Твайму юнацтву пазайздросціць сонца, а радасцей хапае на дваіх




Дата канвертавання30.04.2016
Памер252.18 Kb.
Табе зайздросціць сонца

Тані

Твайму юнацтву пазайздросціць сонца,


А радасцей хапае на дваіх,
Табе ужо не трэба абаронцы, —
Ты абароніш і сябе і іх.

Ад зайздрасці і крывадушнай злосці,


Ад чэрствасці, спакусы і хлусні
Па праву непадкупнай маладосці
Ты і сябе і блізкіх барані.

I не прасі ні ласкі, ні апекі,


Ні дапамогі чулае радні.
Ты ж напрасткі пераплываеш рэкі,
Гартуешся на сцюжы і агні.

I не шукай удачы выпадковай,


Што крышыцца і гнецца у руках
Стаптанаю іржаваю падковай,
Пакінутай на пыльных бальшаках.

Лаві губамі пругкі вецер мая


I абдымі асмужаны прастор,
Твая ж рука гарачая трымае
Сцяблінку, што дацягнецца да зор.

Ты перайначыш колеры і формы,


Ты выратуеш кволых, ледзь жывых,
У навальніцы, у завеі, штормы
I горы упадуць да ног тваіх.

Ты сілу сэрца, розуму і цела


Сваёй зямлі хоць сёння б аддала.
Табе у вочы сонца паглядзела,
Зажмурыўшыся ад твайго святла.

1962
Сунічны сок

Праходзяць летнія дажджы,


Сляпыя, цёплыя, грыбныя.
Ты ногі ў росах палашчы,
I сэрца соладка заные,

Суніцы спелыя збірай,


Няхай палае сок барвовы,
I напрасткі, нібыта ў рай,
Ідзі ў зялёныя дубровы,

Дзе пад дажджом і перуном


Іскрыцца мокрае улонне.
Прапахнуць горкім палыном
Твае і шчокі, і далоні.

I я знайду твае сляды


На багунах і мяккіх травах,
Калі ж ты вернешся сюды
Уся ў вясёлкавых аправах,

У кроплях сонца і дажджу,


У сініх пырсках навальніцы,
Цябе я болей не пушчу
Адну па спелыя суніцы,

А за табою крок у крок


Пайду збіраць суніцаў прысак
I пакаштую свежы сок,
Што на тваіх губах не высах.

1963

Дачка


Званкі і голас незнаёмы
Мяне трывожаць кожны раз,
I тое, што знікаеш з дому
I што вяртаешся не ў час.

А тут і дождж сячэ па шыбах,


Скуголіць вецер як знарок,
I за сцяной, нібыта выбух,
Грыміць па бруку кожны крок.

Усе спяшаюцца кудысьці


Праз вецер і праз дождж густы,
У шыбы стукаецца лісце,
А мне здаецца — гэта ты.

Калі ж ты вырасла, дачушка,


Калі паспела пасталець?
То ціха плачаш у падушку,
То пачынаеш раптам пець.

Чакаеш вечара ад рання,


Хапаеш плашчык на бягу,
Каб не спазніцца на спатканне,
I недзе мокнеш на рагу.

Што ж, я цябе не сунімаю,


Адказваю на ўсе званкі
I ўсё часцей успамінаю,
Што сам калісьці быў такі,

Што не адважваўся спазніцца,


Калі мінула дваццаць год,
Што на спатканне ў навальніцу
Праз ручаіны бег уброд...

А вось трывожуся заўсёды,


I неспакой душу дзяўбе,
Калі і ў добрую пагоду
Няма да поўначы цябе.

Мая трывога вочы засціць,


Душы спакою не дае,
Бо я трывожуся пра шчасце
I пра няшчасці ўсе твае.

1963

На катку


Бывае, што ў часіну адпачынку
Канькі і пада мною зазвіняць
I хочацца цыбатую дзяўчынку
На віражы дагнаць і перагнаць.

Мільгае патэфоннаю пласцінкай


Блакітны затуманены каток,
I, як іголка, тонкая дзяўчынка
На лёдзе робіць за вітком віток.

Яна ў тумане іскаркай здаецца


Далёкага юначага агню,
Паблісквае канькамі і смяецца,
Што я яе ніяк не даганю.

Яна віецца, кружыцца, лятае.


Яшчэ рывок — і зноўку абміне,
Бялявая, высокая, як тая,
Што некалі адстала ад мяне.

Жанчына каля сіняга сумёту


Трымае шалік, паліто і боты.
Я паглядзеў у вочы і пазнаў:
Дык вось каго калісьці даганяў.

1965

Званы


Не верыў ён ні ў д’ябла, а ні ў Бога,
Ні ў казкі заімшэлай даўніны,
А слухаліся званара глухога
Раскацістыя, гулкія званы.

На самы верх па выбітых прыступках


Ён уцякаў ад смутку і журбы,
Дзе на плячо садзіліся галубкі
I лапаталі крыллем галубы.

Глядзеў удалеч, на лясныя нетры,


На спелы луг і хвалі ярыны
I ўсёй істотай слухаў, як ад ветру
Гулі і захлыналіся званы.

Часамі вочы поўніліся жалем,


Калі глядзеў навокал з-пад рукі,
I перад ім трымцелі і дрыжалі
На прывязі жывыя языкі.

Ён ведаў іх і мову, і натуру,


I голас, і настрой, і лад, і склад.
Калі вызвоньваў святы і хаўтуры
I біў у гулкі звон, як у набат,

Маланкі ў поўнач рассякалі хмары


I шыліся ў падстрэшша кажаны.
Ён першы бачыў зыркія пажары —
I цемру раскалыхвалі званы.

А скаланула неба навальніца


Раскатамі не грому, а вайны —
Хіснулася старэнькая званіца,
I плачам захлынуліся званы.

Цягнула дымам з недаспелых ніў,


Па званары ніхто не пазваніў.

1969

Казка


Не верачы ні ў прымхі, ні ў прыкметы,
Ачуняю, толькі памажы:
Завары мне ліпавага цвету
I старую казку раскажы.

Задрамлю, і можа, зноў прысніцца,


Што прынесла з поплава сюды
Вечна маладая чараўніца
Прыгаршчы гаючае вады.

Смагаю апаленыя губы


Да яе далоняў прыкладу
I, сябе ратуючы ад згубы,
Вып’ю жыватворную ваду.

Водар дзівасілу і жывіцы


Свежасцю дыханне апячэ.
Ачуняю. Толькі чараўніца
Ад мяне нікуды не ўцячэ.

З ёю будзем усміхацца краскам,


Пазбіраем росы на траве,
Каб аддаць таму, хто верыць казкам
I на свеце за дваіх жыве.

Расчыні акно насустрач лету,


Не хвалюйся і не варажы, —
Завары мне ліпавага цвету
I, як праўду, казку раскажы.

1970

Сівы салавей



Памяці Міхася Забэйды1

Падбіўся ў дарозе сівы салавей,


Нядужыя крылы падрэзала стома,
Далёка ад майскіх вішнёвых завей,
Прыстаў на ўзбярэжжы, далёка ад дому.

Яго навальніцы хрысцілі агнём,


З падкрылкаў ляцела крывавае пер’е,
Дарогі заслала густым туманом,
Заблыталі сцежкі адчай і нявер’е.

Падбіўся ў дарозе сівы салавей,


Расінку глынуў, і адхлынула стома,
Ачах у высокай звільжэлай траве,
Далёка-далёка ад роднага дому.

Як толькі душою крыху акрыяў,


Як толькі паверыў, што зноў уваскрэсне,
Забулькала ў горле у салаўя
Нідзе не забытая матчына песня.

Становіцца пер’е сівей і сівей,


Адзін на чужым узбярэжжы начуе
I журыцца вечна сівы салавей,
Што маці ніколі яго не пачуе.

1971—1981
Каралі

У Каралішчавічах каралі


Заўзята рэзаліся ў карты
I прагулялі, прапілі
Свае маёнткі не на жарты.

Звялі па Свіслачы лясы,


Што — ні маліны, ні арэха,
I на жывыя галасы
Азвацца не здалела рэха.

Праз паўстагоддзя недзе тут,


У лесе, што даспеў за лета,
Знайшлі сабе утульны кут
I раманісты і паэты.

Зрубілі ладны смольны дом


Непадалёку ад сталіцы,
I выдаюць за томам том
Яны на кніжныя паліцы.

Маланкі свецяць уначы,


Ласі па росных сцежках блудзяць,
I так рагочуць пугачы,
Што класікаў часамі будзяць.

Вавёркі баюць казкі ім,


Спяваюць раніцай сініцы,
I каля возера кілім
Паслалі спелыя суніцы.

Тут сцежка ў кожнага свая,


Таму і не абыдзем іх мы.
На гэтай — сыкае змяя,
На той — звіняць заўсёды рыфмы.

Збіраюць з раніцы ў цішы


I раманісты і паэты
Нектар гаючы для душы
I нечаканыя сюжэты.

Пад кожным дрэвам і кустом


Знаходзім лірыкі прыкметы,
Таму і любім гэты дом
Зімою, восенню і летам.

За пералескамі — палі,


I жыта сонцам налілося...
Што прагулялі каралі,
Нам назаўсёды дасталося.

[1980—1981]

Купалле


Славу Купалу пяём, пяём...

З народнай песні

На Купалле зорна, зорна,


На Купалле росна, росна,
На Купалле хлопцу горна,
А дзяўчыне млосна, млосна.

Дагараць кастры над рэчкай,


За вадою, за туманам
Паплыве за свечкай свечка,
За вянком вянок — да Яна.

Можа, сыдуцца вяночкі,


Загайдаюцца на хвалі?
Ой, кароценькія ночкі!
Ой, трывожнае Купалле!

Ціха дзеўчына спявала:


«Хоць кароценькая ночка,
Адгукніся мне, Купала,
Каб сысціся удваёчку,

Каб пабегчы па пракосах


Непрыкметнымі, як здані,
Каб ніхто слядочкаў босых
Не разгледзеў на світанні.

Перапёлкі за дубровай,


У нявыпрастаным жыце
Варажбою ці замовай
Нашы сэрцайкі звяжыце».

Сонца выплыла па росах


I купалася ў тумане,
Зіхацела ў спелых косах
У Купаўкі на выданні.

Доўгі век ім накувалі


Дзве зязюлі ў жытнім полі:
Ні Купала, ні Купалле
Не забудуцца ніколі.

1982

Размова з Аляксеем Пысіным1

Пражытага штодня цяжэе ноша,
I ўсё глыбей разоры на ілбе.
А што ў тваёй дывізіі, Алёша?
Ты пачакай, мы прыйдзем да цябе.

Твой голас не замоўк і не замоўкне.


Пакуль мы тут, не пацішэе ён,
Пакуль увосень пад дажджамі мокне
У Краснаполлі адзінокі клён,

Пакуль з арбіты не сышла планета,


I ў бой ідзе дывізія твая,
Каб не было павек сканчэння свету,
Каб не замоўкла песня салаўя,

Каб на світанні выпала пароша,


Сняжынкі раставалі на губе...
Ну, што ў тваёй дывізіі, Алёша?
А ў нашай...
Пуста без цябе.

1984

Журавы


И журавли, печально пролетая,
Уж не жалеют больше ни о ком.

С. Ясенін

Бывайце. Шчасліва ляцець, журавы,


Хай будзе бясхмарнаю ваша дарога.
Спяшаецца ключ, як на злом галавы,
Нібыта на споведзь да зор і да Бога.

Гляджу і зайздрошчу: няма ў вас граніц,


Над вамі то сонца, то морак настылы,
Нясуць вас праз дождж і агні бліскавіц
Нястомныя, дужыя, лёгкія крылы.

Калі ж вы ў мае завітаеце сны


Пакутам і даўнім трывогам на змену?
Вас будуць чакаць на пачатку вясны...
Даруйце, калі я, магчыма, не стрэну.

18 верасня 1993 г.

Пачакай


Пачакай, маё сэрца, спыняцца.
Я ў дарогу яшчэ не гатоў:
Толькі часам трывожаць і сняцца
Мне завеі наступных гадоў.

Пачакай, маё сэрца, не трэба


Караціць укарочаны шлях.
Прыйдзе час, — перавернецца неба,
Згасне сонца ў асенніх палях,

Змрок на ўсё непражытае ляжа,


Змоўкнуць гром, галашэнне і спеў,
I ніхто за мяне не раскажа,
Чаго я расказаць не паспеў.

Пачакай, каб знянацку не ўпасці,


Пачакай, каб душу наталіць,
Каб убачыць сапраўднае шчасце
I з другімі яго падзяліць.

[1993—1994]

Саксафаніст

На рыначным стракатым фоне
Іграў заслужаны артыст на саксафоне.
Было яму на золку не да сну, —
Завейваў снег густую сівізну,
Гучалі вальсы Штрауса, то туш,
I «зайцы» падалі часамі ў капялюш.
Ад лютай сцюжы ледзянелі пальцы,
У кедах ногі стылі на асфальце,
А ён іграў то маршы, то сюіты,
Як некалі, дзеля вышэйшай світы,
I вось нарэшце атрымаў свабоду
Іграць тутэйшаму народу.
Іграў натхнёна, як заўжды, —
Перабіраў настылыя лады.
Забыўся ён пра колішняе званне
I не сыходзіў з рынку да змяркання.
«Адзначыліся» сорак тры душы
Ў паношаным яго капелюшы.
Я непрыкметна, быццам цень,
Яго прыходзіў слухаць кожны дзень.
Але замоўк раптоўна саксафон.
Міналі тыдні, — не з’яўляўся ён.
Не змоўк базарны лямант, як бывала,
А мне усё чагосьці не хапала.
Знаёмыя казалі, што на сконе
Ён ціхенька іграў на саксафоне,
Што засталася ў музыканта змена,
Што сын іграў жалобны марш Шапэна,
I не змаўкаў да самае імшы...
Гудзе базар, ды пуста на душы.

1997

Мой лепшы твор



Дачцы Тані

За Уралам, за белай тайгою


Кожнай шыбай, зашклёнай ільдом,
Пазірае ў замець з тугою
Мной калісьці пастаўлены дом.

Хтось рыпучыя топча масніцы,


Замятае на ганку сляды,
I нікому цясляр не прысніцца
У пару і пакут, і бяды.

Кожны вугал трашчыць на марозе,


Вецер свішча ў расколах тайгі.
Хто ж ступае па хісткай падлозе,
Я гадаю у вечар даўгі.

I прыпомню стажок за павеццю,


Завірухай замецены двор,
I шчаслівы, што некаму свеціць
Мой найлепшы завершаны твор.

29 студзеня 1997 г.

Коні


У цокаце, тупаце, звоне
Па гулкай вячэрняй зямлі
Ляцяць закілзаныя коні
I срэбныя мнуць кавылі.

Імчацца гарачыя коні,


Падковы звіняць і звіняць,
На белай і чорнай папоне
Іскрыстыя зоркі гараць.

Прароку на вечнай іконе


Усё да драбніцы відно —
I коннікі з бронзы, і коні,
Што недзе прысталі даўно.

А воўк згаладалы завые,


Агеньчыкі ў зрэнках мігцяць.
Крылатыя коні, жывыя,
Ляцяць ад пагоні, ляцяць.

19 студзеня 1998 г.

Рай на Прыпяці

Мы з табою на зары
Стрэліся у Мазыры
I пайшлі, як дзівакі,
Да палескае ракі.
Збіла ты аб пень каленка:
«Пацярпі, не плач, Аленка,
Мы жывой вадой з ракі
Ўсе загоім сінякі.
Ты зірні, якая Прыпяць,
Аж гатоў да кроплі выпіць.
Вунь плывуць шчупак і жэрах.
Дык давай на правы бераг
Пераправімся абое
I пашэпчамся з табою,
Што рабіць нам, як нам быць —
Ці пакінуць, ці любіць?»
Памаўчаўшы, не адразу,
Дачакаўся я адказу:
«Я кашулю не здымаю,
Бо купальніка не маю».
«Я ж аббег з дзесятак лавак
I не дапытаўся плавак.
Кажуць: «Гэта ж не зіма,
Плавак ад вясны няма».
Мы ж з табою не малыя,
Кожны жменькаю прыкрые:
Адзін — гэта, другі — тое,
Самае, што ёсць святое.
А як хочаш, распраніся
I адразу акуніся.
Дзеля нашага спакою
Я прыкрыюся рукою».
Апынуўшыся ў рацэ,
Паплылі — рука ў руцэ,
Плёскаліся, як умелі,
І прыбіліся да мелі,
Глянулі на ўсе бакі,
Ці не бачаць рыбакі?
Не, нідзе іх не відно,
А тут цёпленькае дно,
Мяккі жоўценькі пясочак,
Мы ж без плавак, без сарочак.
Заплылі аж за буі,
Апынуўшыся ў раі...

Не было змяі, ні дрэва,


Толькі мы — Адам і Ева.

8 лютага 1998 г.

Стары конь

Снег завейвае шчокі і вочы
I ляціць з цішыні ў цішыню,
Каб ніколі з дарогі не збочыць, —
Давяраю старому каню.

Палазня прападае няспынна,


Змрок — ні знічкі нідзе, ні агню,
Каб у замець такую не згінуць, —
Давяраю старому каню.

Каб прабіцца да торнай дарогі,


Я не тузаю і не ганю,
Не чакаю чужой дапамогі, —
Бо паверыў старому каню.

Нам абоім і цяжка, і горка,


А надзея адольвае страх...
Нечакана агеньчык на ўзгорку
Мільгануў — і выводзіць на шлях.

19 студзеня 2000 г.

Тэлефон


Даймалі тэлефонныя званкі
Ад рання і да позняй ночы:
То запрашалі ў госці землякі,
То нехта нешта пачытаць ахвочы.

Я кожнаму стараўся памагчы:


Паслухаць, падтрымаць, сустрэцца.
Вяртаўся ў непагоду і ўначы,
Не адчуваючы, як сэрца б’ецца.

Мае сябры знікалі назаўжды,


Бязмоўныя, з патухлымі вачыма...
Так пазваніць хацелася туды,
Куды ўжо дазваніцца немагчыма.

Я на самоце — многа год і дзён


Ніхто не запытае: «Як жывецца?»
Я кратаю маўклівы тэлефон,
Хоць ведаю — ніхто не азавецца.

2001

БОМЖЫ
На сметніках капошацца на золку

Пенсіянеркі, бомжы, алкашы, —

Шукаюць нешта, як у стозе голку, —

Цвілы сухар, панюшку анашы.
Шукаюць, каб датупаць да змяркання

І да начлегу ў бойлернай пустой.

Каб зноў прысніць шчаслівыя спатканні

З каханай, што пусціла на пастой,


Сукенкі з крэпдэшыну, гарнітуры,

Растрачаныя радасці даўно…

Ласкавыя і дзікія натуры,

Ці баявік замежнага кіно.


На золку зноў бягуць шукаць здабычу,

Каб не адстаць ад іншых зноў.

Гадаюць часам, калі Бог пакліча

У морак непрабудных сноў?


Душа трапечацца, пакуль жывая,

З адным пытаннем:

Хто ж нас пахавае?”
1997

х х х
Дабро перамагае ў казках зло.

Маё жыццё — даўгія казкі.

Чаго ў ім толькі не было?

Былі завязкі і развязкі:

Завязвалі тугім вузлом,

Што не развяжаш і зубамі,

А я ішоў усёж на злом,

Нібы вярблюд з двумя гарбамі

Чужую ношку нёс і нёс

Ці на пагрузку, ці разгрузку,

І лаяўся калматы пёс,

Ды толькі не па-беларуску.

Ад страху часам я нямеў,

А даць не мог нікому здачы,

Бо нават голасу не меў

І спадзявання на удачы.

Завязвалі, развязвалі вузлы,

Былі кароткія палёгкі,

А я не быў ніколі злы,

Хоць і не быў ніколі крохкі.

Матлялі з боку ў бок вятры,

Душа збалелася, як верад.

Я ведаў: “Вочы лепш пратры

І толькі пазірай наперад”.

А як і мой датлее каганец,

Складу свае ўсе абавязкі,

Так набліжаецца канец

Вясёлае і страшнай казкі.

1998г


КАШТАНЫ
Мой лёс заблытаны і танны,

Пра шчасце бачу толькі сны,

І мару, каб цвілі каштаны

Ў апошні дзень маёй вясны.


Успамінаю ўсе драбніцы —

Туман і бэзавую даль,

Блакітны росчырк навальніцы

Над грэбнямі і пенай хваль,


Пад чорнай хмарай ветразь белы,

Як лебядзінае крыло,

Над безданню віецца смела

І сее яснае святло,


Вятры крутыя на свабодзе,

Гром і маланкі путы рвуць,

Хоць, як і ў першае стагоддзе,

Каштаны і цяпер цвітуць.


Час і любоў загояць раны,

Бяда і гора абміне…

Я веру: некалі каштаны

Запаляць свечкі для мяне.


2/І/1998

МОЙ ВЕРАСЕНЬ


У верасні ветрана ў полі

Рудзее сухая трава,

Заходзіцца сэрца ад болю,

Як жорны, гудзе галава.

Ад лужы да лужыны крочу,

Забыты шукаючы двор,

І сам сабе долю прарочу —

Праклёны, папрокі, дакор.

Дажджлівае змрочнае заўтра

І гне, і гайдае мяне,

Хоць верыцца — гэтая квадра

Калісьці, як прыявід, міне.

Далёка агеньчык засвеціць,

У змроку сцяжынку знайду.

Не я, дык унукавы дзеці

Сваю перацерпяць бяду…

Маўчыць вераснёвае поле,

Іду праз сваю даўніну

І веру, што горкую долю

Да скону усё ж абміну.

Сухая трава адшумела,

Лістота шляхі замяла

Душа яшчэ не адбалела,

А зорка у зорку ўвайшла.

1997г.

МАЕ СЯБРЫ


Няма ў мяне славутых і вялікіх

Сяброў, якім адну хвалу пяюць.

Сяброў не выбіраю па разліку,

Што нешта могуць, маюць і даюць,


Не дарам, не з уласнае кішэні,

Але са мною з даўняе пары

У час узлётаў і ў пару крушэнняў

Апошнім дзеляцца сапраўдныя сябры.


Я з імі не бываю мітуслівы,

Хвалу і дыфірамбаў не пяю,

Але бываю кожны раз шчаслівы,

Калі да каліва усё ім аддаю.


1997

СПАДЗЯЮСЯ НА СУСТРЭЧУ


Памяці сына, якога даўно няма.
Ён часта па начах прыходзіць

У мой трывожны неспакой,

Ласкава па шчацэ праводзіць

Заледзянелаю рукой.

Маленечкі, слабенькі, невідушчы,

Бацькоўскай прагне цеплыні,

І рэквіем “Во гробе сущий”

Плыве з бяздонная вышыні.

Ён гаварыць яшчэ не ўмее,

А нешта сіліцца сказаць,

Бо з цемры, сыкаючы, змеі

Паўзуць, каб і яго звязаць.

Я ледзьве ўбачыў цераз краты,

Як вочкі раптам ажылі,

Ад жаху ён прамовіў: “Тата,

І заслані, і прытулі”.

Ён дакранаецца нясмела

Халоднай ручкай да мяне…

Зрабіўся раптам пасівелі,

Няўжо і па маёй віне?

Упарта сочыць кат лупаты

З-за акрываўленых асін

І ведае, што ў год пракляты

Цераз мяне загінуў сын.

…Анёламі пасталі дзеці,

Даўно пакінуўшы зямлю…

І ўсё ж я веру — на тым Свеце

Да сэрца сына прытулю,

Ужо ссівелага, старога,

Бо ў кожнага -- адна дарога.


1992 — 1994

ПОЙДЗЕМ УДВАІХ

(паводле народнага)
Дзе ты, любая мая?

Не зважай на стому

І не бойся, калі я

Правяду дадому.


Наскакаліся з табой

Па падлозе гулкай,

Не хадзі дамоў гурбой

Вузенькаю вулкай.


Непрыкметна кінем іх,

Паглядім на зоры,

Пойдзем толькі удваіх

Да тваёй каморы.


Вунь бялее новы зруб

Каля вербвлоззя,

Ты не бойся, што да губ

Губы прымарозіў.


Я даўно-даўно шукаў

Любую дзяўчыну,

Ні адну не ашукаў,

І цябе не кіну.


Ой, каханая мая,

Адпачнем у стозе,

І не бойся, калі я

Губы прымарозіў.


1992

ЛЮБАЯ МАЯ


Што ж ты выстудзіла хату,

Любая мая?

Хоць сягоння і не свята,

Завітаю я.

Не скакалі і не пелі

Мы з табой даўно.

А каб дзверы не рыпелі,

Адчыні акно.

Мы скакаць і пець не будзем,

Божа барані,

Тату з мамай не разбудзім,

Толькі адчыні.

Нештачка скажу на вушка,

І дамоў пайду,

А захочаш спаць, падушку

Ціха падкладу.

Хоць сцюдзённа ў хаце будзе,

Я не задрыжу,

Покуль певень не разбудзіць,

Ціха паляжу…

Пеўні тройчы пелі ў згодзе

Пра любоў сваю.

Я ж, як пудзіла ў гародзе,

Пад акном стаю.


1994
РАЗВЯДЗЁНКА
Белы тонкі кужаль

На вячорках пралі.

І я мела мужа…

Як жа яго звалі?


Я цвіла, як ружа,

Як рабіны гронка.

Не ўтрымала мужа,

Стала развядзёнка.


Мужа я паклічу,

Бо даўно любіла,

Толькі вось аблічча

І як зваць, забыла.


Мы хадзілі пешкі

У зялёным жыце.

Вы яго да сцежкі

Клікнуць памажыце.


Тая сцежка стала

Бітаю дарогай.

Я гукаць прыстала,

Лепш знайду другога.

ЛЮБА
Адзавіся, дарагая,

Не таіся, не маўчы,

Бо сустрэнецца другая,

Мне насустрач ідучы,

Спыніцца і усміхнецца,

Паглядзіць і не міне,

Скажа, як яна завецца

І спытае у мяне.

Люба, Люба, Любачка,

Шызая галубачка,

У цябе палаюць вочы,

Як сузор’і сярод ночы,

Бачаць кожнага наскрозь,

Толькі сэрца не марозь.

Пойдзем удваіх паволі,

Абдыму твой тонкі стан,

Нас укрые ў росным полі

Срэбным вэлюмам туман.

А ў Любы-Любачкі,

Як суніцы губачкі,

Свежыя салодкія,

А вечары кароткія,

Каб яны былі даўжэй,

Стала б Люба даражэй.

Ой, як шкода, што світае,

Поўна ў жыце спарышоў,

Побач Любачка святая,

І святы цябе знайшоў.


1996

СВЯТА ДУШЫ

(дыялог)
— Я багаты, багаты.

— Ну, а што ў цябе ёсць?

— Ясакар каля хаты

І на покуце госць.

Я сягоння багаты,

А каб стаць багацей,

Запрашаю на свята

Самых блізкіх гасцей.

Як заўсёды, пяшэчкам,

З рукзаком на спіне,

Прыйдзе ў госці з мястэчка

Даўні друг да мяне.

Прыляціць на світанні

Пабрацім дарагі

З пасівелай Разані,

А з Нарыльска — другі,

Папрыходзяць суседзі,

З кім на ты, з кім на вы,

А пад вечар прыедзе

Мой таварыш з Масквы.

— Што ў цябе за угодкі,

Што за свята, скажы?

— Век наш дужа кароткі.

Проста. — Свята душы.

— Чым яшчэ ты багаты,

Што ўстаеш да зары?

— Тым, што ў будні і ў святы

Не забылі сябры.


1978г

ЗАКОН СУМЛЕННЯ


Ад нараджэння і да скону

Ўсе падуладныя закону,

А іх не меней за мільёны,

І ўсе суровыя законы.

Іх забывае той, хто піша,

А помніць той, хто ледзьве дыша.

Закон заўсёды ў пазалоце,

Трымае кожнага ў аброці.

Ён так прыдуманы старанна,

Што кожны будзе пакараны,

І трапіць праведнік у зону,

Калі захочуць, па закону.

Хто прыдумляў яго, рагоча

І так жыве, як сам захоча.

Закон жыве за ўсіх даўжэй,

І нават за цара дужэй.

Таму малюся, стаўшы на калені,

Я за адзін Закон Сумлення.

[2001]

ПРАДЧУВАННЕ


Надыходзяць апошнія тыдні і дні.

Красавік капяжамі булькоча.

Не пачую радні, не пабачу радні,

Як навекі заплюшчацца вочы.


Набалелае сэрца радзей і радзей

За хвілінамі лічыць хвіліны,

На ратунак і радасці меней надзей,

Калі сняцца адны дамавіны.


Так зямныя пакуты закончацца ўсе,

Знікнуць болі, бяда і нягоды.

Невядома адно, хто душу панясе,

І куды панясе назаўсёды.


Шлях апошні зашэрхне вясновым лядком,

І ніхто не зажурыцца ў скрузе.

Спадзяюся, што некалі хоць бы радком

Да жывое душы дакрануся.


26/ІІІ/2001

СТАРАСЦЬ
Не ведаю, хто адымае зрок

І засланяе ўсе вясёлкі хмарай.

Напэўна, што няўмольны рок

Карае незаслужанаю карай.
Нямее звонкі шматгалосы свет:

Ні крокаў, ні сірэнаў не пачую,

Пра што пытаецца сустрэчны ці сусед,

Гляджу, як вінаваты, і маўчу я.

Здаецца мне, што ўсе маўчаць,

Ахутаныя хісткаю смугою,

Нібы на ўсё накладзена пячаць

І адзінотай, і тугою.

Я не шапчу, а голасна крычу я,

І, можа, лепш, што ў познія гады

Я меней глупства і маны пачую,

І ўбачу меней гора і бяды.


Я толькі пазнаю па паху хлеб,

Праменьчык нагадаў, што свеціць сонца.

Адразу не адчуў я, што аслеп,

Як не пачуў, што косці точыць стронцый.

Куды ўсё дзелася, і зрок, і слых,

І радасці жыцця, і спадзяванні?

Што ж засталося ў памяці ад іх?

Перад апошнім — першае спатканне

З жыццём і светам, што я так люблю.

Ці ж крыўды і памылкі замалю?


15/IV/2001

Бяссонне
Удваіх з маёй тугою

Я да рання не засну

І з надзеяй дарагою

Мару сустракаць вясну.


Пабягу па хісткай кладцы,

Прыгадаю, хто я ёсць,

І ў даўно жаданай згадцы

Азавецца маладосць.


Але гэта — толькі мары

На запозненай мяжы,

Бо у зморшчынках на твары

Застываюць капяжы.


Хутка спыніцца гадзіннік,

Не парушыць вецер ціш,

І — як безнадзейны вынік —

Зноў прысніўся белы крыж.


12—13 жніўня 2002 г.
Дзеці
Гляджу і радуюся —

Дзеці, дзеці!

О, колькі вас

На белым свеце!

Смуглявых і блакітнавокіх,

Тутэйшых, блізкіх і далёкіх, —

Расейцы, украінцы, беларусы,

Што не спазналі покуль што спакусы.

Бо ўсе, нібы Адамава радня,

Яшчэ не ведаюць, што ёсць хлусня

І пустата душы, і п’янства,

І з ашуканствам ашуканства.

Яны яшчэ не ведаюць нічога —

Куды якая завядзе дарога,

Куды “павадыры” іх завядуць,

Што праўдаю хлусню завуць.

О, Божа, беражы іх ад хлусні,

Ад жорсткасці здзічэлай барані,

Каб стала светла і ад іх на свеце.

Без плямкі на душы расціце, дзеці,

Расціце і сталейце ў добры час,

Каб станавіцца лепшымі за нас.

Каб не вяла ў тупік дарога,

Без праўды, без сумлення і без Бога,

Каб бедаваць і плакаць вы не ўмелі

І каб дачасна не сівелі,

Каб ваш праславіўся сумленны род

На сотні год! На сотні год!

2002г.

ШАМАН


Памяці паэта Івана Ласкова,

пахаванага ў Якуцку
То ў бубен б’е, то скача,

То канае,

То кліча духаў з пекла

І з нябёс,

Звініць шамкамі, і камлае,

Прарочачы шчаслівы лёс.

Падскочыўшы, заплюшчыць вочы,

І абвядзе за кругам круг,

Слязу страсе, то зарагоча:

Ён — служка ўладароў і слуг.

Захоплены самім сабою,

Магутных славіць,

А слабых кляне,

Чаруе танцам, бубнам, варажбою,

То замармыча, як у страшным сне.

Глядзяць зачараваныя тунгусы,

Як выпетраны кружыцца шаман

З надзеяй на заклёны і спакусы,

На абяцанні і падман.

Жыць, лічаць, без падману немагчыма

У тундры ні старым, ні маладым,

І не ўглядацца вузкімі вачыма

Праз слёзы і кізячны дым.

У бубен б’е шаман і плача,

То зарагоча ля кастра,

Што прыйдзе некалі удача —

Яго шчаслівая пара.

1997г.
ТРЫВОЖНЫ СОН


Вось так і канчаеца песня

У век безнадзейна даўгі.

Магчыма, яна і ўваскрэсне,

Як толькі падхопіць другі.


А хто нашы сплоціць даўгі,

Што Бог разлічыцца не собіў

У век неадольнай тугі

І гора вышэйшае пробы?


У век нечуванай хваробы,

У скону на самай мяжы,

Дзе людзі без жаднай аздобы

Ўсё ставяць і ставяць крыжы,


З пякельных пячораў смаўжы

Прарочаць пакуты планеце,

І ўжо на нябачным лаўжы

Знікаюць пачварныя дзеці.


Счарнелы палын на планеце

Рассейвае смерць нахаду,

А д’ябал трымае ў сакрэце

Пякельную нашу бяду.


Імкліва спаўзае ў жуду

Разбэшчаных прывідаў век,

І непадуладны суду

Ўсё нішчыць сляпы чалавек,

Уласным зрабіўшыся катам,

І ліру змяніўшы на атам.


23-26/VII/1994
НАСТУПНЫ ВЕК
Такой імклівай не было хады

І пошукаў, і клопату ў народзе,

І прадчуванне, што праз тры гады

Пачнецца дваццаць першае стагоддзе.

Над Млечным шляхам у завеях зор

Яно хвіліну за хвілінай лічыць,

І Сірыус паставіла ў дазор,

І Мілавіцу з Месяцам пакліча.


Які ж ён будзе дваццаць першы век?

Філосаф і прарок не разгадае,

Ці стане годным кожны чалавек,

Ці падабрэе, ці паспагадае

Пакутніку, калеку, жабраку,

Каб не было падману, крыўды, здзеку,

І ці падасць наступны век руку

Цяперашняму змучанаму веку,

Што задае загадкі кожны дзень,

То просіць, то дае парады,

І усё гусцей кладзецца цень

На лёсы, душы і на ўрады,

То далеч засцілае дым,

То свеціць сонца пры нагодзе.

Канчаецца наш век… А маладым —

Уславіць новае стагоддзе

х х х
З нас кожны без вагання,

Як прагучыць загад,

Адразу на змаганне

Ішоў, як на парад.

Не страшылі нас кулі

Ў шалёныя гады,

І юнакі ў Кабуле

Палеглі назаўжды.

Мы ўдарнікамі зваліся,

Ішлі ў забой і ў стэп,

Усё жыццё змагаліся

За вугаль і за хлеб,

Хоць часам ледзь трымаліся,

Але ішлі на бой.

А з кім жа мы змагаліся?

Няўжо з самім сабой?

Не жалюся, не каюся,

Што на сваёй зямлі

Усё жыццё змагаюся,

А жыць няма калі.


1998

ТРАГЕДЫІ
Трагедыі і драмы — на Зямлі,

Камедыі здараюцца таксама:

То ўсходзяць, то злятаюць каралі,

У акіянах гінуць караблі

Каля Бермудаў і каля В’етнама,


Галосяць дзеці: “Мама! мама!”,

Паводка іх у вір нясе,

А то Люцыфер так Зямлю трасе,

Што раптам гіне ўсё і ўсе.

Відаць, і ў д’ябла — цвёрдая праграма.
То тлустая плыве па моры пляма,

Што нават чайкам не ўзляцець,

Канае апраменены мядзведзь,

І не канчаецца за драмай драма,

Што салавей развучваецца пець,
Бо з году ў год не перастаў кіпець

Крывавы жах у Грозным і ў Кабуле,

Што нават горы пачалі сівець,

Што дагараюць танкі, свішчуць кулі,

І бомбы сыплюцца, як град,
Але ніхто ужо не лічыць страт:

“Вайны ж няма!” Хоць не злічыць забітых,

За што страляе брата брат.

А колькі невядомых і забытых

Скалечаных жанчын і немаўлят!

Слязьмі заходзяцца каханыя і маці,

Ім свету божага ад гора не відно,
А нехта правіць баль, нібы на свяце,

І п’е чырвонае салодкае віно

“За Перамогу!”, як і піў даўно…
Наш век пачаўся і адыйдзе з горам:

Людзей паўлюдкі ледзь не ўшчэнт звялі,

Ім страшна каяцца і прызнавацца сорам,

Таму і лічаць Бога рэжысёрам

Трагедый і камедый на Зямлі.
Таму на Бога ўсе грахі валі,

Бо ён яшчэ не перастарак,

Хоць у Яго за нас душа баліць,

А ў трапяткой руцэ дрыжыць агарак,

Каб непакорны “Глобус” падпаліць…
Калі надыйдзе мой апошні час,

Я памалюся за сябе і вас…


1997
НА ПАРОЗЕ
На пороге стоит судьба.

А. Ахматава
Пашчапалася даўняя ліра,

Бо іграць абы што я не ўмеў,

І нарэшце прызнаюся шчыра,

Што з гадамі аглух і знямеў.


Ледзьве чую то шэпты, то крыкі,

Змрок у зрэнках удзень і ўначы:

Набліжаюцца з горам разлікі

На апошні рубеж ідучы.


Верыў ласцы і грознай пагрозе

І свой груз без адчаю пранёс.

Азірнуўся — стаіць на парозе

Мой няўмольны бязлітасны лёс.


Я адразу яму не здаюся,

Уцякаю з бяды да бяды,

І Радзіме сваёй застаюся

Быў і буду адданы заўжды.


Студзень 2000г.

БЕЗ СЛЁЗ
Даўно мне не хапае слёз,

Каб выплакаць усе няўдачы,

Хоць быў распяты, як Хрыстос,

А слёз маіх ніхто не бачыў.
З канцом звяжу усе канцы,

Пачую голас: “Памаліся!”

А слёз няма. Адны рубцы

На сэрцы толькі засталіся.



[2001]


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка