Тур Н. П., настаўнік беларускай мовы і літаратуры Тэма: Пазакласнае мерапрыемства па беларускай мове “Клуб вясёлых і знаходлівых” (7-8 класы)




Дата канвертавання13.05.2016
Памер38.4 Kb.
Тур Н. П., настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Тэма: Пазакласнае мерапрыемства па беларускай мове

Клуб вясёлых і знаходлівых” (7-8 класы)


Мэта: павышаць цікавасць да прадмета,

развіваць уменне выкарыстоўваць набытыя веды ў нестандартнай сітуацыі, развіваць уменне працаваць у камандзе, выхоўваць узаемапавагу, развіваць творчыя здольнасці.


Літаратура: 1. Малажай Г.М., Рачэўскі С.Р. Пазакласная праца па

беларускай мове. Мн., 1990.

2. Паўлоўская В.І. Мова: цікава і займальна. Мн., 1989.

3. Канус М.І., Прыймак Ж.Н. Гучы, роднае слова! Мн., 1995.


Абсталяванне: 1. Аўдыёкасеты з музычнымі кампазіцыямі беларускіх

аўтараў.


2. Табліцы, схемы, карткі.

3. Абсталяванне для інсцэніровак: вопратка, гуслі, стол, фіранка.


Сцэнарый мерапрыемства
Добры дзень! Я вітаю ў гэтай зале самых вясёлых, самых знаходлівых вучняў нашай школы. Сёння ў нас свята гумару, сёння ў нас КВЗ!

Мы вітаем удзельнікаў нашай гульні:

а) каманда 7 “А” класа (выходзіць на сцэну)

б) каманда 8 “Б” класа (выходзіць на сцэну)

в) журы (паднімаецца)

г) балельшчыкі (пляскаюць самі сабе ў далоні)


А зараз мы пазнаёмімся з нашымі камандамі. Капітаны прачытаюць свой дэвіз, а супрацьлеглая каманда адгадае, якую назву мае каманда-суперніца.

(за правільны адказ – 1 бал)
І так – 7 “А”, ваш дэвіз!
Ад сабе сказаць хачу:

Усе прадметы я лічу.

Няма часу адпачыць:

Кожны просіць палічыць –

Колькі іх, каторы ён?

Лічбы – працы маёй плён.

(Лічэбнік)


8 “Б”, ваш дэвіз!
Я аздабляю нашу мову:

Даю прыметы розным словам.

Наўрад ці зможаш без мяне ты

Прадмет адрозніць ад прадмета.

(Прыметнік)


І так перад намі каманда “Лічэбнік” і каманда “Прыметнік”. Кожная каманда атрымала па 1 балу. Малайцы!
А зараз сур’ёзнае выпрабаванне “Вясёлая віктарына”. Усе каманды займаюць сваё месца на сцэне (сядзяць). Я задаю пытанні абедзвюм камандам адначасова. Хто ведае адказ, той паднімаецца і адказвае. Журы падлічвае колькасць правільных адказаў.

(за кожны правільны адказ – 2 балы)

Вясёлая віктарына
1. Якія словы маюць сто зычных? (стол, стоп, стог).

2. З чаго пачынаецца і чым канчаецца Нёман? (літарай Н).

3. Які часопіс у лесе знойдзеш? (“Вожык”).

4. Якую частку слова заўсёды знойдзеш у зямлі? (корань).

5. Якога месяца няма ў календары? ці Які месяц трынаццаты? (на небе).

6. Якая рака цячэ ў роце? (Дзесна).

7. Якую соль нельга раствараць? (нота – соль).

8. Які горад сярдзіты? (Грозны).

9. Якую сельскагаспадарчую прыладу можна знайсці на галаве? (Каса).

10. Ці можа бусел назваць сябе птушкай? (Не. Не ўмее гаварыць).

11. Які касяк не зробіць самы спрактыкаваны сталяр? (птушыны).

12. Адзін вучань напісаў: У рыбоў няма зубоў. Другі паправіў: У рыбей няма зубей. Трэці не згадзіўся: У рыб’яў няма зуб’яў. А чацвёрты ўсё закрэсліў і напісаў: У рыб няма зуб. З кім вы пагодзіцеся? (У рыб няма зубоў).


Пакуль каманды рыхтуюцца паказаць нам свае дамашнія заданні, мы прапануем конкурс для залы, для балельшчыкаў.
Гульня “Літара заблудзілася”
а) “Малако дае карова”, – напісаў на кошцы Вова.

б) Ліза мазі папрасіла: Лізу вуха ўкусіла.

в) Закрычаў Рыгорка: – З неба ўпала горка!

г) Не праедзем, дружа, на дарозе ружа.

д) Кажа Слава Светцы: – Цесна тыгру ў кветцы!

А зараз – дамашняе заданне. Каманды прапануюць вам для прагляду ўрыўкі з твораў мастацкай літаратуры (паказваюць сцэнкі).



(максімальная колькасць балаў – 5)
А зараз на сцэну запрашаем капітанаў. Гэта самыя смелыя, самыя кемлівыя людзі ў камандзе. Наступны конкурс для вас! (фразеалагізмы). Мы паглядзім, хто з вас вастрэйшы на язык. Я задаю вам пытанні па чарзе, а вы адказваеце.

(за кожны правільны адказ – 1 бал)
1. Пра каго можна сказаць, што ён кату па пяту?

2. Пра каго кажуць, што ён выйшаў у людзі? (пра таго, хто стаў паважаным чалавекам).

3. Пра каго кажуць, што ён за словам у кішэню не лезе? (пра знаходлівага чалавека).

4. Пра каго кажуць, што ў яго галава на плячах? (пра разумнага, кемлівага чалавека).

5. У каго можа быць сем пятніц на тыдні? (У чалавека, які ўвесь час мяняе свой пункт гледжання).

6. Пра каго кажуць, што ён ад рук адбіўся? (пра непаслухмянага чалавека).


Наступнае заданне для абедзвюх каманд называецца “Канструктаванне слоў” (Удзельнікі атрымліваюць скрыначкі з літарамі. За 2 хвіліны трэба скласці, як мага больш слоў).

(за кожнае слова – 1 бал)
І зноў мы вітаем каманды. Раскажу я вам зараз казку. Аднойчы сабраўся назоўнік пазнаёміць вучняў 1 класа з прыказкамі. Склаў у мяшок патрэбныя назоўнікі і пайшоў да іншых часцін мовы за словамі. А мех быў дзіравы – назоўнікі і павысыпаліся. Так і ляжаць на дарозе па два (кожная пара са сваёй прыказкі): адклад-лад, сябар-грошы, птушка-галасок. Ці варта нам чакаць, пакуль іх збярэ назоўнік, пакуль ён складзе прыказкі? Давайце самі гэта зробім!

(за кожную адноўленую прыказку – 2 балы)
Яшчэ адна цікавая гісторыя. Селі словы на карусель, раскруцілі яе, але слаба трымаліся, пападалі ў траву, разламаліся. Было слова – стала два. Даем вам некалькі хвілін, каб аднавіць словы. Пераможа тая каманда, якая складзе большую колькасць слоў!

(за кожнае слова – 1 бал)
Наступная гульня – “Мост”. На лісце паперы запісана слова “мост”. Трэба запісаць, як мага хутчэй 5 слоў на кожную з літар, якія ўваходзяць у склад гэтага слова.

Ну а зараз падводзім вынікі.

Перамагла каманда “_______________”, але ўсе вы малайцы!

Галоўнае не тое, хто набраў большую колькасць балаў, а тое, што мы прыемна правялі час, нам было весела і мы пойдзем з гэтай залы ў добрым настроі.


Да пабачэння!!!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка