У цэнтральную выбарчую камісію (цвк)




Дата канвертавання13.05.2016
Памер91.54 Kb.
У Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК),

220010, Менск, вул. Савецкая, 11

Тэлефон/факс: +375 17 327-19-03

E-mail: info@rec.gov.by


даўгатэрміновага назіральніка

ў Жодзінскай ГВК,

Аляксея Лапіцкага,

__________________

Скарга

У сувязі з тым, што я як назіральнік у Жодзінскай ГВК меў сыгналы ад грамадзянаў-выбарнікаў з прадпрыемстваў гораду (у прыватнасьці ПА «БелАЗ») пра недазволены ВК збор подпісаў за аднаго з прэтэндэнтаў, Аляксандра Лукашэнку, з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу ў працоўны час па месцу працы, а Жодзінская ГВК абавязаная сачыць за законнасьцю й адпаведнасьцю Выбарчаму Кодэксу дзеяньняў пры зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў у горадзе, я двойчы зьвяртаўся ў Жодзінскую ГВК – 05.08.2015 (вусна) і 08.08.2015 пісьмова.


Мой вусны афіцыйны зварот не быў належным чынам зарэгістраваным, на яго зусім не паступіла сваечасовага адказу.
У сваім наступным пісьмовым звароце я:

І. ІНФАРМАВАЎ сябраў камісіі ды кіраўнітва Жодзінскай ГВК пра такое недапушчальна дыскрымінацыйнае ў параўнаньні зь іншымі прэтэндэнтамі становішча пры зборы подпісаў выбарнікаў.




ІІ. ПРАСІЎ ГВК:


1) прыняць меры адпаведна з выбарчым заканадаўствам для выяўленьня й спыненьня дадзеных парушэньняў ВК

- выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу з адпаведным прымусам пры зборы подпісаў, бо такая недапушчальная ВК праца на працоўных месцах зьдзяйсьнялася праз арганізацыйныя структуры ФПБ, РГА «Белая Русь»..., якія афіцыйна прысутнічаюць на прадпрыемствах, непасрэдна зьвязаныя зь іхным ідэалягічным і кадравым кіраўніцтвам, а таксама непасрэдна ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы №1,

а таксама

2) скарыстаць такія спосабы й мэтады праверкі подпісаў падчас праверкі падпісных аркушоў ініцыятыўнай групы №1 прэтэндэнта Аляксандра Лукашэнкі (па якой маюцца сыгналы, у прыватнасьці з ПА “БелАЗ”), каб можна было высьветліць прысутнасьць у падпісных аркушах подпісаў ад выбарнікаў, якія ўяўляюць сабою кампактныя працоўныя калектывы, адзьдзелы, цэха …, сьпісы сябраў афіцыйнага прафсаюзу й г.д.… з ПА “БелаЗ” (у прыватнасьці) ды іншых прадпрыемстваў ці арганізацыяў гораду;

3) дазволіць мне як назіральніку прысутнічаць пры праверцы падпісных аркушоў, якая мусіць праводзіцца па спэцыяльна абранай мэтодыцы для таго, каб выявіць наяўнасьць падобнай неправамернай практыкі збору подпісаў за прэтэндэнта зь ініцыятыўнай групы №1 у працоўны час у працоўных калектывах горада Жодзіна;

4) лічыць выяўленыя такім чынам пры праверцы дадзеныя падпісныя аркушы несапраўднымі й далей дзейнічаць адпаведна ВК Рэспублікі Беларусь у выпадку выяўленьня падобных фактаў.



      • На гэтыя свае зьвесткі й просьбы ў пісьмовым адказе за подпісам старшыні Жодзінскай ГВК Сяргея Афанасенкава я атрымаў адмову па ўсіх пазацыях.



Пры гэтым, узьнікаюць заканамерныя пытаньні:

  • якім чынам прымалася рашэньне ці рабіліся высновы? (бо паседжаньня камісіі па разглядзе такога важнага пытаньня не прызначалася, калегіяльных рашэньняў не прымалася...);

  • хто з камісіі выконваў распараджэньне старшыні па правядзеньні дэкляраванай у адказе праверкі й якім чынам?

  • чаму падчас гэтай праверкі браліся толькі тлумачэньні ад каардынатаркі ініцыятыўнай групы №1 у горадзе Ахрамовіч А.А.?

  • чаму, у аднаасобных высновах на гэты конт старшыні ГВК, які прадстаўляе ў камісіі РГА «Белая Русь» (тобок таксама зацікаўлены бок, які ўваходзіць у ініцыятыўную групу №1) у якасьці матывацыі адмовы фігуруюць цалкам галаслоўныя тлумачэньні толькі з боку дадзенай таксама зацікаўленай асобы з боку патэнцыйнага правапарушальніка?

  • ці можна такую праверку й такія высновы лічыць аб'ектыўнымі ў адзначанай сытуацыі? (?!)


Акрамя таго, у адказе Сяргея Афанасенкава мне як назіральніку ў Жодзінскай ГВК заяўлена, што мне не дазваляецца прысутнічаць пры праверцы падпісных аркушоў.

А любыя спробы рэалізаваць мною элемэнтарную назіральніцкую функцыю, якая ў дэмакратычным і празрыстым выбарчым працэсе палягае ў тым,



    • каб назіраць і рэальна бачыць усе нюансы і этапы выбарчай працэдуры,

    • каб мець магчымасьць ацаніць правамернасьць дзеяньняў,

    • каб мець магчымасьць зафіксаваць і такім чынам выключыць любую магчымасьць для парушэньня ВК і неправамерных маніпулыцыяў у ГВК, - будзе ўжо традыцыйна кваліфікаваная старшынёю як «умяшальніцтва ў працу камісіі» з усім вынікаючымі, трэба так думаць, наступствамі.


Такім чынам, я як назіральнік і заяўнік пасьля майго звароту па адзначанай мною праблеме

ня проста пазбаўляюся права на азнаямленьне з матэрыяламі праверкі па пытаньнях майго звароту (!?) - спосабам і фактам належнай у такіх умовах і заяўленай мною ў звароце праверкі падпісных аркушоў, па якіх маюцца такія сур'ёзныя пытаньні адносна парушэньня ч.10 арт. 61 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь,

але таксам



атрымліваю зусім заўчасную, але цалкам празрыстую засьцярогу (чытай - пагрозу) ад старшыні ГВК быць у далейшым абвінавачаным у «перашкодах працы камісіі» і адчуваю такім чынам ціск з мэтаю спыненьня выкананьня мною сваіх непасрэдных абавязкаў як дабрасумленнага назіральніка ў Жодзінскай ГВК.

Што ў рэчышчы «дэкляраванай ЦВК» ці гарантаванай нормамі ВК і міжнародных стандартаў «безпрэцэндэнтнай празрыстасьці», транспарэнтнасьці выбарчага працэсу ў Беларусі выглядае як «вяртаньне да мінулай заганнай практыкі пагрозаў і забаронаў», абмежаваньняў магчымасьцяў для назіраньня, а таксама вядзе да поўнай закрытасьці й заарганізаванасьці ўсіх выбарчых працэдураў у выніку...



II. Акрамя адзначанага, у сваім звароце я ЗЬВЯРТАЎ УВАГУ Жодзінскай ГВК на наяўнасьць розначытаньняў у публікацыях друкаванага воргану Жодзінскага гарвыканкаму.


Так, у газэце «Жодзінскія Навіны» (гл. арт. “Работает городская комиссия” - у нумары за 29 ліпеня 2015 году) ясна адзначалася, што“согласно законодательству сбор подписей может проводиться методом поквартирного обхода, а также во время пикетов”.

У іншым артыкуле “Тема недели: В Беларуси начинается сбор подписей за выдвижение в кандидаты на пост Президента” за 25.07.2015 (гл. на сайце “ЖН” - http://www.zhodinonews.by/?p=41412) відавочна, на падставе адпаведных «мэтадэчных рэкамэндацыяў ЦВК», што прысутнічаюць у п.5.6 Дапаможніку для сябраў ТВК №10 ад ЦВК, адзначаецца:

«не допускается участие администрации организации в сборе подписей избирателей в рабочее время» і «граждане, выдвигаемые кандидатами в президенты, не вправе привлекать лиц, находящихся у них в подчинении или иной служебной зависимости, для сбора подписей избирателей в рабочее время.»

Але такія фармулёўкі зьяўляюцца відавочнымі й недапушчальнымі (на маю думку) інтэрпрэтацыямі актуальнай нормы ВК - ч.10 арт.61.



Такія фармулёўкі нормы дазваляюць думаць, што па-за працоўным часам дадзеныя неправамерныя дзеяньні дазваляюцца (!?), а цяперашняя практыка на прадпрыемствах гораду можа быць наўпростым вынікам падобнага няправільнага разуменьня нормы ВК - ч.10 арт.61 ды адпаведных «перагібаў і злоўжываньняў прывілеяваным становішчам» (!?)

(напрыклад, як пры зафіксаваным мною правапарушэньні падчас збору подпісаў у пікеце прадстаўніцаю РГА «Белая Русь» у горадзе - гл. фотафакты тут: http://licviny.info/archives/9614, http://spring96.org/be/news/78867),

якая кажа пра тое, што удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджваньне выбарнікаў за ўнясеньне подпісаў, не дапускаюцца...»
У сувязі з такімі розначытаньнямі нормы выбарчага заканадаўства й адрознымі па сэнсе фармулёўкамі адзначанай нормы ВК (у афіцыйных СМІ, Дапаможніку ЦВК і Выбарчым Кодэксе), а таксама

назіраемай заганнай практыкай, якая выкрывае няроўнасьць паміж прэтэндэнтамі пры зборы подпісаў і відавочнае парушэньне нормы ВК, пры гэтым скарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс дзяржпрадпрыемстваў ды ўстановаў на карысьць адзначанага прэтэндэнта, якому падпарадкаваныя ўсе выканаўчыя структуры, бо ён знаходзіцца ва ўладзе пры наяўнасьці выбудаванай ім і дзейснай пад ягоным непасрэдным кіраўніцтвам сёньня «вэртыкалі ўлады» ў краіне... -
Я ДАДАТКОВА ПРАСІЎ ГВК:
5) зьвярнуцца ў ЦВК для афіцыйнага тлумачэньня дадзеных значна адрозных фармулёвак і адпаведных розначытаньняў

і па-магчымасьці апэратыўна ўнесьці карэктывы ў мэтадычныя рэкамэндацыі, а таксама існуючую заганную, на наш погляд, практыку, якая назіраецца пры зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у прыватнасьці на прадпрыемствах гораду Жодзіна.

      • Па дадзенай праблеме таксама была атрыманая адмова.


Старныня Жодзінскай ГВК аднаасобна прыняў рашэньне не скіроўваць запыт заяўніка, прысутны ў п.5 нашага звароту, да кіраўніцтва ЦВК.

Старшыня Жодзінскай ГВК (відавочна, зыходзячы з уласных перакананьняў і грамадзкай пазыцыі як дзейсны сябра РГА «Белая Русь», вылучаны гэтым аб'яднаьнем у Гарадзкую выбарчую камісіію ў Жодзіне) аднаасобна зрабіў канчатковую выснову пра тое, што

«па заканчэньні свайго працоўнага часу грамадзяне маюць права зьбіраць і ўносіць свае подпісы ў падтрымку той ці іншай асобы, якая прапануецца для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.»

Калі чытаць гэта ў кантэксьце пастаўленага перад камісіяй пытаньня (праблемы), а менавіта ў гэтым кантэксьце разглядаецца зварот і на яго даецца вось такі адказ, - тады атрымліваецца, што

«не ў працоўны час» адміністрацыйны рэсурс можа скарыстоўвацца для збору подпісаў на прадпрыемствах ... і пры гэтым, быццам бы, «прымус ужо не будзе лічыцца прымусам» і гэта ўсё быццам бы законна і «дапускаецца» заканадаўствам.

У сувязі з адзначаным, ПРОСІМ ВАС:

1. прызнаць парушэньне ВК Жодзінскай ГВК па фактах -

1) нерэгістрацыі вуснага звароту ў Жодзінскую ГВК назіральніка ад 05.08.2015 і

2) адсутнасьці сваечасовага рэагаваньня на гэты зварот,

3) парушэньняў пры зборы подпісаў у пікеце прадстаўніцаю РГА «Белая Русь» - http://licviny.info/archives/9614, http://spring96.org/be/news/78867;

2. канстатаваць не прыняцьцё Жодзінскай ГВК належных эфэктыўных мераў па выяўленьні заяўленых у зваротах ад 05.08.2015 (вусным) і 08.08.2015 (пісьмовым) парушэньняў Выбарчага Кодэксу пры зборы подпісаў на прадпрыемствах горада Жодзіна і ў працоўны час;

3. вынесьці папярэджаньне й забараніць старшыні Жодзінскай ГВК аказваць ціск на заяўніка адзначанага звароту, назіральніка, шляхам абмежаваньня ягоных законных грамадзянскіх правоў і дэлегаваных паўнамоцтваў, без якіх не магчыма аб'ектыўнае разьбіральніцтва па заяўленых фактах, а таксама назіраньне й выяўленьне парушэньняў дзейснага выбарчага заканадаўства, у прыватнасьці, адзначаных у звароце ад 08.08.2015;

4. у сувязі з выяўляемай такім чаным ідэалягічнай і арганізацыйнай («Белая Русь») заангажаванасьцю старшыні Жодзінскай ГВК у выбарчых працэсах у карысьць ініцыятыўнай групы №1 (пра што сьведчыць ягоная неаб'ектыўная пазыцыя па праблемах, узьнімаемых у звароце), паставіць пытаньні пра пазбаўленьне дадзенай асобы ягонай пасады ў камісіі з пераабраньнем новага старшыні Жодзінскай ГВК;

5. даць ясны (недвухсэнсоўныя тлумачэньні) пазначаных вышэй фармулёвак ч.10, арт. 61 ВК, дадзеных у п.5.6 Дапаможніку для сябраў ТВК ... №10 ад ЦВК у 2015 годзе, якія нараджаюць розначытаньні, і

ўнесьці неабходныя выпраўленьні ў Дапаможнік, каб ліківдаваць усе розначытаньні й неадпаведнасьці ягоных фармулёвак палажэньням адзначанай нормы ВК Рэспублікі Беларусь.


19.08.2015_______________________Аляксей Лапіцкі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка