У гэтым дакуменце Вы знойдзеце наступныя артыкулы А. У. Дуброўскага




старонка1/7
Дата канвертавання20.03.2016
Памер0.85 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7


У гэтым дакуменце Вы знойдзеце наступныя артыкулы

А.У. Дуброўскага:

1. Рытміка Рыгора Барадуліна

2. СІЛАБА-ТАНІЧНЫ ВЕРШ РЫГОРА БАРАДУЛІНА

3. ДОЛЬНІК У ПАЭЗІІ РЫГОРА БАРАДУЛІНА

4. ВЕРЛІБР У ТВОРЧАСЦІ РЫГОРА БАРАДУЛІНА І ЕЎРАПЕЙСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ

5. Рытмічная арганізацыя верша як элемент паэтыкі

6. СЕМАНТЫКА І АБУМОЎЛЕНАСЦЬ МЕТРЫКА-РЫТМІЧНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ВЕРША

7. СЕМАНТЫКА РЫТМА-ІНТАНАЦЫЙНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ВЕРША Ў ПАЭЗІІ РЫГОРА БАРАДУЛІНА

8. СІНТАКСІЧНЫЯ АСПЕКТЫ РЫТМУ: ПЫТАННІ СЕМАНТЫКІ

(НА МАТЭРЫЯЛЕ ТВОРЧАСЦІ Р. БАРАДУЛІНА)

9. Семантыка метра ў мікракантэксце паэтычнага зборніка: пяцістопны харэй у кнізе Р. Барадуліна “Лісты ў Хельсінкі”

Дуброўскі А.У.

Рытміка Рыгора Барадуліна

Рыгора Барадуліна называюць “моўным” паэтам, чым падкрэсліваюць нейкую асаблівую значнасць у структуры яго паэзіі таго феномена, які можна назваць “барадулінскім гучаннем”. Сюды можна аднесці і слоўны вобраз, і гукапіс, і рыфму, і паэтычны сінтаксіс, і, бясспрэчна, рытміку.

Калі мы сёння гаворым пра “барадулінскае гучанне”, менш за ўсё мы маем на ўвазе тое гучанне, якім вызначаўся першы зборнік Барадуліна “Маладзік над стэпам”. Тады, у 1959-ым годзе, па гэтым зборніку можна было зразумець, што ў літаратуру ўвайшоў малады таленавіты паэт, але яшчэ нельга было прадбачыць, што літаральна праз некалькі гадоў творы гэтага паэта загучаць зусім іначай і іх нельга будзе пераблытаць з вершамі якога-небудзь іншага аўтара. Традыцыйная сілаба-тоніка, строгая і “акуратная” строфіка і графіка, някідкія рыфмы – усё гэта мала нагадвае нам пазнейшага Барадуліна.

Для колькаснага параўнання мы выбралі два зборнікі “ранняга” Барадуліна – “Маладзік над стэпам” (1959 г.) і “Неруш” (1966 г.).

У выніку супастаўлення не толькі робяцца відавочнымі яскравыя адрозненні ў метрыцы гэтых зборнікаў, але і выяўляецца важная тэндэнцыя ў станаўленні рытмікі паэта, якая стала вельмі сімптаматычнай, вызначальнай у развіцці вершатворчасці Барадуліна.

У «Нерушу» колькасць вершаў, напісаных у танічнай сістэме, расце ў дзесяць разоў (з 4,8 % да 48,9 %) у параўнанні са зборнікам «Маладзік над стэпам», і адбываецца гэта з прычыны шырокага выкарыстання дольніка (дольнік часам называецца “своеасаблівай пераходнай формай ад сілаба-танічнай да танічнай сістэмы вершаскладання” [2, с.169], але мы яго будзем умоўна залічваць да тонікі). Зразумела, што рост дольніка адбываецца “за кошт” сілаба-танічных памераў, прычым не ўсе з іх “пакутуюць” у роўнай ступені.

Калі разглядаць двухскладовыя памеры асобна, то мы бачым, што найбольш рэзка зніжаецца колькасць харэяў, а ямбы (у параўнанні з імі) нават “выйграюць”. У “Нерушу” харэямі напісаны толькі 4 вершы!

Прычыну зніжэння колькасці харэяў (і параўнальнага з ёю павелічэння колькасці ямбаў) трэба шукаць у тым, што развіццё рытмікі Р. Барадуліна, а менавіта – разняволенне яго верша, ішло не “пад эгідай” бессістэмнага эксперыментатарства, а з арыентацыяй на ўслухоўванне ў мову, з арыентацыяй на яе ўнутраныя прасадычныя заканамернасці.

І. Ралько піша: “Відавочна, ямб па сваіх зыходных рытмічных характарыстыках (узыходзячая акустычная хваля) структурна… бліжэй, чым харэй, інтанацыйнай сістэме мовы, бо ў мове, як і ў ямбе, праяўляецца выразней такі ж інтанацыйны рух, але, натуральна, менш прыкметна” [3, c.181]. Трэба згадаць такое меркаванне Б. Тамашэўскага: “Тое, што мала прыкметна ў мове, тое становіцца адчувальным у вершы” [3, c.181-182].

Той факт, што асобныя рытмічныя тэндэнцыі мовы атрымалі неаднолькавае развіццё, пацвярджае неаднолькавасць патэнцыяльных магчымасцяў для ўсіх вершаваных памераў. Для ямба гэтыя магчымасці асабліва прыдатныя, паколькі рытмічныя тэндэнцыі мовы заснаваны пераважна на ўзыходзячай хвалі гучання, а ў рытмічным слоўніку мовы таксама пераважаюць тыпы слоў, структурна арганізаваных па ўзыходзячай хвалі гучання; для харэя – крыху менш прыдатныя, паколькі ў мове ў структуры коланаў інтанацыя харэічнага прыступу (сыходная хваля гучання) менш развіта, чым інтанацыя ўзыходзячая. Няма нічога дзіўнага, што такі “моўны” паэт, як Барадулін, улоўлівае гэты інтанацыйны лад і “канцэнтруе” яго ў вершы.

Трохскладовыя памеры “падаюць” з 27 % у “Маладзіку над стэпам” да 14,4 % у “Нерушу”. Але важна не гэта. Важна, па-першае, тое, што ў абодвух разглядаемых зборніках іх значна менш за двухскладовыя памеры. Якраз гэтая асаблівасць праявілася ў Барадуліна адразу. Прычыны дастаткова відавочныя: мы называем гэты феномен “схаластычнасцю трохскладовых памераў”, непрымальнай для “вольнага духу барадулінскага верша”. Усё гэта бярэцца ў двукоссе, таму што знешне выглядае даволі суб’ектыўным. Але пры звароце да тэорыі уражанне суб’ектыўнасці хутка знікае.

М. Гаспараў, зрабіўшы адпаведныя падлікі, прыходзіць да наступных высноў: “Такім чынам, двухскладовыя памеры аказваюцца амаль у паўтара разы больш “натуральнымі” (“естественно возникающими”) за трохскладовыя памеры… Калі ж лічыць, што пропускі націскаў у трохскладовых памерах неўжывальныя (як гэта было ў вершы XIX ст.), дык трохскладовыя памеры акажуцца не ў паўтара, а амаль у два разы менш “натуральнымі” за двухскладовыя” [1, c.147-148].

Трэба ўлічыць, што ў Барадуліна двухскладовыя памеры пераважаюць над трохскладовымі не ў паўтара і не ў два разы, а больш, што з’яўялецца яшчэ адным пацверджаннем думкі пра тое, што рытмічныя тэндэнцыі мовы яшчэ больш падкрэсліваюцца, крышталізуюцца ў вершы.

Сярод вершаў, напісаных у танічнай сістэме, у Р. Барадуліна пераважаюць дольнікі. Барадулінскія дольнікі, як і абсалютная большасць дольнікаў ва ўсходнеславянскіх літаратурах, – трохасноўныя, г. зн. дольнікі, утвораныя на аснове трохскладовых памераў шляхам сцяжэнняў. Узнікаюць яны, звычайна, з анапеста, радзей з амфібрахія, яшчэ радзей з дактыля [3, c.212]. Трохскладовыя памеры як бы ахвяруюць сабою на карысць дольнікаў.

Дольнкі валодаюць вельмі шырокімі магчымасцямі. М. Гаспараў падлічыў, што 3-іктны дольнік дае 5 рытмічных форм [1, c.224], а 4-іктны – 34 формы [1, c.254-255]! Калі ж мы ўлічым, што колькасць іктаў у дольніку Барадуліна хістаецца ў амплітудзе 2-7 (па самых сціплых назіраннях), то нам будзе нават цяжка ўявіць усю разнастайнасць магчымых рытмічных форм.

Тактавік і акцэнтны верш не знайшлі шырокага ўжывання ў Барадуліна. Але вельмі часта тактавіковыя і акцэнтныя радкі сустракаюцца ўнутры вершаў, напісаных дольнікам. Праўда, ёсць і вершы, якія можна цалкам аднесці да акцэнтных, толькі шукаць іх трэба ў пазнейшых зборніках.

Псіхалогія ўспрымання акцэнтнага верша адрозніваецца ад псіхалогіі ўспрымання любой іншай формы. Як вядома, у сілаба-тоніцы аб’ём інтэрвалаў паміж іктамі мае толькі адзін варыянт – 1 або 2 склады; у дольніках – два варыянты – 1-2 склады; у тактавіку – тры варыянты – 0-1-2 або 1-2-3 склады; і, нарэшце, там дзе колькасць варыянтаў перавышае тры, слых перастае іх адрозніваць, і мы адчуваем проста нейкі “шматскладовы” інтэрвал, не ўлоўліваючы, 4-складовы ён або 6-складовы. Тактавік – гэта верш, які працуе на мяжы нашага рытмічнага адчування, ля самага яго парога. Гэты парог ляжыць, такім чынам, паміж 3 і 4 складамі [1, c.308].

Гэта тлумачыць нам, чаму Барадулін асабліва не імкнецца да акцэнтнага верша: апошні ляжыць за парогам рытмічнага адчування, што не можа асабліва “падабацца” “моўнаму” паэту Рыгору Барадуліну. У акцэнтным вершы зніжаецца значэнне “гучання”, зніжаецца магчымасць уздзейнічаць на чытача праз сугестыю рытму. Акцэнтны верш, такім чынам, пераходзіць межы дапушчальнай і пажаданай для Барадуліна “вольнасці”.

Сутнасць рытмікі Р. Барадуліна самым шчыльным чынам звязана з прыродаю яго таленту ўвогуле: гэта той паэт, у творчасці якога традыцыя і наватарства знаходзяцца ў зайздросным адзінстве.

Слова “наватарства” мы выкарыстоўваем тут дастаткова ўмоўна, маючы на ўвазе імкненне Р. Барадуліна вызваліцца ад звыклай “зададзенасці” традыцыйнага вершаскладання, ад дыктатуры формы, вывесці верш са сферы дзеяння т. зв. гетэраномных ідэалаў. Верш Барадуліна прасякнуты “духам свабоды”, які мае сваімі вытокамі і ўнутраную прыроджаную свабоду таленту гэтага паэта, індывідуальнасць, самастойнасць яго мастацкай свядомасці, і асаблівасці духоўных і творчых памкненняў літаратараў яго пакалення (паэтаў-“шасцідзесятнікаў”), і арыентацыю на народную творчасць, якая таксама заўсёды з’яўляецца носьбітам унутранай разняволенасці.

І калі наватарства Барадуліна праяўляецца ў імкненні да раскаванасці рытму, то традыцыйнасць – у немагчымасці для яго канчаткова адмовіцца ад сілаба-тонікі і, тым больш, у немагчымасці адмовіцца ад рытму як такога (верлібры не знайшлі ў яго шырокага выкарыстання). Для Барадуліна гучанне мае настолькі вялікае значэнне, што такое адмаўленне, нават калі б яно ўзнікла “дзеля цікавасці”, не змагло б стаць арганічнай часткаю яго паэзіі.

Літаратура


  1. Гаспаров М.Л. Современный русский стих: Метрика и ритмика. – М.: Наука, 1974. – 488 с.

  2. Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. – Мн.: Вышэйшая школа, 1987. – 414 с.

  3. Ралько І.Д. Верш і мова: Праблемы тэорыі і гісторыі беларускага верша. – Мн.: Навука і тэхніка, 1986. – 264 с.

  1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка