Трагікамедыя «трыбунал» — адлюстраванне гераічнай барацьбы беларускага народа п. I. Маляўка




Дата канвертавання06.05.2016
Памер76.17 Kb.
ТРАГІКАМЕДЫЯ «ТРЫБУНАЛ» — АДЛЮСТРАВАННЕ ГЕРАІЧНАЙ БАРАЦЬБЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

П. I. Маляўка
Тры гады фашысцкай акупацыі Беларусі былі гадамі цяжкіх выпрабаванняў, гераічнай барацьбы ўсяго народа, якая не перапынялася ні днём, ні ноччу. Не дзіўна, што беларуская літаратура з такой гарачай зацікаўленасцю і пільнай увагай звярталася і звяртаецца да гераічнай усенароднай барацьбы супраць захопнікаў. I тым не менш не вычарпана гэта тэма і сёння.

Ужо сорак гадоў тэма Вялікай Айчыннай вайны займае адно з вядучых месц у савецкай літаратуры.

Не выпадкова, што да гэтай тэмы звяртаюцца, як правіла, яе ўдзельнікі і сведкі. Творы, напісаныя імі,— драматычная праўда аб вайне, аб гераізме і трагедыі народа. Праблема «чалавек і вайна» — у цэнтры твораў, якія характарызуюцца праўдзівасцю і канкрэтнасцю ў паказе падзей, эмацыянальнай і псіхалагічнай паўнатой у аналізе душэўнага стану воіна, партызана, падпольшчыка, глыбінёй раскрыцця сутнасці гераізму савецкага чалавека, прыроды подзвігу. Па-новаму загучала тэма трагічнага. Творы сталі будавацца не толькі на рэзкай сацыяльнай канфліктнасці (барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў), але і на ўнутраным псіхалагічным драматызме.

П'есу «Трыбунал» А. Макаёнак вызначыў як жанр трагікамедыі. Камедыёграф задаўся мэтай: саму тэму гераізму савецкага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны паказаць у форме трагікамедыі. Гэта быў свайго роду эксперымент. Макаёнак жа адным з першых звярнуўся да паказу героікі ў п'есе такой разнавіднасці камедыйнага жанру. Гэта быў наватарскі і рызыкоўны крок у галіне драматургіі. Сёння гэта п'еса заняла пачэснае месца ў рэпертуары многіх тэатраў нашай краіны, не кажучы ўжо аб нацыянальных беларускіх тэатрах, дзе ёй спадарожнічаў вялікі поспех. Спачатку нават само жанравае вызначэнне твора выклікала вялікія спрэчкі. Адны лічылі, што гэта не трагікамедыя, другія бачылі ў ёй гераічную драму, а для трэціх п'еса прадстаўлялася як народны лубок. Аднак за кожным з гэтых вызначэнняў стаяць прынцыповыя адрозненні ў падыходзе да п'есы, бо «ў канчатковым выніку ад правільнага жанравага вызначэння залежыць правільнае сцэнічнае ўвасабленне п'есы».

Савецкі літаратуразнаўца У.Фралоў лічыць, што ,,Трыбунал" — цудоўная п'еса Макаёнка — выйшла з народнага лубка, з балагана. Яе напісаў мастак, які адшукаў у лубачным анекдоце не толькі камізм, але і трагізм высокага і адвечнага».

У той жа самы час сур'ёзна пралічыліся тыя рэжысёры, якія стараліся ставіць на сцэне п'есу толькі ў жанры народнага лубка. Спектаклі выйгралі ў яркасці і сакавітасці, але ў раскрыцці саміх характараў дзеючых персанажаў аказаліся псіхалагічна неглыбокімі.

Па сутнасці, А. Макаёнак дае новае жыццё жанравай разнавіднасці, на жаль, даўно забытай: народнай трагікамедыі. Тут не простае адраджэнне старой традыцыі. Пісьменнік-камедыёграф напаўняе п'есу новым грамадскім зместам, дзякуючы чаму «Трыбунал» займае асаблівае месца сярод твораў, напісаных драматургамі аб гераізме савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У аснове п'есы ляжыць важны грамадскі канфлікт — канфлікт паміж сіламі міру і вайны. Яшчэ больш выразна раскрыты канфлікт паміж Цярэшкам-«старастам» і яго сям'ей, Цярэшкам-патрыётам, сям'ёй і фашыстамі.

У трагікамедыю ўводзіцца сямейна-бытавая інтрыга, што з'яўляецца традыцыйным для ўсёй сусветнай камедыяграфіі. Яна «жывіць сюжэт, садзейнічае развіццю драматургічнага дзеяння».

Характэрнай асаблівасцю п'есы «Трыбунал» з'яўляецца тое, што ў ёй драматургічны канфлікт са сферы антаганістычных супярэчлівасцей пераносіцца ў сферу сямейных калізій, якія прама і ўскосна звязаны з галоўным канфліктам твора.

У п'есе можна адшукаць і ўнутраны канфлікт: паміж пачуццямі і абавязкамі, якія характарызуюць галоўнага героя трагікамедыі Цярэшкі Калабка. У гэтым канфлікце «таксама адкрываюцца шырокія сацыяльныя гарызонты, бо фактарамі гэтай барацьбы служаць сфарміраваныя грамадскім, гістарычным быццём паняцці і ўяўленні, і нават сфера эмацыянальная — «асабістая», самая патаемная — нясе на сабе адбітак часу і асяроддзя, іншымі словамі — рэальных жыццёвых абставін».

Цярэшка Калабок у «Трыбунале» пастаўлен у складанае становішча: па-першае—дапамога партызанам (па заданню камандзіра партызанскага атрада ён становіцца старастам), па-другое — патрэбна яшчэ і «верна» служыць ворагу, па-трэцяе — пастарацца пераканаць жонку і дзяцей у тым, што іх бацька — не здраднік, не фашысцкі прыслужнік.



Канфлікт героя з самім сабой абвастраецца яшчэ і таму, што ён даў клятву Арлоўскаму нікому не раскрываць свайго сапраўднага становішча. Герой не ўпэўнены, што гэта тайна не стане вядомай усёй вёсцы. У самым канцы п'есы ён прыводзіць такі прыклад жонцы: «А то вунь у зарэчанскім пасёлку Сырадоеў усю сям'ю спаліў. У іх хаваўся наш партызан, камандзір. I ніхто, апроч сваіх, не ведаў. Значыць, са сваіх і прагаварыўся, пахваліўся. I ўся сям'я загінула». Але гэтыя словы ён скажа толькі ў самым фінале п'есы. А спачатку ён спрабуе як-небудзь падказаць жонцы праўду свайго становішча. Няўжо яна не здагадаецца: столькі ж гадоў разам пражылі. «Цярэшка (крычыць). Паліна! Я не пакаўзнуўся! I ніхто мяне не стукнуў! Я табе рускім языком сказаў — за мяне не турбуйцеся!» (выдзелена намі.— П. М.). Не вельмі лёгка зразумець сэнс гэтых слоў, тым больш што Макаёнак свядома «затрымліваецца» з расшыфроўкай гэтых слоў, падводзячы ўсё да камічнага дыялогу. Чаму? Калі б блізкія здагадаліся, то наступіла б развязка дзеяння, канфлікт, які не паспеў яшчэ сфарміравацца, вырашыўся б. Але гэтага не адбываецца, а сюжэт яшчэ больш ускладняецца: Паліна і дзеці паверылі, што Калабок свядома стаў старастам. Гэтым самым канфлікт яшчэ больш абвастраецца, дзеянне ў творы ўскладняецца, становіцца больш «закручаным».

Сказаць ці не сказаць праўду — вось што не дае спакою галоўнаму герою трагікамедыі. Сказаць праўду— няма ўпэўненасці, што яна застанецца таямніцаю: барацьба ідзе смяротная, ды і вораг вельмі хітры і каварны; а заставацца ў вачах сям'і «фашысцкім прыслужнікам» — значыць быць назаўсёды прыгавораным да смерці. Аб паводзінах Калабка, аб яго характары можна сказаць словамі Л. Талстога: «Здаецца, просты чалавек, а прыйдзе суровая часіна, у вялікім і ў малым, і паднімецца ў іх агромністая сіла».

Яшчэ больш абвастраецца канфлікт паміж Калабком і сям'ёй з прыходам у дом начальніка паліцыі Сырадоева і нямецкага каменданта. Менавіта ў гэтай сцэне ў поўнай ступені праявіўся характар «старасты» — партызанскага сувязнога, глыбока раскрыўся нацыянальны характар, таму што «Цярэшка — косць ад косці свайго народа, ён беларускі ўсім: грамадзянскай прыстойнасцю, працавітасцю, хітрынкай, сарамлівасцю ў самавыяўленнях, адсутнасцю эгаістычных амбіцый...».

Вялікі падтэкст схаваны ў «прамове» Цярэшкі Калабка: «Хто такі ёсць я? Ну? Хто? Народ! Раз пайшла вайна народная,— значыць, народ і ёсць галоўны гвозд! <...> Калі я за свайго кіраўніка (Савецкую ўладу.— П. М.) гатоў і галаву пакласці, то ўжо будзь зда-роў!..» У гэтых словах вялікая вера ў сілу народа, у мудрае кіраўніцтва партыі, у перамогу над ворагам. Па ходу дзеяння п'есы цяжка зразумець, дзе ён блазан з народнага балагана, а дзе разумны канспіратар і патрыёт. Калабок б'е сябе ў грудзі і цяпер ужо на ўвесь голас крычыць: «Так, і патаму — упярод! За маю ўладу!!!» Адбываецца амаль незвычайнае — герой пяе: «Броня крепка, и танки наши быстры, и наши люди мужества полны!..» I ў гэтым выпадку камедыёграф не ідзе на «аблягчэнне» канфлікту ў творы.

Галоўнай мэты ў п'есе А. Макаёнак ужо дасягнуў: не толькі фашысты, але і сям'я паверыла, што Калабок сапраўды стараста, асабліва пасля «прыёму» ворагаў у хаце. Памылковым з'яўляецца сцверджанне I. Вішнеўскай, што герой «ніякіх намёкаў не дае родным наконт сапраўднага, партызанскага становішча», «не даў ім нават самай нязначнай зачэпкі для іншых думак, для хаця б і невыразных подступаў да ісціны»

Нідзе, амаль да самай кульмінацыі п'есы галоўны герой трагікамедыі не раскрываецца, а вось што датычыцца «хаця б і невыразных подступаў да ісціны», дык яны былі. Напрыклад, у другім акце п'есы Калабок, звяртаючыся да ўсіх (Паліны і дзяцей), гаворыць: «А я думаў — вы разумныя. А вы... Нічагусенькі вы... А-яй-яй! А савецкая ўлада столькі на вас сродкаў патраціла, вучыла, настаўнікаў прысылала адусюль... Розныя замежныя мовы вам, фізіку вам, хімію вам... Гастраномію! А вы? Што ў вас у галаве? Пакулле ў вас у галаве». Ні ў першым, ні ў другім выпадку яго не зразумелі. Хутчэй за ўсё ў гэтым праявілася спецыфіка такой разнавіднасці камедыйнага жанру, як трагікамедыя, ды і воля драматурга, які не спяшаўся фарсіраваць падзеі. Твор ад гэтага толькі выйграе — мацней праявіліся канфлікты, глыбей і ярчэй раскрыліся характары дзеючых асоб. Ход дзеяння працякае як бы па ўзыходзячай лініі: адбываецца «нарастанне» дзеяння, што з'яўляецца агульнай заканамернасцю, якая аднолькава праяўляецца ў п'есах усіх жанраў.

«Пры развіцці дзеяння кожнай п'есы ёсць нейкі рубеж, які знамянуе сабою рашучы паварот: мяняецца характар барацьбы, развязка набліжаецца нястрымна. Гэты рубеж і называецца кульмінацыяй». У гэтым месцы канфлікт дасягае свайго найвышэйшага напружання. У «Трыбунале» такім рубяжом будзе сітуацыя, у якой герой аказваецца звязаным у мяшку і яго чакае сямейны суд.

«У сваёй п'есе Андрэй Макаёнак кіруецца вядомым сцверджаннем, што ад трагічнага да камічнага — адзін крок... Прыём сам па сабе не новы — дастаткова прыгадаць класічныя творы Шэкспіра. У іх побач з высокімі духоўнымі парывамі герояў, іх узвышанымі пачуццямі суседнічае самае зямное, простае; вострыя трагедыйныя сцэны пераплятаюцца з жанравымі, камедыйнымі. Дзякуючы такому адзінству яшчэ ярчэй раскрываюцца характары герояў, іх пачуцці, яшчэ паўней праяўляецца іх духоўны свет, любоў да жыцця».

Галоўны канфлікт «Трыбунала» вырашаецца ў самым канцы п'есы, але фінальны, заключны акорд гучыць трагічна: малодшы сын Цярэшкі, Валодзька, кідае гранату ў занятую немцамі школу і гіне сам. Праўда, «аўтар глядзіць на фінал шырэй. Сын Калабка згладжвае сваёй смерцю віну маці, віну сясцёр, маральную іх віну перад бацькам».

Аснову канфлікта трагікамедыі складае барацьба, якая вядзецца на працягу ўсяго дзеяння, паказаная камічнымі сродкамі, толькі ў канцы камічнае пераплятаецца з трагічным. У.У. Фралоў, разважаючы аб сатырычнай камедыі, указвае, што «ў ёй могуць узнікаць крытычныя, нават трагічныя становішчы, з віной героя, з ракавой памылкай, з пакаяннем, з пакараннем, з асаблівым камічным катарсісам (а таксама і з трагічным катарсісам, як у п'есе «Трыбунал».— П. М.). Тут камедыя можа перайсці ў трагікамедыю, але можа і застацца ў сваіх ранейшых рамках». Паводле слоў Я. Усікава, «„Трыбунал" — не сатырычная, а па сутнасці лірычная камедыя, таму што пафас яе сцвярджальны, лірыка-патэтычны».

Безумоўна, ёсць у гэтай п'есе і элементы лірычнай камедыі, і выкарыстанне сямейна-бытавой інтрыгі, і элементы трагедыі і народнага лубка, і гераічнай драмы. Усё ў ёй сінтэзавана, пераплецена ў арганічным адзінстве — праз камічнае прасвечваецца гераічнаё, трагічнае. Свайго роду сімбіёз элементаў розных жанраў, элементаў разнастайнасці таго ці іншага жанру.

Трагікамедыя «Трыбунал» сапраўды выдатная п'еса. Драматург паказвае цяжкія дні, цяжкі час, калі беларуская зямля была акупіравана фашысцкімі захопнікамі, расказвае пра Беларусь, званы Хатыні якой будуць вечна напамінаць свету аб страшнай трагедыі, якая адбылася на яе зямлі.

«Чым далей ад вайны,— заўважыў аднойчы Макаёнак,— тым больш расказваецца смешнага, гумар дапамагаў усё перажыць». Гэты гумар з асадкам гаркоты збліжае трагікамедыю, народны лубок «Трыбунал» з народнай паэмай «Васіль Цёркін» А. Твардоўскага.



На пятым з'ездзе пісьменнікаў БССР Андрэй Макаёнак у садакладзе «Аб стане сучаснай беларускай драматургіі» гаварыў: «Хто, як не мы, павінны расказаць аб гераічным, працоўным подзвігу нашага народа, нашай партыі, аб цудоўных, самаадданых людзях, якія зрабілі цуд на нашай зямлі за гэтыя пяцьдзесят гадоў. Колькі падзей! Колькі захапляючых вобразаў, сюжэтаў, канфліктаў! Былі смутак і радасць, бліскучыя, векапомныя перамогі, была нястача, але была непахісная воля, цвёрдасць духу, бальшавіцкая настойлівасць і вера ў праўду ленінскіх ідэй. Гэта непаўторны, глыбінны матэрыял для нашых п’ес, фільмаў, кніг”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка