Творчы тандэм




Дата канвертавання01.05.2016
Памер47.26 Kb.
ТВОРЧЫ ТАНДЭМ

Самая звычайная з’ява—гэты вераснёвы смутак, калі фарбы восені выдуць на лісце і травы, якія пачнуць яднацца. І з гэтага шчымлівага асэнсавання еднасці, як па колеры і малюнкаў, так і па змесце, узнікнуць і завіруюць над апалай лістотай дзівосныя прыцудэры. Затым надыдзе час супакойвацца і забывацца ў летуценнях пра шлях дадому напярэдадні зімовага сну, каб з непазбежнай нечаканасцю апынуцца ў ягоных нетрах, пад тоўстай снегавой коўдрай. І на ацяжэлыя ад стомы і дрымоты вейкі апусцяцца мройныя снаявіды пра спрадвечнае і неадступнае, якое выяўляецца ў метамарфозах, што адбываюцца ў прасторы і часе ў чаканні світальнага вясновага інею, як абуджэння таямнічых нетраў”.



Гэтымі словамі пачынаецца кніга “Нетры” цудоўных беларускіх творцаў—паэта Міхася Башлакова і мастака-графіка Міхася Барздыкі. “Нетры”—гэта перш за ўсё смелы творчы эксперымент, своеасаблівы дыялог дзвюх вялікіх моў—літаратурнай і жывапісу, якія аб’ядноўвае адно вялікае слова—МАСТАЦТВА.

Міхась Башлакоў—тонкі лірычны паэт са сваім светаадчуваннем. Пранікнёнае разважанне аб чалавечых лёсах і сэнсе жыцця змяняецца мілым сэрцу беларускім пейзажам, праз які мы можам пачуць голас самога паэта, у якога душа баліць аб лёсе беларускай вёскі:

Вёсачка ці хутар стары Млын?

Тры двары тут толькі засталося,

Тры двары між восеньскай імглы…

Весялей калісьці тут жылося.
І было намнога больш двароў:

Хто памёр, а хто кудысьці з’ехаў…

Між балот і векавых бароў

Вёсачка, як страчанае рэха…

(Сустрэчы)

Голас нашага вядомага паэта гучыць на дзвюх мовах—беларускай і рускай. Пераклад у выкананні Андрэя Цяўлоўскага вельмі ўдалы: трапна перадаюцца ўсе нюансы той ці іншай аўтарскай думкі, багата аздобленыя менавіта рускімі сродкамі выразнасці:

В хутор превратился Старый Млын:

Три двора осталось, и не больше.

Три двора среди осенней мглы…

А когда-то не был он заброшен.
Здесь тогда ключом кипела жизнь,

А теперь—кто помер, кто уехал…

Хаты превратились в миражи,

Средь болот затерянное эхо.

(Встречи)

Разам з тым паэзія Михася Башлакова, дарэчы лаўрэата літаратурнай прэміі Баяна за 2004 год,--гэта і панарама нашага жыцця, яго шматгалоссе, узаемадзеянне чалавечых лёсаў і лёсу Бацькаўшчыны, і яшчэ пранікнёнасць пачуццяў, тонкі лірызм, надзвычай багатыя моўныя фарбы, незвычайная энергетыка.

Філасофскія разважанні на тэму прызначэння і народныя інтанацыі—своеасаблівы сімбіёз у творчасці другога аўтара “Нетраў”—Міхася Барздыкі, які таксама з’яўляецца вядомым творцам і мае такія ўзнагароды, як сярэбраны медаль Еўрапейскай Акадэміі мастацтваў 1992г., а таксама залаты медаль міжнароднага конкурса графікі ў Бельгіі 1993г. Міхась Барздыка—таленавіты мастак у галіне станковай і кніжнай графікі, што можна яшчэ раз падкрэсліць, знаёмячыся з кнігай “Нетры”, для якой характэрны ўнутраны дынамізм, пэўная рытміка. Кніга мае 7 раздзелаў, напамін пра якія даецца ва ўступе. Своеасаблівым ключом з’яўляецца першы верш і першая ілюстрацыя. Ва ўступе “Хай жа Мікола Гусоўскі…” менавіта славуты стваральнік “Песні пра зубра”--гэта “праваднік-сведка” падарожжа ў нетры:

Доўга мяне ён праз нетры палескія вёў…

А два лісткі на першай старонцы—гэта дзве постаці: “два лісткі аб вечнай таямнічасці жыцця”, “два погляды на лёс і вобраз нашай Айчыны”, дыялог двух герояў, мажліва, саміх аўтараў… Кожны з чытачоў павінен сам разгадаць гэту таямніцу, у якой ёсць усё: і музыка прыроды ў розны час, міфалагічныя выявы, любоў да Бацькаўшчыны і трывога за яе лёс, і, у рэшце рэшт,--Абуджэнне:

Божа светлы, хай лёс Айчыны



Пасвятлее на мой радок…

(Крэда)

Падчас гэтага своеасаблівага падарожжа ў “палескія нетры” ад “Вераснёвага смутку”(першы раздзел) і да “Абуджэння” (заключны раздзел) чытач будзе вандраваць з вясны ў лета і надалей, але і наведае розныя куточкі, дарагія сэрцу кожнага беларуса (“Зноў каля Добруша блукаю”, “Возера Свіцязь”, “Прыйду да Церухі”), сустрэнецца з язычніцкай Беларуссю (раздзел “Прыцудэры”).

Увогуле, “Нетры”—гэта сапраўды цудоўная кніга і па змесце, і па афармленні. Нездарама на Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне ў 2005г. яна атрымала высокую ацэнку і ўвайшла ў лік Ста лепшых кніг свету.

Другім своеасаблівым падарункам для нашых чытачоў з’явілася яшчэ адна сумесная праца Міхася Башлакова і Міхася Барздыкі, якая ўбачыла свет у 2006г. і была прымеркавана да 20-годдзя чарнобыльскай трагедыі—кніга “Палын. Чарнобыль”, якая ў гэтым жа 2006г. была ўзнагароджана элітным медалём на Міжнародным конкурсе выяўленчых мастацтваў у Бельгіі. “Палын. Чарнобыль”—гэта таксама дыялог дзвюх моў—літаратуры і жывапісу, але, у адрозненне ад двухмоўных “Нетраў”, у дадзенай кнізе вершы Міхася Башлакова перакладзены яшчэ і на англійскую мову (у выкананні Таццяны Акушэвіч). Чарнобыльская праблема на Беларусі—надзвычай актуальная. І, безумоўна, асабліва важна пачуць гэту споведзь ад чалавека, які з’яўляецца не толькі таленавітым паэтам, але яшчэ і ўдзельнікам ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у 1986г. Асабліва шчымліва і балюча гучыць гэты сумна-лірычны маналог-роздум, як гавораць, “ад першай асобы”, сапраўднага сведкі (“Ніколі не вернуцца людзі…”, “Г-о-о-ра…”). Кніга “Палын.Чарнобыль” прасякнута сімвалізмам. Своеасаблівым ключом да яе з’яўляецца выява на фарзацы карт Чарнобыльскай зоны—да аварыі і, выпаленай, як зямля Беларусі, пасля яе.

У форме крыжа пабудаваны і чатыыры раздзелы кнігі:

1)“І трэці анёл затрубіў”;

2)”І воды сталі горкімі”;

3)”І кветкі сталі чорнымі”;

4)”І пакуты спаслалі любоў”.

У кожным з гэтых раздзелаў, калі прасачыць па вершах і ілюстрацыях, адпаведна паўтараюцца лічбы 1, 2, 3, 4 (можна яшчэ прыгадаць, што вершы Міхася Башлакова прадстаўлены на трох мовах). Вельмі адметная таксама і дынаміка твораў—як паэтычных, так і графічных: паступова выявы-постаці ператвараюцца ў свечкі. “Палын.Чарнобыль”—гэта рэквіем, музыкай якога прасякнута ўсё—ад прадчування катастрофы (вобраз Чорнага рыбака ў шэрагу вершаў) да белага снегу—сімвала ачышчэння…

Жанр абедзвюх кніг вызначаецца як “дыялог паэзіі і графікі”. Гэта не проста ўзаемадзеянне двух відаў мастацтва. Гэта яшчэ і маналог аўтараў, дыялог іх з усімі намі, а таксама з Богам. І хоць паэт лічыць, што ад чалавека нічога не залежыць, калі сумуе аб Бацькаўшчыне пасля катастрофы на ЧАЭС, але пра свае адносіны да паэзіі ён выражае ў наступных радках:

Ты трымайся, радок, за душу.

Без яе ты не варты нічога.

Ёсць душа—значыць верш напішу.

А няма—дык не дадзена Богам.

. . .

Не знаю я, адкуль прыйшло,

Не знаю я нічога…

Паэзія—не рамясло…

Паэзія—ад Бога…

(Паэзія “Нетры”)

Нетры” і “Палын. Чарнобыль”—гэта маленькі Сусвет са сваімі сімваламі-ключамі, якія хочацца абавязкова адшукаць; гэта своеасаблівы дыялог двух цудоўных таленавітых творцаў—паэта і мастака. А яшчэ—іх з намі. І хочацца, каб гэты дыялог заўсёды працягваўся.




Дзмітрый Пятровіч







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка