У першыя дні вайны




Дата канвертавання27.03.2016
Памер87.13 Kb.
У першыя дні вайны.
Першы дзень вайны пачаўся ў Расонах зусiм мiрна. На гэты дзень у райцэнтры быў назначаны сход раённага партактыву, на якi выносiлiся важныя гаспадарчыя пытаннi - аб уборцы ўраджаю i правя­дзеннi мелiярацыi на вялiкiм масiве пад назвай Сiвы мох. Аб нападзе гiтлераўцаў стала вядома толькi перад пачаткам сходу. Адразу былi абмеркаваны першапачатко­выя задачы, якiя паўсталi ў новых умовах. Старшыням сельсаветаў былi дадзены заданнi па ажыццяўленнi мабiлiзацыйных планаў. Старшынi калгасаў выехалi на месцы для арганiзацыi палявых работ. У полi спела добрая збажына, трэба было касiць травы, рыхтаваць корм для калгаснага статка на зiму. Вестка аб нападзе фашыстаў выклiкала здзiўленне, абурэнне, трывогу, аднак пaнiкi не было.

На наступны дзень у сельсаветы i рай­ваенкамат пацягнулiся мужчыны з вёсак. Многiя iшлi, не чакаючы павестак. Па першай мабiлiзацыi з раёна было прызва­на каля 2,5 тыс. чалавек. Большая ix частка была накiравана ў Полацкi ўмаца­ваны раён - у 50-ю стралковую дывiзiю, 24-ы асобны кулямётны батальён, 357-ы гаўбiчна-артылерыйскi полк i iншыя час­цi, а таксама на станцыю Сычоўка Смаленскай вобласцi.

Прызыўнiкi, адыходзячы ў армiю, давалi землякам наказ сваёй працай памнажаць моц краiны i абяцалi хутка вярнуцца з перамогай. У жыхароў не ўзнiкала нават думкi, што вораг можа прыйсцi на расон­скую зямлю. У многiх калгасах пачынала­ся будаўнiцтва новых сельгасаб'ектаў. Ад­нак падзеi ўжо наступнага тыдня прыму­ciлi насцярожыцца. Рэальна паўстала пытанне аб магчымасцi ператварэння тэрыторыi раёна ў прыфрантавую зону i на­ват яго акупацыi.

Ужо 24 чэрвеня была атрымана дырэк­тыва ЦК КП (б) Б усiм абкомам, райкомам КП (б) Б i выканкомам раённых Саветаў дэпутатаў працоўных усходнiх абласцей рэспублiкi аб арганiзацыi барацьбы з варожымi дыверсантамi-парашутыстамi. У ёй перасцярагалася кiраўнiцтва раёна, што фашысты закiдваюць у савецкi тыл дыверсантаў для падрыву мастоў, шляхоў зно­ciн, знiшчэння лiнiй сувязi.

У раёне быў створаны знiшчальны батальён на чале з начальнiкам раённай мiлiцыi Нiжнiкавым. Начальнiкам штаба быў прызначаны Я. П. Валевiч. Байцы батальёна ахоўвалi масты, дарогi, прамысловыя аб'екты, вылоўлiвалi гiтлераўскiх шпiёнаў i дыверсантаў. Знiшчальныя ат­рады былi створаны i па сельсаветах. Ix узначалiлi камунiсты, якiя мелi ваенны вопыт. Напрыклад, на чале знiшчальнага атрада ў Заборскiм сельсавеце стаў А. У. Грыбоўскi, удзельнiк партызанска­га руху на Расоншчыне ў час грамадзян­скай вайны, яшчэ ў 1921 г. ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Былы член гэтага атрада П. I. Сiдарэнка ўспамiнае:

“Ранiцай 25 чэрвеня 1941 г. мы атрымалi распараджэнне ад раённага штаба знiшчальнага батальёна выехаць у в. Уклеенка Заборскага сельсавета i ўстанавiць дзяжурства на бальшаку ад ст. Клясцiцы да Краснаполля. Па iм павiнна была прайсцi легкавая машина “эмка” чорнага колеру, у ёй будуць сядзець вадзiцель у форме сяржанта i старшы палiт­рук, якi размаўляе на ламанай рускай мове. Было таксама вядома, што ён сярадняга росту, даўганосы, белатвары, вочы сiняга ко­леру. Трэба было яго затрымаць i паведамiць аб гатым у Расоны.

Для выканання распараджэння выехалi я, А. У. Грыбоўскi i Я. М. Мяккi. Прыбылi на месца прызначэння ў гадзiну дня. Хутка з боку ст. Клясцiцы паказаўся чорны аўтама­бiль. Я даў сiгнал снынiцца, але шафёр пачаў набiраць хуткасць. У гэты час Грыбоўскi, як больш вопытны, з двухстволкi карцеччу ўда­рыў па радыятары аўтамашыны, яна заглухла i спынiлася. Мы асцярожна падышлi. Шафёр i пасажыр былi паранены. Мы ix выцягнулi, адабралi 2 пiсталеты, пасля чаго на фурманцы даставiлi ў Краснапольскую бальнiцу i паве­дамiлi ў Расонскi райвыканком старшынi Я. П. Васiлевiчу. Праз дзве гадзiны прыехалi Я. П. Васiлевiч i два чалавекi ў ваеннай форме. На наступны дзень з райвыканкома паведамiлi, што затрыманыя з'яўляюцца нямецкiмi шпiёнамi i нам аб'яўлена падзяка».


Яшчэ адзiн дыверсант быў затрыманы ля в. Рудня байцамi Руднянскага сельса­вета.

У канцы чэрвеня, калi пагроза акупа­цыi раёна нямецкiмi войскамi стала рэаль­най, пачалася эвакуацыя на ўсход калгас­най тэхнiкі i жывёлы. З захаду праз раён цягнулiся бясконцыя калоны бежанцаў.

З 29 чэрвеня пачалiся бai часцей Полацкага ўмацаванага раёна з войскамi 23-га армейскага i 57-га матарызаванага карпу­соў гiтлераўцаў, якiя iмкнулiся захапiць Полацк. У гэтых баях прынялi ўдзел многiя ўраджэнцы Расонскага раёна.

Каб не дапусцiць далейшага руху фа­шыстаў, па рацэ Дрыса пачалося будаў­нiцтва ўмацаванага рaёнa, на якое мабiлi­завалi насельнiцтва Асвейскага, Дрысен­скага, Полацкага i Pacoнcкaгa раёнаў.

Упартыя баi разгарнулiся на поўначы Вiцебскай вобласцi ў 1-й палове лiпеня 1941 г. Гiтлераўцы пачалi рашучы штурм Полацка. У тыя грозныя днi наш край мужна абаранялi ўральцы - воiны 22-й apмii, якой камандаваў генерал-лейтэ­нант Ф. А. Ершакоў, начальнiкам штаба быў генерал-маёр Г. А. Захараў.

22-я армiя займала паласу абароны ў 280 км уздоўж paкi Заходняя Дзвiна ад Вiцебска да Краславы. Абапiраючыся на Полацкi i Себежскi ўмацаваныя раёны, яна стрымлiвала сваiмi 7 дывiзiямi на­цiск 16 дывiзiй, 3-й танкавай групы, 57-га матарызаванага i 23-га армейскага карпусоў гiтлераўцаў. Велiзарная пера­вага сiл i сродкаў працiўнiка, расцягнутасць лiнii абароны i адсутнасць рэ­зерваў у камандавання apмii прымушалi яе часцi весцi цяжкiя бai, паступова з баямi адыходзiць на ўсход.

Утрыманне часцямi 22-й apмii на праця­гу доўгага часу Полацкага ўмацаванага раёна стварыла сур'ёзную пагрозу флан­гам фашысцкiх груп армiй “Поўнач» i “Цэнтр».

Выключную стойкасць у гэтых баях паказала 112-я стралковая дывiзiя. Камандаваў ёю палкоўнiк Iван Андрэевiч Капяк - кадравы вайсковец, узнагароджаны за гераiзм у гады грамадзянскай вайны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Мужна змагалiся воіны 416-га стралко­вага палка, 156-га артдывiзiёна, 196-га разведвальнага батальёна i iншых часцей.

8 сутак дывiзiя не выходзiла з беспе­рапыннага бою, стрымлiваючы нацiск намнога большых сiл ворага. Параненых савецкiх воiнаў дастаўлялi ў медсанбаты ў блiжэйшыя тылы - населеныя пункты Iндра, Каханавiчы, Клясцiцы, Расоны, Камень, Рэпiшча. За масавы гераiзм i адвагу, праяўленыя асабовым складам у гэтай бiтве, ваенны савет 22-й apмii аб'явiў дывiзii падзяку.

112-я стралковая дывiзiя 4 лiпеня згод­на з загадам арганiзавана заняла абарону па Заходняй Дзвiне, р. Сар'янка да возера Асвейскае. На гэтым рубяжы вызначыўся 385-ы стралковы полк пад камандаваннем А. І. Садава. У адным з баёў працiўнiк страцiў тут да 2,5 тыс. забiтых i параненых салдат. Але вялiкiя страты былi i ў чырвонаармейцаў: да 9 лiпеня яны склалi каля 40 % асабовага складу. I усё ж дывiзiя па-ранейшаму стрымлiвала шалёны нацiск гітлераўцаў. 15 лiпеня яна арганiзавала абарону на лiнii азёр Iзубрыца i Атраднае, абара­няючы шлях на Юхавiчы. З 14 на 15 лiпеня камандны пункт дывiзii раз­мяшчаўся ля вёскi Змiтроў Мост, а пера­давыя яе часцi ўтрымлiвалi фронт на лiнii Baлoўнiкi - Юхавiчы - Клясцi­цы - Грыбова - Сяляўшчына. Працiўнiк iмкнуўся адрэзаць часцi дывiзii ўда­рам з флангаў з Себежа i Руднi на Ра­соны, але гэта яму не ўдалося. Часцi дывiзii з баямi, у арганiзаваным парадку адыходзiлi на ўсход, даючы магчымасць эвакуiраваць у савецкi тыл мiрнае насельнiцтва, жывёлу i каштоўнасцi.

У аператыўных зводках i баявых да­нясеннях у штаб дывiзii таго часу часта ўспамiнаюцца населеныя пункты Юхавiчы, Галяшы, Прахорава, Доўгi Бор, Паў­лава, Пушча, Сiнск, Aciннiкi, Ражнова, Фамiно, Глаты, Чарнышова, Змiтрова, Iзбiшча, Грачушына, Сяляўшчына, Дво­рышча, Гарбачэва, Старына, Галубова i iншыя, за якiя вялi бai падраздзялен­нi дывiзii. 17 лiпеня байцы дывiзii стрымлiвалi працiўнiка на берагах воз. Нешчарда, бai iшлi за кожны населены пункт, узгорак. Мужна трымалiся засло­ны, якiя давалi магчымасць асноўным сiлам дывiзii адыходзiць на новы рубеж. Больш за суткi стрымлiвалi байцы засло­ны атакi гiтлераўцаў ля в. Клясцiцы, доўгi час не давалi ворагу прасунуцца наперад 3 кулямётныя разлiкі, пакiнутыя на паўночных вышынях у в. Гарбачэва.

Да 20-х чыслаў лiпеня на Невельскiм напрамку сканцэнтравалiся абяскроўле­ныя рэшткi 112-й i 98-й дывiзiй i штаба 51-га стралковага корпуса агульнай колькасцю да 5 тыс. чалавек. Яны стрымлi­валi нацiск свежых 12-й i 82-й пяхотных, i 4-й i 19-й мотастралковых дывiзiй працiўнiка, якiя колькасна перавышалi нашы ў некалькi разоў. Не было мяжы мужнасцi i стойкасцi уральцаў.

Нават ва умовах поўнага акру­жэння 112-я дывiзiя на працягу 3 сутак адбівала націск ворага і з гонарам вы­трымала самыя жорсткiя баi за сваю гiсторыю.

Камандзiр дывiзii I. А. Капяк паказаў прыклад палкаводчай мужнасцi, май­стэрства i вытрымкi, знаходлiвасцi i ад­вагi. Паранены, ён кipaвaў боем, лежачы на насiлках. Па яго загаду рэшткi баявой часцi рашучай атакай вырвалiся з чарго­вага акружэння i вынеслi баявы сцяг. А ў вераснi 1941 г, ветэраны баёў на Верхнядзвiншчыне i Расоншчыне ўру­чылi абмытую крывёю баявую святыню новаму баявому калектыву, якi з гонарам i славай пранёс яе праз наступныя ваенныя выпрабаваннi.

Не менш мужна амагалiся на расонскай зямлi i воiны iншых часцей. Амаль тыдзень стрымлiвалi фашыстаў артыле­рысты 98-й стралковай дывiзii ў Сяляў­шчынскiм сельсавеце, упарта ўтрымлiвалi савецкiя байцы чыгуначны пераезд ля в. Прыбыткi. Не шкадуючы жыцця, зма­галiся ў расонскiм небе савецкiя лётчыкi. IIIмат ix засталося ў зямлi Расоншчыны, аднак i многiя нямецкiя сцярвятнiкi знайшлi тут сабе магiлу. Нашы пiлоты, часта застаючыся ў меншасцi, змагалiся да апошняга патрона, а калi i яго не заставалася, iшлi на таран. Taкi подзвiг здзейснiлi у небе над в. Сяргеева Кляс­цiцкага сельсавета невядомыя лётчыкi, якiя нaкipaвaлi свой самалёт на фа­шысцкi знiшчальнiк.



Але, нягледзячы на ўсю мужнасць i стойкасць воiнаў Чырвонай Apмii, стры­маць лавiну фашысцкiх полчышчаў не ўдалося.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка