Твая фартунка няхай і хатка, Ды будзе добра здавацца




Дата канвертавання28.05.2016
Памер153.54 Kb.
Самавар
...Твая фартунка няхай і хатка,

Ды будзе добра здавацца,

Калі сто злотых будуць дадаткам,

А з іх дзесяць хоць – заставацца.

Але калі маеш вяльможнасць на мэце,

Схочаш жыць гучна, гучна прыняць госця,

– Як ягамосцем стаў ты з вашэці,

Так зноў вашэцем станеш з ягамосця.

Хто ж у Літве не ведае старога Мухіна? Хіба ж знойдзеш дом, дзе б ён ні гасцяваў прынамсі раз на год? У каго ж аддаленыя ад гарадоў жыхары дастаюць адборную ці пасрэдную – на якую не шкада грошай – гарбату? Хто ж даставіць напярэдадні зімы цёплы кажух? На пост – смачнай ікры? Для панічаў і паненак – салодкіх варэнняў, на якія яны цэлы год збіраюць свае малыя даходы? Ён ужо паўсюль ведае па імю кожнага, кожнага называе даўнім прыяцелем, для кожнага ў яго ёсць што прыпомніць, многім ён прывозіць здалёк паклоны і звесткі аб здароўі ад сваякоў ці сяброў – словам, ён мае тут, у Літве, пэўна больш знаёмых і прыязных да яго, чым у сваёй роднай старонцы.

Дык вось гэты Мухін марозным студзеньскім ранкам у вігілію Трох Каралёў пад’ехаў да шырока пабудаванага фальварковага дому, дзедзіч якога, аддаючы належнае легкадумнай маладосці, нарэшце збанкрутаваў; і, пакінуўшы старасвецкае гняздо сваіх прадзедаў, рынуўся ў свет за фартунай, якая ўцякла з ягонага ўласнага дому.

Мухін ведае, каму чаго трэба: пасля сардэчнага прывітання з гаспадаром, калі яму загадвалі прынесці тавары, даставаў кажухі з беззаганных маціц* для ягамосці, бламы* зайцоў і вэнджаную заечыну для яемосці, а ручнікі, рыпс і не найлепшыя паркалікі – для паненак. Але гэтым разам Мухін ашукаўся, бо пан Балтазар Сулярскі за год, што прайшоў з апошняга з’яўлення тут купца, з аканома стаў уладальнікам часткі маёнтку, падзеленага паміж крэдыторамі разоранага дзедзіча, пазычаючы якому ягоныя ж даходы як свае, налічыў сабе належнае і з ім усталяваўся вечным ды воўчым правам у фальварку, дзе раней займаў аканомскую гасподу.

Яшчэ ў мінулым годзе Мухін, не ўгандляваўшы ўжо нічога ў палацы, затое шмат – у фальварку, зразумеў, куды хіляцца справы, і прадказаў дзедзічу дрэнны канец, і таму цяпер ужо заехаў проста да фальварку. Унёсшы ў хату тавары, заўважыў у ёй некаторыя перамены: была нанова выбеленая, на месцы ўслону стаяла канапа,якую ён некалі бачыў у пакоях дзедзіча; перад ёй столік з карэльскае бярозы, некалькі крэслаў каля століка; на сценах на месцы пабожных абразкоў – чатыры пары года,«Венера»Тыцыяна і «Гісторыя блуднага сына». «Ха! – падумаў стары ліс, – тут давядзецца паказаць штосьці іншае». 3 абурэннем адшпурнулі яемосць і паненкі ўсё, што прынёс, а ягамосць рассеяў неўразуменне Мухіна, выкрыкваючы самазадаволена: «Я тут ужо пан! Пане Мухін, я пан! Д’яблы ўзялі майго пана падкаморыча, а цяпер я тут пан!» – «Ну, поздравляем, поздравляем, – казаў Мухін, – вып’ем водочка за панскае здароўе! Гэта добра! Гэта выдатна! Я этому очень рад! І яемосць каханенька! 1 паненкі теперь барышни! Это хорошо! Это очень хорошо!» Тым часам шапнуў некалькі незразумелых слоў таварышу, а пакуль той забіраў усе тавары і выносіў, Мухін пералічваў доўгі спіс і ншых, называючы вартасці кожнага і прозвішчы пакупнікоў. Як успомніў чай і самавары – панна Саламея, старэйшая дачка іхмосцяў гаспадароў, падскочыла гарэзліва, быццам старога Мухіна пацалаваць хацела! «Ах! Самавары, папуню, самавар і чай: гэта ж паўсюль п’юць гарбату з ранку і ўвечары нават, а мы адны толькі ліпавым цветам і дзіваннай* душыцца мусім. Папа, далібог мусіш купіць самавар. Ці Пан Бог папе не даў цяпер, хвала Богу, і маёнтку? Ці няма за што?» – «Гэй! Што там вярзеш? – прыкрыкнуў ягамосць. – Пайшла прэч з гэтым сваім самаварам! Вось нап’ёмся з шаноўным Мухіным жытняй «гарбаты» – гэта лепей будзе. Да васпана, пане Мухін».

Саламея, бачачы, што, ідучы напралом, не трапіць да мэты, пацягнула паціху маму за сукенку, выйшла ў бакоўку, за ёй і маці. Там з плачам выклала мамулі, што ніколі замуж не выйдзе, калі, казала, жыць будзем так, як дасюль: «Бо ніхто не бывае ў нас, дый хто на нас гляне? А хоць бы хто і прыехаў, хіба мы яго па-людску прымем? Вось пан асэсар, можа, і сапраўды мае пачуцці да мяне, бо не раз паўтараў, што мяне кахае. Але што ж з таго? Калі часам сюды прыедзе, дык ягамосць вітае яго першымі словамі: «Я падаткі заплаціў!» Частуе потым простай гарэлкай, а коням не дае корму. Дый ці мала хто б завітаў...» – «Ну дык што? – перапыніла маці, жадаючы дапамагчы лёсу дачушкі. – Чаго ж трэба?» – «Трэба маме купіць самавар і гарбату, мець чым прыняць і пачаставаць гасцей! Ці мама не патрапіць, як і іншыя гаспадыні,усесціся прыгожа за столікам, наліваць гарбату і весці размову? Ці мама не бачыла людзей і свету?..» – «Так, гэта праўда, ці мала дзе я бывала і ці мала чаго бачыла!!!»

Саламея, такім чынам узрушыўшы ў маміным сэрцы і любоў да дзіцяці, і самалюбства, стаяла на сваім: «Няхай жа мама ідзе, – дадала, цалуючы ёй руку, – і няхай ягамосць купіць самавар». – «Ды купіць, пэўна, купіць», – сказала маці,і абедзве выйшлі з бакоўкі.

Пан Сулярскі тым часам, тройчы зірнуўшы ў бутэльку, вытаргаваў у Мухіна кажух і, зараз жа ўлезшы ў яго, праходжваўся задаволена па хаце, падымаючы яго ля пояса абедзвюма рукамі ўверх, бо быў занадта доўгім на нізкай і каржакаватай фігуры ягамосця:

– А што, душка? Бачыш, у якім я кажуху? Абшыю яго сукном і дадам каўнер са старога мядзвежага футра нябожчыка падкаморага, якое я купіў на аўкцыёне падчас эксдывізіі*, вось буду мець і мядзведзя!

– Ды што твой мядзведзь! Вось, вашаць ягамосць (бо пані Сулярская, для якой і праз 30 гадоў мужычок быў вашэцям, з цяжкасцю магла прывыкнуць да ягамосця і найчасцей спалучала разам цырыманіяльны і звычны звароты да мужа), вось, вашаць ягамосць, купі лепей самавар і гарбату.

–Ці зноў з самаварам? Навошта табе, душка, ён патрэбны? Я п’ю зранку гарэлку, і ты часам мне дапамагаеш. Ды і кавы згатуеш, калі які мосці пан прывалачэцца. Дочкі няхай п’юць малако, няхай сабе і дзіванну з мёдам…

– Вось, вашаць, баламуціш, – перабіла яемосць, і ўсё тут. – Хочаш, каб цябе людзі ведалі, хочаш дачок замуж павыдаваць, а жыць па-людску не хочаш!

– Папа ж казаў пазаўчора, – адгукнулася пакорліва Саламея, – што хоча стаць памежным суддзёй.

– Але, суддзёй! А хіба гэты самавар зробіць мяне суддзёй?

Мухін усім сваім красамоўствам падтрымаў жаданне яемосці і паненкі. Яшчэ разы з тры яемосць частавала яго гарэлачкай, і з кожным разам Мухін павышаў цану самавара, апасаючыся, каб, набраўшыся, не забыўся і не страціў на зацягнутым торгу. Нарэшце, ягамосць volens nolens* паддаўся загадам жонкі, просьбам дачкі і парадам Мухіна, які,узяўшы за самавар падвоены кошт, аднёс яго з важнай і дабратворнай мінай на столік у куце, быццам наўмысна падрыхтаваны прыняць дастойнага і бліскучага госця. Фунт гарбаты дапоўніў рэшту куплі – і пан Сулярскі з Мухіным вылілі з бутлі апошнюю кроплю. Пасля таго як купец некалькі разоў запэўніў, што ніколі не абміне такіх честных гаспадароў, яны развіталіся, задаволеныя адно адным.

Не магла нацешыцца панна Саламея з новага посуду! Перастаўляла яго так і гэтак на століку, прыглядалася да яго з сёстрамі і брацікам Мацеюшкам і здалёк, і зблізку; разбірала яго на часткі, трыбушыла нутро, але штораз мусіла шчыра прызнаць, што ані сама, аніхто ў доме не ведаў, што ж зрабіць, каб прыгатаваць гарбату ў самавары. Раптам ёй трапіла важная думка: «Заўтра імяніны папы!!! Заўтра!..» Ізноў падскочыла жвава, і зноў пацягнула маму за сукенку ў бакоўку.

– Ведаеш што, мама?

– Ну дык што?

– Заўтра імяніны ягамосця, свята Трох Каралёў: Каспера, Мельхіёра і Балтазара!

– Ага! Ну дык што?

– Зробім, мама, сюрпрыз!

– Што гэта за сюрпрыз? Ці гэта печанае, ці гатаванае? Можа, трэба шмат яек і масла, а тут няма? А можа, яшчэ чагосьці і з крамаў?

– Ды не, мама! Не!

– Вашаць Саламею дарэмна ў пані суддзінай навучылася панскім дурыкам! Мы шляхта, навошта нам гэта патрэбна?! Дык пакінь у спакоі тых сыр... сур... як там балбочаш?

– Але, мама, гэта не страва, гэта штосьці іншае!

– Ну дык што ж?

– Гэта значыць, што ўпотай ад ягамосця запросім на заўтра гасцей, выдадзім гарбату з самавара і справім імяніны папы. Сюрпрыз – гэта значыць, што ягамосць гэтага не чакае і ведаць пра гэта не павінен.

– Ну дык што? Дык трэба паведаміць ягамосцю?

Дачушка страціла цярплівасць ад такога мамінага неразумення, але што з яемосцю зробіш? І пачала падрабязней і як мага найясней тлумачыць свае планы,а паколькі ўрэшце маці не паўтарыла свайго: «Ну дык што?», палічыўшы маўчанне за згоду і разуменне, выйшла з бакоўкі панна Саламея і ўзялася за далейшыя рыхтаванні да заўтрашняй гулянкі.

***

У апусцелым гмаху, які застаўся дзедзічу ад раздзеленых вялікіх вёсак, быццам на магільны помнік ягонай датуль заможнай фартуне, жылі яшчэ двое ягоных слуг. Стары Міхал, кухар яшчэ дзедаў,душой і сэрцам прывязаны да фаміліі паноў сваіх, тром яе пакаленням верна служыў. Плакаў ён штодня над збядненнем апошняга свайго пана, якога на руках выпеставаў, пільнаваў сцены палаца і зазіраў калі-нікалі на кухню, разважаючы сам-насам пра будучыню з такім пачуццём, з якім стары ваяр паглядае на поле, што калісьці было пляцам ягоных трыумфаў. Ненавідзеў ён Сулярскіх, бо ведаў, што яны паскорылі разарэнне паніча, і падзяляў гэтую нянавісць са сваім сужыхаром Юзафам, калісьці лёкаем, камердынерам і фаварытам паніча. Апошні, бадзяючыся з панам па гарадах, дварах і мястэчках, пераняў звычаі і манеры, уласцівыя слугам вялікіх паноў, а менавіта: грубіянства і пыхлівасць з ніжэйшымі, а ўслужлівасць і хітрунства – з вышэйшымі станамі. Не пераносіў таксама Сулярскіх, бо, калі даўней, перадаючы ім часта панскія загады, вылаяў аканома, знёс ён гэта цярпліва, і яшчэ не раз яемосць пана Юзафа на смятану запрасіла; а цяпер Сулярскі, помсцячы за свае [крыўды], неаднойчы франта Юзафа хамам назваць адважыўся і, сотняй бізуноў пагражаючы, дадаваў: «Адкажу пану твайму і заплачу яму, бо такі ён галыш, як і ты». Абодва слугі так чакалі вяртання свайго пана, як ізраільцяне Месію. Адразу пасля эксдывізіі паехаў ён да багатага і бяздзетнага стрыя свайго, адзіным дзедзічам якога быў, з надзеяй на ягоную шчодрую падтрымку і вяртанне ў свае ўладанні з грошамі, а ў выніку – з магчымасцю выгнаць з іх новых гаспадароў.



Вечарам у той дзень, калі Мухін пабываў у адным з пакояў палаца, стары Міхал, седзячы моўчкі, вязаў сетку, хутчэй паводле звычкі, чымсьці з патрэбы, бо стаў, поўны рыб, належаў пану Сулярскаму. Пры гэтым часта ўжываў тытунь, ківаў галавой і ўздыхаў калі-нікалі. Юзаф, у рэштках некалі саетавага* сурдута, папраўляў качаргой агонь у печцы, паліў люльку з доўгага панскага цыбука і, паварочваючыся на ложку, малоў Міхалу лухту пра дасціпныя штукі,якія вытвараў у Варшаве, у Вільні і паўсюль, дзе бываў. Пасля кожнай ягонай новай ілжы Міхал ківаў галавой і ўжываў тытунь – і тут да іх увайшла панна Саламея.

– Добры вечар, Міхале! Добры вечар, Юзэфе!

Міхал, не адказваючы на прывітанне, а заўсёды проста цікавячыся сутнасцю справы, спытаў:

– А чаго, васпанна, хочаш?

– Прыйшла, мой каханы Міхале, прасіць у вас адну рэч!

–Якую рэч? Мы з ласкі васпанства ўжо ніводнай рэчы не маем: сталы, табурэты, крэслы і канапы – усё-ўсё вы забралі, сядзіце, ядзіце, спіце на нашых рэчах!!! Няхай вам Пан Бог... – запнуўся стары, падумаў, грэх праклінаць,таму дакончыў, замяніўшы праклён на пажаданне, не зусім, аднак жа, зычлівае, – няхай вам Пан Бог па справядлівасці дапаможа! Чаго ж, васпанна, хочаш?

Панна Саламея пачырванела пунсова на гэтую старэчую тыраду, аднак знесла цярпліва:

– Не пра тое размова,каханы Міхале, – казала, – я нічога браць у вас не хачу, але прыйшла прасіць, каб вы мяне навучылі адной рэчы.

Юзаф, больш ветлівы за Міхала, устаў з ложка і запытаў:

– Чаму ж такому хоча паненка навучыцца ад нас?

– Мой папа купіў сёння ў Мухіна самавар!

– Эгэ! Ужо і самавар ад Мухіна, лепш бы купіў гаршчкоў у Лаўрына, – буркнуў з’едлівы Юзаф.

Прыгожы тварык Саламеі зноў зайшоўся румянцам, але, зрабіўшы выгляд, быццам бы не чула горкага кпіну, скончыла:

– Я зусім гэтага не хацела, бо навошта ён нам патрэбны, але што ж? Бацька заўпарціўся і купіў. Дык вось прашу, каханы пане Юзэфе, навучы мяне, як гатаваць гарбату ў самавары.

– Гарбату ў самавары? – паўтарыў нядбайна пан Юзаф, зноў варушачы качаргой у печы. – Гэта вялікі клопат!

– Здаецца, не такі ўжо і вялікі, вось жа тут ёсць агонь і жар, я загадаю прынесці самавар, а ты, будзь так добры, пакажы мне, як што зрабіць. Пастараюся адслужыць гэтую ласку пану Юзафу.

– А навошта ж абавязкова сёння? Ужо позна, вуглі не выгаралі, будзе чад, забаляць у нас галовы – і нічога болей. Няхай у які там іншы дзень, дык паглядзім.

– Але бо, мой Юзэфе, але бо бачыш...

Панна Саламея не хацела паведаміць прычыну спешкі, аднак не было іншага спосабу ўпрасіць, і нарэшце яна адважылася:

– Бо бачыш, мой каханы Юзэфе, заўтра свята Трох Каралёў.

– Ага! Заўтра свята Трох Каралёў, – адгукнуўся Міхал, – вялікае свята! Нябожчык стары пан, няхай Бог свеціць над ягонай душой, заўсёды ў вігілію Трох Каралёў пісаў сам сваёй рукой крэйдай нейкія святыя літары на кожных дзвярах; і прыгаворваў, што тады бяда не ўвойдзе. І хвала Богу,у ягоныя часы не ўвайшла; але пасля яго ніхто літар не пісаў і... Тут ужыў моцна тытуню, паківаў галавой, уздыхнуў глыбока – і зноў стаў спакойна вязаць сетку.

Кемлівая Саламея адразу хапілася за вугаль і, узрадаваная, што падладзіцца пад старога, сказала:

– Я, каханы Міхале, зараз жа хоць вугалем натшу на вашых дзвярах гэтыя тры літары: уласна толькі што бацька напісаў тое ж самае і ў нас, а заўтра прыйду з крэйдай і перапішу.

Узяўшы вугольчык нябрыдкай ручкай далікатна, каб не вымазацца, Саламея напісала на дзвярах вялікія С. М. В.

Міхал, трымаючы шаршатку ў недавязаным вочку сеткі, глядзеў, як яна піша.

– Чакай, васпанна, яшчэ не ўсё, – мовіў, – ягамосць нябожчык ставіў крыжыкі паміж літарамі.

Саламея падняла вугольчык і паставіла крыжыкі.

+К +М. +В.

– Ну, цяпер добра, дай Божа васпанне здароўя, і мужа дасць Пан Бог, калі нос угару задзіраць не будзеце, як пачынаеце.

Цярплівая паненка зноў звярнулася да Юзафа, разумеючы, што забыў, з чаго пачалася размова:

– Дык што, каханы Юзэфе, навучыш мяне зараз, аб чым цябе прашу?

Але ён хацеў дазнацца пра ўсе матывы і намеры панны аканомаўны, бо дадумаўся да чагосьці надзвычайнага і вырашыў альбо добра скарыстаць зручны выпадак, альбо адплаціць выдатным жартам за нягжэчныя пагрозы Сулярскага.

– А што ж, паненка, пачала мовіць пра заўтрашніх Трох Каралёў і не скончыш? Навошта ж, урэшце, заўтра спатрэбіцца гарбата з самавара? Ці будуць якія госці?

– Вось жа, бачыш, каханы Юзэфе, заўтра імяніны папы.

– Якой папы? – адгукнуўся зноў Міхал. – Папа – гэта хлеб, а калі ж гэта імяніны хлеба?

– Не, Міхале, гэта імяніны нашага бацькі, ведаеш, што яго завуць Балтазар; а цяпер гэта бацьку дзеці звычайна называюць папай!

– Даўней, – адказаў Міхал, – дзеці хлеб называлі папай, а бацьку – татулем, але гэта ўсё адно, заўсёды ж бацька дзяцей сваіх хлебам корміць, дык і той папа, і гэты папа.

Пасля гэтай маральнай заўвагі Міхал працягнуў вязаць сетку.

– Дык вось жа, мой каханы Юзэфе, можа, заўтра хтось завітае да нас, вось бацька быў 6ы рады, калі 6 падаць гарбату з купленага самавара.

– А хто ж можа завітаць? Хіба запросіце каго-кольвек самі?

– Мама, здаецца, хоча запрасіць з касцёла на падвячорак і на гарбату пані суддзіну з дочкамі; здаецца,будзе пан асэсар і яшчэ там хто-кольвек, мабыць.

– А гэта іншая справа, гэта будуць гучныя імяніны пана Сулярскага! О! Гэта правільна, трэба падаць гарбату з самавара.

– Значыцца, Юзэфе, я пабягу па самавар.

– Навошта гэта патрэбна! Заўтра, як збяруцца госці, паненка, дай мне знаць, я прыйду ў пякарню і там усё як належыць спраўлю.

– Але ж, мой каханы Юзэфе, як раптам заўтра дома не будзеце, а мы назапрашаем гасцей?!

– Калі я паненцы даю слова, што нікуды не адлучуся і буду чакаць тут на месцы, будзь, паненка,спакойна!

– Злітуйся, каханы Юзэфе! 1 сам гарбаты нап’ешся, і падвячоркам пачастуем, і яшчэ пастараюся хустачку якую на шыю для Юзафа.

– Ну, добра, добра, ідзі, васпанна, спаць, а заўтра ўсё пойдзе як з маслам.

–Не давяраючы круцельскай усмешцы пана Юзафа, панна Саламея, яшчэ яму паўтарыўшы просьбу раз і другі, рэверансы зрабіла, нарэшце, пасля ўрачыстых запэўніванняў, пайшла дадому, пакінуўшы Міхала ўжо ў дрымоце, а Юзафа – у роздуме над выбарам, як яму заўтра зрабіць. Узважваў ён, з аднаго боку, выгоды свае: падвячорак! гарбата! хустачка! 3 другога – смех, сорам і злосць для Сулярскіх. Узважваў, разважаў, меркаваў – і, як гэта найчасцей бывае на свеце ў вышэйшых і ніжэйшых саслоўях, зло пераважыла, і заснуў, выбіраючы толькі спосабы сваёй помсты.

***


Накрылі прыгожа столік, і сазваныя многія госці расселіся вакол яго; імянінкі Сулярскага святкаваліся выдатна. Пані суддзіна, прымадонна гэтай пагулянкі, з трыма дачушкамі, аднагодкамі трох паненак Сулярскіх, была ў добрым гуморы! Пан асэсар, заляцаючыся папераменна то да старэйшай панны суддзянкі, то да старэйшай панны былой аканомаўны, знаёмай нам панны Саламеі, быў у добрым гуморы. Ягоны сакратар, чалавек з тлустымі шчокамі і багатымі вусамі, паглядаючы з раскошай на ладны графін з чырвонай вадкасцю, які стаяў у запасе на каміне, прадчуваючы ў хуткім часе яе смакавіты ўжытак, быў у добрым гуморы. Пан каморнік, які праводзіў тут эксдывізію, прыбыў па рэшту налічаных купцам саляр’юмаў* і, адабраўшы іх у пана Сулярскага з лішкам, быў у добрым гуморы. Сам ягамосць дабрадзей гаспадар і віноўнік урачыстасці быў апрануты ў новую чорную венгерку, багата аблямаваную тасьмамі, на шыю павязаў шырокую ядвабную зялёную хустку, доўгія канцы якой нядбайна спадалі яму на грудзі і дакраналіся да ланцужка ад гадзінніка, запхнутага за пазуху. Такім чынам, груба-плоская фігура ягамосця падзялялася ўздоўж валошкава-залацістай паласой на дзве шырокія паловы. Гжэчныя госці, не ведаючы з пэўнасцю ягонага тытулу, называлі яго без розніцы то скарбнікам, то ротмістрам – выстраены і ўтытулаваны пан Сулярскі быў у добрым гуморы. Яемосць, нарэшце, паглядаючы з задавальненнем на свае тры ўцехі, відавочна прыгажэйшыя за трох паненак суддзянак, падыходзіла да ягамосця і, шэпчучы яму на вуха гэтую справядлівую прычыну сваёй радасці, гладзіла яго па падбародку і з асаблівым замілаваннем пытала мужычка, які пабуркваў: «Ну дык што ж, душка? Ну дык што?»– а гэта выразна сведчыла, што была ў добрым гуморы! І так уся сабраная грамада ў найлепшым настроі расселася вакол століка, як я гэта апісаў.

Тым часам Юзаф, стрымліваючы ўчарашнюю абяцанку, пасля дадзенага яму знаку прымасціўся насупраць і ўжо з паўгадзіны працаваў малатком каля самавара, даказваючы панне Саламеі, што купілі сапсаваны самавар, што мусіць яго закліноўваць і выпраўляць. Самавар быў выдатны і цэлы; але на што гэтая нікчэмнасць аказалася здатнай, тое выявілася пазней! Аднак не будзем забягаць наперад, распавядаючы пра ланцуг важных выпадкаў таго дня!!!

Напоўнены двума супрацьлеглымі элементамі – вадой і агнём, – Юзаф падняў самавар абедзвюма рукамі, паслухмяны просьбе панны Саламеі, задраўшы свой нос як мага вышэй угару, зрабіў ласку ўнесці ў пакой і паставіць пасярод гасцей на столік гэты цяжарны няшчасцем посуд. Зараз жа Салюня з невыказнай грацыяй паставіла прыгожай сваёй ручкай чайник на верхавіну коміна, з якога курыўся дым.

О дзяўчо! Чаму ж ты ведаеш пра сілу пары столькі, колькі сто гадоў таму ведалі найвялікія філосафы! Чаму ж не ведаеш, што яна сёння гоніць караблі праз мора, гоніць гарэлку ў броварах! Што вось-вось будзе разрыў! Але дзяўчына сядзіць найспакойна ля пана асэсара і, пакуль у чайніку настойваецца гарбата, слухае з мілай усмешкай ягоныя кампліменты.

Кіпіць вар, сычыць, нецярпліва мацуючыся пад шчыльнай накрыўкай. «Час наліваць гарбату»,– азвалася пані суддзіна. Панна Саламея ўстае і хоча зняць чайнік; пан сакратар бярэцца за бутэльку чырвонай вадкасці... і ў гэты момант... зрываецца накрыўка самавара і, узлятаючы дагары, перакульвае імбрычак, які падае на галаву каханага пестуна Мацеюшка і аблівае ягоны твар і вушы гарачай гарбатай. Вечка, падаючы, трапляе на лысіну папуні, чый енк: «Ой! Ой! Ой!» – далучыўся да віску дзіцяці. Тым часам раптоўна вызвалены вар, пырснуўшы рэзка на вочы, твары, насы і бюсты зброду мужчынскага, жаночага і ніякага роду, што панасеў быў вакол і заціх, разліўся гарачымі патокамі, як лава з кратэра. У дадатак да ўсяго, ва ўсеагульных збянтэжанасці і ляманце хтосьці неасцярожна зачапіў модны столік на адной ножцы – самавар пераварочваецца і раптам паўвядром вару аблівае пані суддзіну і пана каморніка, якія павярнуліся спінай да століка, а пану асэсару, што якраз абцірае чаравічак на апаранай ножцы панны Саламеі, засыпае ў густую чупрыну гарачага попелу з жарам. Тут перапалох і крыкі пераўзышлі ўяўленне – усе ў адзіным парыве ўскочылі ў бакоўку, уцякаючы ад пякельнага смока, які вывяргаў агонь і вар. Але асэсар, чыя чупрына дымілася, вылецеў у сені і крыкнуў: «Гарым!» Ад гэтага слова перапуджаныя ў бакоўцы кідаюцца на злом галавы да акна, яно, вокамгненна выдушанае з вушакоў і разбітае, адкрыла вольную прастору, праз якую, ціснучыся адно праз аднаго, уся кампанія нарэшце засела ў высокай гурбе снегу тут жа пад сцяной! Няхай мне даруе найшаноўнае спадарства, увязлае ў снезе, калі скажу, што не стагнала, не крычала, але накшталт зграі ваўкоў, што каля Грамніц* сабраліся, рознымі галасамі выла. А што найгорш, як амаль заўсёды і паўсюль у злой долі, нязгода пачынаецца паміж нешчаслівымі, так і тут пані суддзіна пачала лаяць паню Сулярскую, па некалькі разоў называючы яе праклятай аканомавай. Можна было дараваць так балюча аблітай суддзінай, і пані Сулярская схільна была прапусціць знявагу міма вушэй, бо толькі ўсклікнула: «Ну дык што? Што аканомава! Ну дык што?»

Але панна Саламея, седзячы ў гурбе ля маткі, зусім бесцырымонным чынам помсціла за маму, выкрыкваючы: «Ах! Васпані суддзіна! Адметнасць! Суддзіна! Адметнасць!» – і далёка б зашло, але выбегла чэлядзь, а паперадзе яе – асэсар з залітым пажарам на галаве і ягоны сакратар з бутэлькай чырвонай вадкасці ў руцэ, якую надсвядома ўратаваў з агульнага разбурэння. Выцягнулі некаторых, некаторыя самі вылезлі і вярнуліся ў пакой. Ніхто не абышоўся без шкоды, кожны апараны ці апалены зласловіў і праклінаў; іхмасцянкі, папіскваючы і плачучы з болю, усё пыталіся адна ў адной, ці зліняюць аблітыя сукенкі – вось і давярай тут лёсу! Хвіліну таму ўсё было весела!

Сам ягамосць злавіў Юзафа, які хаваўся за пякарняй, і, усю віну на яго зваліўшы, хацеў панабіваць яму гузоў. Рэціруючыся, Юзаф абвінаваціў панну Саламею: «Я паненку навучыў упраўляцца з самаварам, у чым жа я вінаваты?» Апраўданы Юзаф уцёк, а ягамосць, уварваўшыся з акрываўленай лысінай у сені, з аднаго замаху закаціў дзве хво-сткія аплявухі па прыгожым тварыку Саламеі. Ледзь другую закончыў, балючы ўдар кулака ў спіну даў яму адчуць, што дачка мае мсцівіцу ў мамуні. Хацеў таксама і жонцы «апладзіраваць» ашалелы Сулярскі, але пан каморнік стаў на абарону.

Вось жа, насуперак амаль усім аповесцям, якія звычайна завяршаюцца вяселлем, мая скончыцца невясяллем – бо такая катастрофа знявечыла ўсякія надзеі панны Саламеі, што вынікалі з прапановаў пана асэсара і якія хацела ўмацаваць пышным святкаваннем імянінаў папы і выхадам за звыклыя аканомскія межы. Хоць пасля найхутчэйшага ад’езду разгневанай суддзінай і астатняй кампаніі пан асэсар з сакратаром і каморнікам засталіся з нагоды ўратаванай чырвонай вадкасці і з улагодненым гаспадаром высушылі яе да апошняй кроплі, аднак панна Саламея, прыгнечаная такім грандыёзным канфузам, не паказалася болей. «Ну дык што? Што бацька цябе стукнуў! Ну дык што ж? Таму гэта нічога! Вось толькі ўстань і выйдзі зараз», – казала ёй матка ў бакоўцы. На гэтую разумную параду Саламея толькі адвярнулася да сцяны і пачала мацней усхліпваць. А тым часам і пан асэсар выехаў, забраўшы з сабою самавар, які яму пан Сулярскі, як прычыну ўсіх клопатаў, з задавальненнем падарыў.

– Дзе ж арыгіналы, – запытаеш ты, чытач, – якім бы гэтая баечка магла служыць духоўным пажыткам? Каму ж 6ы яе прысвяціць, так бы мовіць,прыпісаць належала? – Ах, чытач, завітай у некалі вялікія графствы нашы, сёння параздзеленыя праз эксдывізію на малюпасенькія часткі, завітай да гэтых панкоў, што маюць некалькі хатак, а прагнуць пнуцца за ўладальнікамі некалькіх дзесяткаў – колькі ж там Сулярскіх! Колькі ж паненак Саламеек знойдзеш! Вось ім я і прысвячаю маю баечку, з беспамылковым прадказаннем ва ўступным вершы і з маральным сэнсам у такім эпілогу:

Раз цябе лёс змясціў у нізкім стане,

Багаццем не слаўся нягожым –

Лепей быць добрым, маспане,

Чымсьці смешным «вяльможам».

Пераклад з польскае моеы

Святланы ІШЧАНКІ
Бламы – пласціны футра, у якія сшываюцца шкуры.

Маціца – авечае футра.

Дзіванна – травяністая расліна, уздзейнічае злёгку расслабляюча.

Эксдывізія – падзел земскага ма-ёнтку на часткі паміж пазыкадаўцамі.

Volens nolens (лац.) – хочкі ня хочкі, воляй-няволяй.

Саетавы – зроблены з саеты (саі), дарагой тонкай лёгкай тканіны з шоўкам або воўнай, італьянскай ці азіяцкай вытворчасці.

Саляр’юм – тут: зямельны чынш.

Грамніцы – свята Маці Божай Грамнічнай, Ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Адзначаецца ў сярэдзіне зімы.


Некалькі карысных цытатаў:

  1. С. В. Максимов «Живописная Россия»:

По поводу границы и соседства Белоруссии, провожающий нас ямщик, между Новоржевом и Великими Луками, после того как мы перед огромным селом Ашевой, переехали по мосту через довольно узкую и текущую в песчаных берегах р. Алту, на берегах которой был убит Борис, - ямщик толковал:

- Здесь вот мы чай любим и пьём его втрактирах. Заведений этих у нас много даже и по сёлам. А там у них в «Польще» (т. е. Под Велижем) чаю не знают: всё водка, и корчмы для того у них не только в деревнях, но и по дорогам.

2) А. Міцкевіч, “Дзяды”, ч. 4:

(Адзін з вязняў): – Спявай жа, Фелікс! Што наліць – віна, гарбаты?



(Фелікс): – Віна!

(г. зн. Пытанне як бы рытарычнае. Хіба ж будзе сапраўдны патрыёт піць гарбату?)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка