Трагедыя паэта (Уладзімір Дубоўка)




Дата канвертавання07.05.2016
Памер193.47 Kb.
Дзмітрый Бугаёў
ТРАГЕДЫЯ ПАЭТА

(Уладзімір Дубоўка)
У нашай шматпакутнай літаратуры багаты на цяжкія выпрабаванні лёс Уладзіміра Дубоўкі не выглядае вельмі ўжо рэдкім выключэннем, а ў пэўным сэнсе можа ўспрымацца і нават як адносна шчаслівы, бо паэт з годнасцю пераадолеў многія крутыя перавалы на сваім пакручастым жыццёвым шляху, у эпоху бурнай грамадскай ломкі, бясконцых сацыяльных катаклізмаў пражыў без некалькіх месяцаў 76 гадоў, пакінуў нашчадкам значны даробак не толькі ў паэзіі і мастацкай прозе, але і ў некаторых іншых галінах беларускай культуры. Многім больш ардынарным дзеячам хапіла б для вялікага гонару і малой часткі зробленага Дубоўкам. Але ён быў запраграміраваны на большае. Ягоны велізарны творчы патэнцыял яшчэ ў 20-я гады здзіўляў сучаснікаў.

«Першае месца ў беларускай паэзіі паслякастрычніцкага перыяду заняў Дубоўка — па сіле пачуцця, глыбіні думкі і мастацкай дасканаласці формы ў лірычных вершах і невялікіх паэмах»,— пісаў тады Максім Гарэцкі. Ён жа называў Дубоўку «шуканнікам хараства ў вершаскладанні».

Яшчэ больш узнёслыя характарыстыкі належаць Язэпу Пушчу. Творы Дубоўкі, сцвярджаў ён, «гэта ўзвышша сучаснага беларускага мастацкага слова і паэзіі». Яго вершы захапляюць «класічнасцю свайго мастацкага ўбору, што мала ў каго знаходзім з сучасных паэтаў не толькі Беларусі, але і Расіі і Украіны».

“Ён умее, як з мармуру, высячы свой непаўторны вобраз”,— падкрэсліваў У.Жьлка.

Ёсць сведчанні, што ў Дубоўкі тады бачылі «задаткі генія». «Геніем беларускай зямлі» ўжо ў 60-я гады называў Дубоўку і ягоны сябра — украінскі празаік Іван Сенчанка. У такім жа духу разважаў Уладзімір Сасюра, які казаў, што Дубоўка «вялікі паэт Беларусі і не толькі Беларусі».

У літаратуры 20-х гадоў Дубоўка і сапраўды быў выключна яркай фігурай, стаяў у эпіцэнтры тагачаснага літаратурнага працэсу і шмат што вызначаў у ім. Ён, безумоўна, не меў сабе роўных сярод маладых паэтаў. Ягоная паэзія адрознівалася надзвычай модным патрыятычным пафасам, які жывіўся самаадданай любасцю да Беларусі, «У песнях я на Беларусь малюся, як моліцца ля возера трысцё»,— з палемічнай падкрэсленасцю заяўляў паэт яшчэ ў першай сваёй кнізе «Строма», а потым паўтараў і ў «Налі», апошнім зборніку, выдадзеным у 20-я гады: «Пакуль душу у песнях не раздам, не кіну толькі Беларусі». Гэтая любоў выклікала і цікавасць да нашай мінуўшчыны, што тады найменш заахвочвалася, нарадзіла паэмы «Бра… гінь», «Грахі чубатыя», «Браніслава».

Але сапраўднай стыхіяй Дубоўкі была не эпічнасць, якой патрабуе класічная паэма, а лірызм. Нездарма ж Ю. Бярозка, які ў 20-я гады выступаў як узвышаўскі крытык і толькі пазней стаў рускім раманістам, жартаваў: «Аўтарытэтныя людзі сцвярджаюць, што прыблізна праз пяцьдзесят гадоў лірыку выжыве плакат. Дубоўка будзе тагды пісаць плакаты. Лірыка застанецца».

Прагноз, можна сказаць, не апраўдаўся, бо Дубоўка ўвогуле не дацягнуў да вызначанага тэрміну, ён пражыў пасля таго не паўстагоддзя, а 48 гадоў. Але ягоная лірыка і праўда была вельмі адметнай, наватарскай з'явай у нашай літаратуры. У лепшых сваіх узорах яна вызначылася філасофскай заглыбленасцю, моцнай асацыятыўнасцю і той вобразнай размашыстасцю, якая і сёння ўражвае ў наступных прыкладах: «Месяц рваў арэхі з куста, // раскідаў над Сусветам арэхі»; «Я на ўзгорак выходжу круты, // я выходжу Сусвет прывітаць».

А яшчэ ж трэба згадаць уласцівае маладому Дубоўку выдатнае майстэрства гукавой інструментоўкі, рытмічную гнуткасць яго паэтычнага радка, высокую культуру рыфмы, а таксама віртуознае валоданне іншымі так званымі фармальнымі элементамі верша, без арганічнага асваення якіх не абыходзіцца ні адзін выдатны паэт.

Бадай, толькі цяпер можа быць належна ацэнена і падкрэсленае эксперыментатарства Дубоўкі 20-х гадоў, Яно настойліва штурхала паэта на рашучае абнаўленне звыклых жанравых форм, вымушала яго і на «вершы з заўвагамі» («Крыху восені і жменька кляновых лістоў»), і на драматызацыю кананічнай у сваей аснове паэмы (тая ж «Браніслава»). Асабліва выразна, задзірыста Дубоўкавы эксперыментатарскія замахі ў гэтым кірунку выявіліся ў славутых паэмах «Кругі», «I пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аван­посты!». У іх на правах істотных састаўных элементаў, якія і фармуюць складаную структуру твораў, прысутнічаюць насычаныя рэзкімі палемічнымі закідамі прадмовы ў вершах і прозе, лірычная аўтарская споведзь і яго філасофскі роздум, зробленыя паэтам апрацоўкі фальклорных казак і народных апавяданняў прытчавага характару, перакладзеныя на бела-рускую мову вершы Пушкіна і Байрана, сатырычна-з'едлівыя пародыі на праявы літаратурнага жыцця 20-х гадоў і дыялогі-спрэчкі аўтара з чытачамі і саміх герояў па самых актуаль­ных праблемах той пары. Кідкае ў сваей нязвыкласці спалучэнне гэтых і некаторых іншых элементаў паэтычнай структу­ры некалі выклікала ўражанне калейдаскапічнага кангламерату і нават здольнай на выбух «грымучай сумесі» і таму не толькі грубым вульгарызатарам здавалася недапушчальным. Але жыццё паказала, што Дубоўка і самой складанасцю сваіх эксперыментальных паэм схопліваў істотныя павевы часу, інтуітыўна, чуццём мастака ўгадваў глыбінныя патрэбы мастацтва, якое няспынна абнаўляе і, ускладняючы, удасканальвае свой выяўленчы інструментарый.

Вельмі істотная роля Дубоўкі ва ўзбагачэнні выяўленчых магчымасцей беларускай паэзіі 20-х гадоў за кошт шырокага выкарыстання іроніі, якой прасякнуты многія яго тагачасныя творы, абнаўлення паэтычнага сінтаксісу, слоўніка, літаратурнай мовы ў шырокім разуменні.

«Художник первородный всегда трибун. В нем дух пере­воротов и вечный бунт»,— пісаў А. Вазнясенскі ўжо ў хрушчоўскія часы. У 20-я гады ў нашай літаратуры ці не найбольшым бунтаўніком, прынамсі сярод маладых, быў Дубоўка. Нездарма ж украінцы гаварылі пра яго: «Найкрашчы бузоцёр». Вядома, ён прымаў тады абавязковую для савецкіх пісьменнікаў камуністычную дактрыну, падзяляў асноўныя пастулаты марксісцкай ідэалогіі, шчыра, узнёсла славіў, кажучы тагачаснай мовай, «Камуну Свету» і гатовы быў аддаць жыццё «за Саветы». Але яшчэ большай была ў яго адданасць беларушчыне, гатоўнасць у выпадку патрэбы засланіць «Беларусь сабой».

Аднак з цягам часу ён пераканаўся, што савецкая дзяржава толькі фармальна, для прыліку прызнае народную свабоду, а на самой справе планамерна знішчае яе. А з канца 20-х гадоў і наогул пад выглядам барацьбы з «нацдэмаўшчынай» пачаўся моцны наступ на беларускую культуру, хоць на словах абвяшчалася яе поўная падтрымка. Змірыцца з такім паваротам справы бунтоўны Дубоўка, «юнацтвам хворы», як ён сам пра сябе казаў, ужо ніяк не мог. I гэта выявілася ў шэрагу яго апублікаваных твораў, асабліва ў вершаваным цыкле «Пярэсты букет» (Узвышша. 1929. № 1), дзе паэт рашуча пратэстуе супраць бальшавіцкіх прэтэнзій на рэгламентацыю духоўнага жыцця асобы аж да дробязей, змагаецца супраць поўнага падпарадкавання мастацтва ідэалагічнаму кантролю.

Выказваецца аўтарская думка па-рознаму Вось Дубоўка адкрыта бядуе: «Так настрашылі мяне за ўхілы, // пахаджэннем дробнабуржуазным, // што бадай зусім не маю сілы // у радкі паставіць дзень сучасны». I яшчэ:

Крок — і вывіх ідэалагічны,

крок — і крытык аж са скуры лезе.

Ці хаваць пад маскаю аблічча,

ці ў тузе завыць, як воўк у лесе?


Можа, яно лепш — жабрацтва духу,

па скарынцы са сталоў суседніх.

Гэтая задуха родзіць скруху,

Быццам ворагі на карк узлезлі.


Але «жабрацтва духу» смяртэльна для сапраўднага паэта. I аўтар спрабуе ратавацца іроніяй: «Іду дарогаю каля слупоў, // каб не ўхіліцца ўлева ці управа». А на змену іроніі прыходзіць сцвярджэнне, што высокае мастацтва не нараджаецца пад прымусам: «Усё вытварыць можна на пэўны капыл, // за выняткам... песні хмялёвай». А вось і прамы наказ бараніць гонар асобы:

Ніколі не кленчы нядолі,

напасці літанняў не шлі.

Даволі пакоры, даволі

качацца у пылу на зямлі.
Праўда, гэтыя радкі фармальна звязваюцца з рэчаіснасцю Заходняй Беларусі, але абарона чалавека была яшчэ больш неабходнай у Краіне Саветаў.

Іронія, пратэст і здзек з дурных патрабаванняў да мастака і мастацтва выразна праглядваюць і ў загалоўках да раздзелаў «Пярэстага букета», якія сведчаць пра вынаходлівасць Дубоўкавай паэтычнай думкі ў падцэнзурным творы. Вось некаторыя з тых загалоўкаў: «Дубоўка падрабляецца пад мяшчанскія густы», «Хаваючыся ад жонкі, згадвае пра розныя гісторыі» (размова ідзе пра адносіны да жанчын), «Займаецца тэорыяй, якая прыводзіць да ляпсусаў», «На правах рукапісу. Гутарка з самім сабой», «Дубоўка перавы-хоўваецца», «У парадку самакрытыкі (Дубоўка ў сабачую скуру ўшыўся, або Наследаванне некаторым крытыкам)», «Палёты пад шкляным каўпаком, або Замест запоўненае анкеты», «Для знатакоў. Цвік і паніхіда» і інш. Змястоўная важкасць такіх загалоўкаў, іх іраиічна-з'едлівы зарад, які ўзмацняе палемічныя аспекты ўсяго твора, не выклікае сумнення.

Яшчэ больш рэзка выказваўся Дубоўка ў не прызначаных для друку лістах, 26 лістапада 1928 года ён спавядаўся А. Бабарэку: «Сапраўды, што пісаць і як пісаць? Лірыку «голую», каб нехта ў тваё інтымнае пляваў і сморкаўся? Грамадскія матывы? А хто яго зараз ведае, я цяпер ні з кім не гавару нават, не тое што пісаць пра грамадскія маты­вы: члены ЦК аказваюцца вінаватымі ў розных ухілах, што ж казаць пра нас, грэшных? Пра што ж пісаць? Браць тэ-мы далёкія? Вось як капанешся ў далёкія тэмы, дык там і нацыяналізмы і містыка. Такім парадкам я зусім лагічна прыйшоў да вываду: вершы зараз нікому не патрэбны, бо, тым больш, яны на Беларусі наогул скампраметава-ны».

Зразумела, ён ясна прадчуваў драматычную развязку, у прыватнасці, чакаў, што яго самога «прагоняць са службы» (ліст да А. Бабарэкі ад 29 студзеня 1930 года)» Аднак прыйшлося не толькі развітацца з працай у Крамлі, але і садзіцца за краты.

Непасрэднай прычынай арышту стаў, як цяпер дакладна ўстаноўлена, верш «За ўсе краі, за усе народы свету», ананімна надрукаваны яшчэ ў 1927 годзе ў віленскім часопісе «Беларуская культура». Сучасная публікацыя гэтага твора зроблена Д. Давідоўскім, супрацоўнікам нашай Нацыянальнай бібліятэкі (ЛіМ. 1995. 10 лістап.).

Твор проста выдатны. Па сіле пратэсту супраць гвалту над паняволеным народам яго можна параўнаць хіба што з купалаўскім вершам 1922 года «Перад будучыняй». Яўна пераклікаючыся з вялікім нацыянальным Прарокам і рызыку-ючы ўсім, Дубоўка даў адзін з самых яскравых узораў патрыятычнай паэзіі, якая натхнялася думкай пра беларускую незалежнасць:

На плечы ганьбы мы прынялі многа:

Нявольніцтва, жабрацтва навакол.

Слязьмі сясцёр чужынцам мыем ногі,

Заместа песень — стогны бедакоў.


Прыціх наш край: ад гутарак аскома...

Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.

Свабодай карыстаюцца сачкомы,

Каб тых, хто мысліць, у астрог саджаць.


Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі,

Пасмешышчам для свету усяго,

Як быццам мала ў нашай волі сталі,

Як быццам у нашых сэрцах згас агонь.


Браты мае! Даволі ашуканства!

Гасцей да хаты выправіць пара.

3 лазы заплаканай спляцём ім кайстры

Для нарабаванага у нас дабра.


А не, дык надармо усе, жыццё надарма,

Лажыся ў яму Сам, Народзе мой,—

Пакуль ты сам не будзеш гаспадарыць,—

Не развітаешся з жабрацкай калітой.

Расплата за гэты верш, які ў дэмакратычнай дзяржаве наогул наўрад ці мог разглядацца ў якасці «крыміналу», была жахлівай — амаль трыццацігадовае блуканне па астрожных этапах і высылках. Зрэшты, у якасці абвінавачання Дубоўку прыпісвалі і шмат яўнай лухты, бо ён праходзіў па справе так званага «СВБ» («Саюз вызвалення Беларусі»), міфічнай антысавецкай арганізацыі, прыдуманай карнымі органамі для рас­правы над нацыянальиай інтэлігенцыяй. Так што, калі б не было «крамольнага» верша, бунтоўнага паэта пасадзілі б за нешта іншае, бо жорсткая дыктатура не церпіць іншадумства. Так пры першым наведванні паэта ў сувязі з працай над кнігай пра яго я і сказаў Дубоўкавай жонцы ў адказ на яе пытанне, ці пасадзілі б Уладзіміра Мікалаевіча, калі б ён менш спрачаўся са сваімі літаратурнымі апанентамі і крытыкамі-аглабельшчыкамі. Гэтак я «ўзрадаваў» жанчыну.

Дубоўка шмат расказваў мне і пра абставіны зняволення, і пра розныя гісторыі з турэмнага побыту і часоў высылкі. Пры гэтым часцей успамінаў гумарыстычныя выпадкі. А ў яго ж былі не толькі яны, бо сталінскія турэмшчыкі куды больш прыхільна ставіліся да крымінальнікаў, а з палітычнымі вязнямі, так званымі «ворагамі народа», не цырымоніліся. Тут іх лютасць не ведала межаў. Яўхім Кіпель у кнізе «Эпізоды», якая выйшла ў Нью-Йорку ў 1998 годзе, згадвае, што бачыў Дубоўку у валагодскай турме: «Мне адразу кінулася ў вочы ягоная барада — наша агульная рыса зняволення — ды стомлены, прыгорблены выгляд, хоць постаццю ён і не змяніўся, ды ў вачох былі агеньчыкі. Ён выглядаў зусім маладым і быў прыстойна адзеты.

Калі нас вялі з турмы на вакзал, я праціснуўся да Дубоўкі, пачаў з ім гутарку. Але не паспеў я закончыць фразы, як атрымаў у спіну ўдар прыкладам. Я ўпаў. Двое ж чэкістаў накінуліся на Дубоўку ды пачалі біць яго прыкладамі. Дубоўкаў твар быў увесь у крыві, кроў пацякла па барадзе, і яго, збітага ўшчэнт, адцягнулі і забралі з калоны. Дубоўку дасталося яшчэ і за тое, што ён выглядаў панічом. Ат жа Дубоўка быў вельмі карэктны і цярплівы. Я ж атрымаў яшчэ колькі пінкароў і папярэджанне, што прыстрэляць, калі хоць раз адчыню рот у калоне. Гэта было маё апошняе спатканне з вялікім беларускім паэтам»,— заканчвае свой сумны ўспамін мемуарыст.

Дубоўка вельмі шкадаваў, што былі страчаны некаторыя яго творы. Ён раіў мне пашукаць другую, неапублікаваную, частку паэмы «I пурпуровых ветразей узвівы», рукапіс і апошні машынапісны экземпляр якой адабралі ў яго ў Чувашыі ў час паўторнага арышту летам 1937 года. Але ён ні разу, ні ў якой сувязі не згадваў пра верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету». Дапусціць думку, што паэт проста забыўся пра існаванне гэтага верша і пра тое, што ён быў непасрэднай падставай для арышту, ніяк не выпадае, бо памяць у Дубоўкі была выдатная. А такія «падрабязнасці» і ўвогуле не забываюцца. Значыць, думаю я цяпер, ён не хацеў, каб пра той твор стала хоць што-небудзь вадома. Пасля перажытых нягод ён ужо праяўляў асцярожнасць ва ўсім і ў выказваннях на людзях страхаваўся абавязковымі згадкамі пра мудрасць партыі і іншымі тагачаснымі ахоўнымі клішэ.

Часам даходзіла і да яўных перабораў. Гэта ж не выдумка мемуарыстаў, а факт, сведкам якога быў і я, што ў рэстаранным сяброўскім застоллі з нагоды 65-годдзя і выхаду двухтомніка выбраных твораў паэта ён рашуча запярэчыў, калі ў адпаведнасці з даўняй традыцыяй першы тост прапанавалі ў яго гонар. «Што вы, што вы... За мяне не трэба... За родную камуністычную партыю»,— прыкладна так сказаў Дубоўка, здзівіўшы, мусіць, усіх прысутных.

Ды дзівіцца асабліва і не было чаго — Дубоўка ўжо быў навучаны многаму. За адну ягоную фразу пра тое, што ўзвышаўцы не адмаўляюцца ад грамадскай працы і будуць «праводзіць яе і надалей пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі, у магчымым для сябе кірунку і формах — у галіне літаратуры, у формах літаратурна-мастацкага згуртавання»,— за гэтую ўвогуле бяскрыўдную і ўпаўне лаяльную да бальшавіцкай палітыкі фразу з артыкула ў маскоўскай газеце яго распіналі безліч разоў (маўляў, прызнае партыйнае кіраўніцтва з нейкімі агаворкамі). Распіналі яшчэ да зняволення, якое паламала жыццё на 28 гадоў. Маючы такі горкі вопыт, стократна перастрахуешся і ніколі, ні пры якіх акалічнасцях не забудзешся на партыю, якая дапускала гэткі здзек з чалавека.

Словам, Дубоўка «роднай камуністычнай партыі», як мне здаецца, ужо не верыў ніколькі. Ён быў удзячны Хрушчову за выкрыццё «культу асобы» і рэабілітацыю нявінных пакутнікаў сталінскіх засценкаў, але ніколі не быў упэўнены, што ўсё гэта надоўга, што і яго не «замятуць» яшчэ раз. Таму і асцярожнічаў на словах, сказаных публічна, прылюдна.

Ён яшчэ калі-нікалі адважваўся закранаць небяспечныя па тых часах пытанні ў некаторых лістах. Так, аўтару «Кароткага літаратуразнаўчага слоўніка» А.Макарэвічу, які прэзентаваў сваю кнігу паэту, Дубоўка зрабіў наступную заўвагу: «Вы тлумачыце тэрмін «цэзура» («цэсура»). Запытанне: чаму побач няма тлумачэння на слова «цэнзура»? Яно, як мне здаецца, мае самае непасрэднае дачыненне да літаратурнай творчасці». Тут ёсць хоць і падтэкставы, але недвухсэнсоўны ківок на існаванне жорсткай савецкай цэнзуры. I яшчэ, ужо зусім адкрыта: «Чытаючы Вашае тлумачэнне [слова] «ода», згадаў бясконцы лік вершаваных твораў, прысвечаных Сталіну, а ў вас напісана, што ў наш час гэта форма мала пашырана».

Толькі зрэдку выходзіў паэт на вострыя тэмы і ў сваіх мастацкіх творах. Гэта зроблена ў вершах «Даносчыку «са стажам» (1959) і «Падобны з твару да машчэй» (1975), у драматызаваным апавяданні пра сустрэчы Т. Шаўчэнкі з беларусамі «Salus populi» (1963) і ў няскончанай паэме «Свінцовы век» (1964). Але пры жыцці паэта гэтыя творы не змаглі прабіцца ў друк (верш «Падобны з твару да машчэй» і ўвогуле не прызначаўся да друку, прынамсі, не быў разлічаны на прыжыццёвую публікацыю). Самому паэту ўдалося надрукаваць толькі невялікі, самы бяскрыўдны з пункту гледжання савецкай цэнзуры ўрывак са «Свінцовага веку». А найбольш вострыя строфы з гэтай паэмы і да гэтага часу не пабачылі свету. А ў іх жа ёсць вельмі важкае абагульненне:

Ніяк не знойдзе шчасця чалавек,

хоць да канца ідзе дваццаты век.

Не баючыся смертнага граха,

пачаўся ён ад кулі і штыха.

Крываваю ахоплены сяўбой,

адну вайну вядзе ён за другой.

Што б ні стварылі людзі на зямлі,

злачынцы фюрэры ў агонь мялі.

Мільёны сэрцаў юных і старых

прабіў свінец або халодны штых.

Каго ж яны мінулі, дапамог

скарыць жыцце канцлагер ці астрог.

Жуда ідзс з пачатку ў канец.

Праз цэлы век —

свінец,


свінец,

свінец.


Здаецца, усё яшчэ не надрукаваны і верш «Даносчыку «са стажам», у якім выказана адкрытае абурэнне нахабствам бессаромных «стукачоў»:

Чатыры Найвышэйшыя суды

хлуснёй прызналі ўсе твае даносы.

А ты ізноў, як у даўнейшыя гады,

з даносамі, пузаты неданосак.

Відаць, з-за гэтай канстатацыі, што і пасля смерці дыктатара працягвалася практыка тайнага татальнага сачэння за нашымі людзьмі, верш і не трапіў у друк. А згадка пра «чатыры Найвышэйшыя суды» мае на ўвазе самога паэта, зацяжны працэс яго рэабілітацыі, якая ішла не без пэўных ускладненняў з-за таго, што Дубоўку трэба было атрымаць афіцыйнае прызнанне невінаватасці ажио па чатырох прысудах.

Працуючы над кнігай пра паэта, я звярнуў увагу на тое, што ў розных друкаваных крыніцах ён называў неаднолькавую дату скасавання беспадстаўных прысудаў У дасланым мне лісце ад 15 сакавіка 1964 года Дубоўка спецыяльна патлумачыў: «Справа, увесь сакрэт у тым, што ў мяне былі чатыры рэабілітацыі — па 1930 г., па 1935, 1937 і 1949 гг. Першыя дзве пастановы (па 1930 і 1935 гг.) я атрымаў сам у Мінску 1 ці 2 снежня 1957 г. Гэта — пастановы Вярхоўнага суда БССР. Трэцюю пастанову — па 1937 г.— пастакову Вярхоў­нага суда Чувашскай АССР я атрымаў у пачатку 1958 г. А чацвёртую, па 1949 г., я павінен быў атрымаць ад Вярх[оўнага] суда Грузінскай ССР і пачаў ад іх чакаць. Але аказалася, што яны сваю справу пераслалі чувашам, а тыя пастанову напісалі, але мне не паслалі. [Такая была нярэдкая не толькі тады практыка савецкіх судовых інстанцый, што займаліся рэабілітацыяй ахвяр сталінізму.— Дз. Б.] Пакуль я да гэтага дакапаўся, прайшоў пэўны час. У кожным разе, гэтую апошнюю пастано­ву я атрымаў ужо будучы ў Мінску, у 1958 г.».

3 гэтага сведчання вынікае яшчэ адна цікавая акалічнасць, тое, што Дубоўка пасля вяртання з выгнання спачатку думаў асесці на сталае жыхарства ў беларускай сталіцы. I тут яго як быццам сустрэлі прыхільна, абяцалі даць кватэру. Але паэт урэшце спыніў свой выбар на Маскве, нямала здзівіўшы

гэтым не толькі беларускіх, але і ўкраінскіх сяброў Так, У. Сасюра у лісце ад 1 лістапада 1959 года пісаў: «Трохі мне не зразумела, чаму ты, беларускі паэт, жывеш у Маскве.

Няхай, як кветка, з крывёй вырваная з роднага грунту, ты быў жорстка перасаджаны ў халодны і далёкі грунт і там пакутаваў багата гадоў як нявінная ахвяра маньякаў і ворагаў народа,— гэта мне зразумела, але чаму ты добраахвотна жывеш [цяпер] хоць і не на чужым грунце, але не на сваёй радзіме? Вядома, Масква нам усім родная, але моўнае і нацыянальнае акружэнне там расійскае і для цябе як беларускага паэта не можа даць таго, што табе давала і дае твая Беларусь, якой ты аддаваў і аддаеш усе, чым жыве тваё сэрца. Я не ведаю прычын і таму не магу зрабіць выснову, хоць і думаю, што ў цябе багата агульнага з Міцкевічам». У апошняй згадцы — яўны намёк на тое, што другую палову свайго жыцця вялікі польскі паэт пражыў за межамі радзімы, у вымушанай эміграцыі, «Паясні мне, любы дружа, у чым справа? Чаму ты не пераязджаеш у Мінск? Думаю, што ёсць нейкая важная прычына»,— заканчвае свой сяброўскі ліст украінскі паэт.

Дубоўка адказаў: «Пасля таго як я вярнуўся са свайго падарожжа, я мог па меркаваннях юрыдычных атрымаць без жаднага клопату кватэру там, дзе я жыў раней. Так я і зрабіў, атрымаў яе ў Маскве.

Думаў, што следам затым я абмяняюся на Мінск. Але цяпер, мабыць, гэтага рабіць не буду». Далей ідзе тлумачэнне: «Дзеля працы патрэбны спакой. Больш спакою там, дзе мяне ніхто не ведае, не знойдзе». Знешне ўсё выглядае лагічна і пераканальна. Аднак галоўная матывіроўка (лепш на ўсякі выпадак быць падалей ад падазронасці сваіх манкуртаў, без пільнай патрэбы не дражніць іх) пошце не даверана, яна калі і прачытваецца, дык толькі ў падтэксце апошніх радкоў.

Відаць, з-за асцярожнасці, якая ўжо ніколі не пакідала Дубоўку і пасля афіцыйнай рэабілітацыі, устрывожыўся ён, калі Ю. Пшыркоў, які выношваў задуму напісаць пра паэта кнігу, выказаў намер распытаць колішніх Дубоўкавых знаёмых пра падрабязнасці ягонага жыцця ў Сібіры і іншых месцах высылкі. Прама адгаворваць даследчыка Дубоўка не стаў, але папярэдзіў: «Толькі трэба Вам так напісаць лісты, каб у людзей не паўстала думка, што на чалавека ізноў «рыхтуюць» нейкі матэрыял, Кожнаму, каму Вы надумаеце пісаць, адзначце, што Вы — прафесар і што Вы збіраеце матэрыял для кнігі пра маё жыццё і працу».

Словам, паэта не пакідала думка аб прынцыповай магчымасці чарговага паклёпу і фабрыкацыі новай справы, вядома, не даследчыкамі літаратуры, а прафесіяналамі ў іншай галіне. Мне ён казаў, што адчуў сябе па-сапраўднаму рэабілітаваным толькі пасля таго, як атрымаў у 1962 годзе за «Палескую рапсодыю» Літаратурную прэмію імя Янкі Купалы, Тады гэта была вышэйшая пісьменніцкая ўзнагарода ў рэспубліцы. Але на самой справе Дубоўка да канца сваіх зямных дзён не адчуваў сябе надзейна абароненым ад нечаканага капрызу ўладаў. I на пераезд з Масквы ў Беларусь ён не рашыўся менавіта таму, што не быў упэўнены, ці заўсёды знойдзе паразуменне з кіраўніцтвам рэспублікі. 3-за гэтай няўпэўненасці ён не пажадаў і свой апошні прыстанак мець на беларускай зямлі. Спалены ў маскоўскім крэматорыі, ён увогуле не займеў нармальнай магілы...

Ды што казаць пра поўны давер да начальства ці пра сур'ёзнае спадзяванне на безумоўнае апраўданне за нязробленыя злачынствы, калі пра сам факт зняволення і высылкі Дубоўка не мог напісаць адкрыта, а мусіў абыходзіцца няўцямнымі намёкамі і сцвярджаць, што амаль трыццаць гадоў быў у нейкай незразумелай вандроўцы па чувашскай глухамані ды сібірскіх і далёкаўсходніх абшарах: «Я на немалы час пераключыўся на розныя іншыя работы, у тым ліку і на будаўнічыя». Гэта з жыццяпісу «Сярод людзей добрых». «Давялося выехаць з Беларусі» (артыкул «Імя яго не забыта»). «Я выязджаў з Масквы на Далёкі Усход і ў Сібір» («Пра адзін дом»). «Вярнуўшыся пасля свайго шматгадовага падарожжа ў Маскву...» («Да новых даляглядаў»).

Настойліва выкасоўваліся ўсе ўпамінанні пра зняволенне ў кнізе пераважна аўтабіяграфічных абразкоў «Пялёсткі», хоць большасць з іх прысвечана перажытаму менавіта тады.

Па вымогах цэнзуры наводзіўся пэўны лакіровачны глянец і на творы 20-х гадоў пры новым перадруку. Яны асабліва пацярпелі ў аднатомніку, выдадзеным у 1959 годзе.

У вершах пасляваеннай пары паэт для дэманстрацыі сваей «прававернасці» час ад часу знарок даваў рыфмаваную рыторыку ў казённым духу. Так паяўляліся адпісачныя радкі накшталт наступных: «У нас ідзе за словам справа. // Камуністычнай працы — слава!»

Згадваючы гэта, я зусім не збіраюся перакрэсліваць працу Дубоўкі на заключным этапе ягонага жыцця. Яна была і тады вельмі актыўнай і, вядома ж, плённай. Пра тое сведчаць не толькі «Палеская рапсодыя» ці цудоўна напісаныя «Пялёсткі», але і вельмі своеасаблівыя аповесці для дзяцей «Жоўтая акацьы» і «Ганна Алелька», і шматлікія кнігі апрацаваных паэтам казак, і яго выдатныя пераклады з Байрана, Шэкспіра і многіх іншых пісьменнікаў свету.

Аднак жа Дубоўкава творчасць пасляваенных гадоў, пры ўсёй яе важкасці і ў нечым унікальнасці, ужо не была вызначальнай у літаратурным працэсе гэтай пары. А галоўнае, што паэт, які меў усе шансы стаць у нацыянальнай літаратуры вялікім класікам, быў гвалтоўна пазбаўлены магчымасці больш-менш поўна рэалізаваць свой магутны творчы патэнцыял. Гэтыя магчымасці ў вялікага жыццялюба і пакутніка адабрала наша таталітарная дзяржава.

Ён гэга добра ўсведамляў і аднойчы ўхітрыўся сказаць пра тое ў падцэнзурным друку. Маю на ўвазе артыкул «Да новых даляглядаў», у якім праскочылі скрушліва-тужлівыя радкі: «Калісьці ж і я быў паэтам», ды вось «пакрышаны талент і рытмы...».

Вядома, ён заставаўся паэтам заўсёды. Ва ўспамінах Дубоўкавай жонкі мяне, можаэ больш за ўсё ўразіла згадка, што паэт, калі ён не мог працаваць у літаратуры, гэта значыць займацца тым, да чаго быў прызначаны лёсам, пісаў сваей сяброўцы вершаваныя запіскі пра кухонныя справы. I паэзія ў гэтых запісках часам праглядвае!

Дык хіба гэта не самая вялікая трагедыя — так, на такія дробязі марнаваць магутны талент? А Дубоўка ж за ўсе гады афіцыйнай грамадзянскай бяспраўнасці амаль нічога сур'ёзнага не напісаў. Вядомыя толькі тры сапраўдныя вершы паэта за той перыяд, апублікаваныя ў нас Б. Сачанкам.

Здаецца, найбольш моцны з гэтых твораў верш «Здраднікам», які канчаецца праклёнам карыслівым прыстасаванцам:

Месца ваша у ніцалоззі,

ганьба вам наканавана,

бо пры вашай дапамозе

Бацькаўшчына ўскрыжавана...

Для нармальнага чалавечага ўспрыняцця не інакш як трагедыяй выглядае таксама, што супраць Уладзіміра Мікалаевіча публічна выступаў яго брат Язэп. Ён друкаваўся пад псеўданімам Язэп Вазёрны, пісаў вершы, вытрыманыя ў строгай адпаведнасці з «сацыяльным заказам» (іх У. Дубоўка назваў «дырэктыўнымі»), але ўрэшце быў закатаваны тымі, хто нацкоўваў яго на роднага брата.

А здрада некаторых сяброў, якія, самі ратуючыся ад пагрозы зняволення, у час разгрому «Узвышша» кацілі на Дубоўку ўсе бочкі, прыпісваючы яму такія грахі, да якіх наўрад ці маглі дадумацца самыя вынаходлівыя следчыя?! Той жа П. Глебка, які раней спяваў Дубоўку дыфірамбы і быў залежны ад яго як паэт, надрукаваў велізарны артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай» (Уз­вышша. 1931. № 2, 3), дзе заявіў, што ў творчасці паэта «можна знайсці [мусіць, вельмі ўжо захацеўшы!] схованага Кайзера, Пілсудскага, Балаховіча і інш.». Жахлівае па тых часах палітычнае абвінавачанне. I гэта пісалася і друкавалася тады, калі Дубоўка за кратамі мінскай турмы чакаў афіцыйнага прысуду!

А К. Крапіва не толькі вінаваціў Дубоўку, хоць і не так рэзка, як Глебка, за ідэалагічныя пралікі (артыкул «Узвыш­ша» на новым шляху», апублікаваны ў аднайменным часопісе, 1931, № 1), але і ў карыкатурным выглядзе падаваў яго (разам з іншымі ўжо арыштаванымі ўзвышаўцамі) у сваей паэме «Хвядос — Чырвоны нос»), якая першапачаткова задумвалася як сатыра на ворагаў «Узвышша».

Як было пасля ўсяго гэтага не зняверыцца ў «сябрах па літаратуры»? I Дубоўка, здаецца, зняверыўся назаўсёды. Відаць, толькі гэтым можна растлумачыць, што ў вершы «Падобны з твару да машчэй» з'явіліся і наступныя радкі: «Да славы рупны чалавек, // Гадуеш крытыкаў прысенак, // Кубло Пшырковых і Казек, // Рой Скрыганоў і Барысенак» (ЛіМ. 1994. 28 студз., публікацыя Б. Сачанкі).

Тут здзіўляе не сам выпад супраць крытыкаў увогуле (яны ў асобах вульгарызатараў тыпу Бэндэ папсавалі Дубоў­ку багата крыві), а тое, што ў пералік трапілі, скажам, Казека і Пшыркоў. У лістах жа да іх паэт выказваўся не толькі прыхільна, але і з удзячнасцю. Яны і сапраўды нямала зрабілі для вяртання твораў паэта да чытачоў. I раптам такі выпад. Выходзіць, Дубоўка ўжо не верыў да канца і ім? Гэта таксама трагедыйны паварот, калі ўлічыць, з якою добразычлівасцю ставіўся паэт і пасля зняволення да людзей звычайных, тых, што не мелі дачынення да літаратурных спраў.

Вядома, глыбокай трагічнай адмецінай назаўсёды засталася ў Дубоўкавай душы страта адзінага сына, які стаў ахвярай няшчаснага выпадку, калі паэт быў гвалтоўна адарваны ад сям'і.

Трагічнае і загадкавае ў лёсе Дубоўкі бачыцца і ў тым, што ён адолеў шматгадовыя жахі гулагаўскага пекла, двойчы (у 1945-м і 1946 гадах) спраўляўся з сур'ёзнымі фізічнымі траўмамі, на хаду перанёс таксама два інфаркты, а загінуў праз тое, што зламаў шыйку бядра, паслізнуушыся на тонкім лёдзе сакавіцкай маскоўскай вуліцы.

Ён збіраўся дажыць да двухтысячнага года. I мог бы ажыццявіць гэтую мару, каб не той злашчасны лёд, бо прырода надзяліла яго не толькі рэдкім па яркасці і шматбаковасці літаратурным талентам, але і магутным здароўем.

Ды ад лёсу, выходзіць, нікуды не ўцячэш. У Дубоўкі ён па-свойму велічны, але і глыбока трагічны. Для нашай літаратуры гэта ніякае не дзіва.

Р. S.


Пры падрыхтоўцы артыкула я карыстаўся матэрыяламі з архіва У. Дубоўкі, якія захоўваюцца ў ЦНБ АН Беларусі, аддз. рук., ф. 14. У мяне самога таксама захоўваецца больш за трыццаць лістоў і паштовак Дубоўкі, якія я атрымліваў ад яго ў час працы над кнігай пра паэта і яшчэ некалькі гадоў пасля яе выхаду ў свет. Натуральна, што я выкарыстоўваю і гэтыя лісты, Але падрабязна гаварыць пра іх трэба ў спецыяльным артыкуле.

1997


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка