Традыцыі пікарэскнага рамана ў творчасці рамэна гары І ўладзіміра караткевіча1




Дата канвертавання28.03.2016
Памер77.81 Kb.
Барысеева А.А. (Мінск)

ТРАДЫЦЫІ ПІКАРЭСКНАГА РАМАНА Ў ТВОРЧАСЦІ РАМЭНА ГАРЫ І ЎЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА1

     Зварот да жанравых структур пікарэскнага рамана – з’ява, даволі распаўсюджаная ў мастацкай прозе ХХ стагоддзя. Аб актуалізацыі пікарэскі ў літаратурнай прасторы сведчаць і спробы стварыць сучасны пікарэскны раман. Найбольш завершанымі у філасофскім і эстэтычным планах, на наш погляд, з’яўляюцца захады французскага пісьменніка Р. Гары. У перыяд, які папярэднічаў беспрэцэдэнтнай літаратурнай містыфікацыі, калі аўтар пад імем нікому не вядомага Эміля Ажара выдаў чатыры раманы (адзін з іх, дарэчы, атрымаў Ганкураўскую прэмію), Р. Гары абгрунтаваў тэарэтычна (літаратурна-крытычнае эсэ “За Зганарэля. Пошукі персанажа і рамана”) і рэалізаваў на практыцы (цыкл “Брат Акіян”) уласную канцэпцыю пікарэскнага рамана. Менавіта традыцыі пікарэскі аказваюцца запатрабаванымі ў творчасці беларускага пісьменніка Ў. Караткевіча (раман «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi», аповесць “Ладдзя роспачы”). Сімптаматычна, што зварот французскага і беларускага пісьменнікаў да гэтай жанравай формы адбываецца амаль адначасова, а менавіта ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Кампаратыўнае даследаванне жанравага коду пікарэскі ў творах Р. Гары і Ў. Караткевіча дазваляе выявіць як агульныя заканамернасці выкарыстання структур пікарэскнага рамана ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя, так і рысы, абумоўленыя своеасаблівасцю творчых індывідуальнасцяў пісьменнікаў.

У мастацкім свеце Р. Гары менавіта вобраз пікара – махляра, ашуканца, бадзягі – уключае ў сябе тыя функцыянальныя аспекты, якія, па думцы аўтара, павінны вызначаць сутнасць мастацтва: “…я паспрабую пабудаваць “Брат Акіян” вакол аднаго персанажа, які не будзе ні мастаком, ні музыкантам, ні раманістам, але які будзе гуляць з як мага большай неўтаймаванасцю, з як мага большай палкасцю ў сцвярджэнні, выкліку і насмешцы; гэтая роля ва ўсе часы была найважнейшай роляй мастацтва: яна і рабіла з яго натуральнага ворага ўсякага “парадку рэчаў”; мой персанаж будзе агентам-правакатарам” [1, р.110] (курсіў наш. – А.Б.). Для махляра Рамэна Гары характэрна непрыманне якіх бы там ні было аўтарытэтаў, сацыяльных норм і правілаў паводзін. Жыццё вызначаецца аўтарам як выклік Лёсу, біялагічным і сацыяльным законам, усяму таму, у чым можна ўгледзець праявы Ўлады. Пікара, “слуга і блазан, схільны да змен быцця і авантур” [2, c. 294], у мастацкім універсуме Р. Гары выступае кожны раз у новым выглядзе, праяўляе неверагодную спрытнасць у імкненні пазбегнуць усякай пэўнасці, фіксаванасці. Па меркаванню В.М. Фрэйдэнберг, адным з галоўных аспектаў, якія вызначаюць вобраз пікара, з’яўляецца момант “множнай адзінкавасці” [2, с.294], або варыятыўнасці.

Больш за тое, пісьменнік захоўвае пераемнасць гэтага культурнага архетыпу: вытокі яго “лірычнага клоуна” ўзыходзяць да махляра і ашуканца Гермеса. Маг і шарлатан ХVIII стагоддзя Джузэпэ Дзага (“Чараўнікі”) з гонарам паведамляе, што ён “паходзіць ад Гермеса і яго сына Арлекіна” [3, с. 325]. Паказальна і імкненне аўтара паяднаць сваяцкімі сувязямі старажытнагрэчаскага бога з героем камедыі дэль артэ.

Думка аб архетыповасці караткевічаўскіх вобразаў Юрася Братчыка (раман «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi») і Гервасія Вылівахі (аповесць “Ладдзя роспачы”) неаднаразова выказвалася айчыннымі даследчыкамі (у прыватнасці, А. Мальдзісам, А. Русецкім, А. Сямёнавай). Дарэчы, сам пісьменнік сцвярджаў: “Герой павінен быць не толькі гераічным, захапляючым, тыповым, а павінен таксама мець ужо некаторую літаратурную традыцыю, яго павінны ведаць усе” (цыт. па: 3, с.60). Сапраўды, у героях Ў. Караткевіча досыць лёгка пазнаць пікара: аўтарам акцэнтуецца іх махлярская, круцельская, шалберская сутнасць. Такімі Юрася Братчыка і яго “апосталаў” ўпершуню ўбачылі жыхары Гародні: “Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд […]. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі” [4, с. 66]. Між іншым, асэнсаванне сябе як валацугі-ашуканца характэрна і для самога Братчыка, што праяўляецца праз самаідэнтыфікацыю: “самазванец і махляр, бадзяга і злодзей” [4, с. 165]. Вельмі трапна сутнасць вобраза пікара – авантурыста, які заўсёды ў дарозе, – перададзена ў лотраўскім бачанні Братчыка: “запылены прайдзісвет” [4, с. 90].

Пры гэтым галоўнае месца ў рамане займае эвалюцыя героя, яго пераўвасабленне, што абумоўлена не толькі абставінамі, але і глыбіннымі магчымасцямі самой асобы, уласцівай ёй здольнасці да змен (згадаем пра “множную адзінкавасць” пікара). Ужо на самым пачатку падкрэсліваецца адасобленасць Братчыка ад усіх астатніх: ён, па сутнасці, ніхто і ніадкуль, недакладнымі застаюцца факты яго жыцця “да Хрыста”. Вобраз Братчыка аб’ядноўвае у сабе рысы махляра-валацугі і пакутніка за свой народ, прычым у працэсе эвалюцыі героя апошняя характарыстыка аказваецца вызначальнай.

Амбівалентнасць пікара з самага пачатку заяўлена і ў вобразе Гервасія Вылівахі (“Ладдзя роспачы”): “Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты” [5, с. 192]. Трэба адзначыць, што і перамогу над Смерцю галоўны герой “Ладдзі роспачы” здабывае менавіта праз махлярства. І гэта не толькі трыумф жыццясцвярджальнай філасофіі героя, перамогу Гервасія Вылівахі ў двубоі са Смерцю можна трактаваць як замах на найвышэйшы аўтарытэт, ісціну ў апошняй інстанцыі.

Увогуле для творчасці Ў. Караткевіча характэрна гульня ў “той і не-той”, калі бачнасць і сутнасць не супадаюць. Многія героі аказваюцца зусім не тымі, за каго выдаюць сябе напачатку (Юрась Братчык – Хрыстос (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”), Дубатоўк – кароль Стах (“Дзікае паляванне караля Стаха”, Лыганоўскі – Альшанскі (“Чорны замак Альшанскі”) і г.д.). І калі гаворка ідзе аб выяўленні сапраўднай сутнасці асобы, а калі аб масцы – нельга вызначыць з пэўнай дакладнасцю. Хутчэй за ўсё, У. Караткевічу важна паказаць чалавека не як цэласнасць, а як адзінства супрацьлеглых пачаткаў.

Пры гэтым беларускаму пісьменніку ўласціва імкненне даследаваць глыбінныя матывы ўчынкаў герояў, паказаць, як мяняецца свядомасць героя, як пакутліва нараджаецца новы светапогляд (раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”). Калі пасля першай сутычкі з татарамі, дзе яны “ратавалі шкуру”, Юрась Братчык-Хрыстос “і не думаў увязвацца ў агульнае бязладдзе” [4, с. 307], паступова праз выпрабаванні, праз “перажыванне” тых з’яў, сведкам якім ён аказаўся ў дарозе, герой прыходзіць да асэнсавання непарыўнай еднасці са сваім народам і адказнасці за яго лёс, сведчаннем чаго і з’яўляецца яго выклік сацыяльным і рэлігійным нормам грамадства. Гэты працэс сталення Братчыка перададзены праз мноства ўнутраных маналогаў-разважанняў, у якіх выяўляецца шматзначнасць яго асобы. Дарэчы, для большасці твораў У. Караткевіча характэрны глыбокі псіхалагізм аповеду, абумоўлены рупліва выбудаванымі лагічнымі сувязямі.

У той жа час герой Р. Гары не схільны да рэфлексіі, самааналізу, ён не столькі разважае, колькі дзейнічае. Яго мэта – прыстасавацца да любых абставін, захаваўшы сваё “я” ў непарушнасці: ён выкарыстоўвае самыя вытанчаныя спосабы ў дасягненні пастаўленай мэты. Такім чынам, для аўтара значныя не рэфлексія ў сувязі з учынкам, не яго “перажыванне”, а сам учынак.

Бясконцая змена масак, роляў, падзейная насычанасць, махлярствы і містыфікацыі складаюць сюжэт сучаснага пікарэскнага рамана Рамэна Гары. Так, у “Чараўніках” Р. Гары захоўвае ўсе традыцыйныя ўмовы пікарэскнага рамана: аповед ад першай асобы ў форме мемуараў, шырокая панарама рэчаіснасці з апеляцыяй да асабістых сведчанняў гістарычных дзеячоў эпохі, прынамсі праўдападобнасць гэтых заяў дастаткова сумніўная, маральна-філасофскія сентэнцыі, прадметам якіх аказваюцца розныя з’явы і асобы, аснову разважанняў такога кшталту складае ўласны вопыт ававядача. Матыў “адвечных блуканняў” Фоска Дзага, які рэалізуе ідэю “усюдыіснасці” і “ўсяведання”, робіцца адным са спосабаў гульні ў аўтара ХVIII стагоддзя, што адкрыта ўсталёўвае сваю ўладу над аповедам.

Творы Караткевіча наследуюць фабульную напружанасць пікарэскі. У аснове рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – кумулятыўны сюжэт, пабудаваны на хранатопе дарогі: прыгоды героя, які аказваецца ахвярай абставін і які вядзе барацьбу за ўласнае існаванне, яго сустрэчы з рознымі людзьмі, што даюць магчымасць пабачыць адваротны бок грамадства, авантурная стыхія і пастаянная гульня з ворагам. Дарэчы, ужо першая сустрэча з “ліцадзеямі” ператварае містэрыю ў фарс праз буфанаду, гратэск, грубы камізм. І першыя “цуды” Братчыка-Хрыста – хутчэй “карнавальныя пародыі на евангельскія сюжэты” [6, с. 81] (дастаткова ўзгадаць толькі ўваскрэсенне п’янага Лазара або вяртанне зроку ілжэ-сляпым). Між іншым, менавіта пародыя першапачаткова з’яўляецца адной з культуралагічных функцый пікара: “У архаічных сістэмах культурны герой – антычны дзеяч міфаў аб паходжанні, які вынаходзіць або выкрадае ў багоў першапрадметы культуры, […]. Дзеянні махляра ўтвараюць пародыю на гэтыя функцыі: ён знішчае, парушае, ашуквае словамі і ўчынкамі” [7, с. 43].

Характэрнай рысай творчасці Рамэна Гары становіцца парадыйна-іранічнае сумяшчэнне розных жанравых структур, прынамсі менавіта на базе пікарэскнага рамана. Так, раман “Скокі Чынгіз-Хаіма” аб’ядноўвае сюжэтныя схемы пікарэскі і дэтэктыва, анекдота і прыпавесці. Дарэчы, гібрыдызацыя розных жанравых форм уласціва многім творам Караткевіча (раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ўключае ў сябе жанравыя коды гістарычнага, філасофскага і авантурнага рамана, пікарэскі, прыпавесці і дэтэктыву).

Парадыйны аспект сведчыць пра трывалую сувязь творчасці Р. Гары і У. Караткевіча з сур’ёзна-смехавой традыцыяй, якая з часоў антычнасці найбольш ярка была ўвасоблена у меніпеі. Трагекамічны пачатак уласцівы многім творам і Р. Гары, і Ў. Караткевіча. Да таго ж ў творчасці абодвух пісьменнікаў вызначаюцца характэрныя рысы меніпеі з якой, дарэчы, паходзіць і пікарэскны раман..

У эсэ “За Зганарэля” Р. Гары абгрунтаваў ідэю аўтара-пікара, які мае права на любыя махлярствы, на любую форму гульні з чытачом, калі гэта працуе на стварэнне арыгінальнага твора. Менавіта такім аўтарам-пікара бачыцца нам У. Караткевіч у сваіх творах. Так, для арганізацыі аповеду ў рамане «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi» характэрна “шматгалоссе”: суб’ектамі мовы і свядомасці ў творы выступаюць то летапісцы, то паплечнікі Братчыка, то апавядальнік. Розныя “галасы” прадстаўляюць розныя версіі таго, што адбываецца, розныя “праўды”. Такім чынам, аўтар правакуе чытача на крытычнае стаўленне да любой аўтарытэтнай ідэі, да любой ісціны. Праз гульню фактам і фікцыяй пісьменнік даводзіць адноснасць Абсалюту. У. Караткевіч акцэнтуе ўмоўнасць мастацкага свету, уводзіць у гістарычную прастору рэаліі сённяшняга часу, дапускае анахранізмы і адразу ж накіроўвае на іх увагу, адкрыта апелюе да чытача з пазіцый сучаснасці. Між іншым ярка выяўленая аўтарская пазіцыя сведчыць пра ўсталёўванне пэўнай ідэйнай канстанты.

Такім чынам, апеляцыя Р. Гары і Ў. Караткевіча да жанравага коду пікарэскі абумоўлены перадусім тым, што вызначальныя аспекты вобраза пікара: чалавек, які бунтуе, і чалавек, які гуляе, – складаюць аснову канцэпцыі асобы ў творчасці абодвух пісьменнікаў. Калі ў французскага раманіста гаворка ідзе пра актуалізацыю самога жанра, то Ў. Караткевіч далучаецца да агульнаеўрапейскай тэндэнцыі ў асваенні пікарэскі, калі элементы апошняй працуюць не столькі на арганізацыю пэўнай жанравай формы, колькі разлічаны на паглыбленне філасофскай калізіі.



Літаратура

  1. Gary R. Pour Sganarelle. Recherche d’un personnage et d’un roman. Paris, 2003.

  2. Фрейденберг О.М. Поэтика сюжета и жанра. М., 1997.

  3. Гари Р. Чародеи. СПб., 2002.

  4. Караткевіч У. Збор твораў: 8 т. Мн., 1990-1991. Т.6.

  5. Караткевіч У.С. Ладдзя роспачы // Караткевіч У.С. Дзікае паляванне караля Стаха: Аповесці, апавяданні. Мн., 1995. С.192-228.

  6. Станкевич А.И. Ренессансный код в романе В. Короткевича «Христос приземлился в Гродно» // Автор как проблема теоретической и исторической поэтики: сб. науч. ст. Ч.1. Гродно, 2008. С. 77 – 86.

  7. Манин Ю.И. «Мифологический плут» по данным психологии и теории культуры // Природа. 1987. № 7. С. 42–52.




  1. 1 Упершыню апублікавана: Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: мат. ІХ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю філал. фак. Беларус. дзярж. ун-та, Мінск, 15-17 кастр. 2009 г. У 2 ч. Ч. 2 / пад рэд. В.П. Рагойшы. – Мінск: Выд. Цэнтр БДУ, 2010. – С. 226-230.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка