаў, географаў, археолагаў, геолагаў і іншых даследчыкаў.

Пра паходжанне назвы Лельчыцы ішла гаворка ў 4 раздзеле нашай работы. Звернемся яшчэ раз да назвы Лельчыцы, якую носіць наш гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Гомельскай вобласці. З фармальнага пункту погляду назва Лельчыцы ўтворана ад антрапоніма Лелька. Роднаснымі дадзенай геаграфічнай назве з’яўляюцца наступныя: Лялькаўшчына (вёска Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці), Лялеўшчына (вёска Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці), Лялюшы (вёска Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці), Лялюгі (вёска Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці), Лялянцы (вёска Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці), Лелікава (вёска Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці).

Утварыліся пералічаныя найменні ад наймення бусла або птушкі казадоя. Чым гэта тлумачыцца?

Буслы, па павер’ях, прыносяць дзяцей. Адсюль становіцца зразумелай сувязь слоў тыпу лялека, якое ў некаторых беларускіх гаворках служыць для абазначэння бусла, і слова ляля – “дзіця”, “немаўля”. Ад слова ляля ўтварылася слова лялька (лялька – тое ж дзіця, толькі несапраўднае).

У рускай мове ёсць слова лелеяць – “песціць”, “мілаваць”, “лашчыць”, а яшчэ “калыхаць”, “беражна насіць дзіця”. У дадзеным выпадку можна гаварыць аб суаднесенасці гэтага слова, а магчыма, і іншых згаданых моўных фактаў, з найменнем славянскага язычніцкага бога Леля, аналага антычнага Купідона, бога кахання.

Што ж датычыцца птушак, то яны ўвогуле асэнсоўваліся як носьбіты душы. Казадой (лялёк, ляляк, ляляка, лелек) з’яўляецца начной птушкай і таму здаўна лічыўся істотай іншасвету, з якім звязаны душы памерлых і душы народжаных дзяцей. [11, с.210 - 211]

Назва гарадскога пасёлка Лельчыцы можа мець гістарычную падаснову. Гэта разглядалася ў 4 раздзеле нашай работы ў легендзе пра князя Алельку. У назве нашага населенага пункта якраз і магло адлюстравацца імя Алелька, пад якім князь Аляксандр Уладзіміравіч, безумоўна, быў добра вядомя сярод палешукоў (Алелька – алельк- + -ічы – алельчычы – алельчыцы, г.зн. “падданыя князя Алелькі” – Алельчыцы, г.зн. “месца пасялення алельчыцаў” – Лельчыцы). Князь Аляксандр (Алелька) памёр у 2454 годзе. З гэтага вынікае, што часам узнікнення Лельчыцаў можна лічыць першую палову 15 стагоддзя.

Зразумела, Лельчыцы маглі заснаваць і бліжэйшыя нашчадкі князя Аляксандра, яго сыны і ўнукі, але яны былі ўжо Алелькавічамі. Назва ж Лельчыцы больш надзейна з фармальнага боку тлумачыцца якраз ад імя Алелька, чым ад радавога наймення Алелькавічы. Заўважым, што сказанае трэба ўспрымаць толькі як версію. [11,с.211]


Міні-слоўнік тапонімаў

Загор’е – назва з асновай гара, пасяленне за гарой, жыхары за гарой; некалі тут былі насыпаныя горы пяску.

Копань – назва паходзіць ад тэрміна “кар’ер для здабычы пяску, гліны”. У той жа час так іншым разам называюць і поле, ускапанае пад лапату.

Глушын – так называлі ўчастак зямлі ля канца асвоенай тэрыторыі, ля лесу, непраходнага балота. Назва можа паходзіць ад слова “глуш”.

Польскае – месца ў раёне вуліц Пакрышкіна і Каўпака, дзе жылі нашчадкі палякаў з вёсак Дубніцкае, Данілевічы.

У дадзеным раздзеле падаюцца некаторыя гідронімы – назвы водных аб’ектаў, што знаходзяцца ў межах нашага пасёлка ці побач з ім.



Мікрагідронімы

Славянская назва, утворанае па ўзору ландшафных тэрмінаў убарок, прыбор: мясцовасць ля бароў.

Адно з меркаванняў пра назву ракі Убарць звязана з тым, што па берагах ракі некалі на дрэвах было шмат вулляў-борцяў і пчолы збіралі мёд, які потым даставалі гаспадары гэтых вулляў – бортнікі. Тыя, хто плыў па рацэ і бачыў гэтыя вуллі, называў яе “у борцяў”, якое пазней трансфармавалася ў словы “Уборць”, “Убарць”.Польскі этнограф Казімір Машынскі лічыў меней верагодным збліжэнне са старажытнаславянскім борць – дупло, уборць – калодка, прыгатаваная для медазбору.[14;с.128]

У Лельчыцах і ваколіцах існуюць наступныя мікрагідронімы:



Архіпкаў – на гэтым месцы ўтапіўся некалі Архіп.

Балонь – нізкае балоцістае месца; прырэчны пойменны луг.

Вірок – у аснове назвы тэрмін са значэннем “месца, дзе ёсць вір, вадаварот”.

Кадаўб – глыбокае месца на рацэ.

Панскае – на поўнач ад камбіната будаўнічых матэрыялаў у бок вул. Каўпака была прысядзібная панская зямля. Такую ж назву носіць і месца на рацэ Убарць.

Язда – урочышча паміж Лельчыцамі і Чэмерным. “Калісьці - балота з гіблымі ямамі. Павдле распараджэння пана Вішнеўскага з балоцістага ўрочышча ў раку Убарць была пракапана канава і на асушанай мясцовасці ўтварылі сенажаці. Невялікіх гіблых ям-балотцаў сярод дрыгвы даўно няма. А назва вось засталася, жыве…” [14;с.474]

Заключэнне

Цікаўнага чалавека заўсёды прываблівае гісторыя, геаграфія і літаратура. Перапляценне гэтых навук не менш цікавае і ляжыць у аснове многіх кніг і даследаванняў. На геаграфічных картах цікавыя назвы краін, гарадоў, азёраў, рэк. Гэтыя напісаныя фарбай словы звязаныя з фарбамі розных культур і моў.

У нашай рабоце мы імкнуліся сабраць тое, што знаходзіцца ў розных гістарычных і літаратурных энцыклапедыях, расказаць невядомае аб вядомым.

Геаграфічныя назвы (інакш тапонімы) агучваюць непаўторную мясцовую гісторыю. Яна не можа быць беднай ці багатай, цікавай і нецікавай. Трэба толькі прыгледзецца, пашукаць, знайсці і абавязкова захаваць.

Тапонімы часам гавораць там, дзе маўчаць іншыя крыніцы. Інфармацыя, здабытая з геаграфічных назваў, у некаторых выпадках можа быць нават лепшай і больш каштоўнай за гістарычную ці археалагічную інфармацыю.

Навуковыя распрацоўкі ў галіне тапанімікі даюць магчымасць упэўніцца ў тым, што ўвогуле ў сістэме геаграфічных назваў, якія сканцэнтраваны ў той ці іншай мясцовасці, звычайны зашыфраваны тэкст – займальны расказ, які мае своеасаблівы і часам вельмі нечаканы сюжэт. У любым выпадку гэты сюжэт абавязкова ўражвае.

Многа недаследаванага і спрэчнага застаецца ў такіх пытаннях, як паходжанне асобных беларускіх уласных назваў, пашырэнні іх на беларускім этнаграфічным абшары і за яго межамі, уплыў разнамоўных анамастычных сістэм і іх узаемадзеянне з адпаведным беларускім матэрыялам. Тапанімічныя назвы, як сведчыць гісторыя іх вывучэння, надзвычай цесна звязаны з духоўнай і матэрыяльнай спадчынай людзей, таму тапонімы як назвы канкрэтных геаграфічных аб’ектаў неабходна разглядаць як культурна-гістарычныя помнікі народа, якія заўсёды павінны ахоўвацца кожным з нас, усведамляючы іх як найкаштоўнейшы скарб нацыі

Літаратура

1. Башлакоў М. Світальныя коні: Старонкі выбранай лірыкі /Прадм. Ю.Фатнева.-Гомель: РПУП «Полеспечать», 2001.-112с.

2. Беларускі народны каляндар/Аўт.-уклад. А.Ю.Лозка.- Мн.: Полымя, 1992.-205 с.: іл.

3. Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў/ Склад.,запіс.,апрац. А.М.Ненадаўца. – Мінск: Беларусь, 2001.- С.213 – 218.

4. Капыловіч М. Чужы сваяк: Аповесці і апавяданні.- Мн.: Маст. літ., 1987 .-189 с.: іл.

5. Колос И. Возвращение из ада: Избранное.- М.: Совет ветеранов войны МПО РФ, 1996.-336с.

6. Ліпскі У.Я. Я:Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод.- Мн.: Беларусь, 1998.- 318с.: іл.

7. Лісіцкі А. Сны ля Убарці: Вершы.- Мн.: Маладосць, 1997.- 32с.

8. Натхненне: Вершы паэтаў Лельчыцкага краю / Склад. Г.Р.Лозка.- Мазыр, 1999.- 110с.

9. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лельчыцкага раёна.- Мн.: Паліграфафармленне, 2002.- 606с.

10. Рогалеў, А.Ф. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі) / А.Ф.Рогалеў. – Гомель: Барк, 2008. 216.

11. Сенкевич С. Крестоносцы: Роман.- Мн.: Маст. літ., 1983.- 654с.: ил.

12. Скобелев Э. Кристина: Повесть.- Мн.: Маст. літ., 1986.- 222с.

13. Степанов А. Порт-Артур: Роман.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 606с.

14. Хроніка Убарцкага Палесся/ Аўтар-уклад. А.І.Атнагулаў; Навук. рэд. В.А.Насевіч.- Мн.: Тэхналогія, 2001.- 496с.: іл.

15. Чаковский А. Победа: Роман.- М.: Советский писатель, 1985.-832с.

16. Шыбут П. Абыдзеныя славай: Гумар і сатыра.- Мн.: Маст. літ., 1981.- 95с.

17. www.lelchitsy.gomel-region.by/ru/literatura.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка