У новым жанры марыя Шаўлоўская




Дата канвертавання11.05.2016
Памер70.68 Kb.
У НОВЫМ ЖАНРЫ

Марыя Шаўлоўская
Андрэй Макаёнак—адзін з самых таленавітых прадстаўнікоў савецкай драматургіі. Яго камедыі «Выбачайце, калі ласка» і «Лявоніха на арбіце» шырока вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за рубяжом. I можна было б сказаць, што хлеб, зямля, людзі калгаснай вёскі сталі асабістай тэмай драматурга, калі б у апошні час не з'явіліся п'есы, якія раскрываюць новыя грані яго мастацкага таленту.

Калі А. Макаёнак надрукаваў трагікамедыю «Зацюканы апостал», прыхільнікам яго таленту магло падацца, што цікавасць да такога жанру ў драматурга выпадковая. Аднак услед за «Зацюканым апосталам» з'явілася трагікамедыя «Трыбунал», і стала відавочнай сур'ёзная схільнасць аўтара да зусім пэўных стылёва-жанравых пошукаў. Гэта тым больш цікава, што жанр трагікамедыі ў беларускай літаратуры дагэтуль быў невядомы.

Наватарская сутнасць жанру сама па сабе дае пісьменніку некаторыя перавагі. Дастаткова перанесці на родную літаратурную глебу фармальна-мастацкія прыкметы якога-небудзь новага жанру, як ужо адно гэта створыць пісьменніку славу першаадкрывальніка. Да гонару А. Макаёнка, яго трагікамедыі парадавалі не столькі навізною жанру, колькі свежасцю і глыбінёю жыццёвых пластоў, даследаваных з дапамогаю гэтага жанру.

Трагікамедыя «Зацюканы апостал», як сказана ва ўступе,—гэта творчы вынік падарожжаў дарматурга ў чужыя землі. Такая звестка не можа не прыгадаць кожнаму, хто знаёмы з творчасцю А. Макаёнка, яго раннюю п'есу «На досвітку», напісаную таксама на тэму зарубежнага жыцця. П'еса хоць і мела поспех, але ёй не хапала рэальных уяўленняў пра рэальныя канфлікты пасляваеннага французскага грамадства. У трагікамедыі «Зацюканы апостал» з яе даволі абстрагаваным зместам аўтару не было патрэбы ў дакладным узнаўленні зарубежнага побыту. Яго цікавіла іншае—сутыкненне прынцыпаў, барацьба ідэй. Аўтар правільна зрабіў, што не назваў краіну, дзе адбываецца дзеянне. Паказаныя ў п'есе маральныя калізіі характэрны для ўсяго капіталістычнага ладу.

У трагікамедыі «Зацюканы апостал» больш трагічнага зместу, трагічнага гучання, чым камедыйнай бесклапотнасці. Праўда, трагічнае ў камедыйным творы мае спецыфічны характар, яно больш умоўнае, бо і сама камедыя ў параўнанні з аповесцю ці раманам вызначаецца большай умоўнасцю мастацкай вобразнасці; трагедыйнае ў камедыйным творы звязана з жыццём праз той жа гумар.

«Зацюканы апостал»—гэта твор аб тым, які трагічны лёс спатыкае ў буржуазна-мяшчанскім асяроддзі імкненне да ісціны, да пазнання. Яно, гэтае асяроддзе, нават самыя таленавітыя парыванні служыць ісціне і праўдзе схіляе да ілжэслужэння, гэта значыць—да ілжэапостальства. Сын, які так хацеў перабудаваць грамадскія парадкі на аснове справядлівасці і меў для гэтага здсдаьнасці, церпіць паражэнне ад ілжывага, амаральнага асяроддзя. Ён становіцца «зацюканым апосталам».

«Д а ч к а (са слязьмі). Ну так, ну так, ён ідыё-ёт... А ён так хацеў, так хацеў стаць прэзідэнтам ці прэм'ер-міністрам. I стаў бы. А цяпер...

Д з е д. Во цяпер то ён напэўна стане. Толькі такія і становяцца...»

Такі фінал трагікамедыі быў бы незразумелы, калі б перад гэтым не была паказана ўнутраная рашучасць хлопчыка-кніжніка вярнуць дабрату, спагаду, вернасць, высакародства, праўду з кніг у жыццё. Ён не толькі вывучае кнігі, але і само жыццё, сур'ёзна рыхтуючыся да выратавальнай місіі. Пачуўшы ад сястры, што яна не ведае, што такое свабода і што з ёю рабіць, ён ускліквае: «Во дзе корань тыраніі! Во дзе карэнне рабства! Добраахвотнае рабства—фундамент для трона цару, каралю, фараону. Гэта я ўлічу! Гэта я запомню!» Ён здзекуецца з той свабоды, якую яму хочуць навязаць і якую называюць «свабодай у рамках законнасці». Прынцыповасць Сына выяўляецца не толькі ў абстрактных філасофскіх разважаннях. Гэта яму, магчыма, яшчэ даравалі б. Але ён прынцыповы і патрабавальны ў штодзённым жыцці. Таму, хто прывык палягчаць сабе жыццё маной, праўда Сына коле вочы. Яна нявыгадная, і таму раздражняе. Нават блізкія людзі—Тата і Мама— не могуць цярпець яго праўды. Злосная Мама, калі Сын ловіць яе на падмане, называе яго нягоднікам і шпіёнам. Тату таксама няёмка ад патрабавальнасці Сына, ад яго праўды.

Мама з Татам часамі не супраць пагаварыць аб праўдзе. Але «праўда» для іх толькі прыгожае слоўца, дробная разменная манета. Таму на заўвагу Мамы, што трэба гаварыць праўду, Сын выбухае гневам: «Праўды чакаеце? Не боязна? Не-е. Не палохайцеся! Я вам праўды не скажу. I знаеце чаму? А вы мне праўду гаворыце? Адзін аднаму вы праўду гаворыце?»

Усе персанажы трагікамедыі «Зацюканы апостал» у вялікай ступені з'яўляюцца абстрагаванымі фігурамі. Але, мабыць, найбольш умоўны воблік мае Сын. Калі Тата, Мама і Дачка надзелены хоць некаторымі псіхалагічнымі рысамі, то вобраз Сына—найбольш адкрытая персаніфікацыя аўтарснай ідэі, аўтарскай маральна-духоўнай канцэпцыі.

Абстрагаванасць гэтая, можа, найбольш выразна выступае ў сцэнах, дзе Сын падслухоўвае тэлефонныя размовы Таты і Мамы, без дазволу разгортвае пакунак, каб паглядзець, што купіў Тата ў падарунак свайму сябру. Але і гэтыя, такія як быццам бы тыпова дзіцячыя, паводзіны — чыстая ўмоўнасць, бо Сын перад тым, як разгарнуць пакунак, кажа: «Я павінен знаць! Я павінен многа знаць, усё знаць. Усе пакуты чалавецтва—ад недахопу інфармацыі! Я не хачу пакутаваць ад недахопу інфармацыі!»

Адно ўжо; гэта паказвае, што ва ўчынку Сына, які ў рэальным жыцці можна расцаніць як хваравітую цікаўнасць, ёсць нейкае сімвалічнае значэнне. Тут нібыта чытаецца думка: у свеце падману ўсё без выключэння павінна правярацца сіламі дабра і сумленнасці, бо інакш пад прыстойнай абгорткай можа хавацца падман. Менавіта інфармацыя, пра якую гаворыць Сын, гэта значыць публічнасць, адкрытасць усяго, што робіцца ў грамадстве, будзе служыць сродкам барацьбы з падманам, з амаральнымі, антыграмадскімі тэндэнцыямі.

Сын так і сыпле сентэнцыямі накшталт: «Паслухмяным заўсёды меншы кавалак дастаецца», «Цёмнымі і даверлівымі лягчэй камандаваць». Здаецца, ён усё ведае і ўсё разумее, гэты не па гадах дарослы хлопчык, ледзь не геній, якому, каб быць геніем, не хапае хіба толькі аднаго — стаць жывым, рэальным чалавекам.

Усё ж нягледзячы на тое, што Сын дасягнуў так многа ў пазнанні свету і людзей, ён аказаўся пераможаным. Стаўшы другім—такім, якім яго заўсёды хацелі бачыць, — ён паспрабуе, напэўна, вярнуцца да свайго ранейшага вобліку, каб пачаць усё спачатку. Ён зноў узнімаецца па лесвіцы да паліцы з кнігамі, у якіх ёсць тлумачэнне свету, узнімаецца, каб вярнуць сабе здольнасць думаць, пазнаваць, адкрываць.

Трагікамедыя «Трыбунал» — твор пра Вялікую Айчынную вайну, пра ўпартае супраціўленне беларускага народа гітлераўскім захопнікам. Усім вядома, якой трагічнай і крывавай была гэтая барацьба. I раптам у адлюстраванні яе—адкрыты камедыйны ракурс!

У жыцці вясёлы смех і горкія слёзы сустракаюцца побач. Ці ж дзіва, што аўтар, глыбока пранікнуўшы ў камедыйную сітуацыю, мог адчуць часам горыч жыцця, яго трагедыйнае адценне. Гумар — гэта ж таксама сродак пазнання рэчаіснасці.

Коратка пра змест п'есы. Былога калгаснага пастуха Цярэшку, бацьку вялікай сям'і, якая пры Савецкай уладзе атрымлівала дапамогу ад дзяржавы як мнагадзетная, немцы прызначаюць старастам. Ставячы Цярэшку на пасаду старасты, начальнік паліцыі Сырадоеў мае свае разлікі: ён спадзяецца, што яму лягчэй будзе заляцацца да Цярэшкавай нявесткі Надзеі, муж якой на фронце і якая яму даўно падабаецца. Цярэшка ахвотна згаджаецца стаць старастам, нават усяляк стараецца захапіць гэтую пасаду. Цярэшкава жонка Паліна, пераканаўшыся, што яе чалавек не жартуе, а і сапраўды стаў старастам, спачатку дае яму добрую лупцоўку, а пасля збірае сямейны савет, які і ператварыўся ў трыбунал. Прыгавор трыбунала катэгарычны і адзінадушны: калі толькі бацька не адмовіцца ад пасады, яго трэба ўтапіць. Каб паказаць, што гэта не пустая пагроза, Цярэшку тут жа звязваюць і саджаюць у мяшок. Цярэшка спрабуе ўжыць індывідуальны падыход да кожнага са сваёй сям'і, просячыся, каб яго развязалі, але ўсё дарэмна. Жонка, нявестка і родныя дзеці няўмольныя. Цярэшка вымушаны па сакрэце прызнацца жонцы, што ён стаў старастам па заданні сакратара райкома. Паліна бяжыць на яўку, каб праверыдь, ці праўду кажа муж. Пераканаўшыся, што Цярэшка сказаў праўду, Паліна вызваляе яго з мяшка, а дзецям загадвае слухаць бацьку і паважаць яго. Але сын Валодзя як не зразумеў бацькі, так не зразумеў і маці. Ён гіне, узрываючы нямецкую камендатуру.

Узнікае пытанне, ці падыходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны менавіта для такога жанравага ўвасаблення. А. Макаёнак перакананы, што падыходзіць, бо пры ўсёй сваёй трагічнасці ваенны час на акупіраванай тэрыторыі меў шмат камедыйных і фарсавых з'яў. Першую спробу адлюстраваць іх у беларускай літаратуры зрабіла проза («Векапомныя дні» М. Лынькова), следам за ёю —драматургія: у яе свае магчымасці.

Ідэйную аснову трагікамедыі «Трыбунал» складае патрыятычнае служэнне вялікай справе, інтарэсам народа, Радзімы. Аднак — і гэта добра паказана ў «Трыбунале»—справа не толькі ў патрыятычных імкненнях, але і ў тым, якімі шляхамі іх ажыццяўляць. I Цярэшка патрыёт, і сям'я яго патрыятычная, аднак яны канфліктуюць паміж сабой, і канфлікт заканчваецца трагедыяй — гіне Цярэшкаў сын Валодзя.

У непрымірэнчых адносінах сям'і да Цярзшкі, калі ён стаў старастам, выразна відаць камедыйнае завастрэнне. I ўсё ж спачатку нельга не захапляцца дружнай патрыятычнай стойкасцю Цярэшкавай жонкі Паліны, нявесткі Надзі, дзяцей Валодзі, Галі, Зіны. Аднак яны вельмі прамалінейныя ў выяўленні сваіх пачуццяў. Яны рэагуюць толькі на знешні знак паводзін чалавека і таму не разумеюць роднага бацькі. I тут заяўляе свае правы дыялектыка жыцця і барацьбы. Па сутнасці, дзеці перашкаджаюць Цярэшку выканаць заданне сакратара райкома. Перашкаджае гэтаму нават прыгожая і гераічная, але малакарысная ў балансе вялікай барацьбы смерць Валодзі. Цяпер ужо можна не сумнявацца, што нямецкія ўлады зусім перастануць верыць Цярэшку, калі яго сын узарваў камендатуру, і заданне сакратара райкома Цярэшка не выканае. Патрыятызм не можа быць ні бяздумным, ні бесчалавечным, бо такі ён—не сапраўдны,—гаворыць сваім творам А. Макаёнак. Прынцыповасць, якая перашкаджае зразумець блізкіх і родных людзей, наогул чалавека,—фармальная, бяздушная прынцыповасць, шкодная для справы і для жыцця. Нездарма Паліна, уцяміўшы, хоць і позна, што да чаго, крычыць сыну, калі ён, усё яшчэ ні ў чым не разабраўшыся, напамінае пра радзіму і Савецкую ўладу: «Я цябе радзіла, я табе і радзіма... Я—твая Савецкая ўлада!». Сапраўды, радзіма—гэта людзі. I першыя сярод тых, хто ўвасабляе радзіму,—бацька і маці. Таму без разумення бацькі і маці, без любві да іх патрыятызм не можа быць поўным і па-сапраўднаму змястоўным.

Ідэя цвярозага, разумнага патрыятызму трыумфуе ў трагікамедыі «Трыбунал». Смерць Валодзі—ахвяра ў жорсткай барацьбе. Але яна вельмі важная для сэнсавага зместу твора, для яго ідэйнай канцэпцыі. А. Макаёнак валодае надзвычай тонкім адчуваннем сучаснай грамадскай псіхалогіі і зайздросным тактам. Яшчэ свежыя ў памяці нашых людзей боль ад страт і ахвяр мінулай вайны. I як бы мы ні смяяліся з камедыйных сітуацый, мы памятаем: была вялікая кроў і вялікія ахвяры, пакуль вораг быў пераможаны.



«Зацюканы апостал» і «Трыбунал»—розныя па сваім ідэйным змесце, па праблематыцы, але гэта творы аднаго агульнага драматургічнага стылю і займаюць сярод твораў драматурга асобнае месца. Гэта вынік высокай філасофскай думкі мастака.
1971


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка